Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека




старонка10/19
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.23 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   19

МАРК ШАГАЛ


Парыж — другі Віцебск. 

Марк Шагал

Дзьве першыя асноведзі, на якіх палягае існае-для-нас, мы наймуем прасторай (тут адбываецца натуральны кругазварот вечнага вяртаньня) і чалавекам (тут гэты кругазварот размыкаецца ў над-натуральныя абсягі, сфармаваныя часам — інакш, гісторыяй чалавечага бытаваньня). Але ні прастора ўвогуле, як поле прысутнасьці ўнівэрсальнага існага, ні час увогуле, як мейсца выяўленьня разамкнутага руху ўжо гістарычнага быцьця, самі зь сябе не вытлумачаюць ні фэномэну прасторы, ні фэномэну чалавека. І пэўна, найперш таму, што ўнівэрсальная прастора гэта ўсяго толькі ідэя прасторы, а ўнівэрсальны час гэта ўсяго толькі ідэя часу, і яны з прычыны сваёй прычыны не прыдатныя нешта казаць пра значэньні кожнай з множнасьці адзінкавых (сынгулярных) прастораў, кожнага з множнасьці адзінкавых (сынгулярных) часаў. Ідэя гэта толькі мэтафізычны знак прысутнасьці, а значэньне (хутчэй — значэньні: для сябе, для другога, для той самай ідэі) прадвызначае ўжо нешта іншае. Што? Якраз у гэтым мейсцы каменныя вусны сфінксу пачынаюць размыкацца для рогату...

Калі наяўнасьць свайго ўласнага часу ва ўсім, што суб’ектывізавалася, сёньня досыць уважліва прааналізавана ў філязафеме тэмпаральнасьці (тэмпаральнасьць — уласны час кожнай экзістэнцыі, не падлеглы, — ці падлеглы, але ня тоесна, — унівэрсальнаму часу), то наяўнасьць свайго ўласнага тэмпаральнага места (як зь-места прысутнасьці) кожнай самаідэнтыфікаванай прасторы застаецца ў мройліве сакральнага (сынонім інтэлігібэльнай нямогласьці).

Апошняе ў роўнай ступені пасуе і да той прасторы, якую мы адольваем паймом “Беларусь”. Не абазнаная ў практыках лёгацэнтрычнага мысьленьня, ня кажучы пра практыкі мысьленьня дыскурсыўнага, Беларусь застаецца, з аднаго боку, у вымярэньнях каардынатаў ляндшафту (ляндшафт — інтэр’ер прасторы), а з другога — каардынатаў трансцэндэнтнага (калі трансцэндэнтнае ўвогуле можа мець вымярэньне, тым болей — каардынаты). Адсюль вынікае, што аніякая падзея быцьця на абсягах Беларусі ня станецца абазнанай у значэньнях беларускай прасторы да той пары, пакуль прастора не абазнаецца сама, як нейкі дэтэрмінаваны сэнс. Паводле гэтага ўсялякая падзея тут або лякалізуецца ў чарговую столку інтэлігібэльнага ляндшафту, або фальсыфікуецца сакралізаваным трансцэндэнтным. Апошняе меркаваньне стасуецца і з такой падзеяй, як Марк Шагал, з чаго адпаведна паўстае цяперашняя немагчымасьць убачыць анталягічную мэту беларускай прасторы ў фэномэне Шагала — нам застаюцца адно навідавочныя ляндшафтныя знакі, а ў тым выпадку, калі і яны зблытваюцца — імітацыя скокаў у блакітную прорву трансцэндэнцыі.

Да таго ж сытуацыя з абазнаньнем Шагала ўскладняецца яшчэ і тым, што сам Шагал ніколі не ідэнтыфікаваў сябе зь беларускай прасторай. Ня толькі культуралягічна, але і тапаграфічна ён таясаміў сябе з Расеяй і там, у Расеі, яго і трэба было б пакінуць, каб не было Віцебску, дакладней, каб ляндшафт Віцебску не задэкляраваў сваёй прыналежнасьці да топасу беларускай прасторы...

Між іншым гэтая дэклярацыя Віцебску дадатна абцяжарыла пытаньне “каталягізацыі” Шагала (этнічна — гэбрай, сацыяльна — расеец, эстэтычна — эўрапеец, духоўна — касмапаліт). Затое непадманная сувязь Шагала зь Віцебскам (праўда, мейсцамі прагматычна экзальтаваная рытарычнымі фігурамі кшталту: “Парыж — другі Віцебск”) дае нам магчымасьць падкрэсьліць праблему дынамікі вылучэньня і фармаваньня з адзінага поля працягласьці топасаў, набрынялых уласным прасторавым зьместам, і тым самым прамаркіраваць магчымы шлях Шагала ў беларускі тапалягічны кантэкст...

Унівэрсальнае — амаль ніякае, яно ня болей чым апазыцыйнае апірышча для нечага , і таму ўсё, што мае патэнцыю быць нечым, цягне да сынгулярнасьці, бо толькі вылучэньне ў адзінкавае робіць лятэнтную наяўнасьць сынгулярнага нечага відочна канстытуяванай. Шагал не заўважыў у ляндшафце Віцебску хэнці прасторы Беларусі да наяўнасьці ва ўласным сэнсе, ён назаўсёды застаўся ў Віцебску абшарнікам Вялікай Расеі, і, натуральна, яму не да галавы было, што насьпее пара, калі ягонае імя зрэфлексуецца зь нейкай там Беларусяй і што паступова “беларускі фактар” зробіцца роўналежным сярод іншых у “фэномэне Шагала”, а ў пэўным зьмесьце і папярэднім да астатніх, паколькі менавіта беларуская прастора адамкнула Шагалу экзістэнцыйнае мейсца ў быцьці. Болей за тое, калі экзістэнцыйнасьць разглядаць ня толькі ў праекцыі тэмпаральнасьці часу, але і ў праекцыі тэмпаральнасьці прасторы, то мы можам аднолькава, хаця і не безь верагоднасьці скандалу, залічыць Шагала як у гэбраі, так і ў беларусы. (Іншая рэч, ці патрэбна нам, Шагалу, каму заўгодна такое “падвоенае грамадзянства” Шагала).

Але менавіта з гэтай падвоенасьці і вынікае тая амбівалентнасьць сытуацыі, якая найперш паўстане ў кожнай спробе каталягізацыі Шагала: яму будзе аднолькава няўжыўна як у каталёгу не-беларускіх мастакоў, так і ў каталёгу мастакоў беларускіх. У першым выпадку Шагал застанецца за абсягам Беларусі, а значыць, ягоная прысутнасьць будзе вымкнутай з рэальнага кантэксту быцьця, паколькі ён пазбавіцца мейсца ва ўласнай прасторы, дзе адно і можа адбыцца такая падзея, як чалавек. У адваротным выпадку (Шагал — беларускі мастак) ён згубіць сваё мейсца ва ўласным часе, бо этнас (і з гэтага — ісва этнічнай належнасьці) фармуецца ў часе і толькі там палягаюць каардынаты ягонага вымярэньня.

У адрозьненьне ад беларусаў, для якіх у гэтым кантынууме час і прастора заўсёды былі тэмпаральна тоеснымі, гэбраі жылі на Беларусі са сваім, не адпаведным нашаму (а значыцьі нашай прасторы), этнічным часам. І справа тут нават ня столькі ў натуральнай біясацыяльнай рознасьці, колькі ў тым, што этнічны час гэбраяў распачаўся на некалькі тысячагодзьдзяў раней і за гэты прамежак назапасіў у сваім руху тую кінэтычную энэргію, якой яшчэ ня меў беларускі час і на якую не была разьлічаная яшчэ досыць статычная беларуская прастора.

“Я дрэва... вырванае з карэньнем...” — казаў Шагал потым, пасьля Віцебску. Трохі ніжэй мы вернемся да карэктнасьці гэтага параўнаньня, а пакуль зьвернем увагу на іншае: Шагал усьведамляў сваю вырванасьць “з карэньнем”, але ня ведаў, як веду, што яго вырвала. А між тым уся творчасьць Шагала, скажам так, асноведнай пары, дэманструе, як гэтае што выкручвае, выцягвае, выломвае яго з угрунтаванасьці ў віцебскі ляндшафт. На тагачасных Шагалаўскіх маляваньнях нават тое, што насампраўдзе трывала і гарманічна ўцялёсьнена ў пабытовую рэалію, здэфармаванае так, як быццам яно разгойдваецца, каб вырваць сваю закаранёнасьць з уцялёсьненасьці ў тутэйшасьць і падняцца над ёй, узьляцець... Куды? Ды напэўна ў тыя эмпірэі, прастора якіх тэмпаральна супадала б з тым, экзістэнцыйным часам, якім жыў Шагал.*

Урэшце Шагал разгойдаў трымалішча і вырваў сябе зь віцебскага ляндшафту, але ўсюды там, дзе Шагалу потым выпадзе мясьціцца, яму ня стане хапаць з чаго вырывацца, бо болей яго ўжо нішто ня будзе трымаць як свайго (што да гэбрайства, то яно ніколі яго не “трымала”, паколькі заўсёды было зь ім паўзь ягоную волю і пажаданасьць).

Шырока рэклямаваная настальгія Шагала па Віцебску — гэта настальгія па месту, якое трымае цябе як замес свайго зь-месту; вымыкаючы сябе адсюль “з карэньнем”, ты вымыкаеш сябе зь сябе, нават калі робіш гэта дзеля таго, каб пазбавіцца ня тоеснай твайму часу прасторы...

(І тады прастора латае тваю адсутнасьць тваім сумам па сваім мейсцы ў прасторы...)

Адначасна мы мусім заўважыць, што гэтая настальгія ня што іншае, як сьведчаньне наяўнасьці пераважна прасторавай мэнтальнасьці беларуса ў пераважна часавай мэнтальнасьці гэбрая, бо з сваёй, толькі гэбрайскай ісвы Шагал аніяк ня мог “быць дрэвам”, якое сумуе па мейсцы сваёй нязрушанасьці (пра гэта — ніжэй). Тым болей цікава (у аспэкце прастора-часавага дуалізму ягонай экзістэнцыі) адзначыць, што “дрэва” назаўсёды застанецца ўлюбёнай мэтафарай Шагала. (“Бачыш дрэва і думаеш: а наша дрэва другое, неба другое, усё ня тое, і з гадамі ўсё больш і больш адчуваеш, што сам ты “дрэва”, якому патрэбная свая зямля, свой дождж, сваё паветра...” (1936 г.). “Глеба, якая наталяла карані майго мастацтва, — гэта горад Віцебск, але маладому жывапісцу патрэбен быў Парыж, як дрэву патрэбна вада, каб яно не засохла” (1950 г.). “Як дрэва з Радзімы, вырванае з карэньнем, я быццам вісеў у паветры. Але ўсё ж такі жыў і рос” (1973 г.). Тут ня лішнім будзе яшчэ заакцэнтаваць, што ў Шагала гэтае “дрэва” зусім ня нейкае там “дрэва-абстракцыя”, а “дрэва” з канкрэтнага віцебскага ляндшафту, як і ў сантымэнтах кожнага, ужо без усялякага “дуалізму”, беларуса на чужыне. Разам з тым... зьвернем яшчэ трохі ўвагі на апошнюю цытату: “яе дрэва з Радзімы, вырванае з карэньнем, я быццам вісеў у паветры. Але ўсё ж такі жыў і рос”. Для пераважна прасторавага мысьленьня беларуса, для мысьленьня таго, хто сапраўды, як дрэва, укаранёны ў гэтую зямлю, наўрад ці была б натуральнаю мэтафара вырванага і павіслага ў абстрактным “недзе” дрэва, якое да таго ж яшчэ ў тым эфэмэрным “недзе” жыве і расьце. Для беларусаў дрэвы ня лётаюць, больш — не растуць у паветры. (Вядомая показка распавядае, што адзін паважны расейскі, у другім варыянце — беларускі чыноўнік зьедліва прамовіў з нагоды выставы карцінаў Шагала: “Евреи, да еще летают”. Ад сябе, нават з пэўнай зайдрасьцю, заўважым: гэбрай, які не “летает” — гэта не зусім гэбрай.)

Шагал вялікі мастак, але мы не дамо веры Шагалу — ён ня быў “дрэвам”. Шагал ня мог быць дрэвам ужо адно таму, што ён не баяўся вышыні. (Дрэва баіцца вышыні, і яно зусім ня хоча быць высока, вышэй за магчымасьці карэньняў утрымаць яго каля зямлі.) А Шагал увесь быў над зямлёю, у паветры, ён ня толькі летуценіў, а фізычна, увесь, лётаў, лунаў, кружляў...

Чаму Шагал не баяўся вышыні (беларус і ў казцы на неба лезе па драбінах)? Звычайна вышыні не баіцца той, хто набрыняў хуткасьцю, у каго хуткасьць руху (кінэтычная энэргія ўласнага — тэмпаральнага — часу) пераадолела страх цяжару цела (статыстычны цяжар уласнай — тэмпаральнай — прасторы) упасьці і разьбіцца. А яшчэ, пэўна, і таму, што: “Усе шляхі небясьпечныя для нас, акрамя шляху, які вядзе на неба”*. Гэбрайскі народ, гнаны да апошняга з бацькаўшчыны, абраў за Айчыну нябёсы. Ён, згарнуўшы прастору свайго бытаваньня да памераў тэксту пісанай Торы, толькі нагамі ступаў па зямлі (усюды яму чужой), а насампраўдзе жыў над дахамі і вершалінамі дрэваў, там, дзе лётаюць птушкі і анёлы, здаралася, і яшчэ вышэй. Зрэшты, усё гэта добра відаць на малюнках Шагала, якія тапаграфічна дакладна пазначаюць геаграфію краіны ягоных супляменьнікаў.

Але ўсё ж такі гэта былі людзі, а не анёлы, яны маглі жыць над нечым і не маглі ў нічым; і як ні шчылілі яны сябе ў вэртыкальны прамень часу, цяжар цялёснасьці раскатваў іх па гарызанталі зямной прасторы; і як ні ўціскалі яны гісторыю свайго бытаваньня паміж літараў Торы, яна чаплялася, заблытвалася, гублялася ў хмызах, на гразкіх сьцежках, сярод пясчаных выспаў і неяк прарастала пакручастымі лёсамі скрозь абшар гісторыі беларускага краю... Потым гэтыя лёсы даводзілася выдзіраць адсюль, атрахаючы зямлю з карэньняў. Пясок атрахаўся, а зямля заставалася, трымала...

“Як я зайдрошчу ўсім Вам. Вы маглі быць на яго пахаваньні, ісьці па нашай зямлі (курсыў тут і далей мой. — В. А.) за яго труною, і паветра неба, таго самага неба, якое я так часта намагаўся аднавіць на сваіх карцінах, абдымала б вас. Чаму гэтае паветра не далятае да мяне сюды, у задушлівую прастору? Чаму лёс падзяліў мяне на дзьве часткі — цела тутдуша там?” (ліст у менскую газэту “Октябрь”, з прычыны сьмерці Іегуды Пэна, 1973 г.).

Гэтым у высокім сэнсе мэлядраматычным эпізодам, бадай, можна было б і скончыць тэкст. Але апошні сказ цытаты патрабуе камэнтару.

... Не душа Шагала засталася тут, на Беларусі (душа ў чалавека заўсёды пры сабе, што час пры гадзіньніку), а цела, якое беларуская прастора вынайшла як яшчэ адзін зь безьлічы фэномэнаў самой сабе, і таму ўжо нідзе і ніколі гэтае цела не магло быць нечым іншым, акрамя як фэномэнам тутэйшай беларускай прасторы.

 

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   19


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка