Я там служу, дзе сеюць рыс I сою, Між сопак, што стаяць, як бастыён, Дзе з невадам, дзе з плугам I касою Сябруюць людзі добрыя здавён таежны гарні30Н




Дата канвертавання13.05.2016
Памер179 Kb.
Я ТАМ СЛУЖУ...

Я там служу, дзе сеюць рыс i сою,

Між сопак, што стаяць, як бастыён,

Дзе з невадам, дзе з плугам i касою

Сябруюць людзі добрыя здавён...
ТАЕЖНЫ ГАРНІ30Н

У гарнізон таежны

Дарог не шукайце —

Дажджлівы ён i снежны,

Аб іншым не пытайце.
А глянеш з перавалу —

Відаць пад сопкай хаты,

Нібыта на прывале

Пад стогам спяць салдаты.


Навокал — сопкі, сопкі...

Не бачна небакраю...

Збягаюць часам жонкі

Шукаць з другімі раю.


Пакуль жыццё — не казка...

У ціхім доме кожным

Мужчына мае каску

I чамадан трывожны.


Тут хмары часта кружаць

I кліча нас дарога

Па снегу ці па лужах

Пакінуць дом надоўга...


Таежны, невядомы —

Не адшукаць на карце,—

Мой гарнізон і дом мой

Ля цішыні на варце...


Як бегаў сцяжынкамі роснымі,

Дзе пахлі лугі мурагом,

Як марыў хутчэй стаць дарослым я,

Спытайце ў дзяцінства майго.


Які колер возера золкамі,

Каго называў дарагой,

Як верыў у шчасце над зоркамі,—

Спытайце ў юнацтва майго.


Як спіцца пад коўдраю неба,

Чым болей за ўсё даражу,

Які смак салдацкага хлеба,—

Пра гэта я сам раскажу...



* * *

Кладзецца ціша на нагоны.

Ці не таму ў паўночны час

Мяне таежнай сцежкай гоніць

Зусім не лірыка у часць...
За службу многае набыта,

Але чаму заўсёды я

Бягу, хвалююся, нібыта

Трывога — першая мая.


Нібы праз сіта, дожджык сыпле,

I як у фільме аб вайне,

Гамоняць дызелі асіпла

На мове, зразумелай мне.


Я знаю: прамільгне хвіліна —

I па загаду кампалка

Жывой, нястрыманай лавінай

Машыны выйдуць з гарадка.


Калонны шлях, наспех прабіты,

Як на дарогах франтавых,

Між сопак вычарціць арбіты

Ў раён вучэнняў палкавых.


Трымаць мы будзем абарону,

Ці выиграем сустрэчны «бой»,

Я пераможна, як карону,

Фуражку ўскіну над сабой.


ДАЛЁКАЎСХОДНЯЯ ПРАПІСКА

3 далёкаўсходняй прапіскай

Не першае лета жыву,

Хоць родам з Палесся — з-пад Пінска,

Дзе косяць траву-мураву.

Прымор'е...

Прымор'е...

Прымор'е...

Вулканаў патухлых зямля, -

Для кожнага хопіць на ўзмор'і

Удосталь вятроў і цяпла.
Дзе шабельнай ранай граніца

Калісьці лягла назаўжды,

Любоў да Айчыны граніцца

У сэрцы маім маладым.


Прайду па таежных прасёлках,

Па сцежках атрада Лазо...

Цяпер у прыціхлых пасёлках

Мне светла ад чырвані зор.


У бойках, пры сілах гранічных

Таму і трымаецца Русь,

Што край ёсць і тут прыгранічны,

Такі ж, як мая Беларусь.


Такія ж стаяць абеліскі,

А значыць, і тут быў не рай,

I мне зразумелы і блізю

Нягуста заселены край...



* * *

Ад стомы на привалах

Лячыла песня нас,

А ўчора запявалу

Праводзіла ў запас.
На гулкім палігоне,

Дзе сопак карагод,

Ці не таму сягоння

Прысмучан цэлы ўзвод.


Насуплены, у касках,

Бы кожны з іх прыстаў: —

Прысядзьце, калі ласка,

Таварыш капітан...


Вы прачыталі б вершы,

Калі няцяжка вам...

Я выбраў самы лепшы,

Прысвечаны байцам.


Чытаў, хоць быў асіплы

Мой голас ад каманд

Ці ад дажджу, што сыпаў,

Ад грому кананад.


Чытаў і верыў свята

Пад вымаклай вярбой

У кожнага салдата,

У пераможны «бой».



* * *

Тамары


А я на лес не наракаю...

Я выбраў сам сабе свой лёс.

Служу... Сябрую з небакраем,

Як з хваляй акіянскай плёс.


****
На дзень, на два, а мо на болей

Ізноў пакіну гарадок...

Ты не сумуй — я недзе ў полі

Усё ж складу табе радок.


А прамаўчу, калі парою

(Не знаю: добра так ці не)

Ты зразумееш па настрою,

Як справы дзеюцца ў мяне.


Прабач мне, што наказы часта

Нялёгка выканаць твае:

Артыст залётны ў клубе часці

Канцэртаў двойчы не дае.


Служу... Сябрую з небакраем,

Як з хваляй акіянскай плёс.

Штораз душу да бляску драю,—

Такі мой лес, салдацкі лес.



* * *

Я зжыўся з лесам поля ратнага...

Не развучыцца толькі мне б

Зямной прафесіі аратага,—

Зямлю араць і сеяць хлеб...
I чаму я не стаў лесніком...

Аляксей Пысін
I чаму я не стаў лесніком,

Калі вырас ў вёсцы пры лесе?

Я не зблытаю пушчу з ляском,

Як з старонкаю іншай — Палессе.


Мне прысняцца шчаслівыя сны,

Што бягу ў лес малінай жывіцца,

А на шраме ад кулі ў сасны,

Быццам шрам, заняклася жывіца.


Навакол — абвуглёныя пні...

I цяпер шэпт чуваць над палянкай: —

Лепш згарэць у блакадным агні,

Чым у ворага быць паланянкай...


Я з маленства лясы палюбіў,

Як шчымлівыя матчыны песні...

Колькі вораг лясоў загубіў,

Колькі выпаліў іх напрадвесні?!


Маладая сцяна сасняку,

I купаецца сонца ў блакіце,

I на мне, быццам на лесніку,

Зелянеюць фуражка і кіцель.


ВОСЕНЬСКІ ЭЦЮД
У поле на заняткі выйшаў

I аж здзівіўся батальён:

Увесь, бы ў ордэнах, на ўзвышшы

У бронзе лісця сябра-клён.


ЖУРАЎЛІНАЯ ПЕСНЯ
У блакітным паднябессі

Цуг чарнее Жураўліны,

А за вёскай На Палессі

Даспяваюць журавіны.

Быццам зоркі

Ноччу весняй,

Палымнеюць вераснёва...

Дзесь мая там блудзіць песня

Сцяжыною верасовай...

Птушкі ў вырай праплываюць

3 песняй сумнай над узлессем.

Ці ж не так і сам спяваю,

Пакідаючы Палессе?!.

* * *

Мы пішам, што служыцца добра,—

I мамам жывецца лягчэй.

А служба на мёд не надобна,

Бывае — за перац гарчэй...
0 радасць кароткіх прывалаў!

Яна на салдацкім шляху

У жылах маіх выспявала

І песняй лячыла скруху


Па дому, па ласцы каханай,

Па тым, што люблю, чым жыву...

Прайду баравою палянай,

Прымну палявую траву.


I ведаюць толькі мужчыны,

Што зведалі щмат у жыцпі,

Што нават над сонцам Айчыны

Нялёгка паходным ісці.


На маршах, прасоленых потам,

Чытаў, перачытваў лісток,

Дзе бацька ад маці употай

Пытае: «Як служба, сынок?..»


****

Казарма. Ноч. Сігнал трывогі.

Сігнал вучэбны. Ды часцей

Салдаты мераюць дарогі,

Імкнуцца да сваіх гасцей.
Напэўна, ў нейкім Пентагоне

У кабінетнай цішыні

Трактат дапісаны сягоння

Ва ўгоду злосніцы-вайны.

Шукаюць лепшых варыянтаў

Знішчэння селішч і людзей.

I справы атамных вар'ятаў

Трывожаць наш спакой штодзень.


I часць паднята зноў на ногі.

I я, ў салдацкім шынялі,—

Hi на імгненне без трывогі

За мір і цішу на Зямлі.


УМАЦАВАНЫ РАЁН
Пад кедрамі — кароткі адпачынак,

На карце абазначаны прывалам...

Мы знаем, што за бліжнім перавалам

Ляжыць рубеж нам дарагой Айчыны.


Напоены машыны ў раўчуках,

Напоўнены вадой халоднай флягі.

I кожны, як граната, ад адвагі,

I аўтаматы дрэмлюць на руках.


Пакуль маўчаць на маршы цягачы,

Чуваць байцоў няхітрыя размовы.

А у іх а дно: у бой ісці гатовы,

У бой ісці — і ў ім перамагчы.


Атакі час — няўмольная пара...

( Засвеціцца сігнальная ракета —

I шугане, нібы парыўным ветрам,

На полі «бою» дружнае «ура!».

* * *

Дзень добры, хлопча-рыбалоў!



Ну як, скажы, ідзе рыбалка,

Якіх табе чароўных слоў

Пад ранак нашаптала Ханка.
I я рыбак — твая радня...

Дазволь прысесці па-суседску.

Рыбачыў сёння я да дня

I не адну раскінуў сетку.


Прамок, а толькі той бяды,—

Глядзі, улоў які багаты.

Хоць і не многа мне хады,

А ўсё ці данясу дахаты?


Хто ж скажа мне, што я зямлю

Схаваў за сетку, як за краты,

Я адкажу: — Зямлю люблю

Любоўю сына і салдата.


***

У тым няма маёй віны,

Што маскірую ўсё старанна.

Пакуль над мірам цень вайыы,

Аб снах спакойных думаць рана.
Здарова, Камень-рыбалоў...

Ну як, скажы, твая рыбалка,

Якіх табе чароўных слоў

Пад ранак нашаптала Ханка...


КАМАНДНА-ШТАБНЫЯ ВУЧЭННІ
Камандна-штабныя вучэнні...

На картах ваююць штабы...

Не чутна ні мін талашэння,

Hi клічу паходнай трубы.


Аукнецца рацыя піскам,

Маўчыць тэлефон да пары.

Над картай схіліліся нізка

Мае саслужыўцы-сябры.


«Праціўніка» стрэлы ўмоўна

Нацэлены ў нас з-за мяжы,

А час патрабуе няўмольна

Азначыць атак рубяжы.


Рашэнні, каманды, загады...

I раяцца рацыі ўслых...

Пад раніцу — гром кананады

I дальніх зарніц ускалых.


****

Гуляюць алоўкі па картах –

Прастор для ваеннай гульбы.

Я знаю, як вучацца ўпарта

Баям пераможным штабы…

ТРЫВОГА

Трубач


Іграе «збор» на сопцы,

I, быццам з гнёзд,

Без лішніх слоў

3 палатак

Вылятаюць хлопцы

На шэрых крылах Шынялёў...



* * *

Маладзік, як пілотка.

У казарме — адбой.

Спяць салдаты салодка,

Быццам выйгралі бой.

А за вокнамі — душна,

I ва угоду вясне,

Як любімых, падушкі

Абдымаюць у сне.

Ім прысніцца дарога

Да сваей стараны...

Баявою трывогай

Абарвуцца іх сны.

Тут, на краі пярэднім,

Дзе плывуць туманы,

Неабходны, патрэбны,

Як паветра,— яны.
КАРАВУЛА БЯССОННЫ НАРАД
Наш палатачны лагер заснуў.

Дзесь спрасонку пакрыквае птушка,

Ды залез маладзік на сасиу,

Каб яго там вятрыска пагушкаў.


Спяць салдаты спакойна, і воч

Не расплюшчаць, здаецца, ад стомы.

Толькі ў ціхую, светлую ноч

Нельга спаць аднаму вартавому.


У душы ён таксама паэт,

Але зараз яму не да вершаў:

За спіной у яго — цэлы свет

Свае справы няспешныя вершыць;


I сябры, што спачыць прыляглі —

I у снах на радзіме да ранку;

I салоўкі, якія ў галлі

Ім спяваюць сваю калыханку...


А на небе, нібы на парад,

Хтось начысціў, як гузікі, зоркі.

Каравула бяссонны нарад.

Спяць пад коўдрай туману пагоркі.


РУЧЭЙ
Чмялём заблытаным у травах,

У лазняках журчыць ручэй.

Зніміце кладкі-пераправы,

Хай ён удаль цячэ хутчэй.


МАЯ ЗЯМЛЯ

* * *


А вы былі ў лясах сасновых

I заблудзілі хоць калі,

Дзе сустракаюць старасць совы

I глуха стогнуць на галлі?!.


А я не раз шукаю ветра,

Што дзьме з палескай стараны,

Дзе так настоена паветра

Гаркавым ёдам той вайны.


Лячу, як птушка,

На Палессе

Пад сосны цёплыя,

Як сны,—


Па іх запевы новых песень,

Такіх дрымучых і лясных.


I сэрца зойдзецца ад шчасця,

Што ёсць з усіх адзіны кут,

Які наведваю не часта,

3 ім ростань —

Горшая з пакут.

А ён знаёмы да драбніцы,

I зведаць хочацца другі.
Там, можа, лепшыя крыніцы,

Там, можа, лепшыя лугі?

I толькі будзе вечным дзівам,

Не разгаданаю зямля,

Дзе пачыналася Радзіма,

Лясная,


Добрая,

Мая.
ПАЛЕШУКІ


Праз багну —

Камарыныя надзелы,

Праз малярыйны мох,

Праз лес глухі

Калісь з надзеяй тайнаю глядзелі

У сённяшнія дні палешукі.

Мой прашчур жыў заўсёды шчасцяверам.

Плячысты, рослы,

Як Удовін сын,—

Ці на паноў вастрыў сваю сякеру,

Ці за касою набіраўся сіл.

Я прызнаюся з гонарам на людзях,

Што я з мясцін палескіх, Паляшук,

Дзе махляроў і лайдакоў не любяць,

Дзе пазнаюць сваіх Па моцы рук.

I вось цяпер

Праз лес капроў і вышак

Яны ідуць да сонца, землякі.

Зямля балот! Цябе за горы вышай

Узнімуць на руках палешукі!


***

Прадай, латочніца, арэхаў

I пах зялёнае тайгі...

Як мне шкада,

Што не паехаў

Туды,


Дзе сопкія снягі.
Дзе пад вятрамі стогнуць кедры,

Дзе шлях пракладваюць сябры,

Свае пракласці б кіламетры

Праз рэкі, горы і бары.


А дзень патрэсквае ад спёкі,

А дзень прапах

Густой смалой...

Мне край халодны і далёкі

Узняў юнацкі неспакой.
Апоўначы сябры прысняцца...

Зайздросціць буду ім да слёз,

Што за мужчынскай цяжкай працай

Мяне там кожны перарос.


А ім успомняцца арэхі,

Што дома рана зацвілі;

Лавіць ім| «Спідалаю» рэха

3 будоўляў роднае зямлі.


***

Я вырас там,

Дзе лес кранае

Аблокаў светлыя чубы.

Там на, руках,

Над родным краем,

Мяне падкідвалі дубы.

Мой кут,


Здавён-даўно абжыты,

Навек запомніўся такім:

Сляпіла сонечнае жыта

I ні хмурынкі па-над ім.

Жанчыны ўвішныя за рэчкай

Зграбалі лета

У стагі;

Бялела поле, што пад грэчкай,—

Нібы над ім прайшлі снягі.

I песня выплывала з гаю,—

Такая будзе вечна жыць...

Шчаслівы я,

Што родам з краю,

Дзе мова матчына гучыць.


***

Яму штоноч здаецца мулкай,

Да ніткі выстылай пасцель.

I сэрца б'ецца гулка-гулка,

I неспакой,

Як гром, расце.

Ён выйдзе з хаты

Напрадвесні

I паглядзіць удаль з двара,

А там праз вымаклы бярэзнік

Паціху крадзецца зара.

I будзе думаць

Не пра вечнасць,

А пра сяўбу і дзень зямны,—

I снег яму запахне грэчкай,

А сонца —

Хлебам аржаным.

Учуе рэк санлівы рокат,

Кажух расшпіліць спакваля,

Ўздыхне так вольна і шырока,

Нібы ўзараная зямля.

***
Нашто цябе сярод зімы

Будзілі раннія грамы,

Хмяліла ласкаю вясна

I ты не спала да відна?

А ранкам бегла па ваду,

Глядзець:

Ці праўда, што іду?

Іскрыўся снег.

Рыпеў мароз.

Пазёмкай

Дзень у вёску поўз.

Я не ішоў.

Міналі дні

Без цішыні,

Без цеплыні.

А ты, паверыўшы у сны,

Чакаеш стомлена вясны.


***

Вяскоўцы помняць плытагонаў,

Што лес сплаўлялі па Найдзе.

А я па ёй іду сягоння,

I не відаць вады нідзе.

Нагам замала ахалоды

Сярод высокіх берагоў...

Пад ілам тоўстыя калоды,

Як рэшткі колішніх плытоў.

Уміг рассеюцца сумненні:

Найда магутнаю была

I па спіне не раз бярвенні,

Нібыта сернікі, нясла.

На Прыпяць

Вынесла б напеўна

Каму вянок,

Каму вушак.

Ды толькі ў некага, напэўна,

Да кроплі высахла душа.

ПЕРШЫ ПЕРАЛЁТ
Яны жар-птушкамі над вёскай

У промнях сонечных плывуць...

I вось чародка стала коскай

I ўпала дзесьці на траву.


А мне чуваць вясёлы клёкат

3 далёкай,

Выстылай зямлі,

Дзе свята першых пералётаў

Спраўляюць юныя буслы.
ХМАРЫ
Мой дзед казаў :

— 3 вялікай хмары

Заўсёды дождж ідзе малы.

У поўдзень

Так пярун ударыў,—

Аж гнуцца дрэвы

Да зямлі,

А на маім

Засмяглым твары

Па кроплі

Хмары праплылі.

Я палюбіў

Малыя хмары,

Што без грымот

I бліскавіц,

І самі


Сохнуць па абшарах,

Каб смагу удосталь

Напаіць.

АСЕННЯЕ
Прыемна зноў блукаць між сосен,

Дзе лета выбілася з сіл,

I прымярае сукню восень

Ужо злінялую зусім.


Пад лапамі густой яліны

Апошні зрэжу баравік,

Па вымаклых слядах ласіных

У глуш пайду,

Дзе лесавік

Мяне палохаць будзе рэхам

I напрарочыць мне бяду,

А я зальюся звонкім смехам

I сонца ў хвойніку знайду!
ТАПАЛІНЫ ПУХ
Лета зноў нагрэла горад.

Недзе ж —

Холад,

Белы снег,



I лістоў зялёны шоргат

Толькі ў марах,

Толькі ў сне.
Ну а тут не першым снегам —

Пухам


Ліпень вее мне.

Я са снегам

3 лёгкім смехам

Развітаўся па вясне...


I плывуць хусцінкай белай

Тапаліныя снягі...

Першы ж снег

3 табой нясмела

Ловіць вуснамі другі...
Лось
Ён быў стары,

Шыракабокі,

Стаяў па пояс у вадзе,

А ў ёй купаліся аблокі,

I лось глядзеў,

Глядзеў, глядзеў...

У гэты міг забыў пра гончых,

Што злосна рвалі цішыню.

Свае гады між сосен гонкіх

Убачыў ён упершыню.

Ён не хацеў жыццё трывожыць

3 разбітай пысы злізваў кроў.

I вецер глуха

Брэх варожы

Данёс з асмужаных бароў.

Я стрэліць мог —

Курок на ўзводзе,—

I лось не зробіць ні глытка,

А толькі ўсплёсне паўнаводдзе,

I шумна ўспеніцца рака...

Але не ўзняў я дубальтоўку,

Не замуціў ласю вады...

Не раз змагу

У лесе зноўку



Пакратаць цёплыя сляды…


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка