Ягор конеў Забойца з роду Дастаеўскіх




старонка1/5
Дата канвертавання19.03.2016
Памер0.72 Mb.
  1   2   3   4   5


Ягор КОНЕЎ
Забойца з роду Дастаеўскіх
Гістарычная драма ў двух актах
Твор заснаваны на сапраўдных падзеях, якія адбываліся ў 1606—1609 гадах у Менскім ваяводстве
Дзеючыя асобы:
Андрэй Станкевіч — менскі земскі суддзя.

Фелікс Віславух — памочнік і сакратар Станкевіча.

Марына Стэфанаўна Карловіч (у дзявоцтве — Дастаеўская) — удава Станіслава Карловіча, уладальніка маёнтка Дурыніцы.

Раіна Стэфанаўна Дастаеўская — родная сястра Марыны.

Казімір Карловіч — родны сын Станіслава Карловіча ад першага шлюбу, пасынак Марыны.

Ян Тур — аканом у маёнтку Дурыніцы.

Салямон Псарскі — менскі зямянін, другі муж Марыны.

Акт 1
Дзея 1
Маёнтак Дурыніцы.

Гасцявы пакой з крэсламі, люстэркам, шафай і сталом.

Насупраць чырвонага кута з абразамі — печ і качарга.

Уваходзіць Марына Карловіч у багата аздобленай жалобнай сукенцы. Прыхарошваецца перад люстэркам, час-почас пазірае ў акно.


Марына. Янка! Пане Тур!
Уваходзіць Ян Тур, кланяецца.
Марына. А ці гатовы, пане мілы, сустрэць мы госця важнага?

Тур. Мяркую, пана суддзю зачаруе пекнасць вашай парсуны.

Марына. Велцэ на тое спадзяюся.

Тур. Будзе яму да густу парадак у вашым маёнтку.

Марына. (хмурыцца). Пакуль што не маім… А ці падмялі двор?

Тур. Двойчы.

Марына. А ці памылі падлогу ў доме?

Тур. Тройчы.

Марына. А ці падрыхтавалі пакой для гасцей?

Тур. Суддзю чакае новая пярына. Яго сакратара — свежая салома.

Марына. Ці прасачыў, каб слугі ўмыліся, прычасаліся?

Тур. Ім загадаў я носа на двор не сунуць.

Марына. А як там пасынак час бавіць?

Тур. Сядзіць у клеці ціха, як калода. Чытае малітоўнік. Яму ўначы вяроўку я падкінуў. Падумаў: мо павесіцца? А ён і не варухнуўся.

Марына. (прыкра). Вось жа рухля, доўбня дурная!.. Ну, ды няхай наконт яго земскі суддзя клапоціцца. (Уздыхае.) Ды толькі дзе ён важдаецца? Чаму марудзіць?

Тур. Змушае чакаць сябе суддзя разумны. Інакш паменшыцца павагі да яго асобы. А гэта шкодна для закону.

Марына. Калі б мой дзядзечка не ўгаварыў яго заняцца нашай справай, чакаць мы мусілі б куды даўжэй.

Тур. Карысна мець сваяка суддзю Галоўнага трыбунала.

Марына. Але ж без пастановы земскага суда і Трубунал за мной маёнтак не зацвердзіць. Маёмасныя справы разглядаюцца строга па інстанцыях. Такі парадак непарушны ў нашай Рэчы Паспалітай.

Тур (спачувальна). О, бюракратыя! Як іржа крышыць жалеза, так неўзаметку яна разбурае дзяржаву.

Марына. (прыкладае далоні да грудзей). А калі падчас размовы я незнарок зраблю вось так? Ці не надта пазорысты выгляд прымаю?

Тур (моршчыцца.) Баюся, ягамосць суддзя не пра следства пачне думаць, але наконт вашых павабаў і пяшчотаў.

Марына. (летуценна). Ах, люблю я зачароўваць паноў!

Дзея 2
Уваходзіць ФЕЛІКС ВІСЛАВУХ.
Віславух (здымаючы капялюш). Шаноўнаму панству наш нізкі паклон! Як кажуць, госць у дом — то і Бог ідзе ў дом...

Марына (апускаецца на калені, гаротна прыкладае рукі да грудзей). Знядоленае ўдава прыпадае да ног вашай міласці! Кроў майго бязвінна забітага мужа прагне помсты і справядлівасці!

Віславух. Буду мець на ўвазе.

Тур (падае на калені). Пакарайце забойцу, ваша міласць!

Віславух. Абавязкова. Толькі вы крыху памыліліся. Я не суддзя, а ягоны сакратар. Розніца паміж намі істотная. Ягамосць пан земскі суддзя атрымлівае жалавання шаснаццаць коп грошаў. А сакратар — чатыры. У раз’ездах на пастоі ягамосць спіць на пярыне, а я — на саломе. Прынамсі, пярына для яго міласці гатова?

Марына (падымаецца). Так. Але куды яго міласць падзеліся?

Віславух. На ганку. Бруд з ботаў дзеркачом счышчае. Патрапілі мы ў недарэчнасць. З Менску ехалі на конях. А недалёка ад вашай брамы яго міласць, стаміўшыся ад трасяніны, пакінуў сядло, пажадаў пешшу прагуляцца. Забалбатаўся дый не заўважыў, як ступіў у каравяк.

Тур (падымаецца з каленяў). Якая псота для судзейскага гонару!

Віславух. А ён жа любіць выглядаць прыгожа!.. Я ўжо і коней завёў на стайню, і паклажу склаў у сенцах, а ён усё дзеркачом ачышчае бруд з абутку. Такі ягамосць чалавек. Усякую справу чыніць дбайна. І не супакоіцца, пакуль не завершыць яе з бляскам.

Дзея 3
Уваходзіць Андрэй Станкевіч.
Станкевіч (папраўляе на галаве капялюш з пер’ем). Спяшаюся засведчыць вам глыбокую пашану. Як кажуць, госць у дом...

Марына (апускаецца на калені, цягне рукі да Станкевіча). Няўцешная ўдава прыпадае да ног найяснейшага суддзі! Кроў майго бязвінна забітага мужа моліць пра справядлівасць!
Станкевіч падае знак Віславуху. Той падымае Марыну.
Віславух (Марыне). Яго міласць уважліва разбярэ вашу справу.

Тур (падае на калені). Пакарайце забойцу, літасцівы пане!

Віславух (падымаючы Тура з каленяў). Знойдзем і пакараем.

Станкевіч (Марыне). Маю гонар адрэкамендавацца...

Марына. Мы апавешчаны ўжо. І рады вітаць у нашым сціплым кутку пана земскага суддзю Андрэя Станкевіча, менскага зямяніна, шляхціца герба Астоя. Мой дзядзечка Пётр Сасінавіч Дастаеўскі ў сваім лісце ўсё падрабязна распавёў пра вашую міласць.

Станкевіч. О, дзядзька ваш — найшчодрая душа. І я сардэчна рады вітаць яго любую пляменніцу... (Забыўшыся імя, запытальна глядзіць на Віславуха.)

Віславух (вымае з куштуша папяровы скрутак, чытае). «Пані Марына Стэфанаўна Карловіч. Шляхцянка герба Радван. Старэйшая дачка маршалка пінскага Стэфана Іванавіча Дастаеўскага. Шаснаццаць гадоў была замужам за ўладальнікам маёнтка Дурыніцы панам Станіславам Карловічам. У ноч забойства мужа...»

Станкевіч (Віславуху). Досыць. (Марыне) Кланяюся пачціва пані. Прыміце мае шчырыя спачуванні. (Апускаецца на калена, цалуе Марыне руку, падымаецца. Туру) І вас рады вітаць я, пане...

Віславух (зачытвае). «Ян Тур. Беззямельны шляхціЦ герба Грыф. Восем гадоў служыць аканомам...»

Тур (падае на калені, цалуе Станкевічу руку). Здароўя і ўсяго добрага ад Пана Бога верна вашай міласці зычу!

Віславух (чытае). «Маёнтак Дурыніцы. Дараваны роду Карловічаў за ратныя заслугі каралём і вялікім князем Аляксандрам. Семсот валок зямлі і луг на беразе Свіслачы. Да таго вёска і сто дзве душы халопскія, гаспадарчы дом а дванаццаць пакояў, сад з сажалкай, флігель з кухняю, каморамі, пакоямі для прыслугі. Дворні дзесяць душ. Гаспадарчыя пабудовы: гумнішча, клеці, стайня, хлеў і бровар. На пачатак года пражывалі ў Дурыніцах пяць шляхетных душ...»

Тур (Віславуху). Грунтоўна ж вы падрыхтаваліся да візіту.

Віславух (хаваючы скрутак). Уважлівыя мы да кожнай дробязі.

Станкевіч. Я бачу дзве шляхетные душы. Трэцяя адпачывае ў райскіх шатах. А дзе яшчэ дзве?

Марына. Чацвёртая — мой пасынак Казімір, сын пана Станіслава ад першага шлюбу. А пятая — мая сястра панна Раіна Дастаеўская. Як пайшла я замуж, то бацюхна загадаў, каб і сястру ў Дурыніцы забрала. Ён браў другі шлюб і не жадаў, каб Раіна ім з новай абранніцай вочы назаляла. Жывецца тут Раіне куды лепей, чым у бацькоўскім доме. Блага, бадай, што з цягам часу характар у сястры псуецца.

Станкевіч. Паводле этыкету мушу засведчыць я пашану ўсім шляхетным асобам у маёнтку.

Марына. З панам Казімірам можаце пагаварыць, калі пажадаеце. Што ж да маёй сястрыцы, то прасцей вала за хвост выцягнуць з балота, чым яе завесці ў кола прыстойнага люду. Аднак я паспрабую. (Туру) Калі ласка, пане Тур, да нас панну Раіну запрасіце.

Тур (пакланіўшыся). Як заўгодна наймілейшай пані. (Выходзіць.)

Дзея 4
Станкевіч (Віславуху). Пан Фелікс, прынясіце рэчы.
Віславух выходзіць і вяртаецца, цягне мяхі з паклажай, раскладвае на стале паперы і пісьмовыя прыналежнасці, вешае ў шафе на цвікі судзейскае адзенне.
Марына (Станкевічу, указваючы на крэсла). Ваша міласць, пэўна, стамілася ў дарозе. Прашу, перадыхніце...

Станкевіч (Марыне). О, я так змучыўся сядзець у сядле. Але ж у крэсле цяжкавата прэзентаваць вам новы строй, падораны вашым дзядзечкам-дабрадзеем.

Марына. Бракуе слоў мне, каб засведчыць шчыра, наколькі гэтЫ кунтуш пасуе да стройнай постаці вашай міласці.

Віславух. Ён з альтамбаса, шоўкавай тканіны.

Станкевіч. Кунтуш прыгожы. А жупан пад ім!

Віславух. З галандскага фалендышУ. Тонкае сукно.

Станкевіч (дэманструючы штаны). А шаравары! На вянгерскі манер пашыты. (Здымаючы капялюш і пагладжваючы пальцам пер’е). А каўпак! З сабаліных шкурак выраблены. Плюмаж — з пер’яў чаплі. А верх — з шоўку. Каб сонца ў галаву не напякло.

Марына. Дзе быў такі панадны кавалер шаснаццаць гадоў таму?

Станкевіч. У Кнайпхофе, што ў Прусіі, вучыўся. Спасцігаў мудрасць юрыдычнае навукі. Сустрэліся б мы тады — ваша мосць у мой бок і не чыхнулі б.

Марына (уздыхае). Хто ведае...

Станкевіч. Тады я выглядаў не авантажна. Хударлявы, вуграваты купецкі сын. Апрануты ў абноскі, абуты ў атопкі. Акраец хлеба падаваўся мне смачным, бы цукровы пернік. Аднак нястача і ліхтуга маю волю не надламілі, а ўмацавалі.

Марына. Затое цяпер ваша міласць веле аздобны, бы паўлін.

Станкевіч. Які б узрост ні меў чалавек, але ў душы ён захавае смутак пра штосьці, чаго не атрымаў у маладосці. Ад таго і я грэшным чынам ахвочы да гожага адзення. І калі ваш дзядзечка прэзентаваў мне кунтуш, жупан і пояс, прызнаюся, быў я афектаваны...

Віславух. А яшчэ ён падарыў каўпак з пер’ем і шаравары.

Станкевіч. І свой прэзент пан суддзя Галоўнага трыбунала суправадзіў пакорлівай просьбай — закінуць усе справы, імчаць у Дурыніцы, увязніць забойцу мужа вашага Станіслава Карловіча і зацвердзіць вашу мосць у правах нашчадка першае чаргі.

Марына. Калі наш бацюхна Стэфан Іванавіч Дастаеўскі адыходзіў на вечны спачын, то дзядзечка даў яму зарок, што будзе апекаваць нас з Раінаю. З тае прычыны ён так і клапоціцца.

Віславух. І вось мы тут, хоць незавершаных спраў у нас яшчэ процьма. А дакладней, два з паловай мяхі.

Станкевіч. Мяркую, да першага снегу ўправімся.

Марына (здзіўлена). Так доўга? Лістапад жа толькі распачаўся.

Станкевіч. Працэс дазнання, літасцівая пані, падобны не да бегу скакуна, але да язды ў гару нагружага воза. Суддзя абавязаны і забойцу адшукаць, і вердыкт зацвердзіць, і дакументацыю аформіць.

Віславух. Наконт складання пратаколаў — тут я майстра.

Марына. Аднак павозка вашая пакіруе не ўгору, а з гары. Убойца схоплены па гарачай крыві і чакае вашу міласць пад замком.

Станкевіч. Злачынца ўжо ўвязнены?

Марына. То Казімір. Мой пасынак. Знешне падаецца людзям ён пачцівым, а ўнутры поўны крывадушша і аблуды. У ноч забойства пан Тур са слугамі схапілі яго на месцы злачынства ды ў клеці зачынілі. Цяпер ваша міласць можа прымяціць да яго працэдуру катавання.

Станкевіч. А сведкі яго зламысніцтва? А матыў душагубства?

Марына. Ключніца і кухарка неаднойчы бачылі, як сын і бацька зацята спрачаліся і сварыліся. Траўніца і конюх чулі, як пан Казімір сярдзіта вымаўляў, што з такога бацькі можна суп зварыць.

Станкевіч. А ці пацвердзяць яны тое пад прысягай?

Марына. Яны ўсё зробяць, што я ім скажу. А што да відавочнага матыва, то вось ён, ваша міласць. (Вымае са стала папяровы скрутак з пячаткамі, працягвае Станкевічу.)

Станкевіч (разгортвае скрутак). Тэстамент пана Станіслава Карловіча. Складзены і завераны за месяц да яго скону.

Марына. Новы тэстамент. Напісаны пасля зацятай спрэчкі з сынам. У ім любы муж пакідаў мне ўсю маёмасць. А вось ранейшае завяшчанне. (Вымае іншы скрутак са стала, аддае Станкевічу.) У ім нашчадкам першай чаргі быў названы Казімір. Уявіце, што адбывалася ў душы пасынка, калі ён даведаўся, што бацька пазбавіў яго спадчыны? Калі была толькі душа ў бацьказабойцы...

Станкевіч (звярае паперы). Натарыяльнае засведчанне сапраўднае. Родавыя пячаткі ды подпіс уладальніка супадаюць. (Глядзіць на Марыну.) Мне вызначылB вы кірунак следства. (Працягвае скруткі Віславуху.) Далучыць да доказаў.
Віславух вымае з палатнянага пака скураны мех.
Віславух (Марыне, складваючы скруткі ў мех). Тут я захоўваю пратаколы, паказанні сведак, допытныя лісты. Штодня мех будзе разбухаць, а мне яго цягаць. У час суда яго міласць зноў перагледзіць усю гэтую папяровую кучу, а потым адправіць у архіў, дзе яна або згніе, або яе мышы з’ядуць, або вартаўнікі ёю печку распаляць.

Станкевіч (Марыне). Мой сакратар-філосаф у вольную часіну памудрагеліць любіць наконт тленнасці ўсяго існага.

Дзея 5
Уваходзіць Ян Тур.
Тур. Панна Раіна шле прысутным прабачэнне. Мовіла яна, што не мае настрою ўдзельнічаць у шумных зборышчах у непрыдатны для забаў час. (Пераймаючы голас Раіны.) «Журыцца нам належыць у час жалобы. А я маліцца буду за спачын душы нябожчыка, за здароўе прыезджых і каб Пан Бог не адвярнуўся ад Дурыніц».

Марына (Туру). А ці сказалі вы ёй, пане мілы, што некалі мая цярплівасць вычарпаецца?

Тур. Казаў. І нат настойваў. Ад таго пацярпеў псоту. (Дакранаецца да пачырванелай шчакі.) Затое часу не губляў і распарадзіўся, каб на стол накрылі. Для важнага госця адмысловы пастаўлены посуд — з саксонскага фарфору. Найперш пададуць міндальны суп з разынкамі, затым смажаныя мядзведжыя лапы, а потым рыбу, фаршыраваную свінінай. Дзеля ўмацавання апетыту паднясуць віна гішпанскага, затым хмяльнога мёду, а потым рукі да гарэлкі пацягнуцца.

Станкевіч. Кожнай страве ўдзелім мы выключную ўвагу.

Марына (прыкладаючы далоні ніжэй грудзей). У нашым маёнтку кожны будзе рады выканаць любое пажаданне вашай міласці.

Станкевіч. За ўсё я загадзя ўдзячны. Не буду вас затрымліваць. Сядайце за стол. А мы пераапранемся і неўзабаве да вас далучымся.

Марына. Ці варта разлучацца з такім прыгожым строем? Здаецца мне, гэты шыкоўны ўбор яскрава адлюстроўвае цноты вашай душы.

Станкевіч. Для паўсядзённай руціны лепей пасуе звычайнае адзенне. Належыць выканаць нам усе працэдурныя нормы і апытаць сведак. Часта вінаватасць выяўляецца без катаванняў, прэнгу і зламаных рэбраў. Але на падставе доказаў і неаспрэчных вывадаў.

Тур. Няўжо такое магчыма?

Станкевіч. Пераканаецеся самі. Аднак пазней, пазней, пазней.

Марына. Чакаем вас мы нецярпліва. (Кланяецца Станкевічу. Туру, нягучна.) Расчаравана я, мой пане мілы!

Тур. Калі магчыма ерась у юрыспрудэнцыі, то ў Дурыніцы завітаў заўзяты ератык. Ён сумняваецца ў карысці катаванняў!.. А яшчэ мне падалося, быццам паміж суддзёю і яго сакратаром склаліся асаблівыя стасункі. Такія, што цяпер мне зразумела, чаму суддзя зусім не ўсхваляваны такой прыгожаю белагаловай, як ваша мосць.

Марына (сумна). А я ж прасіла дзядзечку, каб даслаў нам не п’янюгу і не хабарніка. Вось і дачакаліся.

Тур. Часам трэба сцерагчыся ажыццяўлення нашых мараў.
Марына і Тур выходзяць.

Дзея 6
Станкевіч здымае капялюш, аддае Віславуху. Той пакуе капялюш у мех.
Віславух. Здаецца, пане Андрэй, нас прынялі за палюбоўнікаў.

Станкевіч. Мяркую, беспадстаўная зламыснасць — не горшае з таго, што тут адбываецца. Што запрыкмецілі вы, пане Фелікс?

Віславух. Пані лашчылася да вас, аж са скуры вылузвалася.


Станкевіч раскручвае пояс. Віславух яму дапамагае.
Станкевіч. Грэшна змушаць да распусты ўдаву ў тую часіну, калі яе мужа дагрызаюць магільныя чарвякі.

Віславух. А гаспадынька ж хараства невымоўнага! Пекная, як пацерачка. Прыгожая, як красачка. Аблічча пастройнае. Парсуна бела-румяная. Валасы — руністыя, бы шоўк. Шчокі — як макавы Квет. Броўкі — бы падкоўкі. Губкі — бы малінкі. А як далоні да грудзей прыпячатала! Глядзець на яе павабы пахмельна...
Станкевіч здымае кунтуш, жупан і парадныя боты.

Віславух усё пакуе ў мех. З іншага меху вымае і дапамагае Станкевічу нацягнуць паўсядзённыя боты, жупан, кунтуш і пояс.


Станкевіч. А вы ў вочы ёй зірнулі?

Віславух. Часу не знайшоў.

Станкевіч. Як угневалася яна, калі сястра аслухалася яе загаду!

Віславух. У кожнай бабы нораў сапсуецца, калі багата даць ёй волі над халопамі.

Станкевіч. А ці заўважылі вы, пане Фелікс, каштоўныя пярсцёнкі на яе пальцах? А пацеркі жамчужныя на шыі? А рубінавыя завушніцы? Ёй хочацца купацца ў раскошы.

Віславух. Такая пыха здаўна ўласціва многім дочкам Евы.

Станкевіч. А ці ўзялі на вока, што дом і гаспадарчыя будоўлі выглядаюць лядашчымі? Значыць, багацця Карловічы не нажылі. З таго вынікае супярэчнасць паміж памкненнямі пані Марыны і яе магчымасцямі. Што могуць спарадзіць такія супярэчнасці?

Віславух. Яна пад падазрэннем? Таму ваш новы кунтуш змяніўся абношаным шарсцяным чэхманам?

Станкевіч. Яе аблічча прыносіць вачам замілаванне. Але якія сакрэты ўтойвае пекная парсуна? Шлюб пані Марыны, пэўна, нешчаслівы. Бо за шаснаццаць гадоў дзяцей не нажылі. І мужа свайго не кахала. Колькі ні згадвалі пра яго, а яна слязам волі не дала.

Віславух. Сапраўды. Звычайна ўдава тры месяцы раве нема, румзае, валасы жмутамі рве, твар драпае. А паводзіны пані Марына зусім не адпавядаюць удовінаму этыкету.

Станкевіч. А сястра яе? Ці можаце ўявіць немаладую незамужку, якая не жадала б акінуць вокам гасцей мужчынскага полу?

Віславух (падумаўшы). Не магу.

Станкевіч. А калі панна Раіна не пайшла ў пакой, дзе былі яе сястра і аканом, то, значыць, некага з іх невымоўна баіцца або ненавідзіць. На што здатная такая белагалоўка?

Віславух (складае ў скураны мех паходны пісьмовы набор). З кожнай вашай развагай кола падазроных асоб пашыраецца.

Станкевіч. Трывога мне сцінае сэрца. У хуткім часе нам належыць аддзяліць агнцаў ад дэманаў, невінаватых ад злачынцаў. Дзеля таго будзьце напагатове. Захоўвайце розум цвярозым, а ў абліччы — добразычлівасць. Я буду распытваць, а вы — пяром махаць.

Віславух (уздыхае). Цвярозы розум? Значыць, не каштаваць мне пакуль ані віна, ані аквавіты, ані гарэлкі анышовай?

Станкевіч. І не паварочвайцеся спінаю да аканома. Ці бачылі, як ён раз’юшыўся, калі ўдава са мной какетнічала? Відаць, ён самачынна ўсталяваў манаполію на хараство нашай красуні.

Віславух. Як лоўка вы ўсё прыкмячаеце!

Станкевіч (азірае сябе ў люстэркУ). Годзе даймаць гаспадыню чаканнем. Хадземце вячэраць. А ранкам распачынаем следства.
Прыхапіўшы скураны мех, Віславух і Станкевіч выходзяць.

Дзея 7
Уваходзіць сціпла апранутая Раіна Дастаеўская з абразом у руках. Жагнае сцены пакоя, ставіць ікону ў вугал, зазірае ў шафу, мацае тканіну судзейскага адзення, разглядвае паперы на стале.

Ціха ўваходзіць Віславух са скураным мехам за плячыма. Кладзе мех, вывучае наведвальніцу, падкрадваецца, хапае Раіну за талію.


Раіна (спалохана). Ратуйце!

Віславух. Памочнік тут, дарачка мая! Цябе я ўратую, красачка...

Раіна (павярнуўшыся і заляпіўшы Віславуху поўху). Пакорна вам удзячна! Аднак абыдземся без вашага клопату!

Віславух (разгублена). Вы не ключніца. І не пакаёвая служка.

Раіна (з’едліва). О, ваша міласць умее распазнаць людзей!

Віславух. Я не суддзя.

Раіна. Вядома. З такімі замашкамі суддзёю вам не быці!

Віславух. Але ягоны сакратар. Таксама досыць уплывовая асоба. Пан Фелікс Віславух, да вашых паслуг. З кім маю гонар гаварыць?

Раіна (кланяецца). Раіна Дастаеўская, шляхцянка герба Радван.

Віславух (кланяецца). Прашу наймілейшую панну дараваць мне памылку. Ваша сціплая сукенка змусіла прыняць вас за прыслугу.

Раіна. Меркаваць пра чалавека толькі паводле яго адзення — прыкмета дурноты. Нават для шаноўнага судзейскага сакратара. А цяпер прашу мне дараваць, што вас патурбавала. (Ідзе да дзвярэй.)

Віславух (заступае ёй шлях). Злітуйцеся, не я тут устрывожаны, а вы. А яго міласць гасцюе ў суседа вашага, пана Карабурды. За кубачкам наліўкі вядзе размову з ім пра апошнія дні пана Станіслава Карловіча. А мне, каб час дарма не марнаваў, загадаў начыста перапісаць і суправадзіць пячаткамі допытныя лісты. (Вымае з меха стос спісаных лістоў і паходны пісьмовы набор, кладзе на стол). Зрабіце ласку, можаце пабачыць, якім багаццем разжыліся мы.

Раіна. Я бачыла. Краем вока пазірала за вашымі ўчынкамі. У першы дзень вы распыталі ўсіх шляхетных жыхароў Дурыніц.

Віславух. Аднак карысных звестак не здабылі.

Раіна. На другі дзень дапыталі ўсю прыслугу ў маёнтку.

Віславух. І зноў карціна злачынства не праяснілася. Прыслуга ў вас такая баязлівая, быццам яе бізунамі праз дзень частуюць.

Раіна. Радзей. А да повара і кухаркі лазіна не дацягваецца. Бо яны ж, як пакрыўдзяцца, могуць і ў суп плюнуць.

Віславух. Яшчэ і аканом ваш, бы каршун над курамі, увесь час блізка кружляе, зухаватым вокам на сведак пазірае.

Раіна. А на трэці дзень паехалі вы ў вёску і апыталі ўсю радню нашай прыслугі. Мудры ўчынак! Сваякам кучар або ключніца раскажуць тое, пра што ў размове з панам прамаўчаць.

Віславух. Ідэя належыла пану Станкевічу. Але і я хацеў яму параіць тое ж самае. Калі б такая думка прыйшла мне ў галаву.

Раіна. Не смуткуйце, пан Віславух. Іншых людзей разумная думка за ўсё жыццё не наведвае. Пэўна, вы ў шэрагу такіх абраннікаў.

Віславух (пакрыўджана). Затое пану Андрэю я тройчы ратаваў жыццё. (Памуляўшыся.) Ну, калі шчыра, двойчы. Насамрэч у карчме пад Астрашыцамі яго міласць і сам смела біўся, шабляй сцяў галаву злачынцу. А я тым часам з сякерай у руках бараніў суддзю са спіны.

Раіна (заінтрыгавана). З чаго ж такая вернасць і адданасць? Мала каму з нашай шляхты ўласцівы такія вартасці.
  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка