Варта пазнаёміцца і з іншымі помнікамі матэрыяльнай, культурнай і прыроднай спадчыны рэгіёна. Прапаноўваем наступныя маршруты…




Дата канвертавання12.05.2016
Памер98.47 Kb.
Калі Вы збіраецеся наведаць рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Котра”,

варта пазнаёміцца і з іншымі помнікамі матэрыяльнай, культурнай

і прыроднай спадчыны рэгіёна.

Прапаноўваем наступныя маршруты…
Тэматычныя маршруты:

Геалагічныя помнікі рэспубліканскага значэння

У Шчучынскім раёне знаходзяцца 17 камянёў-валуноў - геалагічных помнікаў прыроды. З іх - 11 рэспубліканскага і 6 - мясцовага значэння.

  1. Валун «Марцін камень» кузьміцкі (у 7 км на паўночны ўсход ад ад в. Дэмбрава , у 0,9 км ад в. Кузьмы)

Валун складаецца з шэрага гнэйсу са шматлікімі крышталямі гранітаў, жылкамі палявога шпата таўшчынёй да 1,5 сантыметраў і цёмнаафарбаванымі мінераламі, якія ў асобных месцах ўтвараюць друзы дробных крышталёў. Дадзены валун прынесены ледніком з тэрыторыі Скандынавіі каля 200 тысяч гадоў таму. Валун «Марцін камень» кузьміцкі ў 1935 годзе меў статус помніка і ахоўваўся ўладамі.

  1. Валун «Вялікі камень» пугачоўскі (у 3 км на паўднёвы ўсход ад аг. Новы Двор)

Валун складаецца з ружовага граніту буйназярністага, біятытавага, месцамі рапаківіпадобнага з-за ўключэнняў палявога шпата ў выглядзе авоідаў і таблічных форм. Даўжыня доўгай восі дасягае 8 м, кароткай - 7 км, вышыня - 1,3 км, акружнасць - 21,9 м, вага - больш за 130 тон. Валун арыентаваны ў паўночна-заходнім кірунку і прынесены ледніком з тэрыторыі паўднёвай Фінляндыі каля 200 тысяч гадоў таму. Валун «Вялікі камень» пугачоўскі ўпершыню згадваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у якасці помніка прыроды ў 1935 г. і з'яўляецца трэцім па памерах у Беларусі.

  1. Валун «Старападдубенскі» (у 11 км ад аг. Новы Двор, у паўночна-ўсходняй частцы в. Старыя Паддубы)

Валун складаецца з граніту рапаківі буравата-жоўтага колеру з авоідамі палявога шпата дыяметрам ад 2 да 8 сантыметраў. Валун арыентаваны ў паўночна-заходнім напрамку (азімут 325) і прынесены ледніком з Выбаргскага масіву Ленінградскай вобласці Расіі каля 200 тысяч гадоў таму. Валун «Старападдубенскі» ў 1935 годзе меў статус помніка прыроды і ахоўваўся ўладамі.

Па словах старажылаў вёскі, валун павольна сыходзіць у зямлю. Раней ён быў большых памераў.



Радзіма А.С. Пашкевіч (Цёткі)

г.п. Астрына – в. Стары Двор

Шчучыншчына – малая радзіма беларускай паэтэсы і грамадзскага дзеяча Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі).

Цётка нарадзілася ў 1876 г. у былым фальварку Пешчын, на месцыя якога, на жаль, нічога на сённяшні дзень не засталося. У г.п. Астрына ў 1954 г. у школьным двары ёй пастаўлены помнік. У школе месціцца мемарыяльны музей першай беларускай пісьменніцы. Раздзелы экспазіцыі знаёмяць наведвальнікаў з сям’ёй пісьменніцы, асноўнымі перыядамі яе жыцяя і творчасці. На стэндах выстаўлены ксеракопіі рукапісаў яе твораў, кнігі, лісты, архіўныя дакументы; прадстаўлена шмат фотаздымкаў паэтэсы, яе родных і сяброў, пісьменнікаў і паэтаў, відных дзеячоў культуры, аказаўшых уплыў на станаўленне грамадзянскай пазіцыі і латаратурную творчасць А. Пашкевіч. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў музея лічацца: выдадзенае ў 1906 г. “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі і буфет з хаты Пашкевічаў (XIX ст.), а таксама партрэт Алаізы Сцяпанаўны 1976 г., намаляваны А. Заборавым. Трэба адзначыць, што астрынская школа названа імем Цёткі. У 30 км ад Астрыны ў в. Стары Двор знаходзіцца магіла А.С. Пашкевіч.



Мемарыяльны музей Цёткі

ДУА “Астрынская СШ імя А.С. Пашкевіч (Цёткі)”,

вул. Гродзенская, 58.

Кіраўнік музея: Балобан А.С.

Кантактны тэл. (кіраўніка): 029 26 813 71.

Асноўныя раздзелы экспазіцыі музея:


  1. Сям’я Пашкевічаў.

  2. Віленскі перыяд жыцця Цёткі.

  3. Пецярбургскі перыяд жыцця і дзейнасці Цёткі.

  4. Львоўскі перыяд жыцця і дзейнасці Цёткі.

  5. Ушанаванне памяці Цёткі.

  6. Гродзеншчына літаратурная.

  7. Этнаграфічная зала.



«Сёстры Хатыні»

Абеліск на месцы спаленай в. Шкленск – в. Зінякі – мемарыяльны комплекс на месцы спаленай в. Агародзішчы – аг. Першамайская
Шкленск размяшчаўся каля дарогі Гродна-Астрына. 18 ліпеня 1943 г. вёска, усе 17 двароў, была спалена разам з 67 мірнымі жыхарамі. Пасля вайны так і не змагла адрадзіцца. У 1966 г. ў цэнтры былой вёскі ўзведзены абеліск. Урна з попелам са Шкленску ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

В. Зінякі. На досвітку 22 студзеня 1944 г. 8000 карнікаў акружылі вёску. Спачатку на вачах у бацькоў расстралялі дзяцей. Пасля сагналі жыхароў у хлеў і яго падпалілі. Уся вёска была спалена. Пасля вайны Зінякі адноўлены. 8 мая 1988 г. пры ўездзе ў вёску адкрыты мемарыяльны комплекс. У цэнтры мемарыяла – фігура жанчыны-маці з дзіцём на руках. Насупраць – цэментная сцяна з 419 прозвішчамі загінуўшых. У брацкай магіле пахаваны 87 дзяцей, самаму малодшаму з якіх споўніўся ўсяго 1 дзень. Лічба 6593 – колькасць мірных грамадзян Шчучыншчыны, якія загінулі ў 1941-1944 гг.

Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Агародзішча размешчаны на тэрыторыі Першамайскага сельсавета. 26 лютага 1943 г. карнікі на досвітку акружылі вёску, сагналі жыхароў у хату Мацвея Саковіча, мужчынам загадалі выкапаць яму і па 10 чалавек выводзілі расстрэльваць. Вёску (28 хат) спалілі. Загінулі 147 жыхароў. Пасля вайны вёска Агародзішча так і не была адноўлена. Да 2003 г. непадалёку ад Котры стаяў помнік з надпісам: “Тут пахаваны 147 жыхароў вёскі Агародзішча, расстраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі 26 лютага 1943 г.”. У сувязі з 60-годдзем трагедыі ў 2003 г. быў устаноўлены мемарыяльны комплекс.

У гісторыка-краязнаўчым музеі Першамайскай СШ у экспазіцыі “Вялікая Айчынная вайна” прадстаўлены сабраныя матэрыялы аб 145 земляках-удзельніках ВАВ, жыхарах Першамайскага сельскага савета, аб утварэнні і дзейнасці партызанскага атрада імя Катоўскага, брыгады імя Ленінскага Камсамола, а таксама аб трагедыі жыхароў спаленай вёскі Агародзішча.


Гісторыка-краязнаўчы музей

ДУА “НПК Першамайскі д/с-СШ”,

вул. Школьная, 1.

Кіраўнік музея: Ерэміновіч З.П.

Кантактны тэл.: (801514) 35-3-21.

Экспазіцыі музея:


  1. “Мінулае нашага краю”.

  2. “Вялікая Айчынная вайна”.

  3. “Быт і звычаі нашых продкаў”.

  4. “Прырода нашага краю”.

  5. “Гісторыя развіцця школы”.



Культавыя пабудовы

г.п. Астрына – аг. Новы Двор – аг. Першамайская – в. Бершты
Касцёл святой Тэрэзы ад Дзіцятка Ісуса ў г.п. Астрына

На заходняй ускраіне вёскі. Пабудаваны ў 1996 г. з цэглы. Перад храмам пастаўлена скульптура Хрыста на 4-гранным пастаменце.


Спаса-Праабражэнская царква ў г.п. Астрына

Пабудавана ў 1855 г. з бутавага каменю і цэглы, абнесена бутавай агароджай з брамай і старымі пасадкамі дрэў (вул. Гродзенская, 5). Помнік архітэктуры рэткаспектыўна-рускага стылю.


Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і капліца ў аг. Новы Двор

На паўночным захадзе вёскі. Пабудаваны ў 1749 г. з дрэва на месцы храма 1670 г. (першапачаткова адзначаны па “валочнай памеры” 1561 г., размяшчаўся па вул. Берштанскай). Адноўлены ў 1880 г. На паўднёвым захадзе ад касцёла, сярод бутавай агароджы ў 1852 г. пабудавана чатырохгранная двух’ярусная званіца пад чатырохсхільным дахам.

Касцёл – помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока. У інтэр’еры касцёла – абраз сярэдзіны 18 ст. “Узнясенне”, драўляныя скульптуры св. Пятра і Паўла (канец 18 ст.), абраз “Каранаванне Маці Божай” (18 ст.). У дэкоры шырока выкарыстана скразная пазалочаная разьба па дрэве, у арнаментыцы якой валюты, ракайлі, лісце аканта. Арган на хорах дэкарыраваны 2 драўлянымі скульптурамі анёлаў, 2 херувімаў і накладной пазалочанай разьбой у стылі ракако.

Капліца. На могілках. Пабудавана ў 1882 г. Помнік народнага драўлянага дойлідства, у архітэктуры якога адлюстраваўся ўплыў рэтраспектыўна-гатычнага стылю мураванага культавага будаўніцтва.
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў в. Першмайская (Сабакінцы)

У паўночнай частцы вёскі, абкружаны бутавай агароджай. Пабудаваны ў 1918 г. з цэглы. Адноўлены ў 1990 г.Помнік архітэктуры мадэрна. Тарцовы фасад апсіды завершаны франтонам з увагнутымі схіламі (рудыменты неабарока).



Свята-Пакроўская царква ў аг. Першамайская

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1830 г. з бутавага каменю і цэглы. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Прамавугольны ў плане аб’ём пад вальмавым дахам на галоўным фасадзе мае прамавугольную двух’ярусную шатровую званіцу. На фоне паліхромнай бутавай муроўкі сцен вылучаюцца атынкаваныя элементы архітэктурнага дэкору: аркатурныя фрызы, руставаныя вуглавыя лапаткі, ліштвы аконных праёмаў.



Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў в. Бершты

Размешчана ў цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1816 г. з дрэва, адрамантавана ў 1866-67 гг. Адкрыта ў 1986-90 гг. У 1866 г. прыхаджане ў памяць пра ўратаванне імператара Аляксандра ІІ ад замаху на яго жыццё сабралі грошы (па 10 капеек з гаспадара) на набыццё абраза “Святы Аляксандр Неўскі”. Храм вырашаны ў традыцыях народнага дойлідства.



Маршруты даездаў да заказніка:


  1. Шчучын – г.п. Астрына – аг. Новы Двор – в. Бершты


Шчучын

Касцёл Святой Тэрэзы Авільскай і кляштар піяраў

Знаходзіцца ў цэнтры горада. У 1718 г. у Шчучыне быў заснаваны кляштар ордэна піяраў. Сучасны касцёл з цэглы пабудаваны пры кляштары ў 1829 г. па фундацыі князя Францыска-Ксаверыя Друцкага-Любецкага. Як і раней, у цяперашні час пры храме служаць манахі-піяры.





Палац Друцкі-Любецкіх

Помнік архітэктуры неакласіцызму. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння. Знаходзіцца ў паўночнай частцы горада. Пабудаваны паводле праекта архітэктара тадэвуша Раствароўскага (кан.19-пач.20 стст.).





Свята-Міхайлаўская царква

Пабудава ў 1863-65 гг. у цэнтры горада. Помнік мураванай архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Шануюцца абразы “Маці Божая Хуткапаслушніца”, які знаходзіцца ў храме з часу яго асвячэння, і абраз Святога Мікалая.





Астрына

Мемарыяльны музей Цёткі , ДУА “Астрынская СШ імя А.С. Пашкевіч (Цёткі)”

Асноўныя раздзелы экспазіцыі музея:

  1. Сям’я Пашкевічаў.

  2. Віленскі перыяд жыцця Цёткі.

  3. Пецярбургскі перыяд жыцця і дзейнасці Цёткі.

  4. Львоўскі перыяд жыцця і дзейнасці Цёткі.

  5. Ушанаванне памяці Цёткі.

  6. Гродзеншчына літаратурная.

  7. Этнаграфічная зала.



Спаса-Праабражэнская царква

Пабудавана ў 1855 г. з бутавага каменю і цэглы. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Знаходзіцца па вул. Гродзенская, 5.





Касцёл Святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус

На заходняй ускраіне вёскі. Пабудаваны ў 1996 г. з цэглы. Перад храмам пастаўлена скульптура Хрыста на 4-гранным пастаменце.




Будынак былой сінагогі



Новы Двор

Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

На паўночным захадзе вёскі. Пабудаваны ў 1749 г. з дрэва на месцы храма 1670 г. Адноўлены ў 1880 г. На паўднёвым захадзе ад касцёла, сярод бутавай агароджы ў 1852 г. пабудавана чатырохгранная двух’ярусная званіца пад чатырохсхільным дахам. Касцёл – помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока.





Капліца

На могілках. Пабудавана ў 1882 г. Помнік народнага драўлянага дойлідства, у архітэктруры якога адлюстраваўся ўплыў рэтраспектыўна-гатычнага стылю мураванага культавага будаўніцтва.




Будынак былой сінагогі



Бершты

Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў в. Бершты

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1816 г. з дрэва, адрамантавана ў 1866-67 гг. Храм вырашаны ў традыцыях народнага дойлідства.






  1. Шчучын – аг. Галавічполе – в. Старыя Васілішкі – аг. Васілішкі – в. Стары Двор – аг. Першамайская


Галавічполе

Сядзіба Іваноўскіх

На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1909 г. з цэглы. Цяпер у будынку размешчана Васілішкаўская школа-інтэрнат.




Старыя Васілішкі

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла

На заходняй ускраіне вёскі. Пабудаваны ў 1897-1903 гг. паводле праекта вядомага польскага дойліда Канстанціна Вайцяхоўскага. Асвячоны ў 1905 г. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць вітражы храма, якія надаюць інтэр’еру мастацкую выразнасць.




Клуб-музей Чэслава Немэна

Музей, прысвечаны жыццю і творчай дзейнасці вядомага польскага спевака і кампазітара ў яго радзінным доме. Адчынены ў 2010 г.




Васілішкі

Касцёл Святога Іаана Хрысціцеля

На цэнтральнай вуліцы. Пабудаваны ў 1769 г. пры кляштары базыльян (не захаваўся). Помнік архітэктуры позняга барока.




Парк Чэслава Немэна

Праект яго стварэння належыць мясцоваму ксяндзу Станіславу Пітэлю. Парк размяшчаецца ў паўднёва-ўсходняй частцы населенага пункта, на ўзвышанасці, тэрыторыя прылягае да касцёла. Раней тут стаяла школа, якую наведваў Чэслав Немэн. Зараз зямля належыць касцёлу Святога Яна Хрысціцеля.




Стары Двор

Магіла Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі)



Першамайская

Касцёл узвышэння Святога Крыжа

У паўночнай частцы вёскі, абкружаны бутавай агароджай. Пабудаваны ў 1918 г. з цэглы. Адноўлены ў 1990 г. Помнік архітэктуры мадэрна. 




Свята-Пакроўская царква

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1830 г. з бутавага каменю і цэглы. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка