Як навукова-педагічная дысцыпліна змест І задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры Методыка выкладання беларускай літаратуры




старонка1/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.97 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13
МЕТОДЫКА ВЫКЛАДАННЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

ЯК НАВУКОВА-ПЕДАГІЧНАЯ ДЫСЦЫПЛІНА
Змест і задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры
Методыка выкладання беларускай літаратуры - навука педагагічнага цыкла, якая дае магчымасць рацыянальна арганізаваць вывучэнне літаратуры як вучэбнага прадмета, паспяхова вырашыць задачы выхавання і развіцця асобы.

Змест методыкі выкладання беларускай літаратуры складаецца з трох асноўных раздзелаў:

  1. Агульныя асновы методыкі (развіццё методыкі, метадычныя школы, погляды; праблемы, прынцыпы і метады выкладання).

  2. Сістэма вывучэння літаратуры на ўроках (шляхі, метады, прыёмы вывучэння літаратуры; эмацыянальныі лагічны падыходы; распрацоўка ўменняў і навыкаў; самастойная праца; інтэграванасць).

  3. Сістэма пазакласнай працы (разнастайнасць і сістэмнасць пазакласнай працы).

Як і кожная навучальная дысцыпліна, методыка выкладання беларускай літаратуры мае свае задачы:

    • пазнаёміць вучняў з тэарэтычнымі асновамі выкладання літаратуры;

    • выпрацаваць першапачатковыя практычныя ўменні і навыкі для падрыхтоўкі да ўрока роднай літаратуры;

    • даць напрамкі да самаадукацыі і творчага пошуку;

    • дапамагчы настаўніку адказаць на асноўныя прынцыповыя пытанні, што ўзнікаюць у час падрыхтоўкі да заняткаў, у працэсе выкладання, пасля аналізу праведзенага ўрока.

Методыка павінна даць настаўніку вычарпальныя адказы на пытанні: што? як? для чаго?

Методыка выкладання беларускай літаратуры цесна звязана з іншымі навукамі:



  • педагогікай;

  • псіалогіяй;

  • лінгвістыкай;

  • гісторыяй;

  • этыкай (эстэтыкай);

  • этнаграфіяй;

  • рыторыкай;

  • педагогікай;

  • сацыяльны цыкл дысцыплін (філасофія, сацыялогія, культуралогія).

Методыка выкладання беларускай літаратуры цесна звязана з метадалогіяй, тэорыяй літаратуры. Гэта сувязь выяўляецца перш за ўсё ў вызначэнні мэты, зместу і структуры курса літаратуры. Метадалогія літаратуразнаўства аказвае ўплыў і на метады навучання. Літаратуразнаўства дапамагае адказаць на першае пытанне методыкі - што вывучаць?

Методыка выкладання беларускай літаратуры звязана з педагогікай і псіхалогіяй. Псіхалогія дае настаўніку веды аб узроставых адметнасцях дзяцей, садзейнічае наладжванню цеснага кантакту з вучнямі, выяўленню іх духоўнага свету, характару ўспрымання, асаблівасцей памяці.

Дзякуючы педагогіцы, настаўнік мае магчымасць даведацца пра агульнадыдактычныя прынцыпы, метады і прыёмы выкладання, ты пы і віды ўрокаў, грунтуючыся на якіх, методыка выпрацоўвае свае спецыфічныя крытэрыі.

Педагогіка з псіхалогіяй даюць настаўніку адказ на другое пытанне методыкі: як вывучаць?

Нельга вывучаць беларускую літаратуру, не звяртаючы ўвагі на маральна-этычны бок пэўнага твора. Адсюль вынікае, што методыка выкладання беларускай літаратуры мае самыя цесныя сувязі з эстэтыкай - навукай аб прыгожым і этыкай - навукай аб маралі.

Немагчыма ўявіць вывучэнне беларускай літаратуры адасоблена ад гісторыі, паколькі кожны творца - гэта прадстаўнік пэўнага гістарычнага працэсу. Акрамя таго, вельмі часта пісьменнік звяртаецца да гістарычных крыніц: летапісаў, дакументаў, ліставання і г.д. Гістарычны аспект у дачыненні да аналізуемага твора методыка літаратуры рэкамендуе выкарыстоўваць з улікам трох патрабаванняў: часу напісання твора, часу, які адлюстраваны ў творы, і сённяшняга часу.

Вывучэнне літаратуры ў школе не можа разглядацца ў адрыве ад мовы.
3 гісторыі развіцця методыкі выкладання

беларускай літаратуры

Методыка выкладання беларускай літаратуры пачала фармавацца ў пачатку XX ст., але вытокі літаратурнай адукацыі адносяцца да першай паловы XIX ст. і базуюцца на расійскіх навуковых пошуках, паколькі Беларусь у той час знаходзілася ў складзе Расіі.

У гэты час у гімназіях вывучалася не літаратура, а тэорыя літаратуры ў форме рыторыкі і паэтыкі. Ад навучэнцаў патрабавалася завучванне канонаў літаратурнай творчасці, тэарэтычных паняццяў, чытанне твораў не прадугледжвалася, а тэксты выкарыстоўваліся толькі для падбору прыкладаў.

У другой палове XIX ст. найбольшую вядомасць набывае рускі метадыст Ф.І. Буслаеў (1818-1897 гг.) дзякуючы навукова-метадычнай працы «О преподавании отечественного языка» (1884 г.). Буслаеў выпрацаваў новую тэорыю чытання: замест дагматычнага метаду ён уводзіць эўрыстычны. Але ж асноўнай задачай метадыст лічыў вывучэнне мовы твора, што чытаецца, а на другое месца ставіў асэнсаваны аналіз тэксту. Ім падрабязна распрацавана і методыка пісьмовых прац, якія ён звязвае з чытаннем і разборам узорных твораў.

Аўтарам цэлага шэрагу гісторыка-літаратурных і педагагічных прац з’яўляецца другі вядомы педагог-метадыст - У.Я. Стаюнін (1826-1888 гг.). У кнізе «О преподавании русской литературы» (1864 г.) ён выказваў неабходнасць чытаць твор, аналізуючы яго як з боку зместу, так і з боку кампазіцыі, мовы, мастацкіх прыёмаў і сродкаў, даваў метадычныя парадыработы над творам. У.Я. Стаюнін распрацаваў прынцыпы актыўнага засваення літаратуры вучнямі, падкрэсліваў, што настаўнік павінен садзейнічаць фармаванню ўласных вучнёўскіх поглядаў і перакананняў, якія ўзнікаюць у выніку «строгага аналізу прадмета». Дамінуючым метадам Стаюніна з’яўлялася аналітычная гутарка, якая, згодна з меркаваннем метадыста, давала найбольшую магчымасць для актыўнага вывучэння літаратуры ў школе. Ён падкрэсліваў, што, праводзячы аналітычную гутарку па строга складзеным плане, настаўнік мае магчымасць з найбольшай глыбінёй, у найбольш даступнай форме дапамагаць вучням спасцігаць мастацкі твор на належным выхаваўчым узроўні.

Методыку УЯ. Стаюніна дапоўніў В.П. Астрагорскі (1840-1902 гп). Ён у сваіх метадычных рэкамендацыях вылучыў сем патрабаванняў, на якія арыентаваліся тагачасныя выкладчыкі: выразнае чытанне, завучванне на памяць, расказванне твора, правільнае пісьмо, тэорыя літаратуры, самастойны аналіз, гісторыя развіцця літаратуры.

Асноўныя метадычныя ідэі В.П. Астрагорскага выкладзены ў яго «Беседах о преподавании словесности» (1884 г.). Важнае месца ў метадычнай сістэме В.П. Астрагорскага адводзіцца выразнаму чытанню і чытанню на памяць. Выразнае чытанне разглядалася ім як найважнейшы шлях успрыняцця літаратурнага твора ва ўсёй паўнаце зместу і формы, пазнавальных і эстэтычных якасцей. Яго метадычны дапаможнік «Выразительное чтение» (1885 г.) захоўвае сваё педагагічнае значэнне і сёння.

Не менш актуальнай з’яўляецца і яго распрацоўка тэорыі і практыкі пазакласнай працы.

Распрацоўку методыкі выкладання літаратуры ў XX ст. прадоўжылі М.А. Рыбнікава, В.В. Галубкоў, М.І. Кудрашоў і інш.

На Беларусі адлік станаўлення і развіцця метадычнай думкі ідзе ад Каруся Каганца, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага.

Так, у 1906 г. у Пецярбургу пабачыў свет «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», за аснову якога быў узяты буквар Льва Талстога, пабудаваны па прынцыпе тэматычнага падзелу і інтэграванага вывучэння літаратуры і мовы. Спрэчным на сённяшні дзень застаецца пытанне адносна аўтарства «Лемантара». Так, называюцца імёны Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч).

Першы падручнік-хрэстаматыю ў 1906 г. «Першае чытанне для дзетак беларусаў» выдала беларуская пісьменніца Цётка. Гэту працу прадоўжыў Якуб Колас, які ў 1909 г. выдаў «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Свае метадычныя погляды ён выклаў у кнізе «Методыка роднае мовы» (1926 г.). У раздзеле «Чытанне мастацкіх твораў» аўтар выказаў патрабаванне, каб чытанне спрыяла замацаванню арфаграфічных навыкаў, а ўрокі граматыкі звязваліся з выразным чытаннем. У раздзеле «Чытанне з наступнаю размоваю» гаворыцца, што «матэрыялам для чытання служаць цэлыя творы, даступныя дзецям: казкі, праўдзіва-пабытовыя апавяданні. Мэта чытання - выхавальны ўплыў гэтых твораў на дзяцей» (с. 83). Такім чынам, Якуб Колас прызнаваў за мастацкай літаратурай і яе выкладаннем у школе пазнавальна-адукацыйную і выхаваўчую ролю. Ён выпрацаваў наступныя прыёмы вывучэння тэксту: чытанне твора (першае) настаўнікам і (паўторнае) вучнямі; тлумачэнне незразумелых слоў; складанне плана; пераказ; гутарка па аналізе твора; выразнае чытанне; завучванне на памяць. Вялікую ўвагу Колас надаваў развіццю мовы вучняў.

У справе адраджэння беларускай нацыянальнай школы нельга не адзначыць імя Сяргея Палуяна. Беларускі публіцыст, празаік і літаратуразнавец, адзін з пачынальнікаў беларускай прафесійнай літаратурнай крытыкі, ён напісаў першы ў беларускай крытыцы агляд ны артыкул «Беларуская літаратура ў 1909 годзе», першы гістарычны нарыс новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках».

Сяргей Палуян лічыў, што менавіта народная школа павінна стаць галоўным сродкам распаўсюджання беларускай мовы. Ён першым на Беларусі ў пачатку XX ст. паставіў пытанне аб «нацыяналізацыі школы», якую разумеў шырока, уключаючы і дэмакратызацыю школьнай справы. Галоўным момантам пры гэтым ён лічыў увядзенне выкладання на роднай мове, садзейнічанне школе ў развіцці нацыянальнай свядомасці вучняў.

Надзвычай плённа методыка выкладання беларускай літаратуры развівалася ў 1920-я гады XX ст. Гэтаму садзейнічала палітыка беларусізацыі. У Беларускім дзяржаўным універсітэце чытаўся курс методыкі выкладання літаратуры. Прафесар I. Замоцін, які чытаў гэты курс, выдаў грунтоўную працу «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» (1926 г.).

У 1920-я гады становяцца шырока вядомымі імёны першых метадыстаў. Так, вельмі папулярнай была ў той час дзейнасць «трох Іванаў»: I. Самковіча, I. Пратасевіча, I. Замоціна. I калі I. Самковіч і

I. Пратасевіч у першую чаргу сталі вядомымі як аўтары ці сааўтары першых падручнікаў па беларускай літаратуры для школ, то I. Замоціна па праву можна лічыць «бацькам» методыкі выкладання беларускай літаратуры, першапраходцам у развіцці методыкі як навукі.

Нарадзіўся І.І. Замоцін 1 лістапада 1873 г. у вёсцы Крывуліна Бежацкага раёна Калінінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Спачатку вучыўся недалёка ад дому, у вёсцы Балдзеева, затым - у Громаўскім прытулку ў Пецярбургу.

Іван Замоцін ужо ў юнацкія гады выявіў незвычайныя здольнасці да навукі, таму і быў залічаны ў Пскоўскую гімназію «за дзённы кошт», куды звычайна сялянскіх дзяцей не прымалі. У 1897 г. паспяхова скончыў Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут паспецыяльнасці «гісторык літаратуры». У 1904 г. абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені магістра рускай славеснасці, а яшчэ праз чатыры гады стаў доктарам навук.

Сваю педагагічную дзейнасць пачаў настаўнікам гімназій Варшавы і Пецярбурга. 3 1904 г. працаваў прыват-дацэнтам Варшаўскага, потым Пецярбургскага універсітэтаў. 3 1908 па 1916 гг. – прафесар Варшаўскага, а з 1917 па 1922 гг. - Данскога універсітэтаў.

У 1921 г. быў адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. Педагагічных кадраў не хапала, таму па просьбе рэктара БДУ У.І. Пічэты Іван Замоцін у 1922 г. пераехаў у Мінск, дзе быў абраны прафесарам кафедры гісторыі рускай літаратуры універсітэта, а з 1931 г. - Мінскага педагагічнага інстытута. Адначасова Іван Замоцін працаваў у Інстытуце беларускай культуры.

Вучоны добра ведаў восем замежных моў: нямецкую, англійскую, французскую, польскую, чэшскую, сербскую, лацінскую і грэчаскую. За сорак гадоў Іван Замоцін надрукаваў больш за сорак прац.

Пераехаўшы ў Мінск, Іван Замоцін плённа працаваў у галіне беларускага літаратуразнаўства. Ён першы паставіў імя Якуба Коласа побач з імёнамі вядомых пісьменнікаў свету, першы напісаў рэцэнзію на паэму «Новая зямля». Іван Замоцін стаяў ля самых вытокаў беларускай літаратуразнаўчай навукі. Бо на той час на Беларусі не існавала не толькі манаграфічных даследаванняў (выключэнне складаюць «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры»), але і самі творы не былі як след сабраны і сістэматызаваны. Ён быў перакананы, што беларуская літаратура заслугоўвае таго, каб яе збіранне і вывучэнне было пастаўлена на навуковую аснову і стала дзяржаўнай справай, настойліва дамагаўся вывучэння гісторыі літаратуры, лічыў яе такой самай навукай, як іншыя гістарычныя дысцыпліны. Па яго ініцыятыве і з яго прадмовай быў выдадзены ў двух тамах збор твораў М. Багдановіча, а пасля выйшлі творы Цёткі і П. Труса. Пяру Івана Замоціна належаць працы па гісторыі беларускай літаратуры XX ст.: «Пуціны беларускай літаратуры (Якуб Колас - «Новая зямля»)», «Паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», «Беларуская драматургія. Ч. I – Драматычныя творы Янкі Купалы», «М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс». Працуючы выкладчыкам ВНУ, I. Замоцін распрацаваў і пытанні методыкі вывучэння беларускай літаратуры ў тагачаснай школе. Сярод настаўнікаў-філолагаў асабліва папулярнымі былі два выпускі яго метадычных нарысаў «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні», у аснову якіх былі пакладзены лекцыі, прачытаныя ў 1923-1927 гг. студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Па сутнасці, гэта была першая навуковая праца па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Найбольш грунтоўныя погляды на гэтыя пытанні ён падае ў двух выпусках нарысаў «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» і ў кнізе «Метадычныя пытанні выкладання мовы і літаратуры ў II - III канцэнтрах».

Пры вывучэнні старажытнай літаратуры I. Замоцін лічыў мэтазгодным аналізаваць не дзелавыя дакументы, а тыя, што маюць пэўную мастацкую вартасць. Прагрэсіўным было меркаванне, у адпаведнасці з якім школа, нягледзячы на непасрэдную сувязь літаратуры з грамадствам, павінна даць вучням добрую літаратурную асвету і весці гэты курс у храналагічным парадку, каб бачылася яго цэласнасць і гістарычная перспектыва.

У 1938 г. плённая праца Івана Замоціна абарвалася: ён быў беспадстаўна рэпрэсаваны і высланы ў Комі АССР, дзе памёр у турэмнай бальніцы ў 1942 г. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Метадычныя нарысы «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» рыхтаваліся да друку і былі выдадзены ў той час, калі ў школах краіны захапляліся Дальтон-планам і асабліва прапагандавалася адна з яго формаў - брыгадна-лабараторны метад, у адпаведнасці з якім галоўная ўвага надавалася індывідуальнаму навучанню. У гэты ж час у пачатковых школах былі ўведзены комплексныя праграмы, якія пераўтварылі выкладанне літаратуры ў ілюстраванне пэўнай грамадска-палітычнай з’явы. Іван Замоцін на пачатку быў прыхільнікам новаўвядзенняў, што знайшло адбітак і ў яго працы, аднак не ішоў за імі слепа.

Адзін з раздзелаў працы «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» прысвечаны этапам вывучэння мастацкага твора і метадам уключэння дзяцей у актыўную дзейнасць. У ім Іван Замоцін рэкамендуе настаўнікам тыя ж этапы вывучэння мастацкага твора, якія выкарыстоўваюцца і цяпер, за выключэннем арыенціровачных заняткаў. Ён прапануе настаўнікам рыхтаваць вучняў да ўспрымання мастацкага твора: выклікаць у іх цікавасць да яго, растлумачыць тое, што можа стаць перашкодаю ў паўнацэнным успрыманні. Метадыст акрэсліваў прыкладны змест уступных заняткаў, раіў знаёміць з біяграфіяй пісьменніка, характарызаваць мастацкую тэхніку той шко лы, да якой належаў аўтар.

Асаблівае значэнне надаваў I. Замоцін настроенасці на твор, прапанаваў не дагматызаваць уступныя заняткі, а разнастаіць іх -вось у чым бачыў задачу настаўніка вучоны. На шматлікіх прыкладах з беларускай і рускай літаратур ён паказваў мажлівыя варыянты правядзення гэтага этапа. Напрыклад, пры вывучэнні паэмы Я. Коласа «Новая зямля» мэтазгодна даць матэрыял біяграфічнага характару (увязка біяграфіі аўтара з падзеямі, якія ён малюе), звяртаць увагу вучняў на сацыяльную тэму, на тэму беларускага быту і прыроды і, урэшце, на мастацкі стыль паэмы, яго ўвязку з народна-паэтычнай лексікай і фразеалогіяй.

Улічваючы патрабаванні новых праграм, а таксама выкарыстоўваючы вопыт рускіх педагогаў, Іван Замоцін сфармуляваў чатыры асноўныя задачы навучання літаратуры ў школе:


  1. Развіццё вуснай і пісьмовай мовы.

  2. Літаратурная начытанасць вучняў.

  3. Навуковая інтэрпрэтацыя літаратурнага матэрыялу.

  4. Развіццё літаратурна-творчай самадзейнасці вучняў у навуковым і мастацкім напрамках.

Метадычныя погляды Івана Замоціна шмат у чым адпавядаюць патрабаванням сучаснай школы. Адным з найважнейшых прынцыпаў выкладання ён лічыў «навуказдольнасць» (навуковасць).

У той час, калі многія метадысты, прыхільнікі вульгарна-сацыялагізаванай сістэмы Ф. Пераверзева, не прызнавалі за літаратурай прыярытэту ў ідэйна-палітычным, маральным і эстэтычным выхаванні, Іван Замоцін вылучыў другі, не менш важны прынцып – прынцып педагагічнасці, або выхаваўчага навучання.

Прынцып педагагічнасці разумеўся ім як увага да асобы дзіцяці, улік яго індывідуальных асаблівасцей, асабістых магчымасцей, а таксама як выхаванне і развіццё вучняў. У дачыненні да літаратуры гэтыя задачы ўсведамляліся звужана. Іван Замоцін на першы план выводзіў развіццё літаратурнай мовы школьнікаў, якая, на думку вучонага, яскрава характарызуе асобу падлетка, юнака, яго індывідуальнасць, культуру. Мова кожнага пісьменніка вызначаецца самабытнасцю, непаўторнасцю.

Навуковасць, лічыў І.І. Замоцін, заключаецца ў веданні вучнямі навуковых асноў мовы з тым, каб на іх будаваць сваё маўленне. Мова школьнікаў павінна быць простай, выразнай, граматычна закончанай, лёгкай. Таму ў школе неабходна даваць хоць мінімум ведаў па мовазнаўстве.

Літаратурная начытанасць як адно са складаемых літаратурнай адукацыі ў працоўнай школе забяспечваецца знаёмствам з тымі творамі, што вывучаюцца на ўроках і чытаюцца самастойна. Іван Замоцін лічыў, што ў школьныя праграмы неабходна ўключаць творы айчыннай класічнай літаратуры ХІХ-ХХ стст., сучасных пісьменнікаў, а таксама лепшыя творы замежных мастакоў слова мінулых часоў і нашых дзён.

Прынцып навуковасці, на думку Івана Замоціна, забяспечваецца ў тым выпадку, калі мастацкі твор у школе разглядаецца і з мастацкага, і з сацыяльнага бакоў, калі тут дасягаецца адпаведная гармонія.

Каштоўным з’яўляецца і тое, што вучоны крытычна ставіўся да тэматычнага вывучэння літаратуры, лічыў неабходным падыходзіць да кожнага твора як да мастацкага цэлага і працаваць з літаратурным тэкстам як з самастойным матэрыялам, не наклейваючы на яго адных і тых жа ярлыкоў у выглядзе шаблонных вывадаў і ацэнак, улічваючы пры яго аналізе індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці вучняў

Хібы тэматычнага вывучэння ён бачыў у тым, што часам у школу траплялі далёка не лепшыя ў мастацкіх адносінах творы, якія штучна прывязваліся да грамадска-палітычнай тэмы і тым самым не давалі магчымасці па-сапраўднаму рэалізаваць прынцып выхаваўчага навучання. Разам з тым Іван Замоцін тэматычнае выкладанне літаратуры ў школе разглядаў як падрыхтоўчы этап да ўспрымання сістэматычнага курса літаратуры на гістарычнай аснове.

Вучоны важнае значэнне надаваў літаратурнаму аналізу, а таксама выпрацоўцы ў школьнікаў навыкаў крытычнай ацэнкі прачытанага. Не лічачы патрэбным выкладаць у школе гісторыю эстэтычных тэорый, ён раіў пры вывучэнні літаратуры супастаўляць творы, якія адрозніваюцца мастацкім стылем. Пры аналізе асаблівасцей мовы мастацкай літаратуры Іван Замоцін прапаноўвае знаёміць вучняў з паэтычнай стылістыкай беларускіх пісьменнікаў, навучыць, як арыентавацца ў жанрах і кампазіцыі твораў. Адначасова ён папярэджваў аб небяспецы звядзення гэтай працы да механічнага анатаміравання мастацкай тэхнікі пісьменніка.

Іван Замоцін бачыў патрэбу і ў сістэматычным выкладанні літаратуры. Сямігодка, якая часова стала асноўным тыпам школы ў 1920-я гады, пры лабараторным метадзе навучання не магла даць вучням поўнага ўяўлення пра гісторыю літаратуры. Аднак нават у такіх умовах вопытны педагог стаяў за разгляд мастацкага твора на фоне агульнага літаратурнага працэсу. У старшых класах, пачынаючы з сёмага, ён вылучыў чатыры раздзелы: вусная народная творчасць, старажытная, новая і навейшая літаратуры.

У працэсе вывучэння фальклору, на яго думку, школьнік павінен атрымаць веды пра паходжанне народнай слоўнасці, азнаёміцца з яе зместам і мастацкімі формамі. Зусім па-сучаснаму гучыць прапанова Івана Замоціна праводзіць параўнальны аналіз беларускага фальклору з эпасам іншых народаў, з такімі ўзорамі, як «Песня пра Нібелунгаў» і інш.

Разумеючы, што ў справе літаратурнай адукацыі ў школе нельга абмяжоўвацца толькі класнымі заняткамі, Іван Замоцін распрацоўваў і пытанне пазакласнага чытання, якое, па яго перакананні, павінна быць цесна звязана з сістэмай класнага выкладання літаратуры і дапаўняць яго. Задачай першаступеннай важнасці, на думку вучонага, павінна было стаць складанне праграм пазакласнага чытання, выдан не даступных для вучняў зборнікаў з творамі беларускай літаратуры і набыццё іх кожнай школьнай бібліятэкай. Для кіраўніцтва і кантролю за пазакласным чытаннем прапаноўвалася звяртацца да гутарак аб прачытаным і літаратурных дзённікаў, якія раілася весці вучням.

На правядзенне пазакласнага чытання, як і на асноўны курс літаратуры, адводзіліся ўрокі, але яны мелі сваю адметнасць.

Па-першае, настаўнік сам вызначае змест урока, яго тэму, арыентуючыся на спіс твораў, прапанаваных праграмай, а таксама на з’яўленне цікавых выданняў і перыёдыку.

Па-другое, творы, вынесеныя на абмеркаванне, разглядаюцца без асаблівай дэталізацыі; настаўнік прагназуе, што можа быць складаным для ўспрымання вучняў і як падвесці іх да неабходных вывадаў.

Па-трэцяе, па форме правядзення ўрокі пазакласнага чытання павінны быць больш яркія, арыгінальныя, абсталяваныя цікавай пазакласнай нагляднасцю.

Аднак пры ўсёй сваёй адметнасці яны не павінны выпадаць з агульнага ланцужка класнага чытання.

Слушныя прапановы выказаў Іван Замоцін і адносна абмеркавання твораў, прачытаных самастойна. Найбольш прымальным метадам для гэтай справы ён лічыў эўрыстычную гутарку і дыспут.

Таленавіты педагог разумеў, што поспех такіх мерапрыемстваў будзе забяспечаны толькі пры ўмове ўзаемапавагі і ўзаемадаверу паміж вучнямі і настаўнікам, калі вучні смела могуць выказваць свае думкі, не баючыся быць незаслужана пакаранымі.

Настойліва прапагандуючы дыспут як адзін з аптымальных метадаў аналізу твора, вучоны рэзка крытыкаваў так званыя суды над літаратурным героем, у працэсе якіх абмеркаванне ператваралася ў маралізатарства, а «падсудны» ўспрымаўся як сучаснік, без уліку светапогляду аўтара, канкрэтных гістарычных умоў, нарэшце, мастацкага вымыслу.

Важную функцыю ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе, на думку вучонага, павінны таксама выконваць літаратурныя гурткі, экскурсіі, вечары, на якіх вучні не толькі папаўняюць свае веды па праграме, але і знаёмяцца з лепшымі ўзорамі зарубежнай і навінкамі роднай літаратуры.

Іван Замоцін задумваўся над тым, як ажыццявіць цікавасць вучняў да літаратуры, актывізаваць пазнавальную дзейнасць, развіваць іх эстэтычныя густы, і надавау у гэтым плане вялікае значэнне выразнаму чытанню.

Выразнае чытанне разглядаецца як мастацкае чытанне ва ўмовах агульнаадукацыйнай школы, як самастойны від выканальніцкага мастацтва. Раіцца выкарыстоўваць два віды выразнага чытання: чытанне настаўніка і чытанне вучняў.

Месца выразнага чытання на ўроку, лічыў І.І. Замоцін, можа быць вызначана толькі самім настаўнікам, бо цалкам залежыць ад навучальных і выхаваўчых задач, якія ставяцца пры вывучэнні канкрэтных тэм. Уся ўвага і намаганні настаўніка павінны быць скіраваны на тое, каб вучыць дзяцей любіць мастацкае слова.

Аднак выразнае чытанне настаўніка - толькі адна з састаўных частак урока літаратуры. Найбольшая ўвага павінна звяртацца на вывучэнне самога мастацкага твора і на распрацоўку яго выразнага чытання вучнямі.

Вучыць асновам выразнага чытання, на думку I. Замоціна, неабходна паступова, з улікам узроставых асаблівасцей і творчых магчымасцей вучняў.

Працэс распрацоўкі выразнага чытання, паводле метадычных прынцыпаў I. Замоціна, грунтуецца на двух асноўных прынцыпах:


  • паступовым засваенні зместу твора;

  • уліку развіцця творчай індывідуальнасці вучня.

Асаблівая ўвага настаўніка звяртаецца на адзінства лагічнага, вобразнага і эмацыянальнага пры ўспрыманні мастацкага твора ў школе, а таксама і пры яго ўвасабленні ў вуснае жывое слова.

Не абышоў увагаю Іван Замоцін і праблему развіцця пісьмовай мовы вучняў, разглядаючы пісьмовыя працы як адно са звёнаў у іх літаратурным развіцці. Ён аддаваў перавагу сачыненням і пераказам. У працах вучонага акрэслена прыкладная тэматыка творчых прац. Праўда, у адрозненне ад іх сучасных відаў (анатацый, водгукаў, рэцэнзій, эсэ) творчыя працы, якія прапаноўваў метадыст, па форме нагадвалі сённяшнія сачыненні на вольныя тэмы. Тэматыка, рэкамендаваная вучоным, досыць шырокая і разнастайная, у асноўным звязаная з інтарэсамі, заняткамі дзяцей; іх захапленне ў вольны час, узаемаадносіны з равеснікамі, бацькамі, настаўнікамі, свет прыроды ў вучнёўскім успрыманні, сяброўства са свойскімі жывёламі і інш.

У навучанні напісання сачыненняў метадыст раіў прытрымлівацца дыдактычнага прынцыпу паступовасці. Спачатку, лічыў ён, неабходна навучыць дзяцей складаць тэкст з некалькіх сказаў, напрыклад, па малюнку, ці прапанаваць расказаць пра здарэнне, сведкам якога яны былі. Далей праца можа ісці ў наступнай паслядоўнасці: апісанне ці разважанне пра жывёл, пра збудаванні, пра тое, што зацікавіла, прыцягнула ўвагу, і толькі затым можна пераходзіць да твораў мастацкай літаратуры. Вучоны лічыў, што вучні павінны авалодваць такімі відамі выкладу матэрыялу, як апісанне, разважанне, апавяданне.

Такім чынам, Іван Замоцін распрацаваў найбольш важныя пытанні методыкі выкладання літаратуры, стварыўшы, па сутнасці, першы падручнік па гэтай важнай дысцыпліне для вышэйшых навучальных устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў-славеснікаў.

Калі б не трагічны лёс вучонага, калі б яго працы на доўгі час не былі схаваны ад чытачоў, то многія пакаленні беларускіх настаўнікаў літаратуры атрымалі б добрую метадычную падрыхтоўку. Бясспрэчна, што педагагічная спадчына Івана Замоціна аказала б плённы ўплыў і на развіццё навукі пра выкладанне мастацкага слова ў школах Беларусі.

Фактычна працы вучонага па методыцы выкладання літаратуры пачалі вывучацца толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. I нават не столькі вывучацца, колькі выкарыстоўвацца ў сучаснай методыцы выкладання роднай літаратуры.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка