Я тут жыву пяю і плачу, Тут на зямлі мае сляды




Дата канвертавання05.07.2016
Памер72.04 Kb.
Я тут жыву…

Я тут жыву

Я тут жыву — пяю і плачу,

Тут на зямлі мае сляды,

Тут кожным ранкам

шчыра дзячу

За спеў намоленай вады,

Што чую я ў святых крыніцах

I наталяюся душой;

За дзень, што ўстаў,

каб з іх напіцца

I распагодзіцца красой.

Красуй, мой краю,

полем жытнім,

Пчаліным гулам у садах.

Увесь мой скарб,

з табой нажыты,

Табе, радзіннаму, аддам.

Бо тут маё карэнне пояць

Вясной расталыя снягі,

Няўтомна вусны

шэпчуць-моляць:

Ты толькі горам не сагні...

Я тут жыву — пяю і плачу,

Тут на зямлі сляды мае,

Дабром за добрасць

шчыра дзячу,

Люблю, наколькі сіл стае.


Кроіць сумленне жыццё адмыслова,

Ладзіць учынкаў найстрогі агляд.

Як жа балюча за кожнае слова,

Як жа балюча за кожны пагляд,

Крыўдай пякучай што ранілі сэрца,

Стрэмкаю вострай прабілі душу...

Божа магутны, карай міласэрна.

Я прад Табой даравання прашу.



ПАДАРУНКАМ ПРЫМАЮ СЛОВА

Загадала сабе паверыць

У расквечаны май зімой.

Госці ў дом! – адчыняю дзверы:

Вырак мой і ратунак мой.
Знічка ў небе, былінка ў полі,

Што на лёс наракаць дарма...

Не шукала – расціла долю,

Пустазеллем была сама.


Падарункам прымаю слова,

Маю што ад яго сказаць.

Не ганіце мяне, панове,

На паўслова прыйду назад.


Адгарну з пажаўцелай кнігі

Нечытаных старонак стос.

На мяжы зімы і адлігі

Мне руку падае Хрыстос.


* * *

Кожны творыць сваю малітву,

Кожны рознае просіць –

Нехта моліць удачы ў бітве,

Іншы сэрцам галосіць
Па забітых, забытых, родных.

Камяні – у далоні! –

Хто шпурляе нам невыводна,

Як не самі, на зломе


Ведаў, невуцтва і ляноты

Душ, пажадай спавітых?

А пчала напаўняе соты –

Тым і творыць малітву.



ВОЧЫ...

Пазіраю ў вочы Сына-Бога

і малю мяне не адлучаць

ад Пагляду светлага, жывога,

у якім маркоціцца свяча;

аплывае, меншае, танчэе –

саступае боль, сыходзіць страх.

Ведаю, Сваім цяплом сагрэе,

выбавіць з нягожых апранах...

Без Яго – ні кроку, ні паўкроку,

без Яго – адзін нямы цяжар.

І адкрыты ўнутранаму зроку

вечны цень пакутнага Крыжа.

***


Мы – аглухлыя Божыя дзеці,

Ўсё, што мелі, даўно прадалі,

Ненасытнаю сквапнасцю мецім

Свой скрываўлены след на зямлі.

Хто ж так нашы дарогі знявечыў?

Размянялі жыццё на грашы...

І скавыча у прыцемку вецер

Над нішчымніцай хворай душы.


Народжаны для шыбеніцы ў вадзе не патоне

Захлынуцца не кожнаму дадзена

Да пяшчоты ў адчайным рыўку...

Надзея Салодкая

Гаварыла калісь

Мая дзядзіна:

– У наступным

Упэўненай будзь:

Захлынуцца

Не кожнаму дадзена –

Хтось на шыбеніцы

Скончыць пуць.


* * *

Заліхвацкім пахмельным разгулам

І пажаднасьцю еднасьці душ

Разьвянчалі куміраў агулам

І бравурны адбацалі туш
На аскепках старэчага веку,

Не пытаючы – што, як і дзе.

У нябогі ад гэткага зьдзеку

Кроў гарачая горлам ідзе.


На руінах апошняга храма

Выгінаецца ў скоках Карга,

Узыходзіць панылае раньне...

Вось і наша настала чарга…

* * *

Шчакой гарачай мякка прыхініся,



Аддам далоням застарэлы страх.

Занадта доўга мы стаялі, мусіць,

На скразьняковых лютаўскіх вятрах.
Настылі рукі, вусны абвятрэлі,

І галасам, і сэрцам не да слоў.

У тонкіх сьвечках кноцікі згарэлі,

Аплыўшы воскам спраўдзіўшыхся сноў.


Занадта доўга мы вясны чакалі,

Дажджоў гаючых, неба багадаць.

Аголеныя нэрвы ў тым напале

Ня сёньня-заўтра полымем згараць.


* * *

Я цябе не пасьмею паклікаць,

Калі буду ад страху канаць

І ў апошнім разрэджаным кліне

Безгалоса над дахам лунаць.
Я цябе не пасьпею ўстрывожыць,

Калі промнік апошні кальне

І самотны сярпок наварожыць

Разьвітаньне на белым віне.


І апошнія словы даверу

Праглыне непрабудная ноч.

Я сказала, а ты не паверыў,

І было тое як не са мной.


Адлячу чарадой летуценьняў,

Гаманкіх і самотных – любых.

Ты ня бойся, у заўтрашніх цернях

Чужаніцу ня цяжка забыць.


* * *

Каласіцца на схіле ліпеня

Самасейная цаліна.

Неба мутныя лужы выпіла –

Ці бяда мая, ці віна…
Ты запомні мяне вясёлаю,

Ты запомні мяне жывой,

Пераменлівай – моцнай, кволаю,

Недзе трошачкі незямной.


Перакіне масты высокія

Звонкі час зь нематы глухой,

І па іх імклівымі крокамі

Я прайду вясёлкай-дугой.



ЛЕТНІ ДОЖДЖ

Замутнелі выцьвілыя далі,

Гоніць вецер хмары наўскасяк,

Клёны вецьцем гонка разгайдалі

Перасьмяглы, стоены абсяг.
Узарвалі скручаную цішу

Доўгага сьпякотнага сіла,

З долу ўгору, весела і ўвішна

Пух таполяў дуйка узьвіла.


Шуганула ліўнем перасьпелым

Зь цёмных космаў хмарных валуноў,

І вясёлка неба перабегла,

Захмялеўшы водарам грамоў.



СЛОВЫ, СЛОВЫ...

Я знайду тыя словы, што стануць

Цёплай хваляй у мораку стыні,

Што ў нябытнасць ніколі не кануць,

Хоць яна сваю прорву й адчыніць.

Я знайду тыя словы: асіляць

Адзіноту, журбу і гаркоту,

У прасторы, стагоддзях і хвілях

Будуць лашчыць журліваю нотай.

Я знайду тыя словы, каханы:

Ты адчуеш у шэпце нябёсаў,

Як зямля на ўсю сілу ўздыхае

І як падаюць кропелькі з вёслаў…

Я знайду тыя словы. І ў сконе

Іх прамоўлю з пяшчотаю звыклай —

Хай жывуць у высокім бяздонні

Маёй светлай ласкавай малітвай.

Не першы раз знаходжу ў слове сiлу,

Калi здаецца: вось — канец, усё...

Усё сваё адплакала, знасiла,

I засталося выкiнуць рыззё.
*****

У печ, на сметнiк — выпалiць, развеяць

Няздару гэту, леную сябе…

А потым словы пачынаю сеяць

I прарастаць сама на той сяўбе.

Цягнуся ўверх, як парастак да сонца,

Ласкавы промнiк вейкi казытнуў —

Сагрэў душу да самага да донца…

Спадзеўна веру: не маю адну.
ЖАЛОБНАЯ ПАНІ
Вялікая пані ў жалобным адзенні

Прыходзіць, і ўсё расстаўляе належна,

І колераў розных любыя адценні

Сцірае, руйнуючы іхнія межы.

Пачуццяў і ўчынкаў узважвае вартасць,

Шпурляючы жорстка на чуйныя шалі,

І чэрпае жальбу вялікаю квартай,

Нібыта шукае святыя скрыжалі.

На вуснах у пані — няўхільнасць сыходу...

Майго і чужога... І сутнасці мера.

І гэта апошняга чыну нагода

Адчуць, ці ты годна пражыў, ці няўмела.

Бязлітасна душыць, згрызае сумленне:

Нашто тыя крыўды, нашто тая пыха?

І я вінавата згінаю калені

Істотай збалелай, пакорнай і ціхай.


* * *

Ідуць дажджы — то буйны, то драбнюткі,

То раптам градам-шротам секане…

Я цешуся празрыстасцю навюткай,

Прыціхлая ў расчыненым акне.

Глытаю водар вымытых суквеццяў,

Што ў палісадзе страсянулі пыл.

І вось ужо ласкава сонца свеціць,

І зноў пасыпаў, косенькі, сляпы.

Раскідаў кроплі-блёсткі па травінках,

Разнёс духмяны зёлкавы настой...

Жывільны дождж, ты і мае памылкі

Адмый нябёснай лекавай вадой.
* * *

Дзе-нідзе галінкі зажаўцелі —

Нехта зверху золатам сыпнуў.

Значыць — восень... Птушкі паляцелі

Сумаваць па роднаму цяплу.

Барва з пазалотаю сальецца,

Палыхне агніста кожны ліст...

Непаўторным гэта ўсё здаецца,

Як і неспадзеўным зімны свіст.

Так кружляе колам лёсаносным

Чаргаванне твараў і падзей —

Залатым, зялёным, цёплым, злосным...

Немаўля да мудрасці ідзе.
* * *

Хочаш праўды? Тады стаіся

І пыхлівасць зацісні ў жмені.

Ці за тое ў жыцці ты біўся,

Саграваўся ці тым агменем?

Восень. Скруха. Халодны вецер.

Адзінота ў кутах скуголіць.

Пачарнелым згалелым веццем

Дрэвы нізкія хмары гоняць.

І шукаеш, шукаеш праўды...

А яна — свая ў кожным лёсе.

Ці то шчасце, ці то бяда ў тым, —

Ды ўжо так яно павялося.

Што аддаў — ад душы, з палёгкай, —

Тое возьмеш у свой набытак.

І над доляй, прабач, не вохкай —

Зберагае ўсё Боскі світак.

* * *


Свечка велікодная барвее.

Абразы святочна зіхацяць.

Узрастае, цепліцца надзея

На суладнасць мары і жыцця.

На сугучнасць слова і памкненняў,

На балючасць і святло радка,

Каб ад Неба ў шчырасці маленняў

На пытанні ўсе пачуць адказ.

І калі віною ты спавіты,

Грэх сумневу нішчыць святасць дня.

Будзе лёгка толькі ў час, калі ты

Вочы у раскаянні узняў

І прыпомніў, як барвелі раны,

І крывавы хрып... І Матчын лік...

У іскрысты велікодны ранак

Нашы сэрцы Збаўца прасвятліў.

* * *

Я сёння ад цябе сышла далёка,



Ды нават жалю-роспачы няма.

Забылася? Ды не. Яшчэ магчыма

У вір вачэй кульнуцца з галавой...

Усё згарэла — вось у чым прычына.

Усё гарчыць сухой палын-травой.

* * *


Ну што ты ўсё кажаш пра стому і цені,

Пра змрочнасць і выцвіласць восеньскіх фарбаў?

Вунь, глянь, прабіваецца востранька-ценькі

Праменьчык ад бляску нязнойдзеных скарбаў.

Багацце — яго не схаваць пад замкамі,

Не хламам набітыя торбы і клункі,

Якія дрыжачымі дзеляць рукамі,

Дзе сквапнасць людская ўсё зводзіць рахункі.

Яно ў адчуванні суладдзя з сабою,

З зямлёю, і небам, і голасам птушкі,

Яно ў малацьбе, што ідзе за сяўбою,

Ў дзіцячай усмешцы і мокрых пялюшках,

У кволых далоньках унукаў, унучак,

Каб іх не кранула журбота-нядоля.

Жыццё не бывае без жорсткіх калючак.

Ў яго, як у птушкі, — крылатая воля.


* * *

Перад кім мне плакаць, жаліцца каму?

Келіх, поўны жалю, годна падыму.

Вып’ю — не скрыўлюся, хоць і горка мне.

Што яшчэ пабачу на самюткім дне?!

Смутак на сурвэтку кропляй упадзе.

Адкасніся, гора, адхініся, здзек!

Колькі сілы мела — слову аддала.

Ім калісь згадаюць — на зямлі жыла.

Перад кім мне плакаць, жаліцца каму?..



Ўсё, што не збылося, я з сабой вазьму.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка