Як навукова-педагічная дысцыпліна змест І задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры Методыка выкладання беларускай літаратуры




старонка2/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.97 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

І.К. Самковіч (1889-1939 гг.) сумяшчаў выкладанне на рабфаку пры БДУ з навуковай дзейнасцю. У сваіх працах, прысвечаных літаратурнай адукацыі, ён асаблівую ўвагу звяртаў на тэорыю літаратуры, раіў настаўнікам дабівацца асэнсаванага разумення вучнямі тэарэтычных паняццяў, усведамлення іх ролі ў мастацкім творы, паколькі менавіта гэта дапамагала вучням асэнсаваць адметнасць мастацкай літаратуры, яе спецыфічнае месца сярод іншых навучальных дысцыплін. Асабліва грунтоўна пытанне вывучэння тэорыі літаратуры пададзена ў артыкуле «Беларуская літаратура ў комплекснай сістэме выкладання» (Асвета. 1928. № 1). У полі зроку гэтага метадыста заўсёды была праблема метадаў навучання літаратуры. Ім былі складзены парады па выкарыстанні лабараторнага метаду («Заданні да беларускай літаратуры для 5-7 класаў» (1928 г.)), а таксама працы па Дальтон-плане («Асвета». 1925. № 2).

Поруч з І.К. Самковічам працаваў і І.І. Пратасевіч. Сумесна яны складалі праграмы па беларускай літаратуры і метадычныя рэкамендацыі да іх.

Значна пашыралі напрацоўкі вядучых метадыстаў таго часу М.І Каспяровіч, які прапагандаваў вялікія магчымасці літаратурна-краязнаўчай працы як эфектыўнага сродку навучання літаратуры, і У.З. Раманінаў, аспектам метадычных распрацовак якога стала пазакласная праца і, у прыватнасці, формы працы ў літаратурных гуртках.

У 1920 г. пры наркамаце БССР быў утвораны навукова-метадычны кабінет. Ён распачаў распрацоўку навучальных планаў, праграм, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў па ўсіх прадметах, у тым ліку і па беларускай літаратуры. А ў 1924 г. пры Інбелкульце пачала працу педагагічная секцыя.

Педагагічны друк таксама спрыяў інтэнсіфікацыі метадычных пошукаў. Першае перыядычнае выданне - «Школа і культура Савецкай Беларусі» (1919-1921 гг). 3 1921 г. замест яго пачаў выходзіць «Вестник Народного комиссариата просвещения ССРБ». Як і ў папярэднім выданні, у ім змяшчаліся матэрыялы па нацыянальнай гісторыі, культуры, літаратуры.

3 чэрвеня 1924 г. пачаў выходзіць часопіс «Народная асвета». Ён і распачаў публікацыі менавіта па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Як дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» выходзіў «Працаўнік асветы» (1928-1929 гг.), які стаў для настаўнікаў правадніком перадавога вопыту.

«Народная асвета» ў студзені 1930 г. пераймяноўваецца ў «Камуністычнае выхаванне». Гэты часопіс выдаваўся да 1936 г., большасць матэрыялаў, якія друкаваліся на яго старонках, ніякага дачынення да школьных спраў не мелі, адзінкавыя публікацыі па методыцы разглядалі праблемы выкладання рускай літаратуры.

У перадваеннае дзесяцігоддзе большасць членаў навукова-метадалагічнага камітэта развіцця адукацыі была рэпрэсіравана. Амаль усе падручнікі і метадычныя дапаможнікі былі забраны са школ, паколькі іх аўтары былі арыштаваны. У гэты ж час робіцца спроба цалкам палітызаваць змест літаратурнай адукацыі. У сувязі з гэтым распрацоўваюцца адпаведныя новыя праграмы і падручнікі па беларускай літаратуры, але з-за карэннай перабудовы савецкай школы (уводзіцца абавязковае сямігадовае навучанне і адкрываюцца дзесяцігадовыя школы) выкарыстанне іх не адбылося.

Рэпрэсіі, што пачаліся ў канцы 1920-х гадоў, надоўга прыпынілі творчы працэс у галіне адукацыі, бо скіраваны былі галоўным чынам супраць працаўнікоў наркамасветы. Былі рэпрэсіраваны тыя, хто закладваў асновы нацыянальнай школы, распрацоўваў методыку выкладання беларускай мовы і літаратуры. Сярод іх названыя вышэй I. Замоцін, М. Каспяровіч, I. Самковіч і многія іншыя. Такім чынам, з пачатку 1930-х гадоў методыка выкладання беларускай літаратуры практычна не развівалася. Канцэптуальныя падыходы далучэння школьнікаў да мастацкай літаратуры распрацоўваліся ў Маскве і аўтаматычна пераносіліся ў Беларусь. Так, падручнік I. Счаснага «Методыка літаратурнага чытання» (1965 г.) структурна дубліраваў працу рускага метадыста В. Галубкова, але для ілюструючых прыкладаў браліся творы беларускіх пісьменнікаў.

3 1980-х гадоў выходзяць арыгінальныя падручнікі і дапаможнікі па методыцы выкладання роднай літаратуры. У 1980 г. пад рэдакцыяй акадэміка В.У. Івашына выйшла кніга «Вывучэнне літаратуры: Пытанні методыкі». У 1986 г. - «Методыка выкладання беларускай літаратуры» пад агульнай рэдакцыяй В.Я. Ляшук і А.У Рагулі. Дадзеная праца была зацверджана Міністэрствам асветы БССР у якасці навучальнага дапаможніка. У 1999 г. дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў «Методыка выкладання беларускай літаратуры» пад рэдакцыяй В.Я. Ляшук. Дадзены дапаможнік перавыдадзены ў 2002 г.

Пачынаючы з 1960-х гадоў XX ст. больш актыўна пачалі распрацоўвацца асобныя пытанні методыкі: вывучэнне тэорыі, выкладанне літаратуры ў пэўным класе, вывучэнне творчасці пісьменніка. Асабліва карыснымі былі такія выданні, як «Пісьменнік у школе». Сярод вядучых метадыстаў можна назваць Л. Тамашову, Л. Царанкова, 3. Чарвякову, Р Шкрабу, I. Сондак. Тут жа неабходна адзначыць, што да пытанняў методыкі выкладання літаратуры ў школе актыўна звярнуліся і настаўнікі-практыкі. Сярод тых, хто дзяліўся сваім вопытам, былі У. Урбановіч (кніга «Шляхамі паэтаў і герояў»), I. Говар («Літаратурныя гульні»), I. Рабкоў («Пазакласная работа па беларускай літаратуры»), М. Пашкевіч («3 вопыту работы літаратурнага гуртка Сваткоўскай школы Мядзельскага раёна»).

У другой палове XX ст. актывізуюцца творчыя пошукі ў галіне методыкі выкладання беларускай літаратуры. Адметнай рысай гэтага працэсу стала і тое, што да методыкі пачалі звяртацца навукоўцы-літаратуразнаўцы. Сярод іх - акадэмікі В.У. Івашын і М.А. Лазарук.



В.У. Івашын, акадэмік НАН Беларусі, асноўныя навуковыя працы прысвяціў пытанням гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, а таксама метадалогіі і методыцы выкладання літаратуры ў школе. Ён – адзін з аўтараў падручнікаў для 8, 9 класаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. У 1980 г. пад рэдакцыяй В.У Івашына выйшла кніга «Вывучэнне літаратуры: Пытанні методыкі».

М.А.Лазарук, акадэмік НАН Беларусі - вучоны шырокага профілю. Ён унёс вялікі ўклад у даследаванне найважнейшых праблем літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі выкладання літаратуры. Пад яго кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле была распрацавана канцэпцыя рэфармавання літаратурнай адукацыі, на аснове якой створаны новыя праграмы і падручнікі, абгрунтаваны тэарэтыка-метадычныя прынцыпы вывучэння беларускай літаратуры ў кантэксце з сусветнай, рускай літаратуры ва ўзаемасувязі з беларускай; вызначаны галоўныя напрамкі навукова-метадычнага забеспячэння курса беларускай літаратуры ў школе з 12-гадовым навучаннем.

М.А. Лазарук крытычна ставіўся да ідэалагізацыі ў вывучэнні літаратуры, крытыкаваў дагматычную, рэцэптурную методыку. Ён сцвярджаў, што толькі творчы пачатак здольны забяспечыць сінтэз усіх выхаваўча-развіццёвых функцый школьнага курса літаратуры. Гэтыя тэарэтыка-метадычныя ідэі знайшлі адлюстраванне ў яго фундаментальнай працьг «Навучанне і выхаванне творчасцю» (Мінск, 1994). Увага аўтара цалкам засяроджана на праблеме школьнай літаратурнай адукацыі, на шляхах і напрамках яе абнаўлення, на пошуках новай сістэмы навучання, якая б задавальняла патрэбы сучаснасці, адпавядала б дэмакратызацыі адукацыі і выхавання.

М.А. Лазарук таксама з’яўляўся сааўтарам падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй і вышэйшай школы.

На сённяшні дзень рэфармаванне школы запатрабавала пашырэння ўвагі да метадьгчнага пошуку. Бліжэйшыя перспектывы развіцця методыкі выкладання літаратуры - гэта гуманізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу, інтэграцыя прадмета і канкрэтных методык, стварэнне новых тэхналогій, інтэнсіфікацыя метадаў выкладання літаратуры, пошук новых формаў навучання. Адсюль - першаступенная ўвага да суверэннасці чытацкага ўспрыняцця, да яго паглыблення ў працэсе аналізу мастацкіх твораў.

Дзевяностыя гады XX ст. прынеслі многа новага ў літаратуру, літаратуразнаўства, эстэтыку, філасофію і саму методыку. Усё вышэй названае стала дамінуючым у пошуках і напрацоўках сучасных метадыстаў. Сярод іх можна адзначыць В.Я.Ляшук, М.І. Мішчанчука, А.І. Бельскага, В.І. Смыкоўскую, Е.І. Лявонаву, В.І. Русілку і многіх іншых.

I навукоўцы-метадысты, і настаўнікі-практыкі скіроўваюць свае намаганні на вырашэнне такіх тэарэтычных праблем сучаснай метадычнай навукі, як:


  • праблема чытання, успрыняцця мастацкай літаратуры як мастацтва слова, фарміраванне чьгтача, яго духоўнага свету;

  • праблемы і перспектывы ўзаемаабагачэння методыкі выкладання літаратуры і літаратуразнаўства;

  • паглыбленне сувязей паміж успрыняццем твора, яго інтэрпрэтацыяй, аналізам і самастойнай дзейнасцю вучняў;

  • праблема вывучэння літаратурнага развіцця вучняў, прычым не толькі ў даследчым аспекце, а як асновы школьнага выкладання літаратуры, канцэпцый, тэхналогій урокаў на розных этапах літаратурнай адукацыі школьнікаў;

  • гістарычная змена метадаў і прыёмаў навучання літаратуры, канструяванне новых, апора на традыцыйныя;

  • пошук новьгх структур урокаў і мадэляванне іншых формаў правядзення заняткаў.


НАСТАЎНІК I ВУЧНІ НА ЎРОКАХ ЛІТАРАТУРЫ

Настаўнік беларускай літаратуры і прафесійныя патрабаванні да яго

У наш час, калі ідзе актыўнае рэфармаванне сістэмы адукацыі, мадэрнізацыя літаратурнага навучання, калі ажыццяўляецца выхад краіны ў сусветную адукацыйную прастору, асаблівую значнасць набываё асоба школьнага настаўніка, ад якога найперш і залежыць эфектыўнае вырашэнне вышэй адзначаных задач.

Асаблівая нагрузка кладзецца на настаўніка роднай мовы і літаратуры, паколькі мастацкая літаратура па праву называецца чалавеказнаўствам, а выкладанне яе становіцца працэсам фармавання духоўнага свету юнай асобы.

Ідэалы і роля прафесіі настаўніка-славесніка гістарычныя, яны мяняюцца з развіццём грамадства, залежаць ад яго сацыяльнай арганізацыі, ідэалогіі і культуры.

Гаворачы пра гістарычнасць настаўніцкай прафесіі, нельга не зазначыць, што ёсць у гэтых ідэалах нешта ўстойлівае, што нараджалася і фармавалася на працягу стагоддзяў, гістарычных эпох. Гэта гуманістычная накіраванасць прафесіі настаўніка-літаратара. Яна абумоўлена як педагагічнай сутнасцю, так і непарыўнай сувяззю з мастацкай літаратурай. Зыходзячы з гэтага, можна вылучыць і шэраг патрабаванняў, якія ставяцца да настаўніка беларускай літаратуры. Гэтыя патрабаванні падзяляюцца на агульнадыдактычныя і вузкаспецыяльныя.

Агульнадыдактычныя патрабаванні:


  1.  Ведаць дыялектычныя асновы выкладаемай навукі.

  2.  Валодаць агульнымі метадамі перадачы ведаў.

  3.  Ведаць і ўлічваць узроставыя асаблівасці мыслення вучняў, аб’ём і характар іх жыццёвага вопыту.

  4.  Разумець самую сутнасць выкладаемага прадмета, этапы яго развіцця, сучасны стан, сувязь з іншымі навукамі і практыкай.

  1.  Цікавіцца і авалодваць новымі тэхналогіямі навучання.

  2.  Уяўляць сабой узор высока маральнай асобы.

Вузкаспецыяльныя патрабаванні:

1. Данесці ўсё лепшае, створанае пісьменнікам.

2. Быць пасрэднікам паміж пісьменнікамі і чытачамі.

3. Мець уласную ацэнку кожнага мастацкага твора, які вывучаецца ў школьным курсе беларускай літаратуры.

4. Быць у курсе ўсіх літаратурных навінак.

5. Быць эмацыянальна настроеным пры чытанні кожнага мастацкага твора.



  1.  Мець творчы падыход.

  2.  Бездакорна валодаць роднай мовай у яе вуснай і пісьмовай формах.

8. Ведаць гісторыю свайго народа, краю.

9. Быць папулярызатарам культурных традыцый свайго народа.

I яшчэ, абапіраючыся на сучасныя даследаванні псіхалогіі і педагагічнай працы, можна таксама назваць найважнейшыя бакі дзейнасці настаўніка-літаратара:


  • даследчы - вывучэнне ўсяго новага ў галіне свайго прадмета, вопыту калег;

  • канструктарскі - распрацоўка сістэмы выкладання літаратуры, пазакласных мерапрыемстваў;

  • арганізатарскі - рэалізацыя спланаванай работы;

  • камунікатыўны - устанаўленне кантактаў з вучнямі, якія садзейнічалі б вырашэнню педагагічных задач, выпрацоўка вопыту міжасобасных маўленчых навыкаў.

Апошнім часам вялікая ўвага скіроўваецца і на псіхалагічны бок, паколькі плён настаўніцкай дзейнасці ў вялікай ступені залежыць ад таго, наколькі настаўнік умее валодаць сабой, здольны да самаацэнкі і самавыхавання.

Больш таго, прафесія педагога сёння становіцца прадметам навуковага даследавання, паколькі сапраўдны настаўнік - асоба творчая. Творчасць - у самой прыродзе настаўніцкай працы, хоць, як вядома, не кожны настаўнік - творца. Каб быць творцам, трэба мець сваю пазіцыю, сваё педагагічнае крэда, трэба ўдасканальваць майстэрства, свой стыль, індывідуальную выхаваўча-педагагічную сістэму.



Чытацкія асаблівасці вучняў у залежнасці ад узросту

Асноўны напрамак сучаснай літаратурнай адукацыі - гэта стварэнне гуманістычнай сістэмы навучання і выхавання з асобасна арыентаваным і дзейнасным падыходам. Якасная рэалізацыя такой задачы немагчыма без уліку і ўвагі да ўзроставых асаблівасцей школьнікаў.

Плануючы працу на ўроку літаратуры, настаўнік у першую чаргу павінен дасканала ведаць, што ўяўляюць сабой яго выхаванцы як чытачы. На сённяшні дзень ёсць нямала прац, прысвечаных аналізу заканамернасцей развіцця школьніка як чытача, залежнасці ўзроўню чытацкай культуры ад характару навучання, аб якасных зменах адносін школьнікаў да мастацтва ў сувязі з узроставымі зрухамі і г.д.

Найбольш зменны аспект, які патрабуе дамінуючай увагі, -псіхалагічныя асаблівасці развіцця школьнікаў, а таму разгледзім яго больш дэталёва.

Сістэматызуючым стрыжнем узроставай адметнасці, якую ў першую чаргу, плануючы вучэбны працэс, неабходна ўлічваць настаўніку, з’яўляюцца наступныя паказчыкі:


  • эмацыянальнае жыццё;

  • сацыяльныя пачуцці ў дзіцяці;

  • эстэтычнае жыццё школьніка;

  • рэлігійнае жыццё;

  • развіццё інтэлекту;

  • спецыфіка мыслення.

Пры дадзеным новым напаўненні традыцыйным застаўся падзел падлеткаў на ўзроставыя групы.

1. Малодшы падлеткавы ўзрост (10-12гадоў). Вучнігэтагаўзросту цікавяцца адлюстраваннем у літаратуры подзвігаў, прыгод, моцных валявых людзей. Дзеці даюць просталінейныя ацэнкі падзеям і героям. Настаўніку неабходна пераадольваць наіўны рэалізм ва ўспрыманні твораў, выпрацоўваць навыкі аналітычнага падыходу да іх.

2. Старэйшы падлеткавы ўзрост (13-15 гадоў). У такім узросце пашыраецца кола літаратурных інтарэсаў, вучні цікавяцца складанымі пачуццямі, перажываннямі герояў, стараюцца даць ацэнку падзеям, праблемам, якія ўзняты ў творы. Настаўніку неабходна пераадольваць максімалізм у ацэнках герояў, іх учынкаў, анэстэтычнасць ва ўспрыманні літаратурнага твора.

3. Старэйшы школьпы ўзрост: ранняе юнацтва (16-17 гадоў). У гэтым узросце ўзнікае імкненне пазнаць свет і сваё месца ў ім, заявіць аб сабе як асобе. Вучні гэтай групы скіроўваюць асаблівую ўвагу на светапогляд, перакананні, самаацэнкі герояў. Яны здольны да аналітычнага прачытання мастацкага твора. Настаўніку неабходна ўмела актывізаваць разумовую і эмацыянальную дзейнасць вучняў, літаратурных твораў і ўменне рабіць самастойныя высновы.

Адразу агаворымся, што падзел падлеткаў на ўзроставыя групы ў пэўнай ступені ўмоўны, паколькі развіццё асобы залежыць ад розных фактараў і досыць індывідуальнае. Даволі часта ў адной і той жа ўзроставай групе можна сустрэць вучняў з вельмі рознымі ўзроўнямі псіхалагічнага развіцця ў цэлым і ў яго межах - літаратурнага: некаторыя школьнікі апярэджваюць сваіх аднагодкаў на 1-2 гады, другія, наадварот, адстаюць. Аднак пры ўсёй адноснасці ўзроставых характарыстык у вучняў аднаго ўзросту вельмі многа агульнага. На гэтых агульных тэндэнцыях мы і спынімся больш падрабязна.

Калі ў ранейшых методыках сцвярджалася, што ў падлеткаў праяўляецца павышаная цікавасць да мастацтва наогул і кіно і літаратуры ў прыватнасці, то на сённяшні дзень цікавасць да чытання рэзка знізілася. Настаўнік, безумоўна, павінен улічваць дадзены факт і рабіць стаўку на тое, што ў гэты перыяд жыцця ў падлеткаў развіваецца тэарэтычнае рэфлексіўнае мысленне. Таму да ацэнкі літаратурных герояў вучні 1-й узроставай групы падыходзяць толькі з маральнымі (у 5 класе нават спрошчанымі) крытэрыямі: усё добрае, моцнае, смелае імі прымаецца, а злое адмаўляецца, у выніку яны часта ўспрымаюць герояў не як тыпізаваныя вобразы, а як рэальных асоб, што прымітывізуе ўспрыняцце мастацкага твора.

Напрыклад, пры выву чэнні ў 7 класе паэмы Я. Купалы «Курган» першасна вучні расстаўляюць наступныя акцэнты: гусляр - добры, князь - дрэнны. Калі ж настаўнік улічыць, што ў гэтым узросце адбываецца далейшая інтэлектуалізацыя ўспрыняцця і памяці і адпаведна гэтай асаблівасці падбярэ формы і прыёмы працы, то школьнікі прыйдуць да неабходнай высновы: у гэтым творы яскрава адлюстравана сутыкненне высокай духоўнасці, маральнасці з бездухоўнасцю і бесчалавечнасцю, а сама паэма з’яўляецца не толькі займальным аповядам пра даўніну, але і творам, дзе ўздымаецца праблема мастака і мастацтва.

Яшчэ адзін «рыф», які павінен улічваць настаўнік, працуючы з вучнямі гэтых класаў, - паслядоўнае праяўленне асаблівай формы самасвядомасці: прэтэнзіі на сталасць. Яна праяўляецца ў маральным максімалізме, безапеляцыйных сцвярджэннях або адмаўленнях, катэгарычнасці. 3-за гэтага вучням дадзенага ўзросту вельмі цяжка разабрацца са складанымі і супярэчлівымі героямі твораў. Таму пры аналізе твора настаўнік павінен праецыраваць пытанні і заданні, ашчаджаючы згаданыя вышэй прэтэнзіі на сталасць, дыпламатычна прыводзячы да правільных высноў. Саюзнікам настаўніка ў гэтым будзе характэрнае для дадзенага ўзросту імкненне да самастойпасці. Шырока выкарыстоўваючы разнастайныя віды самастойнай дзейнасці, настаўнік зможа рэалізоўваць патрабаванні праграмы да засваення матэрыялу, вучыць школьнікаў мысліць літаратурна і ўдасканальваць чытацкую культуру.

Другая група (старэйшы падлеткавы ўзрост) характарызуецца такой дамінуючай асаблівасцю, як фарміраванне Я-канцэпцыі - сістэмы ўнутрана ўзгодненых уяўленняў пра сябе. Адсюль вынікае цікавасць падлетка да ўнутранага свету, складаных перажыванняў, узаемаадносін. Ён у асноўным складваецца як чытач: ад чыста падзейных, маральных крытэрыяў у ацэнках літаратурных твораў паступова пераходзіць да асэнсаваных, эстэтычных.

Такому падлетку важна мець не столькі адказы на пытанні кшталту «Што здарылася?», «Што адбылося?», «Які герой?», колькі на пытанні «Чаму так здарылася?», «Па якой прычыне адбылося?», «Чаму такі герой?». Як бачым, асаблівая ўвага скіроўваецца на прычынна-выніковыя сувязі, але навыкаў аналізу ў такім рэчышчы ў падлеткаў яшчэ не хапае. На гэтай базе і павінна грунтавацца стратэгія працы настаўніка па навучанні літаратуры.

Неабходна ўлічваць і адмоўныя рысы чытачоў гэтага ўзросту. Першая з іх заключаецца ў тым, што псіхалагічная неабходнасць у самавыражэнні аказваецца настолькі моцнай, што аналіз твора часам падмяняецца аналізам уласных перажыванняў або разважанняў, на тэмы, якія іх хвалююць. Такія суб’ектыўныя адносіны неабходна пераадольваць, падбіраць формы аналізу, дзе б арганічна злучаліся аб’ектыўныя погляды на твор. Другая складанасць бачыцца ў наяўнасці арыентаванасці на поспех.

Вучні баяцца выказаць памылковую думку і праз гэта трапіць, як яны лічаць, у смешнае становішча і выставіць сябе ў нявыгадным святле, а таму настаўніку варта вельмі далікатна ставіцца да недакладных адказаў, ашчадна і дыпламатычна выпраўляць памылкі, накіроўваць на правільныя адказы, ухваляць цікавыя разважанні.

Выхаванне чытальніцкіх якасцей у гэтай групы значна ў большай ступені, чым у папярэдняй, павінна ўключаць фармаванне тэарэтыка-літаратурных ведаў і перш за ўсё аб’ектыўных крытэрыяў падыходу да чытання і аналізу твора.

Абсалютна па-іншаму адбываецца праца на ўроках літаратуры (як і на многіх іншых) у вучняў старэйшага школьнага ўзросту. Тлумачыцца гэта зноў жа асаблівасцямі псіхічнага развіцця. 10-11 класы (16-17гадоў) - гэта перыяд ранняга юнацтва, чым у многім абумоўлена і ад чаго залежыць навучанне маладых людзей. У гэты час падлетак імкліва выйшаў за межы школьных зацікаўленасцей і, адчуўшы сябе дарослым, рознымі спосабамі імкнецца далучыцца да жыцця старэйшых. Аднак у гэтым узросце школьнікі ўсё ж застаюцца на ўзроўні сваёй падлеткавай субкультуры, яны ўсё яшчэ залежаць як ад бацькоў, так і ад настаўнікаў. Што да апошніх, то варта зазначыць, што ў гэты перыяд узаемаадносіны вучняў з настаўнікам адбываюцца на прынцыпова іншым узроўні.

Калі ў больш раннія перыяды развіцця падлеткі не заўважалі прабелаў у працы настаўніка, адсутнасці ў яго глыбокіх ведаў і педагагічнай культуры і пры добрай арганізацыі навучання досыць плённа выконвалі нават аднатыпныя заданні, то ў працы са старшакласнікамі названыя недахопы адразу выявяцца.

Па-першае, неабходна памятаць, што ў гэты час у юнакоў замацоўваюцца эстэтычныя ідэалы, адносіны да мастацтва ў цэлым. Сутыкаючыся з творам любога віду мастацтва, яны асэнсоўваюць, што гэта - толькі мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, створанае пры дапамозе вымыслу, фантазіі, але разам з тым яно заключае ў сабе глыбінны сэнс. У 16-17 гадоў, калі фактычна сфарміравана мастацкая свядомасць, маладыя людзі разумеюць, што кожны твор мастацтва павінен у першую чаргу выконваць функцыю эстэтычную і толькі пасля адукацыйную, развіццёвую, выхаваўчую і г.д. Менавіта ўлічваючы гэта і павінна планавацца праца па літаратурнай адукацыі ў старшых класах.

Па-другое, акрэслены перыяд жыццёвага цыклу развіцця чалавека з’яўляецца пераходным, ад чаго таксама залежыць спецыфіка і навучанне ў школе. У гэты перыяд вырашаецца пытанне пра далейшае жыццё: адбываецца прафесійнае самавызначэнне, разам з якім часта назіраюцца і крызісныя моманты. Пошукі сэнсу жыцця, свайго месца ў гэтым жыцці становяцца бадай што асноўным. I тут вялікую ролю павінны адыгрываць урокі літаратуры. Школьная праграма па беларускай літаратуры для старшых класаў прапануе зварот да мастацкіх твораў, якія сваім зместавым напаўненнем, ідэйным зместам часта вельмі блізкія юнакам. Многія героі твораў, што вывучаюцца, з’яўляюцца равеснікамі старшакласнікаў. Так, галоўныягероі «Раскіданага гнязда» Я. Купальг, Сымон з паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка», Ганна Чарнушка і Васіль Дзяцел з «Палескай хронікі» I. Мележа і іншыя прадстаўляюць той жа ўзрост, што і вучні. Таму, характарызуючы герояў вывучаемых твораў, вучні міжволі будуць параўноўваць сябе з імі. А такое параўнанне можа дапамагчы старшакласнікам разабрацца ў сабе, убачыць сябе нібы збоку і зрабіць пэўныя высновы.

Пры ўспрыманні і аналізе мастацкага твора старшакласнікі часта імкнуцца да арыгінальнасці, адкрытага выяўлення сваёй індывідуальнасці. Іх ужо не заўсёды задавальняе матэрыял падручніка, меркаванне настаўніка можа быць праігнараваным або ўспрынятым у штыкі. Тут важна даць магчымасць таму ці іншаму вучню выказацца цалкам. Калі яго думка памылковая, то пры плённай працы на ўроку, у час дыскусій ён сам зразумее, што яго меркаванне не зусім правільнае ці няправільнае зусім.

Як бачна, кожная прааналізаваная група мае сваю асаблівую, адметную спецыфіку развіцця (у тым ліку і літаратурнага), і толькі пры дасканалым валоданні асновамі ўзроставай псіхалогіі і прыёмамі працьі на ўроку з боку настаўніка магчыма паўнавартаснае літаратурнае навучанне ў сярэдняй школе.
ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНЫ КОМПЛЕКС ПА

БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Змест і структура літаратурнай адукацыі
Дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі рыстуецца на наступных прынцыпах:


  • прыярытэт агульначалавечых прынцыпаў;

  • нацыянальна-культурная аснова;

  • арыентацыя на сусветны ўзровень адукацыі;

  • гуманізм;

  • дэмакратызм;

  • абавязковасць базавай адукацыі і інш.

Змест адуацыі вызначаецца навучальным планам і праграмамі, распрацаванымі ў адпаведнасці з канцэпцыяй літаратурнай адукацыі.

Згодна з дзеючымі вучэбнымі праграмамі па беларускай літаратуры для агульнаадукацыйных школ літаратурная адукацыя ўключае такія кампаненты, як:



  • мастацкія творы;

  • тэарэтычныя паняцці;

  • развіццё вуснай і пісьмовай мовы;

  • асновы гісторыі і літаратуры.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка