Вярцінскі А. Рэквіем па кожным




Дата канвертавання21.05.2016
Памер30.9 Kb.
Вярцінскі А.
РЭКВІЕМ ПА КОЖНЫМ

ЧАЦВЁРТЫМ
Думаў я, пройдуць зімы і вёсны,

Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны...

3 паэмы «Голас сэрца» П. Броўкі
Уступ

Вы бачылі лес,

дзе прагал скразны?

Скажыце, вы бачылі бор той,

дзе кожнай другой няма сасны

ці сама меней — чацвёртай?

Тое ж было і з народам маім.

Сякера ваеннай навалы1

прайшлася бязлітасна па ім,

і — прагалы, прагалы.

Яны і сёння не зараслі,

свецяцца прасторай мёртвай...

Вы бачылі лес, дзе прагал скразны?

Скажыце, вы бачылі бор той?


Частка першая

Зямля мая бой прымала

ад стара і да мала,

ад стогадовага Талаша

да Казея — малыша.

I падаў, распасцёрты,

кожны чацвёрты.
Часта згаралі знічкі2 тады.

Быў небасхіл чорны.

А на зямлі стылі сляды —

кожны чацвёрты.


Мір асвятліў нас сваім святлом.

Грымелі ўрачыста акорды.

Толькі не быў за святочным сталом

кожны чацвёрты.


Доўга не трацілі ўдовы надзей,

доўга чакалі маці дзяцей.

Не верылі ўсё, што мёртвы

кожны чацвёрты.


Помнім болі і страты свае.

Памяць шуміць, як чароты.

О, як нам вас не стае —

кожны чацвёрты!


Частка другая

Кожны чацвёрты быў мёртвы –

Мір і спакой ім вечны!

Кожны трэці быў змораны,

скалечаны і знявечны.
Кожны другі на целе

меў раны, апёкі ці шрамы.

І ўсе мы, усе мы мелі

на душы сваёй раны.


Зеўралі1 ямы, траншэі,

зеўралі печы ў друзе2

ранай адной страшеннай

на целе маёй Беларусі.


Частка трэцяя

Лічым: чацвёрты кожны.

А можа, кожны трэці?

Голадам падкошаныя,

паміралі дзеці.
Яшчэ мы не ўлічылі

тых, што лячылі раны,

раны не залячылі,

раны паміралі.


Колькі прапала без вестак,

без пахаванняў, памінак!

А колькі потым дзетак

узарваліся на мінах.

Лічым: кожны чацвёрты.

А той рахунак прыблізны,

а той рахунак няцвёрды,

а ўрон яшчэ больш вялізны.



Эпілог Урок спражэння

Не забываецца той урон,

не зарастаюць прагалы...

«Дзеці, вы вывучылі ўрок?

Дзеці, вы праспрагалі? »

Я іду, ты ідзеш,

а ён не ідзе —

ён мёртвы.


Я пяю,

ты пяеш,


маўчыць кожны чацвёрты.

Мы ідзём,

ідзеце вы.

Грунт пад нагамі цвёрды.

Яны не ходзяць — не жывы

кожны чацвёрты.


Любім мы, любіце вы.

Колькі травы,

ліствы,

сінявы! —



Хоць сэрца насцеж разгортвай.

А каб яшчэ ды быў жывы



кожны чацвёрты!

1 Навала — нашэсце ворагаў.

2 Знічкі — зоркі, якія «згараюць», знікаюць у небе. Кажуць, што калі памірае чалавек, у небе знікае яго зорка.

Зеўралібылі бачнымі,адкрытымі. Зеўра – адтуліна, яма, прорва

Друз – куча бітага каменю, цэглы.


1


2






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка