Вал. Акудовіч Улада і мова




Дата канвертавання17.03.2016
Памер68.88 Kb.
Вал. Акудовіч

Улада і мова


Калі гаспадары сайта “Наше мнение” запрашалі мяне прыняць удзел у іх паважным праекце, то, між іншым, заўважылі, што я магу пісаць на сваёй любімай беларускай мове. Апошняе мяне надзвычай усцешыла. Бо хаця, як мне здаецца, я ўмею крэмзаць не толькі па-беларуску, але думаю выключна на “матчынай” мове. З чаго атрымліваецца, што кожны мой тэкст на іншай мове – гэта ўсяго толькі аўтарызаваная копія. А копія (і найлепшая) па азначэнню ёсць хоць трохі ды няпраўдай…

Але пра гэта, інтымнае, я згадаў не так сабе, а каб патлумачыць, скуль нарадзілася тэма майго эсэ. Бо пакуль я цешыўся з вышэй згаданай рэмаркі гаспадароў сайта, мне падумалася, а чаму б у якасці самапрэзентацыі не паразважаць менавіта пра мову, паколькі палітыка, як форма улады – гэта перадусім мова. Пакуль не было паўнавартаснай мовы, улада чалавека ў першабытным хаўрусе мала чым рознілася ад улады важака ў звярыным статку. І толькі са станаўленнем мовы дыскурсы тых ці іншых інтэнцыяў улады пачалі разгортвацца ў раней недасяжную далечыню – пазней сягаючы аж на іншыя кантыненты.

Я часам нават схіляюся да думкі, што дзякуючы менавіта ўладнаму патэнцыялу мовы (а не камунікатыўнаму, інтэлектуальнаму, эстэтычнаму і г.д. і да т.п.), яна займела тое значэнне і той статус, якія займела. Іншымі словамі, маўленне сталася мовай найперш таму, што мова апынулася самым зручным інструментам для пашырэння і замацавання прасторы ўлады.

Натуральна, я ніякім чынам не маю намеру абараняць гэтую зусім не навуковую тэзу. Разам з тым, да месца не магу абмінуць згадкай слыннага Клода Леві-Строса, які кажа лічы пра тое самае (што праўда, не адносна ўсёй мовы, а толькі яе пісьмовай версіі). “Трэба прызнаць, што першасная (курсіў мой – В.А.) функцыя пісьмовай камунікацыі – паскарэнне працэса зняволення людзей. Бескарыслівае ўжыванне пісьма дзеля інтэлектуальнага і эстэтычнага задавальнення ёсць ускосным вынікам, але і ён найчасцей ператвараецца ў сродак узмацнення, апраўдання ці прыхавання таго ж прыгнёту (“Сумныя тропікі”).

У прыклад да сваёй гіпотэзы Леві-Строс згадвае вялікія да-пісьмовыя імперыі Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, якія нейкі час валадарылі над мільёнамі людзей, але, не маючы пісьма, хутка рассыпаліся і знікалі. Звяртаючыся бліжэй да сучаснасці, Леві-Строс піша: “Сістэматычная дзейнасць еўрапейскіх дзяржаваў у ХІХ стагоддзі на карысць усеагульнай адукацыі была непарыўна звязаная з пралетарызацыяй насельніцтва і пашырэннем службы ў войску. Барацьба з непісьменнасцю, такім чынам, супадае з узмацненнем кантролю над грамадзянамі з боку Улады. Калі ўсе будуць умець чытаць, Улада зможа ўпэўнена казаць: няма каму адгаворвацца няведаннем закону”.

(У звязку з апошнімі развагамі Леві-Строса, беларускі культуролаг Юрась Барысевіч слушна заўважыў, што барацьба бальшавікоў з непісьменнасцю мела на мэце тое самае – татальна ахапіць насельніцтва СССР сваім панаваннем).

Гэта даўняя аблуда, якая спрэс трымаецца і дасюль, быццам над “цёмным” народам уладарыць лягчэй, чым над “адукаваным”. Магчыма, “цёмны” народ лягчэй паняволіць і трымаць у каланіяльным стане, але вялікае і трывалае панаванне верагоднае толькі праз мову (пісьмо). Хрысціянская Царква шматкроць павялічыла прастору сваёй улады, калі даўмелася перакладаць “Біблію” і “Святое Дабравесце” на нацыянальныя мовы. Злучаныя Штаты Амерыкі наўрад ці дасягнулі б сёння амаль сусветнага панавання, каб Вялікая Брытанская імперыя (над якой, як вядома, ніколі не заходзіла сонца) у сваю пару не разгарнула дыскурс англійскай мовы на ўсю зямную кулю. Калі Брытанская імперыя змарнела і заняпала, амерыканцам толькі і заставалася напампаваць гэты (даўно сфармаваны) дыскурс “сусветнай” мовы уласнай энергіяй і прагай экспансіі.

Цяпер становіцца зразумелым, чаму ніхто з крывавых рамантыкаў ранейшых эпохаў так і не змог здзейсніць сваю запаветную мару – апанаваць усім светам. Рэч не ў тым, што ім не хапала жарсці ўлады, войскаў ці тадышніх магчымасцяў камунікацыі – ім не хапала іншага: тэхналогіяў разгортвання мовы інтэрвенцыі на ўсё чалавецтва.

Сусветнае панаванне нейкай адной сілы станецца магчымым толькі тады, калі ўсё людства будзе размаўляць адной мовай (ці, прынамсі, хаця б ёю збольшага валодаць). І, падобна, гэты час не за гарамі. Прынамсі, яго тэарэтычную магчымасць сёння ўжо досыць цяжка аспрэчваць з узгляду на татальную глабалізацыю цывілізацыйных працэсаў, якія адбываюцца праз ангельскую мову.

* * *

Але давайце пакінем універсалісцкія абсягі праблемы улада/мова і звернем на яе ўвагу ў канкрэтнай палітычнай сітуацыі Беларусі. Дакладней, нават не на ўсю гэтую праблему ў яе неверагодна зблытанай шматстайнасці, а толькі на той фрагмент, дзе палітычная ўлада і беларуская мова апынуліся ў жорсткай апазіцыі.



Час, як вядома, ляціць імкліва. І гэтаксама імкліва забываюцца падзеі, якія яго стваралі – нават і самыя яркія. Таму сёння ўжо нават цяжка сабе ўявіць (няўжо яно сапраўды такое было?!), што ад канца васьмідзесятых цягам шэрагу гадоў нацыянал-дэмакратычная апазіцыя выводзіла на вуліцы і плошчы гарадоў (найперш Мінска) дзесяткі тысяч людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі. І тады на гэтых вуліцах і плошчах спрэс гучала беларуская мова, бо нават той, хто ёю не карыстаўся, спрабаваў згадаць што-кольвек з школьных гадоў (ці вясковага дзяцінства), каб хоць трохі дадаць і свайго голасу ў агульны гоман…

Аб прычынах заняпаду і татальнай паразы некалі магутнага нацыянал-дэмакратычнага руху ўжо хто толькі не пісаў (і я таксама) – таму не будзем туды вяртацца. Даволі пісалася і пра тое, што адной з іх было непрыхаванае жаданнае “бел-чырвона-белых” збеларусіць усю Беларусь, хай сабе і гвалтам. Магчыма тут апаненты нацыянал-дэмакратаў і моцна перабольшвалі, хаця не магу не пагадзіцца, што яны мелі пэўныя падставы для сваіх засцярогаў.

Але як бы там ні было насамрэч, толькі сапраўды, якраз беларуская мова сталася адной з галоўных прычынаў палітычнага заняпаду нацыянал-дэмакратычнага руху (вось яны нашыя айчынныя парадоксы!), аднак зусім не таму, што паспалітых надта напалохала перспектыва яе прымусовага вывучэнння і з гэтага яны наладзілі “свядомым” собскую вандэю. Не, шаноўныя, і яшчэ раз – не! Праблема масавага астракізму нацыянал-дэмакратаў палягала ў куды большай безнадзейнасці, чым кансерватызм ды інтэлектуальная лянота “беларускай вандэі”. Рэч зусім у іншым, а менавіта ў тым, што беларуская мова ў самой сабе не мела тады патэнцыялу ўлады, прынамсі дастатковага, каб, карыстаючыся ёю, заваяваць і трымаць уладу (выбачаюся за таўталогію) над усёй краінай.

Дзеля абгрунтавання гэтай тэзы нам не абыйсціся без хаця б караценькага гістарычнага экскурсу. Старабеларуская мова, мова канцэлярыі Вялікага княства Літоўскага, была найперш мовай улады. Менавіта на ёй трымалася вялізная дзяржава (ад Балтыцкага да Чорнага мора). Між іншым, старабеларуская мова “выкарыстоўвалася ў княжай канцэлярыі з самага яе заснавання ў ХІУ ст., беларускую мову трэба лічыць адной з найдаўнейшых дзяржаўных нацыянальных моваў у Еўропе. Напрыклад, кастыльскую мову было загадана ўжываць у гішпанскіх урадавых дакументах у ХІІІ ст., англійская набыла афіцыйнае прызнанне ў 1362 г., а парыжскі дыялект французскай дамогся такога статусу ў 1400 г.” (Янка Запруднік). Але як толькі цэнтар улады перасунўся ў Польшчу (пасля аб’яднання ВКЛ з Рэччу Паспалітай), старабеларуская мова заняпала і ўжо ніколі не адрадзілася.

Сучасная беларуская мова выспела ва ўлонні беларускай вёскі, пазбаўленай каналаў хоць якой улады. І доўгі час ёю карысталіся адно тая ж самая вёска ды плебейскія ўскраіны мястэчкаў і гарадоў. Першае злучэнне (вельмі кароткае па часе) беларускай мовы і ўлады адбылося ў 1918 годзе, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка. Затым гэтае задзіночанне паспрабавалі аднавіць бальшавікі ў БССР (вядомая “беларусізацыя” 20-х гадоў), але неўзабаве яны пад корань вынішчылі ўсіх, хто выявіўся свядомым адэптам роднай мовы. Менавіта тады беларуская мова ператварылася са знаку бядоты ў “знак бяды” (бяды рэальнай, бязлітаснай і татальнай). Я ўжо недзе пісаў, што Станіслава Шушкевіча скінулі з пасады старшыні Вярхоўнага савета не за «скрыню цвікоў» і нават не за яго дэмакратычныя перакананні, а за беларускую мову. Як толькі беларусы пачулі, што кіраўнік дзяржавы пачаў прамаўляць на «мове», дык адразу зразумелі, што цяпер усім народам бяды не абярэшся…

І вось у гэты момант, калі беларуская мова не тоеснілася з уладай ні гістарычна (досвед БНР і зачыну БССР даўно забыўся), ні сітуацыйна (акрамя часткі апазіцыі ў Вярхоўным савеце ніхто ва ўладных структурах ёю не карыстаўся), ні сацыяльна (бальшыня насельніцтва размаўляла калі не на рускай мове, дык на “трасянцы”), нацыянал-дэмакраты абралі беларускую мову сваёй галоўнай зброяй і адначасна ідэалагічным штандарам, які ўзнялі над паспалітым рушэннем “па ўладу”. Хаця, як на сённяшні розум (“задним умом”), дык трэба было рабіць цалкам наадварот. Прынамсі, калі нацыянал-дэмакраты сапраўды хацелі ўзяць уладу, то “мову” трэба было прыхаваць куды-небудзь у “обозе” і выкарыстоўваць яе хіба адно ў якасці нечага падобнага да “франтавога ансамбля песні і пляскі”, як гэта сёння робіць Аляксандар Лукашэнка…

Калісьці я думаў, што Аляксандру Лукашэнка прасцей змусіць усіх “нацыяналістаў” размаўляць па-руску, чым самому навучыцца (сістэмна і годна) гаварыць па-беларуску. З гэтага, маўляў, і яго непрыхаваная агрэсія да “мовы”. Але гэтак я думаў не лішне доўга, бо досыць хутка зразумеў, што калі б улада Аляксандра Лукашэнка залежыла ад санскрыта, дык ён раніцай наступнага дня ўжо гаварыў бы на саскрыце.

Цяпер я ўпэўнены: яшчэ да таго, як Аляксандар Лукашэнка канчаткова вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, ён ўжо добра разумеў (ці, хутчэй, інтуітыўна прадбачыў), што беларуская мова пакуль і далёка не мае таго палітычнага патэнцыялу, якога б хапіла, каб займець уладу над усёй Беларуссю. І ён выбраў мову, якая гэты патэнцыял мела – рускую.

(Зрэшты, зусім верагодна, што будучы беларускі прэзідэнт яшчэ дэпутатам Вярхоўнага савета ўжо трызніў маскоўскім Крамлём, а значыць праблемаў з выбарам мовы ўлады ў яго ад самага пачатку не было).

* * *


Сёння на Беларусі руская мова – гэта тэрыторыя ўлады, а беларуская -- тэрыторыя свабоды. (Хаця свабоду без улады больш дакладна было б называць жабрацтвам)

. Цалкам усведамляю, што гэты падзел залішне схематычны, да таго ж ва ўласна палітычным сэнсе і не карэктны, бо мы маем даволі прыкладаў, калі ўлада прамаўляе па-беларуску (скажам, газета “Звязда” ці літарацкі холдынг “ЛіМ”), а руская мова спеліць дыскурсы свабоды (хаця б тое ж “Наше мнение”). Аднак у канцэптуальным плане я б на гэтым падзеле заўпарціўся, каб у сваю пару не паверыў у знакамітае выказванне Ралана Барта (“Лекцыя”): ”Мова – гэта не рэакцыянер і не прагрэсіст, мова – гэта звычайны фашыст, бо сутнасць фашызму не ў тым, каб

забараняць, а ў тым, каб змушаць гаварыць”.

І ў гэтым сэнсе ніхто з нас не размаўляе ні па-французску, ні па-руску, ні па-беларуску, усе мы гаворым адной мовай – мовай не той дык



іншай улады.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка