Валянцін Акудовіч




Дата канвертавання15.05.2016
Памер9.54 Kb.
Валянцін Акудовіч 

Слова

Слова – што тут казаць – Бог. Цуд маўлення – найвялікшы на гэтым свеце. У параўнанні з ім – нішто нават само стварэнне свету. Нявымаўлены і праз маўленне нявыяўлены свет – нешта настолькі жахлівае, што не мае роўнажахлівага слова.

Узнікаюць і гінуць галактыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над снягамі аблокі, туляцца ў пушчах звяры, а ў водах рыбы. Але без слова ўсяго гэтага дзіва ніхто не бачыць, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня. І хаця свішча вецер, трушчацца камяні, рыкае звер, аднак глухая цішыня няўцямнасці пануе ўсюдна: усё ёсць – і нічога няма. Жудаснае відовішча. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр.

Пакуль свет не быў названы светам – яго як не было. Усё, што ёсць – ёсць толькі таму, што мае сваё слова.

Адам, надаўшы істотам ды існасцям імёны, вызваліў іх з вязніцы небыцця. І тады ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсці.



Натуральна, слова – Бог. Спачатку было слова. Напрыканцы слова зноў не будзе.

Апакаліпсіс – гэта не енк, лямант, мальба. Апакаліпсіс – гэта той дзень, калі нам усім разам адыме мову. “Гэта канец свету,” – паспее сказаць чалавек, але ўжо не пачуе ніводнага слова.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка