Язэп Лёсік Беларускі правапіс




старонка8/12
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.25 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12
§ 22. Матэрыялы для сьпісваньня і дыктовак.
1. На прадвесьне.
Рушыўся сьнег. Зашумела вада.

Раскаваліся рэкі ад лёду.

Лынула вон зімавая вада.

Сонца прыносіць цяпло і пагоду.

Шумныя песьні іграюць лясы.

Павявае вятрок цеплаваты.

Белая ніва ад сьнежнай расы

Убіраецца ў чорныя латы.

Зморана трушанкай ў цёмных хлявох,

Адзываецца рыкам скацінка.

Конікі ў стайнях іржуць пры жлабох.

Бацян праляцеў над адрынкай.

Будзіцца посьля зімовага сну

Па хацінках люд працавіты;

Скоранька цягне саху, барану,

Глядзіць—шыны на колах ці зьбіты.



Янка Купала.
2. Воўчае жыцьцё.
У цёмным яловым лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. Сталі яны падрастаць ды пачалі вылазіць з нары, каб пабачыць, што робіцца наўкола. Каля нары рос малады густы ельнік. Недалёка, пад горкаю, было балота. Ваўчаняты любілі гуляць найбольш уначы, бо сонечныя косы рэзалі ім вочы, а птушыны сьпеў, далёкі гоман людзей і брэх сабак палохалі іх. Бацькі прыносілі ім уначы накрадзенага пажытку: авец, парасят, зайцоў, гусей. Наядуцца яны, прйдуць у балота пахлябтаць вады ды пачынаюць дурэць каля тоўстае гнілое калоды, што ляжала каля нары.

Прышла восень. Ваўчаняты вырасьлі ды пакінулі нару. Іх вадзіў аблетак—гадавалы воўк, што бацькі пакідаюць пры сабе пільнаваць малых дзяцей, бо самі старыя заўсёды ў паходзе і прыходзяць у гняздо толькі разоў два на дзень. Нецярпліва чакаюць малыя ваўчкі, пакуль бацькі прынясуць ім есьці, дурэюць і разьбягаюцца ад аблетка. За гэта аблетак карае іх: дагоніць і пачынае біць лапаю або тузаць за карк зубамі.

Людзі заўсёды стараюцца зьнішчаць ваўкоў за іх разбоі. Адзін лясьнік даўно ўжо сачыў гэтую воўчую сям’ю. Ён выў павоўчаму і вабіў дурных ваўчанят. Яны аказваліся. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам на дзень, лясьнік сказаў людзям, і на ваўкоў зрабілі паляваньне. Забілі двох маладых і аблетка. Адзін ваўчок схаваўся пад выварат, і стаў ён хадзіць з старымі ваўкамі. Выўчылі яны яго лавіць і душыць свойскую жывёлу. Ня было таго гаспадара, каб не ўхапіў чаго воўк: у ваднаго—авечку, у другога—цяля, у трэцяга—подсьвінка. І забіць яго не ўдавалася. Адзін ён заўсёды выкруціцца, уцячэ, пяройдзе ў другую аколіцу, а там яшчэ далей. Так і цягаецца па сьвеце.
3. Летні дзень.
Быў гарачы летні дзень, адзін з тых дзён, аб каторых кажуць: варыць, як у гаршку. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватае смугі, як маладзіца хусткаю, каб ня так пякло сонца. Павяваўшы зраньня вецер сьціхнуў зусім, і здавалася, што ён сьціхнуў не дзеля таго, што гэта так трэба, а сумыслу, на злосьць усім тым сілам, да каторых належала не даваць у зьдзек гарачыні зусім распаранае зямлі і ўсяго яе стварэньня. Адным словам, здавалася, што вецер зазлаваўся, як той дзядзька Піліп, каторы, бачачы, што ён адзін толькі працуе ў хаце, а ўсе туляюцца ад работы, як сабакі ад мух, і што адзін ён нічога ня ўскурае,—плюнуў, кінуў работу і лёг у халадок. І ціха было ўсюды. Маўчаў луг, маўчала поле, на вуліцы ў сяле ня відаць было нікагутка. Толькі зрэдка перабягаў з панадворку ў панадворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшае схованкі ад мух.
4. Як выдумляюцца страхі.
Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць і часта самую пустую рэч прымае за страх. Апрача таго, неразумныя людзі страшаць маленькіх дзяцей цемнатою, усялякімі дзядамі з торбамі, каторыя быццам бяруць плаксівых, нягодных дзяцей. Памаленьку, незаметна для нас самых, у нашую душу засяваецца зерня страху, ад каторага чалавеку потым трудна збавіцца. Незразумелае і страшнае для нас усё тое, чаго прычыны мы ня ведаем.

Ішла раз уночы баба. Дарога праходзіла паміж могілак і карчмы. Карчма стаяла па сярэдзіне дарогі. Напроці карчмы, крокаў за сто, стаялі могілкі—цёмныя, старыя, з хваёвымі крыжамі. Могілкі з іх старою драўлянаю капліцаю, з некалькімі тоўстымі хвоямі і зялёнымі клёнамі, карчма з гнілою, аброслаю мохам страхою—рабілі ўсё месца страшным і дзікім.

Як толькі баба падышла пад карчму, то пачула, што на могілках нешта плакала, як дзіця. Гэта пугач ці сава сьвістаў у гнілой капліцы. Баба перапалохалася на сьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы. Прыбегшы да вёскі, яна расказала пра невядомы плач. З гэтага часу простыя людзі і сапраўды сталі што-небудзь бачыць або чуць, калі здаралася ісьці аднаму ўночы паміж карчмы і могілак, хоць там і нічога ня было.

Болей навукі—меней страху!


5. Жыта.
Неспакойна зашумела жыта маладое,

Зранку самага трывожна шэпча зеляное.

Каласочкі на саломках галоўкай качаюць,

Каплі роскі на іх лісьці чыстым срэбрам зьзяюць.


Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі?

Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле?

Ды і сонца ў цёмных хмарах твар свой закрывае.

Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае!


“Што-то будзе, што-то будзе?” ў межах шэпча жыта.

Даль няласкава туманам-смагаю закрыта.

Ой, няхай лепш хмара з градам зьнікне ў чыстым полі!

Няхай жыта, нашу ўцеху, не кране ніколі!


Ня шумі-ж ты гэтак сумна,

Маладзенькі колас,

Бо нам ў сэрцы смутак родзіць

Шуму твайго голас!



Якуб Колас.
6. Ластаўкі.
Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна ды зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім дварэ мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціньнем, і толькі камячок гразі дзяржаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела і другая ластаўка. Пашчабяталі яны ў дзьвёх, парадзіліся ды давай папраўляць сваю хатку. Ачысьцілі яны яе ад павуціньня і пылу. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно, насілі ў дзюбках клейкую гразь, замазвалі дзіркі ды далей рабілі гнязьдзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Тады сталі насіць пёрцы ды высьцілаць імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі.

Цераз тыдні два з яечак вышлі голенькія маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сын Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на саломе, пазіраць як турбаваліся старыя ластаўкі, носячы корм сваім маленькім дзеткам. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гнязьдзе ў рад і разьзяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх каторая-небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і лежачы ціха сам сабе сьмяяўся.


7. Лета.
Прышло і лета. Куды ні глянь—усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Лісьце на дрэвах вырасла ва ўвесь свой рост і весела трапечацца на сонцы. Весела пазірае стары лес, што расьце за сялом ды цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены зубамі ўгару. Кусты арэшніка, верабіны, чаромхі густа разрасьліся ды далёка параскідалі свае зялёныя галіны. Так зелена, так густа скрозь, што, здаецца, не пралезеш у лес! Птушкі аж глушаць сваімі галасамі, сваім шчэбетам. Некаторыя, раньнія, ужо вывелі дзетак ды клапатліва шчабечуць каля сваіх гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Колькі красак, колькі ўсялякіх матылёчкаў, мошак і пчолак! У паветры стаіць бясконца шум і звон ад іх крыльляў.

Поле пакрылася зяленівам. Ужо выплыў авёс, ячмень. Цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі і сіненькімі кветкамі. Там відаць зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі; бялее грэчка, наліваецца жыта, і ціха шарасьціць яно ў полі сваімі срэбнымі каласкамі. Як слаўна глядзець на гэтыя вузкія палоскі-стужкі сялянскага збожжа, калі сьвежы ветрык калыша іх і вядзе з імі невядомыя спакойныя размовы! Жаваранкі рассыпаюцца над імі песьнямі, круцячыся ў небе.


8. Вучыся.
Вучыся, нябожа: вучэньне паможа

Змагацца з нядоляй, з няволяй;

Што мучыць сягоньня, што думкі трывожыць,

Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.


Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,

Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;

Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,

Спазнаеш, як цёмен ня будзеш.


Такая прынука, як праца й навука,

Ці-ж можа нам сіл не дадаці?

З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука

І гора сваё зваяваці.


Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш

І к долі, і к волі, і к славе,

Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,

Ці дома, ці на школьнай лаве.


Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,

Адзін толькі ты ані дбаеш.

Цямней ты, нябожа, як ночка асеньня,

І шчасьце такое ты маеш!



Я. Купала.
9. Горы.
Горы, як волаты, падымаюцца к небу. Гор у дзьве-тры вярсты ёсьць шмат, але пападаюцца горы і ў сем, у восем, нават у дзесяць вёрст увышкі. Унізе гары цёпла, а чым вышэй, тым робіцца халадней. Дзеля таго на горах і расьліны розныя. Унізе расьце вінаград, розныя сады, вышэй—лясы дубу і ясеню; потым растуць вольха, рабіна, бяроза; а яшчэ вышэй, за воблакамі, ідуць кусты, лугі з дзіўнымі краскамі. Там толькі горныя пастухі пасуць свае стадкі. Яшчэ вышэй—мох ды голы камень, а на самым версе—лёд ды сьнег. Там толькі арлы лётаюць.

Шмат рэк пачынаюцца ад сьнягоў, што растаюць у горах. Яны цякуць уніз гаманлівымі ручаямі і вадаспадамі. Па дарозе падмываюць груды лёду і сьнегу, каторыя часамі абвальваюцца ды засыпаюць цэлыя вёскі.

Горы рэдка стаяць паасобку. Яны цягнуцца доўгімі хрыбцінамі то вышэй, то ніжэй. Паміж гор ляжаць долы, чарнеюць правалы. Густыя туманы поўзаюць па вузкіх горных праходах. Горы часта закрыты воблакамі і толькі ў ясныя дні здалёку віднеюцца сваімі сьнегавымі белымі верхавінамі.
10. Ідуць крыгі.
Моцна сьпіць шырокая рака. Глядзіш—і здаецца, яна мёртвая. Але гэта толькі здаецца: пад ковамі лёду ідзе работа, кіпіць жыцьцё. Жыве рака.

А перавальчыкі не перастаюць бубнець і крычаць пра новае жыцьцё. На лёдзе там і сям паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі. Чуе і яна ўжо вясну новага жыцьця. Трасе яна сваімі плячыма, і лёд покае, трашчыць. Не задзяржаць ракі гнілому ланцугу расколатага лёду. Прабіваецца яна на вольны сьвет, выходзіць з берагоў, ломіць і крышыць усё, што хоча стрымаць яе волю.

А крыгі—астача сьцюжы—з глухім шумам і выцьцём, як дзікія зьвяры, злосна скрыгічуць старымі гнілымі зубамі, як праціўнікі шчасьця людзкога.
11. Прышла вясна.
Ужо прайшла зіма цяжкая—

Мароз, мяцеліца ліхая!

Паплыў з вадою крыгаў лёд,

І сьнег ад сонца тае ўлёт.

Ужо вады паўны разоркі,

І зачарнеліся узгоркі.

А зьнізу лёгкі ветрык вее,

І сонейка так цёпла грэе.

Бор неяк весела шуміць;

Трава на лузе зеляніць.

Аджылі дробныя мурашкі,

Чарвякі і матылькі, а пташкі

Шчабечуць, звоняць і пяюць,

Людзям ахвоты дадаюць.

Жавараначка ў прасторы

Шчабеча, як у сінім моры;

Плыве і бусел, і жураў,

І дрозд запеў і засьвістаў.

Гудзе лятучы тоўсты жук;

Балбоча ёмка цецярук;

Пішчаць дзесь чайкі на балоце;

Пліска хвастом трасе на плоце;

Турчыць працяжна жабін хор,

І дзеці рвуцца з хат на двор.



Стары Ўлас.
12. Прырода гатуецца да сну.
Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Перастала грэць яснае сонейка. Не падымаецца яно высока над зямлёю. Яго косы ня сьвецяць ужо так ясна. Яны ня грэюць і ня песьцяць ужо маткі-зямлі. Затуманілася неба. Няма таго дню, каб сівыя хмары ня плавалі над зямлёю. Пачаліся прымаразкі. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся, і згінулі кветкі, што ўбіралі поле і луг. Ня шастаюць у траве конікі, ня гудуць каля вульляў пчолкі, не “таўкуць куцьці” камары і мошкі. Птушкі адны за аднымі зьбіраюцца ў вялікую дарогу. Уся прырода пачынае заміраць.

Ужо і халодная восень прыйшла. Сонейка рэдка паказваецца з-за хмар; позна ўзыдзе, нявысока падымецца ды зноў схаваецца. Хмары ня сходзяць з неба. У паветры ціш. Усе хаваюцца ад холаду і дажджу. Змоўклі вясёлыя птушкі-пяюхі. Ня відаць харошанькіх матылькоў. Усё пахавалася, усё пакінула нас разам з сонейкам, толькі высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў. Борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё разьвітаньне.

Агаліўся і парадзеў лес. Стаіць ён, як сірата, смутны і маркотны. А ці той гэта луг? Дзе яго кветкі, дзе пышная трава? Кветкі пасохлі, траву скасілі. Адзін вецер ня мае сабе прыпынку. Носіцца ён па голай зямлі, круціць сухое лісьце і расьсявае сьпелае насеньне з травы і дрэў. Усё чарнее і траціць свой колер, толькі жыта маладое расьце і руніцца, дый яго скора замарозіць мароз. У гэты позьні асеньні час уся прырода падобна да спрацаванага чалавека, што пасьля цяжкае працы заснуў моцным сном.
13. Аратаю.
Ары, ары, чалавеча, ары

Ад раньняй зары да ночнай пары!

Сошку сваю ты нанова наладзь,

Лепш каб было, чалавеча, араць;

Коніка-сябра свайго паганяй;

Хлеба скарынку з сабою вазьмі,

Чуць толькі сьвет—ты з сахой выхадзі,

Постаць на полі сабе адвядзі,

Кідай барозны ты з краю у край

І родную песьню ціха сьпявай.

Цьвёрдую глебу рэж, уздымай,

Роўна і плытка барозны складай,

З шнура за межу ня кідай зямлі,

Чыста-ж яе у загон прылажы;

Добра глядзі, каб агрэху ня даць,

Ўсё, як належыць, на полі урадзь.

Чыста ад пырніку поле апратай

(Поле тваё гэтым зельлем багата!),

Бо калі ў пырнік зерня пасееш,

З працы свае карыстаць не здалееш:

Ўсё ён заглушыць, і сам узрасьце,

Сваім карэньнем зямлю упляце.

Дык-жа працуй, чалавеча, ары

Ад раньняй зары да ночнай пары,

Бо калі ўпору зямлі не ўзарэш,—

Збожжа нямнога увосень зьбярэш!



А. Галіна.
14. Верны прыяцель.
У ваднаго селяніна быў вялікі сабака. Стаў ён стары, і ўжо ня мог вартаваць гаспадарскае дабро. Не хацелася селяніну дарма карміць сабаку. Вось ён узяў з сабой вяроўку і камень ды пацягнуў сабаку да ракі.

Глядзіць на яго сабака разумнымі вачыма, быццам разумее, што думае гаспадар.

Сеў гаспадар з сабакам у човен, ад’ехаў ад берагу ды стаў прывязваць камень сабаку на шыю. Пасьля ўстаў ды піхнуў нагою сабаку ў ваду.

Сабака панырнуў, але пры гэтым човен крэпка скалануўся, а селянін не ўдзяржаўся, і сам зваліўся ў ваду.

Захліснула яго хваля, зусім ужо пачаў тануць. Раптам чуе—нехта цягне яго. А гэта яго сабака. Камень адвязаўся, і сабака кінуўся ратаваць гаспадара. Схапіў зубамі за кашулю, выплыў з ім да берагу і ледзь жывы расьцягнуўся на беразе.

Заплакаў селянін, абняў сабаку, стала яму стыдна. Да самае сьмерці карміў і даглядаў ён вернага свайго прыяцеля.


15. Восень.
Восень халодная, чорная, хмурая

Сунецца ціха, нічутна што дзень;

Хварбы наўкола паклала панурыя,

Сонца хавае за чорную цень.


Збожжа пажатае з ніваў пазвожана;

Голыя гоні самотна ляжаць;

Неба дажджліваю хмарай абложана;

Траўкай ня грае сваёй сенажаць.


Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі,

Кусьця бяз лісту, бяз красак стаяць;

З гэтымі восені днямі бяскраснымі

Цяжкія думкі на сэрца ляцяць.


Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі

Лістам пажоўклым тужліва шумяць:

“Хутка надыдуць завеі з марозамі,

Ветры з сьнягамі ізноў наляцяць”.


Толькі высокія хвоі іглістыя

Вечна-зялёны свой кажуць убор;

Днямі зімовымі цёмна-імглістыя

Будуць чарнець навакол наузгор.


Зіму пачуўшы, мядзьведзь непакоіцца,

Ходзіць па лесе, шукае бярлог;

Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,

Горш на скаціну, на людзі налёг.


Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца:

Хутка на поўдзень саўсім паляцяць;

Хэўра за хэўрай на рэчцы зьмяняецца;

Зранку крычаць, на вадзе лапацяць.



А. Гарун.
16. Мурашкі.
Абсохла зямля. Дзе-ні-дзе стала паказвацца зялёная травіца. На прыгорку, у лесе, весела гойдае сіняю галавою першая веснавая кветка—сон. У яго касматай галоўцы ўжо поўзае пчолка ды цалуе яго сінія лісточкі.

Усё варушыцца, прачынаецца ад зімовага сну і холаду, усё хоча глянуць на высокае сонца, што так шчыра аблівае сваім цяплом яшчэ мокрую зямлю. Сагрэла сонейка і мурашнік, каторы паўгода быў засыпаны сьнегам. Пачула цяпло і працавітая мурашка. Выпаўзла яна з зямлі, дзе сядзела ўсю зіму; за ёю выпаўзла другая, трэцяя. Вот ужо іх цэлая тысяча поўзае ды грэецца на сонцы. Пагрэліся ды зараз за работу—давай папраўляць сваю хату, папсованую сьнегам. А яшчэ дзянькі праз два-тры папаўзуць яны ў лес зьбіраць кусочкі хвоек, смолку, што скінула старая хвоя. А пападзецца на дарозе жук або хрушч, палепяцца яны за яго ды павалакуць яго да свае хаткі. Працавітае стварэньне мурашка! Многа чаго ёсьць павучыцца ў яе гультаю.


17. Жніво.
Рэдкае збожжа—травы палавіна.

Колас ня гнецца зярнём да зямлі.

Знаць, нешчасьліва была та часіна,

Як кідалі зерня сяўцы па ральлі.


Вышлі на поле вось жнеі з сярпамі

У лапцях лазовых, а хто без лапцей.

Ніва пустымі шуміць каласамі,

Ніва ня цешыць жаночых вачэй!


Цяжка ўздыхнуўшы, збаны пастаўлялі,

Клункі на межы паклалі жняі;

Бабы старыя свой твар пражагналі

Ціха за працу ўзяліся дзяўкі.


Горача ў полі. Эх, жар дакучае!

Праца марудна, бясконца цяжка.

Сьпіну і плечы ім боль адбірае,

Аж дзервянее у жнеек рука.


Збэрсана жыта, чапляецца колас.

Жменя нажата, разгнецца жняя,

Жыта паложыць на скручаны пояс.

Цяжкая, жнейка, работа твая!


Ціха на полі ў палудзень гарачы.

Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цэнь!

Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы,

Нудна над вухам зьвініць авадзень.



Я. Колас.
18. Восень.
Луг даўно скошаны. Дзе ўлетку калыхалася зялёная трава і блішчэлі кветкі, там цяпер пуста, адны толькі дзябёлыя стагі стаяць па грудочках, як вежы. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонцы. Ёй ужо ня вырасьці да старое. Буслы даўно пазьляталі з гнёзд ды ходзяць чародамі па лузе або кружацца высока-высока ў небе, усё роўна як радзяцца перад далёкай дарогай.

Жыта на полі зжата і зьвезена; авёс і ячмень—сабраны, толькі дзе-ні-дзе жаўцее палоска позьняга аўсу ці ячменю, ды пачарнелыя лапінкі грэчкі чакаюць сярпа. Картаплянік на картоплі павяў і апусьціў сухое лісьце, адны цыбуры тырчаць, як палкі. Глуха і нудна стала на полі. Ужо ня чуваць спакойнай гаворкі ціхага ветру з палоскамі збожжа, толькі іржышча гаворыць, што тут красаваліся пасевы. Ужо не трапечуцца ў небе жаваранкі з мілымі песьнямі. Прайшла вясёлая пара лета! Усё адцьвіло, адкрасавала.

Ціха і глуха стала ў лесе. Птушкі перасталі сьпяваць. Лісьце на дрэвах пасохла ды патроху асыпаецца на дол.

Сонца ня грэе так цёпла, як бывала ўлетку. Яно ўсё ніжэй і ніжэй ходзіць па небе. Неба часьцей і часьцей засьцілаецца хмарамі. Туманы закрываюць ад вачэй белы сьвет. Дробны дожджык імжыць, як праз сіта. Нудна і няпрытульна выглядае ўсё ўвосень!


19. Прылёт птушак.
Ціхая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі ляжыць яшчэ сьнег, толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі сьцягнуліся занач лядком, але ўжо чуваць вясну, і ўсё пазірае павеснавому.

Вышаў малы Янук на двор. Весела яму на сэрцы: прыгрэе сонца, добра будзе гуляць на дварэ.

Нешта зьвініць у небе тоненькім срэбным звонікам. Янук прыслухаўся: ня відаць нічога, а ў небе ціха разьліваецца тоненькая песенька, усё роўна як грае хто на срэбранай дудачцы. Гэта—жаваранка! І так весела Януку, што, здаецца, пацалаваў-бы мілую птушачку. Галубка, яна ўжо вярнулася з далёкага выраю ды зьвініць у ясным небе дзіўнаю песьняю!

Рад Янук, што першы пачуў жаваранку, ды пабег хваліцца сваім сябром. Дзеці выходзілі на двор слухаць першую песьню вясны. І ім было весела.

Кожную новую птушку дзеці сустракаюць з радасьцю. Цераз некалькі часу прылятае шпак. Холадна, туман, а ён і ня дбае: сьпявае на ўсё поле вясёлыя песьні, седзячы дзе-небудзь на голай бярэзіне, як-бы і холаду яму няма!

У канцы сакавіка зьбіраецца ўжо шмат птушак. У лесе сьпяваюць дразды, лясныя жаваранкі, а па балоце важна пахаджае бусел. Па стрэхах бегаюць падманкі ды трусяць сваімі доўгімі хвастамі. Ластаўкі прылятаюць пазьней, калі ўсё зазеляніцца ды зьявяцца мошкі.


20. Навальніца.
Вецер угаманіўся ды сьціхнуў зусім. Сонца высока стаіць на небе ды бяз жалю паліць зямлю. К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымі сярэдзінамі, хмаркі. Сонца пачынае бродзіць па гэтых хмарках, і цень невялічкімі лапінкамі паціху поўзае па зямлі паводле таго, як ідзе сама хмарка ў небе.

З аднаго боку неба пачынае чуць-чуць цямнець. У тым месцы, дзе неба быццам стыкаецца з зямлёю, падымаецца хмара—чорная, страшная. Уперадзе, як горы, ідуць клубкамі, з чарнаватымі краямі, асобныя хмары. Яны расьцілаліся па небе, як дым, ды як-бы цягнулі за сабою чорную, густую, гладкую сьцяну.

Ціха, важна, спакойна, густа і страшна пракаціўся ў небе першы гром. Далёка над лесам бліснула маланка—яркая, борздая—ды накрыж перасекла хмару. Маланка часьцей ды ярчэй барануе неба, часьцей грыміць гром, і падыходзяць бліжэй і бліжэй хмары. Ціха зрабілася ўсюды.

Людзі, як мурашкі, забегалі па лузе, складаючы на скорую руку сена ў копы. У вадзін мамэнт тысячы коп сена вырасьлі на грудох. А лісьцік на дрэве, травінка пад кусьцікам, каласок у полі ані скалыхнуцца. Здаецца, увесь сьвет перастаў нават сапці. Птушкі змоўклі, конікі перасталі цьвіркаць у траве. Усё як-бы чакае чагосьці страшнага. На сэрцы і боязна, і неяк весела разам. А хмара ўсё чарнее. Кругом пацямнела, як-бы падыходзіў вечар. Гром гудзе ды гудзе бесьперастанку. Павеяў вецер ды пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Над галавою бліснула маланка, а за ёю раптам трэснуў гром, аж усё затраслося і закалацілася. Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж з ветрам паліўся, як з вядра.


21. Вожык.
Ці трымалі вы калі-небудзь вожыка? Калі не, то папрабуйце. Гэта вельмі цікавае стварэньне, а калі ёсьць у хаце мышы, дык будзе вялікая карысьць, бо вожык умее лавіць мышы лепш за ката.

Дзікі вожык спачатку баіцца чалавека, але потым прывыкае ды пачынае жыць у хаце, як кот ці сабака. Улетку вожык есьць жукі, конікі, чарвякі; узімку ловіць мышы, любіць булку з малаком, есьць і садовіну, а калі няхват гэтага корму, то будзе есьці ўсялякае мяса.

Усю зіму вожык, калі жыве на волі, сьпіць, закапаўшыся дзе-небудзь у мох. Сон гэты, як відаць, патрэбен вожыку, бо калі ня даць яму заснуць, то ўлетку ён хварэе, а часта і здыхае; дзеля гэтага яму трэба даць заснуць хоць на адзін месяц.

У няволі вожык можа пражыць некалькі гадоў, калі яго добра даглядаць. Нядобра толькі трымаць вожыка ў хаце дзеля таго, што ён цэлую ноч шныпарыць па хаце ды не дае спакойна спаць. Але часамі ўдаецца адвучыць яго ад гэтага, толькі нельга стрымаць вожыка ў месячную ноч: тады ён робіцца вельмі рухлівым, трывожыцца ды бегае па хаце.


22. Маладыя ліскі.
Выкапаў чалавек з нары двух маленькіх ліскоў ды прынёс дадому. Яшчэ здалёк сустрэлі бацьку дзеці ды глядзелі, што гэта ён нясе ў мяшку пад пахаю. Выпусьцілі перш аднаго. Сьмешны быў маленькі зьвярок: мызка вострая, сам маленькі, рыжанькі, хвосьцік калматы. Глянуў ён на дзяцей ды, мусіць, засароміўся, бо апусьціў вочы ўніз. Выпусьцілі і другога ліска. Глянулі яны адзін на аднаго ды стрымгалоў кінуліся ў цёмны куток.

Як ні стараліся дзеці выпараць іх адтуль, нічога не памагала, толькі праз некалькі дзён пачалі яны вылазіць з-пад полу. Есьці ўзяліся адразу. Вельмі любілі яны маладых варанят або якое-небудзь мяса. Удзень, калі ў хаце было ціха, ліскі вылазілі з-пад полу ды пачыналі дурэць. Яны лавілі мух, прыціскаючы іх лапкаю. Пабегаўшы па хаце, ліскі пачыналі дурэць самі сабою: бегалі, куляліся, дужаліся. Калі хто-небудзь бывала засьмяецца, то яны кулём кідаліся ў свой куток. Уначы яны так моцна дурэлі, што не давалі спаць.

Гаспадар вынес іх на гору. Там, думаў ён, замінаць нікому ня будуць, і ім самім ляпей будзе.

Гэтага і трэ’ было ліском. Хоць малыя, але хітрыя. Увесь час, як былі ў хаце, шукалі яны здарэньня, каб уцячы, але ня было як. А на гары знайшлі яны пад стрэхаю дзірку ды паскідаліся абое на зямлю. Азірнуўшыся навокала, яны адразу памчаліся ў лес, што відаць быў недалёка.


23. Рысь.
Часта ў нас на сярдзітых нягодных людзей кажуць “рысь”. Чаму гэта так?

Даўней у нашых лясох вадзіўся такі зьвер, якога звалі рысь. Гэты назоў стаў мянюшкаю на сярдзітых, нягодных людзей. І праўда, трудна знайсьці такога сярдзітага нягоднага зьвера, як рысь. Адзін погляд яго паказвае, што гэта люты зьвер. Вочы яго вялікія, лупатыя, з касматымі бровамі, мыза страшная, скалазубая, на лапах—доўгія вострыя кіпці, на вушох—касмыкі шэрсьці, сам рыжы, увелькі з сабаку. Жыве ён у глухіх лясох і лазіць па дрэвах, як кот. Рысь нападае на ўсякую жывёліну, якая ня мае такіх вострых пазуроў і крэпкіх зубоў. Бывалі здарэньні, што рысь і на чалавека кідаўся. Бараніцца ад яго вельмі трудна, бо ён нападае спатайка, зьнячэўку, проста з дрэва, дзе сядзіць.

Калі рысёў было ў нас многа, яны рабілі вялікую шкоду. Пасе пастух гавяду ў лесе. Усюды ціха, спакойна. Пачынае зьбіраць ён каровы ў гурт, дамоў гнаць, і толькі тады агледзіцца, што тая ці іншая карова папсована. Рысь часта выдзіраў у каровы вымя. Сама карова абараніцца ня можа, бо рысь вёрткі, як кот, і калі пастух быў далёка, то рысь пасьпяваў зрабіць сваё нягоднае дзела.

Вось за такія нягодныя ўчынкі, за тое, што чалавек б’ецца і дзярэцца, часамі прадражняць такога чалавека рысем.


24. Сьвята Першага Мая.
У рабочых і сялян усяго сьвету, усёй зямлі, ёсьць адно вялікае сьвята: гэта сьвята—Першае Мая. Сьвята першага мая было заснована ў Францыі ў горадзе Парыжы ў 1889 годзе. Туды зьехаліся рабочыя з усіх старонак сьвету, каб лепш абмеркаваць свае справы, як бараніцца ад паноў і багатыроў, як зьнішчыць вайну, як дабіцца зямлі і волі. І калі яны абмеркавалі свае справы, то пастанавілі, каб першага мая ўвесну было сьвята рабочых усяго сьвету, бо як увесну ўся прырода абуджаецца ад сну, так і рабочы мусіць абудзіцца ад свайго ўціску, клікаць сваіх таварышаў—рабочых і сялян—падняць свае галовы да яснага неба ды ісьці на змаганьне з сваімі ворагамі. Бо чаму рабочаму жывецца цяжка? А таму, што ён працуе хоць і вельмі многа, а карысьці мае зусім мала. І вось рабочыя ў Парыжы пастанавілі, каб у дзень першага мая ўсе працоўныя кідалі сваю працу, выходзілі з рэволюцыйнымі сьпевамі і чырвонымі сьцягамі на вуліцу і трэбавалі ад каралёў і паноў паляпшэньня дабрабыту працоўных.

Пасьля гэтай пастановы Першае Мая зьяўляецца важнейшым сьвятам працоўных. А багатыры з страхам глядзелі на пролетарыят, які падняў галаву і зразумеў прычыну свайго цяжкага жыцьця. Багатыры баяліся гэтага сьвята і заўсёды стараліся перашкодзіць рабочым сьвяткаваць яго: пагражалі расстрэлам, не плацілі за гэты дзень рабочым, а ў некаторых старонках разганялі рабочых і нават стралялі ў іх. На Беларусі і ў Расіі бадай што зусім нельга было сьвяткаваць Першага Мая: рабочых разганялі, арыштоўвалі і стралялі ў іх. І толькі цяпер, калі ўся ўлада знаходзіцца ў руках працоўных, гэтае сьвята кожны год адбываецца з такою ўрачыстасьцю, з якою яно мала дзе сьвяткуецца.


ЧАСЬЦЬ ДРУГАЯ
ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка