Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека




старонка7/19
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.23 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   19

2. АПОШНІ ЧАЛАВЕК


Ён быў падобны да чалавека, які выйшаў з краіны, дзе ніхто не жыве. 

Эрвін Родэ

Калі над хвалямі быцьця некалі і лунаў больш магутны дух адпрэчвы, то гэта — дух Сатаны.

Хаця, каб гаворка тут была пра Сатану, то я, напэўна б, сказаў наадварот: калі над хвалямі быцьця некалі і лунаў больш магутны дух адпрэчвы, то гэта — дух Ніцшэ.

Дарэчы, у другой канструкцыі мы апынаемся значна бліжэй да сапраўднасьці. Сатана (натуральна, я маю перад вачыма не абы-якога сатану, а гожага высакароднага волата із “Страчанага раю” Джона Мільтана) не ўтрываў Бога над сабою, паўстаў і ў жорсткай бойцы быў пераможаны ды скінуты зь вяршыні эмпірэяў у бездань смуроднага пекла.

Так і Ніцшэ ня вытрываў... толькі вынік на гэты раз быў зусім іншы...

Народжаны не з жаночага чэрава, а з духу трагедыі, Ніцшэ імкліва і нязмушана ўзыходзіў па стромкім схіле нігілізму, пакуль на вышыні 6000 футаў над узроўнем чалавека не патрапіў па той бок дабра і зла. Тут, у блакітных нябёсах нявымернай адзіноты, ён распачаў вайну з Другім як зь лішнім і дамогся таго, на што не хапіла моцы ў Сатаны.

Калі Ніцшэ вярнуўся з вайны і зазначыў перад людзьмі, што Бог памёр (заўважым, ён не сказаў: “Я адолеў яго!”), то людзі палічылі Ніцшэ за вар’ята. (Ня станем папікаць недаверкаў, яны яшчэ не жылі ў XX стагодзьдзі.)

Ніцшэ і сапраўды звар’яцеў, але не тады, як вярнуўся, а значна пазьней — потым, і зусім не таму, што быў выкляты пераможаным Богам (ёсьць такое, і досыць устойлівае, меркаваньне)... Цяпер ён ня ведаў, каго яму больш перамагаць, і таму амаль на дзесяць год схаваўся ў вар’яцтва, каб ніхто не здагадаўся, што магутны вой — нікчэмны дойлід.

Перамагае ня той, хто перамагае, а хто творыць іншае (як Бог калісьці зь нічога нешта). А Ніцшэ мог ствараць толькі праз абвяржэньне, разбурэньне, адпрэчваньне. Дакладней, вось гэтае бурэньне (“Я паўночны вецер для сьпелых пладоў”) і ставала ягоным творывам.

Ніцшэ любіў называць сябе ільвом, але, можа, таму, што на Беларусі ніколі ільвоў не было, мне ён уяўляецца разьюшаным быком, які выпрабоўвае на моц крамянёвага ілба ўсё, што трапляе на вочы. У гэтай сьляпой непераборлівасьці ён мог грукацца ў моцныя, тоўстыя сьцены, якія перастояць не адну эпоху, не адзін землятрус, а мог кінуцца і на спарахнелую штыкеціну, якая сама паваліцца ад першага подыху кволага ветрыку.

Але ўсё ж такі навідавоку іншае: гэты Давід у ворагі сабе выбіраў пераважна Галіафаў. Ён шукаў змаганьня зь яшчэ нікім не пераможанымі (Бог, хрысьціянства, мараль...) і, на сваю бяду, перамагаў.

Калі Сатана — імя Ніцшэ, то Дыяніс — ягоны першы псэўдонім (былі і другія: Заратустра, Антыхрыст)...

Дыяніс — бурэньне, рух, змаганьне ўсяго з усім, нічым не ўтаймаваны вэрхал волі да жыцьця, вечнае вяртаньне і кругазварот аднаўленьня.

Яны не маглі не варагаваць паміж сабой — Дыяніс і Хрыстос, бо Хрыстос — гэта аскеза, статыка, зьмірэньне ўсяго з усім, воля да сьмерці і паступовае зьнікненьне (перацяканьне) чалавечага з трывалай роўніцы рэальнага ў трымценьне ірэальнага.

Дыяніс — жыцьцё сьмерці.

Хрыстос — сьмерць жыцьця.

Дыянісыйства празь сьмерць зьвернутае ў жыцьцё, хрысьціянства — праз жыцьцё ў сьмерць, і таму паміж імі немагчымы нейкі іншы лад, акрамя сьмяротнай варажнечы...

Ніцшэ лічыў сябе сярод першых і найбольш адданых ваяроў Дыяніса і ненавідзеў хрысьціянства, як толькі пераможаны здольны ненавідзець пераможцу.

Але апошняя патрабуе ўдакладненьня: нянавісьць Ніцшэ ўзьнікла не з самога факту перамогі хрысьціянства над дыянісыйствам — у аснове гэтага пачуцьця была крыўда на тое, што перамог слабейшы (Хрыстос) і перамог жыцьцё ня звышжыцьцём, а нежытвом, супрацьпаставіўшы волі да жыцьця волю да сьмерці.

Хрысьціянства для Ніцшэ — “найвастрэйшая форма варожасьці з рэальнасьцю”, і што яшчэ горш — яно абсалютная формула dйcadence (“волі да змарненьня”). А Хрыстос, прынамсі такі, якім ён паўстае ў Сьвятым Дабравесьці, — ідэал дэкадэнта.

Запрапанаваўшы чалавецтву зьмярцьвіць плоць, зьмірыцца зь ліхам, ухваліць пакорлівую кволасьць насуперак сіле, а любоў да ворага — насуперак змаганьню з ворагам, — Хрыстос “перасунуў стрэлкі”, і цягнік быцьця збочыў із скразной дарогі вечнага вяртаньня ў эсхаталягічны тупік. Таму для Ніцшэ “Бог”, “мараль”, “дух”, “ідэалы” — гэта падманная атрыбутыка, якую хрысьціянства (“апошняя лягічная выснова юдаізму”) напрацавала дзеля адной мэты: паступова абязволіць чалавека і неўпрыкмет згарнуць жыцьцё ў нішто — у нежытво.

Зразумеўшы хрысьціянства, як суцэльны dйcadence, як найвялікшую пагрозу жыцьцю, Ніцшэ, пад сьцягам Дыяніса, выправіўся ў вялікае рушэньне супраць усяго, што было пазначана крыжовым знакам сьмерці. Арсэнал зброі ў яго быў дастаткова багатым: хрысьціянскаму Богу сьмерці ён супрацьпаставіў бога жыцьця Дыяніса, Хрысту — Заратустру, маралі — імаралізм, міру — вайну, чалавекабогу — звышчалавека, пакоры — волю да ўлады, апакаліпсісу — вечнае вяртаньне...

Так, у Ніцшэ было даволі зброі, каб змагацца, і нават даволі — каб перамагчы. Але што ён мог сказаць людзям, жыцьцю на другі дзень пасьля перамогі акрамя таго, што казаў напярэдадні: “Я Анты-асёл par excellence, і дзякуючы гэтаму я сусьветна-гістарычнае страшыдла, па-грэцку і ня толькі па-грэцку, я Антыхрыст...”?

 

Праз узыходжаньне татальнага нігілізму, празь нічым ня стрыманае адмаўленьне пануючай веры, ідэалёгіі, маралі, эстэтыкі, палітыкі Ніцшэ ратаваў чалавека (чалавецтва) ад dйcadence, ад павольнага зыходжаньня з трывалішчаў рэальнага сьвету ў натрызьнены сьвет ідэалаў, ісьцінаў, ідалаў.



Сапраўднае жыцьцё, натуральнае, быційнае — яно па той бок дабра і зла, а ўсё, што па гэты, — фікцыя, выдумка, хлусьня, аблуда. Што як ня фікцыя нейкі занябёсны Бог, а тым болей вера ў яго, што як ня фікцыя ідэалы дабрыні, прыгажосьці, любові, што як ня фікцыя ісьціна, прагрэс, эвалюцыя, а магчыма, і навука... Гэта ўсё толькі памысьлена, прыдумана, уяўлена. Сьвет чалавека напампаваны думкамі-зданямі, словамі-фантомамі, ідэямі-прывідамі, за якімі не паўстае нічога аб’ектыўнага, рэальнага, наяўнага. Гэта не жыцьцё, а фантасмагорыя, якая засланяе ад чалавека сапраўднасьць як яго, чалавека, так і ўвогуле існасьці...

Абраўшы за мэту адлучыць чалавека ад хрысьціянскага фіктыўна-прывіднага сьвету і вярнуць яго ў рэальны сьвет пары раньняга дыянісыйства, калі жыцьцё рухалася лішкам волі да жыцьця, а фармавалася воляй да панаваньня, Ніцшэ, магчыма, і наўмысна, прамінуў нават для сябе пытаньне: калі сьвет Дыяніса з панаваньнем рэальнасьці рэальнага — жыцьцядайны, а сьвет Хрыста, напампаваны фікцыямі, — тупіковы, то з чаго гэта людзі ў сваю пару кінулі Дыяніса і рушылі за Хрыстом? На якое ліха яны адракаліся ад таго, што ёсьць, ад таго, што можна памацаць, пакласьці сабе ў рот ці за пазуху, і выправіліся ў дарогу да нечага, пра што ніхто ня ведае: яно існуе сапраўды ці толькі трызьніцца?

Ня думаю, каб на гэтае пытаньне і праз сто год пасьля вайны Ніцшэ з Хрыстом нехта ведаў уцямны адказ. Што ў чалавеку запатрабавала “другой” рэальнасьці, чаму не даволі яму было адной, гэтай, якая мелася ў наяўнасьці тут і цяпер? Можа, якраз прычынай быў той самы “лішак жыцьця”, з патэнцыі ідэі якога Ніцшэ стварыў ужо сваю фікцыю — “звышчалавека”?..

А можа, гэта “воля да панаваньня” (на якую Ніцшэ абапіраўся, вызначаючы тое, што рухае жыцьцём) якраз і падштурхнула чалавека шукаць нейкі спосаб, каб займець уладу ня толькі над жыцьцём, але і над сьмерцю?

Ва ўсялякім разе, з чаго б ні паходзіла гэтае памкненьне да другой, ірэальнай рэальнасьці, Ніцшэ, бадай, дарэмна таясаміў яго з хрысьціянствам, дарэмна ганіў і кляў хрысьціянства за тое, што яно падбухторвала людзтва скіравацца на аблудны шлях. Бо ў пазначаным сэнсе, скажам, сьпелы элінізм прынцыпова ўжо мала чым адрозьніваецца ад сьпелага хрысьціянства. Тое, што элінскія багі жылі не ў эмпірэях, а на вяршыні гары — гэта праблема працягласьці, а ня якасьці. Зрэшты, Ніцшэ і сам ужо намацаў унутры элінізму нараджэньне dйcadence, зьвязаўшы гэты факт зь філязофіяй Сакрата. Але калі б Ніцшэ быў зусім пасьлядоўным, то мусіў быў паставіць “межавым слупом” паміж дыянісыйскім і дэкадэнцкім чалавекам нікога іншага як Апалёна.

Ніцшэ, здаецца, і не заўважыў, што Апалён, які ў “Нараджэньні трагедыі з духу музыкі” ўзьнік у якасьці гарманізуючага Дыяніса раўнаважка, — адыгрываў тую самую ролю, што пазьней — Хрыстос.

Не ў Хрысьце, у Апалёне пачатак dйcadence, Апалён, як форма гарманізацыі дыянісыйскай адпрыроднай стыхіі, паўстаў зь немагчымасьці чалавека атаясаміцца з усёй жахлівай татальнасьцю быцьця. Апалён — гэта вылучэньне зь нічым не ўтаймаванага вэрхалу існага рафінаваных гармоніяў лакунаў. Апалён — праява ня “лішку волі да жыцьця”, а недахопу гэтай волі, недастатковасьці яе, немажлівасьці далей трываць магутны націск несупыннай, усё праглынаючай дыянісыйскай павадкі быцьця. І таму мы, напэўна, маем рацыю, калі кажам, што інтэграл дэкадансу быў сфармуляваны ў Апалёне, а ў Хрысьце ён толькі перамяніў эстэтычную парадыгму на маральную...

Хаця, магчыма, я і памыляюся, зважаючы, што Ніцшэ не прыкмеціў “дваістай” сутнасьці Апалёна. Прынамсі, у больш позьніх ад “Нараджэньня трагедыі...” творах ён не супрацьпастаўляў “чашы Грааля” “спарыш Дыяніс-Апалён” і як бы зусім забыўся на Апалёна, трымаючы адно Дыяніса. Праўда, падчас узьнікае думка, што Ніцшэ толькі абапіраўся на Дыяніса, каб выглядаць вышэйшым, каб мець пад сабой нейкае апірышча ў мінулым, у традыцыі, каб ня быць голым адмаўленьнем дзеля адмаўленьня. Здаецца, Дыяніс для Ніцшэ быў толькі канцэптуальнай мэтафарай і хіба што ідэя “волі да панаваньня” пачаткавалася ў дыянісыйскім “лішку волі да жыцьця”. Бо ўжо ідэя “звышчалавека” не магла адсюль паўстаць, прынамсі, без фэрмэнту звышідэалізму. А што да “вечнага вяртаньня”, то тут, акрамя спарадаванага з прыроды кругазвароту (усё паўтараецца з дакладнасьцю да апошняй дробязі), бачна нават адмаўленьне Дыяніса зь ягоным “лішкам”, які і робіць немагчымым “вечнае вяртаньне”, паколькі якраз гэты “лішак” разрывае кола і выштурхоўвае быцьцё ў наступныя прастору і час.

У Ніцшэ было даволі інтэлектуальнай адвагі, каб убачыць хрысьціянства як нянавісьць да цела, прыроды, рэальнасьці (хрысьціянства нават крыж, адвечны знак сонца, а значыць і жыцьця, трансфармавала ў знак магілы, сьмерці), убачыць хрысьціянства як сыстэму адмыслова пераплеценых маральных хітрыкаў, якія неўпрыкмет марнуюць волю быць тут і цяпер чаканьнем нейкай пэрспэктывы там, у мроіве ірацыянальнага... І ня толькі ўбачыць, але і паўстаць супраць блакітнага нежытва маральнасьці, баронячы кавялом імаралізму зяленіва і пурпур жыцьця.

Толькі ці не нагадвае нам Ніцшэ ў гэтым, на злом галавы, рушэньні другога вялікага ідэаліста — Дон Кіхота (натуральна — навыварат)?

Бо нават калі яно і сапраўды так: чалавек маральны, сьвет маральны — фікцыя, фантом, унівэрсалія, пазбаўленая прычыны самой сябе ў адзінкавым, сынгулярным, — то што з гэтага вынікае? Анічога!

Жыцьцё чалавека яшчэ нечым, акрамя як ягонай прысутнасьцю ў быцьці, пакуль немагчыма вызначыць. І ўся розьніца дыянісыйскага ладу жыцьця ад апалянічнага ці хрысьціянскага ва ўскладненьні формы гэтай прысутнасьці “гульнёй” па так ці інакш сфармуляваных правілах, гульнёй у так ці інакш абазваныя фікцыі: і ні “звышчалавек”, ні “вечнае вяртаньне” не надаюць прысутнасьці чалавека ў быцьці якасна новага статусу...

Ніцшэ быў ня толькі першым, хто ва ўсёй паўнаце ўбачыў сучасную эпоху, як гульню фікцыяў у фікцыі, але і апошнім (“чалавекам”), хто верыў, што недзе (у выпадку з самім Ніцшэ — па той бок дабра і зла) жыцьцё чалавека можа быць іншым, рэальным, тоесным само сабе, адным словам, не гульнёй у фікцыі, а нечым...

Дарэчы, сярод знакамітых ніцшэўскіх філязафемаў (“канцэптуальных мэтафараў”) — “звышчалавек”, “вечнае вяртаньне”, “воля да панаваньня”, “узыходжаньне нігілізму” — амаль незаўважанай застаецца вось гэтая — “апошні чалавек”. А між тым, менавіта ў “апошнім чалавеку” аналітыка Ніцшэ дасягнула скрані магчымага — “блізіцца час, калі чалавек ужо ня зможа нарадзіць ніводнае зоркі”.

XX стагодзьдзю засталося адно зафіксаваць сфармуляваны Ніцшэ канцавы характар гэтай сытуацыі быцьця (“Канец гісторыі” Фукуяма, “Канец новага часу” Ґвардзіні, “Канец чалавека” Фуко і г.д. і да т.п.).

“Што такое любоў? Што такое стварэньне? Што такое палкасьць? Што такое зорка?” — так пытаецца апошні чалавек, міргаючы”.

Праўда, сам Ніцшэ спадзяваўся, што “апошняга чалавека” можна пераадолець “звышчалавекам”. Але ці не ад рэшткаў рамантызму XIX стагодзьдзя гэтае спадзяваньне? Бо нават калі пагадзіцца, што “звышчалавек” магчымы, то разам з тым давядзецца прызнаць (чаго Ніцшэ не захацеў зрабіць), што ён падзея адзінкавага ліку, якая прынцыпова, з прычыны сваёй прычыны, ня можа пераходзіць у множны. Прысутнасьць другога звышчалавека аўтаматычна адмаўляе аднаго зь іх, альбо анігілюе абодвух.

Тое, чаго не хацеў ведаць Ніцшэ, калі ня розумам, дык сэрцам прадчуваў людзкі збой, да якога прамаўляў Заратустра.

“Дай нам гэтага апошняга чалавека, о Заратустра, — крычаў люд, — зрабі нас апошнімі людзьмі! На ліха нам твой Звышчалавек!”

Іншая рэч, што апошнімі людзьмі Заратустра іх таксама ня мог зрабіць. Пачыналася нешта другое, што вельмі недакладна і гэтаксама невыразна паспрабуем абазначыць як час структуры. У гэтым новым часе чалавека як чалавека ўжо няма, а тое, што па старой звычцы мы называем чалавекам, ёсьць толькі адным зь неабходных, але, можа, і ня самых галоўных кампанэнтаў звышскладанага структураванага Нечага, сэнс і мэту чаго мы наўрад ці калі ўсьвядомім.

“Мы прыдумалі шчасьце”, — кажуць апошнія людзі, міргаючы”.

 

У пэўным сэнсе Ніцшэ ня мог ня быць, бо напрыканцы XIX стагодзьдзя традыцыйная культура ўжо сфармавалася настолькі, што патрабавала сабе адпаведанай апазыцыі, каб да зморшчын высьветліць сваю сутнасьць і тым самым выразна акрэсьліць межы сваёй прысутнасьці. Таму наўрад ці будзе перабольшаньнем, калі мы скажам, што сама культура выклікала Ніцшэ, каб паглядзець у яго, як у люстэрка, якое ўсю праўду скажа.



Зь іншага боку, Ніцшэ мог і ня быць пэрсаніфікаваны ў адной асобе, ён мог паступова вымыкаць з самых розных інтэнцыяў, каб нейкім чынам аднойчы сфакусавацца ў пэўнай кропцы. За тое, што такі варыянт рыхтаваўся таксама, сьведчыць творчы досьвед Дарвіна, Дастаеўскага, Маркса, Фройда, а раней — Шапэнгаўэра. Усе яны разам — Адзін Вялікі Ніцшэ, што, аднак, не адмаўляе самога Ніцшэ, як пякучага фокусу аналітыкі прамінулага і адначасна вестуна буйнейшых інтэлектуальных праграмаў сучаснасьці (экзістэнцыялізму, псыхааналізу, структуралізму, гермэнэўтыкі і да т.п.).

Недзе Ніцшэ напісаў: “Толькі пасьлязаўтра належыць мне”. Але калі мы прыйдзем туды, у пасьлязаўтра, Ніцшэ там, пэўна, ужо не застанем. Хіба адно паглядзім на тое месца, адкуль ён выпаў да нас, як абломак будучыні. Магчыма, лішні там.

 

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   19


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка