Вольга Барабаншчыкава «I сн іцца ім сон…»




Дата канвертавання27.03.2016
Памер104.54 Kb.
Газета «Настаўнiцкая газета» (28 марта 2009 г.)
Вольга Барабаншчыкава
«I сніцца ім сон…»
27 сакавіка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага прайшоў прэм'ерны паказ спектакля "Бег" паводле п'есы М.Булгакава. Гэты драматургічны твор быў напісаны ў 1928 годзе прапанаваны для пастаноўкі ў МХАТе, дзе ўжо ішлі "Дні Турбіных". Але п'еса "Бег"пры жыцці М.Булгакава не была ні апублікавана, ні пастаўлена на сце­не. Цэнзура палічыла яе шкоднай для савецкага гледача. "Аўтар ідэалізуе кіраўнікоў белагвардзейшчыны і імкнецца выклікаць да іх сімпатыю ў гледачоў. Пры гэтым у "Бегу" аўтар апраўдвае і прыхарошвае тых белых правадыроў, якіх ён сам асуджаў у "Днях Турбіных". "Бег" – гэта апафеоз Урангеля і яго бліжэйшых памочнікаў", – рапартаваў П.Кержанцаў у Палітбюро ЦК ВКП(б) упачатку 1929 года.

Бег часу няўмольны. Падзеі, якія апісваў М.Булгакаў у сваёй п'есе, у XXI стагоддзі падаюцца ўжо нейкім далёкім, напалову забытым... сном ("Бег" мае падзагаловак "восем сноў"). Таму пастаноўка спектакля павод­ле "Бегу" дала рэдкую на сённяшні час магчымасць не толькі ўспомніць адзін з самых сумных сноў у гісторыі Расіі – рэвалюцыю 1917 года, Грамадзянскую вайну, устанаўленне савецкай улады, уцёкі рускай інтэлігенцыі за мяжу, а яшчэ і зазірнуць у сябе. Бо руская літаратура заўсёды была скіравана на глыбокі аналіз унутранага жыцця чалавека.

Прем'еру "Бегу" ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага хочацца назваць падзеяй у культурным жыцці краіны. Па-першае, гэты твор ніколі не ставіўся ў Беларусі ўвогуле. Па-другое, спек­такль "Бег" – першая маштабная пастаноўка Сяргея Кавальчыка на сцене Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра iмя М. Горкага як галоўнага рэжысёра тэатра. Ці можна назваць гэты спектакль прарывам у сучасным тэатральным мастацтве Беларусі? Пытанне, як кажуць, застаецца адкрытым.
"Вся Россия делится на сны..." Гэтая думка належыць рускаму пісьменніку-эмігранту Аляксею Рэмізаву. У 1954 годзе ў Парыжы выйшла яго кніга "Агонь рэчаў", у якой пісьменнік прысвяціў некалькі твораў снам і "перадсонням" у рускай літаратуры. "Рэдкі твор рус­кай літаратуры абыходзіцца без сну, – адзначаў А.Рэмізаў. – У снах не толькі сённяшняе – абрыўкі дзённых уражанняў, недасказанае і недадуманае; у снах і ўчарашняе – засеўшыя глыбока падзеі жыцця і самае галоўнае: кроў, якая ўводзіць у жыццё; але ў снах і заўтрашняе – што ў бесперапыннай безуладнай плыні жыцця падаецца будучым; што звярам адкрыта праз чуццё, а чалавеку – праз прадбачанне, у снах даецца і пазнанне, і ўсведамленне, і прадбачанне; жыццё, якое выяўлена ў снах, разгортваецца з веку ў век”.

На думку Рэмізава, сон у рускай літаратуры паяўляецца яшчэ ў біблейскіх мроях пратапопа Авакума, апісаных у апошнім "Пасланні да цара Аляксея Міхайлавіча, у "Слове аб палку Ігаравым". Загоскін у "Юрыі Міласлаўскім" уводзіць сон як літаратурны прыём, але сон Юрыя, як сон Абломава ў Ганчарова, па­за рэальнасцю сноў: такое можа і ў сне прысніцца, але можа і ў сапраўднасці здарыцца.

"Сны, як асаблівая рэчаіснасць, па-свойму заканамерныя, са сваей паслядоўнасцю, але па-за дзённай нядрэмнай лагічнасцю, упершыню паяўляюцца ўтворах Пушкіна, – адзначае А.Рэмізаў. – Са святлом паэзіі ад Пушкіна ідзе і "марозная цемра" яго сноў – злавеслаўны, сон трунара Адрыяна Прохарава, сон Германа, сон Грынёва. I ў кожнага з гэтых сноў будзе свой водгук".

Пасля рэвалюцыі ў Расіі і першай хвалі эміграцыі ў рускай літаратуры з'явіўся яшчэ адзін злавесны сон – сон-настальгія па страчанай Расіі, поўны невыноснага болю і адчаю. Напрыклад, калі звярнуцца да вершаў У.Набокава, напісаных у эміграцыі ў 1920-х гадах, то можна ўбачыць, што самым улюбёным радком пісьменніка з'яўляецца "і снілася мне...".

Згодна з традыцыяй сноў у рускай літаратуры восем сноў Буогакава ў п’есе "Бег" такія ж сумныя і злавесныя. Да другога сну, напрыклад, пісьменнік выбірае эпіграф "…Сны сае робяцца ўсё цяжэйшымі". Сёмы па ліку сон мае падзагаловак "Тры карты, тры карты, тры карты" (як тут не ўспомніць сон Герма­на з "Пікавай дамы" Пушкіна). А апошняе слова п'есы – "цёмна".

Часта, калі чалавеку цяжка на душы, не хочацца вырашаць праблемы, ён імкнецца як мага хутчэй заснуць (нездарма кажуць, што сон – родзіч смерці). Героі п'есы часта выкарыстоўваюць дзеяслоў "сніцца", мімаходам згадваюць пра нейкі свой сон. "Як дзіўна ўсё гэта! Вы ведаеце, часам мне пачынае падавацца, што я бачу сон, сапраўды! Вось ужо ме­сяц, як мы бяжым з вамі, Серафіма Уладзіміраўна, па розных мясцінах і гарадах, і чым далей, тым больш незразумелым робіцца ўсё навокал. ...бачыце, вось ужо і ў царкву мы з вамі трапілі", – гаворыць Сяргей Паўлавіч Галубкоў у першым сне п'есы ("Мне сніўся манастыр").

Калі вывучаеш п'есу "Бег", становіцца зразумелым, чаму савецкая ўлада палічыла гэты твор шкодным. Паміж яе радкоў чытаецца, што героі, асабліва камандуючы фронтам генерал Хлудаў, не могуць дараваць сабе за сон душы, за забыццё, якое не дазволіла ім, бе­лым, вярнуць старую Расію назад, адваяваць яе ў чырвоных. "Так у дзяцінстве гэта было. У кухню аднойчы зайшоў у прыцемках, тараканы на пліце. Я чыркнуў запалку, а яны і пабеглі. Запалка вазьмі і згасні. Чую, яны лапкамi шуршаць – шур-шур, мур-мур... I ў нас так­сама – імгла і шуршан­ие. Гляджу і думаю: куды ўцякаюць? Як тарака­ны, у вядро. 3 кухоннага стала – бух!", – з сумам разважае Хлудаў.

Другое пасля "сну" ключавое слова ў п'есе – гэта "бег", якое ў некаторых момантах можна тлумачыць як уцёкi. Зразумела, што на паверхні твора – уцёкі бе­лых з Крыма за мяжу. Але ў вобразе Хлудава Булгакаў узнімае і філасофскую праблему ўцёкаў чалавека ад Бога (пасля грэхападзення першае, што зрабілі Адам і Ева – гэта схаваліся ад Бога), і ад самога сябе. Большасць персанажаў п'есы свядома здраджваюць сваім ідэалам (у п'есе нават патрыярх кідае братоў па веры і ўцякае з белагвардзейцамі ў Турцыю). Толькі Сяргей Паўлавіч Галубкоў і Серафіма Уладзіміраўна Карзухіна, неверагодна тонкія, інтэлігентныя людзі, бягуць не ад чагосьці, а да чагосьці. Каханне, высакароднасць душы, вера вымушаюць іх рухацца насустрач адзін аднаму, застацца ў цяжкіх абставінах жыцця вернымі сваім ідэалам, не сну, а святлу душы, у той час як большасць вар'яцеюць, ро­бяцца жорсткімі.

Крыху цяжка зразумець чаму, але жанр спектакля рэжысёр С.Кавальчык вызначыў як "трагікамедыю з элемен­тамі фарса". Некалі Максім Горкі вельмі добра адгукнуўся на "Бег" Булгакава. "3 боку аўтара не бачу ніякага прыхарошвання белых генералаў. Гэта – найцудоўнейшая камедыя... Гэта — п'еса з глыбокім, умела схаваным сатырычным зместам... Калі аўтар тут чытаў, слухачы (і слухачы падрыхтаваныя) смяяліся. Гэта даказвае, што п'еса вельмі ўда­ла напісана. "Бег" – цудоўная рэч, якая будзе мець анафемскі поспех, запэўніваю вас". Але нават у каларытнай, фарсавай сцэне тараканавых бягоў, якія рускія эмігранты ладзяць у Канстанцінопале, чамусьці не вельмі хочацца смяяцца. Гэтае трызненне, эмігранцкая забаўка рускіх – тараканавыя бягі – гаворыць у першую чаргу пра невыносны боль чалавечай душы. "Я выехал дав­но, и вечер неродной/ рдел над равни­ною нерусской,/ и стихословили колеса подо мной, / и я уснул на лавке узкой", – пісаў У. Набокаў у 1921 годзе на Нямеччыне. Цяжка нават ў ўявіць, што ад-чувалў людзі, свет якіх нахабна знішчылі "чырвоныя" – "мы наш, мы новый мир построим, кто был ничем, тот станет всем..." Так, паводле Булгакава, у вельмі складаных умовах жыцця людзі гублялі сябе і дазвалялі самаму дрэннаму за­валодаць іх сэрцамі, але ці смешна гэта?

У п'есе Булгакава восем сноў, а ў рускай літаратуры, як адзначае А.Рэмізаў, сны ніколі не бываюць вясёлыя, нават трагікамічныя, тым больш з элементамі фар­са. Бег Хлудава да самагубства, вяртанне Галубкова і Серафімы з эміграцыі ў савецкую Расію – гэта трагедыя, якую немагчыма апісаць словамі.

На жаль, рэжысура спектакля вельмі лінейная, двухмерная, апавядальная. Было б цікава, калі б стваральнікі спектакля паспрабавалі б крышачку "пагуляць" з прыродай сну на сцэне ("... і цячэ новы сон", – робіць у п'есе рэмарку Булгакаў). С.Кавальчык паставіўся да твора вельмі беражліва, інтэлігентна, цалкам перанёс п'есу на сцэну, без якіх-небудзь істотных скарачэнняў. I пры гэтым не дазволіў сабе ніякіх асаблівых рэжысёрскіх акцэнтаў (акрамя элементаў фарсу), нечаканых метафар. Па-сутнасці, ён проста пераказаў п'есу.

Метафарычную нішу спектакля часткова запоўніла немудрагелістая сцэнаграфія (мастак-пастаноўшчык – Аляксандр Касцючэнка). Сцэнічны круг, які знаходзіцца ў пастаянным руху, адлюстроўвае бег часу, а таксама сімвалізуе і кола жыцця ("Вось так усе і ходзім адзін па слядах іншага"), і кола лёсу ("Зразумей, што ты проста трапіў пад кола і яно цябе сцёрла і косці твае зламала"). Першая сцэна п'есы, першы сон адбываецца ў царкве, на фоне абдзёртага іканастаса, які ў наступных сцэнах ператворыцца ў канструкцыю з мутнага шкла. I абдзёрты іканастас, і мутнае шкло гавораць пра страту веры, душэўнага спакою, міру з самім сабой, якія перажываюць героі п'есы. Увогуле, "Бег" Булгакава – гэта адзін вялікі сон пра чалавечае жыццё. "Цяпер мы бачым, як праз мутнае шкло, наўздагад, а тады твар да твару; цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як я спазнаны", – разважае пра бягучае чалавечае жыццё і яго канец апостал Павел.



Пакуль спектакль падаецца статычным, вельмі няроўным па акцёрскай працы. Хочацца верыць, што гэта – толькі выдаткі прэм'ернага паказу. Але будзе справядлівым адзначыць высокае акцёрскае майстэрства Івана Мацкевіча, які выконваў ролю генерала Ры­гора Лук'янавіча Чарноты. І.Мацкевічу вельмі легка ўдалося ўвасобіць вобраз высакароднага балакі, жартаўніка, азартнага карцёжніка Чарноты. Вельмі пераканаўча ў вобразе інтэлігентнага нягодніка Парамона Ільіча Карзухіна выступіў заслўжаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шэлестаў. Безабаронным, вытанчаным ідэалістам прадстае на сцэне Сяргей Паўлавіч Галубкоў у выкананні акцёра Аляксандра Ждановіча. Акцёр цудоўна ўвасабляе чалавека, які, нягледзячы на душэўную тонкасць, ціхую "галубіную" прыроду, люта змагаецца з цяжкімі абставінамі жыц­ця. Вельмі цікавыя рэмаркі робіць Булгакаў да вобраза Хлудава: "ён падаецца маладзейшым за ўсіх астатніх, але вочы ў яго старыя"; "ён хворы чымсьці, гэты чалавек увесь хворы з ног да галавы". На ролю Хлудава ў спектакль запрошаны акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ігар Сігаў. На маю думку, акцёр някепска ўкараніўся ў "чу­жую глебу" тэатра М.Горкага, не выбіваўся са зладжанага ансамбля акцёраў. Хаця пакуль Хпудаў І.Сігава не такі яркі, прыкметны, пранікнёны персанаж, якім хацелася б яго бачыць у спектаклі. Але бег "Бегу" толькі пачынаецца...


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка