Як я стаў гвардзейцам з успамiнаў Алiка Казлова з кнiгi “Нiколi не забудзем”




Дата канвертавання11.05.2016
Памер88.48 Kb.
Як я стаў гвардзейцам
З успамiнаў Алiка Казлова з кнiгi “Нiколi не забудзем”

Да вайны я жыў у вёсцы Марынiца Ра­сонскага раёна Вiцебскай вобласцi. Мацi працавала ў калгасе, а бацька быў на­чальнiкам пажарнай дружыны. Я закон­чыў два класы Марынiцкай школы. Летам купаўся, лавiў рыбу ў Дрысе.

Калi пачалася вайна, бацьку у Чырво­ную Армiю не ўзялi, бо ён быў хворы. Мы сталi капаць у садзе зямлянку-сховiшча ад бомбаў. Туды хавалiся я, мама, бацька i бабуля.

У той дзень, як немцы ўпершыню аб­стрэльвалi наша сяло, мы сядзелi ў гэтым сховiшчы. Калi супакоiлася, мы вылезлi з зямлянкi. Я бачыў, што сцяна нашай ха­ты прастрэлена кулямi.

Потым у вёску прыйшлi немцы. Але я ix не бачыу зблiзку. Мы ўцяклi ў лес. Каровы прывязалi за бiла, паклалi на воз пажыткi i разам з yciмi паехалi ў гушчар.

Я чуў, што ў нашай вёсцы немцы забi­раюць свiней, курэй - усё, што ўцалела на дварах. Я i Пецька Шырокаў парашылi схадзiць у Марынiцу i паглядзець.

Прыйшлi. Бачым - салдаты ў зялёных фрэнчах з белымi каўнярамi паклалi дзеда Мiхала i б'юць. Ён ляжыць на пасла­ных дошках, а яны сякуць бiзунамi па голай спiне. Мы з Пецем - назад, схавалi­ся за хлеў, папаўзлi агародамi за сяло - i ў лес. Мы расказалi ўсё, што бачылi. Бацька насварыўся i прыгразiў, каб больш я нiкуды не адлучаўся, а пiльнаваўся вока.

Сям'я наша вярнулася ў сяло. Але як толькi немцы заглядвалi ў Марынiцу, мы зноў хавалiся ў лес. Жыццё зрабiлася цяжкiм. Зiма надышла. Наша бабуля пра­студзiлася, захварэла i памерла.

- Пайду ў партызаны,- сказаў бацька мацеры.

Я вельмi рад быў, што мой тата будзе партызан. Бацька пайшоў. Мама i я заста­лiся дома. Калi бацьку здаралася вольная часiна, ён прыходзiў да нас.

Гэта было ў 1942 г. У нашым раёне зрабiўся партызанскi край. Партызаны стварылi моцную абарону ад немцаў. Я сам хадзiў капаць канавы, каб танкi не прарвалiся да нашага сяла.

Аднойчы бацька ўзяў мяне з сабой у лес. Мне хацелася пабачыць партызанскi ат­рад. У лесе я спаткаў многа дзядзькоў. Я таксама хацеў застацца ў атрадзе, але трэба было памагаць маме.

Летам нямецкiя самалёты спалiлi наша жыта. Я дапамагаў маме спраўляцца з­ хатнiмi справамi i час ад часу хаваўся ў лес. Немцы paбiлi аблавы па вёсках. Яны стварылi блакаду.

Прыйшла зiма. Надышоў сакавiк месяц. У той дзень, як я пачуў першых жаваран­каў, вечарам да нас прыехала фурманка. Узброеныя дзядзькi насцеж расчынiлi дзверы i ўнеслi ў хату штосьцi доўгае, за­кутанае ў кажух. Гэта быў забiты баць­ка. Мацi заплакала, загаласiла. Парты­заны пачалi расказвацъ, што мой бацька вельмi смела бiўся з немцамi. Асаблiва я заплакаў тады, калi закапалi на могiлках бацьку i паставiлi на яго магiле помнiк - белы слупок з чырвонай зоркай.

Застаўся я жыць з адной мамкай. Пар­тызаны нам дапамагалi. Яны далi нам ка­рову.

Я парашыў набыць зброю. Я стаў рабiць наган, каб ён страляў сапраўднымi патро­намi. Знайшоў сук, да яго прымацаваў дротам трубку, а ў яе ўклаў яшчэ адну трубку, заклаў туды патрон так, што цвiк, адцягнуты гумай, ударан па капсулi. Я пайшоў страляць: як стрэлiў, дык i ра­зарвала мой самаробны наган. I пальцы на левай руцэ да касцi разадрала.

Калi Чырвоная Армiя пачала гнаць немцаў назад, мы пачулi, што зямля гудзе, сталi чуваць разрывы снарадаў. З Ма­рынiцы ўсе людзi пайшлi ў лес. Я з маткай спяшаўся, але немцы на матацыклах да­гналi нас каля лесу. Мама толькi крык­нула:

- Сынок.


З многiмi людзьмi я ўцёк. Спынiўся, апамятаўся, мне стала шкада мамы. Я стаў думаць, што мне рабiць, куды мне icцi, i ўспомнiў партызан. Я пайшоў туды, да ix у атрад, каб помсцiць немцам, як да­рослы.

У атрадзе я паведамiў, што карнiкi захапiлi нашых людаей i пастралялi. З боем партызаны пайшлi на тое месца, i я пабачыў тады забiтую маму. Толькi доўга змагацца з немцамi атрад не мог. Немцы з большай сiлай, з танкамi, з машынамi ру­шылi на лес. Партызаны адышлi, i я не паспеў пахаваць маму.

Была восень 1943 года.У партызанскiм атрадзе я стаў дапамагаць дзядзьку-по­вару мыць лыжкi, мiскi. На кухнi бульбу скроб, чысцiў iржавыя патроны.

Аднойчы немцы напалi на нас i ўвесь ат­рад разагналi па лесе. Я з Шурам Шумi­лiным, якi быў старэйшы за мяне на шэсць гадоў i таксама знаходзiўся ў пар­тызанах, забрылi ў глыбiню лесу. Мы так далёка забралiся, што не ведалi, куды icцi i дзе мы. Iшоў дождж, навокал дзесьцi стра­лялi. Мы пераначавалi пад елкай. Есцi ў нас не было чаго. У Шурыка было масла змазваць карабiн. I карабiн быў. Селi мы з iм пад дравам, пачысцiлi карабiн i пайшлi шукаць ежу.

Мы пяць дзён харчавалiся ягадамi жу­равiнамi i ўвесь час шукалi наш атрад. Калi напаткалi знаёмую сцежку, мы сталi асцярожна падкрадацца да месца размяшчэння нашага атрада. Але там нi­кога не было, толькi хадзiла курыца, гадаванка дзядзькi-повара. Мы так хацелi есцi, што злавiлi яе, адарвалi пер'е, па­колькi ў нас не было сярнiчак, пачалi есцi яе сырую.

Потым пайшлi далей, шукаць каго­-небудзь з атрада. Нарэшце знайшлi.

- Мы ўжо думалi, што вас немцы зла­вiлi,- сказаў камандзiр атрада.

- Нас немцы нiколi не зловяць,- адказвалi мы.

Нас павялi ў новы будан i далi добра пад'есцi. Дзядзька повар налiў крупнiку з баранiнай ды яшчэ па мiсцы зацiркi. Хлеба не было.

Настаў час, калi партызаны злучылiся з Чырвонай Армiяй. Я стаў прасiцца, каб узялi i мяне. Але мяне не хацелi прымаць. Я сказаў, што ў мяне няма нi бацькi, нi маткi, i тады лейтэнант Красных, ка­мандзiр узвода сувязi, прыняў мяне i на­ват пачаў зваць «сынам”. Я i цяпер вяду з iм перапiску.

Ва ўзводзе я стаў вучыцца вайсковай справе - праходзiў уставы, вывучаў тэле­фонныя апараты. Тут я ўпершыню ў жыц­цi атрымаў карабiн. Я быў так рады, што нiдзе з iм не разлучаўся. Цяпер на мне была вайсковая форма. Я зваўся выхаванцам Першага Прыбалтыйскага фронту.

Наша стралковая брыгада знаходзiлася ў Вiцебскай вобласцi да 15 мая 1944 года. У гэты дзень мы пайшлi ў наступленне. Я ўжо ўмеў дягнуць сувязь, выдатна ве­даў усе няспраўнасці тэлефонных апара­таў - i сваiх, і нямецкіх. Я iшоў услед за разведчыкамi i прымаў удзел у зваленнi горада Полацка.

У Полацку нашу брыгаду расфармiравалi. Наш камандзiр стралковай брыгады sзагiнyў у баi. Цяпер я трапiў у ба­тальён сувязi. I калi пайшлi ў наступлен­не далей, мне далi гвардзейскi значок. Я стаў гвардзейцам. З нашым гвардзей­скiм батальёнам я прайшоў Польшчу, Лiтву i Латвiю. Мы многа вызвалiлi гара­доў, але назвы iх усе такiя, што запомнiцъ цяжка. Вось, памятаю, у Рызе адзiн дзя­дзька распытаў мяне, як я трапiў у армiю i даў мне вялiкi букет кветак. Я яго падзя­каваў.

- Трымайся, сынок,- сказаў ён.­ Хутка закончыцца гэтая вайна? Я адказаў:

- Як да Берлiна дойдзем.

Але я не дайшоў да Берлiна. У Пpycii было такое здарэнне.

Я i тры разведчыкi - Кузьмiн, Саўчанка i Байкадамаў - пайшлi да немцаў у тыл. Нам трэба было даведацца, колькi ў немцаў батарэй i дзе яны знаходзяцца. Пайшлi ноччу. Узялi аўтаматы i дзве шпулькi з провадам. Цераз лiнiю абароны icцi страшна, але мы перабралiся шчаслiва. Iшлi разам, пакуль ставала проваду. Тады я застаўся наладжваць сувязь, а разведчыкi пайшлi далей. Я пад­ключыў апарат, паклiкаў свой пазыўны, сказаў, што ўсё ў парадку, i пачаў маскi­равацда. Праз нейкi час, калi стала свi­таць, Саўчанка прынёс мне паперку. На паперцы былi запiсаны квадраты на кар­це i колькасць нямецкiх батарэй. Ён мне сказаў перадаць гэта камандзiру, а сам пайшоў да таварышаў. Я даў званок, чую - ручка апарата лёгка круцiцца. Значыць, сувязi няма. Я пайшоў шукаць парыву на лiнii. Iду, шукаю, а ўжо свiтае. Хутка знайшоў адзiн канец проваду, по­тым дpyгi i пачаў ix звязваць.

Раптам з-за кустоў паказалiся два нем­цы. Яны iшлi да мяне, але пакуль што мяне не бачылi. Я хапiўся за аўтамат, пры­клаўся i даў чаргу. Немцы павалiлiся. Я хацеў icцi да апарата, а пасля парашыў: можа, у немцаў якiя важныя дакументы. Пайшоў i забраў усё, што было ў ix з да­кументаў. А зброю ix у кусты пакiдаў. Вярнуўся i перадаў па тэлефоне звесткi, а таксама i тое, што са мною было. Камандзiр адказвае:

- Схавайся дзе-небудзь там, каб нашы снарады не закранулi. Зараз мы распачнём агонь.

Калi пяхота пайшла ў наступленне, мяне падабралi нашы байцы.

На дpугi дзень капiтан Анохiн выклiкаў мяне са строю.

- Гвардыi радавы таварыш Казлоў, вас узнагароджваем медалём “ За адвагу».­

Я адказаў:

- Служу Савецкаму Саюзу!

Я яшчэ з большай ахвотай пайшоў у наступленне помсцiць немцам за бацьку i мацi, але хутка настаў Дзень Перамогi. Дзень Перамогi я спаткаў у Данцыгу i на радасцi ўсе патроны i ракеты пера­страляў...
Друкуецца па кн.: Нiколi не забудзем. Мн., 1989. С. 44-50.


Прыгоды сцяга

У канцы трыццатых гадоў Расонскi райком партыi i райвыканком уручылi вайскоўцам з падшэфнай 152-й асобнай роты сувязi Чырвоны сцяг. У час Вялiкай Айчыннай вайны гэты сцяг трапiў у pyкi фашыстаў. Гiтлераўскi салдат употай ад свайго камандавання завалодаў iм як трафеем. Атрымаўшы водпуск, салдат паехаў дадому i захапiў з сабой сцяг, каб пахвалiцца перад родзiчамi i знаёмымi.



Натуральна, жыхары нямецкага мяс­тэчка прыходзiлi з цiкаўнасцю паглядзець на савецкi сцяг. Даведалiся аб гатым i мясцовыя антыфашысты. Калi салдат зноў паехаў на фронт, яны выкралi сцяг i надзейна схавалi.

Надышоў доўгачаканы Дзень Перамогi над фашызмам. Тэрыторыю, дзе жылi ад­важныя антыфашысты, акупiравалi аме­рыканцы. Камунiсты працягвалi захоўваць сцяг у надзеi, што калi-небудзь аса­бiста ўручаць яго савецкiм воiнам. I вось такi выпадак здарыўся. Адзiн з вырата­вальнiкаў сцяга быў уключаны ў склад дэлегацыi заходнегерманскiх камунiстаў для паездкi ў ГДР на святкаванне 20-год­дзя краiны. Адважны антыфашыст зашыў сцяг у кашулю i правёз яго цераз гранiцу. У г. Вiльгельм-Пiк-Штат-Губен у музеi першага прэзiдэнта ГДР Вiльгельма Пiна i адбылося ўрачыстае ўручэнне сцяга са­вецкiм воiнам, аб чым яны тады i напi­салi ў сваiм пiсьме ў рэдакцыю расонскай раённай газеты.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка