«Вам на сёмае неба?» «Культура» Надзея Бунцэвіч




Дата канвертавання27.03.2016
Памер30.96 Kb.
26.12. «Вам на сёмае неба?»

«Культура»
Надзея Бунцэвіч
Упершыню з музычнай казкай «Зоркі сёмага неба» я пазнаёмілася некалькі гадоў таму ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але тады гэта было, можна сказаць, напаўканцэртнае выкананне цудоўных мелодый Уладзіміра Кур'яна, што звязваліся размоўнымі дыялогамі. Дый сам сюжэт (прыгоды Ката Мурмота і Лялькі Элі, якія ідуць выратоўваць зоркі) быў звернуты, найперш, да навагодніх святаў.
У версіі ж ад Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага атрымаўся паўнавартасны казачна-філасофскі і нават метадычна-павучальны спектакль на вечную тэму: «Что такое хорошо и что такое плохо», як азначыла вынік творчая група на чале з аўтарам п'есы і рэжысёрампастаноўшчыкам Генадзем Давыдзькам. Відовішча трымаецца на сцэнаграфіі Веніяміна Маршака і, найперш, на крэатыўных сцэнічных строях Марыі Герасімовіч. У спектаклі няма такіх папулярных апошнім часам разнастайных пераўвасабленняў адзінай сцэнічнай канструкцыі, што адпавядала б варыяцыйным і монатэматычным формам у музыцы. Наадварот, усё заснавана на нечаканых візуальных рашэннях абагульненых вобразаў: кантраст, яшчэ кантраст. Дый як намаляваць Ляноту, Страх, Нахабства, Уладалюбства, іншыя чалавечыя заганы? У мульціку ці сучасным лялечным тэатры зрабіць гэта было б куды прасцей, таму пастаноўшчыкі не сталі абмяжоўвацца вобразнымі сродкамі адно драматычнага тэатра, далучыўшы здабыткі тэатра ценяў (паездкі ў чароўным ліфце), лялечных шэсцяў (строі Лізуноў-падлізаў, спадарожнікаў Цётухны Баюшкі і іншыя).

Цікавая п'еса, трапныя вершаваныя радкі сведчаць, што напісанне гэтай казкі не стала для Г.Давыдзькі справай фармальнай, – у тэкст і пастаноўку былі ўкладзены не проста промні натхнення, а творчы запал. У рэжысуры ёсць удалыя ходы, што натуральна злучаюць асобныя мізансцэны. Каб прыбраць, да прыкладу, падушку Баюшкі, не патрэбную ў наступным эпізодзе, Мурмот прыхоплівае яе з сабой у далейшае падарожжа, але раз'юшаная Эля шпурляе «рэквізіт» у кулісы. Дый ідэя чароўнага ліфта, які ў сучасных умовах замяняе дыван-самалёт, надае спектаклю тэмпарытм, дапамагае хуткай і лагічнай змене карцін. Шматстылёвая, рознажанравая музыка У.Кур'яна спалучае поп, рок, рэп, фольк, стылізацыю класіцызму і пампезных маршаў. У цяперашняй версіі яна набыла добрую аранжыроўку Віталя Аляшкевіча і выдатных выканаўцаў – акцёраў-спевакоў у адной асобе.



Уладзімір Глотаў (Кот Мурмот) увасабляе гэткага яршыстага падлетка, які не навучыўся пакуль стрымліваць свае эмоцыі і словы, таму з-за «калючай» імпульсіўнасці часта трапляе ў непрадбачаныя сітуацыі. Акцёр настолькі натуральна пачувае сябе ў рок-стылістыцы, што яго песенны партрэт можна было б і пашырыць – нават тым жа музычным матэрыялам, але з новымі словамі, як гэта традыцыйна робіцца ў мюзіклах. Эля (Аляксандра Багданава) – тыповы прыклад «узорнай дзяўчынкі», якая жыве намерам выратаваць не толькі ўвесь свет і далёкія зоркі, але і свайго новага сябра, адчуваючы за яго не самым салодкім характарам добрую душу. Яе слабым месцам аказваецца выпрабаванне славай першай прыгажуні, і толькі «падлетак андэграунда» можа выратаваць яе ад гэтай гламурнасці. Адкрыццём становіцца Андрэй Душачкін у ролі Разлюляя. Артыст сам «напрасіўся» на гэты вобраз, уклаўшы ў сваю пародыю шмат трапных назіранняў за эстраднымі выканаўцамі. Адзінае, што патрабуе ў спектаклі ўдасканалення, – гэта фінал. Не вельмі пераканаўчай аказваецца сустрэча з Сытухай.

Ну, а тое, што яна лопнула ад сваёй сквапнасці да ежы, дзецям трэба тлумачыць дадаткова. Прычым пад час апошняй песні, на якую, як у гала-канцэрце, збіраюцца ўсе ўдзельнікі. Тут зноў узнікае гэткая «незразумелка»: усе героі разам – і станоўчыя, і адмоўныя, якіх толькі што перамаглі, – спяваюць гімн зоркам. Калі б артысты проста выходзілі на музычны паклон – ніхто не спрачаўся б. Дый ідэя «перавыхавання» Наглюка, Ляноты (ну не падыходзіць ёй такое добрае, ласкавае імя – Баюшка!) – сама па сабе неблагая. Ці, наадварот, ідэя вечнай барацьбы з чалавечымі заганамі: ледзь «ухопіш зорку з неба» – ажно зноў цябе абступаюць розныя «зорныя хваробы». Але пералічаныя варыянты не атрымліваюць адпаведнага вырашэння, застаюцца непрапрацаванымі і таму незразумелымі. Спектакль прызначаны для сямейнага прагляду, але пры цяперашнім сцэнічным рашэнні, пэўна, патрабуецца ніжняе ўзроставае абмежаванне: наўрад ці яго зразумеюць самыя маленькія – трохгадовыя наведвальнікі. Дый паўтары гадзіны без перапынку ў такім узросце – праблема. Можа, усё ж адпускаць дзятву ў буфет і проста «прабегчыся» – акурат пасля «трох нябёсаў»?


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка