Якуб Колас на ростанях кніга першая: у палескай глушы




старонка1/12
Дата канвертавання30.04.2016
Памер2.04 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12
Якуб Колас

НА РОСТАНЯХ

Кніга першая:

У палескай глушы

Аповесць
I

- А, гэта ты, бабка! Ну, прысядзь, пагаворым трохі!

- Я пастаю, панічок... У вас так ціха, я думала, што вы ўжо спіцё, а вы ўсё з гэтай кніжкай, - сказала, прысаджваючыся, бабка. - Прабачайце, панічок: я прыйшла запытацца - ці баліць яшчэ ў вас галава, ці перастала?

- Перастала, бабка, перастала! - сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу на сваю галаву і як бы прыслухаўшыся да яе. - Забыўся нават, што яна і балела!

- Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала!

- Ты і мне шаптала? - здзівіўся настаўнік. - Калі ж гэта ты ўмудрылася пашаптаць? Я нават і не прымеціў.

- Во вы тут сядзелі, чыталі, а я з кухні праз дзверы шаптала... Не гневайцеся: далібог, шаптала!

Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу - яна была тут старожкаю - прыйшла ў незвычайны рух, вочы яе ажывіліся, а на твары адзначылася ўнутраное перакананне ў сіле свае здольнасці.

- Напэўна, гэта ты мне памагла, бабка, - сказаў настаўнік, усміхнуўшыся.

- Ой, панічыку, вы ўсё смеяцеся, не даяце веры. Не верыце ніяк мне, старой!

- О не, бабка: веру, веру! Аб тваім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, у Ганцавічах - усюды!

- Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старое Мар'і, - з гордасцю прамовіла бабка.

- І як гэта ты, бабка, шаптаць навучылася?

- Навучылася, панічыку, навучылася!

- А хто цябе навучыў?

- Ой, панічок, вы ўсё хочаце ведаць!

- А што ж, бабка: навучыўся б, і да мяне хадзілі б людзі, і я памагаў бы ім.

- Няможна гэта, панічыку!

- Чаму няможна? Хіба грэх?

- Няможна!

- Мусіць, бабка, ты з нячыстай сілай знаешся?

- Бог з вамі, панічок! Што вы сказалі проціў ночы?! Няхай Бог крые! І не ўспамінайце вы яе!.. Ва імя Айца і Сына і Святога Духа!

Старая паляшучка, знахарка Мар'я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз.

- А што ж яна мне зробіць, гэтая нячыстая сіла? Я не баюся яе, бо яе, бабка, наогул няма.

- Гэ, панічыку, вы яшчэ маладзенькі, мала на свеце жылі.

- Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць Богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз нячыстую сілу?

- Не кожнага, панічок, яна налучае, - ухілілася старая ад простага адказу.

- А я табе, бабка, скажу, каго яна налучае. Наколькі я ведаю, яна найбольш прывязваецца да п'яных цёмных людзей і то ўночы.

Старожка з гэтым не згадзілася і паківала галавой. А настаўнік, яшчэ зусім малады хлопец, які нядаўна прыехаў у першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы, ледзь-ледзь усміхнуўся сам сабе, пэўны ў тым, што старая няіменна раскажа пра здарэнне з нячыстай сілай. Яму вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры.

- Я вам, панічок, не буду многа казаць, бо вы ўсё роўна не верыце, хоць, можа, і верыце часам, але кажаце, што не верыце. Ды калі не верыце мне, то паслухайце, няхай вам раскажа мой Міхалка. Вы ж ведаеце майго Міхалку? А калі яму не паверыце, спытайце людзей. Міхалка тады дзецюком яшчэ быў. Ішоў ён з Сяльца. І ноч была не цёмная. Чулі, можа, Сяльцо, недалёка ад нашай вёскі, вярста - не болей? Гэта - выселкі з нашае ж вёскі, двароў дзесяць. Ён і жонку ўзяў адтуль. Дык вось, панічыку, быў ён там - на вячоркі туды хадзіў, покі не жаніўся. На паўдарозе між Сяльцом і вёскай старая карчма стаіць, якраз напроціў могілак. Там невялічкае балотца ёсць, і рэчачка адтуль зачынаецца, малюсенечкая, і злучаецца з другой рэчкай, што ў нас Целяшовым Дубам завецца. І вось, як толькі мінуў ён карчму, дык на яго штось і накінулася - і не звер, і не чалавек. Так проста і налятае на яго. Хоча злавіць яго - не зловіць: нешта голае і слізкае, ні шэрсці, ні адзежы. Міхалка адкіне яго рукою, а яно зноў, а яно зноў. І вось, не паверыце, панічыку, парвала на ім новую світку да самага каўняра. Змогся бедны хлопец і ў непрытомнасці ў хату ўвайшоў. Скажаце, п'яны быў, дык зроду ж не п'е Міхалка, у рот гарэлкі не бярэ. І праляжаў ён пасля гэтага ў гарачцы тры месяцы, насілу на ногі падняўся.

Лабановіч - так звалі маладога настаўніка - слухаў апавяданне з вялікай цікавасцю. Спярша яму было крыху смешна, але, па меры таго як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна - непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Мільёны і болей гадоў жыве гэта вера, пачаткі яе загублены ў цёмным віры прошласці, і да гэтага часу людскі розум не патрапіў вызваліцца з аблады гэтага чмучэння...

«Цікава!.. Трэба будзе калі падумаць над гэтым», - зазначыў сам сабе настаўнік. Але, як відаць, была ў яго яшчэ і іншая думка, і ён, нечакана для сябе самога, спытаўся:

- Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта?

- Гэ, панічыку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!

- І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек! - прамовіў малады настаўнік, хутчэй да сябе самога, і задумаўся.

Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазіралі, не міргаючы, у кут пакоіка, але нічога не бачылі, яны як бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве.

Старая бабка звярнула на гэта ўвагу і з нейкім страхам і цікавасцю пазірала на свайго «паніча».

- А што вы, панічыку, так задумаліся?

Лабановіч ускінуў на яе вочы і засмяяўся.

- А ведаеш, бабка, хочаш, я скажу табе, што ты цяпер думаеш?

Бабка здзівілася яшчэ болей, а настаўнік, не чакаючы яе адказу, прамовіў:

- Ты, бабка, пазірала на мяне і думала: «Калі гэты паніч яшчэ не з'ехаў з глузду, то з'едзе».

Старожка пазірала яму ў вочы, моцна здзіўленая, а Лабановіч, прыдаўшы важны выраз твару, сказаў:

- Ты, бабка, не думай таго: не адна ты знахарка. Я, можа, яшчэ выдатнейшы знахар за цябе.

- А што ж, панічыку, усё можа быць, - як бы з нейкай пакрыўджанасцю адказала бабка.

- Ты плюнь, бабка, на гэта, бо ўсё гэта - глупства, а лепш вось што: скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывём?

Бабка не ведала, які тон ёй узяць, каб не памыліцца, і сказала:

- Гэ, панічок: што вы так усё пытаецеся?.. Гляджу я на вас і дзіўлюся: сядзіць сабе, як той манашак, і ўсё ў гэтыя кніжкі пазірае. Паглядзелі б трохі, і годзе. А то калі ні прыйдзеш, вы ўсё ў кнігі гледзіце. Хіба можна так пільна і доўга пазіраць у іх? - І, памаўчаўшы, дадала: - Сушаць яны, і болей нічога.

- Дык ты, бабка, не ведаеш, чаго мы на свеце жывём?

- Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць.

- Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на свеце жывём.

- А навошта, панічыку, і ведаць? Жыве чалавек і жыве, пакуль Бог яму прызначае. А прыйдзе час яму памерці - памрэ.

- А дрэнна, бабка, што трэба ўміраць!

- Што вы, панічыку, усё пра смерць гаворыце! Дзіўны вы, панічок, далібог! Вось той паніч, што быў перад вамі, бывала, пойдзе куды: ці да пана падлоўчага, або да Курульчука на будку. Там паненка была, ой, прыгожая паненка! Яе цяпер дома няма, а вось прыедзе, дык пабачыце самі!

- А хіба ж тут паненкі ёсць? - зацікавіўся Лабановіч.

- О, панічыку, чаму ж няма!

Бабка пачала пералічаць і расхвальваць паненак. Перш-наперш у валаснога пісара іх цэлых чатыры. Праўда, воласць адгэтуль за пятнаццаць вёрст. Але ёсць паненкі і бліжэй: за сем вёрст дачка каморніка. Усе панічы ў гэтай акрузе закаханыя ў яе. Ёсць яшчэ паненка на хутары за тры вярсты.

- Навошта вам лепей, панічок: у пана падлоўчага дочкі ёсць. Адна яшчэ зусім маладзенькая, а другая старэйшая. Яна пыталася ўжо: «Ну, як твой, бабка, паніч?»

- А ты што ёй сказала?

- Ой, кажу, паніч! Харошы паніч!

- А хіба ж я харошы?

- А чаму ж не харошы!

- Ну, а хто з паненак самая лепшая?

- Усе харошыя. Як для мяне, дык усе харошыя.

- Ці не думаеш, бабка, ты жаніць мяне?

- Самі, панічок, жэніцеся... А да пана падлоўчага вам трэба зайсці. Бывала, той паніч, - як вечар, дык там. А вы ўсё седзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека.

- А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся.

Старая колькі хвілін пазірала на настаўніка, а потым засмяялася доўгім-доўгім смехам.

- От, паніч, вы ўсё шуткуеце!

Бабка ўстала, пазяхнула і зірнула ў акно. А там ляжала цёмная-цёмная лістападаўская ноч.

- Толькі ў пана падлоўчага яшчэ вокны свецяцца, - зазначыла бабка.

- Пасядзі яшчэ трохі.

- Не, панічок, позна.

І бабка паволі павярнулася ў сваю кухню на печ.



II

Старожка ўжо злёгку пахрапвала ў кухні на печы, а Лабановіч усё яшчэ не лажыўся. На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджаў па пакоі і думаў. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой ён так доўга гатаваўся, - усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадскай працы.

Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб'ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага.

Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство - чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі. А прырода! Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода - найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы - хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несузмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай.

З такімі думкамі Лабановіч прыпыніўся каля акна. З двара пазірала цёмная, чорная ноч. Неба, абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісала над аголенай зямлёй. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску.

- Якая цемра! - жахнуўся малады настаўнік. Яму было прыемна пачуваць, што ён цяпер у гэтым цёплым і прытульным пакоіку, дзе прыветна і так мнагазначна гарыць лямпа пад белым абажурам, дзе ўсё так ціха і спакойна і нішто не перабівае думак. І тут жа паспагадаў ён і тым падарожным, якім так ці іначай прыходзіцца ехаць або ісці ў гэты глухі час ночы па цёмных і гразкіх дарогах, праз брады і грэблі сярод лясоў і балот.

Лабановіч зноў падышоў да стала і ўзяўся за кнігу. Але думкі яго так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць.

Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці; трэба пазнаёміцца там з настаўнікам і параіцца з ім наконт розных пытанняў, звязаных са школай; трэба таксама зайсці і да бацюшкі і запрасіць яго прыехаць сюды адслужыць малебен перад адчыненнем заняткаў у школцы. Так, гэта трэба зрабіць, бо ўжо даўно час брацца за навучанне дзяцей. Праўда, яго назначылі сюды позна. Але адкладаць няма сэнсу, бо не здолее выпаўніць праграму.

Гадзіннік на сцяне рабіў сваю работу. Аднатонна і размерна гойдаўся маятнік у шкляной каморцы, як бы вельмі здаволены сваёй працай, што і пацвярджаў кароткім «так-так!», «так-так!». Перад тым як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, рыпеў, як калодзежны журавель на марозе, і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам.

- А ўжо і позна, - зазначыў сабе Лабановіч.

Гадзіннік прабіў поўнач. Настаўнік перанёс лямпу ў другі, яшчэ меншы, пакоік, дзе стаяў яго просценькі дзервяны ложак, лёг у пасцелю і чытаў «Зорныя светы і іх насельнікі».

Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. І чым больш мысль захоплівалася гэтым чароўным малюнкам і гэтымі незлічонымі светамі, раскіданымі сярод бяздонных багнаў, такіх страшных, такіх павабных, - зямля і чалавек, пагардлівы гаспадар яе, рабіліся ўсё меней і меней значнымі, нікчэмнымі. Гэта бязмежнасць зацірала зямлю, і яна гублялася ў ёй, як малюсенечкая пылінка. А якім малазначным, непрыемным з'яўляўся чалавек, яго клопат, яго штодзённыя драбніцы жыцця! Новыя думкі і настроі ахінулі маладога настаўніка. Але гэтыя думкі ўмомант разляцеліся, як вераб'і, калі ў іх вясёлы гурток паляціць каменьчык, кінуты рукою якога-небудзь падшывальца-жэўжыка; страшны і непрыемны вобраз смерці бліснуў сярод гэтых думак маладога настаўніка і разагнаў іх. На адзін момант жыццё ў ім як бы спынілася. Па яго целе прабегла дрыготка, бо гэты вобраз смерці вынік зусім неспадзявана.

«Я памру! - падумаў малады настаўнік. - Будзе такі час, калі я стану нежывым, трупам!»

На кароткі міг ён як бы адлучыўся ад сябе самога і зірнуў на сябе збоку, як старонні, другі чалавек, і жыва ўявіў сабе той момант, калі ён будзе нерухомым трупам.

«Фу! Як гэта прыкра і непрыемна! - падумаў Лабановіч. - А горай за ўсё гэта тое, што перад смерцю мы бездапаможныя і слабыя і не маем спосабу адхіліць яе ад сябе або хоць аддаліць час яе прыходу. Ад яе не адмолішся, ад яе не адкупішся нічым. Я памру. Маладым, пажылым ці старым, але факт той, што памру, бо я, як і ўсё, што мае ў сабе пачаткі жыцця, падлягаю смерці, бо ўсё на свеце, толькі што зарадзіўшыся для жыцця, ужо мае ў сабе адзнакі і пячаць смерці. І людзі звыкліся з гэтым, і нікому нават і ў галаву не прыходзіць выказаць свой пратэст проціў смерці і весці з ёю змаганне, як бы ўжо даўно-даўно ўмовіліся прызнаць над сабою яе ўладу, лічыць гэту ўладу справядліваю і законнаю. А яна, гэта смерць, кожны дзень ходзіць вакол, кожную хвіліну нішчыць і маладзенькія і старыя формы жыцця. І мы не зварачаем на гэта ўвагі, і толькі тады яна робіць моцнае ўражанне, калі ўмірае хто блізкі або калі наваліцца мор і людзі пачынаюць уміраць агулам. Тады чалавека ахоплівае жах, і ён губляе галаву. І вось што цікава. Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух».

«Цьфу! Якая гэта агіднасць! - думаў далей малады настаўнік. - Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час - і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей».

Гэтыя думкі парушылі спакой Лабановіча і пакінулі пачуванне нейкага нездавалення і непрыемнасці.

Ён звярцеў папяросу, стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Гэта яму крыху і ўдалося, бо Лабановіч быў хлопец крэпкі, моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэта жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся.

«Чаму я пачаў думаць пра смерць? Скуль узялася гэта думка?» - запытаў сябе Лабановіч і пачаў дашуквацца сувязі, якая павінна быць паміж думкаю аб смерці і тымі думкамі, што так ці іначай былі прычынаю яе ўзнікнення. Прыпомніўшы ўвесь ход сваіх разваг, настаўнік ніяк не мог знайсці гэтай сувязі, і гэта акалічнасць яго крыху здзівіла і зацікавіла.

«Я чагось не ўзяў пад увагу, нейкі вобраз ці думка проста зніклі з памяці, і ад таго факт гэты мне здаецца крыху незразумелым і дзіўным, хоць, наогул сказаўшы, на свеце нічога дзіўнага няма».

А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок адзначаў кароткім «так-так!», усё так жа рыпеў перад тым, як прабіць, і ў свой час меладычна званіў.

Лабановіч патушыў лямпу.

Цемра і ціш напоўнілі маленькі пакойчык. З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмарамі-валокнамі цёмнае неба. Было ціха і глуха. Праз некалькі хвілін каля дзвярэй у кухню скрабнула мышка. Як відаць, яна знайшла дзесь скарыначку хлеба і барабаніла ёю аб падлогу.

Лабановіч стараўся заснуць, але яму штось не спалася. Як толькі заплюшчыў вочы, перад ім, як жывы, усплыў малюнак дарогі, якою ён ехаў да станцыі: несканчоныя балоты і цэлыя статкі стажкоў на іх, грэблі, брады, старыя хвоі, што горда ўзвышалі свае макушы над лесам, і наогул увесь гэты краявід, поўны свайго асаблівага хараства і невыразнай цікавасці... «Калі хворы чалавек пачынае думаць аб вялікай дарозе, то гэта ёсць прымета таго, што гэты чалавек не ачуняе», - прыпомнілася невядома калі і дзе і кім выказаная думка.

«Усё гэта - глупства», - падумаў настаўнік і павярнуўся на другі бок.

III

У нядзельку раненька, ледзь толькі зайграла чырвань на ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах і выязджаў з вёскі. Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыкметна і непрытульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як бы тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку і ўсё рабілі да часу і яшчэ не ўправіліся даць той лад і парадак, якім, наогул, адзначаецца беларуская вёска. Вуліца была роўная і шырокая. Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца. А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі. Але палешукі звыкліся і зжыліся з гэтай граззю і не зварачалі на яе ўвагі. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і гладкага лесу. У размяшчэнні гаспадарскіх будынін на дварэ таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена як папала.

Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Усе яны былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы і былі выдатнымі стральцамі. Сялян іншых вёсак, якія жылі больш пры палях, яны называлі палянамі і гэтым самым як бы адрознівалі іх ад сябе, жыхароў лесу. А лесу і балот тут быў непачаты край. Сама вёска стаяла на невялічкай палянцы сярод лесу і хмызнякоў, і Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына, бо густыя сцены пушчы адусюль націскалі на гэту вёску, насядалі з пагрозай, нібы яна намервалася на парушэнне яго законных правоў. Край палянкі прарэзваўся чыгункай. Дарога ішла каля самай вёскі, захопліваючы нават адзін канец вуліцы. Зараз жа за пераездам пачынаўся лес.

Нізкае сонца ледзь прабілася скрозь макушы лесу. Неба праяснялася, падыхаў усходні вецер; лёгкі марозік зацягаў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Вісеўшы ўсе гэтыя дні туман развеяўся, усюды пасвятлела і павесялела. Нават гэты пануры лес крыху праясніўся і меў больш прыветны выгляд.

- Го, падмарожваць пачало! - весела прамовіў паляшук Сцяпан Рылка і саскочыў з драбінак, выламаў лазіну і хвасянуў ёй свайго худога, але даволі шпаркага коніка.

- Эх, і лесу ж у вас многа! - сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з палешуком і пазнаёміцца з ім бліжэй.

- О, лесу ў нас многа! - пацвердзіў паляшук і павярнуў твар да настаўніка. - Гэта вось цяпер, як правялі тут чыгунку, яго пачалі зводзіць, а даўней лес зусім не такі быў. І звяр'я было многа. Каля нашай вёскі мядзведзі вадзіліся. Яшчэ бацька нашага старасты, ведаеш, можа? - стары Грыгор, даўнейшага закалу чалавек! - жывога медзвядзёнка з лесу прынёс, ад мядзведзіцы адабраў!

- Як жа гэта ён?

- А бог яго ведае. Смелы. Дый здаровы, як дуб. Дарма што яму цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Вось як! І завезлі таго медзвядзёнка графу Патоцкаму. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі.

- А цяпер мядзведзяў тут няма?

- Не, няма: перавяліся. Туды далей, пад Татарку, сышлі, дзе месца глушэй і лесу болей і дзе меней заглядае вока людское... Забараняць пачалі па лесе са стрэльбаю хадзіць, леснікоў паставілі, законы строгія пайшлі. Але і лес нішчыцца, і звер зводзіцца.

- А я чуў, што тут яшчэ многа зверыны.

- Ёсць, праўда, але хіба столькі, як даўней? Бабры тут калісь вадзіліся. Яшчэ і цяпер дзе-нідзе можна бачыць сляды іх будынін... На ўсё пайшоў звод, - з нейкай маркотай заключыў паляшук і змоўк, аб чымсі задумаўшыся.

- Так, дзядзька Сцяпан: жыццё не стаіць на месцы і ўсё на свеце змяняецца. Вось у вас чыгунку правялі, заработкаў прыбавілася, гандаль шпарчэй пайшоў, новыя людзі з'явіліся. Яшчэ тры гады таму назад у вас і школкі не было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе. Пэўна, і вы, дзядзька Сцяпан, маеце дзетак, якіх трэба ў школцы вучыць?

- Ёсць Іван і Пятрук, самыя шкаляры, - уздыхнуў паляшук.

У яго адказе настаўнік пачуў нотку нездавальнення, што яго хлопцам прыходзіцца ў школу ісці.

Настаўнік з цікавасцю назіраў за палешуком. Яму падабалася паляшуцкая вопратка дзядзькі: чорная выцвіўшая суконная світка, пашытая да стану, шырокі, у чырвоныя палоскі даматканы пояс і шапка-кучомка свайго вырабу. Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы, светла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасць руху і нейкая сур'ёзнасць выразу твару як не трэба лепей стасаваліся з агульным малюнкам палескай прыроды.

Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта, а па краях там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасліся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары; на гэтых дубах палешукі-бортнікі рабілі цэлыя пчольнікі, зацягваючы туды па дзесятку вуллёў. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным. Высокія тонкія бярозы мяшаліся з шэрымі стваламі хвоі і прыдавалі характар маркоты і засмучэння ўсяму малюнку. Лес зноў расступаўся, даючы месца бясконца вялікім балотам. Балоты цягнуліся далёка-далёка між лесу і замыкаліся лесам, ледзь чарнеючы роўнай палоскай на далёкім небасхіле. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць тут, бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Незлічоныя купіны, нізкарослыя хвойкі на іх, пачарнелыя карчагі даўно адмершых дзеравяк раслі і гнілі тут спрадвеку. Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады, чыстыя, гладкія, як шліфаванае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых, спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад балот патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца.

Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам, і туга па тым, з чым ён разлучыўся, пачынала забіраць яго душу.

«Што пачувае, аб чым думае гэты дзядзька Сцяпан? Як адбіваюцца на ім вобразы глухога Палесся і які след пакідаюць яны ў ім?» - думаў настаўнік, і яму хацелася хоць на момант стаць тым самым палешуком, што сядзеў поруч з ім, каб зірнуць яго вачамі і зразумець увесь унутраны свет яго, яго надзеі, яго жаданні.

Балоты скончыліся; дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю, агінаючы яе прыгожымі завароткамі. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром.

- Чыя гэта пасада? Хто жыве тут? - запытаў настаўнік.

- Гэта? А тут пан каморнік жыве. Завітанкамі пасада называецца. Адгэтуль якраз палавіна дарогі да воласці, - адказаў Рылка.

«А, гэта і ёсць той каморнік, у чыю дачку ўсе тутэйшыя кавалеры закахаліся. Дык вось дзе жыве яна, гэта красуня!»

Лабановіч прыпомніў размову са сваёй старожкай і, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала яму вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Лабановіч ніколі, нават у думках, не дазваляў сабе зняважыць дзяўчыну. Адно слова «дзяўчына» выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк. І цяпер ён прыпомніў два ці тры здарэнні ў сваім жыцці, калі гэтыя вобразы глыбока западалі ў яго сэрца, але ён і намёкамі не сказаў нікому пра гэта. А раз у дачку каморніка ўсе закаханы, то яна, без спрэчкі, ёсць верх хараства. Яшчэ не бачачы яе, настаўнік пачуваў, што яна ўжо мае над ім нейкую ўладу. Яму хацелася хоць паглядзець на яе, і праз усю астатнюю дарогу ён думаў аб дачцэ каморніка, ён ужо сустракаўся з ёю, зацікавіў яе і бадай што не ўсіх кавалераў яе засланіў сабою.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка