Вядучы 1: Мінаюць часіны – знікаюць руіны, Злятаюць з палёў груганы. І толькі ў сэрцах баляць, не сціхаюць Незагойныя раны вайны. Вядучы 2




Дата канвертавання29.03.2016
Памер159.9 Kb.
Пастаўская цэнтральная раённая бібліятэка

аддзел бібліятэчнага маркетынгу


Горкі


палын

вайны


літаратурна-публіцыстычнае свята

да Дня Перамогі

2009

(гучыць музыка , выходзяць вядучыя)



Вядучы 1: Мінаюць часіны – знікаюць руіны,-

Злятаюць з палёў груганы.

І толькі ў сэрцах баляць, не сціхаюць

Незагойныя раны вайны.



Вядучы 2: Сёння мы жывем у цудоўнай свабоднай і мірнай краіне Беларусь. Але ёсць на сэрцы нашай радзімы незагойныя раны – раны Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе мы святкуем слаўную дату ў жыцці нашага народа – 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Чытальнік: Што, забываецца вайна?!

Дарэмна так гавораць людзі.

У памяці жыве яна,

Хто ваяваў, той не забудзе.

У памяці яна і тых,

Хто быў пакрыўджаны вайною,

Згубіў хто блізкіх, дарагіх,

Астаўся круглай сіратою.

Вайна – рамантыка? Не, - жах!

То – кроў, калецтва, смерць, праклёны...

Там літаральна на вачах

Людзей знішчаліся мільёны.

Аб ёй патрэбна і ў кіно,

І ў творах шчыра, без падману

Усё расказваць, як было,

Як помняць самі ветэраны.



Вядучы 1: Так ужо горка распарадзілася гісторыя – залішне часта і бязлітасна малаціла сталёвымі цапамі самай рознай зброі па беларускай зямлі, засыпала едкай сажай і попелам чыстыя лугі і ручаіны, густым смуродам пажараў і тлену атручвала вятры і цяжкім барвовым туманам закрывала блакітныя далягляды.

Вядучы 2: Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця радзіму, - гэта значыць змагацца за мір. Гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі.

Вядучы 2: Сёння мы жывем у цудоўнай свабоднай і мірнай краіне Беларусь. Але ёсць на сэрцы нашай радзімы незагойныя раны – раны Вялікай Айчыннай вайны. Распачаўшы вайну супраць Савецкага Саюза, фашысцкая Германія разлічвала на хуткую перамогу. “Цвай монат (два месяцы) і Масква капут” – выхваляліся немцы. Перад гітлераўцамі ўжо адступіла амаль уся Еўропа.

Вядучы 1: З “Памяткай нямецкага салдата” вераломна рынуліся фашысты на рубяжы нашай краіны. У ёй гаварылася: “Ніводная сіла свету не ўстаіць перад германскім напорам. Мы паставім на калені ўвесь свет.Ты будзеш вырашаць лёсы Англіі, Расіі, Амерыкі. Ты - Германія: як падабае германцу, знішчай усё жывое, якое аказвае супраціўленне на тваім шляху... Заўтра перад табой на каленях будзе стаяць увесь свет...”

Чытальнік: Сарвалася лавінай жалезнаю.

Закруцілася бурай шалёнаю,

Разлілася стыхіяй бязмежнаю,

Саранчою апала зялёнаю.

Застагналі палі пад калёсамі,

Задрыжала зямля пад ударамі,

Узвіліся дымы пад нябёсамі.

Старана засвяціла пажарамі.

Свет напоўнены грукатам, рокатам,

Бабы носяцца проставалосыя ,

Людзі падаюць, коцяцца покатам,

Быццам тая травіца пад косамі.



С.Крывец

Вядучы 1: Лёс Беларусі ў планах Гітлера быў адназначным – аграрна-сыравінны прыдатак. На адным з абедаў з нацысцкім кіраўніцтвам Гітлер хвастліва заявіў: “Пакораныя намі народы ў першую чаргу павінны абслугоўваць нашы эканамічныя інтарэсы. Славяне створаны для таго, каб працаваць на немцаў, і ні для чаго болей. Наша мэта – пасяліць у месцах іх цяперашняга пражывання сто мільёнаў немцаў. Нямецкія ўлады павінны займаць самыя лепшыя будынкі. Мы возьмем сабе толькі лепшыя землі. У балотах хай капаюцца славянскія абарыгены.”

Вядучы 2: Менавіта Беларусь адна з першых прыняла ўдар фашысцкай навалы. 22 чэрвеня 1941 года. На гадзінніку было 3.15 хвілін, а ў Маскве 4.15. Брэсцкую крэпасць ускалыхнула са страшэннай сілай. Неба гуло, зямля стагнала. Рушыліся сцены казармаў, пастроек. Сонныя, разгубленыя, кантужаныя і ўжо параненыя нашы воіны пачалі хватацца за зброю. На захоп Брэсцкай крэпасці Германія выставіла 29 лепшых дывізій розных войск. 1 600 самалётаў, здавалася, знішчыць, зраўнуе крэпасць з зямлёй. Нямецкі фельдмаршал фон Клюге ўспамінаў:” Раніцай пачаўся ўраган і пранёсся над нашымі галовамі з такой сілаю, якую мы не разу не адчулі ні да гэтага, ні ў наступным ходзе вайны. Рускі гарнізон крэпасці буквальна вёў барацьбу да паследняга патрона, да паследняга чалавека. Нашай страты дахадзілі да 50%. Там мы пазналі, што значыць змагацца з рускімі. Яны паказалі выдатныя веды барацьбы пяхоты і цудоўную волю да барацьбы”.

Вядучы 1: Мы не гатовы былі да вайны. Таму з першых дзён пацярпелі паражэнне. Ужо праз некалькі тыдняў чужынцы захапілі тэрыторыю Беларусі і сталі ўстанаўліваць свой так званы “новы парадак” – рэжым крывавага тэрору, жудасных здзекаў і гвалту над насельніцтвам. Згодна з генеральным планам “Ост”, германскія захопнікі планавалі знішчыць на тэрыторыі Беларусі 75% мясцовага насельніцтва, а пакінутых жывымі выкарыстоўваць у якасці працоўнай сілы.

Вядучы 2: Пачаліся доўгія і страшныя выпрабаванні нашага народа.Тры гады акупацыі няспынна гінулі людзі, і гэта была цяжкая плата народа за сваю незалежнасць, якая абышлася Беларусі ў 2 мільёны 596 тысяч чалавечых жыццяў. 1113 жахлівых дзён і начэй перажыла наша родная Беларусь. Акупанты былі не супраць спаліць кожную беларускую вёску, ператварыць у нішто кожнае мястэчка, кожны пасёлак. І яны гэта рабілі – з нямецкай дакладнасцю і паслядоўнасцю, з фашысцкай нянавісцю да чалавека.

Вядучы 1: Для ўстанаўлення “новага парадку” гітлераўцы стварылі ў Беларусі каля 260 лагераў смерці. Іх ахвярамі сталі звыш 1,4 млн. чалавек. Лагер Трасцянец пасля Асвенцыма і Майданека заняў трэцяе месца ў фашысцкай сістэме знішчэння людзей. 206 тысяч чалавек - такая страшэнная лічба ахвяр Трасцянца.

Вядучы 2: На тэрыторыі Беларусі было больш за 100 гета. У кожным раёне Беларусі дзейнічалі канцлагеры, турмы. Нечуваныя зверствы чынілі акупанты над партызанамі, мірнымі жыхарамі. Яны правялі больш 140 карных аперацый, у выніку якіх цэлыя раёны Беларусі ператварыліся ў пустынныя зоны. Не шкадавалі старых, жанчын, дзяцей.

Чытальнік: Лічым: чацвёрты кожны

А можа, кожны трэці?

Голадам падкошаныя паміралі дзеці

Яшчэ мы не ўлічылі

Тых, хто лячылі раны,

Раны не залячылі,

Рана паміралі.

Колькі прапала без вестак,

Без пахавання, памінак

А колькі потым дзетак

Узарвалася на мінах!

Лічым: кожны чацвёрты,

А той рахунак прыблізны,

А той рахунак няцвёрды,

А ўрок яшчэ больш вялізны.

А.Вярцінскі



Вядучы 1: Ледзь не ўвесь свет ведае беларускую вёску Хатынь, што на Лагойшчыне. Гітлераўцы спалілі яе разам з жыхарамі. Загінулі ўсе 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей. ... На месцы Хатыні ў 1969 г. збудаваны мемарыяльны комплекс, на адным з камянёў якога выбіты словы: “Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай жа смутак і журба абернуцца ў магутную сілу, каб здолелі ўвекавечыць вы мір і спакой на Зямлі, каб нідзе ніколі ў віхуры пажараў жыццё не згарала”.

Чытальнік: Доўгі дзень твой,

Як боль твой, Хатынь.

Памяць як ні гартай-перагортвай,

Тры бярозкі самотна стаяць,

І няма паміж імі чацвёртай.

Тры маўчаць,

Ды пад ветрам шумяць,

А чацвёртая бавіцца недзе.

...А чацвёртая звонам крычыць,

Раскалыхвае памяць і неба.



Вядучы 2: А як не прыгадаць Асвейскую трагедыю? Там карнікі спалілі жывымі, патапілі ў рацэ Свільна 3639 мірных жыхароў, сярод іх было 2118 дзяцей...

Чытальнік: О, бедны народ мой! О, край мой радзімы!

І чым угнявіў ты свой лёс?

Плывуць саламяныя вёскі за дымам

У шэрую далеч нябёс.

Па полі, па хатах, між лоз і сасонкаў

Крывавыя кроплі расы...

Бяздомная маці над мёртвым дзіцёнкам

Ірве на сабе валасы.

Бы кроўю, усцілае людскія магілы

Лістоты асенняе медзь...

О, сэрца, якою ўладаеш ты сілай,

Што гэтулькі можаш цярпець!

Гляджу навокал з ледзяною тугою,

І ў сэрцы адчаю уздым...

За край мой, заліты нявіннай крывёю,

Пракляцце чужынцам ліхім.

А.Коршак

Вядучы 1: Карнікі знішчылі 4 885 беларускіх вёсак, поўнасцю, з усімі жыхарамі было знішчана 627. Гэта – беларускія Хатыні... Пякельная рэальнасць Вялікай Айчыннай вайны... Сімвал няскоранасці беларускай зямлі, бо скораных не знішчаюць Выходзіць хлопчык

Хлопчык: Я хацеў бы, каб гэта быў сон. Але гэта не сон. Не, не сон. Гэта праўда... (азіраецца па старанах) Усё жыве, рухаецца, кудысьці імкнецца. І толькі адзін я нікуды не спяшаюся, нічога не раблю – мне нічога нідзе не трэба. Бо ў мяне няма больш хаты, мамы, сястрычак, наогул – нікога і нічога нідзе няма. Я адзін. Адзін у бязмежна вялікім і такім неўладкаваным, беспрытульным свеце. Навошта блукаць мне дзень па полі, па лесе, па спаленай вёсцы?..Навошта бачыць пажарышчы, папялішчы, разбураныя, закураныя печы, абгарэлыя платы, дрэвы? Навошта думаць, уяўляць, як выглядала ўсё да пажару? Навошта? Навошта мне жыць?

Вядучы 2: Недахоп рабочых на прамысловых мерапрыемствах Германіі патрабаваў прыцягнення працоўных рэсурсаў. Пачаўся прымусовы вываз беларускага насельніцтва. Апынуўшыся на катарзе, людзі гінулі ад знясільваючай працы, голаду, здзекаў. За час акупацыі з Беларусі было вывезена каля 400 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. Вярнуліся дамоў пасля перамогі толькі каля 120 тыс. чалавек.

Выходзіць дзяўчына



Дзяўчына: Дарагі!

Не хаваю тугі:

Невясёлы мой лёс, невясёлы...

Пакідаю я родныя сёлы,

Па рэйках вязуць мяне колы

У Нямеччыну,

Нібы ў Турэччыну...

Не адна я, з дзяўчатамі, ўсіх нас вязуць у няволю.

Пакідаюць дзяўчаты

Бацькоўскія хаты

І плачуць уволю.

Я пішу і не плачу, я стала скупою на слёзы.

Толькі кінуць хачу свае косы

Цягніку пад калёсы.

Але марныя гэты намеры,-

Не пускаюць за дзверы.

Дарагі!

Мы мінаем Дняпра берагі



І дняпроўскія хвалі.

Як нам шкода ракі,

На якую вянкі

Мы заўчора кідалі.

Быццам сон усё тое,

Што скончаны нашы гулянкі,

Што дарогі ў жытное

Затапталі варожыя танкі.

Любы мой, не з табой,

А з праклятай бядой заручоная....

Я пішу, я прашу:

Ты прыйдзі, ты адпомсці, мой мілы,

Не прашу за сябе,-

За зямлю, што нас лёгка насіла.

Я ўжо буду не тая,

А след тваіх ботаў убачу –

Пацалую яго і, як баба старая,.. заплачу

А.Куляшоў

Пакідае сцэну

Вядучы 1: Кожны чацвёрты, а на Віцебшчыне загінуў кожны трэці, але астатнія – кожныя трое з чатырох! – змагаліся і за сябе, і за паўшых... Уся Беларусь была ў вайне. Старыя і малыя, мужчыны і жанчыны, кожная сям’я і кожная хата былі ўцягнуты ў гэтую жахлівую містэрыю. Фронт барацьбы з гітлераўцамі праходзіў па кожнай ваколіцы, па кожным падворку, па сэрцах і душах людзей.

Вядучы 2: Беларусь справядліва называюць краем быліннай партызанскай славы і воінскай доблесці. Ужо на пяты дзень вайны ў Пінскім раёне быў сфарміраваны першы партызанскі атрад, які ўступіў у бой з захопнікамі. Узначальваў яго Васіль Захаравіч Корж.

Вядучы 1: Вядома кожнаму беларусу і легендарнае імя камандзіра партызанскага атрада Суражскага раёна Міная Шмырова. Бацька Мінай – так звалі яго партызаны. За галаву Шмырова немцы давалі 30 тысяч марак, але здраднікаў сярод партызан не знайшлося. Тады акупанты схапілі чацвярых дзяцей Міная ў якасці заложнікаў і расстралялі.

Вядучы 2: У 1943 годзе беларускія партызаны кантралявалі ўжо 60% тэрыторыі нашай рэспублікі. У кожнай вёсцы, кожным мястэчку аказвалася падтрымка партызанам і падпольшчыкам. Хтосьці пёк хлеб партызанам, хтосьці па заданню ўладкоўваўся да немцаў на службу, каб выведваць патрэбную інфармацыю. Людзі рознымі шляхамі змагаліся супраць ворагаў.

Урывак з п’есы А.Макаёнка “Трыбунал”

На сцэне з’яўляецца гаспадар, за ім заходзіць жонка

Паліна (плачучы) : Ай-яй-яй... За адзін дзень столькі бед на маю галаву звалілася... Валодзька! Збегай і пазаві Галю і Зіну. Без дзяцей хай прыдуць. Зараз жа. Адна нага там, другая тут. І сам вяртайся. Суровая размова будзе. Судзіць будзем паганца.

Цярэшка: Каго? Мяне?

Паліна: Цябе, і па ўсёй форме!

Цярэшка: За што? Пры Саветах я у пастухах хадзіў. А цяпер...

Паліна: Ты яшчэ на савецкую ўладу цяўкаеш? Табе мулка было пры савецкай уладзе? Га?! Ах ты, бізун! Век з ім пражыла, а не ведала, што ён можа во так...

Цярэшка: Я табе, баба, не абы-хто, сачы за словамі. Я табе – стараста! Я табе – улада!

Паліна: У мяне адна ўлада – савецкая!

Цярэшка: Дзе яна? Дзе? Няма!

Паліна (схапіла качалку) : Не каркай, гад! За яе сыны мае ваююць! Зяці мае ваююць! Ах ты! (лупцуе яго).

Цярэшка: Што гэта ты, баба, сёння? Чорт які на цябе ўссеў, ці што? Павіншавала б ды чарку паставіла ў такі таржэсцвены дзень. Ідз-тка я цябе пацалую.

Паліна: Пацалуй свінні пад хвост! Гэта ж трэба?! То начамі прападаў, кажа, у карты гуляў, у падкіднога. А яно во... Дакаціўся, дагуляўся, у старасты запісаўся!

Заходзяць дзеці

Галя: Ты звала нас, мама?

Паліна: Ці чулі вы, дочкі, пра бацьку вашага?

Зіна: Чулі. Людзі сказалі.

Галя: Ды такое сказалі, што...

Паліна: І што цяпер рабіць будзем?

Галя: Сорамна па вуліцы прайсці.

Зіна: Твой Піліп і мой Хведзька з немцамі ваююць, а тут бацька немцам памагае. Ну, не дзіва?!

Валодзька: Маўчыш, здраднік?

Цярэшка (ласкава): А знаеце што, дзеванькі? Ідзіце-тка вы к чорту лысаму. Сабраліся тут..Яйкі курыцу вучаць. Допыт мне ўчынілі.

Паліна: Не допыт, а суд. Трыбунал!Гад ты!..

Цярэшка: А ну, разыдзіцеся! Разыдзісь!

дзеці узялі Цярэшку ў акружэнне, пасадзілі сілай на лаўку

Паліна: Ну, што з ім, праклятым, зрабіць?

Цярэшка (злуецца): Старастам стаў я, а вам якая справа? Кожны адказвае за сябе! Не ваша дзела да майго стараства.

Паліна: Увесь род апаганіў!

Галя: Ды яго павесіць мала!

Зіна: Гэта ж падумаць, тата! Што ты нарабіў!

Валодзька: Заўтра пайду партызанаў шукаць!

Паліна: Куды ты пойдзеш? (плача) Дзе ты іх будзеш шукаць?(мужу) Ідзі зараз жа адмаўляйся ад стараства! А то прыдушым як гніду!

Цярэшка: Нікуды я не пайду! Дарваўся да ўлады і раптам самому адмовіцца? Ну, не-е! Хоць год, хоць месяц, ды пакрасуюся!

Паліна: Ну што ж. Тады трэба памагаць сынам. На аднаго гада меней будзе. Дочкі, нясіце сюды вяроўку! Мы зараз яго ў мяшок ды ў сажалку.

Цярэшка: Нешта ж вельмі скоры і кароткі суд.

Валодзька: Не суд, а трыбунал! Ваенны час! І прыгавор партызанскі!

Паліна: Валодзька, нясі мяшок. Дочкі, валіце яго і вяжыце. А будзе крычаць – ганчурку ў рот.

Цярэшка: Вы ета... Вы кіньце. А, ну! Брысь! (ірвануўся да баб)

Паліна з дочкамі схапілі, павалілі Цярэшку, звязалі ногі і рукі

Паліна: Валодзька! Пашукай мех і пад прыпечкам вазьмі цаглін штук пяць-шэсць.

Цярэшка: Буду крычаць. Утапіць бацьку надумалі? Старасту ўтапіць? Уладу ўтапіць?

Валодзька: Мы не бацьку, а нямецкага прыслужніка!

Паліна: Ты цяпер уцяміў, што ты найпершы вораг сваім дзецям?А? Уцяміў?

Цярэшка: Пачакайце, дайце паспавядацца. Я перахапіў ўладу, адабраў яе – на ўсякі выпадак. Хай будзе ў сваёй хаце! Асвабадзіце! Каму я кажу!

Галя: Паспавядаўся? Маўчы, не крычы!

Цярэшка: Не магу я маўчаць! Вы чалавека загубіце!

Паліна: Які ты чалавек?

Цярэшка: Ды не мяне. Яшчэ аднаго. Ну, выйдзіце з хаты, я нешта маці хачу сказаць. Во папаўся ў нерат – ні ўзад, ні ўперад.

Паліна: Ну, выйдзіце, хай скажа.

Усе выходзяць

Цярэшка: Эх ты-ы. Любіў я цябе, а не баяўся. Жалеў я цябе... І ты мяне... любіла. Я ж ведаю...

Паліна: Любіла...

Цярэшка: Дык чаму ж цяпер сваімі рукамі хочаш мяне са свету звесці?

Паліна: Ты ж ненармальны! Гэта ж трэба – старастам пайшоў!

Цярэшка: Вось скажы, у цябе ад мяне за жыццё ніякіх сакрэтаў не было? Што маўчыш? Ну, Поля, ёсць?

Паліна: Ёсць.

Цярэшка: Якія?

Паліна: Не скажу!

Цярэшка: А я і не дапытваюся. Вось і ў мяне таксама ёсць свае сакрэты.

Паліна: Якія?

Цярэшка: Сказаў – не дапытвайся.

Паліна: Ну і нясі свае сакрэты ў пельку! Усё!

Цярэшка: Не, не ўсё! Чакай! Куды ты! Дай вуха!

Паліна нахіляецца да мужа і падстаўляе вуха

Паліна: Ды ну?

Цярэшка: Праўду кажу.

Паліна: Перахрысціся!

Цярэшка: Дык у мяне ж рукі звязаныя. Развяжы.

Паліна: Не шукай дурнейшых за сябе.

Цярэшка: Скажы: стараста прыслаў. Ясна? Прыслаў стараста. Козыры, бубны. Чуеш?Дзецям ні слова, ты абяцала!

Паліна адмахнулася рукой і выбегла. Праз некаторы час вярнулася.

Паліна: А родненькі мой! А гаротнік ты мой!А ён яшчэ звязаны сядзіць! Дочкі!!! Развяжыце бацьку.

Валодзька: Мама, што ты робіш? Ён жа здраднік!

Дзеці пакідаюць сцэну. Паліна развязвае Цярэшку.

Цярэшка: Ну? Як там было?

Паліна: Прыйшла я, пастукала, як ты сказаў. Увайшла. Гляджу – сакратар райкома. Нага перавязаная. А ён спалохаўся за цябе. Адразу: што з ім? З кім, пытаю? З Цярэшкам, кажа. Сядзіць, тлумачу, звязаны. Расказала. Смяецца. Ідзі, кажа, выпускай. Яму заданне, кажа такое, старастам быць. Я і назад. Ах ты, дурненькі, ад мяне таіўся.

Цярэшка: Ну!Цыц! Маўчок! Не мая гэта тайна была. Прысягу я даваў, клятву. Ясна табе? А то вунь у пасёлку немцы ўсю сям’ю спалілі. У іх хаваўся наш партызан, камандзір. І ніхто, апроч сваіх, не ведаў. Значыць са сваіх нехта прагаварыўся. Дзецям ні слова! (усміхнуўшыся) Ну, брат, і патрыётаў выгадаваў. На сабе адчуў.А?

Пакідаюць сцэну



Вядучы 1: Мірны беларускі народ з вялікай надзеяй чакаў вызвалення, верыў, што ў хуткім часе Чырвоная Армія прагоніць нязваных захопнікаў. І гэты час настаў. Увосень 1943 года савецкія войскі падышлі да беларускіх рубяжоў. Вышэйшым камандаваннем у Маскве было вырашана: напрамкам галоўнага ўдару савецкіх войск па ворагах будзе Беларусь. Гэта дыктавалася дзвюма галоўнымі абставінамі. Па-першае, вызваленне Беларусі адкрывала найкарацейшы шлях у Германію. Па-другое, улічвалася тое, што праціўнік не чакаў рашаючага ўдару на гэтым участку.

Вядучы 2: Для правядзення беларускай аперацы прыцягваліся сілы 4 франтоў: 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы генерал арміі І.Х.Баграмян), 3-га Беларускага (камандуючы генерал-палкоўнік І.Д.Чарняхоўскі), 2-га Беларускага (камандуючы генерал-палкоўнік Г.Ф.Захараў), і 1-га Беларускага (камандуючы генерал арміі, маршал К.К.Ракасоўскі), авіяцыя далёкага дзеяння і Дняпроўская ваенная флатылія. Яны мелі 2 400 тыс.чалавек, больш за 36 тыс. Гармат і мінамётаў, 5 200 танкаў, 5 300 баявых самалётаў. Аперацыя атрымала назву “Баграціён”.

Вядучы 1: Гэта аперацыя прадугледжвала актыўныя дзеянні беларускіх партызан. Беларускія партызаны сваімі актыўнымі дзеяннямі трымалі гітлераўцаў у пастаянным напружанні. Захопнікі былі вымушаны праводзіць супраць іх карныя аперацыі, ахоўваць кожны кіламетр чыгунак і шашэйных дарог, кожны аб’ект. Азлобленыя, адчуваючы свой канец, ворагі яшчэ з большай лютасцю чынілі расправу над людзьмі.

Вядучы 2: Выгадныя ўмовы мясцовасці – вялікая колькасць рэк, азёр, балот і лясных масіваў давала гітлераўскаму камандаванню стварыць на нашай зямлі моцную сістэму абароны. Гарады Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Мінск былі аб’яўлены ўмацаванымі раёнамі-крэпасцямі, якія павінны былі па загаду фюрэра трымацца нават пры поўным акружэнні.

Вядучы 1: Дзень за днём, кіламетр за кіламетрам прасоўваліся нашы войскі. У бітве за кожны населены пункт неслі велізарныя затраты. Баі не спыняліся ні днём, ні ноччу, насілі бязлітасны характар. Партызаны паспяхова ажыццяўлялі “рэйкавую вайну”. Дапамогу партызанам і Чырвонай Арміі ў вызваленні роднай зямлі аказвала грамадскае насельніцтва. Мясцовыя жыхары прымалі ўдзел у разбурэнні варожых шляхоў, прадстаўлялі разведвальныя звесткі, указвалі замініраваныя шляхі, варожыя засады. Неаднаразова дапамагалі савецкім салдатам перапраўляцца праз балоты, паказвалі найбольш зручныя месцы пераправы праз рэкі. Дапамагалі будаваць разбураныя масты і пераправы.

Вядучы 2: Адзін за адным савецкія воіны штурмавалі беларускія гарады. Шмат гераічных учынкаў здзейснілі салдаты розных вайсковых злучэнняў. Тысячы засталіся навечна ляжаць у беларускай зямлі. І вось нарэшце 3 ліпеня 1944 года быў вызвалены горад Мінск. А 28 ліпеня стаў знамянальным днём у гісторыі беларускага народа: узяццем Брэста савецкія войскі завяршылі выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі.

Вядучы 1: Жахлівыя карціны паўставалі перад вызваліцелямі беларускай зямлі. У наваколлі пасёлка Азарычы быў раскінуты адзіны ў свеце бактэрыялагічны канцэнтрацыйны лагер. Разлік быў просты: зараза перакінецца на савецкіх салдат. Армія стане адзіным шпіталем, дзе салдаты будуць гінуць без куль і снарадаў. Больш за 5 тысяч чалавек знаходзіліся без памяці, у тыфозным трызненні ляжалі ў гразі пад дажджом і снегам, без ежы і вады. З лагера смерці было выратавана больш за 33 тыс. чалавек, у тым ліку 15 960 дзяцей.

Вядучы 2: Жудасную карціну ўбачылі савецкія воіны ў Трасцянцы. Тут палалі гіганцкія вогнішчы, на якіх гарэлі трупы людзей, перакладзеных бярвёнамі. Савецкія воіны, якія не раз глядзелі смерці ў вочы, калаціліся ад жаху, убачыўшы тое, што рабілі фашысты з мірнымі людзьмі.

Вядучы 1: Перамога каштавала вялікіх ахвяр. За ўсю аперацыю “Баграціён” забітымі, раненымі, прапаўшымі без вестак склалі 765 815 чалавек, што склала 48% іх агульнай колькасці.

Чытальнік: Было ў салдата 2 полі

Поле, дзе кветкі ірваў,

Бегаў з сябрамі на волі

І поле, дзе ён ваяваў.

Ціха было і чыста,

У полі яго дзяцінства,

Былі агонь і дым

На полі ратным тым

Два полі было ў салдата

Адно зелянела травой

Другое было ўзарата

Вайной і паліта крывёй.

Было ў салдата 2 полі,

Поле, дзе кветкі збіраў,

Бегаў з сябрамі на волі,

І поле, дзе ён паміраў.

А.Вярцінскі

Вядучы 2: Дарагой цаной дасталося вызваленне Беларусі. Зямля беларуская шчодра паліта крывёю сыноў і дачок усіх народаў Савецкага Саюза. Няма ў Беларусі такога месца, якое не было б сведкам народнага подзвігу. І няма месца, дзе б не шанавалі гэтыя подзвігі.

Вядучы 1: У гонар славы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, узвышаецца ў Мінску на плошчы Перамогі велічны помнік-абеліск. Перад ім вечны агонь – напамін пра незабыўныя подзвігі патрыётаў, якія аддалі жыццё за Радзіму. На беларускай зямлі каля 8 500 мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў і каля 5 500 брацкіх пахаванняў з імёнамі і безыменных.

Чытальнік: Вянкоў духмяная ігліца

Пад ногі сцелецца сцягам.

Ідуць салдаты пакланіцца

Сваім загінуўшым сябрам.

А ў іх вачах відаць трывога.

Аркестры, змоўкніце на міг,

Хай з глыбіні таго, былога,

Яны паслухаюць жывых.

І іхніх слёз скупых, гаручых

Ты не асудзіш чысціню:

Не знаеш, як глядзець балюча

У вочы Вечнаму агню.

Як перамога, сцяг іскрыцца,

І сівізна, бы войнаў дым...

Ідуць салдаты пакланіцца

Сябрам загінуўшым сваім.

А.Руцкая

Вядучы 2: Нішто – нічые пагрозы, ніякія навалы і войны – не прымусілі беларусаў забыць, якога мы роду-племені, не разарвалі повязі паміж пакаленнямі жывых і паўшых: наступаў час новых выпрабаванняў – і ўставалі сыны Беларусі на абарону дома свайго, веры сваёй, памяці сваёй. Так было спрадвеку. Так было ў саракавыя. Так будзе давеку! І сёння, у чарговы слаўны юбілей Вялікай Перамогі, мы з пачуццём адказнасці і пашаны гаворым: “Нізкі паклон табе, слаўнае пакаленне пераможцаў у вялікай Айчыннай вайне!”

Складальнік: Заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу І.Р.Бандарэнка









База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка