Вобраз сучаснага беларуса аляксандар Краўцэвіч




Дата канвертавання07.05.2016
Памер20.79 Kb.
ДАДАТАК да КРУГЛАГА СТАЛА
“Месца нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сацыяльна актыўнага грамадзяніна”
ВОБРАЗ СУЧАСНАГА БЕЛАРУСА

Аляксандар Краўцэвіч

Што такое сучасны беларус? На гэтае пытанне сёння можна пачуць неадназначныя, часам супярэчлівыя адказы. Мой адказ: “Гэта асоба, якая акрамя таго, што лічыць сябе беларусам, карыстаецца беларускай мовай у прыватным жыцці”. На канферэнцыі ў Польшчы ад жыхаркі Магілёва (філолаг - кандыдат навук) давялося пачуць, што яна “класічная беларуска, бо не валодае беларускай мовай, а гаворыць па-расейску”. Гэтай магілёўскай даме я заявіў, што яна беларуска хутчэй не “класічная”, а паталагічная.

Часам нават ад высокавучоных замежных спецыялістаў можна пачуць меркаванне, што беларусы асаблівая нацыя, бо не хоча сябе адчуваць нацыяй. На самой справе гэта памылковая выснова, бо беларусы – тыповы народ Сярэдне-Усходняй Еўропы, які трапіў у даволі нетыповую і надзвычай неспрыяльную гістарычную сітуацыю. Апошнія дзвесце гадоў не маючы ўласнай дзяржаўнасці, гэты народ перажываў надзвычай моцны асіміляцыйны ціск як з усходу, так і з захаду. Найстрашнейшым ударам у найноўшай гісторыі было фізічнае вынішчэнне сотняў тысяч нацыянальнай інтэлігенцыі ў часе сталінскіх рэпрэсій і ліхалецці Другой сусветнай вайны. Я перакананы, што калі б гэтыя людзі засталіся жывыя, сёння б мы не мелі Лукашэнкі. Бо гэтыя сотні тысяч адукаваных людзей былі б усюды – у адміністрацыі, адукацыі, войску, паліцыі. Вельмі верагодна, Сашу Лукашэнку вучыў бы не Трашчанок, а адзін з тых забітых Сталіным беларусаў, і вучань меў бы імя не Саша, а Алесь, і ніколі б не пайшоў у дыктатары. Але месца расстраляных і загінулых занялі прыезджыя з Расеі і менавіта яны кіравалі і вучылі нашых бацькоў і нас самых. Зараз маем такую сітуацыю, якую маем.

Лічу, што для акрэслення беларуса трэба стасаваць тыя ж крытэры, што і для прадстаўнікоў іншых “нармальных” народаў. Галоўнай прыкметай сучаснага беларуса, як і летувіса, паляка, украінца ці расейца, з’яўляецца родная мова. Таму расейскамоўныя беларусы – гэта беларусы не нармальныя. Аднак сярод іх трэба таксама адрозніваць тых, хто адчувае, часам на ўзроўні падсвядомасці, гэтую сваю ненармальнасць. Яны не супраць нацыянальнага адраджэння, гатовыя аддаваць дзяцей у беларускія школкі, але не маюць сілаў супрацьстаяць рэальнасці – агрэсіўнай антыбеларускасці. З гэтымі людзьмі трэба супрацоўнічаць, прыцягваць да сябе і дапамагаць. У гісторыі вядомыя падобныя прыклады, напрыклад, у 19 ст. чэшскія нямецкамоўныя арыстакраты фінансавалі чэшскія школы.



Нармальныя беларусы сёння складаюць меншасць у сваёй краіне, і тым больш цяжка ім заставацца беларусамі. Для гэтага патрэбныя вялікія высілкі, прычым, штодня і амаль кожную хвіліну, каб супрацьстаяць расейскамоўнаму асяроддзю і заставацца ў беларускай культурнай прасторы. Нас меншасць, але за намі праўда. Расейскамоўныя беларусы – савецкія людзі з характэрнай падвойнай свядомасцю – нібы патрыёты, але сваё не ведаюць. Многія з іх стаміліся ад гэтай падвойнасці і хочуць быць самымі сабой паўсюль. Упэўнены – прыйдзе час, і мы дамо ім такую магчымасць.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка