Вырашэнне А.І. Жураўскім праблемы пераемнасці паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай




Дата канвертавання27.03.2016
Памер65.17 Kb.
Г.Ціванова
Вырашэнне А.І.Жураўскім праблемы пераемнасці паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай
Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі як мовазнавец найбольш значны навуковы след пакінуў менавіта ў галіне гісторыі беларускай мовы. Як вучоны акадэмічны ён займаўся асноватворнымі тэарэтычнымі пытаннямі, імкнуўся раскрыць глыбінны сэнс і знайсці першапрычыну, думаў на перспектыву і імкнуўся прадбачыць далейшае развіццё той або іншай з’явы. Такі грунтоўны падыход характарызуе ўсе, без перабольшання, яго працы. Так, калі даследуецца нейкая граматычная форма, то з улікам усіх разнастайных рэгістрацый яе ў старабеларускіх пісьмовых помніках, і тут жа даюцца навукова абгрунтаванае тлумачэнне гэтай варыянтнасці і назіранні над вынікамі гістарычных працэсаў у сучаснай мове, выяўляюцца прадуктыўныя мадэлі. Калі даследуецца лексіка, то ў плане прадметна-тэматычнай разнастайнасці і ў плане паходжання – і ўсё гэта зноў на шырокім гістарычным фоне існавання народа і яго мовы, асаблівасцей функцыянавання гэтай мовы ў грамадстве ў розныя гістарычныя перыяды, узаемаувязей з іншымі мовамі, каб паказаць прадуктыўныя словаўтваральныя тыпы і асаблівасці фарміравання слоўніка сучаснай мовы.

Пераемнасць паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай – ключавое, асноватворнае пытанне пры тэарэтычным асвятленні гістрычнага развіцця беларускай мовы. Па сутнасці кожны навуковец, хто ў якасці доказаў прыцягвае факты гісторыі, павінен вырашыць для сябе гэтае пытанне.

Праблема пераемнасці была вырашана А.І. Жураўскім ў 70-я гады ХХ стагоддзя, і ўласная пазіцыя паслядоўна адстойвалася на працягу ўсяго яго актыўнага навуковага жыцця. На гэтай пазіцыі грунтуюцца ўсе працы, выкананыя ў сектары гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Для паспяховага даследавання і вырашэння праблемы пераемнасці паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай наспелі ўмовы менавіта тады, калі ў Інстытуце мовазнаўства была створана добрая факталагічная база: найбагацейшы збор пісьмовых помнікаў (звыш ста фотакопій і мікрафільмаў), картатэка Гістарычнага слоўніка беларускай мовы (звыш 900 тысяч картак), выйшлі з друку манаграфіі “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” у 2-х тамах (1967 – 68) і “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (1970).

Самае падрабязнае і доказнае асвятленне гэтай праблемы выкладзена ў артыкуле, апублікаваным у зборніку “Беларускае і славянскае мовазнаўства” (1972)1. Артыкул напісаны ў сааўтарстве з кандыдатам філалагічных навук адзіным са стваральнікаў ІІ тома акадэмічнай “Гісторыі беларускай літаратурнай мовы” І.І.Крамко.

Напачатку аўтары асвятляюць гісторыю пытання. Упершыню два этапы (стары і новы) у гісторыі беларускай літаратурнай мовы вызначыў Я.Ф.Карскі2. Аднак яшчэ раней у прадмове да школьнага падручніка па беларускай граматыцы Б.Тарашкевіч эмацыянальна пісаў: “Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасвецкай беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэння”3 (падкрэслена мной – Г.Ц.). Па гэтым пытанні канкрэтна выказаўся К.Крапіва: “…на новым этапе базай для развіцця літаратурнай мовы паслужыла не старая літаратурная мова, а жывая гаворка беларускага народа”4. Такі падыход адлюстраваўся і ў схемах перыядызацыі гісторыі беларускай мовы ў падручніках для ВНУ5. Аднак ні ў адной з гэтых прац праблема ўзаемаадносін паміж старой і новай літаратурнай мовай не была мэтай спецыяльнага даследавання, а таму асвятлялася фрагментарна.

Надзвычай важная методыка вырашэння праблемы – комплексны падыход, усебаковы аналіз. Прынцыпова новым у асвятленні пытання пераемнасці паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай з’яўляецца выяўленне А.І.Жураўскім і І.І.Крамко дыферэнцыйных моўных рыс. Такі вопыт навуковага аналізу варты пераймання, а выяўленыя дыферэнцыйныя рысы могуць выкарыстоўвацца пры аналізе мовы канкрэтных помнікаў. Таму асноўныя лінгвістычныя палажэнні артыкула перакажам больш падрабязна.

Так, у дачыненні да графікі адзначана, што ў старабеларускай кірыліцы было 10 літар і 2 дыграфы (e, w, u, #, ", v, s, k, j, d; q, г), якія адрозніваюць яе ад новай. Прынамсі, кірылічныя выданні ХІХ стагоддзя выкарыстоўваюць адсутныя ў сучаснай графіцы літары и, h, ъ. Пры гэтым большая частка твораў, якія прадстаўляюць новую беларускую мову ХІХ ст., напісана лацінкай польскай мадыфікацыі – тут пра пераемнасць традыцый гаварыць увогуле бессэнсоўна.

Асноўным прынцыпам старабеларускай арфаграфіі быў этымалагічна-марфалагічны. Лацінка, як вядома, вымагала прымянення фанетычнага прынцыпу. Прынцып правапісу ў ранніх творах на новай беларускай мове, запісаных кірыліцай, А.І.Жураўскі называе этымалагічна-фанетычным і раскрывае яго сутнасць: рысы, агульныя з рускай мовай, перадаюцца па этымалагічным прынцыпе, а спецыфічна беларускія рысы – па фанетычным. Зразумела, што паступова менавіта фанетычны прынцып становіцца вядучым. Тут робіцца вельмі важны для разумення гісторыі беларускай графіка-арфаграфічнай сістэмы вывад: “… адлюстраванне на пісьме важнейшых фанетычных асаблівасцей беларускай мовы паслужыла адным з пераканаўчых доказаў яе самастойнасці і незалежнасці” [А.І Жураўскі., І.І.Крамко:134].

На граматычным узроўні ўся гісторыя старабеларускай літаратурнай мовы – гэта паступовы адыход ад архаічных кніжнаславянскіх рыс і набліжэнне да мовы народнай. Дыферэнцыйнымі прыметамі пры супастаўленні старой і новай літаратурнай мовы з’яўляюцца такія старабеларускія граматычныя рысы, якія не маюць адпаведнасці ў жывых гаворках. Такімі рысамі аўтарамі артыкула названы:

для назоўнікаў – формы Д.скл.адз.л. на -ови/-еви (гетманови, вечарови, покоеви); М.скл.мн.л. на -ове/-еве (воеводове, сторожеве) і для асноў на заднеязычны – на -ы (волцы, еретицы);

для прыметнікаў – формы ступені параўнання з суфіксам -ш- (ближший, чистший; наиближший, наичистший) і формы найвышэйшай ступені з прэфіксам пре- (превеликий, предивный);

для займеннікаў – энклітычныя формы ми, ти, мя, тя;

для дзеясловаў – інфінітывы на -ти (быти, мовити); формы 1ас.мн.л. на -мо (будемо, мовимо); кантамінаваныя формы перфекта (былемъ, мовилемъ; былесь, мовилесь; былисьмо, мовилисьмы; былисте, мовилисте) і формы прошлага часу асноў на зычны з канцавым -лъ (беглъ, неслъ).

На лексічным узроўні дыферэнцыйнымі прыметамі з’яўляюцца “такія пласты лексікі, якія не знаходзяць непасрэдных вытокаў у народнай мове і ў той жа час з’яўляюцца характэрнай часткай” старабеларускага слоўніка [А.І Жураўскі., І.І.Крамко:139]. Сярод такіх названы ўласнакніжныя старабеларускія новатворы наступных мадэлей: аддзеяслоўныя назоўнікі на -нье (баченье, доконанье), адпрыметнікавыя назоўнікі на -ость (беглость, глубокость), назоўнікі на -ство (беззаконство, розбойство). Акрамя таго старабеларуская лексічная сістэма вызначаецца вялікай колькасцю паланізмаў, многія з якіх у ХІХ стагоддзі выцеснены ўласнабеларускімі словамі (валка – бойка, вайна; обфитый – багаты, шчодры; уфати – давяраць, спадзявацца). Тое ж справядліва і да лацінізмаў і германізмаў, якія прыйшлі ў старабеларускую мову праз польскае пасрэдніцтва.

Адрозніваецца старое і новае пісьменства і па жанрава-стылістычнай разнастайнасці твораў. Калі старабеларуская мова найперш прадстаўлена помнікамі справавога характару, на другім месцы па колькасці за імі ідуць творы рэлігійныя, на трэцім – свецка-мастацкія, то новая беларуская літаратурная мова прадстаўлена пераважна творамі публіцыстычнымі і мастацкімі.

Не спрыялі пераемнасці пісьмовых традыцый і экстралінгвістычныя фактары: старажытныя рукапісы і старадрукі былі амаль не даступны для стваральнікаў новай беларускай літаратурнай мовы. Калі некаторыя архаічныя граматычныя рысы і выяўляюцца ў помніках ХІХ стагоддзя, то крыніцай іх з’яўляюцца не старажытнае пісьменства, а фальклор і народныя гаворкі.

Такім чынам, у прааналізаваным артыкуле не проста сцвярджаецца адсутнасць пераемнасці, але і акрэсліваецца шэраг прыватных лінгвістычных і гісторыка-культурных пытанняў, якія належаць распрацаваць, каб канчаткова паставіць кропку ў гэтай дыскусіі.

Далей на працягу многіх гадоў А.І.Жураўскаму прыходзілася вяртацца да гэтага пытання, пры гэтым амаль заўсёды сваіх апанентаў ён адсылаў да разгледжанага вышэй артыкула. Сярод гэтых апанентаў былі беларускія калегі – прафесар У.В.Анічэнка6, прафесар А.Я.Баханькоў7, украінскія мовазнаўцы Г.П.Іжакевіч8, прафесар В.М.Русаніўскі9.

Вырашэнне А.І.Жураўскім праблемы пераемнасці паміж старой і новай літаратурнай мовай адлюстравалася ў многіх навуковых распрацоўках. На гэтай пазіцыі грунтуюцца ўсе працы, выкананыя ў сектары гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Распрацаваная методыка вывучэння старабеларускіх пісьмовых помнікаў стала асновай для многіх навуковых даследаванняў.


1 А.І.Жураўскі, І.І.Крамко Важнейшыя адрозненні паміж новай і старой беларускай літаратурнай мовай // Беларускае і славянскае мовазнаўства: Да 75-годдзя акадэміка К.К.Крапівы. Мн., 1972. С. 132-147.

2 Е.Ф.Карский. Белорусы, Т. 3. Очерки словесности белорусского племени. Вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921 і Вып. 7 Літаратура на народнай беларускай мове. Пг., 1922.

3 Б.Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. Вільня, 1918. с. 3.

4 Кандрат Крапіва. Збор твораў. Т. 2. с. 497.

5 П.Я.Юргелевіч. Нарыс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1958; Л.М.Шакун. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1963.

6 У.Анічэнка. Дарогай стагоддзяў // “Полымя”, 1964, №2; Аниченко В.В. Из истории белорусского литературного языка // Известия АН СССР. Серия литературы и языка. – 1972, вып.6.

7 Баханькоў А.Я. Гісторыя працягваецца // Весці АН БССР. Серыя грамадск. навук. – 1971, №3. – С.134 – 137.

8 Г.П.Іжаквич. Українсько-російскі мовні зв’язки радянського часу. Кив, 1969.

9А.Журавськиї. Рэцэнзія на кн. Русанівськиї В.М. Джерела розвитку східнословьянских мов. // Мовознавство. – 1986, №2. – С.70 -72.

Апублікавана ў зб. Беларускае слова: гісторыя і сучаснасць. Зборнік артыкулаў па матэрыялах н авуковых чытанняў, прысвечаных памяці прафесараА.І.Жураўскага. (27 кастрычніка 2009 года, г. Мінск)




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка