Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання




Дата канвертавання15.03.2016
Памер120.96 Kb.



Выбары дэпутатаў

мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь

дваццаць сёмага склікання
Справаздача па выніках назірання

за фарміраваннем тэрытарыяльных выбарчых камісій


Назіранне ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»1

У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ





  1. Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (далей – ТВК) – адзін з ключавых механізмаў выбарчага працэсу. Менавіта ад працы ТВК, як і ад функцыянавання Цэнтральнай камісіі2, залежыць, ці будуць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў адпавядаць стандартам свабодных і справядлівых выбараў.

  2. У нормах дзеючага заканадаўства адносна фарміравання ТВК адзначаны: штучныя абмежаванні для палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у магчымасці вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК (а манавіта – патрабаванне наяўнасці арганізацыйных структур, зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік на раённым і гарадскім узроўнях); адсутнасць крытэраў пры адборы прэтэндэнтаў у склад ТВК; адсутнасць празрыстасці на этапе вылучэнняў прэтэндэнтаў у склад ТВК; абмежаванні ў магчымасці назіраць за працэсам зацвярджэння складу ТВК. Змены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – ВК) у лістападзе 2013 г. не палепшылі заканадаўчага рэгулявання фарміравання ТВК.

  3. Адсутнасць вызначаных крытэраў пры адборы прэтэндэнтаў у склад ТВК робіць фактычна бессэнсоўным абскарджанне рашэнняў органаў, якія іх фарміруюць, у судовым парадку.

  4. Вылучэнне прадстаўнікоў у склад ТВК адбывалася свабодна, аднак фактычна не асвятлялася ў дзяржаўных СМІ.

  5. Пасяджэнні органаў, якія фарміравалі ТВК, прайшлі ва ўмовах абмежаванай інфармаванасці выбаршчыкаў. Звесткі пра тое, калі і дзе будуць адбывацца сумесныя пасяджэнні прэзідыумаў саветаў дэпутатаў і выканкамаў па зацвярджэнні складу камісій, былі маладаступнымі. У 46% выпадкаў органы ўлады не дапусцілі назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на гэтыя пасяджэнні.

  6. Пасяджэнні органаў, якія фарміруюць ТВК, у большасці выпадкаў прайшлі фармальна: на іх не былі прадстаўлены і абмеркаваны кандыдатуры вылучаных у склад камісій, галасаванне рабілася адразу за прапанаваны спіс. Фактычна пасяджэнні зводзіліся да безальтэрнатыўнага зацвярджэння загадзя падрыхтаваных прадстаўнікамі мясцовых органаў улады спісаў складу камісій.

  7. Колькасць кандыдатаў, вылучаных у склад ТВК ад усіх зарэгістраваных у краіне палітычных партый, склала 153 чалавекі (1,29 % ад агульнай колькасці вылучаных), а ад апазіцыйных партый – 44 чалавекі (0,37%). З іх у склад камісій увайшло толькі 5 чалавек (0,00047% ад агульнай колькасці сяброў ТВК, ці 11,4% ад агульнай колькасці вылучаных прадстаўнікоў апазіцыйных партый). Кандыдаты ад праўладных партый увайшлі ў склад ТВК у 8 выпадках з 10. (Для параўнання: на мясцовых выбарах 2010 г. у склад ТВК былі ўведзены 25% ад агульнай колькасці вылучаных прадстаўнікоў апазіцыйных партый). З агульнай колькасці 1328 ТВК толькі ў 5 камісіях (0,4 %) прадстаўлены сябры апазіцыйных палітычных партый.

  8. Фарміраванне ТВК падчас правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання сутнасна не адрознівалася ад працэсу фарміравання ТВК у перыяд прэзідэнцкай выбарчай кампаніі (2010) і мясцовых выбараў (2010).



ПРАВАВАЯ БАЗА

У адпаведнасці з арт. 29 ВК падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў забяспечваюць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі – абласныя, Мінская гарадская, раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання), пасялковыя і сельскія; акруговыя выбарчыя камісіі па выбарам у абласныя Саветы дэпутатаў і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, якія ажыццяўляюць у раёнах горада Мінска паўнамоцтвы акруговых выбарчых камісій па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў ( у кожным раёне горада Мінска ствараецца па адной камісіі). Вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК (па 1 прадстаўніку ў адпаведную камісію) маюць права: кіруючыя органы такіх арганізацыйных структур палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія зарэгістраваны на тым жа тэрытарыяльным ўзроўні, дзе ствараецца ТВК; працоўныя калектывы арганізацый ці калектывы іх структурных падраздзяленняў, якія налічваюць не менш за 10 працоўных і знаходзяцца на тэрыторыі дзейнасці адпаведных ТВК; грамадзяне ў колькасці не менш за 10 чалавек, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на тэрыторыі дзейнасці адпаведных ТВК. Такім чынам, па-ранейшаму палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі не па ўсёй тэрыторыі іх дзейнасці, а толькі па тых тэрыторыях, дзе яны маюць зарэгістраваныя арганізацыйныя структуры.

Абласныя і мінская гарадская ТВК фарміруюцца прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі ў складзе 9–13 чалавек. Раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання) – прэзідыумамі раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў і раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі ў складзе 9–13 чалавек. Гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія ТВК – гарадскімі, пасялковымі, сельскімі выканаўчымі камітэтамі ў складзе 7–11 чалавек.

У адпаведнасці з арт. 35 ВК, як правіла, не менш за траціну складу камісіі павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за траціну складу камісіі. У склад камісій не могуць таксама ўваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

На пасяджэннях органаў, якія фарміруюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі суб’ектаў, якія маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад камісій (палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і грамадзянаў). Рашэнне аб фарміраванні ТВК у сямідзённы тэрмін з моманту яго прыняцця змяшчаецца ў друку. Рашэнне аб фарміраванні пасялковых, селькіх ТВК у той жа тэрмін можа быць даведзена да ведама грамадзян іншым спосабам.

Рашэнне органа, які фарміруе камісіі, можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін з моманту яго прыняцця адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі, раённы, гарадскі суд суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі. Суд разглядае скаргу на працягу трох дзён, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым.



ПРАЦЭС ВЫЛУЧЭННЯ КАНДЫДАТАЎ У СКЛАД ТВК


Вылучэнне прадстаўнікоў у склад ТВК адбылося згодна з Каляндарным планам3 і завяршылася не пазней за 24 снежня 2014 года.

Як і падчас ранейшых выбарчых кампаній, сёлета гэты працэс прайшоў ва ўмовах абмежаванай інфармаванасці насельніцтва. З моманту абвяшчэння выбараў і да апошняга дня вылучэння кандыдатур у склад камісій адказныя за фарміраванне камісій органы ўлады і дзяржаўныя СМІ практычна не давалі інфармацыі наконт гэтага мерапрыемства.

Асноўнай праблемай, з якой сутыкнуліся палітычныя партыі пры вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК, была адсутнасць арганізацыйных структур, зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік на раённым і гарадскім узроўнях. У папярэднія гады шматлікія арганізацыйныя структуры палітычных партый былі ліквідаваныя паводле пазоваў упраўленняў юстыцыі ў сувязі з тым, што мелі рэгістрацыю ў памяшканнях жылога фонду. Адсутнасць зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік арганізацыйных структур істотна абмежавала магчымасці вылучэння прадстаўнікоў палітычных партый у склад адпаведных ТВК.

Органы, які фарміруюць камісіі, у большасці не стваралі перашкодаў для падачы дакументаў суб’ектам, якія здолелі вылучыць у склад ТВК сваіх прадстаўнікоў. Амаль усе суб’екты былі праінфармаваныя аб часе і месцы прыёму дакументаў і здолелі падаць іх. Адзін факт адмовы зафіксаваны ў Бресце. 24 снежня ў Дзяніса Турчаняка, вылучанага грамадзянамі, не прынялі дакументы, спаслаўшыся на тое, што напярэдадні Ражства Хрыстова тэрмін працы органаў, які фарміруюць камісіі, скарочаны на 1 гадзіну.

Паводле дадзеных ЦВК, у склад 1331 ТВК (6 абласных і Мінскай гарадской, 118 раённых, 10 гарадскіх у гарадах абласнога падпарадкавання, 14 гарадскіх у гарадах раённага падпарадкавання, 25 пасялковых, 1157 сельскіх) вылучана 11706 кандыдатаў.

Органы, адказныя за фарміраванне камісій, не заўсёды паведамлялі назіральнікам колькасць вылучаных кандыдатаў, практычна немагчыма было высветліць іх прозвішчы. За невялікім выключэннем (напрыклад, пры фарміраванні Бабруйскай раённай выбарчай камісіі зацікаўленыя асобы змаглі азнаеміцца з матэрыяламі вылучэння), нельга было азнаёміцца з дакументамі па вылучэнні і пераканацца ў тым, што ўсе неабходныя пры вылучэнні кандыдатур фармальнасці былі выкананы.

ЦВК падае наступныя дадзеныя аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад ТВК4:

З 15 зарэгістраваных у краіне палітычных партый сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК вылучылі 10, у тым ліку 4 апазіцыйных: Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» (23), Аб’яднаная грамадзянская партыя (11), Партыя БНФ (6), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (2). Калі, паводле дадзеных ЦВК, ад чатырох апазіцыйных партый разам было вылучана 42 кандыдаты, то паводле дадзеных партыйных штабоў – 45. Гэта значыць, што 3 партыйныя кандыдаты вылучаліся іншым шляхам. Такім чынам ад агульнай колькасці кандыдатаў, вылучаных партыямі, ад апазіцыйных партый было вылучана 28%. Усе зарэгістраваныя партыі вылучылі у склад камісій 1,29% кандыдатаў, апазіцыйныя – 0,36% ад агульнай колькасці кандыдатаў.

Больш за траціну кандыдатаў у ТВК склалі вылучэнцы грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў. Пры гэтым усяго 5 арганізацый – ГА «Белая Русь», ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі саюз жанчын і Беларускае грамадскае абяднанне ветэранаў – выставілі 94% ад усіх кандыдатаў ад грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў.





ПАСЯДЖЭННІ ОРГАНАЎ, ЯКІЯ ЎТВАРАЛІ КАМІСІІ


Сумесныя пасяджэнні прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) і раённых у гарадах Саветаў дэпутатаў і адпаведных выканаўчых камітэтаў адбыліся ў адпаведнасці з Каляндарным планам – не пазней за 27 снежня 2013 года. Усяго створана 1331 ТВК.

Інфармацыя пра тое, калі і дзе будуць адбывацца сумесныя пасяджэнні прэзідыумаў саветаў дэпутатаў і выканкамаў па зацвярджэнні складу камісій, была маладаступнай. На большасці афіцыйных сайтаў не з’явілася паведамленняў аб даце і месцы пасяджэння. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі вымушаны спецыяльна запытвацца аб гэтым у прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Такім чынам і суб’екты, якія вылучалі прадстаўнікоў у склад ТВК, і назіральнікі былі абмежаваныя ў сваіх правах.

На пасяджэннях органаў, якія ўтвараюць камісіі, неабходны кворум быў забяспечаны паўсюль.

Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, працягласць пасяджэнняў органаў, якія ўтвараюць камісіі, у многіх месцах была мінімальнай. Напрыклад, Аршанскі раённы выканаўчы камітэт правёў яго за 12 хвілін, Рэчыцкі раённы выканаўчы камітэт – за 15 хвілін, Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт – за 14 хвілін. З 20 выканаўчых камітэтаў (презідыумаў Саветаў дэпутатаў), дзе вялося назіранне, у 17 выпадках пасяджэнні доўжыліся менш за 20 хвілін. Абмеркавання кандыдатур не адбывалася, галасаванне ішло адразу за прапанаваны спіс без прадстаўлення асоб, прапанаваных ў склад камісіі.

Выключэннем з’явілася пасяджэнне Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта і Прэзідыума Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, на якім адбывалася абмеркаванне кожнай з 17 кандыдатур, якое працягвалася гадзіну і 14 хвілін. Падчас яго давалася характарыстыка кожнага з прэтэндэнтаў, вырашальным фактарам у якой служыў «досвед працы ў выбарчай камісіі». У дачыненні да чатырох прэтэндэнтаў было заяўлена, што такога вопыту ў іх няма. Але двое з іх выказалі нязгоду і паведамілі прысутным аб сваім удзеле ў працы ТВК падчас ранейшых выбарчых кампаній. У выніку яны ўсё роўна не былі ўключаны ў склад ТВК.

Працэс фарміравання ТВК у бягучай выбарчай кампаніі сведчыць аб фармальным характары гэтай выбарчай працэдуры.


СКЛАД СТВОРАНЫХ КАМІСІЙ
У склад 1328 ТВК былі абраныя 10607 чалавек. Колькасць ТВК зменшылася на 3 у сувязі з тым, што 20 снежня 2013 г. былі ліквідаваныя 3 сельсаветы у Брэсцкай вобласці. Актыўнасць палітычных партый была невысокая, але з вылучаных 151 увайшлі ў склад ТВК толькі 97 іх прадстаўнікоў, большасць з якіх склалі сябры партый, лаяльных да дзеючай улады. Толькі ад КПБ і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ў склад ТВК уключана адпаведна 71 і 16 сяброў. Такім чынам, са 109 кандыдатаў ад гэтых партый у склад ТВК прайшлі 92 чалавекі (84,4% ад агульнай колькасці вылучаных). А вось з 44 прадстаўнікоў чатырох апазіцыйных партый, вылучаных у склад ТВК (0,37% ад агульнай колькасці кандыдатаў), уключаны ў камісіі толькі 5 кандыдатаў (0,00047% ад агульнай колькасці сяброў ТВК, ці 11,4% ад агульнай колькасці вылучаных прадстаўнікоў апазіцыйных партый).

Такім чынам, прадстаўнікі апазіцыйных партый прысутнічаюць толькі ў 5 камісіях з 1328. Перадузятае стаўленне органаў, якія ўтваралі выбарчыя камісіі, да прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый, з’яўляецца відавочным: калі практычна кожны з сярэднестатыстычных кандыдатаў трапіў у склад ТВК, то ў выпадку прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый – толькі 1 з 10. Пры гэтым кандыдаты ад лаяльных уладзе партый траплялі ў камісіі ў 8 выпадках з 10.

Зафіксаваны факты ўключэння ў склад ТВК асобаў ад праўладных арганізацыяў, нягледзячы на грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства ў адпаведных дакументах. Так, пры фарміраванні Віцебскай гарадской выбарчай камісіі ў пратаколе Пленума Віцебскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, які вылучыў у склад камісіі Аляксея Струкава, не быў указаны нумар тэлефона кіруючага органа партыі, як гэта прадугледжвае ВК. Аднак Струкаў быў уключаны ў склад камісіі. Сябрам ТВК таксама стала Валянціна Казакоўская, нягледзячы на тое, што ў пратаколе сходу працоўнага калектыву, які вылучыў яе ў камісію, не пазначаны адрас знаходжання і тэлефон прадпрыемства. У склад камісіі таксама ўвайшла Таццяна Ігнаткова, хаця ў заяве грамадзян, якія вылучылі яе ў склад камісіі, не ўказана месца жыхарства (населены пункт) ні аднаго з тых, хто падпiсаў заяву.

УМОВЫ НАЗІРАННЯ

ВК не рэгулюе назіранне за парадкам фарміравання ТВК. Артыкул 34 ВК рэгламентуе права прысутнічаць на пасяджэннях прадстаўнікоў толькі тых суб’ектаў, якія маюць права вылучаць у склад ТВК сваіх прадстаўнікоў. Аднак ч. 1 арт. 13 ВК устаноўлена, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Акрамя таго, згодна з арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» мясцовае кіраванне ажыццяўляецца ў тым ліку, на прынцыпе галоснасці. Частка 2 арт. 39 гэтага закона ўстанаўлівае агульнае правіла, згодна з якім на пасяджэннях выканаўчага і распарадчага органа ва ўстаноўленым парадку могуць прысутнічаць прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, а таксама грамадзяне.

Трэба адзначыць, што з 2010 г. назіральнікі амаль без перашкодаў з боку органаў улады прысутнічалі на пасяджэннях органаў па фарміраванні ТВК. Аднак у бягучай выбарчай кампаніі адмоўлена ў гэтым практычна палове з іх (з 26 – 12). Напрыклад, такая сітуацыя адбылася з прадстаўнікамі БХК пры фарміраванні Брэсцкай гарадской выбарчай камісіі, Віцебскай гарадской выбарчай камісіі, Барысаўскай раённай выбарчай камісіі і іншае. Падставай паўсюль служыла палажэнне згаданага арт. 34 ВК. Такім чынам, камісіі абгрунтоўвалі свае адмовы фармальна – указваючы на адсутнасць урэгулявання.

У выніку, карыстаючыся адсутнасцю нормы ў ВК аб праве назіраць за працэсам фарміравання ТВК, органы ўлады стварылі перашкоду значнай частцы незалежных назіральнікаў, парушыўшы прынцып галоснасці і празрыстасці выбараў, гарантаваны арт. 13 ВК і арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».




1 РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»: http://belhelcom.org/docs; ПЦ «Вясна»: http://spring96.org/ .

2 Центральная комиссия Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов.

3 КАЛЕНДАРНЫЙ ПЛАН организационных мероприятий по подготовке и проведению выборов в местные Советы депутатов Республики Беларусь двадцать седьмого созыва.

4 Даступна на: http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-MS27-sved2.pdf.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка