Вострыкава Алена Уладзіміраўна бду, г. Мінск стылізацыі пад рускі фальклор




Дата канвертавання21.03.2016
Памер87.06 Kb.
Вострыкава Алена Уладзіміраўна

БДУ, г.Мінск

СТЫЛІЗАЦЫІ ПАД РУСКІ ФАЛЬКЛОР

У ЗБОРНІКУ “ВОДГУК ПЕСЕНЬ РУСКІХ” Ф.Л.ЧАЛАКОЎСКАГА
Францішак Ладзілслаў Чалакоўскі (1799-1852) – чэшскі паэт эпохі Нацыянальнага Адраджэння. Шмат увагі надаваў збіранню народных песень. Вынікам гэтай вялікай працы стала кніга пад назвай “Славянскія народныя песні” (1822-1827), выдадзеная ў трох тамах. У ёй былі прадстаўлены песні чэшскага, славацкага, рускага, украінскага, польскага, сербскага, балгарскага і іншых славянскіх народаў. Да іншамоўных тэкстаў Чалакоўскі даў свой паэтычны пераклад. Першы том суправаджаўся ўступным артыкулам складальніка. “Нацыянальная душа” бачылася паэту менавіта ў фальклоры. Нават у сваіх поглядах на літаратуру паэт абапіраўся на народную паэзію. Народная творчасць стала ўзорам для яго ўласнай арыгінальнай паэзіі.

Чалакоўскі быў палымяным прыхільнікам славянскай ідэі, бачыў ў брацкіх славянскіх народах апору для нацыянальных спадзяванняў чэхаў. Менавіта таму ён настойліва вывучаў розныя славянскія мовы і літаратуры. Асаблівую увагу надаваў рускай мове і аволодаў ёй настолькі добра, што нават пісаў на ёй лісты сваім сябрам. Расія была марай Чалакоўскага, яна бачылася ў ружовым свеце: незалежная дзяржава, пераможца Напалеона. Чалакоўскі нават хацеў перабрацца ў Расію жыць. Руская рэчаіснасць ідэалізавалася паэтам.Чэшскі творца пераклаў рускую быліну “Паток Міхайла Іванавіч”, шмат папрацаваўшы над перастварэннем сваеасаблівых пастаянных эпітэтаў, выразаў, пастараўшыся захаваць не толькі сэнс рускіх вобразаў, але і ўласцівыя дэталі, нацыянальны каларыт, інтанацыю.

Менавіта ад народнай песні ідзе арыгінальная творчасць самога Чалакоўскага, які выкарыстоўвае шмат фальклорных тропаў, напрыклад, пастаянныя эпітэты. Аўтар стварае так званую “прадметную “ вобразнасць. Ідэя звычайна ў яго закладзена ў самім сюжэце.

Захапленне рускім народам, яго гісторыяй, культурай, літаратурай выліліся ў зборнік “Водгук песень рускіх” (1829), які прысвечаны сябру і паэту Карлу Вінаржыцкаму. Цыкл складацца з дваццаці шасці песень (у першым выданні іх па цэнзурных меркаваннях было дваццаць пяць) і скампанаваны так, што на пачатку і на канцы змешчаны эпічныя вершы – водгукі былін. Крыніцай натхнення чэшскага паэта сталі рускія быліны, у якіх ён акцэнтаваў патрыятычную ідэю непахіснасці перад ворагамі. Увогуле Чалакоўскі захапляўся славянскім гераічным эпасам, які так добра ўвасобіўся ў рускіх і сербскіх эпічных песнях. Цыкл “Водгук песень рускіх” быў напісаны пад уражаннем перамогі рускіх войск у руска-турэцкай вайне 1828-1829 гг. Вайна на Балканах адыграла важную ролю ў вызваленні сербаў, румын, грэкаў. Пэўныя надзеі ўзніклі і ў чэшскім грамадстве. У Ф.Л.Чалакоўскага гэтыя надзеі і цікавасць да нацыянальна-вызваленчых ідэй рускага эпаса паспрыялі ўзнікненню ўжо названага зборніка вершаў. Цыкл быў напісаны за нечакана кароткі перыяд – снежань-студзень 1829 г. Безумоўна, матэрыялы рускай часткі масштабнай працы “Славянскія народныя песні” былі выкарыстаны аўтарам, як і матэрыялы рускіх зборнікаў І.Г.Рыхтара, П.О.фон Гётца, выдадзеныя ў Германіі на пачатку ХІХ стагоддзя. У цыкле створана рамантычна-казачная карціна Русі з дапамогай сродкаў народнай паэзіі. Цыкл ствараюць вершы, напісаныя ў стылі розных жанраў рускай народнай песні: героіка-эпічныя, вясельныя, жартоўныя, любоўныя, сямейныя і г.д. Паэт імкнуўся перадаць мастацкую сваеасаблівасць кожнага жанра, яго дух, скарыстаўшы розныя матывы, розныя стылёвыя сродкі.

Зборнік адразу выклікаў вялікі рэзананс ў чэшскім культурным асяродку і стаў значнай з’явай літаратурнага жыцця Чэхіі, што тлумачыцца акцэнтацыяй патрыятычных матываў, рамантызацыяй “вольнай волі”. Галоўным мастацкім прынцыпам Чалакоўскага ў творы стала перадача нацыянальна-адметнага. Менавіта з гэтага зборніку чэхі адкрылі для сябе нацыянальны каларыт. І зрабіў гэта Чалакоўскі. Аснову цыкла складае фальклорны, этнаграфічны матэрыял. Эпічнымі і лірычнымі героямі сталі нацыянальныя фальклорныя тыпы: рускі “добры моладзец”, “красна дзевіца” і г.д. У вершах, якія абрамляюць зборнік, намаляваны вобразы рускіх волатаў: Іллі Мурамца, Іллі Валжаніна і Чурылы Пленкавіча. Яны увасабляюць ідэю абароны роднай зямлі, што было вельмі актуальным для чэхаў. Першы верш “Багатыр Мурамец” стылізаваны пад урывак багатырскага эпасу, у якім агульнавядомы герой рускіх эпічных песень Ілья Мурамец помсціць за смерць забітага татарамі. У вершах перадаецца дух рускай быліны, цэнтральная тэма – барацьба супраць татар і казачных пачвар. Чэшскі паэт стварае карціны багатырскіх паедынкаў. Выкарыстоўвае гатовую вобразнасць, рускія сталыя эпітэты. Чалакоўскі сам таксама стварае пэўныя ўстойлівыя формулы, стылізаваныя пад рускія фальклорныя стэрэатыпы. Многія выразы ён запазычвае і нават не змяняе іх. Вобразы і пастаянныя эпітэты рускіх былін цалкам адсутнічалі як ў чэшскім фальклоры, так і ў арыгінальнай чэшскай паэзіі, таму былі для чэшскага чытача вельмі цікавымі. І ўспрымаліся вельмі свежа і яскрава. Для чэшскай публікі гэта было “рускай экзотыкай”. Сярод герояў “Водгука песень рускіх” не толькі рускія волаты-багатыры, але і данскія казакі. Аўтарам малююцца вобразы патрыярхальнай казацкай старажытнасці.

Чалакоўскі стварыў песні як пра старадаўні перыяд рускай гісторыі, так і пра сучасны. Матэрыялам для вершаў становіцца не толькі барацьба рускіх супраць татар і турэцкіх заваёўнікаў, але і вайна 1812 г. Гэта тэма ў цэнтры ўвагі чэшскага творцы ў вершы ”Вялікая паніхіда”, у якім апеты Барадзінская бітва і барацьба рускага народа з Напалеонам. Гістарычныя падзеі ўвасоблены ў вершы “Смерць Аляксандра”, які з’яўляецца паэтычным некралогам рускаму цару Аляксандру І. Руска-турэцкай вайне прысвечаны верш “Рускія на Дунаі”, які стылізаваны аўтарам пад ваенную песню. Можна зрабіць высновы, што Чалакоўскі паказвае чэхам самыя значныя гераічныя старонкі рускай гісторыі. Увогуле эпічныя песні цыкла паказваюць Старажытную Русь і сучасную Чалакоўскаму Расію рамантызавана. Ва ўяўленні паэта ў Расіі пануе патрыярхальная справядлівасць, якая бярэ свой пачатак з гісторый пра былінных герояў. Верш “Начная размова” ўяўляе сабой гутарку маладога воіна са сваёй далёкай радзімай, якая “салодкай рускай мовай” распавядае яму, што робяць яго родныя. Размова адбываецца на фоне падзей паўночнай вайны васемнаццатага стагоддзя. У зборніку пераплятаюцца любоўная тэма (“Рамантычнае каханне”) і ваенная (“Адыход і прыход”, “Пакінутая”), тэма кахання і “царскай службы”.

У зборніку прысутнічаюць лірычныя песні, у якіх перадаеца духоўная прыгажосць звычайнага рускага чалавека, яго высокія маральныя якасці. Гэта вершы “Вясельная”, “Дзявочая радасць”, “Каханне вышэй за багацце”, “Дзіцячая песня” і іншыя. Чалакоўскі часта звяртаецца да апісанняў прыроды, супастаўляючы чалавечыя пачуцці і прыродныя з’явы. Паралелізмы, эпітэты, параўнанні з свету прыроды з’яўляюцца тыповымі для лірычных вершаў. Таксама паэт выкарыстоўвае тыповыя для рускай фальклорнай песні матывы ”злой волі”, калі бацькі выдаюць дзяўчыну за багатага, але не любімага. Ёсць характэрная для сямейных рускіх песень тэма цяжкага жыцця нявесткі ў доме мужа. Прысутнічаюць і гумарыстычныя, жартоўныя песні. Чалакоўскі стварае мастацкі свет рускага нацыянальнага жыцця вельмі ідэальным, намаляваным, не сапраўдным. Найбольш складаныя жыццёвыя драмы ён абыходзіць. Менавіта таму яго цыклу практычна не ўласцівы драматызм, які з’яўляеца абавязковым складнікам рускага фальклора. Ідылічнасць і бесканфліктнасць абумоўлены светабачаннем чэшскага паэта і яго адносінамі да Расіі, у поглядах на рэчаіснасць якой ён не падзяляў народ і царызм, народ і ўрад і г. д. Аднак, можна зрабіць высновы, што гістарычная тэма страчвае сваю канкрэтнасць, яна спалучаецца і ўпісваецца ў нязменны рытм і цыкл прыродных з’яў і міфалагізуецца: гістарычныя падзеі падаюца праз прызму статычнага фальклорнага свету. Менавіта ў такім плане аўтар распавядае пра сілу Расіі, значнасць славянства ўвогуле, што адпавядае галоўнай ідэйнай лініі Нацыянальнага адраджэння ў чэшскіх землях.

У цыкле рэалізавана шмат цалкам рамантычных матываў і тэм, як напрыклад, у вершы ”Вязень”, дзе распавядаецца пра параненага казацкага атамана, які ў няволі агаляе свае раны і кліча хуткую і пачэсную смерць.

Зборнік напісаны наўмысна архаізаванай мовай. У канцы зборніка чэшскі паэт змяшчае чатыры эпічныя творы. Верш “Вялікі птушыны базар” спалучае традыцыйны для чэшскай літаратуры жанр алегарычна-дыдактычнай паэзіі з жанрам байкі, таксама вядомым у старажытнай чэшскай літаратуры. Верш “Адплата” -- гэта паэтычная навэла, якая гістарычна сягае ў часы панавання цара Барыса Гадунова. Апошнія вершы “Чурыла Пленкавіч” і “Ілля Валжанін” зноў уяўляюць сабой водгук рускіх былыін. У першым з іх герой прапануе князю Уладзіміру сваю дапамогу і забівае птушку Велікана Веліканавіча, якая спусташае рускія землі. Другая “быліна” паказвае, як Ілля Валжанін адмаўляецца перайсці ў татарскую веру, кліча смерць, але маланка, пасланніца божая, ахоўвае і ратуе яго.

У прадмове Ф.Л.Чалакоўскі фармулюе мэты так званай “водгукавай паэзіі”. Ён мяркуе, што “водгукі” стануць процівагай так званай “культываванай чыстай паэзіі”. Чэшскі творца лічыў, што “водгукавая паэзія” абапіраецца на іншыя каштоўнасці, перш за ўсё на народную паэзію[Гл.2, с. 3-5]. Сам тэрмін “водгукі” адпавядаў тагачаснаму захапленню фальклорам, ідэямі і працамі Гердэра, яго зборнікамі еўрапейскага фальклора. Менавіта ў народнай творчасці Чалакоўскі шукаў ідэал мастацкага твора, мадэль для тагачаснай паэзіі, іерархію этычных і эстэтычных каштоўнасцей, узоры тэматычныя і стылёвыя. Паэтыка водгукаў добра стасавалася з рамантычнымі “густамі” ў тагачаснай чэшскай літаратуры: адбывалася ілюзійнае атаясамленне паэта з “духам народа”. Таму “водгукавая паэзія” Чалакоўскага не з’яўляецца выпадковай, як не з’яўляліся выпадковымі знакамітыя містыфікаціі (напрыклад, Краледвоскі і Зеленагорскі рукапісы В.Ганкі і Ё.Лінды)[Гл. 6]. Як водгукі, так і містыфікацыі сведчаць пра майстарскае авалоданне паэтамі складнікамі народнай нацыянальнай паэзіі. Што тычыцца стылёвых адметнасцей “Водгуку песень рускіх” Ф.Л.Чалакоўскага, то тут трэба згадаць ужыванне паэтам русізмаў фанетычных, марфалагічных, лексічных, сінтаксічных, а таксама “русізмаў” у шырокім разуменні: Чалакоўскі скарыстоўвае антытэзы, паралелізмы, параўнальны інструментарый, уласцівы рускай народнай паэзіі. У гэтым сэнсе “Водгук песень рускіх” з моўнага боку цалкам адпавядае тэорыі Ё.Юнгмана наконт стварэння лексічна багатага і шматстайнага паэтычнага поля паэзіі, адрознага ад іншых стыляў.

Сваім зборнікам паэт марыў паказаць “усе формы рускай народнай паэзіі”. Невыпадкова Чалакоўскі акцэнтаваў героіка-эпічны складнік, што праявілася і ў моцнай эпічнасці нават лірычнага матэрыялу. Цыкл “Водгук рускіх песень” стаў агульнавядомым, амаль хрэстаматыйным у свядомасці многіх пакаленняў чэхаў. Менавіта Чалакоўскі спрыяў таму, што на тэрыторыя Чэхіі і Славакіі героі рускіх былін сталі вядомымі і папулярнымі.
Спіс выкарыстанай літаратуры:

        1. Антология чешской поэзии XIX-XX вв. М., 1959.


  1. Čelakovský F.L. Ohlasy. Ohlas písní ruských. Ohlas písní českých. Praha, 1972.

  2. Horálek K. Studie o populární literatuře českého obrození. Praha, 1990.

  3. Macura Z. Znamení zrodu. Praha, 1995.

  4. Plch J.Antologie z české literatury národního obrození. Praha, 1978.

  5. Rukopisy krílovédvorský a zelenohorský. Praha, 1997.

  6. Petr J, Urban Z. Slavistický odkaz F.L. Čelakovského. Praha, 1988.

  7. Závodský A. František Ladislav Čelakovský. Praha, 1982.


Заяўка

на ўдзел у ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі

Фальклор і сучасная культура”


Вострыкава Алена Уладзіміраўна

Кафедра славянскіх літаратур філалагічнага факультэта БДУ

Дацэнт

Кандыдат філалагічных навук



220075 г.Мінск, вул. Сяліцкага, 101-173

+37529 7694843



vostrikova72@mail.ru

“СТЫЛІЗАЦЫІ ПАД РУСКІ ФАЛЬКЛОР У ЗБОРНІКУ “ВОДГУК РУСКІХ ПЕСЕНЬ” Ф.Л.ЧАЛАКОЎСКАГА” (назва даклада)



28.03.2011


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка