Вітаўт мартыненка




Дата канвертавання01.05.2016
Памер193.42 Kb.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА – паэт, празаік, журналіст, перакладчык. Нарадзіўся ў Менску ў 1959 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце (1982). Першую сваю кнігу (на пару з сябрам Анатолем Мяльгуем) выдаў у ЗША («Праз рок-прызму», New York, 1989, «BINiM»). Акрамя таго на ягоным рахунку поўнае выданьне на беларускай мове раману Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» (Мн., 2002, выдавецтва «Медысонт», у 2003-м асобным выданьнем выйшла аўтарская прадмова В.М. да тае кнігі – «Свой сярод чужых/Кантэксты беларускага перакладу раману Генрыка Сянкевіча»), а таксама яшчэ адна кніга на пару з А. Мяльгуем – «222 альбомы беларускага року», Мн. , 2006, «Медысонт» (па выніках года гэты фаліянт атрымаў узнагароду на так званай нацыянальнай прэміі Ґрэммі – «Рок-Каранацыя»).

Песьні на вершы Вітаўта Мартыненкі сьпяваюць многія зоркі беларускага року («P.L.A.N.», «Tesaúrus», «Deadmarsh», «Neuro Dubel»), а зь ягонымі перакладамі ўдалося наладзіць сувязі й з рок-зоркамі Украіны («Тінь Сонця», «De Shifer», «Мандри»).

Паэтычныя й празаічныя творы Вітаўта Мартыненкі перакладаліся на польскую ды анґельскую мовы.

Яшчэ падрыхтаваны да выданьня зборнік Вітаўта Мартыненкі «Прадмовы й пасьляслоўі», куды ўваходзяць канцэптуальныя ўводныя тэксты аўтара да лепшых музычных альбомаў апошняга часу.

Дадзеная падборка фантастыкі прапаноўвае тры фраґмэнты чарговай аўтарскай кнігі прозы й паэзіі «Пошукі ідыліі», якая з 1996 году стаіць у тэмплянах дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура»…

Кантакты: 220137, Мінск, 1-ы завулак Несцерава, 1/3, тэл. (017) 243 59 27, E-mail: vmartynenka@gmail.com

_____________________________________________________________________________________________

камэнтары камэнтары камэнтары камэнтары камэнтары камэнтары камэнта


Што? Дзе? Калі?

Апавяданьні

Апошні чалавек плянэты – напісана 16 ліпеня 1980 году (16.07.80). Друкуецца паводле першай публікацыі (ґазэта «Чырвоная зьмена» №170, Мн., 3 верасьня 1987 году; 03.09.87).

Забойства сьнежнага чалавека – гэта фантастычна-публіцыстычная пародыя на папулярныя ў савецкім друку сэнсацыйныя рэпартажы друкавалася ў «Чырвонай зьмене» №207, Мн., 25 кастрычніка 1989 году (25.10.89), для якое напярэдадні й пісалася. Тэкст утрымлівае сапраўдныя фраґмэнты спарадыраваных публікацывяў маскоўскіх ґазэтаў «Труд» і «Комсомольская правда» за той час.

Адкрыты шлях – напісана 2 – 4 траўня 1988 году. Адна з апошніх публікацыяў адбылася ў студэнцкім часопісе «Асьпірынавы матузок» №5, Менск, студзень, 2007. Тут гэты тэкст друкуецца паводле першае публікацыі (ґазэта «Чырвоная зьмена» №244-245, Мн., 22 сьнежня 1990 году).
Вітаўт Мартыненка

Апошні чалавек плянэты
Калі Ноэр прачнуўся раніцою, яго зноў ахапіла журба — ён застаўся адзін. Зусім адзін… у цяжкой хваробе, што дарэшты скавала яго.

Хто б мог падумаць, што яго гэтак джагне: паветра ж, якім ён дыхаў, было ідэальна кандыцыянаванае, ежа — гранічна стэрыльная… Ён ведаў усё, што дзе адбываецца. Дый што казаць — ані ў чым Ноэр не адчуваў нястачы. Аднак — у сорак гадоў стаць лядачым старым! Як здарыцца такое магло ў нашым трыццатым стагодзьдзі?

А яшчэ гэтыя ўчорашнія навіны: недзе за тысячы кілямэтраў адсюль, як перадаў мадуляваны тэледыктар, сканаў перадапошні чалавек. Ён памёр ад немачы, ад фізычнае друзласьці, забясьпечаны ўсім дарэшты, не пакінуўшы па сабе аніякіх нашчадкаў.

I вось застаўся апошні — Ноэр, які ўжо даўно не падымаўся з пасьцелі. Калісьці ён проста ленаваўся ўставаць, не адчуваючы ў гэтым асаблівае патрэбы, а потым параліч прыкаваў яго да ложка.

Ноэр прадбачыў ужо хуткі канец, але й сам ня мог уцяміць: чакаў яго ці баяўся.

Працягнуўшы слабую руку да тэнкаса*, ён без ахвоты ўсьцягнуў яго на галаву.

«Ну,— падумаў пасьля таго,— досыць спаць. Сяду, пагледжу тэлевізар».

У тое ж імгненьне ложак пад ім плаўна склаўся — і Ноэр апынуўся ва ўтульнай фатэлі, шэрая сьцяна насупраць якой засьвяцілася вясёлкавым зіхценьнем.



  • Якую-кольвек з эўрапэйскіх тэлепраґрам, — пажадаў саракагадовы стары. У куце сьцяны-экрана замігцела благітная лямпачка з сыгналам «Удакладніць».

— О, гэтая праклятая дапатопная старызна. Даўно трэ было замяніць яе на больш дасканалы тэлекомплекс. Нават праґраму самастойна выбраць для мяне ня здольная, трэба ж… Але, такой бяды… Э-829, з сынхронным перакладам, зразумела.

Быў нейкі мастацкі фільм. Са старых: пра людзей, пра ўзаемаадносіны паміж імі… I жылі ж раней людзі: з клопатамі, з хваляваньнямі й радасьцямі сваймі. У нягодах чакалі шчасьця і… адчувалі яго!.. А гэта зусім ня тое, калі адчуваеш толькі патрэбы, якія тут жа аўтаматычна задавальняюцца.

Ноэр пажадаў сьнеданьня — і яно падкаціла на зґрабным старадаўнім аўтастоліку з электронным кантролем тэмпэратуры. Вочы хворага заблішчэлі радаснаю ўсьмешкаю, калі ён убачыў сярод страваў вельмі даўні празрысты напой, якога не адважыўся й пажадаць.

Пасьля сьнеданьня яму стала лепей. Дакладней, ён ня так востра стаў адчуваць жыцьцё, у напаўдрымоце пазіраючы на экран. Бліжэй да поўдня — Ноэр ведаў гэта — па праґраме Эўропа-829 трансьлявалі сусьветны выпуск навінаў Гэта быў адзін з найлепшых у Сусьвеце інфармацыйных выпускаў і Ноэр амаль ніколі не мінаў яго. Вось ізноў на экране зьявіўся знаёмы дыктар.



  • Добра дзень! — бадзёра павітаўся ён. — Э-829 у этэры. Інфармацыя па Ґаляктыцы…

  • Прывітаньне, прывітаньне, няісны чалавек! — напаўжартам адказаў стары, а дыктар тым часам працягваў, камэнтуючы дакумэнтальныя кадры:

  • На адным са спадарожнікаў Арыёна працягвае працу навукова-дасьледчая экспэдыцыя робатаў. Адшуканы мінэралы, якія ўтрымліваюць невядомыя раней элемэнты пэрыядычнае сыстэмы. Яны, мяркуецца, знойдуць выкарыстаньне ў будаўніцтве звышсьветлахуткасных касьмічных ляйнэраў…

  • У нас на Зямлі на Паўночным полюсе пасышхова праведзеныя выпрабаваньні новае сэрыі самакіроўных робатаў… I яшчэ адно паведамленьне: на нашай плянэце ў перадсьмяротным стане знаходзіцца апошні прадстаўнік натуралёвага чалавечага роду. Роду, які быў папярэднікам разумовых робатаў. Найвялікшай недасканаласьцю тых натуралёвых істотаў была заўсёдная патрэба ў фізычных нагрузках, у якіх бы тое ні было рухах, чаго пазбавіла іх вынайдзеная імі ж тэхніка. Да самакансэрвацыі яны былі няздольныя. Пажыцьцёвы адпачынак гэтага апошняга чалавека прывёў яго да цяжкой хваробы, і, калі меркаваць паводле папярэдняга такога выпадку, хутка трэба чакаць вечнага…

Ноэр злосна скрыгатнуў зубамі ды закрычаў:

— Заторкніся ты, брыдота! Пакуль яшчэ жывы я. Жывая мая плоць і кроў… ня тое што ты: хоць і маеш аблічча чалавека ды балбочаш складна, але ж нічога за табой няма, апрача пляскатага тэлеадлюстраваньня. Прынамсі, з гэтае прычыны ня маеш аніякага права балбатаць пра мяне гэткім тонам у маёй прысутнасьці. Прэч! Прэч! А-006, хутчэй! А-006!

Нябога й без таго нэрваваўся, а тут яшчэ са скрухаю заўважыў як па-здрадніцку замігцеў «удакладняльнік».

— О Божа! Ну хоць Аўстралію. А-006.

…Пасьля абеду Ноэр вырашыў трошкі паспаць дзесьці ў садку, пад шатамі вішняў. Надта стамляўся ён ад свайго бязьдзейнага жыцьця, але ўжо анічога ня мог зьмяніць. Заставалася толькі пажадаць адлюстраваньня зялёнага саду, водару квітучых вішань і — недахоп чаго адчуў ён неўзабаве — шчабятаньня птушак ды шапаценьня лістоты.

Яму нешта сьнілося. Нешта добрае. Былое. I ён у сьне — дзякаваць Богу, што быў зьняты тэнкас, — падумаў што было б лепей увогуле не прачнуцца. А прачнуўшыся, усё ж не наважыўся пажадаць сабе вечнага сну. Дарэчы, ён ужо даўна спаў без тэнкаса, бо памятаў старую гісторыю свайго дзеда. Той заснуў з тэнкасам і ўбачыў у сьне сябе маладым з прыгожай дзяўчынаю на беразе дзівоснага возера. I ў сьне ж ён пажадаў яе. Прачынаецца — яна тут, а ён… Ну што мог зрабіць з гарачай дзяўчынаю бедны стары, якому тады было пад семдзесят гадоў? Дзяўчына пасьмяялася зь яго й зьнікла.

Ноэр састарэў раней — у сорак. Але яму вельмі хацелася жыць. Прага жыцьця заўсёды моцна трымаецца ў чалавечай душы, якім бы агідным ні здавалася яму гэтае жыцьцё. I Ноэр жыў, апошні на Зямлі чалавек, адзін… перад абліччам сьмерці, як паведамляе ўсёведная тэлевізія. Так, сапраўды, адчуваў сябе Ноэр цяжка. Ён надзеў тэнкас і пажадаў наразіць сябе мэдычнаму дасьледаваньню.

— Што можна зрабіць, каб палепшыць мой стан? — запытаўся ён дрыготкім голасам, які выклікаў толькі пачуцьцё жалю й спагады.

Бязьлітасная машына анічога не адказвала: што можна зрабіць з азызлым ужо целам? Гэта ж ня робат, якому без праблемаў упаяеш новую дэталь, а то й цэлы больш мадэрновы вузел. А тут проста ў свой час ня трэба было дапушчаць драхленьня, і тым самым можна было падоўжыць уласны век. Цяпер, аднак, позна: аніякі цуд тэхнікі не дапаможа. Тым больш такой недасканалае сыстэме, як чалавек.

Ноэр зразумеў маўчаньне машыны. Так, дні ягоныя — а магчыма й гадзіны — зьлічаныя. Што ж, мусіць, праўду казала Э-829, і стары дарэмна яе аблаяў

«Няварта было злавацца», — падумаў ён і захацеў зноў глядзець Э-829.

…На экране працавалі землякопы, будаўнікі (робаты, зразумела), потым выступаў музычны ансамбль (робатаў, вядома), пасьля дэманстравалі мастацкі фільм (пра людзей, але ролі выконвалі робаты, нясумненна). Праґрама, як заўсёды, была найвыдатнейшая: усёабдымная, апэратыўная, дакладная. I Ноэр вырашыў лавіць апошнія задавальненьні жыцьця: ён жадаў і адразу атрымліваў улюбёную музыку, тонкія на смак стравы, зручную паставу ў крэсьле, мадуляцыю задушэўнай размовы па тэлефоне з чалавекам… нават з жанчынаю… Усё было падуладнае ягоным жаданьням — любыя ілюзіі…

Апоўначы Э-829 перадавала чарговы выпуск апэратыўнае інфармацыі.


  • На далёкіх шляхах Сусьвету, — гаварыў знаёмы дыктар, — зьявіўся неапазнаны аб'ект, які рухаецца ў напрамку нашае Ґаляктыкі. Без замаруджваньня была выслана экспэдыцыя зь Зямлі, каб папярэдзіць сутыкненьне паблізу нашых зонаў. Паведамляюць, што праца йдзе згодна з намечаным плянам…

  • Толькі што апошні ЧАЛАВЕК, які заставаўся на Зямлі, сканаў, адчуваючы жахлівыя пакуты. Гэта былі ня толькі фізычныя болі, але й пакуты сумленьня: ЧАЛАВЕК памёр ад неверагоднае друзласьці, прычынамі якое, як мы паведамлялі ўжо,— лянота і бязьдзеяньне. Спрыяла гэтаму імкненьне перакласьці ўсе клопаты на плечы машын. Машыны ж цяпер абавязаныя ўсьвядоміць: жыцьцё ім дала праца. Ці здолеюць яны ўтрымаць панаваньне ды ў сваім разьвіцьці папярэдзіць небясьпеку, што напаткала ЧАЛАВЕКА?..

  • На Паўднёвым полюсе Зямлі завод-аўтамат завяршыў будаўніцтва звышдалёкай міжсусьветнае ракеты баявога прызначэньня. Будзем штурмаваць новыя абсягі…

А цяпер паглядзеце мастацкі фільм «Чалавечая камэдыя»…

______________________________________________________________________________

* Тэнкас — шалом, які празь біятокі перадае на пульт сыгналы мозґу.
Вітаўт Мартыненка

Забойства сьнежнага чалавека
Мінулаю суботай у рэдакцыю нашае ґазэты недзе паабедзе затэлефанаваў невядомы ды паведаміў, што ён з Валожына, што ў іх намячаўся экалягічны мітынґ, але ўлады забаранілі яго правядзеньне, а папярэдзіць праз раённую ґазэту таксама не далі. Выглядала, што штучна ствараюцца ўмовы несанкцыянаванае, незаконнае сходкі.

— Дык прыяжджайце сёньня да сямі вечара, — даносілася з тэлефоннае слухаўкі.

Хацелася яшчэ даведацца пра дакладную адрэсу мітынґу, але ў слухаўцы раптам пачуліся гудкі. I нікому ж не ператэлефануеш. Што рабіць? Я пазваніў знаёмаму фотакору Алесю Гімалайскаму, каб параіцца.

Ледзь пачуўшы пра несанкцыянаваны мітынґ, ён захапіўся:



  • Едзьма!

  • Чакай ты, — кажу. — А раптам гэта «качка». Памятаеш жа, як нехта паклікаў нас на сэанс аздараўленчага гіпнозу: мы, як дурні, праз увесь вечар ламаліся ў чужыя кватэры, шукаючы гіпнатызэра, пакуль нас не здалі ў міліцыю.

  • Падумаеш, разок памыліліся, — запярэчыў Алесь. — Але журналіст мусіць быць усюды, каб убачыць хоць нешта. А тут самое плыве.

Арґумэнты падзейнічалі. I ці ж ведалі мы, што да нас плыве?!

  • А машына ў цябе на хадзе? — папытаўся я.

  • Ол-райт, — адказаў ён. — Толькі што з рамонту.

Карацей кажучы, пад канец працоўнага дня ягоны «масквічок» ужо сыгналіў ля пад'езда рэдакцыі. Алесь прысьпешваў мяне: маўляў, што ты корпаесься, гадзіны паўтары толькі засталося, а трэба ж адмахаць з сотню кілямэтраў, ды пашукаць там давядзецца, пэўна… ды яшчэ акумулятар у фотабліскавіцы падсілкаваць.

  • Дык як гэта ты зьбіраўся, — кажу. — Ня мог загадзя падсілкаваць?

  • Не хвалюйся. Гэта раз плюнуць: у кожнае кавярні знойдзем разэтку ды ціхмяна пазычым троху электрасілы.

Чытач, мабыць, палічыць за лішняе ўсе гэтыя падрабязнасьці, але, далібог, мне ўжо цяжка асэнсаваць сёньня, што тут галоўнае, што дробязнае. Хто б мог падумаць, што, выпраўляючыся, здаецца, у звычайную камандыроўку, мы патрапім у такое, ад чаго й цяпер валасы стаюць дыба.

Алесь — клясовы кіроўца. Яшчэ перад журфакам працаваў выпрабавальнікам на Менскім аўтазаводзе, і за плячыма была не адна тысяча зухаватых кілямэтраў. Дый увогуле — машына ў ягоных рукох як цацка. Гэты самы «масквічок» купіў дабіты й сьпісаны ў лазенна-пральным аб'яднаньні за некалькі соцень і сваймі рукамі давёў яго да такога шыку і порсткасьці, што я зусім ня зьдзівіўся, калі на збочу дарогі яшчэ дзесьці а палове на сёмую ўбачыў паказальнік: «Валожын, 7 км».

Мы несьліся кілямэтраў 80-100 на гадзіну, а ў навакольлі паволі набрынялі прыцемкі.


  • Не гані ўжо так, — казаў я, — а то пасьпеем, ды не туды.

  • Нармалёва, Ягайла, не хвалюйся, — аджартаваўся ён, зьвяртаючыся да мяне па мянушцы, якую сам і прыдумаў Я нешта яшчэ гаварыў у адказ, захапляючыся, як лёгка ён вядзе машыну, і раптам заўважыў як нечакана ашклянеў сябраў позірк, увесь ён нахіліўся наперад, да стырна, і, не адказваючы на нейкае маё пытаньне, зрабіў якісьці дзіўны сіпаты ды глыбокі ўдых.

  • Што з табою, Алесь? Можа, кепска? Спыні машыну, пастаімо, — занепакоіўся я.

Ён маўчаў ды раптам дадаў ґазу, тым часам як рукі ягоныя зваліліся з стырна.

Яшчэ не ўсьведамляючы, што ён страціў прытомнасьць (і тым больш ня ведаючы, ад чаго), я ўхапіўся за стырно, бо нас пачало зносіць на сустрэчную паласу, дзякуй Богу, пустую. Хацеў дацягнуцца да пэдалі тормазу ці хоць скінуць ягоную нагу з «ґазу», але замінаў рэмень бясьпекі.

Алесеву нагу з пэдалі я ўсё ж неяк даў рады скінуць ды яшчэ корпаўся з стырном у зусім нязручнай паставе. Але раптам нас моцна страсянула, крутанула бокам, і машына замерла пасярод шашы.

«Няўжо мы з кімсьці сутыкнуліся? — жахнуўся я. — А можа, зьбілі каго? I я ж, лічы, за стырном быў…»

У вакне аніякае сустрэчнае машыны не было відаць, толькі сьпераду, над пагнутым капотам, тырчэла нешта белае, зусім не падобнае да чалавека.

«А можа, проста якуюсьці засьцерагальную агароджу зьбілі? Дай Бог!» — круціліся ў галаве думкі. Я крыху супакоіўся, але з машыны выходзіць было страшнавата. Ды ня цемры ці незнаёмых мясьцінаў баяўся, а таго, што мог убачыць там, звонку. Таго, што мы ўтварылі.

Вырашыў раскатурхаць Алеся.

Адшпіліў ягоны й свой рэмні бясьпекі ды паспрабаваў патрэсьці яго — безвынікова. Папляскаў далоньню па шчацэ — тое самае. Каб хоця нашатырныя кроплі былі…

Раптам згадаў пра продзамову, якую прасіла купіць маці (акурат сёньня давалі ў рэдакцыйным буфэце). Туды разам з каваю ды пачкам масла ўваходзіў, як зазвычай, леташні таматны сок, які ўжо расслаіўся на некалькі паверхаў. Я адкаркаваў бутэльку і паднёс Алесю да носа. Ён празь імгненьне заварушыўся, нешта замармытаў а потым ужо больш выразна вымавіў:


  • Фу, што за паскудства ты мне тут сунеш?

  • Ну, дзякуй Богу, жывы. А гэта — таматны сок з замовы сёньняшняй.

  • Выкінь, а то я зноў дуба дам. Ну і дрэнь ты замаўляеш у сваім блятным буфэце.

  • Ты хоць не выдурняйся, сам ведаеш, што замовы не замаўляюць, а прэдастаўляют. Добра, хоць такую, атож дзе б я нашатыру для цябе тут ўзяў…

Аднак, Алесь перапыніў мяне:

— Стой… А што гэта з намі здарылася?.. Чакай, чакай, прыгадваю… Дзе гэтая малпа?

Я зьдзівіўся:


  • Якая малпа?

  • Ды нейкая вялізная, шэра-белая. Бр-р-р! Жах! — схамянуўся ён, але тут жа заўважыў праз лабавую шыбу згарбачаны капот свайго «Масквіча». — Няўжо зьбілі? Вылазь!

Я ўсё ніяк ня мог скеміць, каго мы зьбілі, адкуль у валожынскім лесе малпы, але сьледам за Алесем пачаў выбірацца з машыны.

Апынуўшыся на волі ды агледзеўшы месца здарэньня, я ледзь ня даў гэтаксама дуба, як Алесь за стырном: упоперак дарогі, на ўсю ейную шырыню, ляжала цела нейкае малпападобнае істоты, памеры якое проста наводзілі сутаргі на сківіцы, даводзячы да нематы. Я ніколі ня бачыў гэткіх малпаў. Выходзіць, тое, што я прыняў за агароджу, тырчэлую над капотам, было толькі ступаком гэтае істоты. Алесь пайшоў у той бок, дзе мусіла б ляжаць галава істоты. Я подбегам пасьпеў дагнаць яго яшчэ на палове шляху. Разам мы падыйшлі да галавы. Твар істоты, у нашых уяўленьнях, да брыдкасьці агідны сам па сабе, быў аплюгаўлены жахлівым вышчурам вялікіх жоўтых зубоў. А велічыня гэтых зубоў — ого-го! Стала б на добры сталовы сэрвіз з натуралёвае косткі для трыццаці дзьвюх пэрсонаў.

Вочы былі заплюшчаныя.


  • Слухай, — раптам вымавіў Алесь, — ты чытаў «Комсомольскую правду» за 9 кастрычніка?

  • Не выпісваю, бо па-расейску ня надта добра разумею, — адказаў я. — А што?

  • Ды там… Карацей кажучы… Сьнежнага чалавека недзе на Саратаўшчыне спаймалі. I фота — акурат гэтага.

  • Але ж спаймалі.

  • Спаймалі, ды ўцёк. Прычым ня «качка»: нейкі навуковец пісаў, крыптазаоляґ.

Мне ніяк ня верылася ні ў якага Сьнежнага чалавека, але ж тое, што было перад намі, — нейкі неверагодны факт. I я казаў Алесю:

— Бяжы па фотаапарат…

Ён ірвануўся быў да машыны ды раптам разьвёў рукамі:


  • Але ж акумулятар?

  • Эх, хаўтуршчык. Казаў табе. Хто нам цяпер паверыць? Трэба хоць пазваніць куды.

  • У Акадэмію навук…

  • Каго ты там засьпееш такою парою?

  • Я паспрабую, — сказаў Алесь і пабег да тэлефона.

Відаць, у яго анічога так і не атрымалася, бо на маё пытаньне «Як там?» ён кінуў безнадзейнае:

  • Ат, нікога. Я нават у міліцыю па 02 тэлефанаваў — нікога.

  • Во даўмеўся — у міліцыю. Закласьціся хацеў? Добра, што няма нікога. Яны ж усе, відаць, на тым несанкцыянаваным мітынґу, нефармалаў ганяюць. Звані ў «Хуткую дапамогу», 03. Гэтыя заўсёды на месцы сядзяць.

Пакуль мы чакалі, калі хто пад'едзе, з жахам паглядаючы на Еты, я ўсё ж намовіў Алеся паспрабаваць зрабіць хоць які здымак. Ён адказаў:

— Цямрэча ўжо. Але, можа, хоць на раз хопіць тае бліскавіцы без акумулятара. Ляпну — губляць жа няма чаго.

У імгненьне маланкавага сьвятла, якое вырвала зь цемры гэтую карціну, я ўбачыў, што сухое палатно шашы пакрываецца вакол гуманоіда дробненькімі ручаінкамі.


  • Ён падтае́, — з жахам вымавіў я. — Ні «хуткая дапамога» не пасьпее, ні людзі больш ня ўбачаць Еты.

  • Але фатаґрафаваць ужо няма як. Ёк.

Я хацеў вылаяцца на Алеся, але тут пачуў з боку галавы гуманоіда нейкі хрып. Падбег бліжэй, запытаўся:

— Вам кепска? Вы мяне разумееце?

Як ні дзіўна, пачуў адказ на чыстай беларускай мове:


  • Нарэшце хоць спакой будзе, — ягоны нейкі вантробны голас-рык прабіраў да глыбіні душы. — Заганялі: то ў тайзе ловяць, то на Саратаўшчыне, то ў Гімалаях…

  • Што? — запытаўся Алесь Гімалайскі. — Ён нешта пра мяне казаў? Гэта ж ня я зьбіў яго.

  • Ды ціха ты, — спыніў я калеґу.— Дай паслухаць: можа, гэта апошнія ягоныя словы, — і з увагаю павярнуўся да Еты. — Мы можам вам чымсьці дапамагчы?

  • Журналісты? — прахрыпеў ён.

  • Так.

  • Пісалі ў «Камсамолку»?

Мяне зьдзівіла ягоная зацікаўленасьць, ягоная ар'ентацыя ў надзённых падзеях, чаго цяжка было чакаць ад малпы (якою я мімаволі й лічыў яго да таго часу), але адказаў:

— Так, даводзілася, але…

Хацеў адказаць, што пішаш адно, а чытаеш потым другое, ды не пасьпеў дагаварыць, атрымаўшы магутную ледзяную аплявуху мокраю ад падтаваньня рукою па левай шчацэ. Ледзь утрымаўся на кукішках і выгукнуў:


  • За што?

  • За журналістыку вашую: калі краіна ймкнецца да праўды, вы ўсялякіх гуманоідаў ды іншаплянэтнікаў шукаеце. Абы наклад вырваць, хоць брахнёю…

  • А ты хто, казёл? — не ўтрымаўся я. Але ён ужо зноў ляжаў нерухома, пускаючы ўсё большыя ручаіны ад разьмяклага пад плюсавой тэмпэратураю цела.

Відаць, ягонае сэрца, калі яно было, разганяла па целе ня кроў, а нейкую халадзільную вадкасьць. Зьбіўшы Еты, мы не маглі ведаць, як спыніць ягонае раставаньне.

Пакуль пад'ехала «Хуткая дапамога», ног і рук ужо амаль не было — тонкімі ручаінамі яны сьцяклі ў канаву. Больш-менш захаваліся толькі тулава ды галава.



  • Што ў вас тут? — запытаўся доктар, які выйшаў зь бел-чырвона-белага «РАФіка».

  • Ды вось — Сьнежны чалавек. Мы яго зьбілі, — адказаў Алесь.

  • Што? — зьдзівіўся доктар. А потым ухмыльнуўся й дадаў: — Та-ак. Самі, кажаце, зьляпілі?

  • Ды што вы зьдзекуецеся! — умяшаўся я. — Ён толькі што размаўляў.

Ухмыляючыся, доктар падыйшоў да падталае галавы, нахіліўся ды тыцнуў пальцам у вока. Абдало моцным холадам, і ён няўцямна глядзеў на абмарожаны пасярод восені палец.

— Сапраўды сьнежны. Але хіба ўжо быў сьнег?

Мне не давялося адказаць, бо жоўтыя зубы заскрыгаталі, і да нас выразна дайшлі гукі вантробнага голасу:

— Вы што, звар'яцелі? Балюча ж. Доктар, называецца. Ляпі цяпер новае вока.

Доктар захістаўся ў непрытомнасьці ды, валячыся, зьбіў мяне, а я ўжо ўпаў на гэтую груду ледзяшоў, і мяне званітавала. Відаць, страціў прытомнасьць, бо нічога болей ня памятаю. Ачомаўся ў шпіталі, адкуль і вяду гэты рэпартаж. Алесь казаў, што адзін здымак атрымаўся няблага, але ён у рэдакцыі, і я ўбачу яго толькі ў ґазэце, надрукаваным разам з маім рэпартажам… Бр-р!

Вітаўт Мартыненка

Адкрыты шлях
Ахвярую Тацьцяне Ермаковіч

Яму жадалася сьвету, праўды, брацтва, дабра,

і ягонае шчырае сэрца, ірвучыся на прастор,

знаходзіла спачын там…

У. Галубок «Апошняе спатканьне».

Ікар узьвіўся ў неба высока-высока.

Дыхаць стала лёгка. Зрок ахапіў неабсяжныя прасторы. А багна, што яшчэ нядаўна цягнула яго долу, драбнела пад позіркам адсюль.

Між тым Ікар імкнуўся ўзьняцца ў такія вышыні не па тое, каб адно кінуць усіх.

Але што ж атрымалася? Усе, зь кім быў Ікар, засталіся там, унізе, не адгукнуліся на ягоны покліч. А ўверсе, куды ён імкнуўся,— хто яго там чакаў?

Штучныя крылы ўжо аслабілі цягліцы, бо штучныя — не свае: не крылы цябе нясуць, а сам ты нясеш і сябе, і крылы. I таму Ікар слабне, адтуль жа, зьверху, аніхто — ясна — не падасць яму рукі.

Там нікога няма.

«Нікога? — дзівіўся Ікар з сваіх думак. — Але нікога — гэта не нічога. Бо ёсць там воля…»

Шкада, што Ікару давялося выправіцца адному Вось цяпер ён яшчэ трымаецца на вышыні дзякуючы вольнаму пляніраваньню. Але пляніраваньне раўнаважнае спаду Да таго ж — яшчэ хвіліна, і ён усьвядоміць жахлівае пачуцьцё адзіноты.

Адзінота — катэґорыя маральная, але страты ад яе адчуваюцца фізічна.

Згадай…

Толькі ня гэта!



Не, я не прашу цябе вярнуцца думкамі ў багну. Згадай, хто бег з табою на ўзьлёце, Ікар?

Ён больш ня спусьціцца да іх. Але ж яны б маглі падняцца, каб ён знайшоў для іх патрэбнае слова. У яго ж быў нехта дарагі, каго б ён хацеў бачыць побач.

Ікар хацеў. Каго? Ён не задумваючыся адказаў бы:

— Увесь сьвет. Увесь сьвет сярод гэткай чысьціні думак, прывольля й спакою. Але хіба ў мяне хопіць словаў на ўвесь сьвет, калі не хапіла й на найдаражэйшых?

Самыя дарагія!.. Вы ўжо чулі ўсе словы, і ўсялякія тлумачэньні будуць залішнімі, калі не паразумеліся адразу. Таму нават кароткі ліст да кожнага з вас ён пакінуў у думках.

Самай дарагой Ікару была маці:

— Ты зноў скажаш, мама: «Кінь! Чаму не задаволісься тым, што здавальняе ўсіх — іх жа большасць». Я ведаю, ты не паляціш са мною. Вялікі палёт — гэта подзьвіг, а свой подзьвіг ты ўжо зьдзейсьніла: ты паверыла, што я магу быць шчасьлівым, і дала мне жыцьцё. А я ўбачыў шчасьце ў палёце і ўзьляцеў. Хай будзе ў гэтым сэнс для нас абаіх. I не прымушай мяне знайсьці шчасьце там, дзе знаходзіць болыпасць. Можа, яна ня ведае, што такое шчасьце.

Была ў Ікара каханая, ад якое таксама ён чуў: «Кінь!»

— Ты згадзілася ляцець разам са мною. Таксама прагнула прасторы. Але й ты ж казала: «Вызвалімся ад балясту — кінь ты сваю лятыну. Яна ўсё адно памрэ!» Так, тут, у багне, яна памрэ. Але ж дзеля чаго мы так ірвемся да сьвятла, да чысьціні, каб… на ўзьлёце выплюнуць апошнюю чысьціню сваёй душы. Мы стваралі й зьнішчалі тут, дык ці варта ляцець, каб рабіць тое самае там. Ува што ператворыцца прастора? Прабач, я паляцеў без балясту, але зь лятынай. Для цябе яна мёртвая, бо ты лічыш, што знайшла лепшы сродак зносін. А я б і на пальцах табе растлумачыў ШТО мусіць несьці жывым душам прастору мастацтва, святло філязофіі, чысьціню эстэтыкі… Ты слушна думала, што каханьне асьвятляе душы, але яно самое згасьне без таго, што ты адмовілася ўзяць.

Быў і сябра ў Ікара, які аніколі не казаў: «Кінь!»

Ты падтрымліваў мяне ва ўсім. Верыў у гэтыя крылы. Імкнуўся да сьвятла й чысьціні. Цябе ня трэба было пераконваць, што не будзе сьвятла й чысьціні без культуры, а таму найперш трэба берагчы носьбіт нашае культуры — нашую лятыну Ты быў побач са мной на ўзьлёце. Мы разам разьбегліся, і… ты кінуў мяне. Ты й надалей быў бы надзейнай падтрымкай у марах пра палёт, але ляцець ня змог.

Была ў Ікара справа.

Калеґі казалі пра ачышчэньне й пераварочвалі багну зь месца на месца. А ён рабіў усё, каб вырвацца з гэтае багны на прастору. Яго ўшчувалі: «Ты хочаш кінуць месца, адкуль выйшаў?» Не, казаў ён, я хочу кінуць у яго каліва дабра й справядлівасьці — яно прарасце, і багна ператворыцца ў крыніцу духовых сілаў для тых, хто будзе асвойваць прасторы.

Калеґі ведалі, што яму абрыдла слова «Кінь!», і самі абвінавачвалі Ікара ў жаданьні кінуць.

— Вы памыляліся толькі ў сваім нявер'і, што ня кожны пот сьведчыць пра плённасць працы, і ня кожнае «Кінь!» азначае страту.

Была й Радзіма ў Ікара, якую ў яго кралі патроху ад кожнага пакаленьня разам з роднай мовай, бацькоўскімі песьнямі, сумленнымі сябрамі, асэнсаванай працай, шчырымі каханымі, незабыўнымі мацяркамі… Цяпер не было нават да каго зьвярнуцца з апошнім лістом.

Кінь яго, а трапіш у багну. Тую, зь якое вырваўся.

Вырваўся і застаўся адзін.

Як добра было б, каб усе вы былі тут, побач. Каб адчулі, што сьвятло — гэта неабавязкова асляпленьне, што адкрытая пространь — не абавязкова пустота…

Каб хоць нехта з вас быў побач, Ікару не прыйшла б да галавы думка, што ўзьляцеў ён зарана. Нават на скрайні выпадак ён падумаў бы, што проста лёс абраў яго пракласьці шлях. А так — Ікар адзін. Ён слабне. Аднак, калі ён вернецца, шлях будзе закрыты назаўсёды.

Ікар пераадолеў псыхалёґію натоўпу і вырваўся з яе. Хто ведаў, што лёс прапануе яму прыняць псыхалёґію адзіноты — такую ж жахлівую. I жах перад ёй мацнее разам з нежаданьнем прыняць. Яму адному стала зашмат гэтага вольнага паветра, якога не было зь кім падзяліць.

Адному — шмат. А ён — адзін. Тут анічога не паробіш.

I ён вуснамі выцягнуў прызапашаную на такі выпадак папяроску з нагруднае кішэні.

Яму было зашмат волі адному.

Папяроска ўспыхнула ад сонечнага промня, і лёгкімі Ікар адчуў звыклую зямную прыгнечанасць.

Не, Ікар ня быў прыхільнікам гэтае прыгнечанасьці. Гэта была першая ягоная папяроска. Першая й апошняя. Апошняя, бо там, дзе сканчаўся тытунь, пачынаўся капсюль.



Ікар узьвіўся ў неба высока-высока і болей аніколі не вярнуўся ў багну.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка