Вобразы лесу і балота ў кантэксце трагічных аспектаў чалавечага існавання




Дата канвертавання13.05.2016
Памер77.71 Kb.
К.А. Ермаковіч (Мінск, БДПУ)

Вобразы лесу і балота ў кантэксце трагічных аспектаў чалавечага існавання (на матэрыяле прозы В.Быкава, І.Мележа, В.Карамазава, Я.Сіпакова, Х.Лялько)

Калі чалавецтва – лес, то лес гэты ёсць сукупная непаўторнасць дрэў, а не сукупнасць тэлеграфных слупоў (хаця ніхто і не адмаўляе ў іх пэўнай карысці).

У.Караткевіч

Пра важнасць і значнасць духоўных набыткаў літаратуры, пра яе эстэтычную адметнасць можна меркаваць, зыходзячы з умення прыгожага пісьменства далучацца да здабыткаў як сусветнага культурнага вопыту, так і нацыянальнага. Глабальныя падзеі ў гісторыі ХХ стагоддзя абумовілі не толькі тэматыку сучаснай літаратуры, але і пэўным чынам прымусілі звярнуцца да сваіх каранёў, традыцый. Выхаванне на ўлонні прыроды спрыяла і гармоніі чалавека з ёй, і ў многім залежнасці ад яе. Чалавек лічыў, што прырода – магутная, бессмяротная, яна ніколі не будзе мець патрэбы ў абароне. Чалавечае неўсведамленне сваёй адказнасці за лёс навакольнага асяроддзя прыводзіць да наступстваў у выглядзе чорных бур на меліярыраваных землях, знікнення лесу пасля асушэння балот, тэхнагенных і экалагічных катастроф, такіх як Чарнобыль, Фукусіма. Безумоўна, гэтыя праблемы не застаюцца па-за ўвагай беларускіх пісьменнікаў. З-за геаграфічнага становішча нашай краіны зразумелым становіцца такое пашыранае ўжыванне празаікамі і паэтамі ў сваёй творчасці вобразаў лесу і балота.

Развіцё грамадства прыводзіць да змен маральна-этычных каштоўнасцяў, жыццёвыя паняццяў, светапогляду. Так, калі яшчэ ў дапісьмовы перыяд мастацкія творы, як правіла, перадаваліся вусна (казкі, легенды, паданні, міфы), панавала вера ў звышнатуральныя сілы. Гэта знаходзіла ўвасабленне ў такіх вераваннях, як анімізм, фетышызм, дзе прырода адухаўлялася, надзялялася звыш-якасцямі, давала адказ на многія пытанні, калі чалавек атаясамліваў сябе як неад’емная частка навакольнага асяроддзя.

Сярод самых распаўсюджаных вобразаў-сімвалаў з’яўляюцца лес і нават паасобныя дрэвы (дуб, асіна, бяроза, рабіна…), балоты, якія, дарэчы, паказваліся не толькі як жывыя істоты, але і вельмі часта асацыіраваліся з нячысцікамі, чорнай сілай, месцам, дзе збіраюцца лесуны, ведзьмакі, русалкі (рэшткі гэтага знаходзім у фальклоры, напрыклад, у казках, легендах). Таму надзвычай цяжка знайсці “такі лес”, які нёс бы супакаенне. Так, у сваёй творчасці звярнуўся да гэтай тэмы Янка Сіпакоў у апавяданні “Лес пад горадам”. Трэба прызнаць: мала для каго сёння прырода – гэта збавенне ад штодзённых клопатаў, праблем. Аднак галоўнага героя (а ў яго асобе, відаць, і аўтара) не вельмі гэта хвалюе: галоўнае – яму добра ў лесе. Ужо тое, што “ён аж трымцеў ад нецярплівасці, яму хацелася наўскач, лёцьма адразу ж апынуцца на месцы, дзе яго чакала, верыў, супакаенне” [5, с. 209], паказвае на еднасць чалавека з навакольным светам, прычым як на неабходную акалічнасць жыцця.

Актыўная дзейнасць чалавека прывяла да таго, што пакуль яшчэ толькі вёска “трымаецца”: паветра чыстае, дыхаецца лёгка, свабодна, дзеліцца сваёй энергіяй кожнае дрэўца, кожны гук. І нават выехаўшы за мяжу горада адчуваецца “развіццё грамадства”. Той жа герой Я.Сіпакова “вылузаўшыся з дзвярэй, тут жа шырока, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае паветра – яно якраз не было свежым, а смярдзючым: стаяў жа, не адышоўшыся яшчэ, ля самай выхлапной трубы, а аўтобус якраз газануў, каб ехаць далей” [5, с. 209]. Думаецца, аўтар наўмысна ўжывае такія спалучэнні і словазлучэнні, як трымцеў ад нецярплівасці, наўскач, лёцьма апынуцца, верыў, падганяў аўтобус, выскачыў, ледзь вылузаўшыся, подбегам патупацеў у лес. А робіцца гэта для таго, каб паказаць “нецярплівасць” і вострую неабходнасць чалавека пабыць сам насам з сабой, у гармоніі з прыродным светам, атрымаць такое паразуменне, падтрымку, якую наўрад ці зможа аказаць іншы чалавек, нават самы родны і блізкі. Аднак уважлівы чытач можа не падзяляць такую вялікую радасць героя, а наадварот насцярожыцца: часта бывае так, што калі вельмі моцна нечага чакаеш, то якраз гэта не спраўджваецца, не атрымліваецца.

Герой спяшаецца да свайго [вылучана мною – К.Е.] дуба (чамусьці адразу паўстае пытанне: “А ці ў кожнага ёсць такі СВОЙ дуб?”). Герой спяшаецца, нібы хвалюецца, што можа спазніцца на сустрэчу. Для яго гэты стары і магутны дуб, з якім ён быў знаёмы яшчэ ў юнацтве, з’яўляецца не проста дрэвам, а замяняе яму чалавека з вялікай літары, дарадцу, лепшага сябра і аднадумца. Менавіта з дубам герой дзеліцца сваімі спадзяваннямі і трывогамі, радасцю і клопатамі. Асноўныя жыццёвыя падзеі гэтага чалавека адбываюцца “на вачах” у дуба: знаёмства з каханай, нараджэнне сям’і, а затым і сына. Самае цікавае: чалавек быў перакананы, што “пасля кожнага развітання і ён, і дуб чакалі новай сустрэчы” [5, с. 211].

Але якім жа неспадзяваным стала ўбачанае: высякалі лес, заставаліся адны пянькі. Не даючы ўсё яшчэ веры сваім вачам, герой апавядання спяшаецца знайсці дуб жывым. Але… “Яго дуб ляжаў, як чалавек, склаўшы рукі. Там, дзе нежывая ўжо кара адвалілася, сукі былі белыя-белыя – у іх не асталося ні крывінкі. Лісце таксама было мёртвае, бурае – быццам засохлая кроў. <…> Дуб маўчаў. Лісце яго таксама маўчала” [5, с. 211]. Страту дуба, які перашкаджаў новабудоўлі (і таму яго спілавалі), Янка Сіпакоў паказвае як вялікую трагедыю смерці жывой істоты, падобную смерці сябра. Таму, відаць, “чалавек ірвануўся да дуба, нібыта ён мог яшчэ чымсьці памагчы. Кінуўся на калені і прыціснуўся вуснамі да зрэзу – той быў ужо халодны-халодны, як лоб нябожчыка. У рот траплялася пілавінне, але ён не зважаў на гэта – вадзіў і вадзіў губамі па зрэзе, гладзіў шурпатую кару рукою, цёрся аб яе шчакою” [5, с. 211].

Вальшчыкі не проста знішчылі яшчэ адзін дуб, не проста паставілі галачку, што дадзеная лясная плошча ачышчана. Яны вырвалі памяць, вырвалі часцінку чалавечага сэрца, чалавечай душы, пазбавілі радасці. Гэты лес ля горада быў астраўком збавення, надзеі, чысціні. Цяпер не стала і яго. Чалавек сам сябе паступова сцірае з зямлі. Выпадак з дубам заклаў трагічны падмурак светабачання героя: “Зараз у яго на аднаго друга ў свеце стала меней. А на аднаго непрыяцеля пабольшала. І ён будзе шукаць гэтага непрыяцеля. І ён абавязкова знойдзе яго. Каб паглядзець яму ў вочы і спытаць: “Навошта?” [5, с. 215].

Калі ў апавяданні Янкі Сіпакова вобраз лесу – гэта найперш выратаванне душы, то ў рамане “Пушча” Віктара Карамазава ён паказаны, думаецца, як выратавальнік жыцця чалавечага, што вельмі часта спалучаецца з матэрыяльнымі дабротамі – хата, дровы. Такімі паказаны многія ў рамане, аднак з іх “выбіваецца” найперш ляснік Валошка, для якога яго лес – гэта не апора маёнткаў, як лічыў, напрыклад, пан Васінеўскі, не бяздонне, на якое паквапіўся Крупенін. Для яго лес – гэта жыццё.

На іншую праблему праз вобраз дрэва (елкі) выходзіць Х.Лялько ў аповесці “Лес”, праблему даўно вядомую ў беларускай літаратуры, даўно асвоеную нацыянальнымі пісьменнікамі – праблему Гаспадара. Елка, як заўважае пісьменніца, “яшчэ з тае свае ярка-зялёнай маладосці помніла дотык цёплай Паўлюковай далоні. Шчаслівы то быў час, і быў у яліны адзіны сапраўдны Гаспадар…” [3, с. 108]. Пакуль жыў Паўлюк – не думала аб сваім далейшым лёсе і гэтае дрэва. Не стала ў яліны гаспадара, абаронцы – аказалася яна, чамусьці лішняй, непатрэбнай. І як праз сон, не верачы таму, што гэта адбываецца з ёю, “зусім нядаўна адчула яна халодны нежывы дотык металу. Як дотык смерці. І здрыганулася ўся, зашумела, шырока і цяжка махаючы амшэлым вечназялёным голлем…” [3, с. 108]. Х.Лялько ўдакладняе вышэй названую праблему: “Хто такі гаспадар? Ці існуе ён увогуле?” Два тыпы гаспадароў – уяўных і сапраўдных – бачацца ў нацыянальнай прозе. Галоўны герой апавядання Хрысціны Лялько “Мурза” лічыць, што ён мае права распараджацца лёсам “братоў меншых”. Вобраз гаспадара пададзены праз бачанне яго старым сабакам, які ўжо стаў непатрэбным і на змену якому прыйшло новае “пакаленне”: “… раптам глухі ўдар па спіне нечым тупым і цяжкім апусціўся раз, пасля яшчэ і яшчэ нешта цяжка і глуха біла і біла яго, а ён усё не расшчамляў зубоў, не адпускаў тонкага гарачага горла свайго праціўніка. І толькі хрыплы і цяжкі голас гаспадара, што ўрэшце дайшоў да яго, прымусіў расслабіцца, скарыцца. Ён разняў знямелыя зубы, адпусціў лапы. <…>Толькі цяжка і злосна соп над ім гаспадар і нечаму па-дурному радаваўся-гігікаў за плотам Чужы” [3, с. 175].

Да другога тыпа гаспадара мы аднясем такіх, як мележаўскія Васіль Дзяцел і Халімон Глушак, дзед Паўлюк з аповесці Х.Лялько “Лес”, бо гэта – людзі зямлі, лесу, адданыя ім. Толькі такіх, сапраўдных, гаспадароў, на жаль, вельмі мала і не кожны разумее сваё прызначэнне: “Нічога і нікога няма на зямлі вечнага. Гаспадар калісьці даўно, калі яшчэ быў жывы, але ўжо моцна хворы, сказаў ёй (елцы): “Нашто жыць, калі няма радасці? Чалавек павінен мець радасць ад жыцця, іначай усё траціць сэнс. Ты ведаеш, - сказаў ён, - радасць даваў мне толькі лес. Лес быў маім жыццём. Я гадаваў яго для людзей, а не для варвараў. Тое, што каштавала мне ўсяго жыцця, яны знішчылі за тыдзень. І разам знішчылі і мяне…”

Гаспадар памыліўся тады. Яго не знішчылі. Адзіны, хто вечны на гэтай зямлі, - Гаспадар. Без яго зямля быць не можа” [4, с. 87].

Заўважым, што з тэмай гаспадара, прыроды ў нашай літаратуры цесна знітаваны пачуцці любові да бацькаўшчыны (В.Карамазаў), надзеі, збавення, супакаення (Я.Сіпакоў), радасці (Х.Лялько).

У змест вобраза радзімы Хрысціна Лялько ўводзіць новы вобраз – вобраз хутара, што і стала адметнасцю яе прозы сярод лепшых твораў вясковай тэматыкі. Спалучанасць вобразаў хутара і лесу прысутнічае на многіх старонках яе твораў (аповесць “Лес”, некаторыя апавяданні).

Беларусы жывуць не толькі побач з лесам, вельмі часта нацыянальныя паселішчы знаходзяцца побач з балотам, з яго жывёльным, птушыным і раслінным багаццем. Прынята лічыць, што балота – нязменная стыхія. Аднак на самой справе яно выступае ў розных іпастасях. Часцей за ўсё балота корміць, абувае, дае надзею на лепшае, але бывае, што яно згубна, гвалтоўна ўмешваецца ў жыццёвы лёс беларуса, закрывае яму шляхі ў вялікі свет.

Так, у раманах “Палескай хронікі” Івана Мележа балота вучыць мудрасці, справядлівасці, трывучасці, уменню, нягледзячы на розныя перашкоды, знаёсці дарогу да лепшай долі. Для герояў аднайменнай аповесці Васіля Быкава балота становіцца пасткай, месцам драматычных падзей, тымі абставінамі, у якіх раскрываецца ўнутраны свет персанажаў. А для братоў-касцоў – месцам разладу (апавяданне “Касцы” Х.Лялько). сяброўства, паразуменне назаўсёды для іх страчана пасля забойства дзікай качкі падчас сенакосу. Разыходзяцца яны вечарам як чужыя, бо на меншага Яся такое “паляванне” наклала трагічны адбітак на ўсё жыццё.

Беларуская літаратура экалагічнай тэматыкі ўсё часцей прапаноўвае новы погляд на ўзаемаадносіны чалавека і прыроды: мы існуем на такіх жа правах, што і мурашка, дзьмухавец, бо ўсё гэта ў сукупнасці з чалавекам – ПРЫРОДА. Разам з тым даволі працяглы час панавала думка пра “Цара прыроды”, які меў права не толькі спажываць скарбы навакольнага асяроддзя, але і ўмешвацца ў яе жыццёвую хаду: карчаваць лес пад урадлівыя палі, асушаць балоты, прагматычна знішчаць прадстаўнікоў жывёльнага і птушынага свету. Цяпер жа на гэтага “цара” кладзецца абавязак выпрацаваць новае светабачанне, навучыцца любові да ўсяго жывога, бо трэба выжыць і чалавеку, і прыродзе, і выжыць так, каб знайсці “агульнае” шчасце.


Ермаковіч К.А.,

магістрантка БДПУ імя Максіма Танка

(МТС: 2567349, Мінская вобл., Маладзечанскі р-н, в. Маркава, вул. Падлесная, 41; індэкс: 222318)

Навуковы кіраўнік:

кандыдат філалагічных навук,

дацэнт кафедры беларускай літаратуры



Козіч В.І.

Літаратура

  1. Быков, В. Болото. Волчья яма. Стужа / В.Быков. – Минск : «Книга», 2003. – 384 с.

  2. Карамазаў, В. Пушча : раман / В.Карамазаў. – Мінск : Маст. літ., 1979. – 384 с.

  3. Лялько, Х. Світанак над бярозамі : аповесць, апавяданні : для ст. шк. узросту / Х.Лялько. – Мінск : Юнацтва, 1989. – 223 с.

  4. Мележ, І. Людзі на балоце : раман з “Палес. хронікі” / І. Мележ. – Мінск : Маст. літ., 1991. – 400 с.

  5. Сіпакоў, Я. Спадзяванне на радасць : апавяданні, эсэ / Я.Сіпакоў. – Мінск : Маст. літ., 1983. – 247 с.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка