Выкарыстанне іт для вырашэння актуальных задач беларускай археалогіі




Дата канвертавання15.03.2016
Памер303.27 Kb.


БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

На правах рукапісу

УДК 903:550.3

Курловіч-Бяляўская

Паліна Сяргееўна

Выкарыстанне ІТ для вырашэння актуальных задач беларускай археалогіі

Выпускная праца па


“Асновах інфармацыйных тэхналогій”

Магістранта кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін

Спецыяльнасць 07.00.06 - археалогія

Навуковыя кіраўнікі:


кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ваганава А.М.,
старэйшы выкладчык Кожыч П.П.

Мінск 2012

ЗМЕСТ


ЗМЕСТ 3

пералік умоўных пазначэнняў 4

уводзіны 5

раздзел 1

агляд літаратуры 7

раздзел 2

методыка даследавання 9

раздзел 3

выкарыстанне іт у археалогіі на сучасным этапе 10

3.1 Агульная характарыстыка выкарыстання ІТ у археалагічных даследаваннях 10

3.2 Выкарыстанне ГІС - тэхналогій у археалогіі 13

3.3 Выкарыстанне САПР у археалогіі 15

3.4 СКБД у археалагічных даследаваннях 16

раздзел 4

абмеркаванне атрыманых вынікаў 18

заключэнне 19

бібліяграфічны спіс 20

Дадатак А 22

Прадметны паказальнік 22

дадатак б 23

Інтэрнэт-рэсурсы ў абранай вобласці даследавання 23

дадатак в 27

Асабісты сайт 27

дадатак г 28

Граф навуковых інтарэсаў 28

дадатак г 28

дадатак д 30

Тэставыя пытанні па асновах інфармацыйных тэхналогій 30

дадатак е 31

Прэзентацыя магістэрскай дысертацыі 31

дадатак е 32




пералік умоўных пазначэнняў


БД – база дадзеных

ГІС – геаграфічная інфармацыйная сістэма

ІТ – інфармацыйныя тэхналогіі

САПР – сістэма аўтаматызаванага праэктавання дадзеных

СКБД – сістэма кіравання базамі дадзеных

GPS – Global Positioning System


уводзіны


Археалогія – гэта навука аб мінулым чалавецтва ў першую чаргу па матэрыяльных рэштах яго жыццядзейнасці. Гэтае стандартна прынятае ўва ўсіх падручніках азначэнне натуральна зусім не раскрывае спецыфіку археалагічнага спазнання, якое ажыццяўляецца на аснове сукупнасці пэўных метадаў археалагічнага даследавання. Калі не паглыбляцца ў шматлікія ньюансы метадалогіі археалогіі і тэарэтычнай археалогіі, што не ўваходзіць у межы нашай працы, можна выявіць гэты працэс у выглядзе наступнай спрошчанай схемы. Археолаг (суб’ект даследавання) працуе над пэўнай праблемай мінулага чалавецтва (аб’ект даследавання) праз прызму пэўнай спецыфікі гэтай праблемы (прадмет даследавання). Пры гэтым крыніцамі такой працы з’яўляюцца ў першую чаргу матэрыялы, здабытыя ў выніку палявых даследаванняў (археалагічных раскопак). Спалучэнне вынікаў аналізу гэтых крыніц з інфармацыяй іншых навук (гісторыі, этналогіі, антрапалогіі, лінгвістыкі, мастацтвазнаўства і да т.п.) дазваляе даследчыку перайсці на новы ўзровень, з уласна археалагічнага на агульнагістарычны.

Археалогія, верагодна, больш за ўсе іншыя гуманітарныя навукі патрабуе выкарыстання ІТ навукоўцамі-археолагамі. Прычым можна вылучыць 4 стадыі такога выкарыстання. Першая стадыя папярэднічае палявой працы археолага. Другая супадае з ёй. Трэцяя, самая істотная на нашу думку, уяўляе сабой стадыю апрацоўкі матэрыяла. Нарэшце, апошняя, чацвёртая стадыя дазваляе візуалізаваць атрыманыя вынікі і прадставіць іх як на суд навуковай супольнасці, так і дэманстраваць усім, хто цікавіцца мінулым.

Ва ўсім свеце, невыключаючы краіны СНД, археолагі працуюць са значнай колькасцю разнастайнага ПЗ. Большасць такіх праграм не ствараецца спецыяльна для археолагаў, але іх пэўныя ўласцівасці адаптуюцца для вырашэння канкрэтна археалагічных задач. Акрамя гэтага, існуе і спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Тэрыторыя Беларусі фактычна да сённяшняга дня застаецца белай плямай у сферы выкарыстання ІТ у археалогіі. З гэтай прычыны значную актуальнасць уяўляе пошук і распрацоўка цэлых накірункаў сімбіёзу археалогіі і ІТ. Наступным этапам магло б стаць стварэнне ўласнага беларускага праграмнага забеспячэння для археолагаў, якое магло б заняць сваё пачэснае месца ў сусветных маштабах. Незабываючыся на гэты момант як на галоўную канчатковую мэту, заўважым неабходнасць першапачатковага знаёмства з ужо існуючымі ў свеце распрацоўкамі і пераносам іх для вырашэння канкрэтных задач беларускай археалогіі. Гэта і будзе з’яўляцца асноўнай мэтай нашай працы. Для яе дасягнення неабходна вырашыць наступныя задачы: прааналізаваць даступную літаратуру (у тым ліку і Internet-рэсурсы) па тэме і вызначыць што з наяўных распрацовак і якім чынам можа выкарыстоўвацца для вырашэння актуальных задач беларускай археалогіі; вызначыцца з методыкай выкарыстання канкрэтнага праграмнага забеспячэння, выявіць ступень мэтазгоднасці яго выкарыстання, адпаведнасць пастаўленым задачам; прааналізаваць якім канкрэтна чынам ІТ могуць выкарыстоўвацца ў беларускай археалогіі і якія ўмовы неабходна для гэтага выканаць; на аснове атрыманых вынікаў прасачыць перспектывы развіцця выкарыстання ІТ у беларускай археалогіі і распрацаваць канкрэтны план пераходу да практычнага ажыццяўлення гэтага.

раздзел 1

агляд літаратуры


Ужо напачатку ХХ стагоддзя пачалося выкарыстанне матэматычных метадаў і інфармацыйных тэхналогій у археалогіі. Яшчэ ў 1920-х гадах распачалося выкарыстанне метадаў варыяцыйнай статыстыкі і геаметрыі ў працах расійскіх археолагаў [2, с. 21]. Упершыню на Захадзе ў гэты ж час матэматычныя метады пачалі ўжывацца ў Велікабрытаніі [4, с. 51]. Працы Брэйнерда і Робінсана паказалі магчымасць фармуліравання і вырашэння матэматычных задач у археалогіі [2, с. 21].

У пасляваенныя гады быў назапашаны значны досвед ужывання матэматычных і камп’ютарных метадаў у археалогіі, існуе істотны шэраг даследаванняў і публікацый па гэтых пытаннях. За гэты час з'явіўся шэраг аглядаў па гісторыі ўжывання матэматычных метадаў і камп’ютараў у археалогіі. Дадзеная сітуацыя стала вынікам паскоранага роста дасягненняў у вобласці інфармацыйных тэхналогій, якія вызначалі характар пастаўленых перад археалогіяй пытанняў. Так, з'яўленне магутных камп’ютараў і магчымасць ажыццяўляць шматварыянтны статыстычны аналіз адрадзіла ў канцы 1960 - пачатку 1970-х гадоў цікавасць археолагаў да класіфікацый [2, с. 21].

Афармленне новай самастойнай галіны інфарматыкі – тэхналогіі баз дадзеных (БД), дало магчымасць напачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя апрацоўкі вялікіх аб’ёмаў археалагічнага матэр’ялу, што паспрыяла развіццю глабалізацыі ў археалогіі, вылучэнню агульных рыс і культурных уплываў на вялікіх тэрыторыях [10]. Значны штуршок ужыванне камп’ютарнай тэхнікі надало даследаванням ў галіне палеанталогіі і дэндрахраналогіі. Пашырылася выкарыстанне фота-, касмічных і аэраздымкаў дадзеных археалагічных аб’ектаў [10]. Такім чынам, у наш час узніклі спецыялізаваныя навуковыя кірункі ў археалогіі: “матэматычная археалогія”; “археалагічная статыстыка” і г.д. [2, с. 21].

У наш час існуе значная колькасць разнастайных публікацый, прысвечаных праблемам ІТ у археалогіі [напрыклад, 1 – 13]. Аднак айчынная археалагічная літаратура фактычна не закранае такіх пытанняў, што робіць асабліва актуальным іх распрацоўку беларускімі археолагамі. У большасці выпадкаў аўтары аналізуюць свой уласны вопыт выкарыстання ІТ у канкрэтных даследаваннях. Вялікая ўвага надаецца тэарэтычным аспектам праблемы. Пры гэтым часам погляды навукоўцаў могуць прымаць абсалютна супрацьлегыя пазіцыі: ад поўнага адмаўлення ІТ як непрымальных для спецыфікі археалагічнага даследавання да надавання ім ролі ключа ад вырашэння ўсіх праблем, з якімі можа сутыкнуцца даследчык [2, с. 22].

Заўважым, што толькі з ўзгадненнем прадметнай вобласці і метадаў уласна археалогіі з адпаведнымі метадамі матэматыкі, камп’ютарных тэхналогій апрацоўкі, аналізу і візуалізацыі інфармацыі стане мажлівым казаць пра іх, як пра навуковыя кірункі, якія цалкам сфармаваліся. Каб гэта стала мажлівым, неабходна арганізаваць правядзенне шматлікіх практычна накіраваных даследаванняў. Прадукцыйны варыянт такой працы бачыцца нам у стварэнні навукова-даследчых лабараторый, якія б займаліся распрацоўкамі канкрэтных праектаў па выкарыстанні ІТ у археалогіі. Такія практычныя дзеянні дазволяць у будучым падвесці іх пад пэўную тэарэтычную базу і такім чынам прыйсці да кансэнсусу ў рэгламентацыі міждысцыплінарных сувязяў паміж археалогіяй і сферай інфармацыйных тэхналогій.

раздзел 2

методыка даследавання


У структуры любых навуковых ведаў можна вылучыць два фундаментальныя ўзроўні: эмпірычны і тэарэтычны. Асноўнымі метадамі эмпірычнага даследавання выступаюць: назіранне, эксперымент і вымярэнне. Для тэарэтычнага ўзроўня больш характэрныя такія метады, як ідэалізацыя і фармалізацыя, метад узыходжання ад абстрактнага да канкрэтнага, гістарычны і лагічны метады [7, с. 204]. Археалагічная навука не можа існаваць і развівацца без ужывання агульналагічных метадаў: аналізу і сінтэзу, індукцыі і дэдукцыі, абстрагавання і абагульнення, аналогіі і мадэлявання [7, с. 208]. Менавіта такія метады і выкарыстоўваліся намі пры выбары тэмы, адборы і разгляду матэрыялу.

У метадалагічным плане праца заснавана на прынцыпах аб’ектыўнасці і комплекснага падыходу. Першы з іх забяспечваецца адзінствам і ўзаемасувяззю выкарыстаных метадаў, другі заснаваны на ўсебаковым вывучэнні і аналізе аб’екту даследавання.

Шырокае ўжыванне ў археалагічных даследаваннях прыродазнаўча-навуковых метадаў: колькасных, матэматыка-статыстычных, мадэлявання і інш., прывяло да ўзнікнення спрэчкі аб гуманітарным або тэхнічным характары археалагічных ведаў. Пакінем гэтую акалічнасць без каментароў, аднак зазначым, што магчымасць выкарыстання нетрадыцыйных метадаў гістарычнага даследавання дазваляе археалогіі атрымліваць больш шырокі дыапазон інфармацыі, чым звычайнай гістарычнай навуцы.

Такім чынам, шырокае кола крыніц даследавання дае мажлівасць спалучэння ў археалогіі як традыцыйных, так і нетрадыцыйных метадаў даследавання. На фоне гэтага асабліва актуалізуюцца памкненні ўніфікаваць межы выкарыстання кожнай групы метадаў і знайсці шляхі іх лагічнага спалучэння. Папярэдне можна выказаць меркаванне аб аблягчэнні такой працы шляхам выкарыстання ІТ, але пацвердзіць ці абвергнуць гэта дазволяць толькі будучыя грунтоўныя даследаванні і распрацоўкі.


раздзел 3

выкарыстанне іт у археалогіі на сучасным этапе

3.1 Агульная характарыстыка выкарыстання ІТ у археалагічных даследаваннях


У існуючым шэрагу інфармацыйных тэхналогій можна вылучыць групы, якія будуць удзельнічаць у стварэнні, назапашванні, рэпрэзентацыі, апрацоўцы і перадачы археалагічных дадзеных [2, с. 19]. Фундаментальнымі ў гэтым шэрагу выступаюць тэхналогіі стварэння археалагічнай інфармацыі. У іх структуру ўваходзяць усе спосабы фарміравання першасных дадзеных, якія суправаджаюць працэсы палявых і камеральных археалагічных даследаванняў, уключаючы працу з літаратурнымі крыніцамі і апрацоўку масавага археалагічнага матэр’ялу. Найбольш істотнымі крытэрыямі выкарыстання падобных тэхналогій выступаюць поўнасць, дакладнасць і адэкватнасць сфармаваных дадзеных. Асноўнай з’яўляецца задача забяспечыць магчымасць выкарыстання сучасных кампутарных метадаў і сродкаў [2, с. 20]. Пры гэтым неабходна вызначыць наколькі такое выкарыстанне будзе з’яўляцца мэтазгодным, каб не займацца фінанса- і часаёмкім працэсам выключна дзеля самаго працэсу.

Працягам тэхналогій стварэння археалагічных дадзеных з’яўляюцца тэхналогіі іх назапашвання. Яны ўключаюць у сябе працэдуры па актуалізацыі захоўваемых дадзеных і мадыфікацыю формы выяўлення інфармацыі. І ў тэхналогіях стварэння, і ў тэхналогіях назапашвання інфармацыі галоўным з’яўляецца прывядзенне яе да віду і формаў, якія найбольш будуць адпавядаць даследчыцкім задачам [2, с. 20].

Тэхналогіі рэпрэзентацыі (доступу да) інфармацыі археалагічных даследаванняў з’яўляюцца працягам тэхналогій стварэння і назапашвання. Сюды ў першую чаргу ўключаюцца працэдуры і аперацыі па забеспячэнні зручнага карыстання сабранымі дадзенымі, дзейснай абароны ад несанкцыянаваных дзеянняў карыстальнікаў і збояў у абсталяванні. Істотнае значэнне надаецца ўдалённай апрацоўцы дадзеных [2, с. 20].

Тэхналогіі апрацоўкі дадзеных з’яўляюцца найбольш істотнымі ў структуры археалагічнай інфарматыкі. Яны фактычна ўяўляюць сабой комплекс функцыянальных падсістэм, пад якія павінны падладжвацца іншыя тыпы тэхналогій. Менавіта пры апрацоўкі дадзеных задзейнічаны асноўныя мадэлі, метады, алгарытмы і тэхналогіі па сучасных формах археалагічных даследаванняў з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў. Іх выкарыстанне дазволіць стрыміваць новыя веды аб жыцці людзей і прыродных працэсах у мінулым за кошт абагулення наяўных археалагічных дадзеных і вылучэння з іх найбольш істотнай інфармацыі метадамі інфарматыкі [2, с. 20].

Тэхналогіі перадачы дадзеных прадугледжваюць размеркаваную і ўдалённую апрацоўку і захоўванне інфармацыі. У першую чаргу, гэты працэс звязаны з выкарыстаннем сецевых тэхналогій (галоўным чынам тэхналогіі лакальных сетак) і дыстанцыйнга доступу па каналах глабальных інфармацыйных сетак [2, с. 21]. Такія тэхналогіі аднолькавыя для розных сфер выкарыстання, у тым ліку яны ўжываюцца і ў археалогіі. Асаблівую актуальнасць уяўляе стварэнне навуковых WWW-сервераў, на якіх было мажліва назапашваць інфармацыю. Іх структура павінна ўключаць у сябе некалькі блокаў: агульная інфармацыя (дадзеныя аб арганізацыі і яе кантакты), блок навуковай інфармацыі (інфармацыя аб даследчыках, іх навуковых праектах, архіўныя матэрыялы і г.д.), дапаможныя дадзеныя (спасылкі і да т.п.) [8, с. 190]. Асобным пытаннем, на нашую думку, з’яўляецца праблема доступу да інфармацыі, змешанай на серверы. Некаторыя матэрыялы могуць утрымліваць звесткі, якія могуць выкарыстоўвацца пры незаконных раскопках, таму неаходна ці праводзіць выбарку інфармацыі, ці абмяжоўваць доступ карыстальнікаў. Нельга забывацца і на неабходнасць выканання аўтарскага права.

Археолагі, як і ўсе навукоўцы на сённяшні дзень, карыстаюцца тэкставымі рэдактарамі і выдавецкімі сістэмамі [1]. Гэта неабходна для таго, каб ствараць тэкст, устаўляць у яго пэўныя аб’екты, фарматаваць неабходным чынам. Сюды ж можна аднесці і сістэмы аўтаматычнага распазнавання тэкста, выкарыстанне якіх дазваляе працаваць з адсканаванымі матэрыяламі. Неабходнае для такой працы абсталяванне і праграмнае забеспячэнне трывала ўвайшлі ў паўсядзённае выкарыстанне і разглядаюцца як неад’емнае частка навуковай працы. Сюды ж можна аднесці і выкарыстанне графікаў і табліц для апрацоўкі і візуалізацыі вынікаў археалагічнага даследавання. Найбольш папулярным праграмным забеспячэннем для названых вышэй аперацый з’яўляецца Microsoft Office, але існуе і вялізнае мноства іншых цікавых і карысных рэдактараў.

Найважнейшай для навукоўца-археолага з’яўляецца графічная інфармацыя. Яе аб’ёмы, складанасці з візуалізацыяй і затраты часу на стандартнае выкананне большасці археалагічнай дакументацыі (чарцяжы, планы, замалёкі і да т.п.) прыводзяць да непазбежных пошукаў высокаякаснага спрашчэння працы з графікай шляхам выкарыстання ІТ у дадзенай сферы. Для працы з ілюстрацыямі (структурнымі схемамі, малюнкамі прадметаў, рэканструкцыямі, планамі паверхняў і інш.) выкарыстоўваюцца разнастайныя графічныя рэдактары ў залежнасці ад тыпу графікі (вектарнай ці растравай [6, с. 14]). Большымі магчымасцямі валодаюць сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР), якія маюць сістэму каардынат ў дачыненні да рэальнага свету і валодаюць большымі магчымасцямі па аперацыях са слаямі і тэмамі дадзеных [1]. Вышэйшым узроўнем працы з графікай з’яўляецца стварэнне 3-мерных мадэлей раскопаў, контураў паверхні, шчыльнасці размеркавання знаходак.

Шэраг тэхнічных сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца пад час археалагічных даследаванняў, шырокі і разнастайны. Наша цікавасць да іх у межах рэферата выклікана тым, што такія сродкі дазваляюць атрымліваць вынікі, якія лёгка пераводзяцца ў электронны фармат і ў наступным могуць і павінны апрацоўвацца пры дапамозе ІТ. Абагуленна магчыма выдзеліць дзве асноўныя групы: электронная апаратура, якая выкарыстоўваецца ў працэсе палявой працы і лабараторнае абсталяванне. Электронная апаратура прадстаўлена такімі тэхнічнымі сродкамі як электронныя нівеліры і тэадаліты, GPS-навігатары, трынгуляцыйныя лакатары, пантографы [1], лічбавыя камеры, лазерныя ўзроўні і г.д. Лабараторнае абсталяванне прадстаўлена электроннымі мікраскопамі, вымярэннямі з выкарыстаннем прыбораў пазіцыянавання (даўжыня, шырыня, плошча, перыметр, форма артэфактаў, планы помнікаў), відэазахопам і аналізам малюнкаў, каліброўкай па С14 і г.д. [1].

Вельмі істотнай праблемай з’яўляецца візуалізацыя вынікаў археалагічнага даследавання. Мультымедыйныя ІТ могуць вырашаць як задачы, непасрэдна звязаныя з навуковымі патрэбамі ў археалогіі, так і задачы, звязаныя з папулярызацыяй гэтай навукі. І апошняе з’яўляецца асабліва актуальным у тых умовах, калі абсалютна большая частка грамадства, якая не мае доступу да вынікаў археалагічных даследаванняў, не бачыць у іх сэнсу, што спрыяе сярод іншага падтрымцы ў гэтым асяроддзі “чорнага” капацельства. Мультымедыйныя тэхналогіі дазваляюць інтэграваць у адзінай сістэме як традыцыйныя віды інфармацыі ў выглядзе графічных выяў, сімвалаў, тэксту і табліц, так і нетрадыцыйныя віды (музыка, маўленне, гукавыя эфекты, відэа і да т.п.) [3, с. 147]. У выніку спажывец тэхналогіі становіцца не проста гледачом, але і рэжысёрам разгортваемага сцэнару [3, с. 148].

Даступнасць і магчымасць зручнага выкарыстання дадзеных можа несці і адукацыйную функцыю. Выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій у навучальных праграмах (адносна археалагічных дадзеных) дазволіць стварэнне віртуальных мадэлей помнікаў і працэсу іх даследавання. Яскравым прыкладам могуць выступаць сучасныя віртуальныя мадэлі мастацкіх і нацыянальных музеяў свету, якія распаўсюджваюцца на CD-ROM [1]. Большасць адукацыйных тэхналагічных прыстасаванняў, якія распрацоўваліся і выкарыстоўваліся апошнія 30 - 40 гадоў (эпідыяскопы, дыяпраэктары і інш.) і патрабавалі спадарожных каментарыяў, на сённяшні дзень канчаткова састарэлі [1]. Нават выкарыстанне аўдыё і відэакасет, прайгравальнікаў і кінапраектараў становіцца незапатрабаваным у сувязі з распаўсюджаннем камп’ютарнай тэхнікі. Сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі дазваляюць арганізаваць працу так, як гэта не было даступна раней. Навучэнцы маюць магчымась удзельнічаць у працэсах даследаванняў асабіста, не зыходзячы з месца, а не толькі ў якасці назіральнікаў. На Захадзе шырока выкарыстоўваюцца магчымасці стварэння віртуальных бібліятэк і музейных экспазіцый [10].

Да асобнай катэгорыі ІТ, што могуць выкарыстоўвацца ў археалогіі, можна аднесці спосабы аналізу археалагічнай інфармацыі і археалагічнае мадэляванне. Так, экспертныя сістэмы дазваляюць вызначыць тып артэфакта ці іншага матэрыялу [1]. Прасторавы аналіз дазваляе прасачыць сасустракаемасць артэфактаў у прасторы, што дазваляе ўзнавіць карціну мінулага (размяшчэнне паселішчаў, сацыяльную стратыфікацыю і да т.п.) [1]. Прагназаванне (для гэтай мэты звычайна выкарыстоўваюць ГІС) дае мажлівасць даследаваць тэрыторыі распаўсюджання помнікаў і фактараў, што ўплываюць на выбар месцазмяшчэнн, прагназаваць атрыманне новых археалагічных дадзеных на яшчэ недаследаваных тэрыторыях, заснаванае на ўстанаўленні тэндэнцыі ў размяшчэнні помнікаў [1]. Кластэрны аналіз прадугледжвае выкарыстанне мультыварыянтных статыстычных метадаў (скапленне матэрыялу і да т.п.) [1]. Сімуляванне і сістэмнае мадэляванне ўяўляе сабой выяўленне археалагічнай праблемы як сістэмы пэўных правіл, абмежаванняў, уваходзячых і сыходзячых рэсурсаў. У выніку ажыццяўляецца спроба выявіць і нават прагназаваць дынаміку змен у часе ці выключыць з агульнай сістэмы пэўныя істотныя фактары [1].

3.2 Выкарыстанне ГІС - тэхналогій у археалогіі


Геаінфармацыйныя сістэмы з’яўляюцца новым тыпам камп’ютарных сістэм, якія з'явіліся ў канцы XX стагоддзя. На сённяшні дзень гэта асноўныя і ўніверсальныя сістэмы кіравання дадзенымі геадэзіі і тапаграфіі, што грае вялікую ролю для археалогіі, улічваючы спецыфіку яе прадмета даследавання. Ствараемыя геамадэлі дазваляюць даказальна адказаць на пытанні аб асноўных этапах і накірунках засялення пэўнай тэрыторыі, заканамернасцях узнікнення новых населеных пунктаў, планіроўку помніка, яго структуру і дынаміку развіцця, структуру археалагічных комплексаў, планіроўку структурных элементаў помніка, структуру археалагічных аб’ектаў, якія ўваходзяць у яго склад [5, с. 163]. Асноўным спосабам выяўлення тут з’яўляецца карта [6, с. 17].

У якасці асноўнага азначэння гэтага віду ІТ прывядзем наступнае: ГІС - гэта аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, прызначаная для апрацоўкі прасторава-часавых дадзеных, асновай інтэграцыі якіх з’яўляецца геаграфічная інфармацыя [10]. Менавіта прасторавая прывязка археалагічнага аб'екта і мае найвялікую каштоўнасць. Асноўная яе перавага .ГІС перад звычайнымі СКБД у тым, што па сваёй структуры яны хаця і з'яўляюцца СКБД, але геаграфічнай прывязкай дадзеных у 2-х ці 3-х мернай прасторы дазваляюць вызначыць канкрэтную кропку на мясцовасці. Акрамя таго, ГІС маюць унутраную сістэму прасторавага аналізу, якой няма ў звычайнай СКБД. Элементы геаграфічнай карты забяспечваюцца семантыкай, якая, як і асноўныя элементы, можа быць прааналізавана. ГІС з’яўляюцца найбольш зручнымі і карыснымі пры стварэнні археалагічных інфармацыйных сістэм асобных геаграфічных рэгіёнаў, планаў раскопак археалагічных помнікаў, вывучэнні старажытных карт, першаснага рэльефа. Сучасныя ГІС дазваляюць праводзіць аналіз не толькі вектарных але таксама растравых і тэкставых дадзеных.

Разнавіднасці ГІС:

1. Даведнікавыя картаграфічныя сістэмы, (ДКС; англ information cartographic system) – сістэмы, якія забяспечваюць выкананне розных запытаў да ўключаных у іх картаграфічных базаў дадзеных;

2. ГІС-праглядальнікі (viewer GIS) - сістэмы, якія забяспечваюць прагляд уведзеных раней дадзеных, выкананне запытаў да сфармаваных інструментальнымі ГІС базамі дадзеных, арганізацыю пераносу аформленага картаграфічнага планшэта на цвёрды носьбіт;

3. Інструментальныя ГІС (instrumental GIS) - сістэмы, якія забяспечваюць вядзенне картаграфічных БД, прасторавы аналіз дадзеных, апрацоўку складаных запытаў і стварэнне копій;

4. Вектарызатары растравых картаграфічных малюнкаў (raster cartographic maps vectorizers):

 сістэмы, якія забяспечваюць увод прасторавай інфармацыі са сканера і яе аўтаматычнае ці паўаўтаматычнае пераўтварэнне ў вектарную форму;

 спецыялізаваныя сродкі прасторавага мадэлявання, праграмна-апаратныя сродкі, арыентаваныя на вырашэнне задач мадэлявання працэсаў: распаўсюджання забруджванняў жылых зон, геалагічных з'яў, аналіз рэльефу і да т.п.;

 сродкі апрацоўкі і дэшыфравання дадзеных дыстанцыйнага зандзірвання – праграмна-апаратныя сродкі, прызначаныя для апрацоўкі лічбавых малюнкаў зямной паверхні, атрыманых з борта авіяцыі і штучных спадарожнікаў Зямлі [10].

Магчымасць выкарыстання новых геаінфармацыйных тэхналогій, якія спецыяльна распрацаваны для працы з дадзенымі, якія маюць прасторава-часавую прывязку, абумовіла іх хуткае распаўсюджанне ў шматлікіх галінах навукі і тэхнікі, у тым ліку і ў археалогіі. ГІС-тэхналогіі пачалі ўжывацца не толькі сярод тых, хто прафесійна звязаны з геаграфіяй, але таксама сталі выкарыстоўвацца ў якасці прылады для навуковага гістарычнага аналізу. Выкарыстанне магчымасцяў геаграфічных інфармацыйных сістэм у гістарычных даследаваннях ужо мае некаторую традыцыю. Вызначылася кола гістарычных праблем, вырашаемых пры дапамозе ГІС, распрацаваны шэраг методык для працы з рознымі гістарычнымі дадзенымі. Падобныя даследаванні праводзяцца ў ЗША, Англіі, Германіі, Галандыі, Швецыі, Польшы, Расіі. У шэрагу ўніверсітэтаў чытаюцца адмысловыя курсы па ўжыванні ГІС-тэхналогій у гістарычных даследаваннях. У Беларусі дадзеныя сістэмы вывучаюцца выключна ў курсе геаграфічных дысцыплін. Іх апрабацыя для выкарыстання з мэтай вырашэння актуальных задач беларускай археалогіі толькі распачынаецца.

3.3 Выкарыстанне САПР у археалогіі


Самым адчувальным недахопам ГІС для даследчыка-археолага выступае адсутнасць магчымасці пабудовы аб’ектаў у трох вымярэннях, атрымліваючы такім чынам аб'ёмную мадэль. На сённяшні дзень такімі магчымасцямі валодаюць САПР. Сферы іх выкарыстання ахопліваюць самыя разнастайныя задачы, пры вырашэнні якіх патрабуецца праца з аб’ёмнымі прадметамі ў электронным выглядзе. Дзякуючы паляпшэнню сродкаў адлюстравання мадэляў і магчымасці накладваць на іх паверхні розныя каляровыя тэкстуры з’явілася магчымасць атрымліваць выявы прадмета фатаграфічнай якасці ў розных ракурсах [2, с. 65].

На сенняшні дзень у асяроддзі археолагаў вялікую папулярнасць набылі праграмы AutoCAD розных версій. Найбольш прываблівае даследчыкаў яго ўніверсальнасць. Даволі шырока распаўсюджана стварэнне для AutoCAD адмысловых дадаткаў, накіраваных на тыя ці іншых археалагічныя праблемы. Аднак, існуе мноства іншых САПР, такіх, як bCAD, MicroStation, EasyCAD, AutoCAD Map, Компас і інш. [1], якія таксама маюць у археалогіі шырокае поле для выкарыстання. Асноўнымі іх задачамі з’яўляюцца апрацоўка палявых чарцяжоў і 3-х мерныя рэканструкцыі раскопаў, канкрэтных археалагічных аб’ектаў, архітэктурных помнікаў і археалагічных знаходак. Акрамя асноўных САПР сістэм існуюць пераходныя праграмы, якія спалучаюць у сабе элементы ГІС і САПР, а таксама анімацыі. Сярод іх назавем AutoCAD MAP, ER-Mapper, 3D-Max і інш. Аднак такія праграмы маюць значны недахоп, які састаіць у тым, што для паўнавартаснай працы з імі неабходна атрымаць грунтоўную і якасную падрыхтоўку, што само па сабе патрабуе значнай затраты часу.


3.4 СКБД у археалагічных даследаваннях


Працэс стварэння баз дадзеных у археалогіі з’явіўся на шмат гадоў раней чым узніклі першыя ЭВМ і, нават, электрычнасць. Першасная форма папяровых баз дадзеных была даволі разнастайнай: хатняя бібліяграфія на картках, музейныя карткі на калекцыі і артэфакты, алфавітныя і сістэматычныя бібліятэчныя каталогі, нават запісныя кніжкі і г.д. Усе яны былі распрацаваны з адзінай мэтай - упарадкаваць і паскорыць пошук інфармацыі. У папяровых сістэмах магчымасці пошуку маглі адрознівацца ў залежнасці ад складанасці і дэталёвасці структуры: па адным, па двух ці па трох крытэрыях. Чым большая колькасць крытэрыяў была неабходна, тым больш складаным і марудным станавіўся працэс пошуку.

З’яўленне электронных баз дадзеных (поўная назва тэхналогіі – сістэмы кіравання базамі дадзеных ці СКБД) дазволіла праводзіць пошук па вялікай колькасці крытэрыяў, задаваных карыстальнікам, сартыраваць дадзеныя па любым параметры, экспартаваць інфармацыю ў іншыя праграмы (статыстычныя і тэкставыя рэдактары, графічныя праграмы, а таксама ў ГІС) за даволі нязначны прамежак часу [10].

Шэраг баз дадзеных даволі разнастайны: ад найпрасцейшых файлаў (табліц) да складаных структур рэляцыйных баз дадзеных. Прыкладамі могуць выступаць рэгістры помнікаў (адміністрацыйныя і даследчыя – SARG, AZSITE), музейныя каталогі, базы дадзеных пад пэўныя канкрэтныя праекты, базы дадзеных па раскопках (кантэкст, стратыграфія, знаходкі, узаемаразмяшчэнне па слаях), выніках даследаванняў, літаратуры па тэме, артэфактах, старажытных надпісах ці тэкстах, выніках аналізаў (напрыклад, па ізатопу С14 ці з выкарыстаннем дэндрахраналогіі), бібліяграфічных і бібліятэчных каталогах. Акрамя звычайнага тэксту ці лічбаў базы дадзеных у цяперашні час пачынаюць складацца з малюнкаў і нават відэаматэрыялаў. Базы дадзеных - гэта адпраўная кропка для стварэння каталогаў, пошуку і разнастайных магчымасцяў аналізу дадзеных [1].

раздзел 4

абмеркаванне атрыманых вынікаў


Характарызуючы вынікі праведзенай працы, трэба адзначыць, што дасягненні па выкарыстанні сучасных ІТ у археалогіі амаль не выкарыстоўваюцца беларускімі навукоўцамі. Улічваючы навукова-практычны патэнцыял такога выкарыстання, можна сцвярджаць аб перспектывах пераходу да ІТ археолагамі ў самай бліжэйшай будучыні. Ужо зараз абсалютная большасць даследчыкаў пасьпяхова карыстаецца мажлівасцямі MS Office, працуе над археалагічнай дакументацыяй у графічных рэдактарах, такіх як Adobe Photoshop і CorelDraw. Ажыццяўляецца паступовы пераход да ўжывання прадвінутых СКБД, ГІС, працы з выявамі ў рэжыме 3-д.

Пераход да ўкаранення ІТ у паўсядзённую археалагічную практыку бачыцца нам як складаючыся з трох этапаў. Па-першае, неабходны шырокі аналіз дасягненняў сучаснай “кампутарнай археалогіі”, з выкарыстаннем апошніх апрацовак не толькі краін СНД, а ўсяго свету. Па-другое, варта вызначыцца з тым, якія канкрэтна тэхналогіі з’яўляюцца найбольш запатрабаванымі і мэтазгоднымі. Пры гэтым апошні паказчык з’яўляецца вельмі значным, па-колькі дазваляе вызначыць, ці з’яўляецца апраўданым затрачаны час і матэрыяльныя сродкі на выкарыстанне ІТ у залежнасці ад вынікаў, якія гэтае выкарыстанне дазваляе атрымліваць. Па-трэцяе, выхад беларускіх навукоўцаў на сучасны ўзровень у галіне выкарыстання ІТ дазволіць пры неабходнасці перайсці ад спажывання замежных да распрацоўкі ўласных канкурэнтна здольных тэхналогій.

Нарэшце, трэба адзначыць, што ў межах дадзенага рэферату быў праведзены толькі папярэдні агляд існуючых у свеце ІТ, здольных выкарыстоўвацца ў археалогіі. Больш грунтоўны аналіз канкрэтнай тэхналогіі варта рабіць ужо пасля непасрэднага азнаямлення і працы з ёй. Гэта добра ўпісваецца ў канцэпцыю распрацоўкі канкрэтных праектаў. Так, у цяперашні час аўтарам сумесна з групай студэнтаў БДУ праводзіцца праца па 3д-мадэляванню пахавання вельбаркскай культуры з могільніка Пятровічы (раскопкі В.Г. Беляўца) на базе 3D-Max. У бліжэйшай будучыні плануецца ўтварэнне на падставе працоўнай групы навукова-даследчай студэнцкай лабараторыі, праца якой будзе ахопліваць розныя накірункі ІТ у археалогіі.

заключэнне


Археалогія, верагодна, больш чым якая іншая гуманітарная навука ў сілу спецыфікі сваіх метадаў мае падставы для выкарыстання ІТ у археалагічных даследаваннях, прычым на ўсіх этапах навуковай працы. Гэта пасьпяхова ажыццяўляецца даследчыкамі, на жаль, пакуль у асноўным па-за межамі тэрыторыі Беарусі. Спектр выкарыстання ІТ у археалогіі дастоткова шырокі, пачынаючы ад стандартных офісных пакетаў і графічных рэдактараў і скончваючы спецыялізаваным вузканакіраваным археалагічным праграмнага забеспячэння для вырашэння канкрэтных задач.

Перспектывы выкарыстання ІТ у археалогіі абумоўліваюцца мажлівасцю павышэння хуткасці і эфектыўнасці апрацоўкі інфармацыі. Значная роля належыць таксама спрашчэнню спосабаў перадачы дадзеных, доступу да інфармацыі, папулярызацыяй вынікаў археалагічных даследаванняў. Акрамя таго, можна чакаць пашырэння колаў задач, якія можна вырашаць пры дапамозе ІТ.

Разам з тым, выкарыстанне інавацыйных метадаў у археалогіі не пазбаўлена і пэўных праблемных момантаў. Так, адной з самых галоўных прабем з’яўляецца ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў. Справа ў тым, што ў навучальныя праграмы па спецыяльнасці “археалогія” не ўключана паглыбленая падрыхтоўка ў галіне ІТ. Вынікам гэтага становіцца сітуацыя, калі фактычна праблемамі іх выкарыстання займаюцца самавучкі, якія могуць не валодаць неабходнымі ведамі і рабіць памылкі. Другая не менш істотная праблема – адсутнасць фінансавання, што пазбаўляе беларускіх археолагаў доступу да спецыяльнага высокатэхналагічнага абсталявання (электронных тэадалітаў, трыангуляцыйных лакатараў, лазерных сканераў, пантографаў, электронных мікраскопаў і інш.) і мажлівасці выкарыстання праграмнага забеспячэння з высокімі сістэмнымі патрабаваннямі.

Нарэшце праблемным з’яўляецца спалучэнне метадаў ІТ з метадамі археалогіі і выпрацоўка агульнага метадалагічнага поля. Ад гэтых абставін залежыць актуальнасць і ступень мэтазгоднасці выкарыстання канкрэтнай тэхналогіі ў канкрэтным даследаванні. Мы глыбока перакананы, што можна колькі заўгодна праводзіць тэарэтычныя пошукі па гэтых пытаннях, але адказы на іх можа даць толькі мэтанакіраваная практычная праца па выкарыстанні розных відаў ІТ з рознымі мэтамі і наступная тэартычная рэфлексія згодна з вынікамі такой працы.


бібліяграфічны спіс


1 Васильев, С. Применение компьютеров в археологии / С. Васильев // Археология.РУ - Скифика-Кельтика [Электронный ресурс]. – 2005. – Режим доступа: http://www.archaeology.ru/ONLINE/Vasiljev/pc.html. – Дата доступа: 27.11.2012.

2 Деревянко, А.П. Математические методы в археологических реконструкциях / А.П. Деревянко, Ю.П. Холюшкин, В.Т. Воронин и др. – Новосибирск: «СО РАН», 1995 – 136 с.

3 Деревянко, А.П. Multimedia – археологические технологии будущего / А.П. Деревянко, Ю.П. Холюшкин, В.Т. Воронин, Д.В. Екимов // Информационный бюллетень Ассоциации "История и компьютер". – 1995. – №14. – С. 147 – 148.

4 Екинов, Д.В. К вопросу об основаниях математической обработки археологических данных / Д.В. Екинов // Методология и методика археологических реконструкций. – Новосибирск: «СО РАН», 1994. – С. 51 – 53.

5 Журбин, И.В. Анализ структуры, состава и функционального назначения археологических комплексов с использованием ГИС / И.В. Журбин, М.Г. Смагин // Информационный бюллетень Ассоциации "История и компьютер". – 1998. – №23. – С. 163.

6 Липницкая, О.Л. Учебно-методический комплекс по исторической информатике. Базовый курс: обработка и анализ статистических и структурированных исторических источников средствами электронных таблиц и систем управления базами данных / О.Л. Липницкая, Е.Э. Попова. – Минск: БГУ, 2001. – 156 с.

7 Мартынов, А.И. Методы археологического исследования: учебное пособие для студентов вузов / А.И. Мартынов, Я.А. Шер. – Москва: Высшая школа, 1989. – 223 с.

8 Петров, М.И. Археология и Интернет – желаемое и действительное / М.И. Петров // Информационный бюллетень Ассоциации "История и компьютер". – 1998. – №23. – С. 188 – 190.

9 Постнов, А.В. Основы геодезического обеспечения археологических исследований с применением спутниковых навигационных приёмников / А.В. Постнов, Е.Г. Вергунов – Новосибирск: Свет, 2003. – 194 с.

10 Прохоров, А. Компьютерные технологии в археологии / А. Прохоров // КомпьютерПресс [Электронное периодическое издание]. – 2003. – №7. – Режим доступа: http://www.compress.ru/Archive/CP/2003/7/3/. – Дата доступа: 27.11.2012.

11 Смекалов, С.Л. Измерения координат археологических памятников Керченского полуострова при помощи GPS / С.Л. Смекалов // Боспорский феномен: греческая культура на периферии античного мира: Материалы международной научной конференции. – Санкт-Петербург, 1999. – С. 365 – 366.

12 Федоров-Давыдов, Г.А. Статистические методы в археологии: учебное пособие для вузов по специальности «история» / Г.А. Федоров-Давыдов. – Москва: Высшая школа, 1987. – 216 с.

13 Hubert, М. Automated Profile Extraction of Archaeological Fragments / М. Hubert [Electronic resource]. – Vienna Universaty, 1997. – Mode of access: http://www.archeologia.ru/Library/Book/3067db764556/Info. – Date of access: 27.11.2012.

Дадатак А

Прадметны паказальнік


GPS 4, 12, 21, 30

БД 4, 7, 14

ГІС 4, 13, 14, 15, 16, 18, 30

ІТ 1, 4, 5, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 18, 19, 30

САПР 4, 12, 15, 30

СКБД 4, 14, 16, 18, 30





дадатак б

Інтэрнэт-рэсурсы ў абранай вобласці даследавання


1 Беларуская вікіпедыя – беларускамоўны варыянт знакамітай “Свабоднай энцыклапедыі”. Пасля нашай працы над артыкулам “Люлька” значна павысілася яго інфармацыйнасць і адпаведнасць рэчаіснасці згодна з вынікамі праведзенага намі даследавання (дыпломнае даследаванне, апрабаванае на навуковых канферэнцыях і ў значнай колькасці публікацый). Спасылка: http://be.wikipedia.org/wiki/Люлька.

PrintScreen

Малюнак 1 – Старонка з артыкулам “Люлька”

2 Портал «Археология России» – сервер электронных інфармацыйных рэсурсаў па археалогіі і гісторыі Еўразіі ад старажытнасці да новага часу. Праект распрацаваны супрацоўнікамі кафедры археалогіі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. М.Ламаносава, Інстытута археалогіі РАН і інш. Аснову Партала складае адкрытая электронная бібліятэка па археалогіі, гісторыі і сумежных дысцыплінах, якая ўключае ў сабе навуковыя і навукова-папулярныя выданні, падручнікі, артыкулы, публікацыі гістарычных крыніц і матэрыялаў раскопак, справаздачы. Таксама на Партале прысутнічае каталог тэматычных рэсурсаў рускамоўнага Інтэрнэту, форум, агрэгатар стужак навін, галерэя выяў. Адзін з найбуйнейшых рускамоўных рэсурсаў. Апошнім часам аднаўляецца адносна павольна, што, верагодна, выклікана папулярызацыяй сацыяльных сетак і блогаў. Спасылка: http://www.archeologia.ru.

3 Сервер Восточноевропейской Археологии. Адзін з найбуйнейшых археалагічных сервераў, створаных у постсавецкіх краінах. Тут прадстаўлена інфармацыя па шырокаму колу пытанняў. Карыснымі з’яўляюцца археалагічны слоўнік, падпіска на рассылкі і інш. Сайт будзе карысным для даследчыкаў у розных галінах археалогіі. Сярод недахопаў рэсурсу варта адзначыць выдаленне інфармацыі пасля пэўнага перыяду часу. Спасылка: http://archaeology.kiev.ua.

4 Археалогія каменнага веку Беларусі – навукова-інфармацыйны рэсурс пра археалогію каменнага веку Беларусі. Нягледзячы на тое, што нашыя навуковыя інтарэсы дастаткова далёкія храналагічна ад гэтага перыяду часу, унесці дадзены сайт у спіс лічым неабходным. Адзначаны рэсурс з’яўляецца фактычны адзіным у Беларусі (калі не ўлічваць старонкі ў сацыяльных сетках). Тут прадстаўлены навіны беарускай археалогіі, бібліятэка, анатацыі на археалагічныя выданні, каталог спасылак і інш. Сайт працуе адносна нядаўна і патрабуе актыўнага напаўнення і пастаяннай дапрацоўкі. Але, асабліва ўлічваючы практычна поўную адсутнасць фінансавання, яго роля вельмі значная як уласнабеларускага археалагічнага рэсурса. Спасылка: http://archeotopia.com.

5 Археология.РУ – рускамоўны сайт, які ўяўляе сабой вялікую падборку матэрыялаў па археалогіі (больш за 13 Гб), дзе асноўная ўвага надаецца пулікацыі аўтарскіх тэкстаў. ва ўсіх галінах археалогіі, закранаючы ў тым ліку тэарэтычныя пытанні (уключаючы персанальны сайт “гуру” савецкай, а затым расійскай тэарэтычнай археалогіі Л.С. Клейна), праблемы выкарыстання інавацыйных метадаў і нават археалагічны фальклор. Безумоўна выключна карысны рэсурс для любога, хто цікавіцца археалогіяй, створаны і дзейнічаючы дзякуючы намаганням У.Я. Яроменка. Спасылка: http://www.archaeology.ru.

6 Портал «Археология и Этнография Северной Азии» – інфармацыйны рэсурс Сектара археалагічнай тэорыі і інфарматыкі Сібірскага аддзялення РАН. Сайт утрымлівае ўласныя распрацоўкі ўстановы: віртуальны музей, інфармацыйныя сістэмы (даведнікі, энцыклапедыі), электронныя публікацыі, карысныя спасылкі на расійскія і замежныя археалагічныя электронныя рэсурсы і інш. Цікава, што сайт працуе з 1996 года і да цяперашняга часу абнаўляецца. Але зараз гэта адбываецца не надта часта, верагодна, з прычыны пераходу навукоўцаў да карыстання сацыяльнымі сеткамі. Але, тым не менш, рэсурс з’яўляецца вельмі карысным для археолагаў, якія займаюцца даследаваннем самых разнастайных тэм. Спасылка: http://www.sati.archaeology.nsc.ru/sibirica.

7 ArchNet – сервер універсітэта штата Арызона. Уяўляе сабой вельмі вялікі вузел, які змяшчае спасылкі на сотні археалагічных даследчых і музейных сервераў свету. Тут можна знайсці карысную інфармацыю па кераміцы, каменю, палеабатаніцы, палеанталогіі, археаметрыі, этнаархеалогіі, геаархеалогіі, гістарычнай археалогіі розных перыядаў часу, археалагічнай тэорыі і метадах, выдавецтвах, праграмных прадуктах для археолагаў. Тут таксама прадстаўлены каталогі (WEDA) практычна ўсіх сусветных электронных часопісаў па археалогіі і антрапалогіі. Рэсурс уяўляе вялікую карысць для беларускіх навукоўцаў, якія ў сваіх даследаваннях не збіраюцца засяроджвацца выключна на сваім рэгіёне. Спасылка: http://archnet.asu.edu.

8 Археология Новгорода – сервер, прысвечаны археалогіі Вялікага Ноўгарада, дзе можна знайсці шмат інфармацыі, уключаючы поўныя базы дадзеных па знаходках, бібліяграфію, гісторыю археалогіі ў артэфактах і шмат іншага. Нягледзечы на тое, што сайт не абнаўляецца з 2001 года, ён безумоўна ўяўляе вялікую цікавасць для даследчыка з-за досыць шырокага кола праблем, якія закранае яго змест. Спасылка: http://arc.novgorod.ru.

9 Сайт Института археологии РАН – афіцыйны электронны рэсурс установы. На сайце прадстаўлена бягучая інфармацыя аб навінах і падзеях расійскай археалогіі. Асаблівую цікавасць уяўляюць электронныя публікацыі серый «Краткие сообщения института археологии» (КСИА), «Археологические открытия», «Археология СССР», «Советская археология» (Российская археология) і шэраг іншых. Акрамя таго, на сайце можна знайсці звесткі аб ахове археалагічнага спадчыны і ўліку помнікаў археалогіі. Усё гэта робіць сайт карысным не толькі для расійскіх археолагаў, але і для замежных спецыялістаў (асабліва прадстаўнікоў краін постсавецкай прасторы). Спасылка: http://archaeolog.ru.

10 Сайт Института истории материальной культуры РАН – афіцыйны рэсурс установы. Тут прадстаўлена структура Інстытута, апошнія навіны, абвесткі. Ёсць бібліятэка. Не надта вялікі рэсурс, які тым не менш заслугоўвае ўвагу ў рускамоўным Інтэрнэце, бо можа ўтрымліваць карысную інфармацыю для даследчыкаў. Спасылка: http://www.archeo.ru.

11 Archaeological Research Laboratory – афіцыйны сайт лабараторыі. Належыць да ўніверсітэта ў Вісконсіне-Мілуокі, ЗША. Займаецца распрацоўкай пэўных навуковых праектаў. Рэсурс будзе карысны даследчыкам, якія цікавяцца сусветнымі тэндэнцыямі ў развіцці археалогіі. Спасылка: http://www4.uwm.edu/archlab.

12 The Society for Post-Medieval Archaeology – афіцыйны рэсурс Таварыства. Утрымлівае агульную інфармацыю аб арганізацыі, навіны, звесткі аб канферэнцыях і публікацыях, выданні, інфармацыю аб палявых даследаваннях, спасылкі на іншыя рэсурсы. Выклікае асаблівую цікавасць па ўсіх археолагаў, што спецыялізуюцца ў галіне пост-сярэднявечнай археалогіі. Складанасці могуць узнікнуць выніку таго, што сайт, як і большасць заходніх нааавуковых рэсурсаў першапачаткова не разлічваўся на пост-савецкіх наведвальнікаў. Спасылка: http://www.spma.org.uk.

13 Academia.edu – адзін з выдатных, на нашу думку, узораў навуковых сацыяльных сетак. Дазваляе ўдзельнікам аб’ядноўвацца ў залежнасці ад навуковых інтарэсаў і дасылаць на сайт свае ці чужыя пры ўмове непарушэння аўтарскага права публікацыі. Такім чынам, з’яўляецца мажлівасць для зарэгістраваных удзельнікаў знаёміцца з апошнімі сусветнымі распрацоўкамі ў сваёй прадметнай вобласці. Акрамя таго, тут прысутнічае мажлівасць для чату, аб’яднання ў суполкі, прагляд вакансій ці навуковых праектаў па пэўнай навуковай сферы і да т.п. Ёсць функцыя інтэграцыі з найбуйнейшай сусветнай сацыяльнай сеткай facebook.com. Мінус рэсурса ў тым, што не ўсе браўзеры падтрымліваюць магчымасць працы з ім. Але гэта не з’яўляецца крытычнай праблемай. Спасылка: http://academia.edu.

дадатак в

Асабісты сайт


Асабісты сайт: nominus.narod.ru

Print Screen:



Print Screen

Малюнак 1 – Галоўная старонка

дадатак г

Граф навуковых інтарэсаў


магістранткі Курловіч-Бяляўскай П.С. Гістарычны факультэт

Спецыяльнасць “археалогія”



Смежныя спецыяльнасці

07.00.02 – Айчынная гісторыя

  1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства на тэрыторыі Беларусі: грамадскі лад, сельская гаспадарка, прамысловасць, шляхі зносін і транспарт, гандаль, сродкі сувязі, урбанізацыя, фарміраванне і становішча саслоўяў, класаў.

  2. Матэрыяльная і духоўная культура, асвета і навука.

  3. Эканамічныя, грамадска-палітычныя і культурныя сувязі Беларусі з іншымі краінамі.



07.00.03 – Усеагульная гісторыя

  1. Метадалагічныя і тыпалагічныя праблемы даследавання гісторыі замежных краін, сувязяў і ўзаемадзеяння паміж асобнымі цывілізацыямі і рэгіёнамі.

  2. Агульныя заканамерннасці эканамічнага, палітычнага і соцыякультурнага развіцця народаў свету ва ўзаемасувязі з іншымі сферамі чаавечай дзейнасці, уплыў навакольнага асяроддзя на грамадскае жыццё і ўздзеянне чалавецтва на навакольнае асяроддзе.

  3. Развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры, навукі, тэхнікі і адукацыі ў розных краінах і рэгіёнах свету.



07.00.07 – Этнаграфія, этналогія, антрапалогія

  1. Гісторыя матэрыяльнай культуры (народнае дойлідства і арганізацыя жылога асяроддзя, традыцыйны касцюм, традыцыі народнай кулінарыі).

  2. Традыцыйнае земляробства, жывёлагадоўля, промыслы і рамёствы.



07.00.09 – Гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання (дададзена аўтарам)

  1. Крыніцазнаўства.

  2. Прынцыпы і метады гістарычнага даследавання.

  3. Міждысцыплінарны сінтэз.



07.00.10 – Гісторыя навукі і тэхнікі

скасавана ВАК






Асноўная спецыяльнасць


07.00.06 – Археалогія

  1. Археалагічныя помнікі і матэрыялы па пісьмовых крыніцах і археалагічных даследаваннях.

  2. Развіццё старажытнай тэхнікі і ўдасканаленне тэхналогіі, засваенне новых матэрыялаў, выкарыстанне новых тэхнічных сродкаў і методык у вывучэнні археалагічных матэрыялаў.

  3. Методыка палявых і камеральных даследаванняў, гістарычнай інтэрпрэтацыі археалагічных матэрыялаў.

  4. Археалогія ў музейнай і турыстычнай сферах.



Спадарожныя спецыяльнасці

17.00.04 – Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і архітэктура (дададзена аўтарам)

  1. Дэкаратыўнае мастацтва ва ўзаемадзеянні з іншымі відамі мастацтва, навукай, рэлігіяй, філасофіяй.

  2. Гісторыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва замежных краін.

  3. Гісторыя беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

  4. Тэорыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

  5. Атрыбуцыя і сістэматызацыя твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

  6. Тапаграфія і размяшчэнне пэўных тыпаў помнікаў у дэкаратыўна-прыкадным мастацтве.



24.00.01 – Тэорыя і гісторыя культуры

  1. Заканамернасці і асноўныя накірункі сусветнага і рэгіянальнага культурна-гістарычнага працэсу.

  2. Гістарычны аспект вывучэння культурнай спадчыны славянскіх і іншых краін і народаў свету.

  3. Матэрыяльная і духоўная культура ў кантэксце вывучэння гісторыі ментальнасцей і паўсядзённасці.



24.00.03 – Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў

  1. Тэорыя і практыка музеязнаўства: фондавая, экспазіцыйная, навукова-даследчыцкая, культурна-адукацыйная дзейнасць.

  2. Музеефікацыя (кансервацыя, рэстаўрацыя) аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

дадатак г

дадатак д

Тэставыя пытанні па асновах інфармацыйных тэхналогій


1

01 Арганізацыйна-тэхнічная сістэма, якая ўключае адну ці некалькі баз дадзеных і сістэм кіравання імі:



сістэма дадзеных

банк ведаў

банк дадзеных

інфармацыйны рэсурс




2

02 Від ІТ, які робіць мажлівым працаваць з аб’ёмнымі археалагічнымі аб’ектамі:



СКБД

ГІС

САПР

GPS




дадатак е

Прэзентацыя магістэрскай дысертацыі













дадатак е
















База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка