В.І. Палукошка, г. Мінск дэтэктыўная проза канстанціна тарасава: жанравыя асаблівасці




Дата канвертавання28.03.2016
Памер56.6 Kb.
В.І. Палукошка, г. Мінск

ДЭТЭКТЫЎНАЯ ПРОЗА КАНСТАНЦІНА ТАРАСАВА: ЖАНРАВЫЯ АСАБЛІВАСЦІ

Пераважнай большасці чытачоў К. Тарасаў вядомы як аўтар твораў на гістарычную тэму. Аднак сваю творчую дзейнасць ён пачынаў менавіта з дэтэктыва. У 1976 г. у часопісе «Нёман» была надрукавана яго першая дэтэктыўная аповесць «Следственный эксперимент» (у выданні 1991 г. пад назвай «Единственный свидетель – Бог»). У творы распавядалася пра забойства ваеннага злачынцы. Сюжэт даволі традыцыйны для тагачаснай савецкай літаратуры. Дастаткова згадаць аповесці «Через лабиринт» (1966) П. Шастакова, «Ощупью в полдень» (1968) А. і Г. Вайнераў, «Человек в проходном дворе» (1969) Дз. Тарасенкава і інш. Пазней уся дэтэктыўная проза К. Тарасава была аб’яднана ў зборнікі «В час Стрельца» (1981 і 1989) і «Единственный свидетель – Бог» (1991).

У беларускім літаратуразнаўстве ў межах дэтэктыўнай прозы традыцыйна вылучаюць дзве асноўныя плыні: гістарычную (пачынальнікам якой справядліва лічыцца У. Караткевіч) і міліцэйскую [1; 2]. Калі першая актыўна распрацоўваецца беларускамоўнымі творцамі, то другая – прэрагатыва пераважна рускамоўных. Дэтэктыўная проза К. Тарасава, які пачынаў менавіта як рускамоўны пісьменнік, не ўпісваецца ў дадзеную класіфікацыю. Усе яго рускамоўныя дэтэктывы ўмоўна можна падзяліць на дзве тэматычныя групы: гістарычныя («Отставка штабс-капитана», «Тропа Каина», «Стая ворон над гостинцем», «Золотая Горка») і пра сучаснасць («Единственный свидетель – Бог», «После сделанного»).

Найбольш «зручнай» формай для пісьменніка з’яўляецца аповесць. Дэтэктыўную тэматыку ён таксама распрацоўвае пераважна ў рэчышчы гэтага жанру. Аднак ёсць тут і прыклад дэтэктыўнага апавядання («Стая ворон над гостинцем»), прыпавесці («Тропа Каина»), прыкметы сацыяльна-крымінальнага рамана («После сделанного»). К. Тарасаў даволі актыўна выкарыстоўвае і сумяшчае элементы розных жанраў і жанравых разнавіднасцей. Так, напрыклад, у аповесці «После сделанного» мы назіраем характэрнае для сацыяльна-крымінальнага рамана ХІХ ст. «проціпастаўленне хранатопа вялікага горада з яго палюсамі <...> – ідылічнай прасторы» [3,с.241]. Праз трохі схематычнае і стэрэатыпнае проціпастаўленне персанажаў (Дзецкі і яго таварышы – з аднаго боку і брат Дзецкага, следчы Сянкевіч – з другога) пісьменнік выкрывае адмоўныя бакі тагачаснага грамадства. Галоўны герой аповесці – ахвяра злачынства і злачынца ў адной асобе – прыходзіць да высновы, што людзі падзяляюцца на тых, у каго ёсць і няма сумлення, і дае трапныя характарыстыкі сваім блізкім і знаёмым: «У Адама чистая совесть. У следователя тоже скорее всего чистая. У Катьки совесть грязная, но она считает, что чистая. У Петра Петровича вообще совести нет. У Данилы тоже совести нет, а думает, что есть. У Виктора Петровича если и была, то слабая – издохла. У Катькиного коллекционера, коль дружит с Катькой, тоже грязная совесть» [4,с.92]. Але тут жа сябе супакойвае: «Мужчина – добытчик, в прежние времена оружием добывал, сейчас нельзя оружием – надо хитростью да умом. А грязная совесть, чистая совесть – это для школьников. Самоутешение глупцов: хоть глуп, зато совесть чиста. Лучше без совести ездить на машине, чем, кичась совестью, таскаться пешком... » [4,с.93]. Сваім жыццёвым крэда Дзецкі ў многім блізкі Яроцкаму з аповесці М. Зарэцкага «Голы звер».

Як і ў праблемным дэтэктыве ці сацыяльна-крымінальным і псіхалагічным рамане (раманы У. Коллінза, Ч. Дзіккенса, А. дэ Бальзака, Ф. Дастаеўскага), у аповесці «После сделанного» злачынца выходзіць на першы план. Тым самым парушаецца адзін з асноўных прынцыпаў класічнага дэтэктыва – лаканізм характару [5]. Больш таго – Дзецкі ў К. Тарасава выступае ў ролі і ахвяры, і злачынца, і следчага. І менавіта яго раследаванню, а не прафесійнага следчага, аўтар надае больш увагі.

Факусіраванне ўвагі на забойцу назіраецца і ў аповесці-прыпавесці «Тропа Каина» (у першых публікацыях – «Испить чашу»), дзе дэтэктыўная гісторыя – толькі вонкавы сэнсавы ўзровень твора. Праўда, і дэтэктыўнай гэтую гісторыю можна назваць з пэўнымі ўдакладненнямі, хоць у пасляслоўі аўтар запэўнівае, што стараўся трымацца законаў гэтага жанра [6,с.203]. Па-першае, гэта твор хутчэй не пра раскрыццё тайны, а пра яе хаванне. А па-другое, забойства ў аповесці разглядаецца найперш як маральная катэгорыя. Аўтара цікавіць не само забойства, а тое, што адчувае галоўны герой Юрый Матулевіч пасля зробленага і наступствы гэтага злачынства. У гэтых абставінах забойства аналізуецца не як злачынства (у юрыдычным сэнсе), а як грэх. Таму не выпадкова К. Тарасаў звярнуўся да біблейскага сюжэта братазабойства. На думку аўтара, «чалавек, які забівае іншага чалавека, забівае таго, хто, як і ён, створаны па падабенству божаму; бо ўсе людзі – браты. Увогуле, любое зло, набываючы дзейсную сілу, выходзіць на каінаву сцяжыну, паколькі прама ці апасродкавана яно накіравана на братазабойства» [6,с.203]. Адзіным апраўданнем героям як аповесці «Тропа Каина», так і апавядання «Стая ворон над гостинцем», дзе распавядаецца гісторыя сясцёр Русіноўскіх, адна з якіх стала вядомай сваімі злачынствамі, можа служыць час, у які ўсе яны жылі. XVI – XVII стагоддзі – час шматлікіх войнаў і ваенных сутычак. «Такая колькасць смярцей ад насілля, голаду, эпідэмій адбілася на псіхалогіі тых пакаленняў, пазбавіла сэнсу іх жыццё, развіла нецярпімасць і агрэсіўнасць» – упэўнены пісьменнік [6,с.206]. Па яго словах, менавіта ў тую пару забойства чалавека ператварылася ў нешта звычайнае.

Іншы характар носіць аповесць «Отставка штабс-капитана» («Отставка штабс-капитана, или В час Стрельца»), напісаная ў традыцыях гістарычных твораў У. Караткевіча і прысвечаная падзеям паўстання 1863 – 1864 гг. Тут, як і ў большасці дэтэктываў, ёсць не толькі ахвяра і забойца, але і следчы, а дакладней – чалавек, які бярэ на сябе яго функцыі. Ім у названым творы выступае штабс-капітан Сцяпанаў – вайсковец, атрад якога быў накіраваны для навядзення парадку на тагачасных беларускіх землях. Воляй лёсу ён становіцца сведкам забойства старэйшага сына пана Валодкавіча. Пазней высвятляецца, што забіты малады чалавек прымаў актыўны ўдзел у паўстанні. Гэты факт, а таксама палітычныя погляды сына бацька спрабаваў скрыць ад навакольных. З аднаго боку, гэта можа падацца апраўданым і лагічным жаданнем засцерагчы сваю сям’ю і сябе ад судовых разбораў і канфіскацыі маёмасці. Аднак жудасным аказваецца сам спосаб такой засцярогі. Дзеля матэрыяльнага дабрабыту і спакойнага жыцця бацька вырашае забіць сына, а сваю сям’ю выставіць ахвярай паўстанцаў-мяцежнікаў. Капітан Сцяпанаў, які ўзяўся за справу росшуку забойцы, здолеў разгадаць тайну. Аднак само забойства засталося без пакарання, – злачынствам непрыкметным «среди того огромного множества, которые совершены были в шестьдесят третьем году» [6,с.100].

Пакаранне ў К. Тарасава даволі адноснае паняцце. У яго свая канцэпцыя віны. Пісьменнік перакананы, што «вина определяется побуждением» [6,с.297]. Так, Юрый Матулевіч (ап. «Тропа Каина»), што забіў «от дуроты и пыхи» [6,с.202], вымушаны жыць са сваім грахом, пан Валодкавіч (ап. «Отставка штабс-капитана») – павесіўся, здрадніка і «братазабойцу» Святога (ап. «Золотая Горка») забівае жандармскі ратмістр Клім, бо «измена и предательство товарища – больший грех, чем насилие властей над народом» [6,с.375]. Пані ж Анэля (ап. «Единственный свидетель – Бог») «жертвовала безгрешностью, она рисковала собой ради спасения невинной души» [6,с.297]. У афіцыйнай версіі яна застаецца толькі сведкай, бо «признания от Анели Буйницкой не последует, раскаяния в святом поступке невозможно» [6,с.297]. Адзін толькі Дзецкі ў фінале ўпэўнены, што здолее пазбегнуць пакарання. Аднак галоўнае злачынства раскрыта і злачынцы схопленыя. Тайны і злачынствы раскрываюцца ва ўсіх дэтэктыўных творах і такім чынам вытрымліваецца асноўнае правіла – пакаранне зла. Бо, як слушна адзначыў А. Вуліс, «выкрыццё ў дэтэктыве – эквівалент пакарання» [5,с.249-250].

Як можна заўважыць, К. Тарасаў даволі вольна абыходзіцца з пэўнымі правіламі дэтэктыва – адных ён прытрымліваецца, іншыя ж творча пераасэнсоўваюцца. У цэнтры аповеду ва ўсіх творах – злачынства, але вельмі часта яно разглядаецца не як крымінальная справа, а як маральная і этычная праблема ці як пэўны ракурс для асвятлення сацыяльных і грамадскіх пытанняў. Пры гэтым аўтар актыўна выкарыстоўвае элементы розных жанраў і іх разнавіднасцей. Гэта дазваляе пазбегнуць характэрнай для дэтэктыва формульнасці і прадказальнасці. Гістарычны ж дэтэктыў у творчасці К. Тарасава пераважае, што дае падставы разглядаць дэтэктыўную прозу пісьменніка ў рэчышчы нацыянальнай літаратурнай традыцыі.


Літаратура

1. Бязлепкіна, А. 100 слоў пра сучасную беларускую літаратуру / Аксана Бязлепкіна. – Мінск: Лімарыус, 2012. – 224 с.

2. Мікус, А. М. Дэтэктыўны жанр у сучаснай беларускай прозе: эвалюцыя, герой, паэтыка: аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук / А.М. Мікус. – Мінск, 2011 – 22 с.

3. Поэтика: слов. актуал. терминов и понятий / Гл. науч. ред. Н.Д. Тамарченко. – М.: Издательство Кулагиной; Intrada, 2008. – 358 с.

4. Тарасов, К. В час Стрельца: Повести / Константин Тарасов. – Минск: Маст. літ., 1989. – 336 с.

5. Вулис, А. Поэтика детектива / А. Вулис // Новый мир. – 1978. – № 1. – С. 244–258.



6. Тарасов, К. Единственный свидетель – Бог. Повести. / Константин Тарасов. – Минск: «Крок уперад», 1991. – 381 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка