Вызвольны рух за незалежнасьць І свабоду




Дата канвертавання08.05.2016
Памер72.03 Kb.
31 ліпеня 1999г.
ВЫЗВОЛЬНЫ РУХ ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ І СВАБОДУ
(Вытрымкi з дакладу на VI Зьезьдзе БНФ)
...Мы любiм Беларусь. Мы любiм нашу беларускую мову, нашу зямлю i народ, нашу краiну. Мы хочам iм дабра. Паўсюдна - гэта ёсьць неад'емнае права людзей. Але ў нас, на Беларусi,- гэта палiтыка. Мы жывём сярод рэальнасьцi, дзе думаюць ненармальна, дзе чалавек, якi размаўляе па-расейску - рускi, чалавек, якi размаўляе па-нямецку - немец, чалавек, якi размаўляе па-беларуску - нацыяналiст.

Нацыяналiзм - гэта палiтыка. Быць сьведамым беларусам i ня думаць пра палiтыку - немагчыма. Той, хто ня думаў i не разумеў - той на краi магiльнай ямы ў Курапатах задаваў пытаньне - "за што?".

Выжыць можна было толькi тады, калi правiльна адказаць на гэтае пытаньне. Адказаў - Беларускi Народны Фронт. Таму мы жывём i змагаемся за Беларусь. Таму новае маладое пакаленьне беларусаў сказала: "Беларусь - гэта сьвятое!"

Быў сьведамы шлях да беларускай iдэi i сьведамая праца. Вы памятаеце гэты шлях ад БНФ "за перабудову" да Вызвольнага Руху. Гэта рух ня толькi арганiзаванай волi, але й дарога праз душы мiльёнаў беларускiх людзей. Дарога зь нявольнiцтва - да свабоды.

Я нагадаў гэта, каб яшчэ i яшчэ раз засяродзiць вашу ўвагу на жыватворнасьцi нацыянальнай iдэi, на неабходнасьцi правiльнай тэорыi палiтычнага змаганьня i народнага разьвiцьця. Для рэалiзацыi сваiх iнтарэсаў людзi стварылi нацыю i нацыянальную дзяржаву. НIЧОГА ЛЕПШАГА ЗА НАЦЫЮ I ДЗЯРЖАВУ Ў ЛЮДЗКIМ ГРАМАДЗТВЕ НЯМА. I КАЛI ГЭТЫЯ КАШТОЎНАСЬЦI ПАД ПАГРОЗАЙ - УСЕ IНШЫЯ ПЫТАНЬНI АДЫХОДЗЯЦЬ НА ДРУГI ПЛЯН. ТАДЫ ДУМАЮЦЬ, АБАРАНЯЮЦЬ, ЗМАГАЮЦЦА ЗА ГАЛОЎНАЕ. I ГЭТАЕ ГАЛОЎНАЕ НIКОЛI НЕ ПРЫНОСIЦЦА Ў АХВЯРУ, НЕ САСТУПАЕЦЦА, НЕ ДЫСКУТУЕЦЦА. ЯНО БЫЛО, ЁСЬЦЬ, БУДЗЕ I ПАВIННА БЫЦЬ, ПАКУЛЬ БУДЗЕМ МЫ, ШТО ВЫРАСЬЛI З ГЭТАЙ ЗЯМЛI.
* * *
Рэжым, якi iснуе на Беларусi, ёсьць унутраная прарасейская акупацыя; улада - аўтарытарная дыктатура; палiтыка - антыбеларуская.

Гэтыя вызначэньнi прыжылiся ў грамадзкай сьвядомасьцi, далi магчымасьць правiльна вызначаць паводзiны i адэкватна адклiкацца на падзеi.

Два гады таму, калi на V-м зьезьдзе БНФ мы прынялi тэзiс пра шырокi Вызвольны Рух, тады мы акрэсьлiлi галоўны крытэрый беларускай вызвольнай апазыцыi. Гэты крытэрый вызначаўся не па дачыненьнях да Лукашэнкi (хаця гэта iстотна), а па адносiнах да Расеi, да яе антыбеларускай iмпэрскай палiтыкi, да iнкарпарацыi i "iнтэграцыi". Бо "Лукашэнка" як палiтычная зьява i як палiтычная асоба "вытворны" ад расейскай палiтыкi.

Пры няправiльным разуменьнi ўзаемасувязяў, прасталiнейная барацьба з дыктатарам магла б прывесьцi да вынiку зусiм нечаканага: да замены яго iншым прарасейскiм стаўленiкам з iмiджам дэмакрата. I тое, чаго з прычыны ўнутраных супярэчнасьцяў Расеi не ўдалося ажыцьцявiць з амбiцыйным i неўраўнаважаным Лукашэнкам, тое магло б адбыцца ў iншым варыянце, зь мяккiм i ляяльным да Масквы намэнклятурным "дэмакратам".

Расейскiя спэцслужбы ў iншых краiнах (i ўвогуле расейская палiтыка) нiколi не абмяжоўвалiся захопам кiраваньня i ўплывам толькi на ўладу. Яны абавязкова iмкнулiся падпарадкваць апазыцыю, альбо нават стварыць сваю альтэрнатыву свайму марыянэткаваму рэжыму. Тады можна было праводзiць "гнуткую" палiтыку, нават зьмяняць рэжымы i асобы, пакiдаючы кантроль над уладай i краiнай...

Я адсочваў тэндэнцыi, мэтады ўплыву на беларускаую апазыцыю, прыёмы змаганьня з Фронтам i за апошнiя два гады пастаянна паведамляў на Сойм БНФ пра вынiкi свайго аналiзу. Надрукаваў на гэтую тэму некалькi артыкулаў, напрыклад "Вызвольны Рух" (у 1997г.) i "Вяртаньне БНР" (у пачатку 1998 г.) дзе пiсаў аб будучым зьяўленьнi ў апазыцыйнай палiтыцы былых паплечнiкаў Лукашэнкi, аб будучым вяртаньнi М. Чыгiра, аб задуме i ролi "Хартыi-97" i iншых iнiцыятывах.


* * *
Незадавальненьне Лукашэнкам у асяроддзi яго паплечнiкаў выявiлася ўжо ў канцы 1996 г., калi стала зразумела, што рыхтуецца аўтарытарная дыктатура. Шэраг незадаволеных, якiя наладзiлi кантакты з Масквой, павiнны былi выйсьцi з ураду перад лiстападаўскiм рэфэрэндумам. Аднак выйшлi толькi двое: А. Сасноў i М. Чыгiр. Астатнiя не рашылiся. В. Лявонаў, якi мог бы стаць лiдарам урадавай групы "нязгодных", прамарудзiў настолькi, што трапiў за краты, i цяпер з горыччу кажа пра сваю "грубую памылку".

Тым часам у Расеi няма палiтычных групаў i асобаў, якiя б не падтрымлiвалi i не паўтаралi б iмпэрскую рыторыку i iмкненьне "iнтэграваць" Беларусь у Расею. Але адносiны да тактыкi i мэханiзму iнкарпарацыi Беларусi ў iх розныя. Iнтэграцыйная прапанова Лукашэнкi стала адной з прыладаў унутрырасейскай барацьбы за ўладу.

Беларускiя намэнклятурныя апазыцыянеры i былыя паплечнiкi Лукашэнкi навязалi якраз кантакты з рэфарматарскай прагматычна-алiгархiчнай часткай маскоўскiх палiтычных колаў.

Гэтыя людзi, таксама як i група Лукашэнкi, глядзяць на Беларусь як на тэрытарыяльна-вытворчае прадпрыемства - прыладу для атрыманьня прыбытка. Лукашэнка прыстасаваў Беларусь для нажывы, прыватызаваўшы ўладу; стварыў асобны прэзыдэнцкi бюджэт, узяў пад мафiёзна-дзяржаўны кантроль мытню, мяжу, фiнансы, банкi, нерухомасьць, прадпрымальнiцкую дзейнасьць, прыродныя рэсурсы i нават кiрмашы i гуманiтарную дапамогу. Апора на ахлакратыю, папулiстычная дэмагогiя i манапалiзацыя СМI забясьпечылi пэўную трываласьць рэжыму, нягледзячы на рэзкае пагаршэньне духоўных i матэрыяльных умоваў жыцьця.

Лукашэнка дзелiцца з рускiмi аднадзельцамi мытняй, мяжой, некаторымi прадпрыемствамi i галiнамi вытворчасьцi, але ў цэлым - захоўвае кантроль над беларускай дзяржаўнай маёмасьцю, спынiўшы прыватызацыю. Рускiя алiгархi i падалiгархi ня маюць шырокага доступу ў зону Лукашэнкi да дзяржаўнай маёмасьцi Беларусi. Памiж iмi йдзе барацьба за "зону", i кожная руская палiтыка-эканамiчная група мае ў гэтым змаганьнi свае iнтарэсы.

У 1994-м годзе рускiя спэцслужбы, камунiсты, ваенна-прамысловы комплекс, мафiя паставiлi на Лукашэнку (i выйгралi). Рускiя "маладыя рэфарматары", прагматыкi (якiя здалi Расею алiгархам) i "падалiгархi" ставяць на беларускiх намэнклятурных апазыцыянераў. У выпадку выйгрышу расейскiх прагматыкаў на беларускiм полi, барацьба за "iнтэграцыю" завершыцца. На Беларусi пачнецца "дэмакратыя" i "прыватызацыя" на расейскi ўзор. Рускiя алiгархi i палiтычныя кашалькi атрымаюць свабодны эканамiчны i фiнансавы доступ "у зону", доступ да беларускай маёмасьцi, якi закончыцца скупкай Беларусi.

На Беларусi адбываецца ня проста палiтычная барацьба за ўладу, але барацьба за ўладу над Беларусьсю памiж Расеяй i незалежнiцкiмi сiламi нашай краiны. Адсюль i палiтычная раскладка сiлаў, якая вызначаецца (тут я iзноў мушу паўтарыць) не адносiнамi да Лукашэнкi, а да Расеi, да расейскай iмпэрскай палiтыкi.

У гэтай сiтуацыi БЕЛАРУСКI ВЫЗВОЛЬНЫ РУХ ЗМАГАЕЦЦА З ДЫКТАТУРАЙ I ВЫТУПАЕ СУПРАЦЬ УСЯЛЯКIХ САЮЗАЎ I СУПОЛЬНЫХ СПРАВАЎ З РАСЕЯЙ...


* * *
Цяпер, калi ў Беларусi поўнасьцю перастала iснаваць легiтымная ўлада, першачарговае значэньне набываюць наступныя чыньнiкi: наяўнасьць альтэрнатыўных рэжыму структураў улады, наяўнасьць арганiзаванай грамадзкай сiлы i наяўнасьць канцэптуальнай палiтыкi (пляну) лiквiдацыi дыктатуры. Калi гэтага няма, то няма й выбару. Застаецца толькi рэжым i яго ўлада.

У такiх варунках пратэстацыйныя акцыi бяз пляну, без апоры на структуры, на аўтарытэты, бяз стаўкi на вынiк, на канкрэтную канчатковую мэту i прадуманую палiтыку ёсьць малаэфэктыўныя i стамляюць актыўных людзей. Тым больш, што вялiкая частка беларусаў застаецца назiральнiкамi.

Тое, што да сканчэньня прэзыдэнцкага трэмiну Лукашэнкi вызвольныя сiлы прышлi непадрыхтаванымi, я канстатую цяпер зь вялiкай горыччу, бо, пачынаючы з сярэдзiны 1997 года, я пастаянна (амаль на кожным Сойме) настойваў на правядзеньнi канцэптуальнай палiтыкi i падрыхтоўцы да 20 лiпеня 1999г. Былi прапанаваны i запачаткаваныя канцэптуальныя акцыi "Грамадзянства БНР" i "Адстаўка" (маецца на ўвазе збор подпiсаў за адстаўку Лукашэнкi), а таксама стварэньне страйкамаў i падрыхтоўка ўсеагульных страйкаў. Усё гэта, (асаблiва "Грамадзянства БНР") павiнна было паслужыць грунтам для стварэньня Грамадзянскага Парляманту Беларусi, Часовага Ураду i iншых структураў.

Мiнула два гады - праца ня зроблена. На сёньняшнi дзень мы ня маем нiчога, што павiнны былi мець. Ня маем нават такога магчымага для нас аргуманту, як падпiсаў за адстаўку дыктатара Лукашэнкi, i на перамовы зь iм (калi яны адбудуцца) вымушаны будзем iсьцi з пустымi рукамi. Тое, пра што перасьцерагалася, тое i атрымалася. Вось цана канфармiзму, неканструктыўных спрэчак i тармажэньня працы.

Якой мусiць быць наша палiтыка на блiжэйшыя два гады i ў блiжэйшы час?

ВА ЎМОВАХ ПАСТАЯННАЙ ПАГРОЗЫ IНКАРПАРАЦЫI I СТРАТЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦI МЫ ПАВIННЫ ПРЫКЛАСЬЦI НАМАГАНЬНI, КАБ АПАЗЫЦЫЙНЫЯ АРГАНIЗАЦЫI I АСОБЫ (У ТЫМ ЛIКУ НАМЭНКЛЯТУРНЫЯ) СТАЛI НА ГРУНТ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЬЦI I НАЦЫЯНАЛЬНАЙ IДЭI I ВЫЗНАЧЫЛI СВАЮ ПАЗЫЦЫЮ АДНОСНА IМПЭРСКАЙ ПАЛIТЫКI РАСЕI I ДАЧЫНЬНЯЎ З МАСКВОЙ. ГЭТА АСНОВА САЛIДАРНАСЬЦI I СУМЕСНЫХ ДЗЕЯНЬНЯЎ.

Мы мусiм падтрымлiваць усе iнiцыятывы, думкi i справы, накiраваныя супраць дыктатарскага рэжыму i iнтэграцыйнай палiтыкi i дбаць пра шырыню Вызвольнага Руху.

З сiтуацыi вынiкае, што ў выпадку прапановы, нягледзячы на складанае становiшча, Народны Фронт павiнен будзе ўдзельнiчаць у перамовах з рэжымам Лукашэнкi i пачаць працэс перамоваў. Але адначасна мы павiнны будзем хутка мабiлiзаваць нашыя магчымасьцi на iнтэнсiўную працу i на накапленьне сiлы. Перш за ўсё - на стварэньне Грамадзянскага Парляманту Беларусi, на зьбiраньне падпiсаў за адхiленьне Лукашэнкi ад улады i за неадкладнае правядзеньне парляманцкiх выбараў па новым мажарытарна-прапарцыйным выбарчым законе. (Праект Закона даўно падрыхтаваны Фронтам). Калi мы гэтага цяпер ня зробiм, то бяз сiлы i заплечча перамаўляць з Лукашэнкам ня будзе пра што.

Трэба ўлiчыць, што дыктатар неахвотна пойдзе на перамовы з сваiмi былымi саўдзельнiкамi, якiх некалi выгнаў. Фронт мусiць быць галоўнай сiлай на перамовах.

Трэба ўлiчыць калiзii: па якому закону праводзiць парляманцкiя выбары, якi орган павiнен прыняць новы Закон аб выбарах i г.д.

У гэтай сiтуацыi (паўтараю) вельмi неабходна будзе iснаваньне Грамадзянскага Парляманту. Грамадзянскi Парлямант Беларусi (якi выбiраецца, вылучэньнем i шляхам збору квоты подпiсаў) павiнен мець прыкметы легiтымнасьцi. Яго задачы: прыняць новы Закон аб выбарах у парлямант, стварыць Грамадзянскi Часовы Ўрад i правесьцi выбары. Нам неабходна такая прадстаўнiчая структура, каб грамадзтва ня трапiла ў патавую сiтуацыю, у безгалоўе, ня стала закладнiкам хранiчнай нямогласьцi групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Iснаваньне Грамадзянскага Парляманту можа дапамагчы стварыць грамадзкае рэчышча дзейнасьцi на шляху пераменаў, адкрывае магчымсьцi грамдзкага манэўру, можа паўплываць на Вярхоўны Савет, замянiць цi падтрымаць яго, у залежнасьцi ад абставiнаў i пазыцыяў...


* * *
Неабходна таксама прыняць зварот да краiнаў НАТО, i найперш - да Злучаных Штатаў Амэрыкi i Вялiкабрытанii, якiя сем гадоў таму абавязалiся выступiць гарантам нашай незалежнасьцi ў замен за адмову ад ядзернай зброi. Расея сваёй "iнтэграцыйнай" палiтыкай (а на самай справе - вялiкаiмпэрскай палiтыкай) пагражае нашай незалежнасьцi i адкрыта пра гэта гаворыць. Самы час i нам адкрыта нагадаць заходнiм краiнам пра нашае спадзяваньне на абяцаную гарантыю. Захад, якi фактычна ўтрымлiвае Расею, мае шмат рычагоў, каб уплываць на яе палiтыку ў дачыненьнi да Беларусi...
* * *
Галоўны ляйтматыў нашай палiтыкi за мяжой у 1996-97 гг. - дамагчыся непрызнаньня Захадам рэжыму Лукашэнкi.

Галоўны матыў у 1998-99 гг. - дамагчыся гарантыяў Захаду для суверэнiтэту i незалежнасьцi Беларусi.



Мы мусiм памятаць, што на верасень гэтага года (а можа - й раней) расейцы i Лукашэнка плянуюць заключыць чарговы антызаконны пакт аб iнкарпарацыi Беларусi ў Расею. Мы павiнны не дапусьцiць гэтай змовы i прыкласьцi ўсе намаганьнi, каб прадухiлiць наступ расейскага iмпэрыялiзму.
31 лiпеня 1999г.

Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка