Я ўсё спазнаў: І радасці, І гора, я з сотні рэк пакаштаваў вады




Дата канвертавання27.03.2016
Памер145.14 Kb.
Добры дзень
Я ўсё спазнаў: і радасці, і гора,
Я з сотні рэк пакаштаваў вады,
I ноч у ноч мне сніўся светлы горад
I не даваў спакою ўсе гады.
Ён клікаў, уставаў цудоўнай явай,
Далёкі, але блізкі мне такі.
На ўсіх шляхах, за кожнай пераправай
Яго успаміналі землякі.
Я у сустрэчу верыў і не верыў,
I вось іду між пасталелых дрэў
I нечакана у асеннім скверы
Адзінага знаёмага сустрэў.
I прыгадаў пра першае спатканне,
Калі яго чароўная рука
Вяла мяне, малога пастушка,
Па здзірванелым дзедаўскім кургане
I прывяла тады ў дзівосны свет.
А праз гады па бальшаках Палесся
З кійком ішоў няўрымслівы паэт
Да першых камунараў на Арэсе.
Вось ён стаіць, над ім звісае вецце,
Шуміць праспект, гамоніць людны сквер,
I ён, здаецца, зараз усміхнецца
I прачытае свой натхнёны верш.
Над ім яшчэ і лісце не апала,
Асмужыў бронзу сонечны прамень.
А ён маўчыць. Задумаўся Купала.
Я шапку зняў, сказаўшы: «Добры дзень!»

1956

Белыя ліпы

Сонечны горад юнацтва майго
Кветкамі скверы усыпаў,
I на праспектах і плошчах яго —
Белыя, белыя ліпы.

Белыя ліпы здалёку прыйшлі,


Іх напаілі жывыя крыніцы
Сілай і водарам шчодрай зямлі,
Вецце раскінулі і расцвілі
Белыя ліпы сталіцы.

Тут прызначае юнацтва сустрэчы,


Мараць пра заўтрашні дзень юнакі,
Ліпы усім закаханым на плечы
Сыплюць і сыплюць з пялёсткаў вянкі.

Моцна сплятуцца гарачыя рукі


Юных і самых шчаслівых людзей,
Так, каб ніколі не ведаць разлукі,
Так, каб любіць, як не любяць нідзе.

Так, каб сагрэтыя дружбай далоні


Нават гады астудзіць не змаглі б,
Так, каб і ў старасці белыя скроні
Толькі нагадвалі замеці ліп.

1956
ноч над Мінскам

Ясныя, зорныя ночы над Мінскам.


Што ж ты блукаеш адзін уначы?
Чуеш, спявае каханая блізка,
Пэўна, насустрач табе ідучы.

Сад закіпае блакітнаю пенай,


Месяц плыве у вясновай вадзе.
I па завулку, закончыўшы змену,
Тая, што сэрца трывожыць, ідзе.

Лёгкі туман праплывае над Мінскам,


Хутка асыплюць пялёсткі сады.
Ты не хвалюйся — каханая блізка:
Песню пачуеш і знойдзеш тады.

1956


На таёжнай дарозе

Вецер вые ў заломах рудое кугі,


Завіруха шляхі замятае дазвання.
Па дарогах блакітнай сібірскай тайгі
Ледзьве чутна рыпяць адзінокія сані.

Ад сяла да сяла каля сутак язды —


Ні жывое душы, толькі вецер калматы
Замятае пры самай дарозе сляды,
Што прабіў праз сумёт адзінокі сахаты.

Пры дарозе гудуць ледзяныя слупы,


Вецер тонкую пражу снуе на сумёце.
Завіруха лютуе. Ідзеш, як сляпы,
I здаецца, на конях прымерзлі аброці.

Завіруха лютуе, мяце і мяце —


Закавала асіннік у белыя латы.
Але ў змроку на доўгай трыццатай вярсце
Мільгануў аганёк заінелае хаты.

Над высокім сумётам пакатай страхі


Нахілілася голае шэрае вецце,
I у мораку гулкай бязлюднай тайгі
Два акенцы да самае раніцы свецяць.

Увайшоў, пагукаў і — нікога нідзе,


На камінку агеньчык яшчэ дагарае;
Каля печы — карэц у крынічнай вадзе,
Соль у шклянцы і свежага хлеба акраец

На шырокім і чыстым піхтовым стале,


На паліцы газеты за першае снежня.
Нехта печ напаліў і паехаў далей,
I сляды прападаюць у замеці снежнай.

Нехта хлеба пакінуў і трэсак насек,


Запаліў каганец, каб у змроку не збіўся
Незнаёмы, ды блізкі яму чалавек,
Што за ноч перамёрз і дарэшты змарыўся.

Вось і я, абагрэўшыся, дровы прынёс,


Хлеб паклаў на стале, пастаяў ля парога.
Завіруха сціхае, мякчэе мароз,
I далёкая болей не страшыць дарога.

1956


Вера

У. Мяжэвічу1

Ты помніш калючыя сінія зімы?


Ты помніш глухія сігналы адбою?
Ты помніш разлукі?
I толькі Радзіма
Была неразлучна са мной і табою.

Здавалася, ўсё засталося ў мінулым,


I мы анікога на свеце не мелі,
Мы клікалі... Ноч азывалася гулам,
I белыя сосны ў трывозе нямелі.

Мы трацілі ўсё да апошняе ніткі


I толькі ніколі не трацілі веры,
Мы чулі здалёку, як білі зеніткі
I білася сцюжа ў настылыя дзверы.

Нам сніліся часта гудкі паравозаў,


Дарога на фронт і свінцовыя буры,
Мы марылі разам прайсці, як Матросаў,
Апошнія крокі к чужой амбразуры.

Ніхто не паслухаў, ніхто не паверыў,


I дзеці забыліся нашы імёны...
Ад рання да ночы грымелі сякеры
I падалі наўзніч бярозы са звонам.

Нас бачылі толькі глухія дарогі,


Сляды замяталі суровыя зімы.
Мы ў дні адступлення і ў Дзень Перамогі
Былі неразлучны з табою, Радзіма.

Мы верылі ў праўду тваю неадступна,


Таму і жылі, і любілі без меры
Трывогі, салюты, і дзень твой наступны,
I сілу тваёй непадкупнае веры.

1962

Дубовы ліст


Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе,
Ляцяць у вырай жураўлі і гусі,
Дубовы ліст, у жылках і ў расе,
Мне нагадаў абрысы Беларусі.

Яго мая кранаецца рука,


А ён нібыта выкаваны з броні,
I жылка кожная дубовага лістка
Злілася з жылкамі маёй далоні.

1962г.


Пачатак

За Глускам, у глухіх барах,


Яшчэ маё блукае рэха,
I дзень суніцамі прапах,
Даспелі першыя арэхі,

I золкі золак на Пцічы


Мяне штодня дадому кліча,
Дзе расцвітаюць касачы
I дзе гады зязюля лічыць,

Дзе каля цёмнае вады,


На вузенькім пясчаным мысе,
Мае дзіцячыя сляды
Дасюль, магчыма, засталіся.

Я іх ніколі не знайду,


Не адшукаю хісткай кладкі,
А ўсё ж лячу к свайму гнязду,
К свайму адзінаму пачатку.

1965
Мястэчка

Цвіце за аселіцай грэчка


У роснай лясной старане,
Далёкае наша мястэчка
Забыла, напэўна, мяне.

А мне яно сніцца і сніцца


У пыле пясчаных дарог,
Апошні званар на званіцы,
Глухі і ссівелы, як Бог.

Старыя замшэлыя дахі


Гарбарняў, дамоў і адрын,
Сады і садкі каля шляху
I хмельны салодкі язмін.

Да самай апошняе рыскі


Усё тут знаёмае мне:
Пад бэлькаю крук ад калыскі,
Шпакоўня на гулкім гумне.

Складаю далоні і клічу


Равеснікаў даўніх маіх
I юныя бачу абліччы
Жывых і даўно нежывых.

Мяне не пазналі суседкі


Сягоння такога, як ёсць,
Таму запрашаю у сведкі
Забытую тут маладосць.

Прыпомню: рыпелі качоты,


Плылі пад чаромхай чаўны,
I месяц глядзеў на пяшчоты
Семнаццатай нашай вясны.

Маўчаць і схіляюць галовы


У рэдзенькіх пасмах сівых
Даўно адзінокія ўдовы
Сяброў незабыўных маіх.

У будні і ў гучныя святы


Схіляю і я галаву,
Нібы сапраўды вінаваты,
Што за аднагодкаў жыву.

Смыліць, як у сэрцы насечка,


Як самы шчымлівы радок:
Мястэчка, мястэчка, мястэчка —
Навек дарагі гарадок.

[1980—1981]

Чужыя

Даўно адцураліся дзеці


I маці, і роднай зямлі,
Даўно разбрыліся па свеце,
А шчасця свайго не знайшлі.

Ім сняцца прысады уранку


I след на халоднай расе,
I люты віхор, што буслянку
Раскідаў ушчэнт на страсе.

Ім сняцца пахілыя вербы,


Магільныя сняцца крыжы,
Забітыя вокны і дзверы
I горкае слова «чужы».

Чужы на бацькоўскім парозе


I на зааранай мяжы,
Чужы на зарослай дарозе
I на раздарожжы чужы.

Ужо не ўратуюць замовы,


Малітвы і зёлкі, калі
Сваёй адцураешся мовы,
I маці, і роднай зямлі.

[1980—1981]
Няміга
Іду па Нямізе. Нямігі няма:
Глыбока ў бетоне булькоча рачулка.
Увесну яна не раскоціцца гулка,
Яе не зашкліць, не заснежыць зіма.

I зоры ў Нямізе сябе не пазнаюць,


Праз брук не праб’юцца чарот і аер,
Напіцца не прыйдзе спалоханы звер,
Ліні на глыбокіх вірах не зліняюць.

На дне іржавеюць тупыя мячы,


Пустыя шаломы, каляныя стрэлы:
Тут некага доля ліхая сустрэла,
А нехта адбіцца не мог і ўцячы.

Крывёю курыліся поймы Нямігі,


У прорву ляцелі чаўны і стругі,
Пякельны пажар папяліў берагі,
I толькі на свеце нятленныя кнігі

Як вечныя сведкі пакутнай зямлі


Расказваюць горкую праўду сурова,
Што брамы і замкі знікалі, а слова
Чужынцы павек спапяліць не змаглі.

...Іду па Нямізе адзін уначы


У замеці лютай, калючай і белай
I чую, як свішчуць каляныя стрэлы
I глуха грымяць аб кальчугі мячы.

1981
Малітва
Як некалі маліўся ў Глуску
На скрыжаванні трох дарог,
Малюся зноў па-беларуску
I веру — зразумее Бог.

Маё апошняе маленне


За ўсе малітвы карацей:
Малю не ставіць на калені
Маіх унукаў і дзяцей,

Бо настаяўся я ў няволі


За грэшнікаў і за святых,
Таму малю, Айцец, даволі
Караць маіх і не маіх

Нашчадкаў на зямлі пакутаў,


Дзе хіжы д’ябал правіў баль,
Усіх калючкаю апутаў
I душы закаваў у сталь.

Магутны Божа, днём і ноччу


Адзінай літасці прашу,
Не засляпі нашчадкам вочы,
Ратуй нявінную душу

Ад жорсткасці і ад здзічэння


I катам не аддай на здзек,
Бо на каленях з нараджэння
Я прастаяў увесь свой век.

Ратуй нас, Божа, ад напасці,


Дзяцей — ад торбы і турмы,
Ад «волі» і такога «шчасця»,
Якое церпім толькі мы.

[1990—1991]
Гонар Беларусі
Зямля мая ад Буга і да Сожа,
Ты мне за ўсё на свеце даражэй.
Няхай цябе усемагутны Божа
I нас, і наша поле беражэ.

Народ не будзе болей анямелым,


Ніколі нас не ашукае зброд.
Пад сцягам бел-чырвона-белым
Здабудзе шчасце наш народ.

Мы гаравалі звеку і давеку,


А мову і сумленне збераглі,
Змагаліся за волю чалавеку
Святое беларускае зямлі,

Каб назаўсёды прашчуры і дзеці


У нашым светлым доме і ў гасцях
Пранеслі гонар Беларусі ў свеце
I бел-чырвона-белы сцяг,

Каб узмужнела воля у народзе


I расцвіла зямля, як сад.
I Беларусь свабодная ўзыходзіць
На вечны і пачэсны свой пасад.

24 верасня 1991 г.

Народ
Мы адзіныя, мабыць, на свеце,
Што забылі, як маці завуць.
Так і нас адцураюцца дзеці
I нялёгкі свой век дажывуць.

Нам не раз падсякалі асновы,


Выстаўлялі святыні на здзек,
Але матчына мудрае слова
Пераходзіла з веку у век.

Хто ж нятленную памяць нанова


I таптаў, і развейваў у прах?
I сумленне, і годнасць, і мову
Адымалі няволя і страх.

У душы незагойныя болькі


Развярэдзіў разбэшчаны зброд...
Мы насельніцтвам станем, і толькі,
Калі з моваю знікне народ.

[1990—1991]
Пад небам Беларусі
Хацеў накінуць на сябе пятлю,
Бо змогся ад жыцця такога.
Здалося — больш нічога не люблю,
I кончылася цяжкая дарога,

I больш ужо няма куды ісці,


Ніколі ўжо не вырвацца на волю,
Бо не было ў маім жыцці
Нічога, апрача бяды і болю.

За вокнамі асенні дождж


Адлічвае апошнія хвіліны,
Прайду на развітанне басанож,
Перахрышчуся і... пятлю накіну.

Зірну наўкол праз вузкае сіло,


Намоклы шпак гайдаецца на гронцы,
I раптам нечакана узышло
З-за разарванай хмары сонца.

На вецці, на ігліцы, на лістах


Дрыжаць, нібы вясёлкі, завушніцы,
I адкаціўся неадольны страх,
Калі ў званы ударылі званіцы.

Што думаў з гора рукі налажыць,


Кляну сябе і сам сабе клянуся,
Што як ні горка, але трэба жыць
У Беларусі і для Беларусі.

2 жніўня 1991
Вячэрняя малітва
Да поўначы, укленчыўшы, хрышчуся,
У неба, у зорак і ў Бога малю
Даць волю і долю маёй Беларусі,
Вярнуць нашу мову, душу і зямлю.

Даўно мы знямелі, аглухлі, аслеплі,


Зайшоўся ад болю і голас, і зык,
Нас прыхадні гналі пад кулі і ў петлі
I вырвалі ў нашага Бога язык.

А Бог уваскрос, і жывы, і нязводны,


Распяты не раз без адходнай імшы,
У памяці нашай, у долі народнай,
У кожнай жывой акрыялай душы.

Зацятыя прыхадні енку не чуюць,


Бо ведаюць толькі: «крышы» і «карай»!
Пагардай і лютай знявагай лінчуюць
I мараць пра «Северо-Западный край».

Яго нашы продкі і мы паспыталі,


Але не здаліся пякельнай бядзе:
Прарока нам Бог дараваў на Купалле,
Каб ён запытаўся: «А хто там ідзе?!»

О, Божа магутны, малю і малюся:


Спрадвечныя нашы пакуты згадай,
Хоць ты заступіся за лёс Беларусі
I згінуць не дай.

30 чэрвеня — 3 ліпеня 1992 г.
Замова
Чытаю замову за родную мову,
За шчасце і волю Зямлі.
Мы помнім знявагі, і здзекі, і змовы,
А вечную мову усё ж збераглі.

Яна, як сумленне, яна, як аснова,


Яна, як паходня, у дужых руках,
Бо матчына слова, бо родная мова
Свяціла і будзе свяціць у вяках.

27 лютага 2001 г.

Дарога да волі
Свабода і Воля —
З адзінага поля,
З адзінага лёсу,
З адзінай мяжы,
Адна ў іх нядоля,
Адзіная доля —
Ці шчасце прыносіць,
Ці быць на крыжы...

2002
АДДАНАСЦЬ
Сцярплю я ўсе твае пакуты,

Бо сам не ведаю, калі,

Як ланцугом, душой прыкуты

Да беларускае зямлі.
Цярплівасці ў яе вучуся

З сумленнем чыстым і святым,

Не здраджу ёй, не разлучуся

На гэтым свеце і на тым.

Ветразь

Я гэты верш прачытаў знаёмай

сібірачцы. Яна прызналася, што

не зразумела ніводнага слова,

а лічыла беларускую мову амаль рускай.

Замест падрадкоўніка я пераклаў

верш і прачытаў знаёмай.
У выраі ветразь знікае

За хвалі, нібы на спачын.

І змора яго не злякае,

Не спыніць жудой далячынь.

У змроку зіхоткая здрада

Завабіць хлуснёю ў віры,

На золку сканае прынада

І кволы прамень на жвіры.

Раптоўна згаданыя мроі

Ў карунках пяшчотнай тугі

Павольна знікаюць, як строі,

Ў бязважкасці кволай смугі.

Знікае ўсхвалёваны ветразь.

З кунегаю пільна сачу,

Як водар аздобіў паветра,

І ў бездані знічкі лічу.


ПАРУС
Парус, как белую стаю,

Волна на покой унесла,

Он легким виденьем растаял,

Угроз не пугаясь и зла.

Сусальные блестки изменой

Заманят в крутую волну,

Растает шипящая пена,

К седому прильнув валуну.

Нежданно мечты и надежды

Исчезнут, как легкий обман.

И, как привиденья, одежды

Спадут в поредевший туман.

Взволнованный парус исчезнет,

Как пламя дотлевшей свечи,

А я над бушующей бездной

Считаю созвездья в ночи.



«Вот теперь все понятно», —

прызналася знаёмая сібірачка. —

«А мне казалось, что белорусский

тот же русский язык с испорченным

произношением. Выходит ошибалась».
1989

***


І праз гады, магчыма, нашы кнігі

Разгорне праўнук праўнука майго,

І слова ў слова, як выток Нямігі,

Ён разгадае ўсе да аднаго.


Адсеюцца пазаддзе і палова,

Хоць не адно стагоддзе прабяжыць.

Не будзе нас, не ўладароў, а слова

Жыло, жыве і будзе жыць.


1998

БРОНЯ
Памяці маіх землякоў, расстраляных



фашыстамі каля Мыслачанскай гары.

Калісці быў і я ў палоне

Прыгожай і пяшчотнай Броні.

Над Пціччу, на зялёным вале

Свае пачуцці мы хавалі:

Шапталіся на схіленай вярбе,

І я часамі думаў сам сабе:

“Наўрад ці давядзецца у жыцці

Падобную на Броню мне знайсці.”

Хіліўся непрыкметна да шчакі

І да гарачае рукі.

Калі ўзыходзіла на небе поўня,

Мы адплывалі ў сіні змрок на чоўне,

Плылі павольна на Высокі бераг,

Дзе плёскаліся то шчупак, то жэрах,

Вярталіся з бярэмамі чаромух,

І я часамі быў не “промах”:

Туліўся да ласкавай Броні

І вуснамі кранаўся скроні.

Яна ўглядалася ў азоранае неба

І мне шаптала: “Лепш не трэба…”

Мне замінаў у горле дыхаць ком,

Бо быў яшчэ наіўным дзіваком…

Мы развітацца не маглі да дня.

Сплыла туманам наша чысціня.

Калі ж крывавыя ўварваліся нягоды,

Мне Броня ўспаміналася заўсёды.

Яна сканала ў вогненым віры

На схіле Мыслачанскае гары,

Заплюшчыліся вочы назаўжды,

Што не адважваўся пацалаваць тады.

Дзе тысячы загінулі на схіле,

Узняўся толькі камень на магіле.

Я перад ім схіляюся ў маленні

І моўчкі станаўлюся на калені,

Глытаю слёзы горкія і сёння.

“Не плач, не трэба”, — шэпча Броня.
За Глускам, каля Мыслачанскай гары,

расстраляна каля 2-х тысяч местачкоўцаў.

1997г.


ВЕРАСНІЦА
Не ведаю, чаму так часта сніцца

На Тураўшчыне вёска Верасніца,

Над Прыпяццю зімовыя дубы,

У пасівелым небе — галубы,

Гладышкі і даёнкі на платах,

Гарбузніку і канапляны пах,

Каляндры і завялых мальваў подых,

І шум сухога лісця на гародах,

На беразе засмоленыя лодкі

І на вірах лілеі, быццам сподкі,

Гайдаюцца на загусцелай хвалі,

Дажджынкі, як крыштальныя каралі,

Звіняць на затуманенай вадзе,

Зажураны па вішаі ідзе

Падбіты бусел адзінокі

І з сумам пазірае на аблокі,

Што праплываюць нізка-нізка,

Між імі, як ружанцу нізка,

Спяшаюцца у вырай журавы,

Каб прыляцець да першае травы.

Ім наўздагон ракітніка кусты,

Як каляровыя паштоўкі, шлюць лісты.

Не ўспомню, колькі прастаяў гадзін

Я над асенняй Прыпяццю адзін,

А і дагэтуль часта сніцца

У вераснёвым цвеце Верасніца.

Яе прыпеўкі, радасць і тугу

Забыць ніколі не магу.


1996

НЕ ВЕРУ
Актывісты Фонду абароны жыцця лічаць, што



да 2105 году знікне апошні жыхар Беларусі,

як апошні скіф, хазар, кімерыец і майя,

паведаміла 26 верасня 1996 г. “Звязда”
Не веру, што не выжыве і знікне

З ліхой падказкі мой народ.

Сумленне ўзнімецца і клікне

Людзей асуджаных на звод.


Ускрэснуць Будны, Скарына, Купала,

І ўсе сыны, што аддалі душу,

Каб Беларусь напоўніцу устала

І справіла ўрачыстую імшу.


Званы адкажуць з кожнае званіцы,

І песні не замоўкнуць давідна,

І грымнуць урачыстыя Грамніцы,

І прыйдзе зноў чаканая вясна.


Узыдзе і закаласіцца зерне,

Засерабрацца росы на траве,

А Бог душу і шчасце верне,

І ўсё жывое ажыве.

2001г.

ххх


Мінуць гады, надыдзе час,

Калі не будзе нас і вас,

А ўсё адродзіцца удала,

Бо ёсць і Колас і Купала.

22/ІХ/2000
ЛЮБОЎ

Я назаўсёды адлюбіў

Ласкавых, колкіх і трывожных,

Баяўся, хоць і поруч быў,

Крануць не надта асцярожных.

Далёкае растала ў дыме,

І не заўважылі калі,

А ў памяці, як і былі,

Ўсе засталіся маладымі.

Але любоў не мае межаў,

Яна хвалюе кожны дзень,

І неадступная, як цень,

То водарам суніцы свежай,

Сцюдзёнай ранняю расою,

Бязмежжам любае Зямлі,

І свежай вільгаццю раллі,

І непаўторнаю красою

Язміну, срэбраных канвалій

І церпкім чадам палыну,

І роснай сцежкай у вясну,

Пакуль не ўсе зязюлі адкувалі,

Я, можа, не спяшацца і ўмалю,

Бо Беларусь найбольш люблю.

2001


ДЗЯКУЙ БОГУ

Я часта сам сябе караю,

Нічога больш не трэба мне,

Не рвуся з апраметнае да раю,

Бо страшны суд нікога не міне.

Хацеў бы нарадзіцца я нанова

І звязаныя рукі развязаць,

Пачуць, што уваскрэсла наша мова

І “Дзякуй” Богу за яе сказаць.

9/ІІ/2001



Адно жаданне

Вецер вые на жалобнай ноце,

Дожджык то сціхае, то імжыць.

Зноў гадаю я на адзіноце

Колькі мне пакутаваць і жыць

Быццам страшны сон, дзесяцігоддзі

Прамільгнулі, хоць яшчэ не ўсе.

Хто ж мне скажа: “Досыць! Годзе!”

І спакой адвечны прынясе?

Што здаўна усім наканаваны,

І ніхто яго не абміне.

Можа на змярканні або рана

Мне павекі з вуснамі замкне?

Згасне лямпа, загарыцца свечка,

І усё замоўкне назаўжды,

Скончыцца з пакутным лёсам спрэчка,

Знікнуць непрыкметныя сляды.

Неўзабаве дзень надыдзе ў скрузе,

Змоўкну і забуду ад бядзе,

І хачу памерці ў Беларусі,



Толькі ў Беларусі. Больш — нідзе.

2002г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка