Выразнасць маўлення




Дата канвертавання07.05.2016
Памер114.81 Kb.




ВЫРАЗНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ


  1. Асноўныя ўмовы выразнасці маўлення.

  2. Тропы.

  3. Стылістычныя фігуры.

  4. Фанетычныя сродкі стварэння выразнасці.

1. Выразнасцю маўлення называюць такія асаблівасці яго структуры, якія падтрымліваюць увагу і цікаўнасць у слухача ці чытача; адпаведна, маўленне, якое валодае гэтымі асаблівасцямі, называецца выразным. Выразнасць маўлення дасягаецца за кошт пазіцыі слова ў кантэксце, уплыву кантэксту на ўспрыняцце слухача ці чытача, месца слова ў арганізацыі інфармацыі, яго трапнасці.

Выразным у маўленні лічыцца тое, што вылучаецца семантычна або фармальна на агульным прывычным маўленчым фоне той ці іншай сітуацыі зносін.

Асноўныя ўмовы, ад якіх залежыць выразнасць маўлення, наступныя:

1. Самастайнасць мыслення, дзейнасці свядомасці аўтара маўлення. Калі думаеш па шпаргалцы, адпаведнае і маўленне.

2. Цікавасць аўтара маўлення да таго, пра што ён гаворыць ці піша, і да таго, для каго ён гаворыць ці піша.



  1. Добрае веданне мовы, яе выяўленчых магчымасцей.

  2. Добрае веданне асаблівасцей стыляў мовы.

5. Сістэматычная трэніроўка маўленчых навыкаў (чытанне ўзорных тэкстаў; карысна ўслухоўвацца ў маўленне людзей, хто можа выразна гаварыць, кантраляваць сваё маўленне).

6. Свядомае жаданне аўтара гаварыць і пісаць выразна, псіхалагічная ўстаноўка на выразнасць.

7. Наяўнасць у мове сродкаў, якія надаюць маўленню якасць выразнасці.

Сродкі выразнасці мовы іншы раз зводзяць да вобразна-выяўленчых, г.зн. да тропаў і фігур. Аднак выразнасць можа ўзмацняць адзінкі мовы ўсіх узроўняў – ад гукаў да сінтаксічных.


2. Адна з асноўных крыніц маўленчай выразнасці – лексіка. Магчымасці выразнасці лексікі звязаны перш за ўсё з семантыкай. Дастаткова так ці інакш абнавіць звыклую семантыку слова, як слова атрымлівае прыкметы выразнасці або разам з іншымі словамі пачынае ўдзельнічаць у выразнасці выказвання. Менавіта на семантыцы слова заснаваны асноўныя тропы -- звароты маўлення, у якіх слова ці выраз ужыты ў пераносным значэнні. У аснове тропа ляжыць супастаўленне двух паняццяў, якія ўяўляюцца нам блізкімі ў якіх-небудзь адносінах.

Эпітэт – вобразнае азначэнне прадмета або дзеяння. Эпітэт вылучае характэрную рысу ці прымету прадмета, з’явы, ацэньвае, выклікае эмацыянальнае ўспрыняцце, дапамагае зразумець аўтарскае бачанне рэчаіснасці. Часцей за ўсё эпітэты – мастацкія азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі. Аднак у функцыю могуць выконваць адзіночныя прыдаткі, складаныя прыметнікі (іскрыліся вочы-азёры; глядзеў пацяплелымі халодна-шэрымі вачыма. І.Мележ).

Паняцце эпітэт іншы раз неапраўдана пашыраюць, адносячы да яго любы прыметнік. Аднак да эпітэтаў не трэба адносіць прыметнікі, якія ўказваюць на адрознівальныя прыметы прадметаў і не даюць вобразнай характарыстыкі (дубовы лісток).

Стварэнне вобразных эпітэтаў звычайна звязана з ужываннем слоў з пераносным значэннем (сівы стары – сівы туман).Эпітэты, выражаныя словамі, якія выступаюць у пераносным значэнні, называюць метафарычнымі. З генетычнага пункту погляду эпітэты могуць падзяляцца на:

а) агульнамоўныя;

б) індывідуальна-аўтарскія;

в) народнапаэтычныя (пастаянныя, сталыя) – словазлучэнні з імі набылі сталы характар.

Са стылістычнага пункту погляду эпітэты можна падзяліць на:

а) узмацняльныя. Такія эпітэты ўказваюць на прымету, дадзеную ў азначаемым слове, не надаючы нічога новага (люстраная гладзь). Сюды ж адносяць і таўталагічныя эпітэты (гора горкае).

б) удакладняльныя эпітэты ўказваюць на адрознівальныя прыметы прадмета (велічыню, форму, колер): восеньскі дождж, ясныя вочы. Паміж гэтымі двума групамі не заўсёды можна правесці выразную мяжу.;

в) кантрасныя эпітэты – спалучэнне двух процілеглых па сэнсу слоў (аксюмараны): радасны сум.



Параўнанне – супастаўленне аднаго прадмета з другім з мэтай мастацкага апісання першага. Параўнанне выступае ў якасці сродку вобразнай характарыстыці, яно падпарадкоўваецца ідэйнай задуме, дапамагае зрабіць паэтычны малюнак па-мастацку дакладным, поглядам.

Параўнанне ў’яўляе сабой сабой самуююю простую форму вобразнай мовы. Амаль усякі вобразны выраз можна звесці да параўнання да параўнання: золата лісця – лісце жоўтае, як золата.

Параўнанне вырадаецца рознымі спосабамі:

а) творным склонам: цягнік стралой імчаў;

б) зваротамі з рознымі злучнікамі (як, быццам, як быццам);

в) лексічна (словы падобны): каханне падобнае на вар’яцтва.

Параўнанні, якія ўказваюць на некалькі агульных прымет у супастаўляемых прадметах, называюць разгорнымі. Сустракаюцца адмоўныя параўнанні (не вецер бушуе над борам).

Метафара – перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства. Метафара -- семантычная з’ява, абумоўленая наслойваннем на прамое значэнне слова пад уплывам вузкага ці шырокага кантэксту дадатковага сэнсу, які ў гэтага слова ў складзе мастацкага твора становіцца дамінуючым. Пры гэтым прамое значэнне слова выступае толькі асновай для асацыяцыі аўтара. Некаторыя разглядаюць метафару як семантычны неалагізм.

Сярод іншых тропаў метафара займае галоўнае месца, яна дазваляе ў кароткай форме стварыць ёмісты вобраз, заснаваны на вобразных асацыяцыях. У аснову метафарызацыі можа быць пакладзены падабенства самых розных прымет прадметаў: колеру, формы, аб’ёму, прызначэння і г.д. У стылістыцы неабходна размяжоўваць:

а) індывідуальна-аўтарскія метафары, якія ствараюцца мастакамі слова для канкрэтнай маўленчай сітуацыі. Яны вельмі выразныя. Магчымасці іх стварэння невычарпальныя;

б) агульнамоўныя.

Метафары, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне ў мове, страцілі сваю выразнасць, сцёрліся. Паміж такой метафарай і пераносным значэннем не заўсёды можна правесці мяжу. Метафарызуюцца звычайна дзеясловы і прыметнікі. На думку Галавіна, таму, што яны часцей за іншыя выступаюць у ролі выказніка, а гэта роль у сваю чаргу патрэбна для стыку двух значэнняў, якія абазначаюць падобныя прыметы двух прадметаў.

Метанімія --- перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове іх сумежнасці. Метафарызацыю чста разглядаюць як разнавіднасць метафары, аднак паміж імі ёсць адрозненні: для пераносу назвы ў метафарызацыі супастаўляемыя прадметы павінны быць абавязкова падобнымі, а пры метаніміі такога падабенства няма; метафару лёгка перарабіць у параўнанне, метанімія гэтага не дапускае. Магчымы самыя разнастайныяасацыяцыі па сумежнасці.

Сінекдаха – разнавіднасць метаніміі, заснаваная на пераносе значэння з адной з’явы на другую па прымеце колькасных суадносін паміж імі. З вычайна ў сінекдахе ўжываецца:

а) адзіночны лік замест множнага: усё спіць – і чалавек, і звер, і птушка;

б) множны лік замест адзіночнага: Мы ўсе глядзім у Напалеоны;

в) частка замест цэлага: Што нам патрэбна? Крыша для маёй сям’і;

г) родавая назва замест відавой: Ну што ж, сядай, свяціла (свяціла ў значэнні ‘сонца’);

д) відавая назва замест родавай: Беражы капейку!



Гіпербала і літота. Гіпербалай называецца вобразны выраз, які ўтрымлівае празмернае перабольшванне памераў, сілы, значэння апісваемага. Маё каханне не можа ўмясціць жыццяў берагі.

Літота – вобразны выраз, які значна памяншае памеры, сілу, значэнне апісваемага: Ніжэй былінкі трэба голаву хіліць. Літоту называюць зваротнай гіпербалай.

Гіпербала і літота маюць агульную аснову – адхіленне ад аб’ектыўнай колькаснай ацэнкі прадметаў, з’яў, таму яны могуць сумяшчацца ў маўленні. Гіпербала і літота могуць быць агульнамоўнымі (чакаць цэлы век, мора слёз; мора па калена, выпіць глыток вады). Такія тропы ўключаюцца ў фразеалагічныя сродкі. Могуць быць індывідуальна-аўтарскія, якія з’яўляюцца больш вобразнымі і эмацыянальнымі. Гіпербала можа наслойвацца на іншыя тропы, што надае вобразу рысы грандыёзнасці: Адны дамы даўжынёю да зорак, другія – даўжынёй да месяца.

Перыфраза – апісальны зварот, які ўжываецца замест якога-небудзь слова або словазлучэння. Сутнасць такога зварота заключаецца ў тым, што ён замяняе назву прадмета апісаннем яго істотных прыкмет або ўказаннем на яго характэрныя рысы: аўтар “Палескай хронікі”.

Часцей перыфраза носіць вобразны характар, аднак ёсць і такія, у якіх захоўваецца прамое значэнне складаючых іх слоў: горад над Сожам. Адпаведна іх называюць вобразнымі і лексічнымі. Вобразныя перыфразы, як і іншыя тропы, могуць быць агульнамоўнымі і індывідуальна-аўтарскімі. Не ўсе індывідуальна-аўтарскія перыфразы атрымліваюцца ўдалымі: штанга – гара металу. Перыфрастычная манера маўлення можа замацавацца як індывідуальная рыса мовы чалавека (асабліва архаічная перыфраза. З-за асаблівасцей развіцця беларускай мовы такіх перыфраз амаль няма ў беларускай мове. таму прывожу прыклад рускай: осмелюсь доложить, имею честь кланяться). Перыфраза выступае і ў ролі эўфемізма – выраза, які змякчае грубы сэнс выказвання.



Алегорыя – іншасказальнае адлюстраванне адцягненага паняцця пры дапамозе канкрэтнага жыццёвага вобраза. Алегорыя часта выкарыстоўваецца ў байках і казках, дзе носьбітамі рыс чалавека з’яўляюцца жывёлы, прадметы. Так, хітрасць паказваецца ў вобразе лісы, упартасць – асла, сілы – мядзведзя. Алегарычны сэнс могуць набываць іншасказальныя выразы: прыйшла восеньнаступіла старасць’, няхай заўжды будзе сонца – ‘няхай нязменным будзе шчасце’. Як троп алегорыя ўжываецца толькі ў мастацкіх творах.

Антанамасія -- від метаніміі, які заключаецца ў тым, што ўласнае імя ўжываецца замест агульнага: Туляга – ‘баязлівец’, Атэла – ‘раўнівец’, Квазімода – ‘непрыгожы’. Такія імёны персанажаў могуць выкарыстоўвацца як выразны сродак вобразнага маўлення.

Адухаўленне – перанясенне рыс чалавека на неадушаўлённыя прадметы і адцягненыя паняцці. Адухаўленне з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных тропаў: лес калыхаўся і стагнаў; вясна блукада. Адухаўленне можа выкарыстоўвацца і ў навуковым стылі: паветра лечыць, рэнтген паказаў. Асобны від адухаўлення – персаніфікацыя – поўнае ўпадабленне неадушаўленнага прадмета чалавеку. У гэтым выпадку прадметы надзяляюцца не прыватнымі прыкметамі чалавека, а набываюць рэальнае чалавечае аблічча: Радзіма! Табе выпала цяжкае выпрабаванне, але ты пераможаш, знойдзеш для гэтага сілы!

Сімвал -- мнагазначны вобраз, які звязвае розныя планы рэчаіснасці, адлюстраванай мастаком, на аснове агульнасці, роднасці. Сімвал грунтуецца на паралелізме з’яў. Так, у рэвалюцыйна-дэмакратычнай паэзіі мора, хвалі былі сімвалам паўстаўшага народа, бура – сімвалам рэвалюцыі і г.д. Сімвал адрозніваецца ад алегорыі. Алегорыя – элементарны сродак іншасказання, алегарычны вобраз акрэслены, адназначны, сімвалічны – мнагазначны, ён можа суадносіцца з рознымі аспектамі жыцця.

Іронія – ужыванне слова ці выраза ў сэнсе зваротным даслоўнаму з мэтай насмешкі. Адкуль, разумная, ідзеш ты галава? (зварот да асла).

3. Не меншымі магчымасцямі ўзмацняць і змяншаць выразнасць маўлення валодае сінтаксіс мовы. Так, замена прамога парадку слоў зваротным ўзмацняе выразнасць маўлення. Чым больш складаны сказ, тым больш магчымасцей вар’іравання словаразмяшчэння ён мае. Інверсія ўзмацняе сэнсавую нагрузку вылучаных членаў сказа і пераводзіць выказванне з нейтральнага плана ў эмацыянальна-экспрэсіўны.

Ва ўзмацненні маўленчай выразнасці ўдзельнічае як разнастайнасць сінтаксічных структур, так і свядомае паўтарэнне адной і той жа. Аднолькавая сінтаксічная будова суседніх сказаў або адрэзкаў маўлення называюць паралелізмам.

Да сінтаксічных сродкаў выразнасці адносяцца таксама:

а) антытэза – зварот, у якім для ўзмацнення выразнасці маўлення проціпастаўляюцца супрацьлеглыя паняцці: Багаты і ў будні піруе, а бедны і ў свята гаруе.

б) анафара – паўтарэнне асобных слоў ці зваротаў у пачатку ўруўкаў, з якіх складаецца выказванне: Просінь асінніку, снег пасінелы, Сінія льдзіны на цёмнай вадзе, Сінія грэбні залукамскіх елак, Сіні важак сіні вырай вядзе.

в) эпіфара – паўтарэнне асобных слоў у канцы сумежных урыўкаў: Хачу падзяліцца, З усімі хачу падзяліцца. Усім падзяліцца, Што мне давялося нажыць – Не нажыцца.

г) градацыя – стылістычная фігура, якая складаецца з такога парадку слоў, пры якіх кожнае наступнае ўтрымлівае ўзмацняльнае значэнне, дзякуючы гэтаму ствараецца ўзрастанне ўражання: Старадаўняй Літоўскай пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

д) эліпсіс – стылістычная фігура, якая заключаецца ў пропуску слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту ці з канкрэтнай сітуацыі. Эліпсіс надае маўленню дынамічнасць, інтанацыі жывога маўлення: Жыццё чалавека -–як агонь. Быў і няма. Зноў загарэлася і патухла. Зноў гарыць. І так – бясконца. Тая самая вечная, таямнічая і цудоўная з’ява.

е) рытарычны зварот – падкрэслены зварот да чаго-небудзь, каго-небудзь для ўзмацнення выразнасці маўлення. Ён служыць не столькі для называння адрасата маўлення, колькі для таго, каб выразіць адносіны да таго ці іншага аб’екта, даць яго характарыстыку. Кветкі, каханне, вёска, поле! Я адданы вам усёй душой.

ж) рытарычнае пытанне – стылістычная фігура, пры якой пытанне ставіцца не мэтай атрымаць адказ, а каб прыцягнуць увагу чытача да той або іншай з’явы: А можа і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага не сказаць, ні напісаць не можна?

з) шматзлучнікавасць (палісідэтон) -- стылістычная фігура, якая заключаецца ў спецыяльным выкарыстанні шматлікіх злучнікаў для лагічнага і інтанацыйнага падкрэслівання злучаемых членаў сказа. (і, і, і). Адваротная стылістычная фігур бяззлучнікавасць. Яна заключаецца ў спецыяльным пропуску злучальных злучнікаў паміж членамі сказа. Адсутнасць злучнікаў надае выказванню імклівасць, насычанасць уражаннямі ў межах агульнага малюнку.

5. Выразнасць маўлення забяспечваецца і гукавымі сродкамі. Гукі самі па сабе ў выяўленчых адносінах нейтральныя: яны не выклікаюць ні пэўных эмоцый, ні тым больш думак. Аднак у пэўным паэтычным кантэксце паўтор аднародных гукаў дапамагае падкрэсліць, вылучыць асобныя словы, звярнуць на іх асаблівую ўвагу, садзейнічае нарошчванню інтэнсіўнасці, пэўнай выразнасці, што ў выніку стварае цэласнае адзінства ў кантэксце мастацкага твора.

Стылістычна моцнымі сродкамі фанетыкі з’яўляюцца націск, рыфма, мілагучнасць -- найбольш дасканалае спалучэнне гукаў, зручнае для вымаўлення і прыемнае для слыху (тут узнікае праблема немілагучнай абрэвіяцыі).

Прыёмы для ўзмацнення гукавой выразнасці маўлення называюць гукапісам. Часцей за ўсё аўтары адбіраюць словы, у якіх паўтараюцца адзін і той жа або падобныя гукі. Гукапіс добра ўлаўліваецца слыхам і адыгрывае вялікую ролю ва ўздзеянні на слухача. Гэтая з’ява глыбокая, асацыятыўная, якую звязваюць і з музычнымі заканамернасцямі, хаця, па сутнасці, у ёй дзейнічаюць фанетычныя законы. На думку многіх даследчыкаў, у аснове “гукапісу, яго арганізацыі ў сістэму асмаль заўсёды ляжыць прынцып паўтору, варыяцыі” (Жураўлёў В.П., Шпакоўскі І.С., Яскевіч А.С.). Гукапіс, або інструментоўка – такія гукавыя паўторы ў вершаванай мове, якія ўзмацняюць яе мілагучнасць і сэнсавую выразнасць. Гукавыя паўторы можна класіфікаваць па іх становішчу ў рытмічных адзінках верша:


  1. сумежныя паўторы ў межах аднаго верша;

  2. кальцо, дзе першая група на пачатку радка, другая – у канцы, на двух радках;

  3. стык, у якім канцоўка першага радка супадае з пачаткам наступнага;

  4. скрэп, або анафара. Іх называюць яшчэ адзінапачаткам: Пад радзімаю бярозкай Пачынаю я чакаць… Не прыйшла мая каханка, Ненаглядная мая. (С.Пяткевіч).;

  5. эпіфара, калі назіраецца сугуцца канцавых элементаў радкоў: Толькі сэрцам пачую Тваю песню лясную (А.Русак).

Асобымі відамі гукапісу з’яўляюцца алітэрацыя і асананс. Алітэрацыяй называюць паўтарэнне аднолькавых зычных: Кліча Радзімы празрысты прастор. (В.Лукша); Неба слухае той сказ, Хмаркі не схінуцца, Толькі зоркі раз-параз ціха ўсміхнуцца. (Я.Колас). Тут паўтор гукаў з,с паўтараецца з мэтай паэтызацыі прыроды, стварэння эфекту музычнасці, меладычнасці радкоў. Гэта самы распаўсюджаны тып гукавога паўтору, што тлумачыцца дамінуючым становішчам зычных у сістэме беларускай мовы. Зычныя гукі ў беларускай мове адыгрываюць асноўную сэнсаадрознівальную ролю.

Асанансам называюць паўтарэнне галосных: Калі вясна вяртае нам цяпло, красу палёў і хараство зары. (У.Карызна). Гукапіс можа несці сур’ёзную сэнсавую функцыю: падкрэсліць лагічна важныя словы, мастацкія вобразы, тэмы. Фанетычна падкрэсленыя словы атрымліваюць у тэксце асаблівую вагу. Характар гукапісу абумоўліваецца зместам твора, служыць сродкам для яго найбольш поўнага выяўлення.

Сродкі выразнасці па-рознаму выкарыстоўваюцца ў той ці іншай сферы зносін. З поўнай сілай яны выяўляюцца ў мастацкім стылі, у публіцыстыцы, нярэдка ў гутарковым маўленні. Выкарыстанню сродкаў выразнасці ў дзелавым стылі перашкаджаюць штампы і маўленчыя стэрэатыпы. У навуковым маўленні сродкі выразнасці выкарыстоўваюцца спецыфічна, вобразнасць тут пераважна рацыянальная, абмежавана ў выкарыстанні шматзначнасці, пераносных значэнняў, падтэкставай інфармацыі і г.д. Сродкі выразнасці ў навуковым маўленні залежаць таксама ад падстылю: у навукова-папулярным жанры іх больш (эўфемізм, літота, парантэз – адмоўная ацэнка, якая мае характар агаворкі, пабочнага значэння, што зусім не азначае, быццам гэта сапраўды так -- фразеалагізм, прыказка).

Такім чынам, выразнасць маўлення – у рознай ступені, але абавязковая якасць усіх форм і разнавіднасцей усіх стыляў.
Л І Т А Р А Т У Р А:
Асновы культуры маўлення і стылістыкі. Пад рэд. У.В.Анічэнкі. Мн., 1992.

Жураўлёў В.П., Шпакоўскі І.С., Яскевіч А.С. Пытанні паэтыкі. Мн., 1974


Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1980.

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976.

Цікоцкі М.Я. Стылістыка публіцыстычных жанраў. Мн., 1971.

Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых…: Нататкі па стылістыцы мастацкай літаратуры. Мн., 1981.



Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1992.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка