Выхаваўчая гадзіна “Час выбраў нас” г. Навагрудак, 2011 Мэта




Дата канвертавання17.03.2016
Памер98.57 Kb.
УА “Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж”

Выхаваўчая гадзіна

Час выбраў нас”

г. Навагрудак, 2011

Мэта:


  • знаёмства з подзвігамі землякоў, якія загінулі, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане;

  • выхаванне ў навучэнцаў грамадзянскай пазіцыі, пачуцця ўшанавання тых, хто выконваў свой абавязак у імя жыцця на зямлі;

  • развіццё ўмення быць патрэбным людзям, Радзіме, адчування адказнасці за свае ўчынкі.


Абсталяванне: мультымедыйны праектар, ноутбук, фотаздымкі, музычнае суправаджэнне, прэзентацыі.

Навучэнец 1:

Статыстычныя даныя:

Афганская вайна працягвалася з 25 снежня 1979г. па 15 лютага 1989г., т.е. 2238 дзён. Афіцыйнай мэтай уводу савецкіх войск у Афганістан было папярэджанне пагрозы замежнага ваеннага ўмяшання, але ўжо хутка абмежаваны кантынгент быў уцягнуты ў грамадзянскую вайну і стаў актыўным яе ўдзельнікам.

За гэтыя няпоўныя 10 гадоў на афганскай вайне пабылі 32 тыс. беларусаў. З іх 772 не вярнуліся з вайны і загінулі ў час баявых дзеянняў, 734 вярнуліся інвалідамі. Усяго праз гарніла Афганістана прайшлі каля 620 тысяч савецкіх ваеннаслужачых і 21 тыс. цывільнага персанала. З іх 14453 чалавекі загінулі і 417 прапалі без вестак. Сухія лічбы гавораць пра тое, што гэта сапраўды была вайна, на якой вяліся актыўныя баявыя дзеянні.

На сённяшні дзень больш за 22 тысячы афганцаў пражывае на тэрыторыі Беларусі. Званне Героя Савецкага Саюза атрымалі ў Афганістане 86 ваеннаслужачых Савецкай Арміі. Сярод адзначаных ордэнамі і медалямі 110 тысяч салдат і сяржантаў, каля 20 тысяч прапаршчыкаў, больш за 65 тысяч афіцэраў і генералаў. 2500 служачых, у тым ліку 1350 жанчын.


Куратар:

Цяпер моладзі наўрад ці зразумелы пачуцці людзей старэйшага пакалення, для якіх вайна ў Афганістане стала не проста гісторыяй, а ў той ці іншай ступені часткай жыцця. У канцы 70-х і 80-х гадах мінулага стагоддзя трапіць у гэты “гарачы пункт” меў шанц амаль кожны прызыўнік. На вайну адпраўлялі поўных сіл рабят, многія з якіх з чужой, далёкай краіны вярталіся дамоў у цынкавых трунах. 15 лютага 1989 года нарэшце была пастаўлена кропка ў гэтай бясконцай чарадзе смярцей, гора, болі і смутку…

Прыклады стойкасці і гераізму нашых салдат і афіцэраў, праяўленыя на афганскай зямлі, параўнальныя з тымі, што здзяйсняліся нашымі бацькамі і дзедамі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Мы свята помнім тых, хто не вярнуўся з афганскай вайны.
Навучэнка 2:

Раённы выканаўчы камітэт і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў прынялі рашэнне “Аб занясенні звестак у Кнігу Славы Навагрудскага раёна”, звестак аб шасці ўраджэнцах раёна, воінах-інтэрнацыялістах, якія загінулі пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан.


Навучэнец 1:

Бабко Алег Аляксандравіч - ваеннаслужачы тэрміновай службы Савецкай Арміі, які 2 верасня 1984 года загінуў пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан і пахаваны ў горадзе Навагрудку.


Навучэнец 2:

Масціцкі Міхаіл Іванавіч – ваеннаслужачы тэрміновай службы Савецкай Арміі, які 29 лістапада 1984 г. загінуў пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан і пахаваны ў вёсцы Ацмінава.


Навучэнец 3:

Пісарук Іван Іванавіч – ваеннаслужачы тэрміновай службы Савецкай Арміі, які 6 верасня 1987г. загінуў пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан і пахаваны ў вёсцы Пісарукі.


Навучэнец 4:

Пацалуёнак Віктар Мікалаевіч – лейтэнант Савецкай Арміі, які 12 снежня 1980г. загінуў пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан і пахаваны ў горадзе Навагрудку.


Навучэнец 5:

Родзька Іван Пятровіч – ваеннаслужачы Савецкай Арміі, які 4 ліпеня 1983г. загінуў пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан і пахаваны ў г. Навагрудку.


Навучэнец 6:

Шуляк Мікалай Іванавіч – ваеннаслужачы тэрміновай службы Савецкай Арміі, які 23 мая 1987г. загінуў пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан і пахаваны ў вёсцы Брацянка.


Навучэнец 1:

Смутак і боль

У Гродзенскай вобласці пражывае больш за 3500 ветэранаў вайны ў Афганістане. Для праходжання ваеннай службы ў абмежаваным кантынгенце ў Афганістане было прызвана больш за 170 юнакоў Навагрудскага раёна. Не вярнулася ў бацькоўскі дом 6 ваеннаслужачых.
Карэспандэнт газеты “Новае жыццё” С.Грэкава.

“Мы не былі знаёмы з Алегам Бабко, але я памятаю яго. Нашы класы ў школе былі побач. Стройны, сімпатычны юнак з нейкім асабліва добрымі вачыма і надзвычай шчырай, адкрытай усмешкай. Чамусьці ў мяне была ўпэўненасць, што яго лёс абавязкова будзе шчаслівым, а будучыня паспяховай. Калі ж праз некалькі гадоў дайшла вестка, што ён загінуў у Афганістане, не паверыла. не паверыла і тады, калі ўбачыла яго прозвішча на мармуровай пліце ў гарадскім скверы.

Не веру і цяпер, калі ў роднай школе стаю перад стэндам з яго імем у пакоі баявой славы і гляджу на яго фотаздымкі, дакументы, баявыя ўзнагароды і чытаю ўспаміны тых, хто ведаў яго – Алега Бабко.
З успамінаў класнага кіраўніка Алега Бабко В.Г. Гаховіч:

“Алежка быў вельмі добры, ласкавы, уважлівы да людзей. Яго любілі таварышы і дарослыя. На Алега нельга было ўзлавацца. Яго адкрытая ўсмешка абяззбройвала, проста-такі падкупляла кожнага. Ды і калі па шчырасці, злавацца не было за што. Не было выпадку, каб ён пакрыўдзіў таварыша ці дзяўчынку, нагрубіў старэйшаму. Заўсёды вясёлы, ураўнаважаны, спакойны, вытрыманы, Алег разважна вырашаў канфліктныя сітуацыі…

Алег вельмі любіў чытаць. Зноў прачытаная кніга станавілася тэмай для абмеркавання ў класе. Яго цікавіла ўсё: і матэматыка, і літаратура, і гісторыя, і фізіка, і хімія. Вучыўся добра. Асабліва падабалася Алегу пісаць сачыненні на так званыя свабодныя тэмы, дзе можна было выказаць свае жаданні, выявіць у нейкай ступені свае пачуцці. Сачыненні захаваліся да гэтай пары. Яны лепшае сведчанне цудоўнай душы слаўнага юнака…”
Навучэнец 1:

Алега Бабко прызвалі ў армію ў 1983 годзе. На працягу трох месяцаў перад адпраўкай у Афганістан ён разам з іншымі рабятамі праходзіў узмоцненую падрыхтоўку ў Казахстане.


Навучэнец 2:

З успамінаў таварышаў:

“Там былі армейскія жарты, і сапраўднае армейскае жыццё па статуту з найстражэйшым парадкам, - успамінае той час Ігар Басай, які быў прызваны разам з Алегам. –Практычна перад тым, як ад’язджаць, мы вырашылі сфатаграфавацца разам, бо самі не былі ўпэўнены ў тым, што кожны з нас вернецца дамоў. Мы пакінулі на здымках свае адрасы – раптам згубімся. Але ўжо праз некалькі дзён дарогі нашы разышліся. З усіх рабят, што на фотаздымку, я адзін не паехаў на вайну, а таксама адзін з усіх Алег не вярнуўся дамоў”.
Навучэнец 3:

“Свае высокія чалавечыя якасці Алег захаваў і ў Афганістане. Ніхто і ніколі не чуў ад яго слоў пра цяжкасці і складанасці службы. (гаворыцца ў пісьме камандавання часці, дзе служыў юнак). Алега заўсёды вызначала такая важная для чалавека рыса, як здольнасць і гатоўнасць ставіць грамадзянскія інтарэсы вышэй за асабістыя. Ён заўсёды гатовы быў прыйсці на дапамогу…”


Навучэнец 4:

У адным з баёў, калі загарэўся падбіты душманамі танк, Алег без разваг кінуўся на выручку яго экіпажу. Юнак забраўся ў ахоплены полымем танк і дапамог дваім рабятам выбрацца наверх. А потым цаной нечалавечых сіл і намаганняў, задыхаючыся ад едкага дыму, выцягнуў сур’ёзна кантужанага камандзіра праз люк механіка-вадзіцеля. Пазней Алег будзе здзіўляцца таму, як яму гэта ўдалося.


Навучэнец 5:

Пасля гэтага выпадку і шэрагу іншых Алег Бабко быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Нікому з родных і блізкіх не паведаміў ён пра сваю ўзнагароду. “Мама, ты толькі не хвалюйся, - запэўніваў Алег у сваім лісце дадому. – У мяне служба такая ж, як і ў Саюзе: лёгка, весела, і рабяты добрыя…”

У апошнім пісьме Алег пісаў пра тое, што служыць засталося нядоўга і хутка вернецца дамоў. А яшчэ здзіўляўся, чаму ў яго сівыя валасы…


Навучэнец 6:

Адно з баявых заданняў батарэі стала для Алега апошнім. У момант зарадкі рэактыўнага снарада побач узарвалася міна. Асколкі паранілі Алега і закранулі снарад. Спрацавала рэактыўнае ўстройства. З сопла снарада вырвалася пакуль яшчэ слабое полымя, якое з кожным імгненнем набірала моц. Любы на месцы Алега мог кінуць снарад, адбегчы, залегчы ў бяспечным месцы і захаваць сваё жыццё. Але побач былі таварышы. Іх жыцці аказаліся ў яго руках. І Алег прыняў самае галоўнае для сябе рашэнне – рашэнне, якое было для яго адзіна магчымым. Перамагаючы боль ад атрыманага ранення і моцных апёкаў, якія пакідаў агонь, што бязлітасна біў з сопла ў грудзі, твар, рукі, Алег здолеў устанавіць снарад і папярэдзіць выбух.

…У шпіталі ён так і не апрытомнеў. Алег памёр 2 верасня 1984г. Яму было 19 гадоў.
Навучэнец 1:

Пазней яго сябар Аляксандр Лабада ў адным са сваіх пісем да бацькоў Алега Соф’і Савічны і Аляксандра Ільіча Бабко, напіша: “Я чамусьці міжволі параўноўваю сябе з ім. Што б я зрабіў на яго месцы, як бы паступіў? Вы пішаце, што я напісаў цудоўнае пісьмо. Не, словы не могуць быць проста цудоўнымі. Такія пісьмы пішуць пра цудоўных хлопцаў. Ніколі ў жыцці я не мог напісаць падобнага ліста, каб Алег не быў такім Чалавекам. Так, Чалавекам з вялікай літары. І ўсё, што напісана ў пісьме, не больш, чым праўда. Проста ў штодзённым жыцці мы рэдка заўважаем у чалавеку яго веліч. Так было ў нас з Алегам. Ён жа быў простым хлопцам – такім, як і многія іншыя, каго я ведаў. Так, Алег да канца заставаўся верным воінскай прысязе і загінуў, як герой. Хаця я думаю, што наўрад ці ён думаў пра прысягу. Побач жа былі такія ж рабяты, як ён, і дзеля жыцця якіх ён загінуў.”

За паспяховае выкананне задання па аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі радавы Бабко Алег Аляксандравіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна.

Мінула больш за 25 гадоў. Але і цяпер немагчыма змірыцца з думкай, што Алега ўжо даўно няма сярод жывых. Ён абавязкова павінен быў жыць і быць шчаслівым – юнак з вялікай душой і мужным сэрцам.


Навучэнец 1:

Тыя, хто пабылі ў пекле афганскай вайны і выжылі, сёння расказваюць маладому пакаленню, як кожнаму хацелася жыць, а не ваяваць. У Навагрудку створана грамадская арганізацыя “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Яны сталі надзейнай апорай грамадства і выконваюць работу па патрыятычным выхаванні моладзі, падтрымцы згоды і стабільнасці.


Навучэнка гр. ЭП-1 Шаматульская Анастасія.

“Я шчаслівая, што побач са мной кожны дзень мой бацька, якога паважаюць і любяць не толькі ў сям’і, але і ў гаспадарцы, дзе ён працуе механікам. 15 лютага ён заўсёды ўспамінае пайменна сваіх сяброў, з якімі ваяваў разам у Афганістане. Пасля вучэбкі 680га Тахта-Базарскага пагранатрада яго, маладога вадзіцеля вясной 1987г. накіравалі ў Афганістан, у мотаманяўровую групу “Кайсар”. Небяспека была ўсюды. Восенню 1987 года па ўсяму паўночна-заходняму краю Афгана стала надзвычай горача: душманы распачалі актыўныя баявыя дзеянні. Апорны пункт мангрупы – пятачок, прыкладна 300 на 300 метраў, ля самага падножжа гор, што “падпіраюць” неба і іншы раз нават летам не скідваюць свае снегавыя шапкі, “духі” аблажылі з усіх бакоў.

Калона бранятэхнікі мангрупы з дэсантам, бензавозамі і цягачамі, нагружанымі боепрыпасамі, рухалася на выручку сваім таварышам. Па дарозе, паміж дзвюх чарговых сопак, іх атакавалі маджахеды. Першым стрэлам з гранатамёта разнесла машыну, нагружаную боепрыпасамі. Калона раздзялілася на дзве часткі. Пачаўся бой. БТР ехаў за падарванай машынай. Іван, аглушаны ўзрыўной хваляй, высунуўся з люка і адстрэльваўся са свайго “калаша”. Трэба было выбрацца з гэтага пекла. “Духі” прабілі паддон машыны”,- крычаў вадзіцель аднаго з бензавозаў і, замацаваўшы трос за БТР, пад свіст куль пабег да сваёй машыны. Тады пашанцавала: выйшлі з-пад абстрэлу, але смерць вадзіцеля, які кіраваў узарванай машынай, лягла болем на сэрца – загінуў баявы таварыш. Яшчэ каля двух месяцаў Іван, як і ўсё яго падраздзяленне, жыў на “калёсах”, баявая сітуацыя мянялася, і мангрупа пастаянна была ў руху. Неўзабаве яго за той бой, у час марш-кідка на Меймене, узнагародзілі медалём “За адвагу”.
Навучэнец:

Колькі яшчэ было падобных баёў за час службы, ён не лічыў, і сярод гэтага тлуму і вайны душу радавалі пісьмы з роднага сэрцу куточка, мілай Ганцаўшчыны, а яшчэ размовы па радыёсувязі з земляком, сябрам Уладзімірам Бужаном.

“Афган стаў у той час сусветным палігонам, дзе вайна вялася ўсімі відамі зброі свету як мінулых часоў, так і самых найноўшых,” – кажа Іван Шаматульскі.

У 1988 годзе пачаўся вывад савецкіх войск з тэрыторыі Афганістана. Пагранічнікі, прыкрываючы адыход 40-й арміі, пакідалі краіну апошнімі. Маладога папаўнення не прысылалі, і многія салдаты адслужылі па 3-4 месяцы звыш тэрміну. Іх падраздзяленне рухалася ў лютым 1989г. у напрамку пагранічнага горада Кушка. Ля мяжы іх сур’ёзна ўзялі “ў ціск” душманы, але вырвацца ўдалося без страт. 15 лютага 1989г. Іван Шаматульскі пакінуў разам са сваімі таварышамі далёкую краіну назаўсёды.

Усе паважаюць Івана Віктаравіча. І старшыня калгаса І.С. Рылка, і афіцэр ваенкамата М.М.Какоўкін і аднавяскоўцы, якія прыйшлі шчыра павіншаваць яго з узнагароджаннем ордэнам Чырвонай Зоркі. Коратка і сціпла паведаў Іван Віктаравіч пра эпізод салдацкай службы, які адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Эпізод, якіх на вайне было нямала.

“Іх застава тры дні знаходзілася пад артылерыйскім абстрэлам. Банда душманаў, пераважаючая ў разоў дзесяць савецкіх салдат, ішла на штурм. Усёй агнявой сілай супраціўлялася застава наступаючым. Частка людзей выйшла са строю – хто загінуў, хто быў паранены. І ўвесь час тэхніка мая, мой БТР, не падвёў. Колькі таварышаў па зброі ды і самога выратоўвала яна. Успамінаю той бой не раз, а цяпер гляджу на баявы ордэн і думаю, што дадзеная ўзнагарода не за забойства – за выратаванне таварышаў. Няхай ніколі, нідзе не будзе вайны”.


Куратар:

Цяжкі рахунак прад’явілі нам войны і ўзброеныя канфлікты краін, дзе выконвалі інтэрнацыянальны абавязак грамадзяне Беларусі. Сотні нашых землякоў, яшчэ не зведаўшых радасці кахання, пайшлі са зброяй у руках выконваць загад і не вярнуліся дамоў, а яны засталіся назаўсёды маладымі, да канца выканаўшы на полі бою вышэйшы абавязак Салдата.



Мабыць, толькі той, хто прайшоў праз дым і полымя вайны, па-сапраўднаму ведае моц сяброўства, ваеннага брацтва, калі людзі становяцца не толькі салдатамі, але і адзіным арганізмам. І няхай гэта полымя вайны і подзвіг Афгана застануцца ў нашай памяці навечна з аповедаў удзельнікаў, якіх выбраў час, чыя маладосць была пахрышчана агнём. Пра салдацкія будні афганцаў вы можаце даведацца праз творы мастацкай літаратуры. Напрыклад, у аповесці “Цынкавыя хлопчыкі” С.Алексіевіч расказвае праз дакументы і факты, якой неймаверна страшнай была гэтая вайна. Але мужнасць і стойкасць, якую праяўлялі нашы салдаты, дае падставу гаварыць, што яны з годнасцю выканалі свой грамадзянскі і інтэрнацыянальны абавязак.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка