Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання




Дата канвертавання20.03.2016
Памер145.31 Kb.
Выбары дэпутатаў

мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь

дваццаць сёмага склікання
Справаздача па выніках назірання

за этапам перадвыбарчай агітацыі
Назіранне ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»
І. Агульныя высновы
Згодна са зменамі, унесенымі ў ВК у 2013 г., кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў атрымалі права на выкарыстанне ўласных выбарчых фондаў для правядзення перадвыбарчай агітацыі. Пры гэтым усе выдаткі на выраб агітацыйных матэрыялаў павінны аплочвацца выключна са створаных кандыдатамі выбарчых фондаў.
Максімальны памер выбарчых фондаў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў значна перавышае памер грашовых сродкаў, якія раней выдзяляліся з дзяржаўнага бюджэту на правядзенне агітацыі кандыдатамі ў мясцовыя Саветы дэупатаў (у абласныя і Мінскі гарадскі Саветы – 30 базавых велічынь зараз і 8 базавых велічынь раней). Аднак і гэтых сродкаў не хапае для арганізацыі паўнавартаснай і заўважнай выбаршчыкамі агітацыйнай кампаніі: размяшчэння ў друку палітычнай праграмы, аплаты палітычнай рэкламы ў СМІ, арэнды памяшканняў для правядзення сустрэчаў з выбрашчыкамі і г.д.

У цэлым змены ў ВК адносна парадку правядзення перадвыбарчай агітацыі не паспрыялі большай публічнасці кампаніі па выбарах і інфармаванасці выбарчшыкаў. Інфармацыйныя матэрыялы аб кандыдатах, падрыхтаваныя выбарчымі камісіямі, былі малаінфарматыўнымі і часта не даходзілі да грамадзян. Назіральнікамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаецца ў цэлым вельмі пасіўны характар перадвыбарчай агітацыі, якая праводзілася кандыдатамі. У сукупнасці гэтыя фактары істотна негатыўна ўплывалі на магчымасць атрымаць дастатковую інфармацыю аб кандыдатах і іх праграмах.

Адзначаліся выпадкі цэнзуравання друкаванай прадукцыі апазіцыйных кандыдадтаў і іх выступаў па радыё, а таксама выпадкі пазбаўлення рэгістрацыі кандыдатаў за дапушчаныя парушэнні пры агітацыі. Фіксаваліся выпадкі скажэння інфармацыі аб біяграфіях (судзімасцях) кандыдатаў, што сведчыць аб селектыўным падыходзе выбарчых камісій да кандытаў.

Зафіксаваныя факты канфіскацыі прадстаўнікамі праваахоўчых органаў друкаванай агітацыйнай прадукцыі апазіцыйных кандыдатаў, а таксама перашкоды пры правядзенні кандыдатамі агітацыйных пікетаў.

Арышты падчас правядзення агітацыйнай кампаніі актывістаў апазіцыйных партый, прадстаўнікі якіх удзельнічаюць у выбарах, стваралі вельмі негатыўны палітычны фон, на якім адбываюцца выбары.

ІІ. Прававое рэгуляванне

Прававой асновай правядзення перадвыбарнай агітацыі стала абноўленая 25 лістапада 2013 г. рэдакцыя ВК, якая значна змяніла падыход да арганізацыі агітацыі і яе фінансавання.

Новая рэдакцыя арт. 47 ВК забараняе заклікі, якія заахвочваюць або маюць сваёй мэтай заахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, рэферэндуму, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя заклікі знаходзяцца ў адным шэрагу з прапагандай вайны, заклікамі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Раней заклікі да байкоту выбараў былі адной з формаў агітацыі, прадугледжанай ВК, і былі забаронены толькі ў дзень галасавання. Забарона заклікаў да байкоту выбараў на заканадаўчым узроўні вяртае прававую практыку, якая існавала ў Беларусі да ўвядзення ў дзеянне ВК у 2000 г.

Удасканалены парадак размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў у іншых месцах, акрамя ўсталяваных мясцовымі органамі. Размяшчэнне можа ажыццяўляцца з дазволу кіраўніка адпаведнай арганізацыі. У выпадку, калі кіраўнік арганізацыі дазволіў размяшчэнне ў арганізацыі агітацыйнага друкаванага матэрыялу аднаму кандыдату, ён не мае права адмовіць іншаму кандыдату ў размяшчэнні агітацыйнага друкаванага матэрыялу на тых жа ўмовах (ч. 13 арт. 45 ВК).

Па новых нормах ВК сродкі бюджэта будуць выкарыстаныя выбарчымі камісіямі на выраб агульных плакатаў з біяграфічнымі дадзенымі і інфармацыйнымі матэрыяламі аб кандыдатах у дэпутаты для накіравання іх выбаршчыкам. Згодна з ч. 3 арт. 13 ВК, аб’ём звестак пра кожнага кандыдата, якія размяшчаюцца ў гэтых матэрыялах, павінен быць прыкладна аднолькавым. Акруговая, тэрытарыяльная выбарчая камісія не пазней чым на чацвёрты дзень пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты накіроўвае ў друк для публікацыі паведамленні аб рэгістрацыі. Адносна кожнага кандыдата ўказваецца імя, імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца працы, месца жыхарства, партыйнасць, а таксама звесткі аб даходах і маёмасці ў аб'ёме, якi вызначаецца Цэнтральнай камісіяй. Калі кандыдат у дэпутаты раней меў судзімасць, звесткі аб таксама паказваюцца (ч. 14 арт. 68 ВК).

Участковая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў накіроўвае выбаршчыкам інфармацыю аб кандыдатах у дэпутаты, пададзеную ў акруговай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй. ВК не вызначыў тэрмін, у які гэтыя інфармацыйныя матэрыалы павінны быць накіраваныя выбаршчыкам. Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндума, запэўніваў, што ўчастковыя камісіі будуць рыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы пра ўсіх кандыдатаў, якія балатуюцца па акрузе, і разам з запрашэннем на выбары перадаваць гэтую інфармацыю выбаршчыкам1.

Кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў па новых правілах атрымалі магчымасть самастойна (за кошт уласнага выбарчага фонда) арэндаваць памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі (ч. 8 арт. 45 ВК) і вырабляць агітацыйнаю прадукцыю.

Згодна з абноўленай рэдакцыяй арт. 48.1 ВК, права ствараць выбарчыя фонды для фінансавання выдаткаў па перадвыбарнай агітацыі атрымалі дэпутаты ўсіх узроўняў. Максімальная сума ўсіх выдаткаў са сродкаў выбарчага фонда кандыдата ў дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў не можа перавышаць 30 базавых велічынь, кандыдата ў дэпутаты раеннага,гарадскога (горада абласнога і раеннага падпарадкавання), пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў – 10 базавых велічынь. Вызначаныя таксама абмежаванні памераў добраахвотных ахвяраванняў грамадзян і юрыдычных асоб у фонды кандыдатаў ў мясцовыя Саветы (адпаведна 2 і 5 базавых велічынь). ВК не ўрэгуляваў пытанне празрыстасці фарміравання выбарчых фондаў кандыдатаў для назіральнікаў.

Кандыдат у дэпутаты (акрамя кандыдатаў у дэпутаты сельскіх Саветаў) мае права на адзін бясплатны выступ на роўных падставах па мясцовым дзяржаўным радыё.

21.01.2014 года ЦВК зацвердзіла Палажэнне аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў і паўторных выбараў дэпутатаў ПП НС Рэспублікі Беларусь дваццать пятага склікання у Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36.

Перадвыбарчыя выступы кандыдатаў у дэпутаты ідуць у запісе, працягласць выступу кандыдата – не больш за пяць хвілін.

ІІІ. Правядзенне перадвыбарчай агітацыі


  1. Агітацыя ў СМІ

Кандыдаты ў дэпутаты ў асноўным выкарыстоўвалі гарантаваныя дзеючым выбарчым заканадаўствам магчымасці выступлення па дзяржаўным радыё. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зафіксавалі факты ціску на кандыдатаў і прымянення цэнзуры да іх радыёвыступаў.
Са звароту да выбаршчыкаў вылучэнца ў мясцовыя саветы ад БПЛ «Справядлівы свет» па Брэсцкай гарадской выбарчай акрузе № 13 Людмілы Дзенісенкі былі выразаныя словы пра неабходнасць правядзення ў краіне сапраўдных дэмакратычных выбараў. З выступа незалежнага кандыдата па Брэсцкай гарадской выбарчай акрузе № 11 Васіля Бурака выразалі яго заклік да грамадзян не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні.

Рэдактар баранавіцкай дзяржаўнай газеты «Наш край» адмовілася друкаваць перадвыбарчую праграму кандыдата ў дэпутаты абласнога савета Мікалая Чарнавуса, патрабуючы, каб Мікалай Чарнавус яе кардынальна змяніў. На гэта кандыдат не даў згоды. Тады старшыня АВК Баранавіцкай Заходняй акругі № 21 Ларыса Антонава паведаміла Мікалаю Чарнавусу, што яго праграма адпраўлена ў ЦВК на экспертызу, пасля чаго кандыдат можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці2.

Аляксею Гаўруцікаву, актывісту аргкамітэта па стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», адмоўлена ў публікацыі яго праграмы і біяграфічных звесткак у дубровенскай газете «Дняпроўская праўда». Прычынай указваецца тое, што, па словах рэдактара, у праграме кандыдата ўтрымліваецца «прыхаваны заклік да змянення канстытуцыйнага ладу і змены ўлады»3. У адказе на скаргу Аляксея Гаўруцікава ЦВК паведаміла кандыдату, што выбарчае заканадаўства рэгулюе толькі грашовыя ўзаемаадносіны паміж кандыдатам і СМІ, і, паводле закону аб СМІ, ніхто не мае права прымусіць выданне надрукаваць адхіленыя рэдакцыяй матэрыялы.

Кандыдаты адзначаюць, што максімальныя памеры выбарчых фондаў, вызначаныя дзеючым заканадаўствам, не дазваляюць правесці паўнавартасную агітацыйную кампанію (аплаціць размяшчэнне ў друкаваных СМІ праграмы і палітычнай рэкламы, аплаціць арэнду памяшканняў для дадатковых сустрэч з выбаршчыкамі).



  1. Агітацыйныя масавыя мерапрыемствы і сустрэчы з выбаршчыкамі

Згодна з арт. 45 ВК, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з адпаведнымі выбарчымі камісіямі вызначаюць памяшканні для правядзення сустрэч з кандыдатамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі. Кандыдаты маюць права за кошт сродкаў уласнага выбарчага фонда арэндаваць будынкі і памяшканні для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі. Будынкі і памяшканні для гэтых мэтаў даюцца на роўных умовах.

Арт. 45.1 ВК прадугледжвае правядзенне перадвыбарчых агітацыйных масавых мерапрыемстваў кандыдатамі і іх даверанымі асобамі ў спрошчаным парадаку. Мясцовыя органы па ўзгадненні с адпаведнымі выбарчымі камісіямі вызначаюць месцы, у якіх кандыдаты ў дэпутаты, іх давераныя асобы могуць праводзіць масавыя мерапрыемствы.

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Брэсце і Гомелі дадатковыя месцы для агітацыйных мерапрыемстваў былі адпаведнымі: пляцоўкі каля гандлёвых цэнтраў, устаноў адукацыі і культуры, пляцоўкі ў жыллёвых масівах горада і інш. Аднак у Гродна, а таксама ў шэрагу раённых цэнтраў такімі месцамі былі вызначаны наогул малалюдныя ці маланаведваемыя дарослымі тэрыторыі: у Гродна – спартовыя пляцоўкі, стадыёны і Каложскі парк; у Салігорску – стадыён «Будаўнік», стадыёны гарадскіх школ, парк «Маладосць»; у г.п. Старобін – стадыён «Случ»; у Баранавічах – парк культуры і адпачынку імя 30-годдзя УЛКСМ; сквер памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, стадыён «Лакаматыў»; у Барысаве – спратыўныя пляцоўкі прадпрыемстваў на ўскрайку горада, танцпляцоўка ў гарадскім парку культуры і інш.


  1. Выраб і распаўсюджванне агітацыйнай друкаванай прадукцыі

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што апазіцыйныя кандыдаты часта сутыкаліся з перашкодамі і затрымкамі друку іх агітацыйных матэрыялаў, што не дазволіла ім правесці агітацыйную кампанію ў поўным аб’ёме.

У друкарні Оршы сябру Партыі БНФ Ігару Казмерчаку паведамілі, што яго ўлёткі будуць друкавацца толькі пасля дазволу райвыканкама. Ігар Казмерчак разам з чатырма незалежнымі кандыдатамі паскардзіўся ў раённую ВК. Старшыня раённай ВК Мікалай Давідовіч запэўніў актывістаў, што пытанне вырашыцца «ўжо сёння» (7 сакавіка). Аднак пазней тэрмін друку ўлётак быў падоўжаны да тыдзень. Актывістка Руху «За свабоду» Валянціна Ігнаценка толькі пасля таго, як пералічыла грошы за друк агітацыйных улётак, даведалася, што яны будуць выдадзеныя ў лепшым выпадку за 7 дзён да выбараў. Некаторым кандыдатам у аршанскай друкарні паведамілі, што да выбараў могуць наогул не паспець выдаць іх улёткі4.

Актывіст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоўскі падаў скаргі на тое, што ва ўлетках, якія распаўсюджваліся ВК, у яго біяграфіі не пазначылі некаторыя з яго месцаў працы, указалі, што ён «беспрацоўны», а не «часова не працуючы». Таксама было выдалена тое, што Алясей Паўлоўскі з'яўляецца сябрам незалежнага прафсаюза РЭП, выстаўляў сваю кандыдатуру на выбары ў Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе. Не было ўказана, што Паўлоўскі жыве за кошт рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі з уласнага зямельнага ўчастка5. Пасля разгляду скаргі дэмакратычнага кандыдата было прынята рашэнне выдаць новы наклад улётак6.

На агульным плакаце кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета па Білеўскай выбарчай акрузе № 60 фота і інфармацыя аб кандыдатах размешчана не ў алфавітным парадку. Першым паказаны кандыдат ад улады В.Ф. Сазон, а толькі за тым – С.Л. Клімянкоў (ЛДП) і В.М. Кузьмін (СС).

Аўтабіяграфічныя звесткі Вадзіма Кузьміна, сябра партыі левых «Справядлівы свет», кандыдата ў дэпутаты Віцебскага гарадскога і абласнога саветаў, былі зацверджаныя для друку абласной выбарчай камісіяй. Але гарадская камісія ўнесла ў іх «праўкі». У выніку знікла інфармацыя пра тры ордэны за працу па ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС і пяць медалёў, якімі ўзнагароджаны кандыдат Вадзім Кузьмін. Затое пакінутыя звесткі аб тым, што ён з’яўляеца пенсіянерам, сябрам партыі «Справядлівы свет», і тое, што быў судзімы. Гарадская газета «Віцьбічы», публікуючы біяграфію кандыдата, наблытала з фактамі судзімасці і не ўказала, што судзімасць Кузьміна даўно знятая7.

У многіх інфармацыйных матэрыялах пра кандыдатаў ад улады падрабязна апісаныя іх медалі і ганаровыя граматы, у той час як адносна альтэрнатыўных кандыдатаў указана толькі «узнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі».

Шклоўская раённая газета «Ударны фронт» у артыкулах аб праўладных кандыдатах у дэпутаты не давала звестак пра ўзровень іх прыбыткаў за мінулы год, а таксама пра судзімасці. У прыватнасці, была не ўказаная судзімасць цяперашняга старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Паўловіча і яго заробак. У адказе на зварот у пракуратуру Шклоўскага раёна намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва аб парушэннях выбарчага заканадаўства, старшыня Шклоўскай раённай ВК А.Р. Гурынаў запэўніў заяўніка, што «звесткі аб судзімасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў будуць апублікаваныя ў раённай газеце «Ударны фронт» ад 12.03.2014 №20». Але 12 сакавіка гэтыя звесткі так і не былі апублікаваныя8. Інфармацыя пра судзімасці кандыдата ў дэпутаты Міхаіла Паўловіча ўсё ж з’явілася ў яго інфармацыйных улётках.

Мікалай Уласевіч, кандыдат у дэпутаты сельскага Савета па Варнянскай выбарчай акрузе №4, рашэннем выбарчай камісіі пазбаўлены статусу кандыдата за нібыта змешчаны ў яго ўлётцы заклік да байкоту выбараў. Мікалай Уласевіч сцвярджае, што закліку да байкоту ў яго ўлётцы няма, там ёсць лозунгі і заклікі: «Спыніць будаўніцтва АЭС», «Карупцыянераў да адказу», «Даеш малы памежны рух», «У Варнянах будзе працаваць грамадская лазня» і «Сумленныя выбары і зменнасць улады». Выбарчая камісія таксама абвінаваціла Уласевіча ў тым, што ён распаўсюджваў свае ўлёткі не толькі на тэрыторыі сваёй выбарчай акругі9.

Назіральнкамі кампаніі адзначаецца вельмі пасіўны характар агітацыі шляхам распаўсюджвання друкаванай агітацыйнай прадукцыі. Асноўнай крыніцай інфармавання выбаршчыкаў аб кандыдатах, якія балатуюцца на выбарчай акрузе, сталі інфармацыйныя паведамленні адпаведных участковых выбарчых камісій. Трэба адзначыць, што ЦВК не ўрэгулявала парадак і тэрміны інфармавання выбаршчыкаў аб кандыдатах, не быў зацверджаны адзіны ўзор такіх інфармацыйных паведамленняў. У сувязі з гэтым участковыя камісіі інфармавалі выбаршчыкаў рознымі шляхамі: размяшчалі інфармацыю аб кандыдатах на запрашэннях на выбары, даслылалі інфармацыйныя улёткі і інш. У той жа час фіксаваліся выпадкі, калі выбаршчыкі ўвогуле не атрымалі адпаведнай інфармацыі ад участковых камісій.



  1. Перашкоды ў агітацыі і ціск на кандыдатаў

Прыкладам таго, як выбарчыя камісіі і органы ўлады незаконна стваралі максімальныя перашкоды кандыдату ад апазіцыйнай партыі, сталі рэгістрацыя і агітацыйны перыяд кандыдата ад Партыі БНФ Іллі Дабратвора. Раней участковая камісія незаконна адмовіла яму ў рэгістрацыі кандыдытам у дэпутаты Мінскага гарсавета. Мінская гарадская камісія падтрымала рашэнне раённай камісіі. У выніку кандыдат быў вымушаны звярнуцца ў суд. Суд прызнаў рашэнні камісій незаконнымі і пастанавіў зарэгістраваць Іллю Дабратвора у якасці кандыдата. 14 сакавіка яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і без складання адпаведных дакументаў адабралі ўсе ўлёткі, якія былі ў кандыдата ў аўтамабілі. Гэтыя ўлёткі былі надрукаваныя кандыдатам за кошт фонду кандыдата па зацверджаным узоры. 16 сакавіка ў Мінску падчас правядзення Іллём Дабратворам агітацыйнага пікету супрацоўнікі Савецкага РАУС зноў адабралі ў яго каля 200 улётак. На сайце Адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска, дзе змешчаныя звесткі пра кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, на 17 сакавіка адсутнічаюць біяграфічныя звесткі пра Іллю Дабратвора10. 21 сакавіка з'явілася інфармацыя, што Завадская раённая выбарчая камісія г. Мінска вынесла папярэджанне кандыдату: у яго агітацыйных матэрыялах знойдзены прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці. Таксама камісію не задаволіла інфармацыя пра палітвязняў і іх незаконнае зняволенне, што было прызнана паклёпам на службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, якія выносілі прысуды па гэтых крымінальных справах11.

7 лютага ў цэнтры Гродна адбыўся перадвыбарчы пікет кандыдатаў ад АГП з удзелам старшыні партыі Анатоля Лябедзькі. Пазней на удзельнікаў пікету былі складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за тое, што разам з выбарчай агітацыяй сябры АГП збіралі подпісы супраць увядзення новага падатку на аўтамабілі. У выніку 12 лютага сябры АГП былі асуджаныя да вялікіх штрафаў (ад 1 300 000 да 1 950 000 рублёў).

1 сакавіка на пляцоўцы каля філармоніі на плошчы Якуба коласа ў Мінску падчас правядзення пікету быў затрыманы кандыдат у дэпутаты Мінскага гарсавета ад Партыі БНФ Яўген Рыбакоў. Спадар Рыбакоў трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг.

Кандыдат у дэпутаты Лунінецкага раёнага Савета Леанід Дубаносаў планаваў правесці пікеты 15–16 сакавіка ў спецыяльна вызначаных для гэтых мэтаў месцах, пра што ўведаміў Мікашэвіцкі гарвыканкам. Адносна пікету 15 сакавіка кандыдату адмовілі без тлумачэнняў. У выніку адкрытага нежадання мясцовых уладаў 16 сакавіка пікет Леаніда Дубаносава каля мясцовага ДК «Граніт» таксама не адбыўся. Раней старшыня гарвыканкама Анатоль Давыдовіч таксама не дазволіў Дубаносаву правесці сустрэчу з выбаршчыкамі ў адзіным вызначаным гарвыканкамам памяшканні – мясцовым ДК12.

15 сакавіка ў Гомелі актывісты АГП правялі пікет, удзельнікі якога трымалі плакаты з лозунгамі «Патрабуем сумленныя выбары», «Вярніце выбары», «23 сакавіка – чарговыя нявыбары». Пасля заканчэння пікету адзін з удзельнікаў сябра АГП Уладзімір Шыцікаў з плакатамі «Пуцінская Расія, ты звар’яцела» і «Бляск рэзідэнцый не ратуе дыктатара», быў затрыманы13. Суддзя Савецкага раёна Гомеля Сяргей Шэўструк прызнаў сябра АГП Уладзіміра Шыцікава вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства і пакараў 10 суткамі арышту.

Паказальным стаў выпадак затрымання ўдзельнікаў агітацыйнага пікету, які праводзіла 16 сакавіка 2014 г. партыя АГП на пляцоўцы каля Камароўскага рынку ў Мінску. Мерапрыемства было гвалтоўна спынена міліцыяй, а дзесяць чалавек, у тым ліку журналісты і старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які з’яўляўся арганізатарам перадвыбарчага пікету і даверанай асобай аднаго з кандыдатаў у дэпутаты ад партыі АГП, як ужо адзначалася, затрыманы. 17 сакавіка суд Савецкага раёна г. Мінска па арт. 23.34 КаАП РБ вынес пастановы аб адмністратыўных артыштах: Анатолю Лябедзьку – 15 сутак, пяці ўдзелькам – па 10 сутак.


Падствай для такіх рашэнняў суда сталі плакаты з выявамі палітвязняў, якія трымалі ўдзельнікі перадвыбарчага пікету. Між тым патрабаванні аб вызваленні палітвязняў з’яўляюцца часткай перадвыбарчай праграмы АГП і яе кандыдатаў. Арышты сябраў партыі, якая прымае актыўны ўдзел у выбарчым працэсе, ствараюць негатыўны фон правядзення выбарчай кампаніі.


1

 Мясцовыя выбары: новае ў фінансаванні і не толькі. “Звязда”, 18.12.2013 г.

2

 http://spring96.org/be/news/69620

3

 http://spring96.org/be/news/69655

4

 http://spring96.org/be/news/69733

5

 http://spring96.org/be/news/69672

6

 http://spring96.org/be/news/69742

7

 http://spring96.org/be/news/69683

8

 http://spring96.org/be/news/69724

9

 http://spring96.org/be/news/69852

10

 http://spring96.org/be/news/69837

11

 http://spring96.org/be/news/69981


12

 http://spring96.org/be/news/69848

13

 http://spring96.org/be/news/69820


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка