Вольга Барабаншчыкава «Вучыцца думаць»




Дата канвертавання17.05.2016
Памер62.5 Kb.
Газета «Настаўнiцкая газета» (7 февраля 2009 г.)
Вольга Барабаншчыкава
«Вучыцца думаць»
Артыкул Фрыдрыха Міхайлавіча Модэля, педагога і тэатразнаўца, выймусіў мяне задумацца. I сапраўды, якія спектаклі па класічных творах, што ідуць у тэатрах сталіцы, можна сёння прапанаваць для прагляду школьнікам? Згадваючы ў думках апошнія прэм'еры, прыходжу да высновы, што амаль усе спектаклі, пастаўленыя па класічных літаратурных творах, вымагаюць ад юнага гледача пэўнай інтэлектуальнай і эмацыянальнай падрыхтоўкі. Возьмем, напрыклад, спектакль "Жаніхі" паводле п'есы Гогаля "Жаніцьба", які ідзе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага. Нягледзячы на тое, што рэжысёр спектакля Валянціна Еранькова амаль цалкам, без істотных змяненняў перанесла драматургічны твор на сцэну, "Жаніхі" паводле Гогаля – спектакль не побытавы, а ў многім авангардны, з постмадэрнісцкімі жарцікамі. У раскрыцці вобразаў галоўных персанажаў В.Еранькова дазволіла сабе свае "аўтарскія" акцэнты. Возьмем "Гісторыю аднаго горада" Салтыкова-Шчадрына, пастаўленую ў Беларускім дзяржаўным тэатры ля­лек, ці пластычны спектакль "СВ" паводле "Вішнёвага саду" Чэхава, "Пінскую шляхту" Дуніна-Марцінкевіча ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы. Усе гэтыя спектаклі цікавыя перш за ўсё адмысловай рэжысёрскай трактоўкай п'есы. У сваім артыкуле Ф.М.Модэль наракае на тых рэжысёраў, якія ставяць Чэха­ва так, што яго героі на сцэне поўзаюць на каленках. А чаму героі Чэхава не могуць поўзаць на каленках? У спектаклі "СВ" героі маўчаць, перадаюць свае пачуцці толькі праз танец і жэсты. Але гэта зроблена так таленавіта, цікава, што "Вішнёвы сад" Чэха­ва зусім не страчвае сваей глыбіні, а ўзрушае, напэўна, яшчэ больш, чым спектакль "са словамі".

На мой погляд, добры спектакль - гэта спектакль, які робіць класічны літаратурны твор актуальным і злабадзённым. А ў спектаклях "Жаніхі", "Гісторыя аднаго гора­да", "Пінская шляхта" можна знайсці і пра­весці шмат паралеляў з нашым часам. I я асабіста не магу ўявіць сабе тэатр, у якім спектаклі, пастаўленыя па творах школьнай праграмы па літаратуры, былі б проста ілюстрацыяй тэксту п'есы ў жывых карцін­ках. Тэатр павінен вучыць думаць самастойна, развіваць палітру пачуццяў чалавека, а не проста знаёміць яго з тым ці іншым літаратурным творам, замяняць чытанне кніг. Рэжысёр-аўтар ставіць "свайго" Чэха­ва, "свайго" Гогаля, "свайго" Салтыкова-Шчадрына... Традыцыйны тэатр для Беларусі – гэта псіхалагічны побытавы тэатр, тэатр перажывання, тэатр пераўвасаблення. На жаль, усё, што выходзіць за межы традыцыйнага тэатра (напрыклад, тэатр прадстаўлення, тэатр з элементамі клаунады, пластычны тэатр), успрымаецца як нешта няправільнае, нават шкоднае.

У час прагляду спектакляў для дзяцей і падлеткаў мне даводзілася бачыць роз­ную рэакцыю на тое, што адбывалася на сцэне. Так, я была сведкай таго, як педа­гог дэманстратыўна падняў сваіх вучняў у ходзе спектакля і вывеў іх з залы. Такім чынам настаўнік выказаў пратэст супраць неапраўданай, наяго думку, эратычнай сцэны ў спектаклі "Білоксі блюз" Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Часам, калі гляджу спектакль у ТЮГу, чую такія дзіцячыя рэплікі: "сумна", "нецікава". Дзеці шушукаюцца ("а табе гэта падабаецца?"), гуляюць на мабільных тэлефонах, смяюцца не да месца якраз у самай драматычнай сцэ­не спектакля. Пра што гэта ўсё гаворыць: пра нізкі ўзровень тэатральных пастановак ці пра неадукаванасць і нявыхаванасць нашых дзяцей? Канечне, сучасныя дзеці чакаюць ад тэатральнай пастаноўкі забаўляльнасці, весялосці, і, калі гэтага ў спектаклі няма, яны пачынаюць сумаваць. Аднак тут паўстае яшчэ адна праблема – з распаўсюджвальнікамі білетаў у тэатры. I сапраўды, жанчыны, якія прыносяць білеты ў школы, часта не могуць даць паўнацэнную ацэнку пастаноўкам (у іх іншая задача – прадаць білеты). Думаю, што настаўніку, які час ад часу водзіць дзяцей у тэатр, трэба і самому быць крышачку дасведчаным у пытаннях тэатральнага мастацтва. Тады б скарацілася колькасць абурэнняў пасля таго ці іншага спектакля: маўляў, прывялі дзяцей на Чэхава, а тут такое паказваюць! Хоць разгорнутыя тэатральныя рэцэнзіі сёння рэдка друкуюцца ў рэспубліканскіх газетах, яны патрэбны настаўніку, каб ён мог арыентавацца ў нашым тэатральным асяроддзі. Перш чым купляць білеты на "СВ" па­водле Чэхава, трэба спачатку даведацца, што гэтую пастаноўку ажыццявіў рэжысёр Павел Адамчыкаў, які ставіць пераважна пластычныя спектаклі без слоў. I, набываючы білеты на "Каштанку", нядаўна пастаўленую рэжысёрам А.Ляляўскім у Нацыяналь­ным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, трэба быць гатовым да арыгінальнага сцэнічнага ўвасаблення твора, ведаючы самабытнасць творчай асобы згаданага рэжысёра.

Я заўсёды шкадую акцёраў, якім час­та прыходзіцца іграць для шумлівых, не падрыхтаваных да тэатра школьнікаў. Таму лічу, што ў тэатр трэба весці дзя­цей, якія самі жадалі б туды схадзіць. Не павінна быць прымусовых культпаходаў у тэатр, асабліва ў старшых класах. Класны кіраўнік, настаўніца рускай мовы і літаратуры адной з мінскіх школ так пракаменціравала мне сітуацыю з культпаходамі ў тэатр: "У культпаходах я не бачу нічога кепскага. Але ў тэатр я бяру вучняў, якія самі хочуць туды пайсці і не будуць перашкаджаць глядзець спектакль іншым". Я пераканана, што дзяцей трэба вучыць успрымаць тэатральнае мастацтва пачынаючы з малодшых класаў. Сёння рэпертуар ТЮГа распісаны па ўзростах. Названы тэатр можа стаць добрай стартавай пляцоўкай для ператварэння дзяцей у падрыхтава­ных, удумлівых тэатральных гледачоў.



I ўсё ж, калі вярнуцца да пытання, пастаўленага мною ў самым пачатку: якія спектаклі па творах класікі можна сён­ня прапанаваць для прагляду школьнікам? Якія спектаклі, як адзначаў у сваім артыку­ле Ф.Модэль, не пашкодзяць маральнаму здароўю дзяцей? Такія спектаклі ёсць. На­прыклад, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі зусім нядаўна была здзейснена пастаноўка "Каласоў пад сярпом тваім" паводле У.Караткевіча. Гэты спек­такль выдатна ўводзіць у атмасферу XIX стагодцзя, раскрывае думкі, памкненні тагачаснай моладзі і таму будзе добрай падмогай школьнікам у вывучэнні знакамітага рамана Караткевіча.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка