Вобраз Салігорска ў творах Анатоля Крывіцкага




Дата канвертавання01.05.2016
Памер96.96 Kb.
Вобраз Салігорска ў творах Анатоля Крывіцкага

У сваім зборніку нарысаў і апавяданняў “Соль надзеяў нашых” Аляксей Кур’ян згадвае, што “калі сярод празаікаў Салігорска найбольш самабытным і умелым лічыўся Аляксей Макарэвіч, то сярод мясцовых паэтаў відавочных лідэраў доўгі час не было. Пасля 1965 года стаў вылучацца актыўнасцю Анатоль Крывіцкі. І ужо ў першых творах, якія з’яівіліся ў друку, А. Крывіцкі звяртаецца да тэмы Салігорска, яго гісторыі, якая звязана з працай будаўнікоў і шахцёраў.

У другой палове 60-х гадоў будаўніцтва горада вялося вельмі актыўна. Аднак на першыя палоскі газет выходзілі імёны шахцёраў-першапраходчыкаў.

У 1967 годзе ў рукапісным альманаху “Радуга” з’яівіўся верш “Праходчыкі”, прысвечаны камсамольска-маладзёжнаму звяну шахтапраходчыка Валянціна Хахлова. Верш недасканалы: у ім сустракаюцца ўвасабленні “рамонкі ўсміхаюцца сіняму ранку, як згіне апоўная зорка начы”, якія нельга назваць арыгінальнымі. Аднак тут жа ёсць і ўдалыя вобразы, якія перадаюць дынаміку працы шахцёраў: ”Ад лампачак бляск увышы зіхатлівы не зводзіць здзіўлёны поглад са звяна“; “Часам здаецца, што ствол уніз едзе на гэтых магутных плячах”.

Па-новаму ўяўляецца і вобраз ключоў ад нетраў: "Становяцца бліжэй за іхнюю змену да сільвінітавых нетраў ключы."

Бяспрэчна, аддаючы даніну сацыяльнаму заказу, Анатоль Крывіцкі тым не менш здолеў апаэтызаваць працу шахцёраў. А такая разнавіднасць метафары, як увасабленне, становіцца любімым прыёмам стварэння паэтычнага вобраза. Прываблівае і навізна тэмы. Бадай што ў паэтызацыі працы салігорскіх шахцёраў А. Крывіцкага можна лічыць першаадкрывальнікам. Гэта даволі парадаксальная рэч: раптам пра цяжкую, знясільваючую працу напісана паэтычнымі радкамі, якія, нават з папраўкай на час, гучаць шчыра і пераканаўча.

У 1998 г. выходзіць зборнік А. Крывіцкага "Глыбіня". Ён мае прысвячэнне:

"Прысвячаю адкрывальнікам нетраў, геолагам, будаўнікам, шахцёрам, шахтапраходчыкам, усім жыхарам Салігорскага радовішча калійнай солі - усім жыхарам Салігорска ў гонар 40-годдзя горада."

У зборніку змешчана паэма "Салігорск", напісаная ў 1977 годзе. Паэма складаецца з шасці разделаў:

• "Адкрыццё"

• "Чыжэвічы"

• "Нараджэнне горада"

• "Падмурак"

• "Праходка"

• "Соль зямлі"

А. Крывіцкі ў першай часцы згадвае паданне пра народнага паўстанца Северына Налівайку, які схаваў на Тамілавай гары скарбы:

Як маёнткі спапяліў у Слуцку,

То сказаў: -Мае вы дружбакі,

Паклянёмся, каб калі жыць па-людску,

Закапаем скарб той на вякі.

Далей чыста аўтарскае меркаванне:

... Мо ад слёз людскіх, крыві змагання,

Скарбы тыя сплавіліся ў соль.

(Ці не таму калійная соль чырвонага колеру?)

Цікавае таксама параўнанне часу з крыгай:

Пішуць летапісцы свае кнігі

Паўстаюць падзеі дзён былых.

Дык няўжо наш час, як тая крыга,

Праплыве без подзвігаў людскіх.

Паэт таксама гаворыць: "На зямлі ты - гаспадар, не госць." У гэтых словах паэта выяўляецца яго актыўная грамадзянская пазіцыя. І няхай гэта не новае сцвярджэнне, але для нашага часу, як ніколі, актуальнае. Гэты зварот успрымаецца кожным чытачом, як зварот менавіта да яго. Гаспадар адказны за ўсё, а госць – госць і ёсць: пагасціў і паехаў зноў гасцяваць.

Так адкрывальнікі радовішча становяцца як бы ў адзін рад са змагарамі за лепшае жыццё, якія сваёй крывёй аплацілі права нашчадкаў распарадзіцца знойдзенымі ў зямлі скарбамі па-гаспадарску.

Раздзел “Чыжэвічы” вылучаецца сваёй асаблівай лірычнасцю, калі А. Крывіцкі ўзгадвае, што вёска Чыжэвічы “першы прытулак для будаўнікоў і шахтапраходчыкаў” становіцца яшчэ і прытулкам для кахання:

Калі каханне звяжацца:

-Хоць пад зямлю з табою!

А ў яго вясёлага

І вусны пахнуць соллю.

Але паэт гаворыць і пра тых, хто не вытрымаў выпрабавання цяжкай працай, неўладкаваным бытам:

Калі ж каторы ўцякаў-

Бо не хапала волі,

Не паспытаў, браткі, як след

Ён салігорскай солі.

Тут абыгрываецца народная прымаўка з’есці пуд солі. Такім давалі ацэнку самі гарнякі:

Ураз ацэняць гарнякі:

-Плывун, а не парода!

Патрэбны сплаў, а не пясок-

Інакш, іскры не будзе.

Бо на зямлі і пад зямлёй

Гартуюцца тут людзі.

Адсюль і выснова, якую робіць аўтар:

Праветраны, прасолены

У кожнага характар,

І ў тоўшчах сільвінітавых

Навечна кінут якар.

…Чыжэвічы, Чыжэвічы



Падмурак Салігорска.

Асоба фарміруецца толькі шляхам пераадолення жыццёвых цяжкасцей і выпрабаванняў. Ідзе як бы супрацьпастаўленне плывуна як нечага ненадзейнага, і якара, які сімвалізуе сабой у гэтых вершаваных радках не толькі месца працы “сільвінітавыя тоўшчы”, але і чалавечыя якасці: вернасць, адданасць і ў каханні, і ў працы, і ў дружбе.

У трэцім раздзеле паэмы “Нараджэнне горада” А. Крывіцкі літаральна некалькімі паэтычнымі радкамі здолеў вярнуць нас да “Калыбелі горада”.

Скідае аблога спрадвечны дзірван

Пад кранаў рэйкавы лёскат.

Як вокам вялізным, глядзіць катлаван

На побач сцішэлую веску.

Бо з назвай такой: Кавалева Лаза

Есць ад чаго ёй здіўляцца

“Дзе сцежка лясная была партызан

Горад пачаў будавацца”.

Удалае параўнанне катлавана з вокам у спалучэнні з адухаўленнем вёскі Кавалёва Лаза, якая “здзіўляецца” таму, што “разрыты палеткаў прасторы” і будуецца горад:

Дарогі – у гліністым месіве,

А груды цагляныя – гурбай ляжать.

І зноў гучыць тэма адказнасці чалавека за вынікі сваёй працы:

-Даруйце, сябры, але цэгла для нас,

Як хлеб, ці як тое паветра.

Калі не здадзім на паверху штодня-

То і рух замарудзіцца ў нетры.

Гэта параўнанне цэглы з хлебам і паветрам даволі смелае, але яно перадае ўсю напружанасць працы будаўнікоў, жаданне маладых хутчэй стварыць горад, якому “ўсім здіўляцца ўпершыню”. Так падобныя метафары “здіўленага горада” (а можа горада, які здіўляе) і “здіўленай вескі” яшчэ раз падкрэсліваюць гарманічную сувязь гісторыі будаўніцтва горада з гісторыяй гэтай зямлі.

У чацвертым разделе “Падмурак” А.Крывіцкі нібы дае паэтычныя замалёўкі, у якіх з захапленнем і ўдзячнасцю расказвае пра “дзяўчат-мясцовых чараўніц”:

Хоць пахлі вапнаю спяцоўкі,

Пяклі далоні мазалі,

Спявалі ўвечары сяброўкі,

Аж сцены новыя гулі.

Са сцэны голас разліваўся

І слухаў горад малады.

У вершаваныя радкі аўтара як бы ўплятаецца спеў дзяўчат:

Дойдзем як да солі –

прынясу дамоў.

Мілы не разлюбіць-

Пасалю любоў.

Мы ўсе салёныя

Да самай касці.

Лепш за солігорачку

Хлопцу не знасці!

Па-новаму ўспрымаецца значэнне слова соль і эпітэт салёны: салёны як моцны, трывалы, надзейны. ”Солігорачкі-зорачкі марылі і самі гэтыя мары ажыццяўлялі разам са сваімі абраннікамі:

Вуліцы пралеглі трасай роўнай

Між узлесся, прама да ракі

І сям’ю шахцёрскую папоўняць

Навакольных вёсак юнакі.

Вёска - гэта не толькі крыніца рабочай сілы, але і падмурак горада:

І ніхто з іх працы не цураўся -

Не кідаў на вецер лішніх слоў.

Горад вось адгэтьуль пачынаўся,

Ад бяроз у клёкаце буслоў …

Гучыць як напамінак аб тым, дзе вытокі нашай малой радзімы-Салігорска, адкуль мы ўсе родам.

Раздзел “Параходка” - своесаблівы гімн працы праходчыкаў:

І сёння вось тут,

На людскіх вачах

Працы поэма пішацца!

Паэма змагання, паэма надзей,

Паэма вялікага подзвігу.

“Зямлі векавая браня” не хоча адкрываць свае тайны, і таму:

А пласт паддаецца цяжэй і цяжэй,

Здаецца,не будзе продыху…

Пацее апора скляпеннеяў чыгун….

Метафарыстычны вобраз чыгуннай апоры, якая пацее, дапамагае дакладна ўявіць напружанасць і адказнасць працы праходчыкаў.

Калі ў раздзеле “Чыжэвічы” А. Крывіцкі дае разгорнутае параўнанне першапрыходчыкаў, якія не вытрымалі выпрабавання сільвінітамі з плывуном, як нейчым нетрывалым, ненадзейным, то ў раздзеле “Праходка” плывун выступае як нейкая магутная, жывыя істота, якая нясе ў сабе рэальную сілу і пагрозу:

За сценкай ягонай стаіўся плывун

І пацяплення чакае.

Каб з сілай абрушыцьць патокі вады

З пяском, праз пласты цяжкія:

Не хоча пускаць ён людзей сюды

У сховы свае векавыя.

Але праходчыкі не здаюцца, і вось ужо

Пад спрасаванаю тоўшчай зямной

Калійная соль заірадзее…

(Ці не кроплямі крыві паўстанцаў Северыка Налівайкі?)

І вось ужо выразна вымалёўваецца плён працы праходчыкаў:

Тут будуць камбайны справу вяршыць -

Удалеч наўсцяж прабівацца.

Адкрыюцца новых дарог рубяжы

Ударнай, шахцёрскай працай.

Праложаць нязведаных сотні шляхоў

Ва ўпорным і смелым натхненні.

У заключных радках раздзела пафас услаўлення працы праходчыкаў набывае глыбокае філасофскае гучанне:

У іх – да зямных прыцягненне асноў,

Каб быць нам і з хлебам, і з соллю.

А. Крывіцкій сцвярджае, што чалавек працы – гэта і ёсць соль зямлі. Калі будуць такія людзі, то ў нас будуць і хлеб, і соль.

“Соль зямлі” – такую назву мае заключны шосты раздзел паэмы “Солігорск”. Складаецца ўражанне, што вершаваныя радкі тут нагадваюць крышталікі калійнай солі:

Соль, соль,

Ружова-іскрыстая,

Ляжыць на маёй далоні,

Як на глобусе

Дзяржавы і кантыненты.

У кожным яе крышталіку-

Стагоддзі.

У кожным праменьчыку –

Эпоха


Са сваім сонцам,

Са сваімі грымотамі

І вёснамі…

Гэта ўражанне ўзнікае з-за свядомага адыходу аўтара ад звыклага, даволі дакладнага падбору рыфмаў у першых пяці раздзелах да свабоднага верша, верлібра, у заключным раздзеле. Ідзе філасофская развага пра недаўгавечнасць, зменлівасць усяго на нашай зямлі.

Але ўсе эпохі, усе катаклізмы нібы адбіліся ў крышталіках солі, якая адна “непадуладна тленню”.

Да солі, як да вышэйшай істоты, паэт звяртаецца з просьбай:

Прамый так і душы

І сэрцы людзей – Соль.

Адкінь ад іх злоснае, непатрэбнае,

Зрабі іх крыштальнымі ў чысціні,

У дзеяннях і ва ўчынках.

Каму патрэбна

І – насамі,

Каб быў не надта

Нахабны і лоўкі.

Нагадвае А. Крывіцкі і пра “адказнасць солі” за лёс Зямлі:

Уліваецца новая сіла

Ў цябе, Зямля,

У пражылкі лістоў

І пладоў.

Хай гімн табе

Спяваюць палеткі –

Зачахнуць –

Соль.


На самай справе, паэт звяртаецца да чалавека-гаспадара, які павінен дбаць пра ўсё.

У заключных радках паэмы А. Крывіцкі як бы вяртае нас да пачатку паэмы, да раздзела “Адкрыццё”, дзе гучала ўжо думка, што чалавек павінен быць не госцем, а гаспадаром на зямлі, павінен мець трывалы ўнутраны стрыжань, які закладаецца і фарміруецца ў чалавеку, як пласты солі, навечна. Стане чалавек шлакам ці соллю – залежыць ад яго:

…Разумную мерку

Адмервалі заўжды,

У справе важнай

Ці дробязнай.

Як гаспадар

Не перасалі,

І новыя поспехі

Збудуцца.

Станаўленне чалавека як асобы завяршаецца, калі ён усвядоміць, што

Закон твой такі,

Як закон жыцця –

Соль, Соль, Соль.

У зборніку А. Крывіцкага “Глыбіня” акрамя паэмы “Салігорск” ёсць і вершы, у якіх паэт таксама звяртаецца да тэмы Салігорска: “Падземны аўтограф”, “Шахцёры”, “Праходчыкі”, “Салігорскія паверхі”, “У шахцёрскай лазні”, “Салігорскі краявід” і іншыя. І кожны з іх гучыць шчыра, як своеасаблівае прызнанне ў любві да горада шахцёраў, яго жыхароў. Гэта не можа не кранаць. Бясспрэчна, пры крытычным аналізе ў некаторых з іх будуць выяўлены пэўныя недахопы, але вось у няшчырасці А. Крывіцкага нельга папракнуць. Чалавек і горад у паэта ўтвараюць як бы арганічнае цэлае: людзі пабудавалі горад, а горад, яго шахты, соль “будуюць”, ствараюць асаблівы характар, тып чалавека, які адчувае сябе не госцем, а гаспадаром зямных нетраў, умее і папрацавць, і адпачыць:

А камбайнёр у касцы

Упэўнена, на вачах,

Як віцязь з народнае казкі

За шляхам мерае шлях.

Яму тут усё вядома –

Залішне адчуеш пытаць…

І гаспадарыць як дома,

Яго тут і Храм, і Палац.

(З верша “У трэку”, зборнік “Чуйнасць”, 2001 г.)

Такім храмам і палацам для Анатоля Крывіцкага стала паэзія, дзе ён назаўсёды застанецца як праўдзівы летапісец горада Салігорска.

8 мая 2003 года Паэта не стала. Ці з’явіцца другі паэт, які зможа з такой жа сардэчнасцю расказаць пра наш горад?



Напісанае застаецца… І таму кожны можа прачытаць вершы А. Крывіцкага і, дзякуючы ім, па-іншаму ўбачыць свой горад, яго людзей, сябе ў “вясковым горадзе”, гэта значыць, у вечна маладым і квітнеючым Салігорску.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка