Язэп Лёсік Беларускі правапіс




старонка9/12
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.25 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12
§ 23. Пункт, клічнік і пытальнік.
ПРАВІЛА 1. 1) Калі сказ выражае пытаньне, то пасьля яго ставіцца знак пытаньня—пытальнік (А хто там ідзе? Адкуль тут музыка нясецца? Чыя то песьня ў душу льлецца?).

2) Калі ў сказе выражаецца загад, покліч, просьба, перасьцярога або выказваецца гора, радасьць, страх, зьдзіўленьне ці што падобнае, то пасьля яго ставіцца клічнік (Зачыняйце шчыльна дзьверы! Гайда сьцежкі пракладаць! Хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць!).

3) Калі сказ не выражае ні пытаньня, ні поклічу, а толькі апавядае, то ў канцы яго ставіцца пункт (Вецер увосень жудою шуміць. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашай ніваю).
Увага. Часам сказ можа быць клічна-пытальны або пытальна-клічным; тады ў канцы яго ставіцца клічнік з пытальнікам (!?) ці пытальнік з клічнікам (?!), прыкладам: Куды толькі думка тая матку не заносіць!? Дык хіба-ж мы праў ня маем, сілы—шлях свой вызначаць?!
Практыкаваньне 1. Выпісаць спачатку сказы клічныя, потым—апавядальныя, а нарэсьцепытальныя.

Спарахнела наша хата. А што бяжыць бяз повада? Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнае вады. Няхай лепш хмара з градам зьнікне ў чыстым полі! Кіньма думкі аб долі гаротнай! Ці ня вецер гэта звонкі ў тонкіх зёлках шапаціць? Або мо’ сухі, высокі ля ракі чарот шуміць? У небе зоркі ад марозу пахаладзелыя стаяць. Няхай нас сустрэнуць з сярпамі, з касамі грамады працоўных людзей! Хто ў прыпар дажджу ня рад? Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць і часта самую пустую рэч прымае за страх. Неразумныя людзі страшаць маленькіх дзяцей цемнатою. Вось калі я дажылася няшчаснай гадзіны! Хто там стогне на ўзьмежку, на капцы у полі? Які гэта хлопец з старцам ідзе? То лернік ідзе і леру нясе, а хлопец яго за руку вядзе. Чаму адны птушкі пакідаюць нас назіму, а чаму другія застаюцца? Кажуць—холаду баяцца, але-ж вароны і вераб’і ўсё роўна птушкі, а вось зімуюць у нас. Ня холад, а голад гоніць птушак у вырай. Такая прынука, як праца й навука, ці-ж можа нам сіл не дадаць? Які слаўны, прыгожы дзянёк! І ўсё апачыне, спазнае час свой... А людзям ці будзе спакой?! Заўтра пачынаецца вучэньне. Пара нашаму Міхасю садзіцца за лемантар. Годзі табе, браце, бібікі біць—пара і за навуку! Цэлы рой думак разам пранёсься ў галаве. Глядзі-ж, сынок, ня траць дарма часу, вучыся, каб я з маткаю цешыліся з цябе! Льлецца Нёман паміж гораў сьветлы, чысты, як раса. Прывет з далёкай стараны нам радасна нясуць яны. Цёмны лес сьцяной зялёнай цесна бераг абступаў. Сонца блеск свой апусьціла на зямлю з высот. Што-ж табе пісаць, старэнькі?


Задачка 1-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа рысак кропку, клічнік або пытальнік.

Дзень добры вам—Ці рады вы нам— Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса, у палясоўшчыках што быў— На Пуцявішчы, ля Панаса, ён там ля лазьні блізка жыў— Што вы тут робіце— А мы тут гальлё зьбіраем— Хто з вас скарэй адгадае загадку— Цяжкая, жнейка, праца твая— Хоць-бы хмурынка дзе ў небе—Хоць-бы рэдзенькі цянёк— Многа тут гразі ў нягоду, многа пылу ў летні жар— Ці дзяржалі вы калі-небудь вожыка ў хаце—Калі не, то папрабуйце: гэта вельмі цікавая жывёліна— Эх, жар дакучае— Праца марудна, бясконца цяжка— Гэта ты—балот краіна— Гэта ты—Палескі край— Хто ты гэткі— Свой, тутэйшы— Ці даў я табе, бабка, шэлега— Ці ўсё тое спажыць, што ў чужой клеці ляжыць— Дабрыдзень вам, ягамосьці— Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні— Ох, як міла, весяленька ў родненькім куточку— Станьце, хмурынкі, над рубяжамі родных палеткаў, шнуроў— Што шуміш так неспакойна, маладзенькі колас— Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш у роўным доле— Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае— Ня шумі-ж ты гэтак сумна, маладзенькі колас— Зірні, колькі ў полі жыцьця— Акінь вокам ты хату маю— Вучэцеся, браты мае, думайце, чытайце— Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты— Ты скажы, груган нязнаны, скуль ты прыбываеш— Хто там стогне на ўзьмежку на капцы у полі— Сьлязьмі горка залілася бедная дзяўчына— Не хадзі, коцю, па хаце, не пабудзі дзіцяці— Які прыгожы, слаўны дзянёк— Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца—


§ 24. Працяжнік на месцы прапушчаных слоў і злучок.
ПРАВІЛА 2. I. Працяжнік ставіцца:

1) Пасьля пералічэньня, дзе прапушчана некае слова (Вясна, лета, восень і зімапоры году), або калі хочуць затрымаць увагу чытача, напр.: Гляньнехта едзе. Падсадзісарву я грушку. Тут быліі старыя, і малыя, бабы і дзеці.



2) У сказе з сустаўным выказьнікам на месцы прапушчанага дзеяслова-сувязі “ёсьць”, напр.: Дабро для ўсіхнаш правадыр. Шчырая працамазалёвая. Словавецер, а пісьмогрунт. Курыцаптушка. Атаўкасену прыбаўка.

3) У сказе, што служыць адказам на пытаньне, часта прапускаюцца ўсе часьціны сказу, апроч таго слова, што перадае зьмест адказу; гаты пропуск таксама азначаецца на пісьме працяжнікам, напр.: Паіў ты каня?Паіў. А хіба-ж там ён?Там.



II. Злучок ужываецца ў такіх разох:

1) Калі два словы складаюць як-бы адзін назоў (Зара-зарніца, шатавіла-матавіла, узьвей-вецер, вецер-дуронік. Хвоя-веліч стаіць на кургане. Пацяклі-паплылі за гадамі гады);

2) у падвойных фаміліях: Дунін-Марцінкевіч, Лапко-Лабаноўскі, Цьвірка-Гадыцкі і г. д.;

3) у складаных прыметах: сьнежна-белы, цёмна-сіні і г. дал. (Бач. прав. 50, 5 і 6);

4) калі слова паўтараецца для памацненьня (Чуць-чуць ліпіць) або для злучэньня складаных прыназоўнікаў (з-за, з-пад, па-над);

5) для злучэньня частак бы (б), жа (ж) * ) з папярэднім словам (Рад-бы даць, каму-б гэта даць. А мой-жа ты саколік! Да куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?).


Увага. Калі-ж бы, б, жа, ж сходзяцца разам, то яны злучком ня зьвязваюцца. (Куды-ж бы мне пайсьці? Вот быў-бы ж ты рады і г. д.). (Бач. прав. 49, 3 і 4).
Задачка 2-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа рысак, злучок або працяжнік.

Галоднаму і пушнінка—малінка. Чужая сіла—асіна. Ішлі—брылі валачобнікі. Лішняя нітка—палатну завада. Зімняя ночка—бацьку сарочка. Усхадзілася шура—бура. Кожны дзень—няўзгода, кожны крок—прыгода. Шчырая праца—мазалёвая. Змоўклі птушкі—пяюхі. Маладзенькая травіца—атава блішчыць на сонцы. Цёмная хмарка адна—адзінютка. Спаленай нівы жаданьне ня збыта—міма хмурынка прайшла. Глянеш—сэрца забаліць. На дварэ—паленьне, трэскі, куча сьметніку ляжыць. Трэскі ўсаджаны ў аконцы, заміж шкла—радняны мех. Зелянеюць два— тры клёны. Блісьне кветка дзе—ні—дзе. Гляне ліпа дзе з—за хат. Дзе—ні—дзе садок зялёны. Сьпее—дасьпявае колас сіратой. Цякла крынічка з—пад карча. Стаіць груша—сіраціна на мяжы у полі. Могілкі ў полі адны—адзінюткі. Усё ня гэтак, як там, дома—лава, печ старая. Усё—качэргі, аконцы на нуду наводзяць. З палетку на палетак скача—ідзе дарога. Устаў назаўтра ён ранютка—да ўсходу сонца. Вышла матка, плач пачула, бачыць—іх служака! Матку жаласьць агарнула—шкада небарака! У гуменцы—ні збажынкі! Поле—жоўты пясок. Замест хлеба—камень клалі ў мяшок. Муж—нябожчык усплыў на думку. Праляцела борзда лета—наша сьветлая пара. Сонца ўвосень рэдка паказваецца з—за хмар. Дунін—Марцінкевіч—наш пісьменьнік. Гад—удаў есьць толькі адзін раз на месяц, трус—жа—раз дваццаць на дзень. У нашым целе ёсьць трубачкі—жылы. Блескам—дрыгаценьнем зорка замігала. Настала ночка—чараўніца. Сінім стэпам—даліною ходзяць хмары веснавыя. Гром для селяніна—лепшая музыка на сьвеце. Усплывалі хмары—горы белымі клубкамі. Ветрык калыша траву—сенажаць. Край неба зацягнуўся чорна—сіняю хмарай. Яшчэ некалькі часу—і вёска зусім заціхае. Далёка—далёка цягнулася цёмна—зялёная палоска лесу. Куды ні глянь—усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Болей навукі—меней страху.


§ 25. Знакі прыпынку пры прыдатках.
ПРАВІЛА 3. 1) Прыдатак (дапасованы і недапасованы) выдзяляецца ў сказе коскай. Калі прыдатак стаіць у сярэдзіне сказу, то выдзяляецца коскамі з абодвых бакоў. (Сядзелі яны, бедныя, у куточку ды плакалі. Недалёка, пад гарою, было балота. Праляцела борзда лета, наша сьветлая пара).

2) Прыдатак-іменьнік, на які хочуць зьвярнуць асаблівую ўвагу, выдзяляецца працяжнікам. (Сьпераду ляцяць самыя разумныя і дужыя птушкі—правадыры. Я ня вельмі люблю гэта дзерава—асіну).

3) Калі прыдатак-іменьнік і тое слова, да якога ён адносіцца, складаюць назоў аднаго прадмету, то паміж імі ставіцца злучок. (Апранула зямля-матка кажушок зялёны. Стаіць груша-сіраціна на мяжы ў полі. Зара-зараніца, хвоя-веліч, узьвей-вецер, вецер-дуронік, сын-сірата). (Бач. прав. 50, 5).

Але калі прыдатак-іменьнік мае пры сабе адно ці некалькі паясьняльных слоў, то выдзяляецца працяжнікамі або коскамі. (Хлебароб—мужык вясковы—вось па межах ходзіць. Крыж хваёвы—знак пакутытут і там чарнее. Ваўчанят водзіць аблетак—гадавалы воўк. У Пятруся быў сябра—сын суседаяго равесьнік Антось).

4) Калі прыдатак-іменьнік—уласнае імя або стаіць пры ўласным імі, то не выдзяляецца ніякім знакам. (Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю).

5) Калі прыдатак азначае пералічэньне, то перад ім ставіцца двухкроп’е. (Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, зялёнкі, лісіцы і іншыя).

6) Калі прыдатак злучаецца з азначальным словам такімі словамі, як або, ці, нават, ажно, асабліва, гэта значыць (г. зн.) і іншым, то перад гэтымі словамі ставіцца коска. (Па моры ходзяць караблі, або вялікія параходы. Просіць шчыра грамацея, ажно шапку скінуў).

7) Калі прыдатак азначае якую-небудзь асаблівую назву— кнігі, газэты, твору, мясцовасьці, параходу ці чаго падобнага, то яго бяруць у двукосьсе. (Мы чыталі часопісь “Полымя”. Па Нёмне ходзіць параход “Беларускі Селянін”).
Увага. Калі ў сказе няма таго слова, да якога адносіцца прыдатак, выражаны асабліваю назваю, то ён ставіцца ў форме дапаўненьня. (Мы чыталі “Новую Зямлю”). У праціўным разе ён ставіцца ў назоўным склоне. (Мы чыталі поэму “Новая Зямля”).
Практыкаваньне 2. Сьпісаць і прыдаткі падчыркнуць.

Грышка, хлопчык невялічкі, вышаў з дому ў поле. Янка, брат майго таварыша, надта любіць паляваньне. Вісьне скарга ўздоўж Нёмна, Беларусі сына. Устаў назаўтра ён ранютка, да усходу сонца. Будзеш ты чытаць нам, цёмным няўмекам. Горад Полацак пабудован у незапомныя часы. З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць. Могілкі ў полі адны-адзінюткі. Два браты, Алесь і Антось, згаварыліся пайсьці ў грыбы. Толькі-ж ня слухае неба іх мовы—жальбы ржаных каласоў. І застогнеш, як над нівай той мужык-араты. Між узгоркаў, над ракою, выглядае сіратою наша беднае сяло. Раніцай, халадком, ісьці было нішто. Доўга, нават цэлыя годы, чуваць пах ляснога пажару. А там, проці сонца, зноў поўзалі хмаркі. Хвоя-веліч стаіць на кургане. Як ліхія думкі-мысьлі, над зямлёю хмары зьвісьлі. Пышны ўбор іх—лісты—пазрывала. Муж-нябожчык усплыў на думку. Вобразы мілыя роднага краю—смутак і радасьць мая! Адпачыўшы зноў конь цягне сошаньку-крывулю. І яго панукі-крыку не чакае Сіўка. У Пятруся быў сябра—сын суседа, яго равесьнік Антось. Няхай жыта—нашу ўцеху—не кране град ніколі! А там, каля агню, варушыліся і бегалі дзеці. Рана ўстала Алена—да сонца. Было тут, у дубох, адно прыгожае месца. І рэчка ў хвалях-жалобе бяжыць, і неба праз сьлёзы глядзіць. У цёмным лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. За вёскай, на полі, узрастае сасонка. І сьніцца ёй, беднай, што вецер зьнямее, настане цяпло і спакой. На чужыне жывуць птушкі ўсе разам: і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. А навокала—драбяза: валасянкі, падманкі, беражанкі і жаваранкі. За акном, на прызьбе, віднелася касматая галава сабакі Мушкі. Памаленьку, незаметна для нас самых, у нашу душу засяваецца зерня страху. Расьце добра і прыгожа, ажно глянуць міла. Год мае чатыры пары: вясну, лета, восень і зіму. Скарына—доктар лекарскіх навук—на вежы сочыць зоры. У сваім жыцьці Андрэй кіраваўся прыказкай: “Хто не працуе, той ня есьць”. Раз толькі пасварыліся хлопцы, і пасварыліся за глупства—за ножык-цыганчык. Мы вышлі на палянку “Кірылава Магіла”. Увесь кавалак, аж да крыжовых дарог, засявалі нашы мужыкі. Вечарамі мужыкі зьбіраліся ў крайнюю хату дзеда Юркі.


§ 26. Знакі прыпынку пры зваротках.
ПРАВІЛА 4. 1) Зваротак у сярэдзіне сказу выдзяляецца коскамі. (Цяжкая, жнейка, праца твая! Час табе, дзеванька, на пасад!).

2) Калі зваротак стаіць у пачатку сказу і вымаўляецца з асаблівай сілай, то пасьля яго ставіцца клічнік, а ў канцы сказу пункт, клічнік або пытальнік, у залежнасьці ад сказу. (Браты! хай кожны пасьпяшае адно нам думаць і рабіць! Дзеці! аўсяны кісель на стале. Брацьця! ці зможам грамадзкае гора?! Брацьця! ці хопіць нам сілы?!).

А калі зваротак стаіць у пачатку сказу, але вымаўляецца бяз націску або без асаблівага павышэньня голасу, то пасьля яго ставіцца коска, а ў канцы сказу—клічнік або пытальнік, у залежнасьці ад таго, які будзе сказ—клічны ці пытальны. (Сонейка, чаму Янава ночка невялічка? Каліна, ня стой, распускайся ды ў белы цьвет раскладайся!).

3) Калі зваротак стаіць у канцы сказу, то перад ім ставіцца коска. (Будзь паслушна ты, дачушка! Дзе ты, лепшая, дзе ты, доля?).

4) Калі зваротак мае свае даданыя словы, то яны выдзяляюцца знакамі прыпынку разам з самым звароткам. (Сьпі, мой міленькі сыночак!).
Практыкаваньне 3. Сьпісаць і звароткі падчыркнуць.

Вот, брат, раўніна—і вокам ня скінеш! Плыві, з ружы кветка, аж да майго роду! Вярнецеся, млоды леты, хоць да мяне ў госьці! Прадам цябе, коню, коню вараненькі, за талер бяленькі! Ня дзівуйся, мой дружа нядбалы, што я сягодня так злосна шумлю! Ты, саколе—верна пташачка, ці бываў ты на маёй старане? Ці плача айцец-маці па мне? Ня гудзі так, восень, непагодай дзікай! Ня крываўся, сэрца, з нядолі вялікай! Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса? Чуў я, мужчыны, зямля прадаецца. Памажы мне, галубка, зьвязаць ячмень! Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца! Прыбірайся, сын, у панцыр: зараз паход будзе! Мой мілы пакою, добра мне з табою! Зязюлька, зязюлька! кукуеш голасна, да ня жаласна. Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Глянь ты, слаўны гаспадар, на палеткі свае! Салавейка лугавы, ня пей рана да зары! Ойчанька мой родненькі, да ўбяром мы ключначку, да паставім на ганачку! Ты, зялёная дуброва, расьцьвітай і шумеці добрай славай пачынай! Варушыся, конік мой сівенькі! Нядобра вы, дзеткі, зрабілі! Павесь шапачку, мой сыне! Што цябе чакае, сын? Муляр! што ты будуеш, каму? Што-ж табе пісаць, старэнькі? Краю мой родны, столькі ты зносіў нядолі! Не настане, кум, ніколі супакой між намі! За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой! Разьвейся, туман, расплывецеся, хмары, над хатай пахілай маёй! Лійцеся, думкі—сэрца дзеці! Ці вас песьня-жальба, думкі, узгадавала? Ночанька мая ты, ціхі сон вясны! Вучэцеся, браты мае, думайце, чытайце! Не хадзі, коцю, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы. Дам табе, косю, крынічнай вады. Прывет табе, жыцьцё на волі! Добрай ночы, зара-зараніца! Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі сьнег! Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Ты пакінь мяне, нуда мая нямая! Куды нясеш мяне, невядомая дарога! Адабраў ты, брат Андрэй, ад мяне кусок хлеба! Грамадзяне! ці трэба казаць вам, якую страту панесла наша кампанія ў асобе гэтага чалавека? Хто з вас, браты мае, не парываўся ў моладасьці ў невядомую даль? Што ёсьць на сьвеце мілей за цябе, узрост маладога жыцьця?! Ня будзеш цяжкая ты сыну свайму, зямля!


§ 27. Знакі прыпынку пры незалежных словах у сказе.
ПРАВІЛА 5. Пасьля выклічніка ставшца клічнік або коска.

1) Клічнік ставіцца ў тых разох, калі покліч выражаецца ня ўсім сказам, а толькі самым выклічнікам. (Ат! зьясі пасаліўшы. Куга! я табе ня слуга). У праціўным выпадку пасьля выклічніка ставіцца коска, а ў канцы сказу—клічнік ці пытальнік. (Ох, лепей удвох! Эх, скручу я дудку! Ну, што-ж далей будзе?).

2) Калі выклічнік памацняе слова, перад якім стаіць, або калі стаіць перад займеньнікам, то звычайна ня ставіцца ніякага знаку. (Ой пайду я лугам, лугам! Чую, ах чую той неўгамонны расходзісты звон! Ой ты, вецер, ня шумі, не сьпявай так нудна!).

3) Таксама выклічнік не выдзяляецца ніякімі знакамі, калі служыць якою-небудзь часьцінаю сказу. (Не злавіўшы, не кажы тпру. Калі хап, дык хап).

4) Складаныя выклічнікі пішуцца з злучком. (Ні гу-гу. Охо-хо-х, калі-б то я мог!). (Бач. правіла 50, 6).

5) Такія самыя знакі прыпынку ставяцца пасьля адмоўных і пацьвярджальных дапаможнікаў не, так, але. (Не, я ня дзіўны: я—сьляпы! Не, ня гэтага я спадзяваўся! Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край. Але, гэта было так).


Практыкаваньне 4. Сьпісаць і незалежныя словы падчыркнуць.

Ну, матулька, будзь здарова! Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Ой, Грыгор, Грыгорка! што зрабіў ты з намі? Гэй, скажы, груган, нязнаны, скуль ты прыбываеш? Ой коню, мой коню, заграй пада мною! Ой воўча, сядзі моўча! Ой памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрцайка не ўражай! На табе, нябожа, што нам нязгожа! Эх ты, небарака! то, знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе?! За гарамі, ой дзяўчына, страшны бой вядзецца! Ой стук, маці, стук! Ой куды ты, казача, вандруеш?! Люлі, сьпі, мой сынку! Ой вы, браткі вы мае, запрагайце коні мне! Прэч, гадзіны, сьліўні, рапухі! Ну, сынок, служы здаровы! Гэй ты, Нёман, наша рэка! Ой вы, думкі, думкі—сэрца майго раны! Эх, наперла ліха, гора! Гайда сьцежкі пракладаць! Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе, а цераз поле чалавек ідзе! Ах, як тут прыгожа! Ой чаму я стаў поэтам у нашай беднай старане!? Аа-аа, дзіця, спаць! Ат, вярзе нямаведама што! Брысь пад печ! Люлі, люлі, люлі! прыляцелі куры, селі на вароцях у чырвоных боцях. Ні тпру, ні ну. Охо-хох! усё гарох, рэдка—каша, беднасьць наша! Скажы на майго каня тпру, а то мае губы пазяблі. Танянёх, танянёх, куды кінуў, там і лёг. Ух, як холадна стала! Хоць вох, да ўдвох. Гэй ты, Нёман, быстры Нёман! Ох, скарэй-бы закрывала землю чорную зіма! Ой на дварэ дождж ідзе, а ў сенях лужа! Салавей пяе цяцёх, цяцёх, а я млода, ох-ох, ох-ох. О, наш чысты, наш свабодны Нёман—быстрая рака! Эх, ня лёгка за скацінай! Эт, патрапіць: невяліка пастуха навука. Ото, дзіва! Эх ты, разводзьдзейка, эх ты, бурлівае! Аа-аа, люлі! прыляцелі куры. Ой ляцела зязюлечка ды сказала ку-ку.


§ 28. Знакі прыпынку пры пабочных словах.
ПРАВІЛА 6. 1) Калі пабочнае слова стаіць у пачатку сказу, то пасьля яго ставіцца коска. (Знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе). 2) Калі яно стане ў сярэдзіне сказу, то выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў. (Ты, мабыць, забыўся). 3) А калі пабочнае слова стаіць у канцы сказу, то перад ім ставіцца коска. (Будзе вайна, кажуць).
Увага. Пабочных слоў можа быць два і больш. Напрыклад: Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты! На мой густ, дык і гэта добра.
Практыкаваньне 5. Сьпісаць і пабочныя словы падчыркнуць.

Ну, авось, табе паможа сусед. Стары дзед не пачуў, мабыць, грукату. Вот, напрыклад, маё, дык, пэўна-ж, райскае жыцьцё. На жаль, я не памятаю такога здарэньня. Зьбяруцца, бывала, і люлькі закураць. Ты, разумеецца, паможаш мне ў гэтай справе. Нашая ластавачка, напрыклад, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Ен, мусіць, зусім забыўся, што далі яму такую мянюшку. У дарозе, вядомая рэч, спачатку ня чуеш, што цяжка, а потым і хунт пудам здасца. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! Усё ішло, здавалася яму, звычайным парадкам. От, ведама, забаўляліся, як дзеці. Ох, паплыў-бы я, здаецца, хмаркі, разам з вамі! У нашай, напрыклад, воласьці другі ўжо год, як ідуць непарадкі. Прызнацца, Андрэй нават ня рад быў, што сьсек той дубок. Гэтая карчма, бывала, бітком была набіта людзьмі. Каню, відаць, ня вельмі падабалася несьці на сабе свайго нядбалага гаспадара. Апроч таго, яны і па натуры былі мурашкі-практыкі. Папраўдзе сказаць, мне не хацелася ехаць на ўловы. А вясна, тымчасам, рабіла сваё. Перш-на-перш, мы суседзі, а потым, і сама справа вымагае нашай супольнасьці. Бывала, устане, бедны, падыдзе да акна ды глядзіць на яснае неба. У вольныя дні, бывала, клікала цётка Ганна малога Юрку ў грыбы. Нарэшце, надумаліся яны паглядзець, што гэта значыць.


Практыкаваньне 6. Сьпісаць вершы звычайнымі радкамі.

1. Родныя вобразы.

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасьць мая!

Што маё сэрца да вас парывае,

Чым так прыкованы я.

К вам, мае ўзгоркі роднага поля,

Рэчкі, курганы, лясы,

Поўныя смутку і жальбы-нядолі,

Поўныя сумнай красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю—

Бачу я вас прад сабой:

Ціха праходзіце вы, як жывыя,

Зьзяючы мілай красой.

Чуецца говар мне сьпелае нівы,

Ціхая жальба палёў,

Лесу высокага гоман шчасьлівы,

Песьня магучых дубоў...

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,

Родныя вёскі і люд!

Песьні цягучыя, песьні пакутныя

Бачу і чую я тут.

Я. Колас.
2. Песьня пры рабоце.
Дружна з ахвотай,

Гэй, за работу,

Брацьця, скарэй!
З песьняю зычнай

У працы прывычнай

Будзе спраўней.
Гора з нядоляй

Ня знойдуць патолі

Доўга між нас.
Весела й хутка,

Мінюта ў мінютку

Сойдзе нам час.
У стуку і груку

Забудзем мы муку

Працы сваёй.
Шчыра і сьмела

Гайда да дзела

Цеснай сям’ёй!
Там, дзе цярпеньне,

Ў цемры гніеньне,

Стане расьці
Семя жывое;

Шчасьце сьвятое

Пасеем ў жыцьці.
Дружна з ахвотай,

Гэй, да работы,

Брацьця, скарэй!
Праца сьвятая

Хай прывітае

Нас ўсіх хутчэй!

Ц. Гартны.
§ 29. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе.
I. Коска.
ПРАВІЛА 7. 1) Калі падобныя члены зьлітага сказу ня зьвязаны ніякімі злучнікамі, то аддзяляюцца коскамі, за выключэньнем апошняга члена, пасьля якога коска ня ставіцца; напр.: Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць. Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня.

2) Але коска ня ставіцца, калі два падобныя члены зьвязваюцца злучнікам і альбо злучнікамі ды, да, або, ці, якія таксама можна замяніць злучнікам і; напр.: Перад ім цьвілі і пахлі лугі і нівы залатыя. Сонца высока стаіць на небе ды (=і) бяз жалю паліць землю. Прыляцела ластаўка з далёкага выраю ды (=і) зашчабятала. Жыў сабе дзед да (=і) баба. Жыта жнуць, вяжуць, сушаць, звозяць у гумны або (=і) складаюць у копы. Жыта сушаць на сонцы ці (=і) дома на печы ды (=і) мелюць у жорнах або (=і) ў мліне.

3) Коска ставіцца, калі аднакія члены зьвязаны злучнікамі: а, але, ды (=але), да (=але); напр.: Саха і барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Паехаў баранаваць, але да поля не даехаў. Жыта злажылі, ды (=але) не надоўга. Шырокі двор, да (=але) невялікі збор.

4) Таксама ставіцца коска, калі злучнікі паўтараюцца, напр.: Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні кветак, ні грыбоў. Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесьні. То лясок, то луг, то поле, то лужок зялёны.

5) Калі другі выказьнік у зьлітым сказе выражае пазьнейшае дзеяньне або вынік з першага, то ставяць коску нават перад адным злучнікам і; напр.: З захаду насунулася цёмная хмара ды закрыла ад людзей гарачае сонца. Ідзе жняя, і еесела пяе. Я быў хворы, і ня мог прыйсьці на лекцыі.
Увага 1-ая. Трэба адрозьніваць злучнік і ў зьлітым сказе ад злучніка і, якім пачынаецца новы сказ з сваім асобным дзейнікам; тады перад і ставіцца коска. (Сонца прыгрэе, і сьнег растае. Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара).

Увага 2-ая. Злучнік “і” можа быць памацняльным словам, напр.: Вот і ўсё. Вот і добра. І туз часам ваду возіць.

У такіх разох злучнік “і” часта мае значэньне прыслоўя “нават”, “таксама”, напр.: Няўжо-ж ты і (=нават) гэтага ня ведаеш? Прышло і (=таксама) лета.
Практыкаваньне 7. Сьпісаць ды заўважыць знакі прыпынку ў зьлітным сказе.

Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Назіму абміраюць і вужакі, і жабы, і яшчаркі. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню, але сьвяціла яшчэ горача. Працуюць людзі, поту ня чуюць, аруць і сеюць, і барануюць. Песьні, крык і гоман слухаў дзед Завала. І зелень, і кветкі, і песьні, і неба вясёлая яснасьць. Тут былі і старыя, і малыя, бабы і дзеці. Вераб’і і вароны, і галкі любяць жывіцца атрускамі ад чалавечай яды. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Вербы і вольхі калышуцца глуха. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Ляціць і бусел, і жураў, і дрозд запеў і засьвістаў.

Цьвёрдую глебу рэж, уздымай. Надышла хмара з громам, з маланкаю. Зацьвіла яблыня, сьліва і груша. Весела і хутка, мінюта ў мінютку сойдзе нам час. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае. Ціха, важна, спакойна, густа і страшна пранёсься ў небе першы гром. Над лесам бліснула яркая, борздая маланка ды накрыж перасекла хмару.

Павеяў вецер, і пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Край неба блішчаў шырокаю чырвонаю стужкаю. Цемната ўсё гусьцела і гусьцела ды закрывала ад вачэй і поле, і лес. Зоркі блішчалі і пераліваліся дзіўным блескам. Круглы месяц запаліў ліхтарык ды ціха сьвяціў над чорнай зямлёю. Поле, луг і гай, і лес схаваліся ў цьме ночы. Дрэвы, гумны, хаты абліліся ціхім сьветам месяца.

Сядзіць наш дзядзька, пазіхае і служку-стоража чакае. Ляціць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. Чалавек бачыць вачыма, чуе вушамі, нюхае носам. З гліны людзі робяць цэглу, гаршкі, а з пяску—шкло. На чужыне птушкі гнёзд ня ўюць, песень не пяюць, а толькі цярпліва чакаюць, калі кончыцца наша зіма. Мор і голад, і паводкі іх спалохаць не маглі. Лес наступаў і расступаўся, лужком зялёным разрываўся. Садок быў, праўда, невялічкі: дзьве вярбіны да тры дзічкі. За хатай поле пачыналася, дзе рос авёс, ячмень і грэчка.
II. Двукроп’е, працяжнік і кропка з коскай у зьлітым сказе.
ПРАВІЛА 8. Часам перад аднакімі членамі ў зьлітым сказе стаіць слова, якое абагульняе гэтыя члены; тады перад пералічэньнем іх ставіцца:

А) Двукроп’е, калі слова, што абагульняе, стаіць з іншымі якімі-небудзь словамі; напр.: З гліны чалавек робіць такія рэчы: цэглу, гаршкі, гарнушкі, міскі і талеркі.

Б) 1) А калі слова, што абагульняе, стаіць адно, бяз іншых якіх-небудзь слоў, то ставіцца працяжнік; напр.: Усюдынаправа і налева быў парадак там і лад.

2) Працяжнік ставіцца яшчэ, калі такое слова стаіць пасьля пералічэньня аднакіх членаў, напр.: Хата і сені, лава і печ старая—усё ня так, як дома.

3) Таксама ставіцца працяжнік тады, калі зьліты сказ пачынаецца доўгім радам аднакіх членаў. (Абломкі хат, бярвеньне, кроквы, старыя шулы, пажыткі людзкія, сарваныя навальніцай масты, труны з размытых магілакплылі па вуліцах).
Увага. Калі ў зьлітым сказе няма слова, якое абагульняла-б аднакія члены, то перад імі ніякага знаку ня ставіцца. (Увосень усе птушкі вылятаюць у вырай, астаюцца толькі вераб’і, галкі, вароны, дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак).
В) Кропка з коскаю. 1) Значна пашыраныя аднакія члены ў зьлітым сказе аддзяляюцца часам кропкай з коскай заместа коскі. (Апусьціў Алесь галоўку; у ручках клуначак трымае; кулачкамі ўціхамоўку вочкі выцірае).

2) Апроч таго, аднолькавыя члены зьлітага сказу аддзяляюцца кропкай з коскай і тады, калі пры іх ёсьць цэлыя сказы альбо такія словы, якія выдзяляюцца коскай. (Падарожны расказаў людзям аб працы і вялікіх турботах, ім перанесеных; аб вышыні тых гор, якія ён бачыў; аб глебе ў тых краёх, надзвычайна ўрадлівай; пра зьвяроў і птушак, невядомых у нашым краі; пра людзей з непадобнай, інакшаю гаворкай).


Практыкаваньне 8. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку пры аднакіх членах у зьлітным сказе.

І ў Сымонкі прад вачыма ўсталі родныя куткі: хата бацькава, радзіма, жыцьця раніцы дзянькі. У вадзін год яны радзіліся, разам расьлі, разам гулялі, разам вучыліся і разам пасьвілі скацінку ў полі. Чуецца говар мне сьпелае нівы—ціхая жальба палёў, лесу высокага гоман шчасьлівы, песьня магутных дубоў. Сын каля камінку корчык падкладае, з бацькавай работы вочак ня спушчае.

Ціха цячэ ў нас Нёман, і ціха, і смутна, як час па растаньні. Ня імчыцца ён з рызыкай уперад, ня шуміць, ня гудзе і ня пышыцца сілай, а паволі, ступою, як скуты журбою, льлецца, як срэбра, па родным грунце. Міл яму ціхі гаёк каля лесу, любы зялёныя доўгія ніўкі, мілы лясы, пяшчаныя выдзьмы, горы, азёры, лугі, сенажаці, люб яму і жоўты пясочак на ўласным беразе.

Першыя кветкі, зялёная травіца, сьпевы птушак—усё паказвала, што пачалася вясна. На полі часьцей сталі паказвацца людзі то з бараною, то з сахою, то з возам гною. Усе гаспадарскія прылады: калёсы, сані, барана, вупраж на каня—усё было наладжана ды трымалася ў парадку. І гэты смагай лес засланы, і родны Нёман, і курганы, і хвайнякі, і грушы ў полі—усё блізка сэрцу яго стала.

Як усё тут мудра збудавана, як чыста, хораша прыбрана! У кожны міг каня-чыгункі зьяўлялісь новыя малюнкі: слупы мігцелі верставыя, дарожкі, сьцежачкі крывыя; лясы, гаёчкі вынікалі, і цэркві вежамі блішчалі. Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед: і ноч, і дзень, і цьма, і сьвет; і песьні кліч, і сьмерці цьвет. Нашы хаты, вёскі, сёлы сівым мохам абрасьлі. Па дарозе пападаліся ўсялікія грыбы: казьлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і іншыя. Пачаліся на полі работы: прышлі жнеі з сярпамі, касцы з касамі, гаспадары з жнівяркамі. Прыемна глядзець на мора, стоячы на беразе або едучы на параходзе. Ляцяць птушкі ў вырай розна: жураўлі—ключамі, гусі—наўскось радком, качкі—папярочнымі роўнымі радкамі, а шпакі і салаўі—чародкамі. Выходзіў меншы брат увечар на двор, браў сваю скрыпку, садзіўся на прызьбе каля хаты ды граў. Старшы брат пазіраў сьмела, гаварыў скора, мову меў адмерную. Лозы, алешнік, касацісты дзягіл, ажыньнік, маліньнік, аер з ачаротам—стаяць над вадою разгатай сьцяною. Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй долі, аб праўдзе, аб жыцьці. Былі тут розныя будынкі: гуменцы, гумны і адрынкі, хлявы і стайні, і аборы. Вітаю вас, як блізкіх родных, старыя хвоі на палёх; і вас, красенцы сьцежак згодных, сьляды нязьлічаных дарог; і гэты жоўценькі пясочак, дзе хвойкі зелена растуць; бярозы тыя, што ў шнурочак за рубяжы зямлі бягуць (Якуб Колас). Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесься, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’езчыка; і гэты народ з асобнаю мовай і звычаямі, так непадобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх вышаў Лабановіч; гэты непачаты край старажытнасьці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы ды затрымлівала на сабе яго ўвагу; і гэты выгляд самой мясцовасьці, агульнага тону якой ня мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага (Т. Гушча).
Задачка 3-яя. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску.

Усё хаваецца ад холаду і дажджу. Увосень усё чарнее ды траціць свой колер. Будуць ветры за вугламі выць і плакаць і стагнаць. Кляновае і дубовае лісьцё гаспадыні зьбіраюць ды пякуць на ім хлеб. Засыпаюць назіму п’яўкі смаўжы чарвякі жукі і мухі. Застаюцца зімаваць з намі толькі галкі вароны сарокі цецярукі дзятлы ды яшчэ некаторыя птушкі. Каровы козы зайцы і ўся іншая траваедная жывёла есьць бадай што заўсёды, а лісы ваўкі левы тыгры і іншыя мясаедныя зьверы ядуць рэдка і доўга могуць цярпець голад. Яшчэ даўжэй без яды жывуць рыбы і розныя казюлькі. Жывёлы даюць чалавеку мяса малако шкуры воўну тлустасьць і шэрсьць. Птушкі нясуць чалавеку яйкі і даюць пер’е і пух. Чалавек арэ поле сее збожжа садзіць капусту моркаў буракі і іншае. З дрэва чалавек будуе хаты робіць віціны і патрэбнае судзьдзё. Карова конь сабака воўк мядзьведзь не пазнаюць нічога, калі не панюхаюць.

Падыдуць яны да магілы стануць на калені горка плачуць і доўга пазіраюць на той камень пад якім ляжыць іх сын. Потым скажуць нешта адно аднаму зьдзьмухнуць пыл з каменнага прыклада паправяць галінку ў дрэва ды зноў шэпчуць пацеры і ня могуць пакінуць месца гэтага адкуль ім бліжэй да сына свайго да ўспамінкаў аб ім. Глуха трывожна шуміць асака. Сьвішча плача і галосіць завіруха злая. І зямля і лес пануры Новы Год віталі. У полі песьні шум і гоман. Сьпевам дружным ціхім звонам поўніцца ўвесь луг. Шумеў і лес і луг з травою і ўсе расьліны на зямлі. Коска серп крывы працу скончылі. Згінулі сьцюжы марозы мяцеліцы.
Задачка 4-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску або двукроп’е.

Болей слухай а меней гавары. У госьцях добра а дома ляпей. Гара з гарою ня сходзяцца а чалавек з чалавекам заўсёды. Думы за гарамі а сьмерць за плячамі. Хоць з вадою абы не з бядою. Лісьце пажоўкла ды патроху асыпаецца на дол. Абы дзень прайшоў ды да нас прыйшоў. Ідзі да ня-баўся. Праз некалькі дзён поле зазелянела ды зноў выглядае сьвежа і прыгожа. Дуб вялік да дуплават. Высока падняў да зьнізу не падмураваў. За маё жыта ды мяне-ж пабіта. Збожжа сушаць на сонцы ці на печы ды мелюць у жорнах ці ў мліне. Доўг не раве а спаць не дае. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню але сьвеціць яшчэ горача. Не бяда што чорна абы была праворна.

З гліны робяць такія рэчы цэглу гаршкі міскі і талеркі. Астаюцца зімаваць у нас гэткія птушкі вароны галкі вераб’і дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак. На восень прыпадаюць такія месяцы верасень кастрычнік і лістапад. Шмат якія зьверы ў самы халодны час засыпаюць як напрыклад касматы мядзьведзь і вожык. Гаварылі браты аб усім аб горкай сваёй долі аб праўдзе аб жыцьці. За сталом сядзела ўся сям’я з краю—бацька каля яго—матка а пры маці—Наста з братам. Ляцяць птушкі ў вырай розна неадналькова жураўлі—ключамі гусі—наўскось радком качкі—папярочнымі роўнымі радамі а шпакі і салаўі— чародкамі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы казьлякі асавікі лісіцы сыраежкі і іншыя. Зайцы бываюць двух сартоў шаракі і белякі.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка