Віктарына “Спасцігаючы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”




Дата канвертавання15.03.2016
Памер106.94 Kb.
Культурна-адукацыйны праект

Пуцявінамі перакананага асветніка і таленавітага драматурга”,



прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча


Віктарына

“Спасцігаючы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”



Корбут Лізавета Сяргееўна,

вучаніца 11 класа Дараганаўскага

вучэбна-педагагічнага комплекса

дзіцячы сад-сярэдняя школа

Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці
Настаўнік – Тамашоў Мікалай Васільевіч
1.Які псеўданім быў у Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і як ён з’явіўся?

У двухмоўным творы “Ідылія” беларускае, “хлопскае”, слова не толькі не “прынізіла” мастацкасць твора, але і надало яму жыццёвасць і натуральнасць.

Сельскі войт (стараста) Навум Прыгаворка ўносіць у традыцыйную форму вадэвілю жывое дыханне жыцця. У яго свой погляд на свет – ад жыццёвага вопыту, ад завостранай на працягу стагоддзяў народнай мудрасці. Увесь гэты вобраз як бы сатканы з беларускіх прыказак і прымавак, з тых вузельчыкаў, якія народ завязваў на памяць усё сваё шматвекавое жыццё.

Аўтар не прымушае яго быць сваім рупарам, хаця і вельмі любіць гэтую ролю і сам з задавальненнем выконвае яе на сцэне. Яна блізкая яму сваёй натуральнасцю, якую Дунін-Марцінкевіч перадае з дастатковай праўдзівасцю. І сцэнічны вобраз як бы ахутвае свайго стваральніка, дорыць яму, як світку са свайго пляча, сваё імя: Навум Прыгаворка. Так ахвотна пачынаюць называць Дуніна-Марцінкевіча ў яго атачэнні, так падпісваецца ён у сваіх лістах да сяброў.

З тых пор імя беларускага селяніна стала не толькі псеўданімам пісьменніка, але і як бы дало ў руку пяро, каб ён пісаў ад гэтага імя.
2.Які галоўны сымбаль герба рода Марцінкевічаў і што ён азначае?

Пасля паўстання 1830-1831 гг. царызм, напалоханы развіццём рэвалюцыйных настрояў на новадалучаных абшарах, у ліку іншых рэпрэсіяў на Беларусі пазбавіў дваранскага звання шляхціцаў, якія не маглі пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне адпаведнымі дакументамі. Малады Вінцэнт правёў вялікія геральдычныя росшукі, у выніку якіх дэпутаты з розных паветаў Менскай шляхецкай дэпутацкай зборні пастанавілі запісаць у шостую (найбольш ганаровую: туды ўносілася тытулаваная і старажытная шляхта) частку шляхецкай радаводнай кнігі Менскай губерні “род благородных Марцинкевичей придомка Дунин... признав древними дворянами”.

Сумнявацца ў старажытнасці прозвішча Марцінкевічаў, прыдомка Дунін (прыдомак – з польск. przydomek – дадатак да прозвішча, радавое імя. Паводле паходжання гэта найчасцей мянушка продка, якая замацавалася за ўсім родам ці галіною рода), няма ніякіх падставаў. Продак пісьменніка Пётра пераехаў з дацкага каралеўства ў Польшчу яшчэ ў ХІ ст., дзе памёр нібыта ў 1153 г., паспеўшы паўдзельнічаць у будаўніцтве 77 касцёлаў. Дарэчы, дунін (па-польску dunczyk) – датчанін. І прынёс той Пётра з дацкага каралеўства ў Польшчу герб Лебедзь. І меў той герб выгляд наступны: «белы лебедзь на полі чырвоным, нос і лапкі чорныя».
3.Якое паданне існуе аб знаёмстве і шлюбе В.Дуніна-Марцінкевіча з яго першай жонкай (хто яна?)

Калі верыць адной з ранніх біяграфій пісьменніка, першым яго чыноўніцкім месцам была пасада сакратара ў нейкага пана Бараноўскага, уладальніка ці то прыватнага бюро, ці то пазыковай канторы. Аднак не гэтым пан Бараноўскі ўвайшоў у біяграфію будучага пісьменніка, а тым, што малады служачы "выкраў" у свайго працадаўцы непаўнагадовую дачку.

Чым паланіла Юзэфа Бараноўская юнака – невядома. Напэўна, проста абаяннем маладосці і той светлай захопленасцю жыццём, якія бываюць у рамантычных дзяўчат, калі ім вось-вось павінна споўніцца шаснаццаць.

Гэтая рамантычная захопленасць не магла не адказаць на чыё-небудзь каханне. І неістотна, што ў вачах бацькоў яе «рыцар» быў «гарбатым мужланам», «бедняком». Для маладзенькай дзяўчыны серэнада пра пунцовую ружу і салаўя ўпершыню прагучала з яго вуснаў. І маладое пачуццё не захацела падпарадкавацца волі бацькоў.

Снежаньскай ноччу 1831 года Вінцэнт выкраў сваю каханую з бацькоўскага дома, і яны таемна павянчаліся.

Зразумела, пасля гэтага працягваць службу ў разгневанага цесця было ўжо немагчыма. Трэба было шукаць новае месца...


4.Што адметнага ў строі, апранутым на Дуніну-Марцінкевічу на фотаздымку, які выкарыстоўваецца амаль ва ўсіх падручніках?

Вядома, што сфатагравацца ў той час было не так ужо і проста: і каштавала дорага, і працэс фатагравання быў марудны.

На хрэстаматыйным здымку мы бачым Марцінкевіча ў тыповым для таго часу фатаграфічным павільёне. Зняты на поўны рост. Сядзіць на якімсьці зэдлі ці стылізаваным крэсле, у годнай позе. Спакойны, засяроджаны. Адкрыты добры твар. Адна рука на калене. Другая на стольнічцы з разьбянай ножкай. На пісьменніку па-хатняму расхінуты кунтуш-чамарка – сімвал паўстанцкага духу. Пад ім клятчастая камізэлька. Гальштук-караватка крыху збіўся набок. Каб зрабіць адзін фотанегатыў, трэба было сядзець перад фотакамерай нерухома, нават вокам не міргнуць, не менш як паўгадзіны. От чаму Дунін-Марцінкевіч не мог нават гальштук свой паправіць, хоць, пэўна, адчуваў, што з ім нешта не так. Праз плячо перакінуты раменьчык, на якім, магчыма, пісьменнік насіў гадзіннік ці кісет. Дыхтоўныя, добра наваксаваныя боты, суконныя штаны навыпуск.

Самая цікавая дэталь на здымку – паперы, якія В.Дунін-Марцінкевіч дэманстратыўна трымае ў левай руцэ: маўляў, я ёсць пісьменнік і гэта сведчу, гэтым ганаруся.

Калі меркаваць па знешнасці, адбітай на здымку, пісьменніку можна даць гадоў 40-45. Гэта была для яго пара творчых парыванняў і пошукаў. Жыццё яго яшчэ нічым асабліва не азмрочана.
5.У якім творы аўтар расказвае пра сябе?

Напэўна, гэта верш «Хіба я стары?»


Пачаўшы спачатку пісаць свае творы па-польску і па-беларуску, В.Дунін-Марцінкевіч паступова поўнасцю пераходзіць на беларускую мову. Па-беларуску ў яго загаварылі не толькі сяляне, але і паны. З’яўленне твораў на беларускай мове віталі многія, у тым ліку паэт Уладзіслаў Сыракомля, які і сам часам пісаў па-беларуску. Але былі і такія, якія дакаралі В.Дуніна-Марцінкевіча, што ён, здольны мастак слова, абраў “мужыцкую” мову. Сваім апанентам у вершы “Хіба я стары?” ён адказаў: “Ваш суд мне не страшны, хай злосна скавыча У будцы сабака, увагі на пса не звярну я”.
6.Калі Дунін-Марцінкевіч пачынае сур’ёзна займацца літаратурнай творчасцю?

У 1840 г. В.Дунін-Марцінкевіч збіраецца з сям’ёй – жонкай і дачкой Камілай – ехаць у Карлсбад на воды. Ужо выпраўляюцца замежныя пашпарты. Аднак за мяжу яго не пускаюць, і план даводзіцца змяніць. Сабраныя грошы ідуць на набыццё невялікага фальварка Люцінка, у 40 вёрстах ад Мінска.

Гэта было не толькі выгаднае набыццё, але і жаданае для сэрца Дуніна-Марцінкевіча. Невялікі дом з залапленай гонтавай страхой на ўзгорку сярод парослага ляшчынай лугу непадалёк ад чыстаплыннай Іслачы так нагадваў яму родны куток, дзе прайшло яго дзяцінства.

Вызваліўшыся ад службы, толькі цяпер па-сапраўднаму стаў займацца Дунін-Марцінкевіч літаратурнай творчасцю. Менавіта ў гэты час у яго з’явіўся, па ўспамінах сучаснікаў, і той вялізны легендарны куфар, куды ён хаваў усё ім напісанае і дзе захоўваў чыстую паперу і пісьмовыя прылады.


7.Назавіце раннія творы Дуніна-Марцінкевіча.

На пачатку восені 1841 г.на сценах дамоў і драўляных платах губернскага Мінска з’явіліся афішы-запрашэнні на спектакль: дзве камічныя п’есы на рускай і оперу на польскай мовах...

Аўтарамі оперы, дакладней будзе – аперэты, “Яўрэйскі рэкруцкі набор” значыліся Марцінкевіч і Крыжаноўскі.

Гэта – першае афіцыйнае ўпамінанне В.Дуніна-Марцінкевіча як аўтара літаратурнага твора. Значыўся Вінцэнт у афішы і як выканаўца адной з роляў оперы.

Ад ранніх сцэнічных твораў Дуніна-Марцінкевіча захаваліся толькі назвы – “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейная вада”, “Рэкруцкі яўрэйскі набор”. Недзе праз 5 год пішацца лібрэта оперы “Ідылія” (“ Sielanka”), якой і суджана было стаць першай кнігай Беларускага Дудара.
8.Як называўся першы тэатральны калектыў, створаны В.Дуніным-Марцінкевічам?

Тэатр Дуніна-Марцінкевіча – першы беларускі нацыянальны тэатр сучаснага тыпу. Існаваў у 1840-50-я гады. Асновы тэатра закладзены ў пачатку 1840-х гг. яго драматычнымі творамі “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейная вада”, “Сялянка”. З другой паловы 1840-х гг.Дунін-Марцінкевіч, які стаў у цэнтры літаратуры і ўвогуле ўсяго культурнага руху на Беларусі, пашыраў ідэю стварэння прафесійнага тэатра. Арганізацыі яго папярэднічалі аматарскія чытанні (пастаноўка ім на дабрачынным вечары ў Мінску ў 1841 г. п’есы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”), публічныя выступленні пісьменніка разам са сваімі дзецьмі на музычных канцэртах, якія мелі поспех у гледачоў.

Ролю акцёрскага гуртка Дуніна-Марцінкевіча цяжка пераацаніць. Ён абуджаў грамадскую думку, фарміраваў нацыянальную свядомасць, спрыяў развіццю беларускай культуры.
9.Хто з вядомых капазітараў таго часу пісаў музыку і да якіх пастановак В.Дуніна-Марцінкевіча?

Музыку да оперы “Ідылія” напісалі вядомы кампазітар Станіслаў Манюшка і скрыпач Мінскага музычна-драматургічнага гуртка Канстанцін Кржыжаноўскі.


10.Які твор Адама Міцкевіча пераклаў Дунін-Марцінкевіч на беларускую мову?

В.Дунін-Марцінкевіч асабліва захапляўся паэзіяй А.Міцкевіча, пераклаў на беларускую мову яго паэму “Пан Тадэвуш” і дзве быліцы гэтага твора надрукаваў у 1859 г у Вільні. Выданне распаўсюджвалася па падпісцы. Здзіўляе шырокая геаграфія – ад Смаленска да Коўна – і сацыяльны склад – ад князёў да простых сялян-падпісчыкаў. Гэта гаворыць не толькі аб шырокай вядомасці аўтара перакладу і аб папулярнасці твора (“Пана Тадэвуша”), а і – у значнай ступені – аб вялікай цікавасці да беларускай мовы. Можна сцвярджаць пра пэўны ўплыў А.Міцкевіча на шмат якія творы Беларускага Дудара. А мабыць, гэтая агульнасць кідаецца ў вочы таму, што ў творах абодвух паэтаў выкарыстана адна і тая ж крыніца – беларускі фальклор.


11.Чаму Дунін-Марцінкевіч быў арыштаваны і знаходзіўся пад следствам у 1863 г.?

Набліжалася адмена прыгону. Гэтая падзея падштурхоўвалася незадавальненнем, якое нарастала ў народзе. Яго распальвала ў першую чаргу нелегальная літаратура. З’явілася “Адозва сына Айчыны”. Аб ёй было дакладзена цару, які прыслаў у Вільню чыноўніка для пошуку аўтара гэтай адозвы. І той знайшоў...В.Дуніна-Марцінкевіча, якому прыпісаў (у данясенні губернатару), што пісьменнік “рассылаў у заходнія губерні бунтоўныя адозвы да літоўцаў”. І далей указвалася, што “гэты самы Марцінкевіч напісаў твор на народнай мове пад загалоўкам “Гутарка старога дзеда”, дзе паказвае лёс Літвы ў вершах ад 1792 г. да цяперашняга часу... Цяпер яшчэ Марцінкевіч пераклаў на народную мову гімн “Божа, што Польшчы...”. Адзіны доказ быў, што Марцінкевіч піша на той жа мове, што і аўтар “Гутаркі старога дзеда”. Аднак Віленскі генерал-губернатар Назімаў, які ў той час праводзіў палітыку заігрывання з мясцовай шляхтай, не надаў гэтаму паведамленню належнай увагі. В.Дунін-Марцінкевіч пакуль што застаўся на волі. Але новыя падзеі прымусілі прыгадаць гэтыя яго грахі.

На палітычную арэну Беларусі як грамадскі дзеяч выступіла яго дачка Каміла. Прыпомнілі бацьку і вырашылі яго затрымаць, але не засталі дома. І дзе ён быў, ніхто нават з блізкай радні не мог пэўна сказаць. 600 дзён беспаспяховых пошукаў прайшло, покуль яго знайшлі і арыштавалі. В.Дунін-Марцінкевіч у гэты час быў у мястэчку Свір, якое ўваходзіла ў склад былога Свянцянскага павета – другога па занчэнні цэнтра рэвалюцыйных падзей 1863 г.

Ці выпадкова В.Дунін-Марцінкевіч апынуўся тут, у адным з цэнтраў рэвалюцыйнага вогнішча? Думаецца, не! І тое, што яго доўга шукалі і не маглі знайсці, таксама аб чымсьці гаворыць. Ён быў адвакат і пры тым празорлівы чалавек. Калі пры арышце ў яго былі агледжаны ўсе рэчы і паперы, нічога забароненага ў іх не знайшлі. Абвінавачванне, прад’яўленае яму, адмаўляў. Больш таго, на следстве ён спрабуе нават паказаць сябе верным слугой царскага ўрада, спаслаўшыся на свой твор “Гапон”. А тое, што яго ваяж быў вялікі – з 1860 па 1863 г., – то і тут ён меў апраўданне, бо, бачыце, выконваў даручэнні розных паноў. На ўсё меў ён абгрунтаваны доказ, цалкам адмаўляў на следстве свой удзел у паўстанні 1863 г. У доказ нават меў пасведчанне ад мясцовага начальства аб сваёй лаяльнасці. Поўнае алібі.

Аднак не паверыў яму мінскі губернатар: “Марцінкевіч у абвінавачваннях гэтых не прызнаўся, і зробленым расследваннем не выяўлена юрыдычных доказаў, каб выкрыць яго ў гэтых злачынствах, але прымаючы пад увагу, што ў маёнтку Марцінкевіча Люцынцы пры вобыску (1861 г.) знойдзены адзін друкаваны і два літаграваныя экземпляры малітвы за айчыну, без цэнзуры, што з сям’і Марцінкевіча яго жонка Марыя і дочкі Камілія і Цэзарына прымалі дзейсны ўдзел у былых дэманстрацыях... я прыходжу да перакананняў, што памешчык Марцінкевіч... у палітычных адносінах не можа лічыцца добранадзейным”. І далей указвалася, што ён заслугоўвае высылкі з краю, але, зважаючы на яго пажылыя гады, яго пакінулі на месцы жыхарства і ўстанавілі за ім паліцэйскі нагляд, а з належнага яму маёнтка спаганялася 30% збору. Такое пакаранне атрымаў наш паэт-Дудар пасля больш чым гадавога турэмнага зняволення.
12.Які твор пісьменніка праляжаў у рукапісе цэлае стагоддзе і чаму?

Я не знайшла ніводнае згадкі пра які-небудзь адзін твор, які праляжаў у шуфлядзе цэлы век. Затое ведаю дзве п’есы, кожная з якіх паўстагоддзе не магла пабачыць свет.

...Снежаньскім надвячоркам 1865 г. В.Дунін-Марцінкевіч вярнуўся з астрогу дамоў. Колькі дзён хадзіў маўклівы, задуменны. Затым узяў стосік паперы і на верхнім аркушы напісаў”Пінская шляхта”: фарс-вадэвіль”. У ёй і сапраўды ёсць шмат чаго і ад фарсу, і ад вадэвілю. Іх адзнакі найбольш выяўляюцца там, дзе нязлосна высмейваецца ваколічная шляхта, яе праз меру вялікая саслоўная фанабэрыстасць. Гэтыя старонкі перш за ўсё смешаць, весяляць. Але вось паяўляюцца Кручкоў з Пісулькіным, і нам становіцца ўжо не толькі смешна. Драматург ужо не так высмейвае, як выкрывае. Добразычлівы гумар змяняецца сатырай: адмоўна паказана дзейнасць дзяржаўнай установы – суда. Надзелены ўладай, станавы прыстаў адчувае сябе беспакараным. Шляхта ж падпарадкоўваецца яму, бо ёй няма ў каго шукаць заступніцтва. Суд, які чыніць “найяснейшая карона”, не выпадковасць, а правіла, пераканальнае сведчанне заганнасці таго сацыяльнага ладу, якому ён служыць, які ахоўвае. Зразумела, такі твор цэнзура не магла дазволіць друкаваць. І толькі ў 1918 г. “Пінская шляхта” пабачыла свет у “Вольнай Беларусі”.

Такі ж лёс напаткаў п’есу “Залёты” (1870 г.). Галоўны герой Сабковіч – натура хцівая, самаўпэўнены дзялок, які нічым не грэбуе, абы разбагацець. Усё яго жыццё – адно ашуканства. Цэнзура не прапусціла твор, дзе выкрываецца амаральны прадстаўнік буржуазіі, якая інтэнсіўна набірала сілу ў паслярэформеннай Расіі. Надрукаваныя “Залёты” былі таксама ў 1918 г. у той жа “Вольнай Беларусі”.


13.Як бы вы асабіста вызначылі ролю і месца Дуніна-Марцінкевіча ў гісторыі айчыннага пісьменства?

В.Дунін-Марцінкевіч – адзін з першых прафесійных беларускіх пісьменнікаў, які ствараў творы на мове свайго народа, а не суседніх. Не толькі заяўляць, што “наша мова для нас святая”, але і пісаць на гэтай забароненай мове ў час, калі царскім урадам не прызнавалася нават існаванне “асобнага племя беларускага” – сапраўдны подзвіг. Бо было нямала шляхты, якая адвярнулася з-за гэтага ад пісьменніка. Ды і падазрэнні ўлады ў аўтарстве “крамольных” твораў іменна з-за іх беларускамоўнасці былі адной з прычын гадавога знаходжання пад следствам у турме.

Яго пераклад з польскай мовы на беларускую “Пана Тадэвуша” дазволіў пазнаёміць беларусаў з творчасцю Адама Міцкевіча.

В.Дунін-Марцінкевіч стварыў першы беларускі нацыянальны тэатр сучаснага тыпу, для якога не толькі пісаў п’есы, але і разам са сваімі дзецьмі ставіў спектаклі.

З другой паловы 1840-х гг. Дунін-Марцінкевіч стаў не толькі ў цэнтры беларускай літаратуры, але і ўвогуле ўсяго культурнага руху на Беларусі.

В.І.Дунін-Марцінкевіч аказаў значны ўплыў на фарміраванне светапогляду Антона Лявіцкага, будучага беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш., калі той яшчэ малым вучыўся ў Люцінцы ў створанай Вінцэнтам Іванавічам на ўласныя грошы маленькай школцы, у якой Дунін-Марцінкевіч сам жа і настаўнічаў.



Спіс выкарыстаных крыніц


1.Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі, т.2, Мн., Выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 1985.

2.Винцент Дунин-Марцинкевич. Избранное. Мн., Мастацкая літаратура, 1991.

3.Беларуская мова і літаратура ў школе, № 9, 1991.

4.Беларуская мова і літаратура, № 2, 2008.



5.Роднае слова. Штомесячны навуковы і метадычны часопіс, № 1, 2008.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка