Вужовая карона




Дата канвертавання17.05.2016
Памер67.91 Kb.
ВУЖОВАЯ КАРОНА 

– У маiх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў – вартаваць лес, хадзiць на паляванне з панам ды прыносiць дзiчыну, калi, чакаючы гасцей або перад якiм вялiкiм святам, накажуць з маёнтка.

Аднаго дня прыходзiць да яго аканом i крычыць, стукаючы ў акно:

– Сямён, пан казаў, каб ты што там нi было прынёс да нядзелi пару глушцоў, дзве пары цецерукоў i колькi курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды iдзi на ловы.

Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак i з выжлам iдзе блукаць па лесе. У нешчаслiвы час выйшаў на паляванне; хадзiў дзень навылёт, а бачыў толькi дзятлаў, што дзяўблi сабе на сухiх хваiнах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другi дзень да ўзыходу сонца туляўся па пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якiх шукаў, толькi вецер шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, i Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабiць.

Сеў ён на калоду i думае сабе: “Кепска будзе; пан не дасць веры, што я шчыраваў на ўсю поўнiцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланiўся б i нячысцiку, абы толькi паспрыяў мне сёння”.

Ледзь гэтак падумаў – выбег аднекуль велiзарны чорны сабака, сеў перад лоўчым i страшнымi вачыма ўтаропiўся на чалавека. Сямён клiча яго да сябе, але сабака не рушыць з месца, а толькi глядзiць як шалёны; ахiнуў лоўчага неспакой, i дрыжыкi пабеглi па целе. I тут бачыць: выходзiць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца i ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнiчага i гаворыць такiя словы:

– Бачу, што торба твая пустая i твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.

– Хадзiў два днi па лесе, змарыўся сам, i сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося анiводнага разу стрэлiць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалi мне да нядзелi прынесцi дзiчыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!

– Не журыся, – кажа незнаёмы, – паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра 14 верасня1, дык увечары iдзi на Ласiную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогi, бо сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблiзка; стаiць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на свiтаннi i ўбачыш, што схiлы яе пакрытыя вужамi; не палохайся, яны чапаць цябе не будуць; мiж iх сустрэнеш Вужовага караля. Пасцялi перад iм белую хустку, укленч i пакланiся; ён кiне табе на хустку сваю Залатую Карону i з грамадою сваiх вужоў пойдзе ў зiмовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: iдучы ўначы на Ласiную гару, не палохайся нiчога i нiчому не дзiвiся, iначай дарэмны будзе твой клопат.

Калi будзеш мець у сябе Вужовую Карону, дык гэты чорны сабака, якi цяпер перад табою, заўсёды, як толькi пойдзеш на ловы, стрэне цябе i павядзе па лясных сцежках, i кожны раз настраляеш столькi, колькi захочаш. Але нiколi не палохайся нiчога i не дзiвiся нiчому, бо калi пахiснешся сэрцам або духам – будзеш нешчаслiвы; не пускай у душу такiя пачуццi.

Сказаўшы гэта, ён схаваўся ў гушчары, i сабака пайшоў за iм.

Сямён правёў поглядам незнаёмага, доўга стаяў задумаўшыся, пайшоў дахаты, узяў белую хустку i са стрэльбаю за плячыма скiраваў да Ласiнае гары. Калi зайшоў у дзiкую пушчу, дык ужо сутоньвалася, цямней i цямней рабiлася сярод густых хвояў i ялiн. А ён далей i далей iдзе ў глыб лесу. Усё вечарэла. Вось ужо i ноч. Глянуў угору – ледзь некалькi зорак на небе ўбачыў праз галiны. Адзiн ён з людзей быў у той час у лясной пустэльні, вакол чуў толькi крыкi соваў i пугачоў ды ў гушчары тупат перапалоханага звера. Не першы раз выпала яму блукаць уначы па лесе, i дарога гэтая не страшыла яго.

Апоўначы лютыя пачвары акружылi лоўчага. Бачыць, як наблiжаецца велiзарны мядзведзь на заднiх лапах, рыкае i ўжо хоча напасцi; зграя ваўкоў, натапырыўшыся i свецячы вачыма, пагражае крывавымi пашчамi. Сямён адважна iдзе сярод хiжацкае зграi. Заступiў яму дарогу вышэйшы за лес Волат, якi вырваў вялiкую хваiну i гразiўся, нiбы пярун. Аднак лоўчы смела мiнае ўсё гэта.

Месячык паказаўся з-за воблака. Здаецца Сямёну, што выходзiць ён з лесу i бачыць удалечынi палац, якi свецiцца золатам i срэбрам; падыходзiць да тае пекнае пабудовы праз чароўны сад, дзе як быццам вясна i лета сышлiся разам: найпрыгажэйшыя кветкi i даспявае найвыдатнейшая садавiна. Зязюля сумным голасам абзывалася на дрэве; зацёхкаў салавей у хмызняку; чуваць дзiўныя галасы драздоў i шпакоў, i разумее Сямён iх вясёлыя спевы. Спаткалi яго дзяўчаты з вянкамi на галовах, танцуючы, вабiлi да сябе. Ён мiнуў усе гэтыя цуды не здзiўляючыся i не зважаючы на iх.

Знiклi чароўныя зданi; падзьмуў восеньскi вецер; i Сямён убачыў на ўсходзе чырвонае неба. Хутка ўзыдзе сонца – спяшае ён да Ласiнае гары.

Калi прыйшоў на прызначанае месца, убачыў чараду вужакаў. Яны, сыкаючы, саступалi з ягонае дарогi. А ўжо i сонца падымаецца. Страчае Сямён такога велiзарнага вужа, якога нiколi не бачыў. Той смела паўзе, а на ягонай галаве зiхацiць золата. Сямён раскiнуў белую хустку перад iм i ўкленчыў. Вуж скiнуў з галавы Карону на хустку i папоўз далей, а за iм i iншыя вужы хутка схавалiся за гарою. З радасцю разглядаў Сямён залаты скарб, падобны на два блiскучыя лiсцiкi, што зраслiся канцамi.

Ледзь пакiнуў гару, як яго спатыкае велiзарны чорны сабака, якi ўчора пабег за незнаёмым; пазiрае ў вочы i, здаецца, кажа, каб iшоў за iм. Iдзе лоўчы за сабакам. Той спыняецца i позiркам паказвае на дрэве глушцоў. Разоў колькi стрэлiў ён у тым месцы i некалькi штук забiў. Ужо нёс дадому глушцоў, цецерукоў i курапатак, а як падышоў блiжэй да хаты, сабака застаўся стаяць на полi: глядзеў услед паляўнiчаму, а пасля знiк з вачэй.

Паны хвалiлi лоўчага, яго спрыт на паляваннi, а чэлядзь i аканом дзiвiлiся з яго шчасця, з таго, як ён, не маючы сабакi, столькi змог упаляваць дзiчыны.

З таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнiчым. Той чорны сабака кожны раз сустракаў яго ў лесе, i Сямён столькi бiў рознае дзiчыны, што не толькi хапала панам у маёнтку, але i сялянам на продаж.

Па ўсёй ваколiцы разнеслася пагалоска, што Сямён – чараўнiк, быццам некаторыя секлi дровы ў лесе ды бачылi, што ходзiць з iм нейкi чорны сабака, якi ў лесе i застаецца. Акiм, што некалi сябраваў з лоўчым, раз цiха падышоў пад вакно ягонае хаты, каб даведацца, што той робiць; пачуў, нiбыта з кiмсьцi размаўляе; зiрнуў у вакно: Сямён лашчыць чорнага сабаку, таго самага, што заўсёды сустракаў яго ў лесе. Сабака глянуў у вакно крывавым вокам i знiк, а Акiм уцёк ад страху.

Ужо колькi гадоў уся воласць гаворыць, што Сямёну дапамагае на ловах сам нячысцiк, якога трымае ён за пахолка, але паны адно смяялiся з гэтага i не давалi веры. Хоць пан, будучы неяк з лоўчым на паляваннi, не бачыў чорнага сабаку, аднак змецiў, што дзiкае птаства само ляцiць да Сямёна i той нiколi не схiбiў.

Жыла ў вёсцы непадалёку Марыся, прыгожая i маладая дзяўчына, дачка набожных бацькоў. Шмат каму яна падабалася, i Сямён меў на яе вока; спадзеючыся на сваё багацце ды на панскую ласку, меў надзею, што Марыся будзе ягонай.

Аднаго дня, калi iшоў на паляванне, убачыў ён Марысю. Тая мела вянок на галаве, i кветкi так ёй пасавалi, што выглядала яна надзвычай прыгожаю. Ходзячы непадалёку ад свае нiвы, збiрала сунiцы. Падыходзiць Сямён, просiць ягад; не адмаўляе яму дзяўчына; пытае лоўчы, цi падабаецца ён Марысi.

– Людзi кажуць, што ты чаруеш, – адказала тая, – а я баюся чараўнiкоў.

– О, не, Марысю, нiкога я не чараваў i не ведаю гэтага ганебства.

– Калi праўду кажаш, – я нашу на шыi пасвянцоны ў час Юбілею крыжык, якi можа грахi адпускаць, – пацалуй мой крыжык.

– Ахвотна, – адказаў Сямён.

I ледзь пацалаваў крыжык, як тут з травы падняў галаву велiзарны вуж, нiбыта хацеў зiрнуць на Марысю. Перапалоханая дзяўчына закрычала. Сямён схапiў камень i выцяў вужа. Той, сыкаючы, схаваўся ў траве. А пасля раптам з’явiўся чорны сабака, загаўкаў i знiк. Марыся ад страху дрыжыць ледзь жывая. Сямён правёў яе дадому i адтуль зноў iдзе на паляванне. Толькi ўжо не сустрэў яго ў лесе чорны сабака.

Убачыў цецерука; стрэлiў, але заместа птушкi – пень гнiлы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безлiч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад лаву i пад печ. Адчынiў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лiсточкi. Стаiць, як слуп, i не ведае, што чынiць.

Доўга яшчэ дакучалi вужы небараку Сямёну. Не давалi спакою не толькi дома, але i на гасцiнах. Калi завiтваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, з’яўляўся перад iм немаведама адкуль вуж.

У гэты момант нехта загрукаў у браму, i сабакi забрахалi. Выбег парабак i, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскi2. Пан Завальня саскочыў з ложка, хуценька апранаецца, каб павiтаць госця.

– Цi не дазволiш мне пераначаваць, пане Завальня, – сказаў Марагоўскi. – У такую завiруху твой дом – адзiны прытулак. I гэтыя таксама (зiрнуўшы на падарожных) схавалiся ад буры i, пэўна, баюць пану казкi.

Сяляне i парабкi адзiн за адным падалiся ў пакой для чэлядзi.

– Я перашкодзiў, але маю чалавека, якi заменiць усiх. Мой фурман Якуш любiць расказваць прыгоды хоць бы i цэлую ноч; няхай толькi коней выпража. Ах, як я замёрз!

Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на вячэру.

– А што, пане асэсар3, можа, кроплю гарэлачкi? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай адпачне ад вучэння i перабачыцца з роднымi.

– А пан дзетак сваiх – Стася i Юзiка – будзе забiраць дадому?

– Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.

– Даручы мне, я забяру.

 – Вельмi буду ўдзячны, калi пан такi ласкавы.

Пасля пан Марагоўскi, загаварыўшы да мяне, прасiў, каб на Каляды прыехаў i пабыў колькi дзён у яго: паклiкаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якiмi прыемна мне будзе прабавiць час.

Хутка прынеслi вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне нахвальваў:

– Нябож мой, Янка, вiдаць, часу ў езуiтаў не марнаваў: шмат цiкавага з розных ксёнжак ведае.

– А цi любiць нашы беларускiя казкi?

– Калi тут нядаўна колькі падарожных сялян апавядалi, што выпала iм бачыць або чуць у жыццi, дык я запрыкмецiў, што Янка толькi iх i слухаў. Ён любiць такiя гiсторыi, але ж, праўда, i гiсторыi былi цiкавыя: пра чары ды пра людзей, што пабраталiся са злым духам.

– Вось i мой фурман Якуш шмат бачыў i чуў у сваiм жыццi. Пачне апавядаць – Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з першага позiрку iх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух ваўкоў, што спынiлiся паблiзу ад дарогi. Я бяру стрэльбу i хачу стрэлiць. Якуш павярнуўся да мяне i закрычаў: “Не страляй, пане, бо ў iх душы чалавечыя. Калi заб’еш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахi. А за гэта i пан адкажа перад Богам”. Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкi ўцяклi.

Пасля вячэры паклiкалi Якуша.

– Ну, Якуш, – сказаў Марагоўскi, – за тое, што гаспадар быў ласкавы пусцiць нас на начлег у гэтую лютую буру, раскажы што-небудзь пра ваўкалакаў, толькi глядзi, кажы праўду.

 






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка