В. У. Праскаловіч культуратворчае развіццё вучняў сродкамі электронных адукацыйных рэсурсаў




Дата канвертавання01.05.2016
Памер76.5 Kb.
В. У. Праскаловіч
КУЛЬТУРАТВОРЧАЕ РАЗВІЦЦЁ ВУЧНЯЎ СРОДКАМІ ЭЛЕКТРОННЫХ АДУКАЦЫЙНЫХ РЭСУРСАЎ
У апошнія гады ў шырокі ўжытак увайшло паняцце "інфармацыйная культура" (або "электронная культура"). Авалоданне гэтым відам культуры стала неабходнасцю ўжо на этапе навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Па гэтай прычыне ў адукацыі (у тым ліку літаратурнай) усё большую папулярнасць набываюць такія педагагічныя метады і тэхналогіі, якія ствараюць умовы для станаўлення асобы вучня і яе паспяховай адаптацыі ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Менавіта таму ўзнікла вострая патрэба ў распрацоўцы сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інфармацыйных тэхнічных сродкаў, галоўным чынам у распрацоўцы і ўкараненні электронных вучэбна-метадычных комплексаў.

У рамках выканання задання 01 "Распрацаваць даведачна-інфармацыйныя, кантрольна-дыягнастычныя і інтэрактыўныя модулі электронных вучэбна-метадычных комплексаў для гуманітарнай і сацыякультурнай адукацыі" ГНТП "Электронныя адукацыйныя рэсурсы" з удзелам аўтара гэтага артыкула распрацаваны ЭВМК па вучэбным прадмеце "Беларуская літаратура" для V–XI класаў.

Электронны вучэбна-метадычны комплекс з модульнай архітэктурай (здольнай забяспечыць "магчымасць інтэграцыі разнастайных навучальных модуляў у ЭВМК як неабходныя элементы фарміравання сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя" [1, с. 6]) прапануецца разглядаць як шматфункцыянальны электронны сродак навучання. Адметнасцямі ЭВМК з’яўляюцца: варыятыўнае прадстаўленне звестак/інфармацыі, арыентаванасць на полісенсорную прэзентацыю вучэбных матэрыялаў, іх максімальную "візуалізацыю", на рэалізацыю індывідуальных траекторый навучання, актывізацыю пошукавай і творчай дзейнасці карыстальніка і адпаведна, высокую ступень дыферэнцыяцыі навучання. У час праектавання адукацыйнага электроннага прадукту улічваліся тэхніка-тэхналагічныя, эрганамічныя, эстэтычныя і здароўезберагальныя патрабаванні да аб’ёму, структуры, паслядоўнасці і г. д. прадстаўлення вучэбнага матэрыялу ў праграмным сродку.

Электронны вучэбна-метадычны комплекс па беларускай літаратуры складаецца з 3 асноўных модуляў – даведачна-інфармацыйнага, кантрольна-дыягнастычнага, інтэрактыўнага, кожны з якіх у сваю чаргу падзяляецца на блокі-тэмы, якія адпавядаюць раздзелам вучэбнай праграмы [2].



Змест (кантэнт) даведачна-інфармацыйнага модуля. Тэкст ЭВМК заснаваны на выкарыстанні разнастайных навучальных матэрыялаў. У сучаснай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы паняцце "тэкст" трактуецца ў шырокім сэнсе: "…гэта не толькі пісьмовы вербальны тэкст, але і відэафрагмент, анімаваная схема, мадэль", прычым "апошнія ўтрымліваюць унікальную здольнасць павышаць інфармацыйную шчыльнасць выкладання за кошт паскоранай перадачы інфармацыі" [3]. Праца арганізавана па прынцыпе гіпертэксту з магчымасцю пераходу па гіперспасылцы як да ўнутраных блокаў (модуляў ЭВМК), так і да інтэрнэт-рэсурсаў; забяспечвацца магчымасць пошуку па ключавых словах.

Электронны даведачна-інфармацыйны модуль прызначаны для забеспячэння камп’ютарнай падтрымкі навучання беларускай літаратуры і ўключае наступныя раздзелы: 1) вучэбны курс – змяшчаецца даведнік персаналій (партрэты пісьменнікаў і звесткі пра іх); слоўнік тэрмінаў на гіпертэкставай аснове, дзе асветлены асноўныя літаратуразнаўчыя паняцці, якія вывучаюцца ў адпаведным класе, а таксама зроблены адсылкі на тыя старонкі інтэрнэт-рэсурсаў, дзе асвятляецца тое ці іншае тэарэтычнае паняцце; тэксты твораў, уключаныя ў рубрыкі для "чытання і вывучэння", "чытання і абмеркавання", "дадатковага чытання" і інш.; анатацыі да асобных праграмных твораў; мультымедыйныя прэзентацыі ўрокаў, відэаальбомы; відэафрагменты (святкаванне Каляд і Купалля, відэазамалёўкі для ілюстрацыі пры чытанні вершаў і інш.); 2) мастацтва – уключае набор ілюстрацый як чорна-белых, так і каляровых; побач са статычнымі малюнкамі, выкарыстоўваюцца дынамічныя ілюстрацыі – слайды, мультымедыя-кліпы, прэзентацыі, а таксама відэазапісы (кінафрагменты, тэлефільмы, тэлепастаноўкі (ці ўрыўкі з іх) паводле праграмных твораў) і інш. У склад даведачна-інфармацыйнага модуля ўваходзяць гукавыя рэсурсы, якія ілюструюць тэкставую і візуальную інфармацыю – аўдыязапісы хрэстаматыйных твораў беларускай літаратуры, якія вывучаюцца ў адпаведным класе, у тым ліку твораў, рэкамендаваных праграмай для завучвання на памяць; фрагменты запісаў голасу самога мастака слова; музычных твораў, якія могуць выкарыстоўвацца пры вывучэнні той або іншай праграмнай тэмы. Вучэбны курс дапаўняюць дапаможныя рэсурсы культуратворчага характару. Так, шырока выкарыстоўваюцца графічныя способы арганізацыі навучальнага матэрыялу (кластары, сінквейны, дыяманты і інш.) – прыёмы, скіраваныя на актывізацыю культуратворчай дзейнасці вучняў.

У дапамогу настаўніку і вучню прапануецца пералік некаторых рэсурсаў беларуска-рускамоўных сайтаў (сайты літаратурна-мастацкіх выданняў; музеяў, тэатраў, музычных гуртоў, тэматычныя інтэрнэт-рэсурсы (архітэктурныя, гісторыка-мастацкія, этнаграфічныя і інш.)), якія можна часткова ці поўнасцю выкарыстаць для стварэння ўласных адукацыйных прадуктаў.

Кантрольна-дыягнастычны модуль змяшчае пазнавальныя, развіццёвыя заданні ў тэставай форме, творчыя заданні (распрацаваныя ў сістэме Moodle), якія выяўляюць рэальную ступень засваення зместу праграмных твораў, вынікаў навучання, а таксама трэнажор для вучня. "Навігатарам" пры працы з кантрольна-дыягнастычным модулем электроннага вучэбна-метадычнага комплексу застаецца вучэбны дапаможнік па літаратуры для адпаведнага класа, які з’яўляецца кіраўніцтвам да дзеяння. У аснову методыкі выкарыстання рознаўзроўневых заданняў на пэўных этапах урока і пазаўрочны час (пры выкананні дамашніх заданняў) пакладзена пяць паслядоўных узроўняў засваення ведаў вучнямі ў працэсе навучальнай дзейнасці: тыпавы (выкананне задання па правілу, па гатоваму ўзору або алгарытму, які аднаўляецца па памяці, або па "падказцы"; фактычна ствараецца алгарытм дзейнасці па выкананні заданняў: а) мэтамеркаванне і матывацыя; б) вучэбнае заданне і яго выкананне з дапамогай адпаведных дзеянняў; в) усведамленне культурна-гістарычнага ўзору (інтэрыярызацыя); г) практычная рэалізацыя ў прадметна-творчай дзейнасці засвоеных ведаў, уменняў і адмыслова мастацкіх здольнасцей (экстэрыярызацыя); д) самаактуалізацыя; е) ацэнка і рэфлексія); работа з тэставымі заданнямі варыятыўнага характару (заданні з выбарам аднаго ці некалькіх правільных варыянтаў, тэставыя заданні на ўстанаўленне адпаведнасці). Варта адзначыць, што модуль "тэст" складаецца з двух кампанентаў: тэста і апытальнай базы (прапануюцца пытанні рознага тыпу: з адным варыянтам адказу, з мноствам варыянтаў адказу, з магчымасцю ўпісаць кароткі адказ (прадугледжвае напісанне вучнем слова або кароткай фразы пры адказе на пытанне), альтэрнатыўныя пытанні (правільна/няправільна)); работа з заданнямі эўрыстычнага (з элементамі пошуку) тыпу; творчыя заданні (састаўленне характарыстык (індывідуальных і параўнальных) літаратурных персанажаў; складанне гісторый з апорай на сэнсавую піраміду; стварэнне відэароліка да пэўнага эпізода ці цэлага твора; "дапісванне" сюжэта твора; параўнанне літаратурнага твора і яго экранізацыі; ацэнка спектакля або кінафільма ў жанры водгуку і інш.; інтэрактыўныя заданні такіх відаў, як эсэ, табліца, кластар, схема, прэзентацыя, маленькія аўдыя-, відэа-файлы і інш. Ёсць у электронным сродку інтэрактыўныя заданні, накіраваныя на работу з інтэрнэт-рэсурсамі.

У прапанаваных заданнях і практыкаваннях усіх узроўняў заахвочваецца творчы падыход да вучобы ў час работы як з праграмным матэрыялам, даведачна-інфармацыйным модулем ЭВМК, так і творамі сумежных відаў мастацтва, прадугледжваецца ўдасканаленне пэўных уменняў і навыкаў работы школьнікаў у новых вучэбных сітуацыях.

"Тэсты" і "Заданні" кантрольна-дыягнастычнага модуля электроннага вучэбна-метадычнага комплексу прызначаны найперш для замацавання літаратурных ведаў вучняў, для выпрацоўкі і развіцця ўменняў самастойнага разгляду і ацэнкі вывучаемых мастацкіх твораў, а таксама для самаправеркі вучнямі або праверкі настаўнікам іх ведаў і ўменняў. Варта адзначыць, што сістэма тэставых заданняў накіравана не столькі на кантроль і праверку вынікаў вучэбнай дзейнасці па вучэбным прадмеце "Беларуская літаратура", хаця і дазваляе ацаніць намаганні вучняў не менш хутка і аб’ектыўна, чым пры вусным апытванні, колькі на фарміраванне саміх спосабаў пазнавальнай і эстэтычнай дзейнасці, на развіццё лагічнага і вобразнага мыслення падлеткаў, эмацыянальна-каштоўнасных адносін да вывучаемага твора. Трэнажор для вучня (заданні для самакантролю, заданні з адказамі на іх, тэксты твораў, слайды, відэафрагменты і інш.) дае магчымасць наладзіць самастойную працу як на ўроку, так і ў пазаўрочны час. У выпадку цяжкасцей вучань можа пакарыстацца тэхнічнай дапамогай, падказкай, даведачна-інфармацыйным модулем электроннага ВМК па літаратуры для адпаведнага класа або паглядзець тэксты твораў, ілюстрацыйны матэрыял да іх. Пасля праходжання тэсціравання ў вучня ёсць магчымасць адразу атрымаць правільны адказ. Трэнажор для вучня мае на мэце фарміраванне ў вучняў навыкаў кантролю/самакантролю з заахвочваннем. Матэрыялы заданняў дэманструюцца ў дыскрэтным рэжыме (з магчымасцю спынення ў любы момант).

Заданні ў тэставай форме структураваны па блоках-тэмах; ранжыраваны па ўзроўнях складанасці з магчымасцю аўтаматычнага павышэння або паніжэння ўзроўню складанасці заданняў у працэсе тэсціравання; прадугледжана магчымасць выканання заданняў як з абмежаваннем часу, так і без гэтага.



Інтэрактыўны модуль ЭВМК па беларускай літаратуры змяшчае інтэрактыўныя камп’ютарныя мадэлі, віртуальныя творчыя лабараторыі, віртуальныя выставы, туры, экскурсіі, падарожжы (на радзіму, у музей пісьменніка або іншага дзеяча культуры), электронныя бібліятэкі, дыдактычныя камп’ютарныя гульні, анімацыйныя ролікі, пабудаваныя на сюжэтах фальклорных і літаратурных твораў і інш. Змест інтэрактыўнага модуля канструюецца ў заданнях займальнай і гульнёвай формы (крыжаванкі (традыцыйныя і аўдыя-), рэбусы, шарады, чайнворды, віктарыны (традыцыйныя і відэа-) і інш.).

Такім чынам, электронны сродак навучання адрасаваны вучням і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры; можа выкарыстоўвацца як падчас урокаў, так і ў працэсе самастойнай, даследчай работы па літаратуры. Разам з тым, настаўнікі могуць задзейнічаць яго для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў па літаратуры, алімпіяд (традыцыйных і ажыццяўляемых праз інтэрнэт), конкурсаў, інтэлектуальных спаборніцтваў, пазакласных выхаваўчых мерапрыемстваў. Апрача таго, ЭСН сарыентаваны на мэтавае развіццё культуратворчых здольнасцей усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу па літаратуры.


Літаратура

  1. Пальчик, Г. В. Приоритетные направления научных исследований в сфере общего среднего образования в контексте развития информационного общества в Республике Беларусь / Г. В. Пальчик, Л. А. Худенко, В. Ф. Русецкий, О. Е. Лисейчиков, В. З. Сулейманов // Веснік адукацыі. – 2011. – № 12. – С. 3–9.

  2. Вучэбная праграма для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання: беларуская літаратура: V–XI класы. – Мінск: НІА, 2012. – 128 с.

  3. Шалыгина, И. В. Современный мультимедийный урок: дидактические ориентиры в мире технологий / И. В. Шалыгина. [Электронный ресурс]. — Рэжым доступу: http://sk.edu3000.ru/urok.htm. — Дата доступу: 13.03.2008.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка