Як навукова-педагічная дысцыпліна змест І задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры Методыка выкладання беларускай літаратуры




старонка12/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.97 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

Авалоданне школьнікамі ўменнем пісаць эсэ з’яўляецца добрай асновай для напісання сачыненняў.

Сачыненне - гэта развагі таго, хто піша аб прачытаным і прааналізаваным мастацкім творы або ўрыўку з яго, ствараючы ўласны тэкст.

Ідэя сачынення самастойна вызначаецца вучнем у выніку роздуму над мастацкім тэкстам пасля вывучэння крытычнай і навукова-папулярнай літаратуры.

Сачыненне мае адметную кампазіцыю, якая самастойна выбіраецца вучнем у адпаведнасці з тэмай.

Сачыненні па літаратуры дзеляцца на два віды: сачыненні на літаратурную тэму, сачыненні на вольную тэму.

Паводле будовы кожнае сачыненне павінна мець тры асноўныя часткі: уступ, галоўную частку, заключэнне.



Уступ - гэта своеасаблівая прадмова, падрыхтоўка да ўспрыняцця разважання вучня. Ён не павінен быць расцягнутым, перагружаным непатрэбнымі фактамі, якія не маюць дачынення да тэмы. Аб’ём уступа - 1/6 часткі ўсяго сачынення, або 1/4 галоўнай часткі. Ва ўступе можна сказаць пра час, калі жыў аўтар, паведаміць біяграфічныя звесткі, адзначыць асноўныя творы аўтара, падаць абгрунтаванне выбару тэмы.

Галоўная частка - гэта сістэма тэзісаў і аргументаў, уласна само разважанне. Дадзеная частка самая важная ў рабоце, тут кожная думка аргументуецца, пацвярджаецца прыкладамі з мастацкага тэксту, а таксама тэзісамі з крытычнай літаратуры. Прычым меркаванні даследчыкаў вучань можа параўноўваць, згаджаючыся з імі або абвяргаючы іх.

У заключэнні фармулююцца вывады з напісанага, робяцца абагульненні назіранняў. Яно надае разважанню закончанасць, указвае, дзеля чаго напісана сачыненне.

Сучасная методыка выдзяляе сем этапаў працы над сачыненнем.


  1. Уменне ўдумацца ў тэму, асэнсаваць яе, вызначыць яе мэты (абмежаваць сябе пэўнымі рамкамі).

  2. Уменне падпарадкоўваць сваё сачыненне пэўнай ідэі.

  3. Адбор матэрыялу для сачынення.

  4. Сістэматызацыя сабранага матэрыялу.

  5. Праца над кампазіцыйнай будовай сачынення.

  6. Выбар стылю і тыпу мовы.

  7. Рэдагаванне тэксту сачынення (стылістычная праўка напісанага).

Для аператыўнай арганізацыі мэтанакіраванай працы вучняў варта прапанаваць ім наступную памятку будовы сачынення:

БУДОВА САЧЫНЕННЯ

Уступ – частка сачынення, у якой разглядаецца і тлумачыцца спецыфіка тэмы. Тыпы ўступаў:

  • Гістарычны

  • Біяграфічны

  • Аналітычны

  • Параўнальны

Галоўная частка – поўна і паслядоўна раскрывае змест тэмы. Сістэма тэзісаў і аргументаў, лагічнае разважанне.

Заключэнне – абагульняючая частка сачынення, у якой фармулююцца высновы, падкрэсліваюцца галоўная думкі работы.

Карыстаючыся гэтай схемай, вучні супаставяць змест частак свайго сачынення, вытрымаюць патрабаванні да кожнай часткі.



Сачыненні на літаратурную тэму займаюць адно з асноўных месцаў у школьнай праграме. Такія працы прадугледжваюць разважанне вучня па прапанаванай тэме з уласнай інтэрпрэтацыяй твора, выяўленнем асобаснай пазіцыі, ацэнак.

У залежнасці ад выбару віду сачынення на літаратурную тэму перад вучнямі павінны быць пастаўлены адпаведныя задачы:




Віды сачыненняў

на літаратурную

тэму

Асаблівасці віду і задача вучняў

Характарыстыка

літаратурнага

героя


Перадаць істотныя рысы; асаблівасці характару героя; паказаць яго адметнасць і непаўторнасць; прасачыць прычыны яго ўчынкаў; раскрыць яго
ўзаемаадносіны з асяроддзем; даць апісанне
знешняга выгляду; паказаць сацыяльнае становішча; паходжанне героя; выявіць асаблівасці мастацкага ўвасаблення аўтарам яго характару

Параўнальная характарыстыка двух герояў

Выявіць у герояў агульнае і адрознае; засяродзіць увагу на сувязі герояў з жыццём, на сацыяльных вытоках характараў, на выяўленні абставін, якія ўплывалі на іх фармаванне

Групавая характарыстыка

Асэнсаваць, якую сацыяльную з’яву хацеў паказаць пісьменнік з дапамогай калектыўнага вобраза; шляхам аналізу вызначыць герояў, якія належаць да адной сацыяльнай групы, маюць агульныя рысы; пры дапамозе сінтэзу даць групавую характарыстыку персанажаў, у якой акцэнтуецца ўвага на агульнасці іх светапогляду, ідэйных перакананняў і жыццёвых пазіцый

Паказ гістарычнай асобы

3 сённяшняга пункту гледжання раскрыць значэнне дзейнасці гістарычнай асобы

Праблемныя тэмы

Самастойна асэнсаваць праграмны матэрыял; вырашыць пастаўленую праблему; вылучыць тое, што складае сутнасць праблемы; зрабіць пэўныя высновы

Тэмы абагульняльнага характару

Раскрыццё ідэйнага зместу твора; раскрыццё мастацкіх вартасцей твора; абагульнены аналіз твора ў цэлым; аналіз мастацкай формы; разбор асобных эпізодаў і частак твора; раскрыццё значэння пэўнага твора або ўсёй творчасці
пісьменніка; аналіз крытычнай літаратуры,
даследаванняў па пэўным мастацкім творы ці па творчасці пісьменніка

Сачыненне на вольную тэму - гэта від сачынення, пры напісанні якога вучань самастойна выбірае матэрыял, што кладзецца ў аснову творчай працы. Такім матэрыялам можа быць яго асабісты вопыт, уражанні і факты з жыцця, мастацкіх твораў, газет, радыё-, тэлеперадач, кінафільмаў, спектакляў і да т.п.

Галоўнай асаблівасцю сачыненняў на вольную тэму з’яўляецца тое, што, незалежна ад таго, якая тэма абрана вучнем, абавязкова павінен быць зварот як мінімум да двух мастацкіх твораў.

Сачыненні на вольную тэму маюць прыкладна наступную класіфікацыю:


Віды сачыненняў на вольную тэму

Асаблівасці віду

Сачыненні на патрыятычныя тэмы

Патрабуюць асэнсавання праблем Радзімы, народа і яго гераічных спраў, вайны
і міру

Сачыненні на маральна-этычныя тэмы

Маюць на мэце раскрыццё такіх праблем, як чалавечнасць, гуманізм, праца,
сяброўства і пад.

Сачыненні на экалагічныя тэмы

Адлюстроўваюць найбольш вострыя пытанні стаўлення, адносін чалавека да прыроды

Сачыненні на матэрыяле сучаснай літаратуры

Прадугледжваюць раскрыццё любой названай тэмы на матэрыяле твораў сучаснай літаратуры

Сачыненні натэмы сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д.

Патрабуюць раскрыцця любой тэмы, праблем сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д.

Сачыненні, звязаныя з выбарам будучай прафесіі

Патрабуюць асэнсавання сваёй будучай
прафесіі

Сачыненні асобасна-ацэначнага характару

Пішуцца ад імя першай асобы («Я»), прадугледжваюць асабістую ацэнку падзей,
з’яў, і г.д.

Настаўнік можа прапанаваць вучням самастойна сфармуляваць тэмы сачыненняў на аснове вышэйпададзеных класіфікацый. Гэты прыём, як правіла, выклікае цікавасць і з’яўляецца вельмі эфектыўным.

Існуюць тыповыя патрабаванні да вучнёўскіх сачыненняў:



  1. Адпаведнасць зместу сачынення зададзенай тэме.

  2. Доказнасць выказанай думкі, аргументаванасць палажэнняў, якія выказваюцца.

  3. Змястоўнасць, паўната ахопу.тэмы, завершанасць.

  4. Лагічнасць і паслядоўнасць у выкладанні матэрыялу.

  5. Самастойнасць у раскрыцці тэмы.

  6. Дакладнасць, яснасць, вобразнасць мовы, адзінства стылю.

  7. Карэктнасць цытавання.

  1. Рацыянальнае спалучэнне матэрыялу мастацкага твора, літаратурнай крытыкі з уласнымі разважаннямі аўтара працы.

  2. Адсутнасць фактычных памылак і недакладнасцей.

10. Пісьменнасць (захаванне арфаграфічных, граматычных і пунктуацыйных нормаў сучаснай беларускай мовы).

Тыповымі прыёмамі працы на ўроках навучальнага сачынення з’яўляюцца супастаўленне фармулёвак тэм, расшыфроўка фармулёвак, складанне планаў, выбар эпіграфаў, падбор тэкставага матэрыялу, абмеркаванне асноўных тэзісаў і доказаў.



Развіццё маўлення лагічнага тыпу

Сучасныя патрабаванні да развіцця маўлення акцэнтуюць увагу на актыўным укараненні ў працэс павучання навуковага элемента.

У сувязі з гэтым асаблівая значнасць надаецца звароту да такіх формаў навучання, якія развіваюць самастойна-пошукавую дзейнасць навучэнцаў, мысленне і, як вынік, інтэлект. Неабходна сістэматычна і паслядоўна садзейнічаць развіццю і ўдасканаленню формаў і метадаў узаемадзеяння навучэнцаў з крыніцамі пазнання (падручнікамі, дапаможнікамі, часопісамі і інш.); выхоўваць асэнсаваныя, практычныя адносіны да пачутага і прачытанага; выпрацоўваць уменні канспектаваць, рыхтаваць даклады і рэфераты, выступаць з імі перад аўдыторыяй і інш.

Гэтыя патрабаванні закладзены і ў сістэму кантролю за ведамі. Для атрымання вышэйшых адзнак прапаноўваецца нацэльваць навучэнцаў


на падрыхтоўку творчых і даследчых прац розных жанраў, у тым ліку рэфератаў, дакладаў, канспектаў. Але каб вучні былі здольныя выконваць такія заданні, неабходна дапамагчы ім авалодаць адпаведным інструментарыем, спецыфічнымі прыёмамі і спосабамі працы па іх падрыхтоўцы.

Для гэтага мэтазгодна праводзіць шэраг дапаможных навучальных работ. Першы крок да навучання напісання рэфератаў і дакладаў  - выпрацоўка навыкаў правільнага карыстання першакрыніцамі.

Асноўным пытаннем у самастойнай працы з крыніцай (артыкулам, кнігай) з’яўляецца пытанне пра арганізацыю матэрыялу тым, хто чытае.

Арганізацыя матэрыялу ўключае:


  • дакладнае разуменне пабудовы артыкула;

  • адбор найбольш важнага, асноўнага;

  • мэтазгоднае вядзенне запісаў.

Састаўленне, афармленне запісаў залежыць ад спецыфікі мыслення асобы, асаблівасцей асэнсавання і запамінання, але выдзяляюцца і тыповыя формы запісаў занатовак: план, тэзісы, выпіскі, канспект. Гэта і ёсць тыя базавыя навыкі, на аснове якіх грунтуецца падрыхтоўка да больш складаных формаў. Праца пачынаецца з увядзення паняцця (тэрміна). Напрыклад, пры разглядзе паняцця «план» навучэнцы павінны ўсвядоміць, што план - гэта пералічэнне ў пэўнай паслядоўнасці асноўных думак, пытанняў, якія разгледжаны або будуць разглядацца, што працэс складання плана распадаеццана тры моманты. Першы - чытанне артыкула, другі - дзяленне артыкула на часткі, трэці - кароткае называнне кожнай часткі. У працэсе складання планаў чытач глыбей унікае ў змест артыкула, бачыць яго ўнутраную логіку. Складанне плана дапамагае выпрацоўваць уменне сцісла запісваць і паслядоўна выкладаць думкі. Ён мабілізуе ўвагу, дапамагае хутка ўзнавіць у памяці тое, што прачытана.

Вельмі важны від дапаможнай працы - складанне тэзісаў. Навучанне тэзіраванню варта пачынаць пры вывучэнні літаратуры ў сярэдніх класах. Спачатку праца павінна быць калектыўнай. Для складання тэзісаў можна браць артыкулы з падручніка ці хрэстаматыі па літаратуры. Неабходна патлумачыць, што тэзісы істотна адрозніваюцца ад плана. Яны перадаюць змест, асноўныя вывады аўтара і іх абгрунтаванне. 3 дапамогай тэзісаў сцісла перадаеццатое, што падрабязна раскрываецца ў артыкуле. Тэзісы могуць быць простымі, калі перадаюць толькі галоўную думку, і складанымі, калі, акрамя галоўнай думкі, утрымліваюць яе кароткія доказы.

Пры складанні тэзісаў неабходна працаваць з кожным абзацам, выдзяляць, якую думку даказвае тут аўтар, якія факты, прыклады ілюструюць, падмацоўваюць гэту думку.

Існуюць два віды тэзіравання:



  • выбарка аўтарскіх тэзісаў з тэксту;

  • фармуляванне асноўных палажэнняў артыкула або раздзела кнігі сваімі словамі.

У першым выпадку ў тэксце адшукваюцца і вылучаюцца асноўныя думкі, якія выказвае аўтар. Яны выпісваюцца і размяшчаюцца ў той паслядоўнасці, у якой развіваецца і аўтарская думка, як адзначаецца ў методыцы, «следам за аўтарам».

У другім выпадку таксама вылучаюцца асноўныя аўтарскія думкі ў тэксце, але яны перадаюцца і запісваюцца сваімі словамі.

Часам побач з тэзісамі або на пакінутых палях насупраць запісваецца вельмі коратка, «штрыхамі» і частка фактычнага матэрыялу, які

служыць доказнай базай і можа спатрэбіцца для тлумачэння. Такая форма запісаў вельмі карысная пры падрыхтоўцы да вусных выступленняў.

Прыступаючы да тэзіравання, неабходна ўважліва прачытаць артыкул цалкам, прадумаць, асэнсаваць асноўныя думкі, затым, перачытваючы абзацы, занатоўваць асноўныя думкі ў выглядзе паслядоўных пунктаў. У тэзісы не ўключаецца падрабязны фактычны матэрыял. Асноўная ўвага засяроджваецца на высновах аўтара. Таму для тэзісаў характэрна некаторая адрывістасць выкладання, лаканічнасць і катэгарычнасць.



Напрыклад, паспрабуем скласці тэзісы, скарыстаўшы наступны ўрывак з артыкула пра п’есу А. Дударава «Вечар»:

«А. Дудараў стварыў каларытныя, шматмерныя характары. Вобраз Ганны здаецца досыць знаёмым, традыцыйным. Бабуля пражыла доўгае жыцце і так нарабілася на сваім вяку, што пад старасць не засталося сілы, каб утрымаць каля сябе няўдалага сына.

Ганна - мудрая і разважлівая. Яе мудрасць адметная. Яна бачыць дабро і зло, як бы яны ні перамешваліся, ні перапляталіся ў жыцці. Яна не суддзя чужым учынкам. Яна на дабро адказвае дабром, здольная спачуваць іншым, дараваць крыўду, калі на тое ёсць хаця б маленькая падстава».

Уважліва прааналізаваўшы ўрывак, можна вылучыць наступныя


тэзісы: «Вобраз Ганны каларытны і традыцыйны. Бабуля пражыла доўгае жыццё, бачыла многа крыўды, але не ачарсцвела душою. Яна мудрая, разважлівая. Бачыць дабро і зло, але кіруецца законамі дабра». Або «Вобраз Ганны - традыцыйны, каларытны, глыбока гуманістычны».

Складанне тэзісаў дапамагае глыбей зразумець і выдзеліць галоўнае, развівае лагічнае мысленне, культуру вуснай і пісьмовай мовы - усё тое, без чаго немагчыма навучанне навыкам вуснага выступлення.

Навучанне вуснаму выступленню патрабуе асаблівай увагі. Дзеля таго, каб гэтыя жанры размяжоўваліся навучэнцамі, варта прывесці іх азначэнні. Рэферат - кароткі выклад якога-небудзь пытання, зместу якой-небудзь кнігі, артыкула. Даклад - публічнае паведамленне на пэўную тэму, якое мае новыя для аўдыторыі звесткі навуковага характару.

Мэтазгодна прапанаваць навучэнцам памяткі, якія будуць арыенціровачным апаратам і забяспечаць эфектыўнасць выканання працы.



Памятка для падрыхтоўкі да вуснага выступлення

  • Усведамленне, асэнсаванне тэмы.

  • Агульны адбор літаратуры:

  • візуальна-аглядны адбор;

  • беглы прагляд.

  • Адборачнае чытанне.

  • Медытатыўны, схематычны план.

  • Фарміруючае чытанне.

  • Дакладны план, бачанне кампазіцыйных рамак.

  • Складанне канспекта.

  • Напісанне. (Знойдзеныя ў кнігах неабходныя для даклада звесткі трэба перадаць так, як гэта робіцца ў вуснай мове, каб іх і больш лёгка ўспрымалі слухачы.)

Памятка-патрабаванне да рэфератаў

  1. Ва ўступе даецца аналіз крыніц (адна - некалькі); вызначаюцца пункты гледжання на праблему (асобасная пазіцыя).

  2. У асноўнай частцы расказваецца пра тое, як вырашаецца праблема ў крыніцах (кнігах, працах), прыводзіцца сістэма доказаў аўтараў, паказваюцца пункты гледжання (даецца каментарый, ацэнка).

  3. У заключнай частцы падводзяцца вынікі.

Памятка-патрабаванне да дакладаў

План даклада, у якім разглядаецца праблема

•Чаму ўзнікла праблема?



  • Бачанне праблемы іншымі аўтарамі.

  • Як вырашаецца праблема твора, якую вы даследуеце?

  • Што новае ўносіць аўтар?

  • Наколькі ён мае рацыю?

  • Значэнне (высновы).

План даклада па творчасці пісьменніка

  • Агульная характарыстыка творчасці пісьменніка.

  • Біяграфічныя дадзеныя, уплывы.

  • Пісьменнік і яго эпоха, яго пазіцыя (сябры).

  • Асноўныя тэмы творчасці (творы, праблематыка).

  • Ацэнкі, значэнне творчасці.

Асобна неабходна спыніцца на навучанні выбару структуры дакдада. Традыцыйна прымяняецца трохчасткавая кампазіцыя: уступ, асноўная частка, заключэнне. Галоўная роля ў кампазіцыі даклада належыць асноўнай частцы. Таму варта пазнаёміць вучняў са спецыяльнымі метадамі і спосабамі яе напісання. Так, у кнізе У. Калесніка і Ф. Янкоўскага вызначаюцца наступныя парады ў гэтым кірунку: «Пішучы тэкст даклада, неабходна прытрымлівацца аднаго з двух мажлівых спосабаў выкладання думкі – індукцыйнага або дэдукцыйнага. Індукцыйны спосаб заключаецца ў тым, што спачатку прыводзяцца факты альбо назіранні, затым яны аналізуюцца і ўрэшце даецца заключэнне - вывад. Дэдукцыйны спосаб пачынаецца з фармулёўкі агульнага палажэння, якое затым абгрунтоўваецца фактамі, назіраннямі, доказамі».

На сённяшні дзень методыка прапануе яшчэ некалькі метадаў разгортвання асноўнай часткі даклада:



  • храналагічны - прадугледжвае выкладанне матэрыялу ад пачатку ў яго гістарычным развіцці;

  • праблемны (шляхам пастаноўкі пытанняў) – выбудоўваецца на ўзор пытанне - адказ, або паралельнае разважанне як пошук правільнага рашэння;

  • канцэнтрычны - прадугледжвае размяшчэнне матэрыялу вакол галоўнай праблемы ад цэнтральнага пытання да яго аспектаў;

  • ступеньчаты - патрабуе паслядоўнага разгляду мікратэм або пытанняў аднаго за другім.

Задача настаўніка - навучыць, арыентуючыся на зместавае напаўненне, выбіраць адпаведны метад разгортвання асноўнай часткі. Вельмі важна ўлічваць, што ў працы па навучанні дакладам у 10-11 класах настаўнік і вучні павінны бачыць розніцу ў характары, мэтах і задачах гэтых відаў выступленняў, інакш кажучы, класіфікаваць іх. Гэта асабліва садзейнічае наступнаму рацыянальнаму ўключэнню падрыхтаваных дакладаў у межы пэўнага ўрока і спалучэнню з другімі формамі і прыёмамі працы на ўроку, а тым самым вырашэнню складаных задач, якія паўстаюць перад славеснікам у працы па развіцці вуснай маналагічнай мовы старшакласнікаў.

Па прызначэнні і спосабах арганізацыі матэрыялу даклады можна ўмоўна падзяляць на інфарматыўныя, даследчыя і праблемна-дыскусійныя. Інфарматыўныя даклады маюць на мэце перадачу новых для вучняў звестак, у асноўным фактычных, з элементамі аналізу і ацэнкі, але без элементаў спрэчнасці, дыскусійнасці, звестак, якія пашыраюць літаратурныя веды вучняў. Інфарматыўныя даклады, у сваю чаргу, падзяляюцца на два падвіды: інфарматыўна-ілюструючыя і інфарматыўна-дапаўняючыя.



Інфарматыўпа-ілюструючыя даклады канкрэтызуюць і дапаўняюць тое, што разглядаецца на ўроку, літаратурна-мастацкім, мемуарным або мастацтвазнаўчым матэрыялам. Таму ідэя і змест даклада павінны адпавядаць агульнай накіраванасці таго, што вывучаецца на ўроку. Найбольш плённае выкарыстанне такіх дакладаў пры вывучэнні аглядавых тэм, калі асноўныя тэндэнцыі, якія звычайна тлумачыць настаўнік, канкрэтызуюцца цікавымі дапаўненнямі. Напрыклад, гаворка ідзе пра асноўныя тэндэнцыі грамадскага і літаратурнага развіцця эпохі, а вучні-дакладчыкі ў сваіх выступленнях разглядаюць канкрэтныя творы літаратуры і іншых відаў мастацтва, якія адлюстроўваюць гэтыя тэндэнцыі. Інфарматыўна-ілюструючыя даклады найперш базіруюцца на параўнальным дапаўненні-аналізе літаратурных матэрыялаў з прыкладамі з сумежных відаў мастацтва.

Інфарматыўна-дапаўняючыя даклады вельмі цесна звязаны з лекцыяй настаўніка. Напрыклад, пры разглядзе біяграфіі тэмай такога выступлення можа быць асобны этап творчасці, гісторыя напісання твора і інш.

Сутнасць даследчага даклада заключаецца ў тым, што ствараецца ён у выніку самастойнага разгляду вучнем мастацкага тэксту ў ракурсе пэўнай праблемы. У такім дакладзе на першае месца выходзяць уласныя меркаванні выступоўцы, якія выцякаюць з аналізу фактычнага матэрыялу, а таксама са знаёмства з вучэбнай і крытычнай літаратурай. Методыка падрыхтоўкі даследчых дакладаў дастаткова складаная. Таму на ўроках літаратуры карысна праводзіць калектыўную падрыхтоўку да іх. Пры гэтым варта адбіраць такую тэму, якая, з аднаго боку, была б не вельмі падрабязна асветлена ў падручніку і дапаможніках, а з другога - была б цікавай для вучняў. Вялікае значэнне пры падрыхтоўцы маюць таксама індывідуальныя кансультацыі.



Праблемна-дыскусійныя даклады патрабуюць ад вучняў максімальнай самастойнасці. Такі даклад вымагаеразгляду розных пазіцый, выказаных крытыкамі на твор у цэлым або яго мастацкія вобразы, а таксама абгрунтавання ўласнай думкі. У выступленні вучань можа і палемізаваць, і пераконваць, і выказваць свой пункт гледжання. Гэтыя даклады найбольш эфектыўна выкарыстоўваць на ўроках паглыбленага аналізу твораў, на заключных занятках, уроках пазакласнага чытання і развіцця вуснай мовы.

Такім чынам, удумліва выпрацаванае ўменне рыхтаваць даклады розных відаў, а таксама практыка выступлення з імі эфектыўна развіваюць у вучняў інтэлектуальна-маўленчыя ўменні.

Падобная арганізацыя працы вучыць працаваць асэнсавана і творча, істотна развівае маўленне вучняў.

ВЫКАРЫСТАННЕ НАГЛЯДНАСЦІ НА ЎРОКАХ ЛІТАРАТУРЫ

Спецыфіка працы з нагляднасцю на ўроках літаратуры

Адным з асноўных прынцыпаў, на якіх базіруецца вывучэнне літаратуры, з’яўляецца прынцып нагляднасці, што рэалізуецца праз актывізацыю пачуццёва-зрокавага ўспрымання, багатую ілюстраванасць.

Аўтар гэтага прынцыпу - вядомы чэшскі педагог Ян Амос Каменскі, вялікую ўвагу надаваў «залатому правілу педагогікі», сутнасць якога бачыў у наступным: «Усё, што толькі магчыма, трэба забяспечваць для ўспрымання пачуццямі. Калі якія-небудзь прадметы можна адразу ўспрыняць некалькімі пачуццямі, то няхай яны ахопліваюцца некалькімі пачуццямі».

Нагляднасць актывізуе ўспрыманне матэрыялу, яна ўтварае зрокавы рад, які садзейнічае ўзмацненню засваення. Урокі, на якіх выкарыстоўваюцца рознага віду наглядныя сродкі, маюць, несумненна, большы плён.

Разам з тым зварот да нагляднасці - не ёсць самамэта, а актыўнае рацыянальнае ўключэнне ў адукацыйны працэс наглядных дапаможнікаў дзеля:


  • выкарыстання нагляднасці як сродку фарміравання абстракцыі;

  • назапашвання ўяўленняў аб аб’ектыўнай рэчаіснасці. Вылучаюцца наступныя віды нагляднасці:

Славесная нагляднасць - слова настаўніка, праслухоўванне гуказапісаў, заданні па выразным і творчым чытанні і пераказе, якія агучваюць вучні. Настаўнік, як правіла, дае ўзор мовы, разважання, пытання да адказу, мамалагічнай мовы, вядзення дыялогу.

Прадметная нагляднасць выкарыстоўваецца ў выглядзе кніжак, выстаў, дапаможнікаў, энцыклапедычных даведнікаў, радзей - вызначальных прадметаў ці фотаздымкаў гэтых прадметаў

Графічная нагляднасць - табліцы, схемы, эпіграфы да ўрокаў - дапамагае лагічна размежаваць матэрыял, арганізаваць запамінанне, пабудаваць працу на ўроку і станоўча ўплывае на індывідуальныя адказы вучняў.

Існуюць пэўныя патрабаванні да стварэння і афармлсння графічнай нагляднасці:



  • акуратнасць;

  • разборлівасць;

  • выразнасць;

  • самадастатковасць.

Нагляднасць, створаная ў адпаведнасці з такімі патрабаваннямі, дапамагае зафіксаваць у памяці складаны матэрыял. Графічная нагляднасць рыхтуецца самім настаўнікам ці даручаецца вучням, але па эскізах і тлумачэннях настаўніка. Настаўнік павінен правесці кансультацыю з вучнем, якому даручана стварыць той ці ііішы від нагляднасці. Так, напрыклад, калі вучань рыхтуе нейкую схему ці табліцу, выкладчыку варта паказаць некалькі ўзораў, ужо зробленых вучнямі нагляднасцей. Акрамя таго, неабходна звярнуць увагу дзяцей на тое, што ў нагляднасці павінна быць галоўным, а што - другасным. Калі такая нагляднасць ствараецца пры дапамозе камп’ютара, часткі яе павінны быць выкананы адпаведнымі шрыфтамі, кеглямі, а таксама, па магчымасці, выдзелены тым ці іншым колерам. Усё гэта будзе спрыяць лепшаму засваенню нагляднага матэрыялу і разам з тым выконваць вялікую эстэтычную функцыю.

Калі ж настаўнік у якасці нагляднасці выкарыстоўвае эпіграф да ўрока, трэба памятаць пра тое, што эпіграф - гэта цытата, якая змяшчаецца ў пачатку твора ці асобнага раздзела і выражае асноўную ідэю твора. Зыходзячы з гэтага, у якасці эпіграфа да пэўнага ўрока літаратуры неабходна выкарыстоўваць тую цытату, якая застаецца актуальнай на працягу ўсяго ўрока. Эпіграф павінен змяшчаць у сабе асноўную ідэю, якая будзе данесена настаўнікам класу. Так, напрыклад, у 11 класе эпіграфам да ўрока «Іван Мележ. "Людзі на балоце": творчая задума і гісторыя стварэння твора» можа паслужыць выказванне Н. Гілевіча «Да ўздыху апошняга ён жыў лёсам людзей на балоце», або словы самога аўтара: «Кніга, якую я не мог не напісаць». Выкарыстоўваючы на ўроках літаратуры эпіграфы, вельмі важна засяроджваць на гэтым увагу вучняў.

Дзеля таго, каб правільна арганізаваць працу з нагляднымі дапаможнікамі, настаўніку неабходна памятаць і пра патрабаванні да выкарыстання нагляднасці:


  1. Нагляднасць павінна дакладна адпавядаць навучалыіаму матэрыялу.

  2. Нагляднасць павінна быць якаснай.

  1. Выкарыстанне нагляднасці, яе розных відаў павінна быць колькасна і часава абмежавана, каб не адцягваць увагу вучняў ад асноўнага матэрыялу. Пажадана на адным уроку выкарыстоўваць не больш за тры сродкі нагляднасці.

  2. Працуючы з нагляднасцю, настаўнік не павінен адрываць увагу ад класа.

  3. Пры перадачы сродкаў нагляднасці вучням нельга тлумачыць самы важны матэрыял, можна зрабіць паўзу або скіраваць увагу на другасныя дэталі.

  4. Уся нагляднасць, якая прынесена на ўрок, абавязкова павінна быць выкарыстана. У іншым выпадку яна будзе адцягваць увагу вучняў.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка