Я заблудзіўся ў тайзе. Ліпнёвае сонца ледзь прабівае лясны гушчар змрочна, парна і вусцішна




Дата канвертавання12.05.2016
Памер120.38 Kb.
ВАРНАК*

Я заблудзіўся ў тайзе. Ліпнёвае сонца ледзь прабівае лясны гушчар — змрочна, парна і вусцішна. Сінявата-зялёныя хвашчы з чорнымі падпалінамі на суставах выцягнуліся ў чалавечы рост, шастае і хапае за рукавы трава -разун, на колішніх выгарах разлапушыўся і ківае ружовымі султанамі скрыпень. Мітусіцца, гудзе і дзынкае плойма сытых аваднёў. Нячутна прыліпаюць шэрыя сляпні і тупым болем працінаюць змакрэлыя плечы. Замшэлыя вываратні пазавальвалі ледзь прыкметныя лясныя сцежкі.

У такой гушчэчы апаноўвае страх. Нават самаму разважліваму чалавеку пачынаюць верзціся лесуны і страшыдлы: разгаты выварацень здаецца ўчэпістым павуком, сухая галіна — яшчарам, струхлелы пень — зеленабародым лесавіком. Тахкае, аж заходзіцца сэрца. Падыдзеш бліжэй, усміхнешся, а на цябе з таежных завалаў ужо глядзяць новыя пачварныя прывіды.

Трымціць гонкі асіннік, лена пагойдваюцца цёмныя верхавіны кедроўніку, шапацяць мяккія лапы лістоўніц, пырхаюць сініцы, цінькаюць дразды, іржавым рыпам скігоча сіваграк, а недзе на верхавіне, глуха, як у дамавіну

грукае дзяцел. Нямераная, няходжаная тайга жыве, шуміць, стракоча і дыхае далёкім прыглушаным водгуллем. Але колькі ні гукай, колькі ні крычы — ніхто не пачуе і не азавецца.

Няўжо так нікуды і не выб'юся? Куды ж тут выб'ешся, калі на сотні вёрст ні жывое душы, ні сяла, ні заімкі — тайга і тайга. I панесла ж нялёгкая шукаць тыя нікому невядомыя дзялянкі, каб накасіць на бясконца доўгую сібірскую зіму сена на каня і двух валоў. А каму ж ісці, як не мне? Наняўся гаспадарнікам у сямігодку, от і ламай галаву, як пракарміць сваіх падапечных, каб навазіць дроў школе і настаўнікам, вытраляваць бярвенне на прыбудоўку да інтэрната.

Эт, адна толькі назва — «загадчык гаспадаркі», а так — конюх, стальмах, рымар, адным словам — папіхач, хто куды пашле. Каб трымалі, трэба прыкідвацца майстрам на ўсе рукі. Як толькі наняўся, дырэктар загадаў зрабіць вось да старога зламанага воза. Што будзеш казаць? «Зраблю». А як яе рабіць, ліха яго ведае. Так-сяк вычасаў плаху з кручанае-перакручанае бярэзіны, пракруціў у падушцы дзірку пад шворан, абстругаў канцы, а загваздкі паставіў наўскасяк. Можа, і цяпер нехта ездзіць на тым возе і кпіць з недалужнага «стальмаха». 3 работай неяк выкручваўся, а з тайгі ніяк не выцерабіцца. Замарачэнне, дый толькі. Як ні глядзі на сонца — вісіць над галавою: кажуць, па свежых пнях можна ўбачыць, дзе поўдзень, а дзе поўнач, але ж знайдзі той пень! Тут, відаць, ніколі не ступаў чалавек. Адны вываратні ды буралом.

Зноў лезу ў гушчар: няхай трохі пахвошча вецце ссечаную сляпнямі і аваднямі спіну. Перапаўзаю цераз аслізлыя, замшэлыя вываратні. Ой! Здаецца, наперадзе трошкі пасвятлела. Прадзіраюся праз калючы шыпшыннік, густы падлесак, расхінаю вецце — і спыняюся расчараваны. Над маленькім, зацягнутым слізкім жабурыннем, азярцом прабілася сонца, берагі абступіў густы сіняваты чарот, і, як змяіныя галоўкі, пагойдваюцца аксамітна-карычневыя таўкачыкі. У цёмную ваду плюхаюцца і крумкаюць спалоханыя рапухі. За азярцом густа сплёўся маліннік. Буйныя ягады згінаюць вецце і п'яняць салодкім духам. Тут, відаць, ніхто не сарваў ніводнае ягадзіны: пераспее, асунецца і датлее на волкай зямлі. А малін — аж чырвана. Жменямі сасмыкваю халаднаватыя замглёныя чашачкі, каб хоць трохі прагнаць смагу, адысці ад стомы і супакоіцца.

А можа, недзе побач, у гэтым малінніку, шастае іх спрадвечны гаспадар — мядзведзь? Куды тады дзецца, як ратавацца? Успамінаюцца таежныя выпадкі і здарэнні, але нічым не магу суцешыцца. Прыгадалася, як надоечы наша селавая бабылка цётка Дуня пайшла ў маліны, убілася ў такі ягаднік — канца-краю не відно. Набрала вядзерца, а маліны, чым далей, тым буйнейшыя і спялейшыя. Прагны чалавек на дармаўшчыну. Ну як тут пакінеш? Браць няма куды, а яна ўсё латошыць ды жменямі ў рот, у рот: дай, думае, хоць наемся ўволю. Аж чуе, нехта шамель-шамель па малінніку. Толькі падумала: «Няўжо і сюды дапялі кардонаўскія ягадніцы?» — проста на яе прэцца нешта вялізнае і калматае; нагне лапаю куст — сасмоктвае сабе ягады. Падхапіла баба вядзерца ды ходу. Выцерабілася з гушчэчы. Куды кінуцца? Аж тут, як на тое шчасце, стаіць сагнутая бярэзіна. Шкода кідаць вядзерца, а хіба ж з ім уздзярэшся? Паставіла каля камля і спрытна, нібы каланок, узлезла на самую сярэдзіну. Адкуль тая і сіла ўзялася? Бярэзінка гойдаецца пад ёю, рукі дрыжаць, ледзь ліпіць старая. А ён, крывалапы, валюхаецца з боку на бок і павольна ідзе да яе. Задраў пысу, панюхаў, чмыхнуў, глядзіць, нібы ўхмыляецца маленькімі вочкамі, пакаціў вядзерца, лёг на траву і трушчыць сабе маліны на поўную зяпу, выгра-бае лапай і хрумстае. «Што ж ты робіш, гультай? — сварыцца старая.— На гатовенькае ласы. А назбіраць хвор?» Мядзведзь аблізаўся і, не раўнуючы, як малое дзіця, пакаціў вядро, біў, біў лапаю па баках, пакуль не спляскаў у аладку. Зірнуў на бабку і давай куляцца цераз галаву. Ляжа на спіну, перабірае лапамі, пераваліцца з боку на бок, стане на заднія лапы і «служыць», як тое шчанё. Малады яшчэ, дурэць, відаць, любіў.

Рукі ў старой дранцвеюць, а сядзіць, трымаецца. Так да змяркання пацяшаў бабку Дуню гаспадар таежных маліннікаў. Потым устаў, атросся, пазяхнуў і падаўся ў гушчар.

Усё гэта ўспомнілася ў адну хвіліну. I я сабе нагледзеў сагнутую бярэзінку, пастаяў, прыслухаўся. Толькі шамаціць чарот над возерам ды крумкаюць жабы. Зырка смаліць сонца, соладка пахне маліннікам і настоенай на леташнім лісці вадой азярынкі.

Але любавацца дзікай прыгажосцю няма калі — трэба некуды прабівацца, каб хоць завідна выйсці з гэтае гушчэчы. Расхінаю мяккае лісце з белай падпушкай і лаўлю губамі спелыя ягады.

«Тук-тук-тук...» Пэўна, дзяцел. Насцярожваюся. Не, стукат замаруджана глухі. Вушы выцягнуліся, як у зайца, хвіліну не дыхаю. Раптам зашумела, затрашчала і вухнула, аж зыбанулася пад нагамі зямля. Усё сціхла. Потым зноў тоненька, са звонам — «тук-бразь, тук-бразь». Няйначай, нехта валіць лес, абсякае сучча. Няўжо ёсць жывая душа ў гэтых непралазных нетрах?

Як праз калючы дрот, прадзіраюся цераз пераплецены маліннік: асыпаюцца, трушчацца пад нагамі ягады, хвошчуць па твары дубцы, спатыкаюся аб сапрэлыя пні, лезу пад вываратні, з-пад ног выпырхваюць патрывожаныя птушкі. А стукат усё бліжэй і выразней. Ад радасці хочацца закрычаць, каб пачуць жывы голас у адказ, але стрымліваю сябе: чаго добрага, яшчэ напалохаеш лесаруба, падумае, ці не ляснік, часам зашыецца пад выварацень — і не знойдзеш.

Я ўжо не адбіваюся ад заедзі, хоць яна гудзе, гойдаецца густою сеткаю і працінае цела нясцерпным свербам. Смыляць пасоленыя потам драпіны на руках, ледзь варочаецца шорсткі, як суконка, язык. За кустамі светла-зялёнымі струнамі трымціць асіннік, цягне куродымам, выразна чуваць, як цюкае сякера па хрусткім суччы. Паказалася нечая спіна і сівая кудлатая галава. Радасць перахапіла горла, але сцішваюся, выціраю шапкаю пот, стараюся ісці паважна, нібы ніколі і не блудзіў.

Высокі і тонкі, як тычка, дзед цярэбіць гонкую, з адламанаю верхавінаю асіну.

Гах-гах-гах!..— пакрэктвае ён, спорна махае звонкай сякеркаю, і, відаць, не чуе, як шапаціць і патрэсквае пад маімі нагамі сухое вецце. А можа, толькі прыкідваецца. Я ведаю стрыманасць сібіракоў і не здзіўляюся іх маўклівай суровасці. Спыніўся побач, а ён сабе і не шманае. Павітаўся. У адказ толькі — гах-гах-гах –

адлятаюць белыя, як скрылі рэпы, трэскі. Няўжо глухі? Потым дзед павярнуўся, уваткнуў у пянёк сякерку, зірнуў злінялымі вачыма:

- Здарова, паря. Калі памагаць, бяры сякеру, а палуднаваць — прыпасай лыжку.

Над пасівелым ад попелу вуголлем у закураным кацялку даправала варыва. У тайзе чалавека звычайна корміць тайга. Не толькі ягадамі і грыбамі. У гушчарах растуць тоўстыя саладкаватыя дудкі з парасончыкамі, як на кропе. Завуць іх чамусьці «піканамі». 3 іх здзіраюць ружавата-зялёную скуру і са смакам грызуць малыя і старыя. Крышаць піканы ў шчаўе і крупнік, параць у чыгунках і гаршчэчках. Тоўстыя цырубалкі плавалі і ў дзедавым кацялку.

Я ўзрадаваўся, пазнаўшы ў лесарубе дзеда Данілу. Ды дзе яго было адразу пазнаць? Звычайна сагнуты, завялы і шэры, з патухлымі слязлівымі вачыма, шаркаў ён па сяле латанымі-пералатанымі чыркамі — хадзіў часам ад аднае да другое нявесткі. Чацвёра яго сыноў не вярнуліся з фронту, жонкі даўно не было на свеце, і адзінокі дзед Даніла дажываў век у невялічкай лазні, пераробленай пад хату. Бывае, зойдзе да нявесткі, сядзе на парозе, смокча адну за другою цыгаркі з моцнага самасаду, маўчыць, толькі жмурыцца ад едкага дыму, а

можа, і так ад чаго. Вытра карычневым закураным пальцам вочы, глядзіць на ўнукаў і толькі часам уздыхае. Відаць, успамінае сыноў у такім веку, як гэтыя хлопцы, а можа, перабірае ў памяці сваё доўгае, ухабістае і каструбаватае жыццё.

Дзеда Данілу часам называлі «варнаком». Мянушка катаржніка ніяк не стасавалася да яго мяккага, зрэзанага глыбокімі разорамі, рахманага аблічча. Цяпер ён быў не такі: выпрастаўся, ускудлаціўся, расчырванеўся, у рос-хлісце задубелай ад поту палатнянай кашулі аж ільсніліся змакрэлыя вузлаватыя грудзі. На скручаных, як старое карэнне, руках набраклі тоўстыя жылы. Лязо вострай сякеры паблісквала, калі ён, нібы гуляючы, абсякаў свежае кучаравае голле. Пахла вільготнаю асінаваю гаркатою.

Дзед спляжыў ладную грыву гонкага асінніку, адмяраў і адсякаў шасціметровыя бярвенцы і без натугі вібіраў паз, высякаў чашку вугла, здзіраў з бервяна доўгія палосы тоўстай, мяккай кары, аж пырскала ад слізкай дзеравіны. Усё рабіў павольна, але вельмі спорна. Захлісне на чашку пятлю, перакіне цераз плячо вяроўку — слізкія бярвенні, здаецца, самі бягуць следам туды, дзе ўжо складзены свежыя вянцы зруба. Ніжнія бярвенні прывялі і пажоўклі.



  • Што гэта вы робіце, дзядзька Даніла? — пытаюся я.

  • Хіба не бачыш? — і, памаўчаўшы, да-дае: — Хату.

  • Якая ж з асінніку хата?

  • Э, паря, краснае дзерава перад асінаю не дакажа. Зальецца сокам, усохне, закасцянее — сякера адскоквае. Ні шашаль табе не паточыць, ні грыбок не завядзецца. Звон звонам хата будзе. А свежую, неакораную асіну што капусту шаткуеш. Даўней толькі з асінніку і стаўлялі.

Ен уваткнуў сякеру, сеў на слізкі хлыст і пачаў раскручваць доўгі скураны капшук. Побач прысеў і я. Плойма аваднёў лезла ў вочы, секла рукі і плечы, а каля дзеда толькі круціліся і ніводзін не садзіўся. Ён з ухмылкаю гля-нуў, як я адбіваюся ад заедзі:

- Адразу пазнаеш, што з Расеі. Любяць тутэйшыя павуты свежага чалавека.

. — А чаму вас не чапаюць?


  • Слова ад іх, ірадаў, ведаю, ды і скура на мне тоўстая — смаку таго няма,— хітра ўсміхнуўся стары.

  • Не, праўда. На мне жывога месца няма, а да вас — ані блізка.

- Гэта ты ў школу хазяйсцвеннікам наняўся? Граматны, мабыць. Па табе відно. А толку з твае граматы? Павуты з'ядуць, і знаку не астанецца. Наш брат месяц тут пражыве, і ніякая трасца не бярэ,— дзед пацмокаў цыгаркаю. — Хочаш — навучу. Слухай сюды. Прыйшоў, значыцца, у тайгу. Першым дзелам кладзі
агонь. Нацягай парахні, каб жалела толькі і дыму болей давала, лажыся і качайся ў куродыме, пакуль добра не ўвэндзішся. Акурыўся — чашы смела, ніякая халера не зачэпіць. Круціцца будзе, а сесці не адважыцца. Вычхаецца, павут знак падасць — зноў акурвайся. Онь, бачыш трухлявы пень, падкінь на вуголле і пакруціся ў дыме. Я паслухаўся дзеда. Дым выядаў вочы, душыў і апякаў твар. Нялёгка давалася таежная навука. А як толькі вылез з куродыму, ніводзін авадзень не сеў на мяне.

Даніла не распытваў, чаго бадзяюся па гушчары і як трапіў сюды. Відаць, здагадаўся, як прыбіўся да яго. Ён закарэлаю лыжкаю згроб з варыва попел, пабоўтаў у 'кацялку, падаў мне з торбы новенькую бярозавую лыжку. Я памкнуўся падзякаваць і адмовіцца.



  • У тайзе даюць — бяры, просяць — апошнюю скарынку разламай. Іначай тут бы і людзі перавяліся... Цяпер што? Машыны ходзяць, лектрыка гарыць, гэтыя стракозы-верталёты лётаюць. А даўней — на сотні вёрст ні жывое душы. Толькі мядзведзя ды сахатага і стрэнеш,— дзед высыпаў з торбы на траву вараную бульбу, падсунуў мне кацялок:

  • Сёрбай, байкамі сыт не будзеш,— а сам адышоўся і пачаў выдзіраць з карэннямі нейкае доўгае зелле. Атрасе, патрэ аб траву і хрумстае маленькія белыя зубочкі. Запахла часнаком.

  • Што гэта? — запытаў я, сёрбаючы не то крупнік, не то кашу з аўсянай мукі і піканаў.

Дзед кінуў мне жменьку зелля.

—Чарамша. Скусная, халера. Хто есць — да ста гадоў зубы як часнок. А ты малады і ўжо шчарбаты. Мне дык не верыцца, як гэта могуць зубы балець. Костка — і баліць. Дзіва! — ён вышчарыў трохі з'едзеныя але роўныя і цэлыя зубы.— А яшчэ серу трэба жаваць. Не тую, што карослівых коней параць. Ад піхты смолкі накалупай, дай ёй прывянуць і чмякай у роце.— I заключыў: — Усё навука, браце.

Я адсунуў кацялок і хацеў падзякаваць за пачастунак. Дзед паставіў яго назад і сеў побач:


  • Сёрбай, сёрбай. Абодвум хопіць, не на аднаго ж варыў.

  • А на каго ж яшчэ? — спытаўся я, баючыся, што ем нечыю порцыю.

Дзед усё бачыў, усё разумеў і хуценька супакоіў:

  • Вары заўсёды з паходам. Смачна запахне, глядзіш, некага бог і прынясе. Каб ты не прыбіўся, чаго добрага, і гаварыць развучыўся б. Тыдзень як тут, і хоць бы табе жывая душа. г

  • Не страшна тут аднаму?

  • Яшчэ мой небарака бацька, царства яму нябеснае, некалі казаў: «Баючыся воўка, і ў лес няма чаго хадзіць». А я пужаны-перапужаны.

Я здзівіўся: дзед загаварыў па-беларуску. Тут, за некалькі тысяч кіламетраў ад дому, ад замшэлага дзеда пачуць родную мову! Можа, у маёй гаворцы загучала нешта знаёмае ці пачулася роднае і яму?

  • Адкуль вы ведаеце нашу прымаўку, дзядзька Даніла, і гаворыце, як у нас?

  • Так ужо і твая? Я от такенечкім яе чуў,— дзед спакойна сёрбаў варыва, на вусах і барадзе завісалі аскабалкі піканаў і кроплі густой аўсяніцы. Насёрбаўшыся, адклаў лыжку.— Можа, прачуваў калі, ёсць такі Барысаў-горад. Адтуль я. Зембінскай воласці, дзярэўні Сухадол. От дзе праўда: сухадол дык сухадол. Не
    дурны нехта прыдумаў. Пясок — як прысак. Ракіта і асот толькі і родзяць.

  • Выходзіць, мы з вамі землякі,— узрадаваўся я.

  • Па аднэй зямлі ходзім, значыць, землякі і ёсць. А ты ж адкуль?

Я сказаў, што мы амаль суседзі, і спытаў, ці даўно сюды дзед пераехаў.

—Чорт бы яго паехаў, каб Мікалашкавы стражнікі не прывезлі. Катаргі от пасюль нахлябаўся, а на закуску на вечнае пасяленне саслалі. Пажыў, агледзеўся і карэнні пусціў тут. А скінулі Мікалая, куды дзенешся? Дзеці абселі, кубло звіў, сваім духам сагрэў яго, карчы рваў на лядах, зямлю ўрабіў, хоць ты на хлеб маж.— Ён памаўчаў.— Усіх перажыў, адзін астаўся, як былка ў полі. Горка аднаму.


А хлопцы ў мяне былі — камель у камель. З'ела вайна, і сам той ірад апруцянеў ад крыві праведнай.

Злінялыя вочы старога завільжэлі, зноў сагнулася спіна. Мы маўчалі. Толькі было чутно, як трапятала, нібы прывязаныя матылькі, асінавае лісце. Мне карцела дазнацца, за што дзеда ўпяклі на катаргу і ў вечную ссылку, але ў гэтую хвіліну няёмка было распытваць. Дзед Даніла нібы пачуў маё маўклівае пытанне і сам на яго адказаў:

—Тады, брат, ссылалі за дзела. От хоць бы я. Думаеш, увесь век быў такі рахманы? Бушаваў ззамаладу. Шайку дзяржаў. Чаго глядзіш? Не бойся! Было, ды сплыло. Не ведаў, куды сілу дурную дзець. А можа, і не дурную, ліха яго разбярэ. Пэўна, у тым Сухадоле лапці даўно адкінуў бы ці на вайне галаву б склаў. А так
яшчэ калываюся. Цікава паглядзець, што са светам робіцца... Шайка мая ад Барысава да самае Оршы грымела. Паязды чысцілі. Панкоў з першага класа ператрасалі, паштовыя і багажныя вагоны паражнілі. А з простага чалавека і волас не ўпаў. Разбіраліся. Бывала, пасвецім чырвоным ліхтарыкам, пасажырскі і стане. Тут ужо ўпраўляйся, пакуль дойдзе да станцыі і трывогу падніме. Трасянём, на коней — і дай бог ногі. Ад'едземся вёрст за дваццаць, спутаем коней, а самі спаць. Начлежнікі — паспрабуй прысукацца. А аднаго разу выпусцілі са сталыпінскага вагона арыштантаў. Казалі, паліцічаскія былі. Тут і ўзяліся за нас. Стражнікі з жандармамі ўвесь павет сталачылі. Сядзелец з манаполькі прадаў, хоць і даход яму давалі; прадаў, сука, а ў сведкі ісці пабаяўся,— стары смачна плюнуў і замоўк.


  • А што далей?

  • А далей — доўгая песня, браце. За тыдзень усяго не абскажаш. Прыходзь у мой 'катух, пагаворым, а цяпер няма калі.— Стары схадзіў да копанкі, апаласнуў кацялок і лыжкі, паклаў іх сушыцца на свежы пянёк і зноў узяўся за сякеру.

  • Навошта вам так рвацца? Хатка такая-сякая ёсць, жылі б сабе паціху.

Думаеш, сабе стараўся б так? А да дзерава я прывычны, за свой век настаўляў пяцісценак, лазень, прыгонаў, шчытай, на цэлае сяло. Усім сынам будавацца памагаў. Думаў, на старасці аддыхну і парадуюся. Аж трасцу! Цяпер унукам памагаю — сіроты ж! Разлятацца рвуцца. Адзін Гошка, можа, ведаеш, што канюшыць пры маладняку, зямлі трымаецца. I Таіска Матроніна дзеўка ў яго добрая. Пажэняцца, а са свякрухаю доўга не нажывеш. Люблю яго, шэльму,— выліты бацька. Дай, думаю, хату зрублю. Мабыць, апошнюю. От закончу, складу, размечу кожнае паленца, плашак на столь начашу, тады і скажу: «Забірай, унучак». Перавязём, зробім помачы, за дзень і хату паставім. Можа, хто ўспомніць дзеда.

Ён папляваў на далоні — цюкаў, нібы гуляючы, а бервяно да бервяна прыставала, як улітае. Я залыгаў вяроўкаю слізкі акораны камель і пацягнуў да зруба, потым другі, трэці. Заедзь болей не секла мяне, на душы было спакойна і добра. Але хочаш не хочаш, а дадому трэба ісці. Я ўжо ведаў, у які мне бок кіравацца, хоць і пабойваўся, каб не збочыць і не заблудзіцца ізноў. А дзед нібы лавіў мае думкі:

—Усё адно ўсяго не перацягаеш, ды і загуляўся ты. Чаго добрага, каб шукаць не пачалі.
Чашытка ты, міл чалавек, дадому. Сам упраўлюся.

Я чарпануў берасцяным карцом з копанкі рудаватае вады, напіўся, рэшту выліў на рукі і апаласнуў твар, адчуў свежасць і сілу.

—Дарогу хоць ведаеш? — хітра зірнуў дзед Даніла.

Я маўчаў.

—Выходзь во-о-о-нь на тую візіру, з левай рукі будуць залысіны, проста і чашы. Лажок пяройдзеш — халадком ад рэчкі пацягне, яна да паскоціны і выведзе.

Я падзякаваў дзеду і падаўся ў гушчар.

—Ты ж толькі нікому не кажы, што бачыў мяне тут. I пра хату ні слова. Кончу, сам аб'яўлюся і ўнука парадую. Па сонцу ідзі — ніколі не саб'ешся,— крыкнуў услед дзед Даніла.

Я памахаў яму рукою і выйшаў на візіру. Дым, мабыць, паспеў выветрыцца, і авадні ўсё смялей даймалі мяне. Я адбіваўся ад іх галінкаю і ішоў, жмурачыся ад сонца. Цяпер і лес павесялеў і пасвятлеў. Далёка было чуваць, як стукае дзедава сякера, а ў вушах усё яшчэ гучаў яго глухаваты голас.



*Варнакамі да рэвалюцыі у Сібіры называлі катаржнікаў і ссыльных пакутнікаў.

С. Грахоўскі (Зб. “Сустрэчы з самім сабою” 1988г.)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка