В. У. Праскаловіч праблемы І перспектывы выкарыстання тэставых тэхналогій па беларускай літаратуры




Дата канвертавання30.04.2016
Памер62.97 Kb.
В. У. Праскаловіч
ПРАБЛЕМЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ ВЫКАРЫСТАННЯ

ТЭСТАВЫХ ТЭХНАЛОГІЙ ПА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
У «Канцэпцыі рэфармавання літаратурнай адукацыі» пад рэдакцыяй М. А. Лазарука, В. У. Івашына ідзе размова аб «неабходнасці пераасэнсавання метадалагічных прынцыпаў літаратурнай адукацыі». Аўтары сцвярджаюць, што «сапраўднае абнаўленне літаратурнага навучання можа адбывацца толькі тады, калі будуць знойдзены прынцыпова новыя, адпаведныя сучаснаму развіццю духоўнай культуры ў цывілізаваным свеце рашэнні многіх праблем... «. Менавіта такім «прынцыпова новым» падыходам з'явілася распрацоўка асобасна арыентаваных педагагічных тэхналогій навучання на ўроках літаратуры. Пераход на такія тэхналогіі магчымы пры забяспячэнні настаўніка і вучняў спецыяльна распрацаванымі дыдактычнымі матэрыяламі, якія павінны складацца са сціслага літаратуразнаўча-педагагічнага аналізу праграмных твораў, сістэмы тэставых і тэматычных заданняў з адказамі на іх па кожным раздзеле падручніка. Праўда, у педагагічнай свядомасці тэставыя тэхналогіі звязваюцца перш за ўсё з працэсам праверкі ведаў і ўменняў вучняў. Хаця ў рэспубліцы створаны тэсты па беларускай літаратуры для ўсіх этапаў навучання (ад V да XI класаў), яны яшчэ недастаткова выкарыстоўваюцца як сродак праверкі і кантролю ведаў, асабліва тэсты для сярэдніх класаў. Між іншым, апошнім часам распрацаваны і новыя сістэмы заданняў у тэставай форме [1], дзе знайшлі адлюстраванне прагрэсіўныя спосабы адбору, падачы і інтэрпрэтацыі вучэбных матэрыялаў, якія адпавядаюць запытам вучнёўскай аўдыторыі, скіраваны да эмацыянальнай сферы рэцыпіента; а таксама даюць штуршок да пашырэння педагагічнага арсенала настаўніка. Распрацаваныя тэставыя заданні па беларускай літаратуры, як нам здаецца, у хуткім часе будуць мець статус спецыяльна прызначаных для асобасна арыентаваных тэхналогій дыдактычных матэрыялаў, якія дазволяць адразу весці дзяцей ад рэпрадуктыўнага ўзроўню засваення зместу літаратурнага твора да праблемна-пошукавага і творчага. Прапанаваныя тэставыя і тэматычныя заданні зарыентаваны на ўласцівасці асобы, на фарміраванне і развіццё ў адпаведнасці з прыроднымі здольнасцямі і прызначаны найперш для замацавання літаратурных ведаў вучняў, для выпрацоўкі і развіцця ўменняў самастойнага разгляду і ацэнкі вывучаемых мастацкіх твораў, а таксама для самаправеркі школьнікамі або праверкі настаўнікам іх ведаў і ўменняў. Варта адзначыць, што сістэма тэставых заданняў накіравана не столькі на кантроль і праверку вынікаў вучэбнай дзейнасці, хаця і дазваляе ацаніць намаганні вучняў не менш хутка і аб'ектыўна, чым пры вусным апытванні, колькі на фарміраванне саміх спосабаў пазнавальнай і эстэтычнай дзейнасці, на развіццё лагічнага і вобразнага мыслення падлеткаў, эмацыянальна-каштоўнасных (аксіялагічных) адносін да вывучаемага твора. Прыведзеныя ў дыдактычных матэрыялах адказы на тэставыя заданні, а таксама тэксты адказаў на тэматычныя заданні выконваюць пры гэтым функцыю эталонаў для маральна-эстэтычных меркаванняў вучняў, з'яўляюцца своеасаблівай метадычнай падказкай для абагульненняў настаўніка.

У дадатак да тэставых заданняў у згаданых вышэй дапаможніках ўпершыню даюцца яшчэ і тэматычныя заданні да кожнага з блокаў-раздзелаў падручніка-хрэстаматыі па беларускай літаратуры для сярэдніх класаў. Яны прызначаны як для тэматычнага або выніковага кантролю за якасцю навучання, так і для абагульнення ведаў школьнікаў пра родава-жанравыя асаблівасці твораў і іх мастацкую спецыфіку. Апроч гэтага, большасць тэматычных заданняў скіравана на спалучэнне тэарэтыка-літаратурных ведаў вучняў з веданнем імі канкрэтнага зместу вывучаемых у школе твораў (адзначым: як для абавязковага чытання, так і для самастойнага чытання). Такі падыход, безумоўна, дазволіць ажыццявіць свядомы перанос тэарэтычных ведаў у практычную дзейнасць па аналізу і ацэнцы літаратурнага твора.

Паколькі ў аснову зместу і структуры падручнікаў па беларускай літаратуры пакладзены прынцып суаднясення і параўнання мастацкіх вобразаў, эпізодаў, тэматыкі, жанравых асаблівасцей праграмных твораў, то і шмат якія тэставыя заданні запрашаюць вучня параўноўваць эпізоды, сюжэты, строфы, вобразна-выяўленчыя сродкі мовы і г.д. Гэта адпавядае як спецыфіцы літаратуры, так і кампаратывісцкаму прынцыпу вывучэння розных літаратурных з'яў, а таксама зместу самой вучэбнай дзейнасці.

Напрыклад, тэставыя заданні для шасцікласнікаў:



1. Чым блізкія абедзве байкі ( Якуб Колас «Конь і Сабака» і Іван Крылоў «Слон і Моська»). Знайдзіце ў тэксце баек радкі, якія з'яўляюцца іх мараллю і пракаменціруйце іх.

2. Выразна прачытайце вершы А. Грачанікава і У. Караткевіча, прысвечаныя восені. Параўнайце іх з вершам А. Коршака «Кляновы ліст». Уявіце створаныя паэтамі малюнкі і прывядзіце паралелі па тэме, ідэі, аўтарскаму настрою, галоўных вобразах твораў, іх форме і жанру.

Варта заўважыць, што аўтарам дапаможніка ўдалося распрацаваць комплексную сістэму тэставых і тэматычных заданняў, якая дазваляе вучню не толькі паслядоўна і непарыўна асэнсоўваць канкрэтна вызначаны праграмны матэрыял, прымяняць атрыманыя веды ў сваёй практычнай дзейнасці, але і прымяняць веды і засвоеныя спосабы дзейнасці ў новых для падлеткаў навучальных сітуацыях. У працэсе выканання адпаведных рэпрадуктыўных заданняў вучні паглыбляюць і пашыраюць уяўленне аб вывучаемых з'явах, авалодваюць навыкамі і прыёмамі навучальнай дзейнасці, у іх фарміруюцца навуковыя літаратуразнаўчыя паняцці, удасканальваецца вуснае і пісьмовае маўленне. Але найбольш каштоўнымі, на наш погляд, з'яўляюцца заданні творчага характару, якія актывізуюць крэатыўныя здольнасці рэцыпіентаў.

Вось прыклады тэставых заданняў для сямікласнікаў.

1. Уяві, што ты ствараеш кінасцэнарый па эпізодзе пакутлівых блуканняў старой (апавяданне В. Быкава «Незагойная рана») на шляху да сына. Якія істотныя моманты з яе блуканняў ты вылучыў бы для асобных кінакадраў?

2. У апавяданні Змітрака Бядулі «На каляды к сыну» выдзяляюцца тры асноўныя эпізоды. Паспрабуй зрабіць драматызацыю трэцяга эпізоду. Для гэтага вызнач дзейных асоб, змест рэмарак да першага дзеяння, першай і наступных з'яў гэтага дзеяння і г.д. Запішы і аформі сваю работу, якую пажадана выконваць у супрацоўніцтве і інш.

Некалькі слоў пра дэфініцыі асноўных паняццяў тэорыі і методыкі педагагічных вымярэнняў. Як сцвярджае вядомы вучоны, доктар педагагічных навук, прафесар В. С. Аванесаў, неабходна выразна вызначаць сапраўдныя значэнні слоў – тэст, заданні ў тэставай форме, тэставае заданне. Спасылаючыся на работы прафесара В. С. Аванесава [2], дазволю сабе сказаць, што ў дачыненні да названых заданняў лепш аперыраваць паняццем «тэставыя заданні», замест прапанаванага большасцю аўтараў «тэст». Інакш адбываецца падмена асноўных паняццяў педагагічных вымярэнняў.

Тэхналагічная методыка тэсціравання дапускае выразную і хуткую дыферэнцаванасць (дифференцируемость) правільнага адказу ад няправільнага. У гэтым сэнсе традыцыйныя пытанні і адказы не тэхналагічны (недахоп шмат якіх выданняў тэстаў па беларускай літаратуры!), асабліва тыя, што маюць «тяжеловесные» фармулёўкі. Па словах вучонага-лінгвіста А. М. Пяшкоўскага, «Чем меньше слов, тем меньше недоразумений». Таму лічым мэтазгодным некаторыя нагрувашчаныя фармулёўкі тэставых заданняў, якія абцяжарваюць ўспрыманне сэнсу, замяніць на больш сціслыя. Так, напрыклад, прыводзяцца наступныя тэставыя заданні (да раздзела падручніка «Чарадзейная сіла мастацтва», 7 клас):

«Хаця паэма «Курган» адносна невялікая па сваім памеры, яе кампазіцыя (будова, размяшчэнне і спалучэнне асобных частак) добра прадуманая, чоткая, што дазволіла аўтару стварыць яскравыя вобразы Гусляра і Князя, выразна данесці да чытача такую думку: памяці народнай варты той мастак, які аддае справе народа і свае песні, і сваё жыццё. Выкажы меркаванне: спалучэнне якіх вялікіх частак тэксту найбольш характэрна для кампазіцыі твора» і інш.

Не варта, на нашу думку, прапаноўваць тэставыя заданні такога тыпу: «Палічы, колькі раздзелаў і колькі вершаваных радкоў займае апісанне кахання Машэкі і Наталькі ў паэме (да першага іх расстання)» (тэставае заданне для васьмікласнікаў). Згаданыя заданні не развіваюць літаратурныя здольнасці вучняў.

А вось прыклады тэставых заданняў для сямікласнікаў.

Знайдзі ва ўрыўку …. строфы, у якіх перадаюцца пачуцці чалавека:

а) першая, другая;

б) пятая;

в) чацвёртая, шостая і г. д.

Як бачым, пастаноўка такіх тэставых заданняў, якія даюць вучню прамежкавыя ўзоры вырашэння задачы (эталоны), мае вялікі недахоп.

Нягледзячы на пэўныя недахопы шмат якіх выданняў тэстаў па беларускай літаратуры, відавочна адно: для фарміравання і развіцця ўменняў, апроч падручніка-хрэстаматыі, вучням і настаўніку неабходна мець спецыяльны дыдактычны матэрыял, які ўключаў бы комплексную сістэму заданняў для школьнікаў, даваў своеасаблівы алгарытм выканання такіх заданняў, змяшчаў прамежкавыя і выніковыя эталоны вучнёўскіх адказаў.


Комплексныя і практычна каштоўныя вучэбна-метадычныя матэрыялы для вывучэння літаратуры па новых тэхналогіях ёсць сёння прамая і самая кароткая сцяжынка да эмацыянальнай сферы і свядомасці вучня ў асваенні ім літаратурнага твора як мастацтва слова.
Літаратура
1. Лявонава П. І., Слесарава І. М. Беларуская літаратура. 7 клас. Сціслы аналіз праграмных твораў, тэставыя і тэматычныя заданні. Мн., 2005; Беларуская літаратура. 8 клас. Сціслы аналіз праграмных твораў, тэставыя і тэматычныя заданні. Мн., 2005.

2. Аванесов В. С. Композиция тестовых заданий. М., 2002; Форма тестовых заданий. М., 2005.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка