Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: папярэдняя справаздача па выніках назірання за рэгістрацыяй кандыдатаў у Прэзідэнты




Дата канвертавання30.03.2016
Памер111.46 Kb.

19 лістапада 2010 года
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010:

папярэдняя справаздача па выніках назірання

за рэгістрацыяй кандыдатаў у Прэзідэнты

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
1. Кандыдатам у Прэзідэнты можа стаць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, не маладзейшы за 35 гадоў, у падтрымку вылучэння якога сабрана не менш за 100 000 подпісаў выбаршчыкаў. Асноўныя змены ў Выбарчым кодэксе (студзень 2010 года) ў частцы працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты датычыліся падачы дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці, якія прадстаўляюцца кандыдатамі ў ЦВК: знізілася колькасць блізкіх (сваякоў) прэтэндэнта, аб маёмасці і прыбытках якіх трэба прадстаўляць звесткі, уведзена паняцце «істотнай неадпаведнасці звестак» (раней падставай для адмовы ў рэгістрацыі маглі стаць любыя недакладныя звесткі).
2. З 17 прэтэндэнтаў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы, 11 заявілі аб здачы як мінімум 100 000 подпісаў у сваю падтрымку; яшчэ 6 прэтэндэнтаў вырашылі добраахвотна спыніць свой ўдзел ў выбарах.
3. Пасяджэнне ЦВК па рэгістрацыі кандыдатаў, якое адбылося 18 лістапада, праходзіла адкрыта, у прысутнасці назіральнікаў і журналістаў.
4. Толькі адзін прэтэндэнт не меў ніякіх заўвагаў з боку ЦВК – Аляксандр Лукашэнка (1 100 000 подпісаў). Уладзімір Правальскі не быў зарэгістраваны за-за таго, што, па меркаванні ЦВК, здаў толькі 118 сапраўдных подпісаў. Заўвагі да астатніх 9 прэтэндэнтаў, сабраўшых больш за 100 000 подпісаў – Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса і Віктара Цярэшчанку – тычыліся як парушэнняў пры зборы подпісаў, так і неадпаведнасці звестак аб маёмасці і прыбытках. ЦВК палічыла гэтыя парушэнні не перашкаджаючымі рэгістрацыі, і зарэгістравала іх кандыдатамі ў Прэзідэнты.
5. У цэлым, рэгістрацыя кандыдатаў адбывалася без значных абмежаванняў права кандыдатаў быць абранымі. У той жа самы час закрытасць працэдуры праверкі сапраўднасці подпісаў, а таксама дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі кандыдатаў, не выключае маніпуляцыяў з боку выбарчых камісій і дае падставы для стаўлення да вынікаў рэгістрацыі як да палітычна, а не юрыдычна матываваных.
I. ПРАВАВАЯ БАЗА
Прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае на тэрыторыі Беларусі не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Асоба, якая прапануецца на вылучэнне кандыдатам у Прэзідэнты можа быць вылучана грамадзянамі Беларусі пры наяўнасці не менш за 100 000 подпісаў. Кандыдатамі у Прэзідэнты не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не могуць займаць пасады ў дзяржаўных органах у сувязі з наяўнасцю судзімасці.
Рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты ажыцяўляецца Цэнтральнай выбарчай камісіяй (ЦВК). Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты прымаецца пры наяўнасці наступных дакументаў, якія павінны паступіць у ЦВК да пачатку рэгістрацыі: пратаколаў абласных, Мінскай гарадской камісіі, якія пацвярджаюць наяўнасць не менш за 100 000 подпісаў у падтрымку вылучэння прэтэндэнта, заява прэтэндэнта аб згоде балатавацца, а таксама яго біяграфічныя дадзеныя і дэкларацыя аб прыбытках і маёмасці.
У рэгістрацыі кандыдата можа быць адмоўлена ў наступных выпадках:
1) калі неадпаведнасць звестак, прадстаўленых ў дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці асобы, вылучанай кандыдатам у Прэзідэнты, ці іншых блізкіх яго асобаў, пражываючых разам з ім (блізкіх сваякоў, мужа (жонкі)), мае істотны характар;
2) калі ў цэлым па краіне больш за 15% ад агульнай колькасці правераных подпісаў прызнаныя несапраўднымі;
3) пры парушэнні ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты патрабаванняў ч. 8 арт. 61, арт. 73 Выбарчага кодэкса (ВК): у выпадках удзелу адміністрацыі арганізацый у зборы подпісаў, а таксама прымусу пры зборы подпісаў ці ўзнагароджвання выбаршчыкаў пры зборы подпісаў; прыцягнення непасрэдных падначаленых ці асобаў, якія знаходзяцца ў іншай службовай залежнасці, для ажыццяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню.
Рашэнне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі кандыдата можа быць абскарджанае ў Вярхоўны Суд у трохдзённы тэрмін з моманту яго вынясення. Вярхоўны Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым.
Асноўныя змены ў ВК у частцы працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты, у параўнанні з мінулымі выбарамі, датычыліся дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці, якія прадстаўляюцца кандыдатамі ў ЦВК. Раней згодна з арт. 68 ВК у рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты адмаўлялася пры прадстаўленні любых недакладных звестак у дакументах для рэгістрацыі ў ЦВК, у тым ліку біяграфічных. Згодна з новай рэдакцыяй арт. 68 ВК у рэгістрацыі адмаўляецца толькі пры прадастаўленні недакладных звестак у дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці і пры ўмове, што гэтыя недакладнасці маюць істотны характар. Растлумачэнне таго, якія недахопы ў дэкларацыі могуць мець істотны характар аднесена да кампетэнцыі ЦВК1.
Акрамя таго, падчас выбараў Прэзідэнта ў 2001 і 2006 гадах пытанне прадстаўлення дэкларацыяў аб прыбытках і маёмасці прэтэндэнтамі і іншымі асобамі, якія з’яўляліся ягонымі (яе) сваякамі ці жонкай (мужам), рэгулявалася Дэкрэтам Прэзідэнта №20 ад 26 снежня 2001 года. Згодна з Дэкрэтам, такія дэкларацыі мусілі прадставіць не толькі прэтэндэнты, але і іхныя блізкія сваякі прычым незалежна ад месца іх пражывання ці знаходжання. Пасля ўнясення зменаў у арт.68 ВК такія дэкларацыі, акрамя самога кандыдата, прадстаўляюцца ягонымі паўнагадовымі сваякамі, мужам (жонкай), толькі пры ўмове, што яны сумесна пражываюць з кандыдатам і вядуць сумесную гаспадарку.
II. ВЫЛУЧЭННЕ І ЗНЯЦЦЁ ПРЭТЭНДЭНТАЎ
Заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні асоб, якія выказалі намеры ўдзельнічаць у выбараях у якасці кандыдата, падалі 19 чалавек, аднак было зарэгістравана толькі 17 ініцыятыўных груп (у 2 асобаў не была вытрымана норма ВК, якая патрабуе наяўнасць не меней за 100 сяброў у групе) наступных прэтэндэнтаў:


  • Пётр Барысаў, пенсіянер;

  • Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі;

  • Юрый Глушакоў, першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя»

  • Сяргей Іваноў, часова не працуючы;

  • Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ;

  • Іван Кулікоў, загадчык лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

  • Аляксандр Лукашэнка, дзеючы Прэзідэнт;

  • Алесь Міхалевіч, старшыня аргкамітэту па стварэнні саюза «За мадэрнізацыю»;

  • Уладзімер Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!»;

  • Уладзімір Правальскі, індывідуальны прадпрымальнік;

  • Яраслаў Раманчук, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі;

  • Сяргей Рыжоў, начальнік сектару знешнеэканамічнай дзейнасці Адкрытага акцыянернага таварыства «Віцебскі плодаагароднінны камбінат»;

  • Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»;

  • Андрэй Саннікаў, лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь»;

  • Мікола Статкевіч, лідэр аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада);

  • Дзмітрый Ус, дырэктар Таварыства з дадатковай адказнасцю «Трывіум»;

  • Віктар Цярэшчанка, старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Першым – 7 кастрычніка – зняўся з перадвыбарчай гонкі П. Барысаў, заявіўшы, што, падзяляючы каштоўнасці і ідэі хрысціянскай дэмакратыі, робіць гэта на карысць В. Рымашэўскага. 8 кастрычніка заявіў пра сваё зняцце, падаўшы адпаведную заяву ў ЦВК, С. Гайдукевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2001 і 2006 гадоў. Сваё рашэнне С. Гайдукевіч патлумачыў тым, што «выбары ў Беларусі – гэта спектакль, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя». 21 кастрычніка адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі С. Рыжоў, назваўшы адной з прычын ціск уладаў на асобных сяброў яго ініцыятыўнай групы2. Напярэдадні заканчэння тэрміну падачы сабраных подпісаў ад удзелу ў выбарчай кампаніі адмовіўся Ю. Глушакоў (з-за немагчымасці збору 100 000 подпісаў), а ужо пасля заканчэння гэтага тэрміна – С. Іваноў і І. Кулікоў.


У выніку збору подпісаў адзінаццаць прэтэндэнтаў заявілі аб здачы неабходных 100 000 подпісаў на праверку ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі – Р. Кастусёў, А. Лукашэнка, А. Міхалевіч, У. Някляеў, У. Правальскі, Я. Раманчук, В. Рымашэўскі, А. Саннікаў, М. Статкевіч, Дз. Ус, В. Цярэшчанка.
III. ПАСЯДЖЭННЕ ЦВК ПА РЭГІСТРАЦЫІ КАНДЫДАТАЎ У ПРЭЗІДЭНТЫ
18 лістапада 2010 адбылося пасяджэнне ЦВК, прысвечанае рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты. У пасяджэнні прынялі ўдзел усе 12 сяброў ЦВК, а таксама асобы, вылучаныя кандыдатамі ў Прэзідэнты, і іх давераныя асобы.
Падчас пасяджэння ЦВК разгледзеў наступныя пытанні: 1) устанаўленне колькасці выбаршчыкаў, якія падалі подпісы за асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты; 2) прыняцце рашэння аб рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты; 3) рэгістрацыя спісаў давераных асоб кандыдатаў у Прэзідэнты; 4) унясенне змяненняў у Пастанову ЦВК №82, якая рэгулюе парадак выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.
Дакладчыкам па першым пытанні выступіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, які заявіў, што падчас дадзенай выбарчай кампаніі былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для бесперашкоднага збору подпісаў. Па яго словах, супрацоўнікі праваахоўных органаў праяўлялі памяркоўнасць пры правядзенні пікетаў, якія ў некаторых выпадках мелі прыкметы агітацыйных мерапрыемстваў. М. Лазавік падкрэсліў, што свабоднае і дэмакратычнае правядзенне этапу збору подпісаў дазволіла асобам, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, сабраць неабходную колькасць подпісаў. Трэба адзначыць, што дадзеныя, абвешчаныя М. Лазавіком, нязначна разышліся з ранейшымі звесткамі ЦВК3 аб колькасці здадзеных подпісаў:


Асоба, вылучаная кандыдатам у Прэзідэнты

Колькасць здадзеных подпісаў

Колькасць подпісаў, прызнаных сапраўднымі (агучана на пасяджэнні)

Па папярэдніх

звестках ЦВК

Агучана на пасяджэнні

Рыгор Кастусёў

107 083

107 085

100 870

Аляксандр Лукашэнка

1 113 014

1 113 938

1 110 000

Алесь Міхалевіч

120 531

120 554

111 699

Уладзімір Някляеў

193 829

194 953

180 073

Яраслаў Раманчук

128 699

127 229

123 206

Віталь Рымашэўскі

105 318

107 493

102 817

Андрэй Саннікаў

150 168

151 558

142 023

Мікалай Статкевіч

117 989

116 408

111 159

Дзмітрый Ус

110 753

109 091

104 102

Віктар Цярэшчанка

122 520

123 885

109 012

М. Лазавік падкрэсліў, што асноўныя парушэнні, дапушчаныя сябрамі ініцыятыўных груп, якія прывялі да прызнання часткі подпісаў несапраўднымі, былі: подпісы ад імя розных асоб, зробленыя адной асобай, подпісы асоб, якія не валодаюць выбарчым правам, прадстаўленне ў падпісных лістах недакладных дадзеных аб выбаршчыках, падпісныя лісты, не завераныя сябрамі ініцыятыўных груп.


Па выніках збору подпісаў у падтрымку У. Правальскага, сапраўднымі прызнаны толькі 118 подпісаў, сабраных у Наваполацкім і Віцебскім р-не (Віцебская вобл.) і ў г. Віцебску. Пры гэтым ініцыятыўная група У. Правальскага здала 6 798 падпісных лістоў, завераных трыма сябрамі яго ініцыятыўнай групы. Пры праверцы сапраўднасці подпісаў у сяброў тэрытарыяльных выбарчых камісій узніклі сумненні ў сапраўднасці падпісных лістоў. У сувязі з гэтым дадзеныя падпісныя лісты былі перададзеныя ва ўпраўленне ўнутраных спраў г. Віцебска з запытам наконт арыгінальнасці лістоў. Пасля адпаведнай праверкі экспертна-крыміналістычным цэнтрам, усе падпісныя лісты, здадзеныя на экспертызу, былі прызнаныя копіямі. Па дадзеным факце Першамайская раённая выбарчая камісія г. Віцебска накіравала матэрыялы ў пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дадзеным фактам. У. Правальскі аспрэчыў дзеянні выбарчых камісій і абвясціў аб сваім намеры звярнуцца ў Вярхоўны Суд. У выніку ЦВК прыняла аднагалоснае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзідэнты У. Правальскага.
ЦВК таксама звярнуў увагу на факты неадпаведнасці рэчаіснасці некаторых звестак, прадстаўленых для рэгістрацыі А. Міхалевічам, У. Някляевым і Дз. Усам, аднак прызнаў гэтыя факты неістотнымі. У выніку былі прынятыя пастановы аб рэгістрацыі астатніх дзесяці кандыдатаў – Рыгора Кастусёва, Аляксандра Лукашэнкі, Алеся Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса і Віктара Цярэшчанкі.

____________________________________________________________________________



Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://www.belhelcom.org).

1 Згодна з пастановай ЦВК №83 ад 14 кастрычніка 2010 года, пад істотным характарам неадпаведнасці звестак разумеецца: дэклараванне ў меншым памеры агульнай сумы гадавога прыбытку, калі неадпаведнасць складае больш за 20% ад агульнай сумы гадавога прыбытку; адсутнасць звестак аб нерухомай маёмасці, якая належыць на праве ўласнасці (дом, кватэра, гараж, дача, пакой, зямельны ўчастак); адсутнасць звестак аб транспартных сродках, якія належаць на праве ўласнасці; адсутнасць звестак аб долі ў статутным фондзе юрыдычнай асобы; адсутнасць звестак аб каштоўных паперах.

2 Варта дадаць, што ў далейшым С. Рыжоў быў звольнены з працы нібыта за прагул.

3 http://www.rec.gov.by/pdf/prb2010/sved9.pdf



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка