В. Ю. Дылеўская пазакласнае чытанне ў сістэме практычных заняткаў па методыцы выкладання літаратуры




Дата канвертавання29.03.2016
Памер43.2 Kb.
В. Ю. Дылеўская
ПАЗАКЛАСНАЕ ЧЫТАННЕ Ў СІСТЭМЕ ПРАКТЫЧНЫХ

ЗАНЯТКАЎ ПА МЕТОДЫЦЫ ВЫКЛАДАННЯ ЛІТАРАТУРЫ
У методыцы выкладання літаратуры трывала зацвердзілася палажэнне аб тым, што ўрокі літаратуры, звязаныя з пазакласным чытаннем, садзейнічаюць развіццю чытацкай самастойнасці вучняў, фарміраванню іх чытацкіх інтарэсаў. Пазакласнае чытанне з’яўляецца апорай школьнага курса літаратуры. Вопыт перадавых педагогаў мінулага і сучасных настаўнікаў паказвае, што станоўчы эфект дае пастаянная апора на індывідуальнае чытанне вучняў, улік іх чытацкіх зацікаўленасцяў. Урокі пазакласнага чытання з’яўляюцца неад’емнай часткай сістэмы ўрокаў па літаратуры. Дадзены тып урокаў заснаваны на праграмным вывучэнні літаратуры і садзейнічае паглыбленню і ўзбагачэнню ведаў вучняў па творчасці асобнага пісьменніка, а таксама таго ці іншага перыяду развіцця літаратуры.

Арганізацыя ўрока пазакласнага чытання па літаратуры можа быць пабудавана на вывучэнні:



  • дадатковага мастацкага твора ў кантэксце вывучэння творчасці таго ці іншага пісьменніка на ўроку літаратуры;

  • творчасці пісьменніка, вывучэнне якога не прадугледжана на ўроку, але дазваляе пашырыць веды вучняў па тым ці іншым перыядзе развіця літаратуры;

  • твораў замежнай літаратуры, якія дазволяць сфарміраваць у вучняў уяўленне аб адзіным літаратурным працэсе;

  • твораў сучаснай літаратуры.

Пры арганізацыі ўрока пазакласнага чытання мэтазгодна выкарыстоўваць вынікі самастойнай дзейнасці вучняў па літаратуры і веды, набытыя імі ў працэсе самастойнага чытання.

На практычных занятках па методыцы выкладання літаратуры мэтазгодна арганізаваць міні-дыскусію па праблемах чытання: а) У чым заключаецца прычына крызісу чытацкай культуры ў грамадстве? б) Чаму чытанне школьнікаў у сучаснай сітуацыі разглядаецца як сацыяльная і метадычная праблема? в) Прычыны змены кола актуальнага чытання сучаснага падлетка (для сябе і для рознага роду заняткаў). г) Наколькі правамерна сцвярджэнне, што чытанне класічнай літаратуры для сучаснага падлетка аналагічна чытанню тэксту на замежнай мове? Ці можна яго лічыць адной з прычын падзення цікавасці да чытання? д) Якія мажлівыя шляхі стварэння чытацкай атмасферы ў школе? е) Умберто Эко сцвярджае, што кніга ніколі не памрэ, застанецца неабходнай, што чытаць з дысплея  – зусім не тое ж самае, што чытаць са старонкі. Ці згодны вы со сцвярджэннем пісьменніка і вучонага? А як жа электронныя бібліятэкі, якія з’яўляюцца вельмі папулярнымі сайтамі? Наколькі эфектыўна выкарыстанне чытання з мультымедыйнымі каментарыямі?

Студэнты аналізуюць вучэбую праграму па беларускай літаратуры з пункту гледжання падыходаў да пазакласнага чытання вучняў на розных этапах літаратурнай адукацыі (аналіз рэкамендацыйных спісаў). Далей арганізуецца гутарка па матэрыяле артыкулаў падручніка (студэнты загадзя пазнаёміліся з артыкуламі “Урокі пазакласнага чытання”, “Пазакласнае чытанне” (падручнік “Методыка выкладання беларускай літаратуры” / пад рэд. В. Я. Ляшук. – С.244–252, 403–405):

– Пералічыце задачы пазакласнага чытання як аднаго з накірункаў літаратурнага развіцця вучняў.

– Назавіце метады выяўлення асаблівасцей чытацкай сітуацыі ў класе.

– Якія асноўныя шляхі збліжэння класнага і пазакласнага чытання? Ад чаго залежыць зварот да пазакласнага чытання на ўроках?

– Пракаментуйце віды сувязі ўрокаў пазакласнага чытання і ўрокаў літаратуры (класнага чытання).

– Якія асноўныя формы, спецыфіка, методыка падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў пазакласнага чытання?

– Прапануецца індывідуальнае паведамленне “Метадычныя прыёмы навучання чытанню”(на матэрыяле кнігі І. Шалпо “Как научить подростка читать? – СПб., 2009).

– Студэнтам прапануецца стварыць па аналогіі сваю анатацыю (рэкламу) адной з кніг, якую б яны рэкамендавалі пачытаць вучням. Праводзіцца рэзентацыя падрыхтаваных анатацый.

– Наступны этап практычных заняткаў – аналіз канспектаў ўрокаў пазакласнага чытання, прадстаўленых у метадычных дапаможніках (часопісах). Пры аналізе неабходна вызначыць:


  • адпаведнасць / неадпаведнасць выбару тэмы ўрока праграме па літаратуры;

  • від сувязі ўрока пазакласнага чытання з класным чытаннем;

  • задачы ўрока пазакласнага чытання, г.зн. асноўны накірунак у кіраўніцтве настаўніка чытаннем вучняў;

  • асаблівасці аналізуемага ўрока з пункту гледжання методыкі (форма ўрока, метады і прыёмы, віды і формы арганізацыі дзейнасці вучняў).

У заключэнне прапануюцца вывады, адзнака.

Студэнты прадстаўляюць і абараняюць самастойна распрацаваныя канспекты ўрокаў пазакласнага чытання. Пры падрыхтоўцы канспекта патрэбна было:

– вызначыць і абгрунтаваць месца ўрока пазакласнага чытання ў курсе літаратуры дадзенага класа (пасля якой праграмнай тэмы мэтазгодна праводзіць урок пазакласнага чытання);

– вызначыць від сувязі ўрока пазакласнага чытання з класным чытаннем;

– прадумаць форму ўрока пазакласнага чытання;

– скласці сістэму пытанняў і заданняў па аналізе твора;

– вылучыць асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці, якія будуць ўзбагачацца ў працэсе разбору твора;

– выбраць з педагагічнага арсеналу найбольш эфектыўныя метады і прыёмы аналізу твора;

– прадумаць віды дзейнасці вучняў і формы яе арганізацыі.

Метадычная рэфлексія:

– Наколькі вы як чытач здольны адчуваць “радасць чытання”?

– Ці адчуваеце вы ў сабе гатоўнасць і здольнасць стаць “прапагандыстам” кнігі? Якія якасці ў вас ужо ёсць для гэтага, а якіх недастае?

– Якія з прыёмаў работы, выкарыстаныя пры вывучэнні тэмы, вы змаглі б прымяніць пры кіраўніцтве самастойным чытаннем вучняў?

– Што дало вам пры вывучэнні тэмы знаёмства з літаратурна-крытычнымі творамі і публіцыстыкай?


Літаратура


  1. Богданова, О.Ю. Методика преподавания литературы: учебник для студ. пед. вузов / О.Ю. Богданова [и др.]; под ред. О.Ю. Богдановой. – М., 1999.

  2. Методыка выкладання беларускай длітаратуры / пад рэд.В.Я. Ляшук. – Мінск, 2003.

  3. Шолпо, И. Как научить подростка читать? Практические советы учителю 5-7 класов / И. Шолпо. – М., 2009.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка