Вясельныя традыцыі рэчыцкага раёна




Дата канвертавання29.03.2016
Памер74.17 Kb.
Дземідзенка К.У., Літоўчанка А.М.

ГДУ імя Францыска Скарыны, г. Гомель


“ВЯСЕЛЬНЫЯ ТРАДЫЦЫІ РЭЧЫЦКАГА РАЁНА“
Абрад вяселля – адзін з найбольш старажытных абрадаў усходніх славян.

У народным календары былі такія перыяды, калі вяселле строга забаранялася, і, наадварот, вылучаліся прамежкі часу, калі яго можна было адзначаць. Найбольш важнай часткай хрысціянска-язычніцкага календара з’яўляліся пасты, у час якіх ладзіць вяселле не дазвалялася. Як вядома, у гэты перыяд выключалася ўжыванне ежы жывёльнага паходжання, святкаванне вяселляў, выкананне шлюбных абавязкаў. Царквой было забаронена вянчанне ў час пастоў. Вясельны абрад па сваёй структуры быў больш складаны, чым радзінны ці пахавальны, бо ўбіраў ў сябе двух-ці трохтыднёвы перадвясельны перыяд. Затым было ўласна вяселле, якое завяршала паслявясельныя рытуалы.

Звернемся да характырастыкі мясцовай спецыфікі абрадавых этапаў вяселля ў Рэчацкім раёне Гомельскай вобласці.

Традыцыйна вяселле праходзіла ў 3 этапы:

Перадвясельны:

1. Сватанне;

2. Заручыны.

Уласнавясельны:

1. Дзявочы вечар;

2. Падрыхтоўка каравая;

3. Падзел каравая;

4. Першы дзень вяселля;

5. Другі дзень вяселля;

6. Трэці дзень вяселля.

Паслявясельны:

1. Пярэзвы (Куры)

У вёсцы Зашчоб’е важным абрадавым этапам давясельнага перыяду было сватанне.

Сватанне.

Ключавой фігурай ў абрадах перадвясельнага перыяду, а таксама ў іншых абрадавых момантах вяселля з’яўляецца сват. Звычайна, як вынікае з палявых экспедыцыйных матэрыялаў, гэта чалавек, якому больш за сорак гадоў, які мае сям’ю і дзяцей. Ён павінен быць аўтарытэтным, правіць ходам падзей, валодаць талентам імправізацый, што дазваляе яму падтрымліваць неабходны рытм святочнага дзейства.

Сватанне лічылася паспяховым, калі ў канцы застолля маці будучай нявесты насыпала зерне ў бутэльку, заварочвала яе ў ручнік і аддавала свату. Умовай згоды на шлюб у в.Зашчоб’е Рэчыцкага раёна з’яўляецца развязаная на бутэльцы чырвоная стужка: “Маці з бацькам пытаюцца ў дачкі, ці сагласна, то яна падыходзіць да стала, на яком стаіць бутэлька з гарэлкай, прывезеная бацькам жаніха, і развязвае красную лентачку” [1 с. 398] (запісана ад Цайко Раісы Нікіфараўны, 1937 г. н.).

Зборная субота ў вёсках Рэчыцкага раёна была вядома пад назвай “Дзявочы вечар”.

У зборную суботу сяброўкі маладой збіраюцца ў яе хаце і рыхтуюць нявесту да замужжа. Яны робяць вянок з кветак, вэлюм, апранаюць нявесту, спяваюць песні.



Падрыхтоўка каравая.

У суботу, з самага ранку, калі маладыя павінны былі ехаць вянчацца, рыхтавалі каравай i ў хаце нявесты, i ў хаце жаніха. У нявесты пякла каравай яе хросная маці, ёй дапамагалі некалькі жанчын, а ў жаніха – яго хросная мацi. Калі замешвалі цеста на каравай, то пелі пecнi. Лічылася, што выкананне песень павінна паўплываць на якасць падрыхтоўкі каравая, каб каравай удаўся. «Kaлi цеста падыходзіла i каравай трэба было выпякаць, маці хросная казала: "Каравай рагоча, да печы хоча"» [1, с. 399].

Для ўпрыгожвання каравая жанчыны спецыяльна выпякалі 15-20 шышачак, потым аддавалі дзецям, а дзеці за гэта павінны былі прынесці «елца» (галінкі ад елкі), гэтым елцам хросная мaцi i ўпрыгожвала каравай. Пасля выканання гэтага рытуалу каравай станавіўся прыгожым, высокім.

Падрыхтоўка да вяселля.

У суботу (першы дзень вяселля) раніцай у доме нявесты збіраліся яе сяброўкі i пачыналі прыбіраць нявесту. Kaлi яе прыбіралі, мацi i бацька благаслаўлялі яе. Яны бралі хлеб-соль i гаварылі: "Благаслаўляем цябе хлебам-соллю, шчасцем, доляй на ўвесь доўгі век". I тады нявеста спявала жалобныя песнi:



Я ж думала, мамачка,

Замуж не пайду,

Насеяла чарнабрыўцаў (кветкі)

Цэлую граду (в. Зашчоб’е) [1, с. 399].

Галоўнымі персанажамі вясельнай цырымоніі з’яўляюцца шафер і шаферка, сват з сваццяй, хросныя і пасаджоныя бацькі.

Шафера і шаферку выбіраюць з кола блізкіх сяброў. Яны павінны быць не ў шлюбе, не мець дзяцей. Шаферам або шаферкай можна быць толькі адзін раз.

Сватоў ацэньвалі па колькасці праведзеных вяселляў. Яны павінны былі мець сям’ю, дзяцей, добра жыць у шлюбе. Сватамі не бралі тых, хто быў разведзены, удоў, бяздзетных (да сарака гадоў). Сватам павязваліся ручнікі праз плячо.

Самыя ганаровыя госці на вяселлі – гэта хросныя бацькі жаніха і нявесты, а таксама бабулі і дзядулі. Яны з’яўляюцца «абаронцамі вяселля». Хросныя павінны прысутнічаць у храме пры вянчанні, выпякаць і дзяліць каравай.

Пасаджоныя бацькі выбіраюцца з кола сяброў сям’і ў тым выпадку, калі хто-небудзь з бацькоў нявесты ці жаніха памёр. Гэта можа быць пара, якая мае сваіх дзяцей. Вопратка пасаджонай маці павінна адпавядаць традыцыі (суцэльная сукенка).

Першы дзень вяселля.

Жаніха выпраўляюць з хаты да вянца такім чынам, каб ён абавязкова прайшоў пад аркай, зробленай з вясельнага ручніка. Жаніх павінен прайсці, не закрануўшы яго. За ім ідзе маці з іконай, якая застаецца ў хаце, а з сабой маладыя забіраюць грамнічную свечку.



Ад’езд маладых да вянца.

Нявеста павінна апранацца ў другой хаце, той, дзе жыве багатая сям’я. Тут адбываецца і выкуп. Потым маладыя ідуць у дом нявесты, дзе адбываюцца іншыя рытуалы, заключнымі з якіх з’яўляюцца праводзіны маладых пад ручніком і іх благаслаўленне. Пасля маладыя садзяцца ў які-небудзь транспартны сродак. Бацька трымае ў руках абраз, а маці абсыпае картэж зернем. Абыходзяць вакол тры разы. Пад’язджаць да хаты маладой, да храма, загса, да месца вяселля трэба па руху сонца.



Вясельны стол.

Стол, за якім будуць сядзець маладыя, трэба ставіць так, каб ён быў зарыентаваны на ўсход. Добра будзе, калі маладыя сядуць на адной лаўцы. Лепей за ўсё сталы ставіць літарай «Г», дзе родныя жаніха сядзяць з аднаго боку, а блізкія нявесты – з другога.

Побач з маладымі павінны сядзець шаферы, потым хросныя бацькі, а затым па ўзросце, пачынаючы ад маладзейшых і да самых старэйшых. Бацькі не садзяцца за вясельны стол, у іх другая справа, яны робяць усё, каб свята ўдалося і нічога не перашкодзіла маладым.

Да стала маладыя павінны заходзіць «па сонцу» (па гадзіннай стрэлцы), а выходзіць у другім накірунку. Маладыя павінны ўвесь час трымацца за рукі, каб паміж імі ніхто не прайшоў.



Каравай.

Кульмінацыяй вясельнага абраду з’яўляецца каравай, які дзялілі хросныя бацькі нявесты і жаніха. Паводле ўспамінаў інфарматараў: “Бралі блюда, абвязвалі яго рушніком, на гэта блюда клалі тарэлачку пустую для кавалкаў караваю і дзве пустыя чаркі. Разам з хросным стаяла хросная, трымала ў місцы нарэзаныя кускі каравая для гасцей, якіх будуць вызываць, каб потым кожнаму пакласці па кусочку на талерачку. Хросны бацька трымае тое блюда, на якім талерачка і дзве чаркі, у адной руцэ, а ў другой – графін з гарэлкай. Праз некаторы час ён пачынаў вызываць гасцей: спачатку родных, а потым усіх астатніх і гаварыў, напрыклад: "Кандратаўна і Філімонавіч, каб вы ласкавы былі, к нам падышлі, нашым маладым падарак падарылі". Падыходжаюць матка з бацькам: “Маем быць”. Матка гаворыць: “Я крывенькая, сляпенькая, недужэнькая, да падышла і деткам падарак прынесла”, – і шуціць: “Дарую, сынок, табе казу, штоб сёк лазу ды печ тапіў, а табе, нявестка, дарую ступу з таўкачом, каб не хадзіла дамоў з плачом, а тут жыла ды ўнукаў мне раджала, ды дабра нажывала” [1, с. 404].



Адорванне маладых.

Нельга віншаваць маладых голымі рукамі, трэба гэта рабіць праз новую хустку. Таксама нельга дарыць маладым «вострыя, рэжучыя» падарункі.

Адразу пасля адорвання маці жаніха здымае з нявесты вэлюм і апранае яе ў касынку і фартух. Пасля вэлюм прымярае шаферка, а потым маладыя дзяўчыны, якія прымалі ўдзел у свяце. Затым вэлюм вешаюць у чырвоны куток пад абраз. Вэлюм захоўваецца ў сям’і на ўсё жыццё. Пасля маці жаніха бярэ ручнік, на якім стаялі маладыя ў царкве (загсе), кладзе туды свечкі, кветкі жаніха і нявесты, выцірае сурвэткай посуд маладых, кладзе сурвэтку ў ручнік, завязвае яго чырвоным поясам. Гэта ўсё павінна захоўвацца ў сям’і. Пасля маладыя павінны пакінуць свята.

Другі дзень вяселля.

У хаце жаніха раніцай нявеста ўстае, бярэ вядро і ідзе да калодзежа за вадой, а жаніх выходзіць следам і дзяжурыць, ці “перастрэне яе хто-небудзь там. Калі ніхто не перастрэне, то будуць жыць да самай смерці разам” [1 с. 405].

Нявеста вяртаецца ў хату, дзе яна павінна напекчы тонкіх бліноў на ўсіх гасцей. Так правяраюць бацькі жаніха, якой гаспадыняй будзе нявеста.

У той жа дзень госці нявесты збіраюцца ў хаце нявесты, а потым усе едуць да жаніха, вязуць ёй прыданае: шкаф, платкі, гардзіны, рушнікі і там ставяць услоны і ўжэ вешаюць гардзіны на вокны, платкі на іконы, скацеркі, пасцілкі на шкафы, рушнікі на рамкі з фатакарткамі; усё дабро нявесціна паказвалі. На ўслонах танцавалі госці. Ну, і працягвалі гуляць далей. Гулялі да цямна, да вечара, бо трэба было худобу даглядаць” [1 с. 405].



Трэці дзень вяселля.

«На трэці дзень жаніх, нявеста і госці жаніха ехалі да бацькоўскага дому нявесты “драць курэй”. Госці ідуць на двор, ловяць курыцу, забіваюць, абскубваюць, вараць і падаюць на стол. Пры гэтым жартуюць: “Курыца ўкусная – нявеста будзе ўкусная”» [1 с. 405].

Пярэзвы з’яўляліся заключным этапам вяселля. Паводле ўспамінаў інфарматараў: “Збіраліся ўсе, хто гуляў вяселле ў першы дзень, і ішлі па хатах. Хадзілі да ўсіх, хто быў на вяселлі, у кожнай хаце выпівалі (а дзе былі бяднейшыя хаты, яны рабілі агульны стол).

На наступны дзень хадзілі па хатах і збіралі курэй, з якіх варылі суп. Потым вечарам усе ядуць гэты суп.

На наступны дзень вазілі скрыню (куфэрак). У гэты дзень пераапранаюцца ў цыган. Людзі гуляюць, весяляцца, скрыню вязуць на кані, вешаюць чырвоны сцяг, страляюць з ружжа. Перад канём запальвалі вогнішча, якое ён павінен пераскочыць.”[1, с. 409].

З дзявятага па саракавы дзень адбываўся ў маладых мядовы месяц. З сёмага па саракавы дзень пасля вяселля жонка павінна карміць мужа тымі лыжкамі, якімі яны карысталіся падчас вяселля.

На наступны год у новай сям’і павінна было нарадзіцца дзіцё. На гэтым завяршаецца першы год жыцця маладых, заканчваецца паслявясельны этап. Кола замыкаецца.

Лакальныя адметнасці вясельнай традыцыі Рэчыцкага Палесся выяўляюцца на ўзроўні міфалагічных уяўленняў з асобнымі абрадавамі этапамі, семантыкі вясельных рытуалаў, прадметнай атрыбутыкі і інш.


Спіс літаратуры:

1. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік. – ЛМФ “Нёман”, 2003. – 472 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка