Вду імя П. М. Машэрава




Дата канвертавання13.05.2016
Памер68.17 Kb.
МІФАЛОГІЯ І ФАЛЬКЛОР У ПАЭЗІІ Р.БАРАДУЛІНА: ЭТНАЛІНГВІСТЫЧНЫ АСПЕКТ
Вінакурава К.С. (Віцебск, УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”)
Паэтычны тэкст – унікальны і па-свому непаўторны спосаб пазнання свету. Паэзія ўтрымлівае ў сабе мудрасць народа, знітаваную вершаваным словам і з’яўляецца каштоўным матэрыялам для даследавання асаблівасцей светаўспрымання, мыслення і псіхікі пэўнай нацыі. Слова ў паэзіі, як і мастацкія сродкі выразнасці нясе ў сабе глыбокую інфармацыю пра асаблівасці моўнай карціны свету ў розных адносінах: агульначалавечых, этнакультурных, мастацкіх, псіхалінгвістычных і інш. Пад этналінгвістычным аспектам даследавання мы разумеем выяўленне асаблівасцей культуры і характару беларусаў у мове паэзіі Р. Барадуліна.

Ва ўсёй паэзіі Р. Барадуліна заўважны народны погляд на стасункі чалавека і прыроды, і гэтае светаўспрыманне беларусаў грунтуецца на міфалагічных уяўленнях. Выкарыстоўваючы традыцыі і матывы народнай творчасці, багатую палітру вобразна-выяўленчых сродкаў мовы, паэт імкнецца глянуць на свет вачыма свайго далёкага продка, як бы ўзнаўляе сваю кроўную сувязь з зямлёй-маці, вяртаючыся да вытокаў, сваіх продкаў, першакрыніц, якія ўяўляюць існасць беларускага народа, мовы, гісторыі, побыту.

На ранніх этапах асваення мастацкага вопыту вялікую ролю ў жыцці чалавека адыгрываў міф, які ўключаў у сябе ўсе веды пра навакольны свет. У наш час міф у большасці выпадкаў пераасэнсоўваецца. На першы план выступае сімволіка, якая скіравана на акрэсленне пэўнай ідэі і служыць для абагульнена-абстрагаванага разумення з’яваў рэчаіснасці. На думку В. Максімовіча, “нацыянальная славянская сімволіка ўваходзіць у вершы Р. Барадуліна не як антураж, не як этнаграфія, а як арганічнае праяўленне яго складу розуму, складу яго таленту” [2, c. 25]. Рыгор Барадулін – паэт-хрысціянін, але як выразніку нацыянальнай свядомасці беларусаў не чужыя яму і міфалагічныя вобразы. Паганскія багі і міфічныя істоты – спадарожнікі беларускага селяніна, свайго роду памочнікі ў яго нялёгкай працы на зямлі, у штодзённым побыце. Гэтыя вобразы падкрэсліваюць сувязь беларуса з прыродай. Р.Барадулін даволі часта звяртаецца да беларускай міфалогіі. Яго паэмы “Аблачына-самабранка” і “Неба тваіх вачэй” з поўным на тое правам можна лічыць энцыклапедыяй насельнікаў беларускага язычніцкага пантэону: Зюзя ‘міфічная істота, увасабленне холаду, бог зімы’: трывалы, нібы беларусы ўсе, /Бог са старога мужчынскага роду/ У белым расхрышчаным кажусе,/ Бог ходзіць Зюзя сівабароды [т. ІІІ, с.29]; Ярыла ‘старажытнае язычніцкае бажаство, якое сімвалізуе вясновую абуджаную прыроду і пачуццёвае каханне’: Ярыла, вусы распрамень, / Расшчодрыся на святы [т. ІІІ, с.43]; Пярун ‘вярхоўны галоўны бог у старажытных славян-язычнікаў, бог грому і маланкі’: спі, пакуль пярун не падыме [т. ІІІ, с.92]; Дамавік ‘ва ўсходнеславянскай міфалогіі – дух-ахоўнік дамашняга ачага’: Дамавік/ Ці з печы злез/ Ці выйшаў з запечка [т. ІІІ, с.121]; Чур ‘міфічная істота, добры дух, які засцерагае межы гаспадаркі’: праверыў межы нябачны Чур,/ Надземную ўсю гасподу [т. ІІІ, с.123]; Жыцень ‘антрапаморфная істота ў міфалагічных павер’ях беларусаў, якая ўплывае на выспяванне ўраджаю’: а Жыцень - /Дзяцюк невысокі,/ Паджары, падцяты [т. ІІІ, с.138]; Ляля ‘багіня вясны, кахання, прыгажосці’: весялей расце трава./ Гэта ў гожай Лялі жаўранкі/ Вылятаюць з рукава [т. ІІІ, с.136]; Лясун ‘дух-ахоўнік лесу’: А ў лесуна сваты / Абутыя ў боты з моху [т. ІІІ, с.143].

Узгадваюцца і міфічныя істоты: ваўкалак ‘у славянскай міфалогіі – чалавек-пярэварацень, які валодае звышнатуральнай здольнасю ператварацца ў ваўка, а потым – зноў станавіцца чалавекам’: дзе плачуць шчырыя ваўкалакі [т. ІІІ, с.145]; цмок (прыцмок) ‘фантастычная змеепадобная істота’: Цмок і сынок яго Прыцмок/ Сасмягла локчуць бражку,/ Ажно ў Прыцмока лоб узмок,/ Аж скінуў Цмок сярмяжку (“Аблачына-самабранка”); русалка ‘жанчынападобная істота, увасабленне воднай і лясной стыхій’: русалачка-латгалачка, /Хмялей смялей[т. ІІІ, с.45]. Паэт нават сам стварае міф пра тое, як Пярун паслаў бога Вададыха разліць пароўну вады па ўсёй краіне, але, зачараваны прыгажосцю Ушаччыны, Вададых загледзеўся, заслухаўся, спатыкнуўся і праліў тут усю ваду, ад чаго на Ушаччыне і з’явілася такое мноства рэк і азёр. Апрача таго, у паэзіі Р.Барадуліна знаходзім рэшткі вераванняў людзей пра перасяленне душ памерлых продкаў у птушак: У фортку птушка заляцела./ Ці гэта нейчая душа/ Мяне наведаць захацела? [2, с.189, т.ІІ];

Дзякуючы багатаму вобразнаму мысленню паэта, мы атрымліваем звесткі пра духоўную культуру беларусаў. Так, назва верша “Калядна-белы бераг” указвае на знітаванасць у свядомасці беларусаў свята Каляд, зімы і белага колеру. Яшчэ адно важнае ў народным календары беларусаў свята Вялікдзень звязана з чырвоным і белым колерам: Прыходзіць Вялічка на сяло / З чырвоным яйкам, / з белатварым сырам [1, т.ІІІ, с.302]. Чырвонае яйка – галоўны “атрыбут” свята і важны артэфакт беларускай культуры – увайшоў у паэтычную карціну свету Р.Барадуліна: І сонейка – чырвонае яечка – / Знясе святая раніца ў аблокі [1, т.ІІ, с. 322].

У вершы “Вогнепаклонніца” паэт па-мастацку вызначыў “сінтэз” хрысціянства і паганства ў рэлігійнай свядомасці, думаецца, не толькі роднай маці, але і многіх беларусаў: Мама мая хрысціянкай зжыла, / З богабаязнай душой, іконніцай. / Ды вернападдадзеная святла, / Болей была яна / Вогнепаклонніцай [т. І, с. 367]. Маці Р. Барадуліна паўплывала на фарміраванне творчай асобы паэта, на што ён сам неаднаразова звяртае ўвагу: “Мама была жывой энцыклапедыяй крывіцкай мовы, крывіцкіх песняў і прыбабунек, карані якіх у сівой даўніне, у паганскім свеце”[с. 575]. Амаль усе абрады, апісаныя паэтам, выконвае менавіта маці, Куліна Андрэеўна: Мама ў паддзеўку бацькаву / зашывала святы лісток / з замовай ад кулі, ад пікі, / ды лісток засланіць партызана не змог. [т. ІІІ, с. 170]; Торкае маці ў сцяну / Купалкі ў купальскі вечар. / ... Калі ... раскудлацяць галовы / Купалкі... - / значыць... усе, / На каго загадалі... – Здаровы... [1, т. ІІІ, с. 9]. У паэме “Куліна” аўтар узгадвае малітву маці, як зварот да Бога: Абнясі, Божа, тынам / Ад зямлі да неба, / Сахрані мяне, Божа, / Адныні давеку [1, т. ІІ, с. 7], у якой вельмі моцна адчуваюцца прыкметы замовы як фальклорнага жанру.

Такім чынам, язычніцкі і хрысціянскі светапогляды знітаваны не толькі ў свядомасці Р. Барадуліна, але і ў свядомасці большасці беларусаў. Сёння ў памяці народа жывуць розныя язычніцкія міфалагічныя ўяўленні аб існаванні “таго свету”, святкуюцца Дзяды і Радаўніца, жывуць гісторыі пра русалак, лесавікоў, чарцей, ведзьмаў. Працягваецца традыцыя паважлівых адносін да агню, а ў фальклоры ўслаўляюцца сонца, месяц, зоркі, дрэвы, рэкі і г.д. Захоўваюцца, часам у мадэрнізаванай форме, некаторыя язычніцкія абрады – гуканне вясны, купалле, валачобніцтва, юр’еўскія і траецкія звычаі.

Найбольш адчувальны фальклорны элемент у паэтычных творах Р. Барадуліна, прысвечаных тэме маці. Напрыклад, твор “Святло”: сам аўтар вызначыў жанр твора як ушацкае паданне, указваючы на яго народнае паходжанне. Думаецца, барадулінскае ўяўленне пра самаадданую любоў маці да свайго дзіцяці таксама цалкам супадае з народным уяўленнем.

Многія з гэтых вершаў нагадваюць народныя галашэнні: Дзе тая зязюля, / Што мне вякі вешчавала? / Падаваілася каласком. / Дзе шчыруха-матуля, / Што мяне сустракала? / Папярхнулася жоўтым пяском [4, с.114]. Народная паэтыка праявілася ў гэтых самотных вершах напоўніцу. Сімволіка птушак, у прыватнасці, зязюлі, сталыя параўнанні, паўторы, гукапіс, словы з эмацыянальна-ацэначнымі суфіксамі ствараюць моцны ўплыў на пачуцці чытача: Шчодры голас твой / Чуў паўсюль я, / Баравін ушацкіх / Зязюля. / Што ж ты сёлета / Зычыш мала / У дзень нараджэння мамы? [4, с.20].

Сустракаем легенду, звязаную з найбольш частотным вобразам у барадулінскай паэззіі – буслом: Можа, сам развязаўся вузел,/ А звалілі ўсё на бусла./ І збірае прапажу бусел/ Аж дасюль па балоце, па лузе [с.12 т.ІІ; 1]. Гэта не адзінае пераасэнсаванне вобраза бусла. У паэме “Буслова нарачонка” жанчына ляціць разам з буслам у вырай і нараджае ад яго дзяцей. Як бачым, у паэзіі Р. Барадуліна птушкі і людзі кантактуюць паміж сабой, нібы роўныя, пацверджаннем гэтаму могуць быць і наступныя радкі: У зязюлю перакінула дзеўку/ Благое вока чараўніка./ Княгіня стала ў сям’і птушынай/ Зязюляй шэрай [с.145 т.ІІІ; 1]; Песня жаліцца часцей:/ Ах ты, шэрая зязюля,/ Забаўляй маіх дзяцей [с.217 т.ІІ; 1] Клін журавоў журлівы,/ У выраі летучы,/ Гукае: - Лівы-лівы!/ Пытаецца: - Калі вы/Ў нас возьмеце ключы?/Каб адамкнуць астрогі/ Без ценяў, без вады. [с.133 т.ІІ; 1]

Народныя прыкметы, вызначаныя ў паэзіі Р.Барадуліна, сведчаць пра тое, што беларусы – гасцінны народ: Зляцеў са стала на падлогу нож – / Спяшае мужчына, мне шэпча прыкмета / У цішыні са стала / Звалілася лыжка. / Мне шэпча на вуха / Прыкмета: / Спяшае кабета. [т. ІІІ, с. 124]; Бяда не бяда, / Кот мыецца – на гасцей [т. ІІІ, с. 8]. Паэт неаднойчы гаворыць нам, як важна наведваць родных і блізкіх людзей, неаднаразова падкрэслівае гасціннасць беларусаў у сваіх вершах (“Традыцыі”, “А бяседа цячэ”, “Наведвайце бацькоў”, “Трэба дома бываць часцей”). Ужо сталі хрэстаматыйнымі для беларускай літаратуры радкі Р. Барадуліна: Помніць свой на іржышчы цень, / Не забыць, як завуць суседа, / Не забыць, як пяе пад дзень / За вясельным сталом бяседа [т. І, с. 27].

Рэпрэзентацыя асаблівасцей народнай культуры беларусаў у Р. Барадуліна адбываецца таксама і праз прыкметы, звязаныя з ашчаднасцю, беражлівым стаўленнем яго землякоў да гаспадаркі, паважлівымі адносінамі да хлеба: Так, помню, вучылі мяне / Хлеб не кідаць пад ногі [т. ІІІ, с. 6]; Стол не змяталі ніколі на рог, / Каб не звесці на клін гаспадарку / Не сядаў у шапцы за стол маладзён, / Каб не была глухою цешча, / Бохан не быў цемем уніз кладзён [т. ІІІ, с. 124]; А я на лусту аржаную / Шапчу: - Кусціся, ярына! / Прыглухлай бояззю шаную / Маўчанне перуна [ т. ІІ, с. 10].

Як сведчыць этналінгвістычны аналіз паэзіі Р. Барадуліна, можна вызначыць агульнапрынятыя нормы паводзін і ўзаемаадносін беларусаў, якіх прытрымліваецца і сам паэт: Хай жа ў зміры / Усе суседзі без нуды / Жывуць і не сварацца задзіры / Адзін у другога просяць шчыра / Няхай на свежыну заўжды [т. І, с. 22]; Не толькі грэцца ля цёплай грубы / Да гаравата хварэць на пана, / Агні, й воды, й медныя трубы / Прайсці ў жыцці нам наканавана [т. ІІ, с. 326]; Не жыць як набяжыць, / Каб дзень за дзень – і годзе [т. І, с. 272].

Такім чынам, вусная народная творчасць акумулюе асноўныя рысы міфалагічных поглядаў народа, сістэму маральных нормаў і прадпісанняў, служыць своеасаблівым ключом да разгадкі народнай душы. Фальклорныя элементы ў паэзіі Р. Барадуліна з’яўляюцца крыніцай народнай мудрасці і ўяўляюць вялікую цікавасць для мовазнаўцаў у лінгвакультуралагічным і этналінгвістычным аспектах.




  1. Барадулін, Р. Збор твораў: У 5 т. / Р. I. Барадулін; [прадм. В. Сёмуха]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1996 – 2002. – 1 – 3 т.

  2. Максімовіч, В. “Каб не страціць святое штосьці” : Нацыянальны космас у творчасці Р. Барадуліна / В. Максімовіч // Роднае слова 1994 № 7-8. – С. 23-25.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка