Яго вялікасць хлеб




Дата канвертавання05.05.2016
Памер38.91 Kb.
Яго вялікасць хлеб.
Якіх толькі эпітэтаў не прыдумалі людзі да слова хлеб: духмяны, водарны, румяны. Як чалавек, што перажыў вайну, я магу дадаць да гэтага пераліку яшчэ некалькі: крывавы, нялёгкі, сірочы, салдацкі, чэрствы. Менавіта такім ён быў у Вялікую Айчынную. І многія людзі аддавалі за яго жыццё.

З першых дзён акупацыі фашысты аднавілі былыя панскія маёнткі, якія існавалі на Мядзельшчыне пры буржуазна-памешчыцкай Польшчы да верасня 1939 года, паставілі ў іх сваіх упраўляючых, склалі спісы жыхароў вёсак, вызначылі нормы здачы на прыёмныя пункты прадуктаў, у тым ліку збожжа.

Селянін з вёскі Навасёлкі, цяпер яна ўваходзіць у склад Мядзела, Сямён Купрэвіч да вайны быў механізатарам. З прыходам фашыстаў застаўся гаспадарыць на бацькавай сядзібе. Пачуў ён, што сяляне зжалі жыта ў маёнтках, збіраюцца малаціць яго, прыгнаўшы на станцыю Княгінін трафейны трактар і малатарню савецкай вытворчасці. Навасёлкі былі, як кажуць, пад бокам мядзельскага гарнізона. Выклікалі Купрэвіча ў камендатуру і загадалі яму ехаць за тэхнікай і перагнаць яе сваім ходам у Вузлу, дзе ў былых асадніцкіх гаспадарках стаялі неабмалочаныя стагі жыта. Давялося выконваць загад, прыцягнуць малатарню пад самую сцірту. Але хлеб той ён так і не абмалаціў, ноччу партызаны ўзарвалі і трактар, і малатарню. Згарэла сцірта снапоў.

Праз некалькі дзён Сямён атрымаў чарговы загад: браць новы трактар, малатарню і спяшацца ў маёнтак пад Слабаду. Зноў малацьба не адбылася. Тут таксама пагаспадарылі партызаны. Не атрымалі акупанты збожжа для сваёй арміі.



  • Я вельмі радаваўся, - казаў пасля вайны механізатар Купрэвіч, - што знайшліся людзі, якія шкодзілі ворагу. Пасля выгнання фашыстаў зноў працаваў механізатарам, 22 гады кіраваў тэхнікай, цешыўся, што вырашчаны пры маім удзеле хлеб ішоў на карысць народа.

Калі ж акупантам удавалася абмалаціць ураджай і ссыпаць у свірны, дык партызаны пры дапамозе насельніцтва рабілі напады на маёнткі, разганялі варту, а збожжа раздавалі жыхарам навакольных вёсак, будынкі падпальвалі. Так, напрыклад, было ў маёнтку Альшэва.

У кнізе “Людзі Нарачанскага краю” пішацца, што аперацыі па ліквідацыі маёнткаў не толькі пазбаўлялі гітлераўцаў вялікай колькасці прадуктаў, але і паказвалі бясілле захопнікаў у барацьбе з народам. Яны садзейнічалі пашырэнню сувязяў партызанаў і насельніцтва, арганізацыі партызанскага руху ў Нарачанскім краі.

Частку збожжа з разгромленых маёнткаў партызаны забіралі сабе, каб спячы хлеб. Камандаванне партызанскай брыгады імя Варашылава рабіла запасы мукі такім чынам. Разграміўшы немцаў у вёсцы Вузла, народныя мсціўцы ўстанавілі кантроль над млынам, прызначылі млынара. З навакольных вёсак сяляне прывозілі сюды малоць збожжа, пэўную колькасць мукі пры гэтым пакідалі ў млыне. Адсюль яе развозілі па вёсках, дзе жанчыны пяклі хлеб.

На хутары Гаць, што паблізу ад Чарэмшыц і базы партызанаў у Гатавіцкім лесе, селянін Аляксей Каўрус змайстраваў своеасаблівую дзяжу для прыгатавання цеста – з дошак збіў вялікую скрыню. Яго жонка Надзея штодзень выпякала для партызанаў хлеб.

Муку з Вузлы прывозілі партызаны і ў вёску Місуны. Сялянкі Ганна Кордзевіч, Марыя Місуна і іншыя жанчыны амаль кожны дзень даставалі з печы па шэсць вялікіх боханаў для партызанаў.

Барацьба за хлеб стала прыраўноўвацца да баявой дзейнасці. “Не даць ворагу хлеба, сарваць яго нарыхтоўку, сельгассыравіны і лесу!” – такі лозунг стаяў на парадку дня”, - піша ў сваёй кнізе былы сакратар Вілейскага падпольнага абкама партыі Іван Клімаў. Паўсюдна вялася падрыхтоўка да веснавой сяўбы 1944 года пад лозунгам: “Сустрэнем Чырвоную армію высокім ураджаем!”

У партызанскіх атрадах на Мядзельшчыне налічвалася больш за 20 прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей былога СССР і замежжа. Усе яны знаходзілі падтрымку сярод мясцовага насельніцтва. Былы разведчык спецатрада “Баявы” Генадзь Капусцёнак у сваёй кнізе ўспамінаў напісаў наступнае: “Штаб атрада размяшчаўся ў вёсцы Ліпава ў невялікай хаце, у якой жыла Анастасія Паршута, удава з чатырма дзецьмі. Ежу гатавала гаспадыня дома”. Камандзір літоўскага партызанскага атрада Герой Савецкага Саюза Бронюс Урбанавічус так напісаў у кнізе “Людзі Нарачанскага краю”: “…Тут у любым доме можна было знайсці прытулак. І прывецяць, і накормяць. Мясцовыя жанчыны пяклі хлеб для беларускіх і літоўскіх партызанаў”.

Павел Вераб’ёў, былы ваеннапалонны, уцёк з канцлагера ў Каўнасе і знайшоў прытулак у вёсцы Азяроды ў хаце Паўла Паследа. Потым Вераб’ёў стаў камандзірам партызанскага атрада. У сваёй кнізе “Імя камсамола” ён напісаў пра нарачанцаў: “Мясцовыя жыхары дазвалялі адпачываць, давалі паесці ды яшчэ на дарогу забяспечвалі прадуктамі”.

За дапамогу народным мсціўцам гітлераўцы цалкам спалілі ў раёне 30 вёсак. Шмат жылля згарэла і ў іншых населеных пунктах. Людзі галадалі, не хапала хлеба. Пры яго выпечцы выкарыстоўваліся розныя дабаўкі.

У ліпеньскія дні 1944 года вораг быў выгнаны з Беларусі. Пачалося адраджэнне разбуранай народнай гаспадаркі. Жыхары раёна пачалі ствараць грамадскі фонд узаемадапамогі. Селянін з вёскі Янушова Юльян Шульга першым у раёне ўнёс у яго 35 кілаграмаў збожжа і 90 – бульбы. За адзін дзень ад сялян гэтай гаспадаркі паступіла ў грамадскі фонд 200 кілаграмаў збожжа. Селянін вёскі Круці Пётр Чарняўскі першым у вёсцы разлічыўся з дзяржавай па пастаўцы прадуктаў, у 1944 годзе здаў у фонд абароны 32 кілаграмы збожжа. Па сённяшніх мерках гэта невялікая колькасць, але ў той ваенны час яна ўяўляла прыклад высокай свядомасці і патрыятызму.



У школах раёна часта адбываюцца сустрэчы вучняў з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. На адной з іх вучаніца Нарацкай сярэдняй школы №2 спытала ў мяне, якім быў хлеб у ваенны і пасляваенны час? Я ўзрадаваўся такому пытанню, бо яно гаворыць пра тое, што і сённяшнія дзеці ўмеюць цаніць хлеб і ведаюць, што сам па сабе на стале ён не з’яўляецца. Гэта вынік работы і земляроба, і рабочага, і чалавека разумовай працы, і воіна, які стаіць на абароне сваёй зямлі. Таму ў мяне ўзнікла думка: а чаму б у кожнай школе не правесці такое мерапрыемства, як “Хлеб мой надзённы”. На яго можна запрасіць ветэранаў, сённяшніх працаўнікоў хлебнай нівы і пагаварыць пра тое, як нараджаецца хлеб.

Міхась Чарняўскі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка