Вандруем разам Месца правядзення: г. Гродна, Гродзенская вобласць Кiраўнiк: Ленкавец Святлана




Дата канвертавання18.05.2016
Памер24.91 Kb.
Вандруем разам
Месца правядзення: г. Гродна, Гродзенская вобласць

Кiраўнiк: Ленкавец Святлана

Мэта праекта: правядзенне летнiка з аптымальнымi ўмовамi для раскрыцця талентаў i навучання з нацыянальнымi каштоўнасцямi «складаных» дзяцей з улiкам iх iндывiдуальных асаблiвасцяў.

Напрамкi дзейнасцi:

  • гiстарычныя даследваннi;

Праект «Вандруем разам» быў створаны як альтэрнатыва прышкольнаму летнiку i быў разлiчаны на падлеткаў з малазабяспечаных i няпоўных сем’яў. У адрозненнi ад прышкольных летнiкаў я паспрабавала стварыць дадатковыя магчымасцi для самарэалiзацыi дзяцей праз атрыманне досведу даследчай дзейнасцi, першапачатковыя навыкi работы на пленэры i базавыя турыстычныя навыкi. Адным з дасягненняў з’яўляецца ўключэнне бацькоў у праект. Некаторыя сем’i пачалi прымаць удзел ў арганiзацыi экскурсiй, актыўна далучалiся да заняткаў. Так, напрыклад, адзiн з бацькоў арганiзаваў наведванне Брыгiцкага кляштара, пазнаёмiў дзяцей з яго гiсторыяй i прапанаваў зрабiць добрую справу: аднавiць таблiчку для абвестак. Дзецi з задавальненнем займалiся «рэстаўрацыяй» i на сённяшнi дзень гэты помнiк гiсторыi i архiтэктуры мае для iх асаблiвае значэнне, бо ён звязаны з iх асабiстай гiсторыяй. Дзякуючы асабiстаму знаёмству некаторых бацькоў з вядомымi мастакамi Гродзеншчыны, мы мелi магчымасць наведаць мастацкiя майстэрнi. Гродзенскiя мастакi Мiкалай Бандарчук, Гена Лакоба адказалi на пытаннi дзяцей, пазнаёмiлi са сваёй творчасцю. У сваю чаргу яны зацiкавiлiся праектам «Вандруем разам» i выказалi думку, што гэта цiкавае i карыснае баўленне часу. Акрамя таго, у нас была магчымасць назiраць за адкрыццём помнiка на вул. Ажэшкi работы вядомага беларускага скульптара Уладзiмiра Панцялеева. Дадатковыя ўражаннi удзельнiкi праекта атрымалi ад музейных заняткаў i наведвання мастацкiх галерэяў. Падчас рэалiзацыi праекта я ўсведамiла, што насамрэч ён атрымаўся больш насычаным, чым планавала першапачаткова. Магчымых падзей было настолькi багата, што часам я з дзецьмi сустракалася 2 разы ў дзень: ранiцай i ўвечары. Кожны ўдзельнiк праекта меў уласную тэчку, куды збiраў розную iнфармацыю: часам прапанавала нейкiя раздаткi па тэме экскурсii, а часам давала нейкiя творчыя заданнi. Заданнi не былi прымусовымi, але ў большасцi выпадкаў дзецi з задавальненнем шукалi iнфармацыю або рабiлi замалёўкi паводле сваiх уражанняў. А я нiякiм чынам не абмяжоўвала творчасць дзяцей. Такiм чынам, праект даў дадатковыя магчымасцi для таго, каб пашырыць уяўленнi дзяцей пра гiсторыю роднага края, мастацтва.

Шмат прыемных уражанняў пакiнула паездка ў Ваўкавыск. Многiя ўпершыню наведалi старажытны горад. Сумеснае падарожжа яшчэ больш аб'яднала групу i стала стымулам для творчых i даследчых пошукаў. Таму не здзiвiлася, калi на вынiковай выставе ўбачыла шмат работ, прысвечаных менавiта Ваўкавыску.



Але, на маю думку, не менш iстотна тое, што падчас праекту дзецi набывалi навыкi сацыялiзацыi, вучылiся творчаму ўзаемадзеянню. Я аб'яднала дзяцей з рознымi захапленнямi i прыхiльнасцямi i стварыла ўмовы для творчай самарэалiзацыi кожнага. Каб забяспечыць кантакт памiж iмi выкарыстоўвала актыўныя метады навучання, энэрджайзеры, iнтэграцыйныя гульнi. Асаблiва актыўна iнтэграцыя адбывалася падчас паходу, калi дзецям прыходзiлася не толькi сумесна бавiць час, але i працаваць: гатаваць ежу, сачыць за вогнiшчам, ставiць палаткi i г. д. Некаторыя ўпершыню спасцiгалi навыкi самаабслугоўвання, часам штосьцi не атрымлiвалася, здаралiся спрэчкi. Не кожнае дзiця магло адразу ўсвядомiць, што паход - гэта не толькi адпачынак, але i неабходнасць праявiць самастойнасць i адказнасць.

Многiя дзецi сапраўды атрымалi шанец здзяйсняць свае мары, рабiць адкрыццi, спасцiгаць прыгажосць роднага краю праз «нефармальныя» экскурсii i падарожжа. Канцэпцыя «несумнага» навучання i актыўнага адпачынку спраўдзiлася на 100%.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка