Выкарыстанне электроннага рэсурса кнігазбору бібліятэкі роду Храптовічаў у выкладанні гісторыі Беларусі




Дата канвертавання18.03.2016
Памер96.39 Kb.
Выкарыстанне электроннага рэсурса кнігазбору бібліятэкі роду Храптовічаў у выкладанні гісторыі Беларусі

Малуха Людміла Міхайлаўна, настаўнік гісторыі


У падручніку па гісторыі Беларусі для 8 кл. (тэма “Адукацыя і навука”) пра магната Іаахіма Храптовіча як прадстаўніка Асветніцтва паведамляецца: “Ён (Храптовіч) займаў пасаду маршалка, а пасля канцлера ВКЛ. Пісаў вершы на польскай мове, заснаваў у Варшаве “Таварыства сяброў навук”. У сваім маёнтку Шчорсы пад Навагрудкам Іаахім Храптовіч арганізаваў узорную сельскагаспадарчую абшчыну, якая стала вядома далёка за межамі Рэчы Паспалітай” [1, с. 152]. Пра знакамітую бібліятэку нічога не напісана. У пытаннях і заданнях да параграфа ёсць заданне: “Даказаць, што магната Іаахіма Храптовіча можна лічыць прадстаўніком Асветніцтва” [1, с. 156].

Пераканаўчым доказам таго, што магната Іаахіма Храптовіча можна лічыць прадстаўніком Асветніцтва з’яўляюцца матэрыялы віртуальнай рэканструкцыі збору кніг беларускага шляхецкага роду Храптовічаў, якія падрыхтаваны сумесна Нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Украіны пры падтрымцы ЮНЕСКА. Электроннае выданне прысвечана родавай бібліятэцы Яўхіма і Адама Храптовічаў – выдатных дзяржаўных, ваенных, палітычных і рэлігійных дзеячаў.

У віртуальны збор увайшлі бібліяграфічныя апісанні і копіі тытульных лістоў старажытных кніг XV–XVI стагоддзяў, выданняў другой паловы XVI–XVII стагоддзяў і друкарняў Вялікага Княства Літоўскага. У кнігазбор ўключаны артыкулы пра гісторыю роду Храптовічаў, пра бібліятэку і яе кніжную калекцыю, спіс літаратуры.

Іаахім Храптовіч паходзіў са старажытнага магнацкага роду, пачынальнікамі якога былі баяры Багдан (жыў у XIV-XV ст.) і яго сын Івашка Літавор (памёр у 1513 ). Ужо ў XVII ст. Шчорсы ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах як радавое гняздо Храптовічаў [2, с. 1].

Іаахім Літавор Храптовіч нарадзіўся 4 студзеня 1729 года ў фальварку Ясенец, каля аднайменнай вёскі з курнымі хатамі ўздоўж дарогі з Гарадзішча ў Туганавічы. Тут жа, у Ясенцы, у доме дзеда па маці К. Несялоўскага , ён атрымаў першапачатковую адукацыю. Займаліся з ім нанятыя настаўнікі і гувернёры. У спадчынным маёнтку Шчорсы яго навучаннем кіраваў “дырэктар” – ксёндз Адам Хмялеўскі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, вывучаў лацінскую граматыку ў іезуіцкіх прафесараў Карутынскага і Вырвіча. Курс рыторыкі і паэтыкі слухаў у Брунгсбергу. Працягваў навучанне на радзіме. Адзін год слухаў курс рыторыкі ў Нясвіжы, а другі – курс логікі ў Віленскай акадэміі. Такім чынам, Іаахім Храптовіч атрымаў добрую па тых часах гуманітарную адукацыю [4, с. 2-3].

З 1765 года – маршалак Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, узначальваў дыпламатычныя місіі ў Парыжы і Вене. Адзін са стваральнікаў (1773г.) і больш за 20 гадоў член Эдукацыйнай камісіі (установы па кіраўніцтве народнай асветай), загадваў дэпартаментам акадэміі і школ Вялікага Княства Літоўскага. З 1780 года – кіраўнік каралеўскай групоўкі магнатаў і шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім, з 1791 года – міністр замежных спраў, з 1793 года – канцлер Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар вершаў на польскай мове: “Гімн да прыгажосці”, “Дуб і трысцінка”, “Аб каханні“, “Адказ Храптовіча Карпінскаму”, “Храналогія роду Храптовічаў” (апублікаваны ў 1890-1891гг. ), артыкула “Паэзія “ (1781) і інш. Пабудаваў у Шчорсах палац, уніяцкую царкву, арганізаваў бібліятэку з архівам (150 адзінак соймавых і соймікавых актаў, каралеўскіх пісьмаў і інш.) [2, с. 1].

Як і многія сучаснікі, Іаахім Храптовіч аб’ездзіў усю Еўропу. Дадому ён прывёз новыя ідэі. Імкнуўся да ажыццяўлення ўмераных асветніцкіх рэформ. Храптовіч зацвердзіўся ў думках аб неабходнасці перабудовы дзяржаўнага апарата і сістэмы асветы ў Рэчы Паспалітай [4, с. 3].

Іаахім Храптовіч гаварыў на сейме, які прымаў праект рэформы аб адукацыі: “Не могу говорить я, что одному мне принадлежит заслуга составления проекта народного образования. Роспуск ордена иезуитов, который в большей части жертвовал на нужды народного образования и поддерживал его, привёл к тому, что в Речи Посполитой необходимо уделить образованию больше внимания” [4, с. 3]. Сейм падтрымаў праект, а кароль сам выбраў у склад Эдукацыйнай камісіі падканцлера Вялікага княства Літоўскага Іаахіма Храптовіча.

У выніку рэформы адукацыі заканадаўчым шляхам была ажыццёўлена адмена лацінскай мовы як мовы навучання ў школах усіх ступеняў. Адукацыйная камісія зацвердзіла Таварыства па стварэнню падручнікаў, задачай якога была падрыхтоўка падручнікаў на польскай мове, а таксама стварэнне навучальных дапаможнікаў па фізіцы, арыфметыцы, алгебры, логіцы, геаметрыі, гісторыі, красамоўству, этыцы і рэлігіі.

Іаахім Храптовіч быў выбраны камісарам па справах акадэміі і школ у ВКЛ. У гэты перыяд сваёй асветніцкй дзейнасці ён зблізіўся з рэктарам Віленскай акадэміі М.Пачобутам. На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў яны вялі перапіску. М.Пачобут зрэдку прыязджаў пагасціць у сядзібу Шчорсы. Храптовіч не ўдзельнічаў у паўстанні 1794 г., а быў у той час за мяжой.

Новы палац Храптовіча ў Шчорсах, над якім працавалі ў 1770 – 1776 гг. архітэктары Якуб Габрыэль, Джузэппе Сакко і Карла Спампані, – выразны прыклад ансамбляў позняга барока. Вакол палаца ў Шчорсах былі размешчаны парк і аранжарэі. [4, с. 4].

У палацы размяшчалася і вялікая бібліятэка, якую Іаахім Храптовіч збіраў усё жыццё.

Ён мэтанакіравана купляў старадрукі, новыя кніжкі і перыядычныя выданні не толькі з абшару Рэчы Паспалітай , але і з ўсёй Еўропы. Закупляў выданні ў Германіі, Чэхіі, Францыі, Італіі, Галандыі, Швейцарыі, Англіі. Блізкасць да каралеўскага двара, пасада канцлера Вялікага княства Літоўскага, адчынілі Храптовічу доступ да дзяржаўных архіваў – Кароннай і Літоўскай Метрыкаў, да іншых каштоўных крыніцаў, якія ён наказаў перадаць для сваёй бібліятэкі. Па яго загадах былі перапісаны некаторыя паперы з Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага.

Храптовічу ўдалося набыць частку аднаго з найбольш вядомых і рэдкіх збораў кніжак і рукапісаў Заходняй Еўропы – бібліятэкі кардынала Джузепа Імперыялі ў Рыме [11, с. 59].

Справа набыцця гэтых кніжак даволі таямнічая – пасля смерці Імперыялі, згодна з тэстаментам 1737 года, ягоная бібліятэка павінна выкарыстоўвацца як публічная і кніжкі не падлягалі продажу. Акрамя таго, яму перайшла кніжная спадчына графа Міхаіла Раецкага і так званыя “зборнікі Браніцкага” – акты і дакументы сеймаў другой паловы XVIII стагоддзя, палітычныя памфлеты, вершы, перапіска вядомых палітычных дзеячаў. Калі пасля далучэння Галіцыі да Аўстрыі пачалі закрывацца каталіцкія манастыры і іх бібліятэкі, агенты графа і там паспелі выкупіць каштоўныя кнігі.

Пасля таго, як быў сасланы ў Расію заснавальнік Варшаўскай публічнай бібліятэкі біскуп Іосіф Залускі, захавальнік фондаў стаў употай прадаваць кнігі. Праз іншыя рукі некаторыя з іх таксама трапілі ў бібліятэку Храптовіча.

Па тэматыцы калекцыя кніг, рукапісаў і архіўных дакументаў, сабраная ў Шчорсах, вылучалася асаблівай разнастайнасцю. У ей меўся амаль поўны збор твораў, выдадзеных у Еўропе грэчаскіх і рымскіх класікаў, французскіх і італьянскіх аўтараў, літаратура па прыродазнаўству, батаніцы, мінералогіі, філасофіі, рэлігійная, у тым ліку памфлеты эпохі Рэфармацыі каталіцкага і пратэстанцкага напрамку. Наогул гэта быў традыцыйны збор для адукаванага арыстакрата, прыхільніка французскіх асветнікаў XVIII стагоддзя.

Іаахім Храптовіч сабраў у Шчорсах (чым і праславіў сваю бібліятэку) каштоўныя выданні па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы Польшчы XVI – XVIII стагоддзяў. Тут захоўваліся дзясяткі арыгінальных рукапісаў і дакументаў, а таксама копіі рэдкіх пісьмовых крыніц, што адлюстроўвалі гісторыю Польшчы. Напрыклад, поўная калекцыя польскіх летапісаў XVI –XVIII стагоддзяў, збор сеймавых і сеймікавых актаў, два выданні Статута Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку Статут Жыгімонта Аўгуста 1551 года, выдадзены на пергаменце. Меліся і такія ўнікальныя кнігі як Геаграфічна-статыстычнае апісанне парафій каралеўства Польскага (24 тамы) з дадаткам карт кожнага прыходу. Яшчэ адзін поўны і, безумоўна, надзвычай рэдкі збор – усе калі-небудзь выпушчаныя да канца XVIII стагоддзя геаграфічныя карты Польшчы. Апошніх налічвалася сто папак.

Найбольш багатым быў аддзел рукапісаў XVII – пачатку XIХ ст. У каштоўны архіў уваходзіла карэспандэнцыя самога канцлера з каралём Станіславам Аўгустам, рэктарамі Віленскай акадэміі М.Пачобутам, Я.Снядэцкім, І.Страйноўскім; багатыя матэрыялы аб Чатырохгадовым сейме; дыяруш Самуіла Маскевіча; “Памятник рода Хрептовичей до 1795 года”, складзены Іаахімам Літаворам; цікавыя пісьмы біскупа Касакоўскага біскупу Масальскаму; чатыры тамы рукапісаў Браніцкага; апісанне радоў Рэчы Паспалітай у 12 тамах, зробленае К. Пертхесам. У зборы мелася перапіска Багдана Хмяльніцкага з польскімі ўладамі, дзённік польскага пасольства ў Расіі ў 1686 г., дзённік Марыны Мнішак, матэрыялы Кракаўскай і Таргавіцкай канфедэрацый, вялікая калекцыя геаграфічных карт Беларусі, Літвы і Польшчы, у асноўным, падараныя Храптовічу каралём Станіславам Аўгустам. Пры бібліятэцы мелася карцінная галерэя, у якой знаходзіліся карціны М.Баскарэлі (адна з якіх – “Чатырохгадовы сейм”), Аляшкевіча, Рустэма, а таксама вялікі збор гравюр замежных майстроў (налічвалася каля 7000) [4, с. 5].

Польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які ў 1784 г., вяртаючыся з Нясвіжа, наведаў Шчорсы і, несумненна, пазнаёміўся з бібліятэкай. Ды яна была даступная не толькі для манархаў. Паводле сведчанняў гісторыкаў, некалькі разоў у Шчорсах бываў і Адам Міцкевіч. Даследчыкі ягонай творчасці сцвярджаюць, што ў бібліятэцы Храптовічаў паэт збіраў матэрыял для напісання паэмы "Конрад Валенрод". Таксама ў Шчорсах Міцкевіч працаваў над паэтычнай аповесцю "Гражына". У бібліятэцы пастаянна бывалі Іяхім Лялевель, Уладзіслаў Сыракомля...

Такім чынам, Іаахім Храптовіч прысвяціў сваё жыццё культурна-асветніцкай дзейнасці. Ён выступаў як рэфарматар сацыяльна-эканамічных адносін ва ўсходніх раёнах Рэчы Паспалітай, прадпрымальны эканаміст-практык, які дзейнічаў “па рэцэптах” французскіх фізіякратаў. Ён вызваліў сваіх сялян ад паншчыны, перавёўшы іх на чынш і надзяліўшы зямлёй, зацікавіўшы іх такім чынам у канчатковых выніках сваёй працы [4, с. 5]. Іаахім Літавар Храптовіч адыграў значную ролю ў грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці ВКЛ другой паловы XVIII ст. Ён выступаў выразнікам інтарэсаў пэўных колаў магнацтва і шляхты, якія імкнуліся да пераўтварэнняў у краіне. Больш за ўсё яго дзейнасць праявілася ў галіне адукацыі і навукі. У апошнія гады жыцця Іаахім Храптовіч займаўся, у асноўным, навуковай дзейнасцю: удзельнічаў у працы Варшаўскага таварыства сяброў навук, адным са стваральнікаў і сябрам якога быў.

Любоў да навукі і адукацыі ён перадаў свайму сыну Адаму, які працягваў асветніцкія традыцыі бацькі ў першай палове ХІХ ст. Пасля смерці бацькі Іаахіма ў спадчыну яму перайшла і бібліятэка. Як высокаадукаваны чалавек, які атрымаў выхаванне ў Францыі, Адам удзельнічаў у маладосці ў палітычным жыцці краіны, быў візітатарам школ Віленскай навучальнай акругі ад Віленскага ўніверсітэта, працягваў у сваіх маёнтках пачатыя бацькам рэформы.

Адам старанна папаўняў радавую бібліятэку старадрукамі і новымі выданнямі. Менавіта ў гэты час, пасля вяртання з Сібіры, з 1841 да 1846 года бібліятэкарам у Шчорсах працаваў Ян Чачот, які актыўна дапамагаў Адаму Храптовічу камплектаваць бібліятэку.

Калекцыі Храптовічаў, сабраныя ў XVIII і першай палове XIХ ст., з’яўляліся крыніцай навуковых ведаў для многіх даследчыкаў. Бібліятэка Храптовічаў з’яўлялася адным з буйнейшых збораў у Літве і Беларусі, уступаючы толькі зборам Радзівілаў і Агінскіх. Радзівілы, у адрозненне ад Храптовічаў, не дазвалялі карыстацца сваім архівам і калекцыямі.

Пазнаёміўшыся бліжэй з бібліятэкай у Шчорсах, Пташыцкі Станіслаў Львовіч палічыў карысным даць агульныя указанні аб рукапісах, якія захоўваліся там у чаканні падрабязнага іх апісання. [9, с. 8] Расійскі вучоны Пташыцкі быў запрошаны братамі Канстанцінам Апалінар’евічам і Міхаілам Апалінар’евічам Храптовічамі-Буцянёвымі ў канцы XIX ст. для сістэматызацыі бібліятэкі. Пры дапамозе нашчадкаў “шчорсаўскага багацця” даследчык прывёў у парадак, сістэматызаваў і апісаў 129 рукапісаў з бібліятэкі Храптовічаў.

Адам Мальдзіс адзначыў, што ў першай палове ХIХ стагоддзі шчорсаўская бібліятэка выконвала на беларускіх землях ролю публічнай, дзяржаўнай: тут працавалі дзясяткі вядомых навукоўцаў, фалькларыстаў, этнографаў.

Але часы змяняліся. У беларускіх гарадах адкрыліся грамадскія бібліятэкі. На змену Храптовічам у Шчорсах, якія страцілі сваю веліч, прыйшлі іх спадчыннікі Храптовічы-Буцянёвы. А ім бібліятэка прыйшлася, хутчэй, у цяжар. І вось напачатку ХХ стагоддзя кніжныя і рукапісныя зборы І.Храптовіча апынуліся на ўкраінскай зямлі [7, с. 1].

Міністэрства культуры, Нацыянальная акадэмія навук, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі фонд культуры пасля набыцця нашай рэспублікай суверэнітэту актывізавалі захады па выяўленні і вяртанні вывезеных за межы краіны нацыянальных каштоўнасцей. Сёння вяртанне ў лічбавым варыянце кнігазбору роду Храптовічаў стала магчымым, дзякуючы навейшым камп’ютэрным тэхналогіям.



Электронны рэсурс кнігазбору роду Храптовічаў пры вывучэнні гісторыі Беларусі выкарыстоўваецца як дакументальная спадчына краіны. Кнігазбор роду Храптовічаў і гісторыя вяртання ў такім выглядзе знакамітай шчорсаўсай бібліятэкі на радзіму дапамагаюць вучням авалодаць ведамі, далучыць іх да дасягненняў айчыннай і сусветнай культуры эпохі Асветніцтва, фарміраваць грамадзянскі патрыятызм, гонар за культурна-гістарычную спадчыну беларускага народа.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц:


  1. Белозорович, В.А. История Беларуси, вторая половина XVI – XVIII в.: учеб. Пособие для 8-го кл. общеобразоват. учреждений с рус. яз. Обучения / В.А. Белозорович, И.А. Крень, Н.Н. Ганущенко. – Минск : Изд. Центр БГУ, 2010. – 191 с. : ил.

  2. Міранцова, Г.Л. Шчорсаўская мазаіка. Гісторыка-краязнаўчы альманах / Г.Л. Міранцова, І.М. Царук, Г.С.Астроўская, Т.М.Мішкіна. – Шчорсы, 2005.

  3. Живописная Россия : отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении : в 12 т. / под общ. Ред. П.П. Семёнова. – Санкт-Петергург; Москва, 1882. Т. 3, ч. 1 : Литовское Полесье; ч. 2: Белорусское Полесье. 490. – 490 с., VI с. – Сведения о библиотеке И. Хрептовича в Щорсах Новогрудского уезда: с.110.

  4. Караў Дз.У. Храптовічы: род і яго прадстаўнікі ў еўрапейскім гісторыка-культурным кантэксце / Кніжны збор роду Храптовічаў. Электронны рэсурс. 2009.

  5. Кунашко, В. Бібліятэка графаў Храптовічаў [у в. Шчорсы на Навагрудчыне] / В.Кунашко // Полымя (Карэлічы). 1972. – 16 мая.

  6. Лицкевич, С. Рукописи не горят / С.Лицкевич, В.Корбут // Советская Белоруссия. – 2006. - № 46 (11 марта)

  7. Мальдис, А. Дар или депозит ? / А.Мальдис // СБ – Беларусь сегодня. – 2008. 25 апреля.

  8. Мяскова Т.Я. Радавы збор графа Іаахіма Літавора і Адама Храптовічаў / Кніжны збор роду Храптовічаў. Электронны рэсурс. 2009.

  9. Пташицкий, С.Л. Щорсовская библиотека графа Литавора Хрептовича : краткие сведения о собрании рукописей / сообщил С.Л. Пташицкий. Москва, 1899. – 31 с.

  10. Рошчына, Т.І. Бібліятэка Храптовічаў / Р.Рошчына, А.Фурс // Памяць : Навагрудскі раён / Навуковыя рэдактары : М.П. Касцюк (гал. рэд.). – Мінск, 1996. – С. 227 – 231.

  11. Рошчына, Т.І. Храптовічаў бібліятэка / Р. Рошчына, А. Фурс // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. – Т. 17. С. 59.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка