Яшчэ не скончана дарога І хочаш думаць аб зямным




Дата канвертавання27.03.2016
Памер44.26 Kb.
Яшчэ не скончана дарога

І хочаш думаць аб зямным.

Не пакідай мяне, трывога,

Будзь спадарожнікам маім.



Аляксей Пысін

Аляксей Васільевіч Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна ў сялянскай сям’і. Дзед будучага паэта стаў уладальнікам уласнай зямлі, а бацькі яе страцілі – аддалі ў калгас. Калектывізацыя, аднак, істотным чынам не закранула Аляксея Пысіна, ён быў паглынуты вучобай, а пра падзеі ў сваёй вёсцы, якія ведаў павярхоўна, з чутак і пераказаў, пісаў у газеты.

Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы ў 1938 годзе паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. Пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі яго (студэнта другога курса) накіравалі на працу ў Бельскую раённую газету на Беласточчыне. Там і застала паэта вайна, адтуль ён быў эвакуіраваны на Урал, дзе ў палкавой школе вывучыўся на сувязіста.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Радавым прайшоў усю вайну, двойчы быў ранены і дэмабілізаваўся ў пачатку 1946 года.

З 1946 года працаваў у раённым друку, у абласной газеце “Магілёўская праўда”. Працаваў сакратаром краснапольскай, затым рэдактарам чэрыкаўскай раённай газеты. У 1958 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Да 1973 года працуе ў рэдакцыі “Магілёўскай праўды”. З 1974 года і да апошніх дзён з’яўляўся сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

У друку Аляксей Пысін пачаў выступаць з 1938 года. Аднак творчае пасталенне праходзіла няўстойліва, марудна. Не адразу ўдалося пазбавіцца ілюстрацыйнасці, апісання павярхоўнай рэальнасці аб’екта. Сваю душу, сваё лірычнае “я” аўтар як бы знарок утойваў, цяжка было здагадацца, што гэта за чалавек, якія ў яго звычкі, характар: паэт доўга не мог знайсці сябе. І вось паэт разгарнуўся і сцвердзіў сябе ў сваё “залатое дзесяцігоддзе” (1963 - 1979), калі адзін за адным выдаюцца яго зборнікі “Мае мерыдыяны” (1965), “Кавылёк” (1966), “Твае далоні” (1967), “Пойма” (1968).

Калі раней у цэнтры ўвагі паэта знаходзіўся аб’ект у знешніх праявах, то цяпер – чалавек у сваіх інтымных перажываннях. Тады было проста назіранне, а цяпер канцэпцыя, і стрыжы цяпер не проста лунаюць між зораў, а ратуюцца ад жудаснай смерці:

Не далёка, на той вышыні,

Дзе ні гулу, ні гуку, ні кулі.

Птушкі сховішча ў небе знайшлі,

На ляту птушкі ў небе заснулі.

Сон такі незвычайны – крыло

На струмені маўклівым, як вечнасць,

І паветра іх пругка нясло

Як далей ад бяды чалавечай.

Аляксей Пысін, хоць яго творчае самавызначэнне адбылося крыху пазней, належыць да таго ж франтавога пакалення, што і Аўрамчык, Вялюгін, Друнін. У творчасці Аляксея Пысіна найбольш выразна выявіліся пачуцці, думкі і перажыванні салдата Вялікай Айчыннай вайны. Героі паэта імкнуцца асэнсаваць непазбежнасць смерці і сустрэць яе з годнасцю і баявой гатоўнасцю, у поўным узбраенні. Шчымлівым болем па загінуўшых баявых сябрах прасякнуты верш-элегія “Іван-чай”. Як жывыя, праходзяць перад вачыма былога франтавіка “Аляксеі, Віктары, Іваны…”, што палеглі пад вёскай Будай на Смаленшчыне. У вершы паэт выкарыстоўвае фальклорна-казачны сюжэт, па якім загінуўшы чалавек ажывае, прабіваецца з-пад зямлі раслінай або кветкай:

Узышлі травой і гарыцветам,

Узышлі на радасць ці жальбу?

Вунь стаіць Іван па-над кюветам,

Галавой ківае: “Вось жыву”.

Вайна, франтавыя ўспаміны з’яўляюцца своеасаблівым фонам многіх твораў Аляксея Пысіна пра сучаснасць. Пра вайну паэт згадвае і ў філасофскім вершы “Акопы, ямы, дол парваны…”. У першых яго радках апісваецца зямля, на якой пасля вайны засталіся раны – акопы, варонкі ад выбухаў бомбаў, траншэі… Па гэтых ранах лірычны герой можа беспамылкова прачытаць біяграфію краіны і народа. Аўтар, выкарыстоўваючы прыём персаніфікацыі, лічыць родную зямлю жывой істотай, а траву – доктарам, які перавязвае ёй раны, выратоўвае ад смерці:

Акопы, ямы, дол парваны

Перада мной, перад табой,

Зямля травою лечыць раны,

Травой, травой.

І чалавек, звязаны з зямлёй тысячамі ніцяў, павінен быць яе абаронцам і ахоўнікам, бо гэтым самым ён абараняе і сваё жыццё:

Пакуль зямля твая жывая,

І ты – жывы.

Прадаўжаючы традыцыі Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Пысін у многіх вершах выступае абаронцам беларускай мовы (“Дала мне маці гэту мову…”, “Яшчэ не скончана дарога…”, “Магілёўская гаворка”). Паэт падкрэслівае мілагучнасць і хараство роднай мовы, багацце яе слоўнікавага складу:

Дала мне маці гэту мову,

Каб не нямым прыйшоў у свет.

Дала мне маці гэту мову

Як спадчыну і запавет.

Тэма кахання ў паэзіі Аляксея Пысіна непасрэдна звязана з тэмай жанчыны-маці, якая для паэта з’яўляецца прыкладам чалавечай дабрыні, працавітасці, увасабленнем самаахвярнасці і бескарыслівасці. Асабліва кранаюць радкі верша “Светла так на могілках і суха…”, напісанага ў форме народнага плачу:

Толькі рэчанька даўно не льецца,

Можа, рэчка з ціхаю вадой

У зямлю сышла ў тое лета –

За табою, маці, за табой.

Многія вершы Аляксея Пысіна напоўнены філасофскім роздумам над вечнымі праблемамі жыцця, прызначэннем чалавека на зямлі, болем і адказнасцю за навакольны свет, хвалюючымі турботамі пра сённяшні дзень. Так, лірычны герой верша “Забыта многае ў жыцці” імкнецца спасцігнуць сэнс чалавечага жыцця, яго няспынны рух наперад. Жыта ў вершы сімвалізуе само жыццё, яго вечнасць, бессмяротнасць:

Забыта многае ў жыцці,

З дарогі змецена і змыта.

Мне ў жыта хочацца ўвайсці,

Мне вечнасцю здаецца жыта.

Сцвярджаючы дабро, справядлівасць і чалавечнасць, ненавідзячы зло, прыстасавальніцтва і мяшчанства, паэт быў у няспынным руху, у вечным пошуку ісціны. “Перада мною пошукі, здзяйсненні і кіламетры сумныя няўдач”, - прызнаваўся ў адным з вершаў аўтар, які заўсёды адчуваў сваю злітнасць з роднай зямлёй, далучанасць да ўсяго, што адбываецца ў свеце.

Паэт не на шмат перажыў сваё 60-годдзе. На жаль, хворае сэрца не вытрымала творчых перагрузак і жыццёвых клопатаў. Лепшыя яго творы, не падуладныя часу, склалі гонар беларускай літаратуры. Як запавет і наказ нашчадкам гучаць радкі Аляксея Васільевіча, сагрэтыя любоўю да людзей:

Пойдзем не ад людзей – да людзей.

Мы радкі пакідаем з жывымі,

І паслужаць яны сувязнымі



Нашых душ і сумленных надзей.
Матэрыял падрыхтаваны Аленай Аўраменкай.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка