Выступленьне на сэмiнары




Дата канвертавання17.05.2016
Памер47.22 Kb.

ВЫСТУПЛЕНЬНЕ НА СЭМIНАРЫ


“ЖЫЦЬЦЁ ПАСЬЛЯ ЧАРНОБЫЛЯ”

Бэрлiн, 23 чэрвеня 1990г.


Шаноўныя спадары i спадарынi! Чарнобыльская катастрофа - гэта трагедыя беларускай нацыi. 70 працэнтаў радыяактыўнага рэчыва выпала на тэрыторыю Беларускай Рэспублiкi. Каля 20 працэнтаў на землi Бранскай вобласьцi РСФСР. Але, калi ўлiчыць, што ў Бранскай вобласьцi Расii жыве ў асноўным беларускае этнiчнае несельнiцтва, то зразумела, што пад небясьпекай апынуўся ў асноўным беларускаi этнас. Гэтая небясьпека павялiчваецца з кожным годам, бо фактычна нiчога iстотнага не робiцца, каб выратаваць насельнiцтва ад радыяцыйнага паражэньня, якое эквiвалентнае ў цэлым па падлiках вучоных 90 хiрасiмскiм атамным бомбам.

Што магла б зрабiць дзяржава ў выпадку ядзернай трагедыi, якая здарылася ў Чарнобылi?

Перш за ўсё забясьпечыць поўнае выкананьне iнструкцый па эвакуацыi несельнiцтва з заражаных зонаў. Такая эвакуацыя была праведзена толькi часткова з тэрыторыяў на адлегласьцi 30 км вакол станцыi, прытым зроблена была яна са спазьненьнем. Фармальным адлiкам паслужыла палажэньне аб 30-цi кiламетрах. Сутнасьцю ж радыяцыйнага паражэньня зьяўляецца не фармальная адлегласьць, а ўзровень радыяцыi, якая разьмяркоўваецца па этнiчнай тэрыторыi Беларусi вельмi нераўнамерна.

Палавiна тэрыторыi Беларусi пакрыта радыяактыўным пылам у такой ступенi, што жыць там людзям небясьпечна для здароўя. Гэта зоны ад 1-2 кюры на квадратны кiламетр да 100-150, а месцамi плямы да 1000-3000 кюры на квадратны кiламетр. Тым ня менш людзi там жывуць па сёньняшнi дзень, апрацоўваюць зямлю, вытвараюць харчовыя i прамысловыя радыяактыўныя прадукты, якiя распаўсюджваюцца па ўсёй Беларусi. Такiм чынам адбываецца заражэньне радыёнуклiдамi ўсяго насельнiцтва Беларускай Рэспублiкi.

Тры гады пасьля катастрофы пра трагiчны стан Беларусi нiхто не ведаў. Iнфармацыя пра радыяцыйнае становiшча была строга засакрэчана, а па ўсiх каналах манапольных дзяржаўных i партыйных сродкаў масавай iнфармацыi iшло адкрытае i цынiчнае ашуканства грамадзкасьцi. Становiшча прадстаўлялася як поўнасьцю бясьпечнае.

У канцы 1988 года ўтварыўся Беларускi Народны Фронт, пачаўся дэмакратычны грамадскi рух. Пад яго нацiскам у 1989 годзе сьцяна сакрэтнасьцi абвалiлася, гэтак жа сама як абвалiлася Берлiнская сьцяна, i перад нашымi людзьмi адкрылася страшная карцiна - карцiна радыяцыйнага гедацыду, злачыннага атамнага эксперыменту, што праводзiцца над нашым народам, над нашай тэрыторыяй, якую ператварылi ў палiгон для медыка-радыялагiчных эксперыментаў над людзьмi. Пра маштабнасьць гэтага антычалавечага эксперыменту гаворыць тое, што 2 мiльёны 200 тысяч беларусаў у БССР жывуць у небясьпечных зонах на радыяцыйна заражанай зямлi, зь якой трэба высяляць. Гэта больш чым 20 працэнтаў насельнiцтва. Аднак ужо пяты год людзей не адсяляюць. Больш таго, зьявiлiся праграмы, пастановы, iнструкцыi, накiраваныя на тое, каб матэрыяльнымi льготамi, i адмiнiстрацыйнымi пастановамi замацаваць пражываньне людзей на радыяцыйных тэрыторыях. Праводзiцца ў гэтым кiрунку мэтанакiрваная палiтыка. Ёсьць шмат фактаў высяленьня людзей з адных радыяцыйна забруджаных тэрыторый на iншыя радыяцыйна забруджаныя з меншым узроўнем радыяцыi. Такiм чынам iмкнуцца захаваць пасьлядоўнасьць эксперымента i зьняць сацыяльнае напружаньне.

Афiцыйныя партыйна-дзяржаўныя структуры выставiлi мноства навукова-адмiнiстрацыйных лобi. Адмiнiстрацыйна- дзяржаўны лабiзм праяўляецца ў трох асноўных асьпектах. Першае - фальсiфiкуецца спраўдны стан радыяцыйнай небясьпекi i здароўя людзей. Другое - сьцьвярджаецца, што радыяцыя не так ужо i страшная для чалавека, ствараюцца на гэтай аснове розныя квазi-навуковая канцэпцыi, падвышаюцца нiбыта “бясьпечныя” “нормы” радыяцыi на некалькi парадкаў i г.д. Трэцяе - пераводзяць стан рэальнай радыяцыйнай небясьпекi ў псiхалагiчны асьпект успрыняцьця. Iмкнуцца падмянiць рэальную радыяцыйную небясьпеку радыяфобiяй, “масавым псiхозам”, як было паведамлена тут калегам сацыёлагам Зелянковым. Лобi гэтага накiрунку адкрыта гавораць пра лiквiдацыю плюралiзму i пра ажыцьцяўленьне адзiнай чарнобыльскай праграмы па вывучэньнi “дынамiкi экалагiчнай сьвядомасьцi”, гэта значыць заклiкаюць працягваць чарнобыльскi эксперымент над людзьмi. “Этап эмоцый застаўся ззаду,- сказана было тут,- настаў час канструктыўнага вывучэньня”. Вось прыклад, як навука можа служыць злачыннай дзяржаве, якая праводзiць радыяцыйны генацыд над уласным народым.

Прытым пры ўсiх гэтых навукападобных выказваньнях, той, хто разважае пра радыёфобiю, чамусьцi асьцерагаецца ехаць у радыяцыйна заражаныя зоны i не хоча есьцi радыяцыйна заражаных прадукатў. А людзi ж там жывуць, а людзi ж тыя брудныя прадукты ядуць. Пра якую навуковую мараль тут можна гаварыць!

Партыйна-адмiнiстрацыйная сiстэма ўсяляк перашкаджае дзейнасьцi дэмакратычных незалежных грамадзкiх арганiзацыяў на Беларусi, якiя iмкнуцца канкрэтна, а не на словах ратаваць насельнiцтва ад атамнай сьмерцi. Асаблiвыя перашкоды адчуваюць Беларускi Народны Фронт i яго камiтэт “Дзецi Чарнобыля”, створаны больш года назад, якiм кiруе цяпер Народны дэпутат БССР Генадзь Грушавы. Гэтыя арганiзацыi не прызнаныя дзяржавай. Яна, дзяржава, супраць iх змагаецца. Дзяржаўная адмiнiстрацыя ўтварае розныя падстаўныя папяровыя грамадскiя структуры, праз якiя iмкнецца праводзiць сваю палiтыку i прафанiраваць справу выратаваньня народу ад ядзернага генацыду. Гэтыя структуры партыйна-камунiстычная дзяржава падтрымлiвае. Тут знаходзяць прытулак iх лобi i калабарацыянiсты.

Такiм чынам Чарнобыль на Беларусi - гэта важнейшы асьпект палiтыкi i палiтычнай барацьбы. Гэта пытаньне выжываньня нацыi. I вырашаецца яно перш за ўсё, палiтычнымi сродкамi.

Чаму так здарылася? Чаму камунiстычная дзяржава на Беларусi не ратуе народ ад радыяцыi? Чаму такая падвойнасьць пазiцыi?

Па-першае, партыйна-адмiнiстрацыйная сiстэма i канкрэтныя яе кiраўнiкi нясуць адказнасьць за Чарнобыльскую катастрофу i яе сацыяльныя вынiкi.

Па-другое, у камунiстычнай адмiнiстрацыйна-дзяржаўнай сiстэме чалавек не зьяўляецца першаснай i вечнай гуманiстычнай каштоўнасьцю. Меркаваньнi эканамiчнага плану, iдэалагiчнага значэньня тут заўсёды ставiлiся вышэй i чалавек прыносiўся iм у ахвяру.

Трэцяе i галоўнае, пра што я ўжо казаў, партыйна-бюракратычная дзяржава, якая цесна зьвязана з ваенна прамысловым атамным комплексам, якая манапалiзавала медыцыну, атрымала магчымсьць на ўнiкальны ядзерна-медыцынскi эксперымент над вялiкай колькасьцю дюдзей, практычна над цэлым народам... I яна праводзiць гэты эксперымент. Прытым у вынiках яго зацiкаўлены не толькi СССР, але i ўвесь афiцыйны ядзерны мiжнародны сьвет i яго арганiзацыi тыпу МАГАТЭ i iншых. Вось чаму мы, беларусы, аказваемся адны ў гэтым сьвеце.

Чацьвёртае, вельмi iстотнае, тое, што Беларусь - гэта калонiя Масквы, мы не маем рэальнага суверэнiтэту, не можам распараджацца сваiм лёсам, а ўсе нашыя партыйна-дзяржаўныя структуры зьяўляюцца калабарацыянiстычнымi i па сутансьцi антынароднымi.

Першае, што трэба зрабiць - гэта перасялiць людзей з заражаных зонаў на чыстыя землi, прытым не разрываючы iх этнiчна-сацыяльных структур.

Другое, перастаць атрымлiваць сельскагаспадарчую прадукцыю на заражаных землях.

Трэцяе, прадухiлiць распаўсюджваньне радыянуклiдаў па ўсёй Беларусi.

Чацьвёртае - арганiзаваць медыцынскае лячэньне i прафiлактыку насельнiцтва Рэспублiкi.

Усе гэтыя мерапрыемствы можна ажыцьцявiць пры двух умовах. Першае - дасягненьне дзяржаўнай незалежнасьцi i поўнага суверэнiтэту Беларусi. I другое - лiквiдацыя таталiтарнага камунiстычнага рэжыму ў Рэспублiцы. Без выкананьня гэтых дзьвюх умоваў выратаваньне беларускай нацыi ад чарнобыльскай катастрофы немагчымае.



Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка