Вальтэр Скот/ Walter Scott




Дата канвертавання21.03.2016
Памер43.51 Kb.




Вальтэр Скот/ Walter Scott (1771 – 1832) – сусветна вядомы празаік, паэт і гісторык, шатландзец з паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі (традыцыйна лічыцца заснавальнікам гэтага жанру), першы ангельскамоўны пісьменнік, які набыў ледзь не сусветную папулярнасць і шырока чытаўся і перакладаўся ўжо пры жыцці за межамі свае радзімы, класік ангельскага і шатландскага рамантызму, чалавек, які валодаў фенаменальнай памяццю.

Шэры манах

(The Grey Brother)


Гэты ўрывак напісаны ў 1799 годзе. Паданне, на якім заснаваная гэтая гісторыя, звязанае з домам, што знаходзіцца ва ўладанні Гілмертанаў ля Ласвэйда ў Мідлотыяне. Гэты будынак, які цяпер называецца Гілмертан-Грэндж, першапачаткова насіў назву Бэрндэйл (Абпалены Дол) у гонар адной трагічнай падзеі. Цяперашнія ўладанні Гілмертанаў належалі колісь даўно гаспадару на імя Херан, у якога была прыгажуня-дачка. Дзяўчыну спакусіў абат Ньюбатла, добра забяспечанага манастыра на беразе Паўднёвага Эска (сённяшнія ўладанні маркіза Латыянскага). Калі Херан даведаўся пра гэта, а таксама пра тое, што ганебнай сувязі спрыяла нянька паненкі (што жыла ў тым жа Гілмертан-Грэнджы, ці Бэрндэйле), ён вырашыў жорстка адпомсціць. Яго не спыняла нават меркаваная недатыкальнасць духоўнай асобы ці моц жывога пачуцця. А таму, абраўшы для сваіх мэтаў цёмную і ветраную ноч, калі закаханыя мелі таемную сустрэчу, ён запаліў вязку сухога цёрна ці яшчэ нечага лёгкаўзгаральнага і пакінуў ля самага дома, каб ператварыць жытло ў горстку сатлелых вугалёў разам з усімі, хто быў унутры.
Да Папы Рымскага людзі ішлі

У дзень святога Пятра,

Каб маліўся за іх, каб прасіў у святых

Ім пакоры, надзеі, дабра.


Да Папы Рымскага людзі ішлі,

І літаннямі поўніўся Рым,

І маліліся бедныя і каралі,

І грахі адпускаліся ім.


Вось ад краю да краю ўвесь люд замірае,

Не падняўшы пакорных галоваў.

І ад сцен да скляпенняў храм дрыжыць ад маленняў,

Ад святарных гімнаў і словаў.


Спыніўся раптам Папа – жах! –

Пачуўся ў храме грук,

Бо цень прабегся па крыжах

І ўпала чаша з рук.


“Стаіць забойца сярод нас,

А з ім і д’ябал сам.

Хай сыдзе той, хто ў зле заграз,

І не паганіць храм!


Няма ратунку на зямлі

Аблуднай той душы.

Маленні спынім мы, калі

Не сыдзе ён з імшы!


Прашу забойцу я: сыходзь,

Ты, прагны да крыві!

Пакінь Дом Божы самахоць

І Бога не гняві”.


Збялеў няшчасны пілігрым,

Што міласці шукаў.

Прыбыў ён толькі сёння ў Рым,

Ён столькі праблукаў.


Ён прапасціўся сорак дзён,

Маўчання даў зарок

І думаў: вось ужо відзён

Прамень святла праз змрок.


У храм прыйшоў ён найраней,

Маліўся апантана

І каяўся за ўсіх мацней –

Але сышоў ціхмяна.


І рушыў з ношаю грахоў,

Пакінуўшы сабор,

Да латыянскіх берагоў

І да блакітных гор.


Цяжкой хадой са злыбядой

Ён паблукаў на ўсход,

Каб чысты Эск змываў вадой

Сляды яго прыгод.


Вітаў яго ўрачыста люд,

Схіляліся васалы.

Ён – уладар найпершы тут,

Ён – гаспадар удалы.


Луналі тут яго сцягі

І быў ён мужны вой:

Сцякалі часта берагі

Гарачаю крывёй.


Салодкі шлях у родны дом,

Уздоўж рачных быстрыняў –

Патоку, што праз ветралом

У свет шырокі рыне.


І вабіць лесу гушчыня

Узнёслых рыфмароў,

Любоў з красою тут штодня

Блукаюць між бароў.


Вітае вольныя лясы

Вясёлы гук ражкоў,

Які ў світальныя часы

Ляціць з усіх бакоў.


О Мэлвіл, букаў ясны край!

О родны Хатардэн!

І Далкейт – быццам дольні рай,

Нязменных цнотаў лен.


Не вабіць грэшніка той кут,

Бо ён нясе свой крыж.

Завершыць шлях яго пакут

Бэрндэйлаўская ціш.


Вось разыходзіцца гушчар,

Адкрыўшы чорны дол:

Тут быў пажар – і ўвесь абшар

Жахлівым быў наўкол.


Хаваецца ў сутонні дзень,

І на пагоркі лёг

Сляпы прамень, нібы агмень –

На шэрым вугалёк.


І б’юць званы, і гоняць сны

У гэты вечар хмуры.

Дубы Ньюбатла тут адны

Прыходзяць на хаўтуры.


І ад кляштарнае сцяны

Чуваць напеў глухі,

І б’юць званы, і вось яны –

Знаёмыя шляхі!


Не падымаючы вачэй,

З пакутаю ў вачах,

Дайшоў да страшных ён руін,

Дзе толькі смерць і прах.


Ён на сцены глядзеў, на вуголле і прах,

Да якіх у пакуце ішоў,

І на тых камянях яго шэры манах,

Францысканец у шэрым знайшоў.


“Бог у помач, – вітаў яго шэры манах, –

Хай ратуе Ўладар усіх нас”.

Толькі горычы поўны падняўся вандроўны

І не мовіў ні слова ў адказ.


“Ты з захаду йдзеш ці з усходу ідзеш

Ад далёкіх святарных веж?

Можа, крочыш ад трона святога патрона?

Ад Яна свой шлях вядзеш?”


“Не іду я ад трона святога патрона,

Не ад Яна святога іду,

Нясу я пракляцце ад Рымскага Папы,

А з ім і сваю бяду”.


“Ты не аплаквай свой лёс,

А раскажы ў журбе:

Што ты зрабіў, каго ты забіў?

Грахі адпушчу я табе”.


“Кім ты ёсць і адкуль ты, о шэры манах,

Той, хто грэшным нясе дабрадаць,

Каму ключ аддалі ад нябёс і зямлі

І хто можа мяне ўратаваць?”


“Мяне прыслалі з далячынь,

Прайшоў я ўсе шляхі,

Каб прамаўляць бядзе “амінь”

І адпускаць грахі”.


Кляне бядак заганаў гнёт,

Кляне грахі былыя.

Рука, халодная, як лёд,

Лягла яму на шыю...


пераклад з ангельскайАндрэй Стэфановіч
© Андрэй Стэфановіч, пераклад, 2009


prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка