Вандроўка другая. Родныя магілы




Дата канвертавання10.05.2016
Памер31.58 Kb.
Вандроўка другая. Родныя магілы
Сёння едзем на могільнік у вёску Андрэеўцы. Назву вёскі звязваюць з кавалём Андрэем, які разбагацеў, бо багатаму пану добра коней умеў падкаваць.

Вось і могільнік. Тут спачываюць і каталікі, і праваслаўныя. Могільнік дагледжаны, вялікія дрэвы спілаваныя, людзі падрыхтаваліся да Дзядоў (у нас часта кажуць “Задушны дзень”). Мы кіруемся да магілы Міхаіла Мінавіча Крутаўцова, былога старшыні нашага калгаса “Светлы шлях”, франтавіка і проста добрасумленнага чалавека і працаўніка. Яго імя носіць піянерская дружына нашай школы.

Ён, ураджэнец Віцебшчыны, адразу пасля вайны быў прысланы ў нашы мясціны ствараць калгасы. Цікава (мы бачылі гэта ў архіўных дакументах школьнага музея), што ў 50-я гады кожная вёска была асобным калгасам. Потым жыхары хутароў перабраліся ў вёскі, калгас узбуйніўся і доўгі час быў флагманам сярод перадавых гаспадарак Смаргонскага раёна: вырошчвалі кармавыя буракі, лён, бульбу, зернявыя культуры. Калі гартаеш музейныя экспанаты – пажоўклыя звычайныя сшыткі, спісаныя хімічным алоўкам – здзіўляешся лічбам. Яны невысокія па сённяшніх уяўленнях. Ворнай зямлі было ўсяго 480га супраць сённяшняй лічбы 4989га, вёсак – 8 супраць сённяшніх 35, калгаснікаў было 570, цяпер 2686. Лепшымі лічыліся надоі ад адной каровы 1200-1300кг, цяпер 6907 кг. Буракоў і бульбы садзілі шмат, і спачатку апрацоўвалі гэтыя культуры коньмі і ўручную – палолі, прарэджвалі, капалі. Рожка Эдвард Пятровіч, якому далёка за 80,былы загадчык участка “Сыраваткі”, атрымаў за гэтыя культуры Зорку Героя Сацыялістычная працы, ездзіў у Мінск і Маскву на выстаўкі і розныя ўрачыстыя сходы. Зараз у нас вырошчваюцца толькі цукровыя буракі, летась іх здалі 12933 тоны на перапрацоўку. А сёлета, пачынаючы з сярэдзіны верасня, кожны дзень вязуць з палёў на чыгунку, каб загрузіць у вагоны. Ураджайнасць гэтай культуры вельмі добрая – 517ц/га. Зерня летась здалі 9430 тоны, і ўраджайнасць дастойная – 41,4 ц/га. Калісьці, у 50-70 гады, радаваліся 15-17ц/га. Некалькі гадоў таму пачалі сеяць на землях гаспадаркі рапс. Ён дае добры вынік: 792 тоны сабралі пры ўраджайнасці 17,6 ц/га. Гэта важная культура, яна дае тэхнічныя маслы.

Гадуецца і жывёла. Прывес БРЖ складае 724 г/суткі. Дойны статак перамясціўся на некалькі новых фермаў, буйнейшыя з якіх “Пастарыні – II”і “Сасноўка”, аснашчаныя камп’ютарамі і даільнымі апаратамі нямецкай вытворчасці “Вестфалія”. Напрыклад, калі мы хадзілі на экскурсію на Пастарынскую ферму, то бачылі працэс вытворчасці малака: кароў кормяць, выганяюць на прагулку, а дояць у спецыяльных залах усяго 5 даярак! Загадчыца фермы Чырыца Ганна, маладая, прыгожая і энергічная жанчына, з гонарам расказвала пра сваю крэатыўную працу.

… Сцішаныя, слухаем гэты расказ ля магілы Міхаіла Мінавіча. І хочацца верыць, што і яго душа парадавалася за тое, што зямля, якую ён больш за 30 гадоў песціў і даглядаў, засталася плоднай.

Наш шлях вядзе нас да іншай роднай магілы. Пераязджаем у Нястанішкі. Тут, на могілках ля касцёла, побач з бацькамі, спачывае пісьменнік Артур Цяжкі. Сёлета летам яму б споўніла 70. Але дажыў ён толькі да 40. Вось яго магілка:

А. Цяжкі працаваў у нашай раёнцы “Светлы шлях”, у Гродзенскім абласным цэнтры народнай творчасці. Пры жыцці выйшлі два яго зборнікі прозы. Мы чыталі яго творы. Многім гурткоўцам асабліва спадабаліся апавяданні “Сямейная рэліквія”, “Малітва маці”, “Шарварак”. Бо ў іх – знаёмыя назвы вёсак і хутароў, палёў, балотаў, яроў. У некаторых прозвішчах можна пазнаць продкаў літаратурных герояў. Проза А.Цяжкага паэтычная, прасякнутая сцішаным зычлівым пачуццём. Найчасцей героі паказваюцца ў часіны жыццёвых страт, калі трэба шукаць важныя ісціны. Мова твораў дакладная, вывераная. У ёй нейкая наша, мясцовая мелодыка і танальнасць! Найчасцей героі А. Цяжкага стаяць перад праблемай адаптацыі самастойнай душы, якая з глухога сельскага кутка перанесена ў вялікі натоўп гарадскога соцыума–гармідара. Апошнюю сваю кнігу прозы пісьменнік не ўбачыў пры жыцці. А назва яе надзвычай сімвалічная – “Дзе твой дом”. У бібліятэцы землякі часта бяруць чытаць прозу А.Цяжкага.

Ідзём па старажытным могільніку да сценаў Нястанішскага касцёла. Яго чырвоныя лёгкія гмахі падобныя да птаха, які збіраецца ўзляцець на нябёсы. Дзверы храма адамкнёныя, і мы заходзім ў сярэдзіну яго. Велічна, сціпла, прыгожа. Пахне ладанам, старадаўняй драўлянай мэбляй. Мы ведаем, што ў касцёле ёсць цікавы рарытэт – абраз св. Ізыдора, ля якога вісяць драўляныя граблі, лапата, вілы, каса і цэп. Гэтыя рэчы невыпадковыя, бо св. Ізыдор апякуецца над сялянскай цяжкой працай.

Выходзім з храма з просьбай: “Дапамажыце нам, нябесныя абаронцы, у сённяшнім складаным жыцці!” Некаму ўспамінаецца страфа з верша нашай гурткоўкі Вікі, выпускніцы наступнага года:

…Чэрвеньскім ранкам светлым

Ступлю за бацькоўскі парог.

І стрэне ў свеце прыветным

Мяне хрысціянскі наш Бог!



Драгун С., Мніх Т., 11кл.

Фота Кравапуста В., 7кл., Шчаснай В., 6кл.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка